epub
 
падключыць
слоўнікі

Яўген Васілёнак

Слота

Надвор’е сапсавалася да прыкрасці. Дні тры перад гэтым ішоў, не перастаючы, дробны халодны дождж. Ён нарабіў столькі макрэчы, што здавалася — вадою набрыняла нават жалеза на дахах. А ўчора пад вечар пайшоў нечакана снег. Снег нядоўга валіў з неба, але быў да таго густы і спорны, што праз якую гадзіну горад стаў белы. Чакалі марозу, але яго так і не было. Да раніцы ад прыгожай белі не засталося і следу — усё было пакрыта брудна-шэрай жыжкай з гразі і снегу.

У такую слоту, на думку Макара Шабліна, лепш нікуды не хадзіць, а сядзець дома. Ён і сядзеў бы, бо сёння ж нядзеля, але жонка паслала яго на базар, а не паслухаць Насці ён не мог. І вось Макар ідзе па вуліцы, скардзіцца некаму нябачнаму на непагадзь, лае на чым свет стаіць жонку і праклінае сябе за слабахарактарнасць.

На здзіўленне Шабліна, людзей на вуліцы было многа. Усе некуды спяшаліся, апярэджвалі адзін аднаго, і было такое ўражанне, нібыта жыхары Заранска толькі таго і чакалі, каб памясіць нагамі гэтую вось жыжку. Каля гастранома, што стаяў на рагу Першамайскай і Маскоўскай вуліц, была проста такі таўкатня. Макару Шабліну таксама трэба было зайсці сюды («дзвесце грамаў сыру не забудзь узяць, дзешавейшага!» — сказала жонка), і ён, уздыхнуўшы, накіраваўся да магазіна. У гэты момант з дзвярэй выйшла жанчына ў коцікавым футры і, адышоўшы трошкі ўбок, прыпынілася, відаць, чакаючы некага, хто затрымаўся ў магазіне. На выгіне рукі яна трымала букет жывых кветак, і кожны, хто праходзіў міма, міжвольна звяртаў увагу і на кветкі — такія незвычайныя для гэтай пары,— і на жанчыну, такую прыгожую і чароўную.

Ён адразу пазнаў яе, хоць з часу іх апошняй сустрэчы прайшло трынаццаць год. Сэрца яго скаланулася. «Падысці ці не падысці?» — падумаў Шаблін. А дзверы былі побач ужо, і трэба было або знікнуць за імі, або зрабіць тры крокі направа, насустрач мінуўшчыне.

Жанчына абыякавым позіркам глядзела на людзей, што падыходзілі да магазіна. На нейкі момант позірк яе спыніўся на твары Шабліна, і тады ён убачыў, як ледзь улоўна ўздрыгнула яе левае брыво. «Пазнала!» — у хваляванні і з трывогай падумаў ён і павярнуў ад дзвярэй.

— Зі! Зіна! — сказаў Шаблін, падыходзячы да яе і заліваючыся чырванню.— Ты тут? Якім чынам? А я, можна сказаць, і не ведаў...

Толькі на адно імгненне абыякавасць, што засцілала вочы жанчыны, знікла была кудысьці, і ў сініх, як веснавое неба, вачах яе бліснула іскрынка прыветлівасці. Толькі на адно імгненне ўбачыў Макар ранейшую Зіну, такую далёкую і блізкую, але ўжо ў наступны момант позірк яе зноў стаў халодны і непранікальны, а на твары нічога, акрамя абыякавасці, не было.

— Зі, што ж ты маўчыш?..— ціха прамовіў Шаблін, робячы адчайную спробу перакінуць мост паміж мінулым і сучасным і з гэтай мэтай называючы яе ранейшым імем Зі.

— А-а, гэта вы, Шашкін...— працягнула Зіна, пазіраючы не на яго, а кудысьці ўбок. Непранікальныя вочы яе ўтаропіліся некуды ў адну кропку і, здавалася, нічога і нікога не заўважаюць вакол.

— Але, але, гэта я, Шаблін. Памятаеце?..— збянтэжана сказаў Макар, адчуваючы, як безнадзейна валіцца мост, збудаваны ім на такой нетрывалай аснове, якой з’яўляецца памяць аб далёкім і перакрэсленым ужо мінулым. Так, мост валіўся, і не было сілы, якая здолела б падтрымаць яго. «Зіна, Зіна,— тужліва думаў Макар,— ты нават прозвішча маё забыла. Ці, можа, ты знарок сказала Шашкін замест Шаблін? Таму, напэўна, і сухое афіцыйнае «вы» ўжыла замест ранейшага «ты», такога цёплага некалі?

