epub
 
падключыць
слоўнікі

Яўген Васілёнак

Тэлеграма

Сёння ён прыйшоў зноў. Прасунуўшы ў акенца новенькі хрусткі рубель, ён сказаў:

— Калі ласка, адзін бланк для тэлеграмы.

Таня адразу пазнала яго голас. Гэтыя словы ён гаварыў заўсёды,— адны толькі гэтыя словы. Больш ён не дадаваў нічога, забываючыся нават падзякаваць за пададзены яму трапяткою Танінай рукою бледна-шэры лісточак паперы, які хаця і каштаваў адных толькі дзве капейкі, але быў для тых, каму пасылаўся, даражэй часам за мільёны.

Чамусьці ён ніколі не меў дробязі і працягваў заўсёды рубель або траячку, ці дзесятку. Аднаго разу ён даў нават соценную паперку, і Тані прыйшлося абегаць увесь тэлеграф, каб размяняць гэтыя грошы і выдаць яму рэшты.

Сёння, як на тое, яе блакітная талерачка для разменнай манеты была амаль пустая. Таня не магла даць рады нават ягонаму рублю. А ісці мяняць грошы ёй не было калі, бо перад акенцам стаяла доўгая чарга людзей.

— У мяне няма рэшты,— з жалем прамовіла Таня.— То, можа, у другім акне возьмеце.

— Нічога, я пачакаю,— адказаў ён і трошачкі адсунуўся ад акна, каб нікому не замінаць.

Яна дагэтуль ні разу яшчэ не зірнула па яго. Пасля, машынальна выдаючы бланкі, прымаючы тэлеграмы, пішучы квітанцыі, яна таксама старалася не глядзець у яго бок. Але і без таго яна ведала, што на маладым чалавеку цяпер мяккі цёмны капялюш, карычневае дэмісезоннае паліто, белы лёгкі шалік.

І капялюш, і паліто, і шалік былі яўна не па сезону, але ён, відаць, не адчуваў холаду сёлетняй зімы. Не заўважалася, ва ўсякім разе, каб ён курчыўся, ці каб у яго быў сіні твар, або каб яму хацелася пацерці рукі адна аб адну.

Ён амаль штодня прыходзіў на тэлеграф. Першы раз ён з’явіўся тут два тыдні таму назад. Таня нават памятае той дзень — гэта было 16 снежня. Не, яна запомніла гэта, канешне, выпадкова, проста таму, што тады здарылася ў яе маленькая непрыемнасць: перастаўляючы лічбы на штэмпелі, Таня замест «16» паставіла «17» і цэлую гадзіну штэмпелявала квітанцыі заўтрашнім днём, пакуль нейкі педантычны кліент на звярнуў на гэта яе ўвагі.

Узяўшы ў яе бланк, ён адыходзіў да століка, садзіўся на крэсла, вымаў з кішэні аўтаручку і пачынаў пісаць. Пісаў ён звычайна многа і доўга, абдумваючы, напэўна, кожнае слова. Часам ён раптам камячыў лісточак, браў у яе новы і зноў пачынаў пісаць.

Потым ён неяк загадкава знікаў. Ён ніколі не аддаваў сваіх тэлеграм ёй. Відаць, яму заўсёды выпадала аддаваць іх у другія акенцы.

Таня не лічыла сябе асобай дужа цікаўнай. Але тут яе часам пачынала разбіраць дапытлівасць. Каму і навошта ён піша столькі тэлеграм? Хто той адрасат, які атрымлівае іх? І ці адзін ён, гэты адрасат, ці мо іх некалькі?.. Дзявоцкая сарамлівасць не дазваляла ёй абысці сябровак па тэлеграфу і пацікавіцца наконт тых тэлеграм, таму пытанні яе аставаліся без адказу.

Ён усё яшчэ стаяў ля акенца і ўпарта не хацеў ісці да другіх, дзе яму, можа, адразу далі б рэшты. Ат, няхай сабе пастаіць, калі ў яго гэтулькі ўжо многа вольнага часу.

