epub
 
падключыць
слоўнікі

Яўген Васілёнак

Семсот дваццаты кіламетр

Паабапал чыгункі тырчаў рэдкі жухлы хмызняк, толькі сям-там у неба шугалі велічныя ў сваёй адзіноце гонкія сосны. Было бязветрана, і навокал панаваў спакой.

Мінуўшы закругленне, поезд выйшаў на гладкую мясціну і пачаў імкліва набіраць хуткасць. І хоць было ў ім тон на трыста болей, чым належала па норме, і хоць састаў быў з гэтай прычыны незвычайна доўгі, Аляксей Гарачун вёў яго дакладна па графіку. На папярэдняй станцыі тэндэр паравоза папоўнілі вадою і вугалем, і цяпер у топцы заўзята бушавала полымя, хутка падымаючы ціск пары ў катле. Стрэлка манометра пасоўвалася ўправа, набліжаючыся да чырвонай рыскі.

— Пад’ём праскочым як мае быць! — прамовіў памочнік машыніста Васіль Малюк і зірнуў на Гарачуна. Позірк яго, здавалася, гаварыў: «Ну як,— ухваляеш? Вунь колькі пары я нагнаў!»

Аляксей нічога не адказаў памочніку. Ён пільна глядзеў наперад, туды, дзе бліскучыя стужкі рэек, дасягнуўшы гарызонта, упіраліся ў неба. Нішто не затрымлівала ўвагі машыніста, але ён не пакідаў глядзець удалячынь.

Агніста-чырвонае сонца хутка кацілася за небасхіл. А на поўначы раптам пачала гэтак жа хутка расці бура-шэрая хмара. Яна ўзнімалася ўсё вышэй і вышэй і неўзабаве заняла сабою ледзь не палову неба. Гарачыня стала спадаць. Прыкметна пахаладзела паветра, і Гарачун ахвотна падстаўляў твар пад яго струмені.

Аляксея Гарачуна, чалавека сярэдніх год, з тонкімі правільнымі рысамі твару, з глыбока запалымі шэрымі вачыма і з вялікімі залысінамі на высокім ілбе, лічылі ў Сарынскім дэпо асобай з «цяжкім» характарам. Маўклівы, пануры, ён чамусьці стараўся быць як мага меней на людзях, праводзячы ўвесь свой вольны час у садочку, што рос каля яго невялічкага доміка ў чыгуначным пасёлку. Праўда, маўклівасць і замкнёнасць Гарачуна нікога асабліва не турбавала, бо машыністам ён быў вопытным, справу сваю ведаў дасканала і за ўсе восем гадоў работы ў дэпо не толькі не дапусціў ніводнай аварыі, але нават і спазненняў у дарозе не меў. І хоць асаблівых подзвігаў або гучных рэкордаў ніхто ад яго не чакаў, але адно ўсе ведалі цвёрда: што да графіка руху, дык Гарачун не парушыць яго нават і ў тым выпадку, калі б на галаву яму раптам пасыпалася каменне з неба.

— А ўчора не абышлося-такі без здарэння,— зноў пачаў гаварыць Малюк.— Машыніст Плешавеня парваў састаў.

— На семсот дваццатым? — хутка спытаў Гарачун.

— На семсот дваццатым, дзе ж яшчэ. Ажно на дзве гадзіны быў спынены рух на ўчастку. Пакуль выцягвалі па частках вагоны, ды пакуль...

Не дагаварыўшы сваёй думкі, памочнік раптам выгукнуў:

— Уваходны зялёны!

— Бачу зялёны! — паўтарыў звычайную фразу Аляксей Гарачун і даў працяглы гудок.

Раз’езд Белы Кут поезд мінуў, не прыпыняючыся і не зніжаючы хуткасці. Гайдануўшы злёгку на выхадных стрэлках, паравоз гэтак жа імкліва паляцеў далей, лёгка цягнучы за сабою састаў.

Цяпер на небе была ўжо не адна хмара, іх з’явілася шмат. Запаланёнае імі неба стала медна-чырвоным, падобным на нутро распаленай паравознай топкі.

Прамільгнуў чарговы кіламетровы слупік. На ім стаяла лічба 708.

— Навальніца будзе,— зазначыў Васіль.— Але, можа, паспеем праскочыць семсот дваццаты, трасца яму ў бок,— дадаў ён, з трывогаю зірнуўшы на машыніста.