Ёп стаяў перад ёй — нікчэмны, бледны, у старэнькім абцёрханым паліто, і, пераступаючы з нагі на нагу, збянтэжана гаварыў:

— Вось мы, можна сказаць, і сустрэліся... Сустрэліся значыцца. Хто б мог падумаць...

А яна ўсё глядзела некуды ў адну кропку і, прасачыўшы за яе позіркам, Макар убачыў, што Зіна глядзіць на дзверы магазіна. «Каго яна чакае?» — спрабаваў здагадацца ён.

— Вы даўно тут, у Заранску? — нерашуча спытаў Макар, міжвольна таксама пераходзячы на «вы».

— Нядаўна,— коратка адказала Зіпа.

— А надоўга? Ці не? — дапытваўся Макар, і сэрца ў яго замерла ў чаканні адказу. «Відаць, яна тут выпадкова»,— прамільгнула думка ў галаве.

— Назусім,— сказала Зіна. І пасля кароткай паўзы дадала: — Мужа перавялі сюды працаваць.

Зіна відавочна спяшалася абвясціць, што яна замужам. Але Макар і не сумняваўся ў гэтым. Так, так, яна, канечне ж, замужам. У яе ёсць муж. Ён, напэўна, вельмі кахае яе, а яна — яго. І што з таго, што ён Макар Шаблін, таксама некалі кахаў яе, ды, шчыра кажучы, і цяпер яшчэ кахае? Гэта цяпер не мае ўжо ніякага значэння.

Як жа гэта здарылася, што ён страціў яе, сваю Зі? Бо гэта ж яна, і толькі адна яна,— цяпер Макар цвёрда ведаў гэта,— магла стаць яго шчасцем, яго радасцю, яго жыццём. Як жа гэта здарылася?..

Цяпер яны чужыя адзін аднаму людзі, зусім чужыя. А быў жа час, калі ён браў яе руку ў сваю і казаў ёй:

— Зі, мы будзем заўсёды разам плысці па шумлівай рацэ жыцця. Праўда, Зі?

Памятаецца, ён на тую пару быў схільны да ўзнёслых слоў і з лёгкасцю ўжываў іх, часта не задумваючыся над сэнсам. Сябры даравалі яму гэта: ён, малады мастак, быў у іх вачах чалавекам незвычайным, бо пра яго аднойчы напісалі ў газеце, што ён падае багатыя надзеі.

— Толькі не трэба кідацца ў гэтую раку на злом галавы, як той купальшчык з абрыву,— стрымана адказвала Зіна.

— А хоць бы і з абрыву,— бестурботна смяяўся Макар.— Гэта нават эфектна — ляцець з абрыву ў бездань!

Не думаў ён тады, што пасля яму прыйдзецца горка раскайвацца ў гэтых словах і праклінаць тую хвіліну, калі яны прыйшлі яму ў галаву.

Аднойчы Макар і Зіна пайшлі купацца на раку. З імі быў Пеця Зварыкін — ціхі, непрыкметны юнак з доўгімі рукамі, якіх ён вельмі саромеўся і таму заўсёды трымаў за спіной. Працаваў Пеця недзе ў вагонным дэпо, але што ён там рабіў, Макар не ведаў, бо яго зусім не цікавілі людзі, якія не мелі хоць бы якога дачынення да святога мастацтва; вёў жа ён знаёмства з Пецем проста таму, што юнак быў гарачым паклоннікам яго таленту і, акрамя таго, умеў рабіць выдатныя рамы для Макаравых карцін.

У той дзень было вельмі горача. Яны прыйшлі на любімае Зініна месца — на высокі абрыў, з якога адкрываўся маляўнічы від на раку і на ўсё наваколле. Зіна любіла сядзець тут, на самым краі абрыву, і глядзець уніз, на раку. Яна магла сядзець тут доўга, прыслухоўваючыся да лёгкіх аднастайных усплёскаў вады каля берага. Дзяўчына была ў гэтыя хвіліны маўклівая і задуменная, а позірк яе, здавалася, блукаў недзе ў бездані, бачачы тое, што схавана ад Макаравых вачэй. Макар усё збіраўся напісаць карціну «Дзяўчына на абрыве», але каб працаваць над ёю, яму трэба было самому прымасціцца над прадоннем, а гэта было немагчыма: ён палохаўся вышыні. Кожны раз, варта было яму толькі падысці да краю, як у яго пачынала кружыцца галава, і ён хутка адхінаўся назад.

Зіна і на гэты раз хацела была заняць сваё звычайнае месца, але тут было так спякотна, сонца паліла да таго неміласэрна, што яна перадумала і прапанавала ўладзіцца ў цяньку бярозак, што раслі трошкі збоку. Пеця распрануўся першы, і Макар са здзіўленнем убачыў, што ў гэтага нядушлага на выгляд юнака моцнае загарэлае цела з добра развітымі мускуламі. У мастака загаварыла прафесійнае пачуццё захаплення прыгажосцю чалавечага цела, і ён не мог стрымацца, каб не папрасіць Пецю папазіраваць яму як-небудзь пры выпадку.

— А цяпер давайце купацца,— тонам старэйшага сказаў Макар.— За мной!

І ён пайшоў уздоўж берага туды, дзе была лагчына, па якой можна было спусціцца ўніз, да вады. Крокі праз тры ці чатыры, адчуваючы, што ні Зіпа, ні Пеця чамусьці не ідуць за ім, Макар азірнуўся, і тое, што ўбачыў ён, прымусіла яго прыпыніцца. На самым краі абрыву, нібы адліты з бронзы, стаяў Пеця. Ён выглядаў у гэты момант значна вышэйшым, чым быў на самай справе. Ззаду і крыху воддаль ад яго знаходзілася Зіна, і было падобна на тое, што яна любуецца ім. Макар убачыў: Пеця павярнуў галаву назад, нешта сказаў Зіне, і яна таксама нешта адказала яму. А пасля Пеця ўзмахнуў рукамі, затым рэзкім рухам адвёў іх назад і, злёгку прысеўшы, раптам імгненна адштурхнуўся нагамі ад зямлі, адначасова выкінуўшы рукі ўперад. Цела яго апісала ў паветры дугу і паляцела ўніз.

Зіна падбегла да краю абрыву і, прыціснуўшы рукі да грудзей, замерла. Макар неахвотна вярнуўся назад. Ён не паспеў убачыць, як нырнуў Пеця, ён бачыў толькі кругі, што разыходзіліся па вадзе ад таго месца, дзе схаваўся юнак.

— Дзе ж ён? Што з ім? — спалохана спытала Зіна і ўся падалася ўперад. Здавалася, што яна вось-вось кінецца следам за Пецем. І калі ў наступнае імгненне Пеця нарэшце вынырнуў, Зіна шчасліва засмяялася і запляскала ў далоні.

Адфыркаўшыся, Пеця пачаў плысці сажонкамі, спрытна заграбаючы ваду рукамі. Спачатку ён плыў уверх па цячэнню, потым, зрабіўшы невялікі круг, перавярнуўся на спіну і спакойна паплыў уніз, не робячы ніводнага руху. Параўняўшыся з Макарам і Зінай, Пеця набраў вады ў рот і выпусціў яе ўгару многаструменным фантанам. У дробных, як пыл, пырсках успыхнула вясёлка...

Зіна павярнулася да Макара.

— Чаго ж ты стаіш? — здзіўлена спытала яна.

— Ды я пайшоў быў, але вы тут надумаліся фокусы вырабляць, дык я і вярнуўся паглядзець.

— Фокусы?..— з дакорам сказала Зіна, крыўдуючы, што ён не зразумеў яе пытання.— Ты жартуеш...— дадала яна праз хвіліну, беручы сябе ў рукі.— Ну, станавіся. Вось сюды.

— Навошта? — не зразумеў Макар.

— Скачы ўніз. Як Пеця. Ці мо нават яшчэ лепей за яго. Ну, станавіся! — строга загадала яна.

Макар аж адхіснуўся назад, пачуўшы гэтыя яе словы. Яму нават дух заняло ад адной думкі, што ён будзе ляцець з гэткай вышыні ў бездань. Адчуваючы, што бляднее, Макар хуценька адвярнуў твар убок.

— Чаго ж ты стаіш? — зноў спытала Зіна, і ў голасе яе загучалі нейкія незнаёмыя яму ноткі. Тут было ўсё разам — здзіўленне, патрабавальнасць, надзея і нават пагроза.

— Ты яшчэ, можна сказаць, пакуль што не жонка мне, каб камандаваць мною,— паспрабаваў аджартавацца Макар, але і сам адчуў, што выйшла гэта ў яго недарэчна.

— Не гавары глупства, Макар,— ціха прамовіла Зіна, падыходзячы да яго і зазіраючы яму ў вочы.— Чаго ты фанабэрышся? Я ж ведаю, што зрабіць гэта табе зусім проста. Ну, давай! — І яна нецярпліва тузанула яго за руку.

— Пакінь, Зіна,— надаючы свайму голасу паважнасць, сказаў Макар.— Навошта табе гэта?