Пра гэта самае — «Можа, праскочым!» — думаў у гэту хвіліну і Гарачун. Наперадзе быў славуты семсот дваццаты кіламетр — граза машыністаў Сарынскага дэпо. Там знаходзіўся доўгі пад’ём, адольваць які было заўсёды вельмі цяжка. Толькі абсалютна спраўная, старанна дагледжаная машына, кіруемая вопытным і валявым машыністам, магла ўсцягнуць на гэты пад’ём поезд. Таму маладыя машыністы доўгі час ездзілі на гэтым участку з інструктарамі. Але і тады, калі яны набывалі ўжо вопыт і пачыналі вадзіць паязды самастойна, кожны раз на семсот дваццатым кіламетры ў іх зноў і зноў пачынала моцна калаціцца сэрца, а на лбе выступалі буйныя пацеркі поту...

Але за апошні час непрыемных выпадкаў на семсот дваццатым кіламетры ўжо амаль не здаралася. Машыністы навучыліся папярэджваць нечаканыя прыпынкі на пад’ёме, а прыпыняцца там па добрай ахвоце магло прыйсці ў галаву хіба толькі вар’яту, таму пра разрывы паяздоў тут даўно ўжо не было чуваць.

Ды ўчора семсот дваццаты зноў напомніў аб сабе.

— Як жа яно здарылася ў Плешавені? — спытаў Гарачун, не адводзячы позірку ад глядзельнага шкла.

— Цяжкавагавы быў у яго. Відаць, не разлічыў... Цяпер перавядуць у памочнікі. А мо нават і ў слесары...— з сумам закончыў Васіль.

Сонца сплыло за край неба. Злавеснае агніста-чырвонае зарыва знікла, і тады адразу пачаў гусцець прыцемак. Узняўся вецер. Ён наляцеў раптоўна, і вось ужо залётала, закружылася ў паветры лісце, на насыпе ўзвіхурыўся пыл.

— Пачынаецца, трасца яму ў бок! — злосна сказаў Малюк, насоўваючы на лоб шапку. Праз хвіліну, высунуўшыся з акна, ён гучна крыкнуў: — Мінулі семсот чатырнаццаты!

— Падкінь, Васіль, вугалю ў топку! — загадаў Гарачун. І дадаў, назіраючы за работай памочніка: — Раўней, раўней кідай, не загружай у адно месца.

Поезд ішоў усё з той жа высокай хуткасцю.

І раптам зырка бліснула маланка. Потым гэтак жа нечакана са страшэннай сілаю ўдарыў гром. Здавалася, усё вакол задрыжала, і нават сама зямля скаланулася. Гарачуну на нейкі міг уявілася, што паравоз адарваўся ад рэек і павіс у паветры...

За першай маланкай бліснула другая, за ёю трэцяя. І раз за разам біў і біў гром.

З тэндэра кулём скаціўся ў будку качагар Юрка Лунец.

— Ух!..— гучна выдыхнуў ён.— От смаліць, дык смаліць! Нават страшна, далібог!

Відаць, Юрка і сапраўды напалохаўся. Ён быў самы малады ў брыгадзе, і такая паездка ў навальніцу была яму ўпершыню. Шапкі на галаве ў яго не аказалася,-— напэўна, яе змахнула ветрам — і пасмы чорных пераблытаных валасоў навіслі на самыя вочы. Рот быў разяўлены, губы ўздрыгвалі.

— Назад! — не паварочваючыся, коратка сказаў Гарачун.— Вугаль!

Качагар з неахвотай падаўся з будкі. На падлогу паляцелі кавалкі вугалю. Васіль Малюк зноў адчыніў топку і з нейкай упартай метадычнасцю пачаў кідаць у яе ненажэрнае чэрава паліва. Заняўшы потым сваё ранейшае месца ля левага крыла, ён праз момант крыкнуў:

— Семсот васемнаццаты!

Аляксей Гарачун і сам ведаў гэта. Нават і не гледзячы на кіламетровыя ўказальнікі, ён беспамылкова вызначыў, дзе знаходзіцца ў гэтую хвіліну поезд, бо паравоз стаў раптам паводзіць сябе крыху інакш, чым дагэтуль. Машына пачала нібыта задыхацца, яна паступова, але прыкметна прыцішвала свой бег. А ўсё праз тое, што іменна адсюль, ад указальніка семсот васемнаццатага кіламетра, пачынаўся той самы славуты пад’ём, які праз два кіламетры, на семсот дваццатым, дасягаў сваёй грознай вяршыні.

Машыніст пасунуў рэгулятар уперад. Паравоз уздрыгнуў і некаторы час ішоў у ранейшым тэмпе, пасля ізноў пачаў выбівацца з яго. І зноў машыніст пасунуў рэгулятар уперад...

Удары грому рабіліся ўсё мацней. У паветры яшчэ стаяла рэха папярэдняга ўдару, а ўжо раздаваўся новы. Неба раўло, ракатала, стагнала. У зыркіх успышках маланак то выхопліваліся з цемры пахмурныя дрыгатлівыя сосны, то пачыналі дзіўна ззяць блакітнымі адценнямі сенажаці.

У святле чарговай маланкі Гарачун убачыў на насыпе, каля броўкі, постаць чалавека. Машыніст адразу пазнаў яго — гэта быў пуцявы абходчык Казімір Пятровіч Буцько, што жыў недалёка адсюль, амаль на самай вяршыні пад’ёму,— там каля насыпу стаяў яго невялічкі чысценькі домік з палісаднікам. Стары пуцявы абходчык і ў непагадзь быў на пасту — ён рабіў чарговы абход свайго ўчастка. Гарачун ветліва памахаў яму рукою і ўбачыў, што Казімір Пятровіч гэтак жа ветліва прыўзняў угору свой флажок.

Поезд ішоў усё павольней і павольней. Радзей і радзей чуліся выхлапы пары. Часамі Гарачуну пачынала здавацца, што паравоз ужо спыніўся і колы круцяцца на адным месцы... Але машына ўсё ж цягнула састаў,— марудна, але цягнула. Ды толькі сілы ў яе было зусім ужо мала. Стрэлка манометра няўхільна паўзла ўніз...

Зноў ударыў гром, і адразу ж бліснула маланка, і тое, і другое было настолькі моцнае, што Гарачун міжвольна заплюшчыў вочы. А калі праз момант расплюшчыў іх, дык убачыў, што наперадзе, зусім блізка, раптам ускінуўся ўгору слуп полымя. Там, куды ўдарыла маланка, нешта загарэлася.

«Ці не дом пуцявога абходчыка?» — мільганула думка. І ў наступнае імгненне страшную здагадку пацвердзіў Васіль Малюк.

— Дом Буцько гарыць! — нема крыкнуў ён.

Качагар Юрка Лунец, які здолеў перамагчы ўжо свой нядаўні страх, высунуўся з дзвярэй і таксама закрычаў:

— Але, але, гарыць... Толькі, здаецца, гэта трошкі далей...

Паравоз соп, пыхцеў і скрыгатаў, метр за метрам адольваючы пад’ём. Вось ён параўняўся нарэшце з домам пуцявога абходчыка. І тады паравознікі ўбачылі, што гарыць не сам домік, а павець, якая стаяла крышку воддаль. Але вецер дзьмуў у напрамку дома, і полымя з хвіліны на хвіліну магло перакінуцца і на яго.

Вакол не было ні душы. Гаспадар знаходзіўся даволі далёка, і пакуль ён прыбяжыць, агонь, напэўна, пачне лізаць дах і сцены жылля. А хоць і прыбяжыць Буцько,— што ён можа зрабіць адзін?..

— Падрыхтаваць шланг! — выгукнуў Гарачун і левай рукой хутка перавёў рэгулятар назад; амаль адначасова яго правая рука ўключыла тармазны кран.

Не прайшло і секунды, як поезд спыніўся.

— Што ты робіш? — разгублена ўсклікнуў Васіль.

— Шланг! — рэзка паўтарыў Аляксей і саскочыў на зямлю. Схапіўшы брызентавы пажарны рукаў, які падаў яму з будкі Васіль, Аляксей ступіў да палаючай павеці.— Уключай помпу! — не паварочваючыся, загадаў ён памочніку.

З брандспойта вырваўся моцны струмень вады. Гарачун накіраваў яго проста ў агонь. За дымам і параю нешта зашыпела, засыкала, затрашчала. Машыніст біў і біў струменем у агонь, і той з кожнай секундай усё меншаў і меншаў. Неўзабаве побач з Гарачуном апынуўся Юрка Лунец з вогнетушыцелем. Потым падбеглі галоўны кандуктар і паязны майстар.

— Усё! — канстатаваў праз некалькі хвілін Юрка.— Канец!

І толькі тады прыбег Казімір Пятровіч. Ён задыхаўся, вялікая чорная барада яго зліплася ад поту. Пуцявы абходчык моўчкі кінуўся да машыніста і моцна абняў яго.