— Патрэбна, разумееш? — пранікнёна сказала Зіна.— Ну, скачы ж, скачы! Мне вельмі гэта патрэбна, вельмі! Разумееш? Ты разумееш? Гэта ж вельмі проста: падысці да самага краю і — уніз! Як Пеця. І нават яшчэ лепей, чым ён, нават яшчэ лепей. Ну, Макар, ну, зрабі гэта для мяне! Ты можаш, ты ж можаш, праўда?

Няшчадна паліла сонца, паветра было нейкае цяжкое; яно прыціскала да зямлі, палівала цела, а галоўнае — ногі нечым агідным, брыдкім, і не было ніякай сілы пазбавіцца гэтага незразумелага цяжару.

— Альбо ты не можаш? — адступіўшы на крок ад яго, амаль шэптам прамовіла Зіна.— Не можаш?.. Ну, скажы — не можаш?

Цяпер яна стаяла над самым прадоннем, спіной да ракі. Макар бачыў, як паступова мяняецца яе твар, як цямнеюць вочы. Яна ўсё чакала, што ён падыдзе і скочыць. Ён разумеў, што гэта не капрыз, не дзівацтва, ёй проста неабходна было, каб ён скочыў. «Пакажы, што ты і папраўдзе такі, за якога я цябе лічу»,— гаварыў, здавалася, яе позірк. І яна стаяла і чакала. А ён не ішоў. Той незразумелы цяжар, што аднекуль зваліўся на яго, прыціскаў да зямлі ўсё мацней і мацней.

Тады Зіна рэзка павярнулася спіной да яго і нахілілася ўперад. Яна ніколі не скакала ў ваду з такой вышыні, ды і плавала не надта ўжо і добра. Пабляднеўшы, яна заплюшчыла вочы, і, расставіўшы рукі, ступіла наперад...

Страшэнным напружаннем усіх сваіх сіл Макар прымусіў сябе падбегчы да абрыву і зірнуць уніз. У гэты момант Зіна, нібы камень, плюхнулася аб ваду; у паветры ўзняўся слуп пырскаў, хаваючы ад Макара дзяўчыну. Калі пырскі апалі, Зіны на паверхні вады ўжо не было.

Відаць, Пеця заўважыў, як Зіна скочыла з абрыву, бо ён імкліва і хутка паплыў да таго месца, дзе яна знікла пад вадой. Але Зіна ўжо сама ўсплыла, смешна борсаючы рукамі і нагамі. Агледзеўшыся, яна паплыла насустрач Пецю. Параўняўшыся, яны рушылі па цячэнню разам, усё аддаляючыся і аддаляючыся.

Макар раптам усёй сваёй істотай адчуў — гэта Зіна аддаляецца ад яго назаўсёды...

На павароце ракі яны зніклі з вачэй.

Макар не быў упэўнены, ці кахала яго Зіна, але ведаў, што магла пакахаць у той спякотны чэрвеньскі дзень,— і не пакахала...

Шмат пасля страчалася на яго жыццёвым шляху абрываў, з якіх трэба было кідацца, не разважаючы і не хістаючыся. Але той першы абрыў быў, відаць, рубяжом, які вызначае ўсю сутнасць, усю годнасць чалавека. І Шаблін ужо не мог адолець ніводнага з гэтых абрываў,— кожны раз штосьці ўсё прыціскала і прыціскала яго да зямлі.

Праз некалькі дзён пасля таго памятнага дня, у пачатку ліпеня сорак першага года, узвод, у якім служыў Макар, першы з усяго батальёна пад кулямётным агнём кінуўся адбіваць атаку гітлераўцаў, засланяючы ім шлях на Оршу. Застаўся на месцы толькі адзін чалавек — Макар Шаблін. Узвод, а за ім астатнія падраздзяленні батальёна прасунуліся за якую гадзіну далёка ўперад. Праклінаючы сябе і добра разумеючы, што з гэтага часу ён на ўсё жыццё будзе агідным сам сабе, Макар міжвольна ўсё шчыльней прыціскаўся да зямлі. Перачакаўшы, пакуль сціхне агонь бою, ён падняў галаву і агледзеўся. То там, то сям былі відны распластаныя на зямлі адзінокія фігуры байцоў. «Не адзін, выходзіць, я тут»,— супакоіў сябе Макар. Праз хвіліну ён зразумеў, што ўсе гэтыя байцы — нежывыя. Толькі ён быў жывы. Праўда, варожая куля ўсё ж зачапіла яго, падрапаўшы трохі левую руку каля локця. «Гэта рана мая ва ўсім вінаватая,— сказаў сабе Макар.— Калі б не яна...»