— А дзе вашы? — спытаў машыніст.— Нешта не відаць нікога.

— У горадзе...— перарывістым ад хвалявання голасам прамовіў Буцько.— У госці паехалі... жонка і дачка... Якраз дарэчы...— Ён сумна паглядзеў на пажарышча, потым перавёў позірк на паравоз, на вагоны.— А вы... як жа вы цяпер?..

— А мы... што ж мы! Мы паедзем! — прыўзняўшы голас, сказаў Гарачун. І ва ўсіх склалася ўражанне, што машыніст проста падбадзёрвае сябе, бо становішча яго было не з лёгкіх.

— А як жа, паедзем...— прабурчаў Васіль Малюк і пачаў скручваць пажарны рукаў.— Цяперака мы тут да сканчэння свету прыпухаць будзем. Калі, вядома, тармазы вытрымаюць. А не вытрымаюць — паляцім да самога д’ябла ў пашчу. Загрымім так, што толькі трымайся!..

Аляксей Гарачун задуменна паглядзеў уздоўж саставу. Канец яго губляўся недзе ў цемры... Цяжка, з надрывам, уздыхаў паравоз. З гучнымі выхлапамі працавала помпа. Гула топка, на шпалах пад паддувалам злавесна трымцелі зарніцы... Маланка цяпер успыхвала радзей, паступова аддаляўся і гул грому. Затое неба, абложанае скрозь хмарамі, навісала ўсё ніжэй і ніжэй... І ўсё мацнеў вецер,— ён дзьмуў ужо не парывамі, а амаль безупынна.

— Д’ябла мы падманім,— сказаў Гарачун.— На свае месцы!

Ён першы ўскочыў у паравозную будку. За ім кінуўся Юрка. Потым з нездаволеным выглядам узабраўся па прыступках зусім засмуткаваны Малюк.

Машыніст паглядзеў на манометр — ціск пары быў дастатковы; пасля ўважліва праверыў пясочніцу... Ён ведаў: уся надзея цяпер на пясок. Толькі з яго дапамогаю можна пазбегнуць буксавання і паспрабаваць узабрацца на пад’ём.

Над наваколлем залунаў гудок. Аляксей Гарачун адпусціў тармазы і адразу ж адкрыў рэгулятар. Паравоз здрыгануўся і ў тую ж хвіліну імкліва закруціліся колы; пяць, дзесяць абаротаў зрабілі яны, і ўсё на адным месцы. Буксаванне было настолькі моцнае, што з-пад колаў феерверкам пасыпаліся іскры. Машыніст уключыў пясочніцу. На нейкі момант колы спынілі сваё шалёнае вярчэнне, паравоз зноў здрыгануўся, але ўжо ў наступную секунду буксаванне пачалося з новай сілай...

Зноў і зноў сыпаў машыніст пясок на рэйкі, зноў і зноў адкрываў рэгулятар, але ўсё было дарэмна. Колы круціліся, а паравоз не пасоўваўся наперад ні на метр, быццам нейкая неадольная сцяна вырасла раптам перад ім.

Сосны, што раслі недалёка ад доміка пуцявога абходчыка, не разгойдваліся на ветры, але, сагнуўшыся пад яго напорам, ужо не разгіналіся і толькі дрыжалі і гулі, як нацягнутыя струны. І тады машыніст зразумеў, што робіцца. Пры такім страшэнным ветры пясок нічога не памагаў: ён не наспяваў нават далятаць да рэек, як яго здзімала прэч...

«Вось табе і падмануў д'ябла...» — нявесела падумаў Гарачун. Ён выключыў пясочніцу, закрыў рэгулятар, узяў састаў на тармазы і ў знямозе апусціўся на крэсла.

Маўчалі Васіль і Юрка. Памочнік машыніста нейкімі дзіўна пустымі вачыма глядзеў на бліскучую арматуру катла, качагар нервова гладзіў рукою чорны метал шуфля. Потым Васіль панура сказаў:

— Мінут праз дзесяць тут па графіку павінен прайсці наступны поезд...

— А? — скалануўся Гарачун.

— Поезд, кажу, на хвасце ў нас сядзіць.

Па абшыўцы будкі ўдарылі дзве ці тры важкія кроплі. Гарачун з трывогаю прыслухаўся да гэтых удараў, але яны не паўтарыліся. «Хоць бы не было дажджу, хоць бы ён прайшоў стараною»,— тужліва падумаў машыніст. Бо на мокрых рэйках ніякімі ўжо тармазамі не ўдасца стрымаць састаў, ён няспынна панясецца назад пад ухіл, імкліва набіраючы хуткасць...

— Ці жывыя хаця вы тут? — пачуў раптам Гарачун чыйсьці глухі голас, які ішоў нібыта з-пад зямлі. У дзвярах будкі без шапкі, з раскудлачанымі валасамі, у расхінутай наросхрыст ватоўцы стаяў пуцявы абходчык Буцько.

— Можна смела лічыць, што нас няма,— па-ранейшаму панура пажартаваў Васіль Малюк.— Мы ў пашчы д’ябла, во мы дзе!

— Тады вылазь адтуль хутчэй, няма там чаго табе рабіць,— глухім, нібы прастуджаным, голасам спакойна прамовіў Казімір Пятровіч.— І скачы ўніз, на зямлю. І ты таксама,— звярнуўся ён да качагара.— Ну, хутчэй!

Потым, павярнуўшыся да Гарачуна, пуцявы абходчык сказаў:

— Будзем рукамі сыпаць пясок пад колы. Так больш надзейна. Мы ўтрох ды яшчэ галоўны кандуктар з паязным майстрам. Пяцёра чалавек — гэта дзесяць рук. Пайшлі!

Гарачун адчуў, што па целе ў яго хваляю разлілася цеплыня. Часта-часта закалацілася сэрца. А ў руках з’явілася раней страчаная ўпэўненасць рухаў.

— Паехалі! — выгукнуў ён і паклаў руку на рэгулятар.

Вецер шалеў, збіваў з ног, але людзі не паддаваліся. Васіль і Юрка сталі на калені з левага боку паравоза, Казімір Пятровіч з кандуктарам і майстрам гэткім жа манерам з правага. Набіраючы поўныя прыгаршчы пяску, яны з сілаю кідалі яго на рэйкі пад самыя колы.

Аляксей Гарачун адкрыў рэгулятар. Вось ён адчуў, як усёй сваёй махінай здрыгануўся паравоз, як крутнуліся колы; яны зрабілі мо толькі адзін абарот і замерлі. Гарачун яшчэ болей адкрыў рэгулятар.

— А ну, а ну, міленькі! А ну, давай, родненькі! — праз аглушальны шум ветру данёсся да машыніста голас Юркі.

Паравоз зноў здрыгануўся і раптам павольна скрануўся з месца. Заскрыгаталі сцяжкі ў вагонах, зазвінелі буферы.

— Пайшоў, пайшоў! — крычаў Юрка, перамагаючы шум ветру.

Памалу, метр за метрам, пасоўваўся ўперад паравоз, насілу цягнучы за сабою вагоны. А побач з ім паўзлі па зямлі людзі, кідаючы і кідаючы пад колы пясок. Вецер не сціхаў, ён проста лютаваў, але людзі былі тут мацней за яго. Хоць з прыгаршч толькі нязначная частка пяску трапляла пад колы, але і яна рабіла сваю справу. Буксаванне спынілася. Паравоз павольна, але ўпарта ўзбіраўся на пад’ём.

Домік Буцько застаўся ззаду, да яго было ўжо метраў восемдзесят. Цяпер заставалася ўсцягнуць на пад’ём вагоны, бо сам паравоз ужо ішоў па роўнай мясціне.

Хуткасць пачала ўзрастаць. Людзі, што сунуліся побач з паравозам і ўсё кідалі і кідалі пад колы пясок, сталі заўважаць, што яны адстаюць. Метраў яшчэ праз пяцьдзесят ім прыйшлося ўзняцца на ногі і ўжо не ісці, а бегчы трушком. А неўзабаве яны зразумелі, што патрэба ў іх дапамозе ўжо адпала.

Васіль Малюк і Юрка Лунец вярнуліся на паравоз. Занялі свае месцы на тармазных пляцоўках галоўны кандуктар і паязны майстар. Застаўся на насыпе толькі адзін Казімір Пятровіч. У цемры доўга яшчэ паблісквала святло ягонага ліхтара.

Машыніст даў працяглы развітальны гудок. А памочнік высунуўся з акна і пагразіў некаму кулаком.

— Што, з’еў кукіш, пане д’ябал?..

І раптам лінуў дождж. Ды цяпер ён быў ужо не страшны. Поезд борзда набіраў хуткасць. Колы вагонаў весела пастуквалі на стыках рэек.