Ён так і не здолеў трапіць да сваіх — у той жа дзень немцы захапілі яго ў палон.

Канцэнтрацыйны лагер знаходзіўся недзе ў Польшчы, і Макар больш за год працаваў разам з іншымі палоннымі на папяровай фабрыцы, выгружаючы з вагонаў сыравіну і грузячы ў іх гатовую прадукцыю. Аднойчы яго сусед па нарах Васіль Рудак сказаў яму:

— Заўтра мы даем лататы адсюль. Нас восем чалавек. Хочаш быць дзевятым?

— А якім чынам? — насцярожана спытаў Макар.

Васіль Рудак падрабязна расказаў яму пра план уцёкаў. План быў просты, але вельмі рызыкоўны.

— Я з вамі ўсёй душой,— сказаў Макар.— Вось толькі, можна сказаць, нагу няўчасна намуляў...

І назаўтра восем зніклі з лагера. А дзевяты застаўся. «Ах, каб не гэтая нага!..» —гаварыў сам сабе Макар, не то супакойваючы сябе, не то апраўдваючы.

Былі і яшчэ ў жыцці абрывы, калі трэба было кідацца ўперад, не разважаючы і не хістаючыся. Ды ўсе яны засталіся неадоленымі. Макар Шаблін здагадваўся, што іменна таму з яго такі і не атрымалася нічога — ні значнага мастака, ні добрага служачага, ні нават прыстойнага сем’яніна.

І вось ён у шэры слотны дзень стаіць перад Зінай пасля столькіх год з часу іх апошняй сустрэчы, стаіць нікчэмны, бледны, у старэнькім абцёрханым паліто і сам увесь нейкі абцёрханы і, пераступаючы з нагі на нагу, усё імкнецца зазірнуць ёй у вочы, а яна ўпарта не хоча глядзець на яго.

Макар ведаў, аб чым яна думае цяпер. Ён абсалютна быў упэўнены ў тым, што і перад ёю паўстаў той далёкі дзень, які з’явіўся пераломным у іх адносінах, які разлучыў іх, паклаўшы для яго канец усяму — надзеям, марам, жаданням. Ён не ведаў пакуль што толькі аднаго, ці захавалася ў яе і дагэтуль пагарда да яго.

— Дык вы, можна сказаць, назусім у наш горад?..— перапытаў Макар, пачынаючы дрыжаць не то ад холаду, не то ад нейкага страху.

Зіна нічога не адказала. Яна не звяртала на яго ніякай увагі, нібы яго і не было перад ёю. Макар дрыжаў усё мацней і зусім не ведаў, што яму рабіць далей. Гаварыць ім не было аб чым.

І ўсё ж Макар адважыўся яшчэ на адзін крок, бо ён не мог, проста такі не мог пайсці ад Зіны без усялякай надзеі на магчымасць пабачыць яе яшчэ калі-небудзь. Яму здавалася, што цяпер гэта і будзе яго адзіным шчасцем — магчымасць бачыць яе, ведаць, што яна побач, у гэтым горадзе.

— Мне можна будзе калі-нікалі заходзіць да вас? — нясмела спытаў Шаблін.— Можна?

Нарэшце Зіна павярнула свой твар да Макара і паглядзела яму ў вочы. Але ён нічога не паспеў прачытаць у яе позірку, а яна нічога не паспела адказаць яму,— з магазіна ў гэтую хвіліну выйшаў вайсковы з палкоўніцкімі пагонамі і гучна сказаў:

— Прабач, Зіна, я трошкі затрымаўся. Але ты нізавошта не адгадаеш, які я табе падарунак купіў. Нізавошта!

Макар успомніў: так, сёння ў Зіны дзень нараджэння... Шаблін крадком зірнуў на вайсковага. У гэтым стройным і вельмі маладым на выгляд палкоўніку ледзь можна было пазнаць Пецю Зварыкіна. Макар настолькі разгубіўся, што нават не прывітаўся са сваім былым паклоннікам. А Зварыкін, відаць, не пазнаў Шабліна.

— Бывайце, Шашкін,— абыякава сказала Зіна. Палкоўнік узяў яе пад руку. Зіна прыхінулася да яго, і яны хутка пайшлі па вуліцы.

Макар не помніў ужо, куды і чаго яму трэба было ісці, але міжвольна пайшоў за імі. А яны ўсё аддаляліся і аддаляліся...

Дзьмуў халодны пранізлівы вецер. Пад нагамі хлюпаў мокры шэры снег напалам з гразёю.

1954


1954