Чарга амаль не меншала. Сёння было пярэдадне Новага года, і людзям абавязкова трэба было паслаць віншавальную тэлеграму. Адкладаць такой справы на заўтра ніяк нельга. Праўда, гэта можна было зрабіць і загадзя, а не таўчыся ў чарзе іменна сёння, бо датэрміновы прыём віншавальных тэлеграм адкрыты даўно. Але хіба людзі слухаюцца голасу жыццёвай мудрасці? Яны заўжды ўсё адкладваюць на самую апошнюю гадзіну, ім заўжды некалі.

Да акенца праціснуўся каржакаваты чырванатвары мужчына ў вялікай пыжыкавай шапцы. Прыязна выскаліўшыся на ўвесь рот, ён прамовіў:

— Даражэнькая, будзьце ласкавы, тэрміновую!

Тэрміновыя прымаліся без чаргі, і таму ніхто не стаў пярэчыць яму. Але мужчына, прасунуўшы сваю тэлеграму ў акенца, палічыў неабходным пусціцца ў тлумачэнні.

— Гэта ж у Алма-Ату ажно. А там, самі ведаеце, праз паўгадзіны ўжо і Новы год будзе. Яны ж на цэлых тры гадзіны раней за нас жывуць.

Падлічваючы словы, Таня машынальна прачытала тэлеграму. Уласна кажучы, кожную тэлеграму ёй трэба было чытаць абавязкова,— каб быў правільны адрас, каб не было памылак або апісак у тэксце. Яна па абавязку свае службы павінна была прылучацца да чужых таямніц. Чырванатвары, немалады ўжо мужчына меў, аказваецца, блазенскае імя Вовік: іменна так ён падпісаўся пад тэлеграмай. Вовік паведамляў сваёй кошачцы, якая звалася Аўдоццяй Варфаламееўнай, што атрымаў кватэру з трох пакояў, і заклікаў не сумаваць без яго ў Алма-Аце на Новы год. «Падрабязнасці пісьмом»,— абяцаў ён у канцы.

А той усё стаяў ля акенца. З нейкім вінавата-прабачлівым выглядам ён стаічна чакаў, пакуль набярэцца ў яе дробязі на рэшту. Але неяк так здаралася, што плаціць людзям за тэлеграмы прыходзілася ўсё толькі круглымі сумамі. Вось і гэтаму ўжо лысаватаму Вовіку яна сказала:

— Дваццаць два рублі.

— Дзякую, даражэнькая! — зноў выскаліўся мужчына. Хуценька разлічыўшыся, ён падхапіў з падлогі сваю туга напакаваную авоську і імкліва панёсся да выхада.

З Таніных рук ва ўсе канцы краіны ляцелі тэлеграмы, у якіх людзі прапаноўвалі сэрца, патрабавалі ўзаемнасці, абяцалі вернасць да магілы. І амаль кожная тэлеграма канчалася абавязковым пацалункам... Самой Тані ніхто тэлеграм не слаў. Ніхто нічога ёй не прапаноўваў, ніхто нічога ад яе не патрабаваў, ніхто нічога не абяцаў. Чытаючы па абавязку службы чужыя тэлеграмы, Тані часта рабілася неяк сумнавата. І яна заўсёды здзіўлялася, адкуль гэта на свеце столькі шчаслівых людзей.

Сама яна была, канешне, нешчаслівая. Бо калі б справа была іначай, хіба давялося б дзяжурыць сёння за гэтым акенцам іменна ёй?!. Цяпер палова на дзесятую. Праз дзве з паловай гадзіны настане Новы год. Людзі цудоўна сустрэнуць яго. Ссунуцца разам чаркі, прагучаць тосты, зайграе музыка, закружацца ў танцы пары. Адны будуць у тую хвіліну ў цесным сямейным кругу, другія — у гасцях у сяброў, трэція пойдуць на клубную вечарынку, а тыя яшчэ — на баль-маскарад. І ўсім будзе весела, бестурботна, шчасліва. Адна яна будзе сядзець тут, за сваім акенцам на цэнтральным тэлеграфе, сядзець аж да рання, бо гэта іменна ёй выпала дзяжурыць сёння, пад Новы год. Нябось яе сяброўцы Ніне Самахвалавай не прыйдзецца адмаўляцца ад свята. Яна сваё ўжо адпрацавала, цяпер яна вольная, яна сама сабе гаспадыня.

— Тады і мне зрабіце тэрміновую,— сказала жанчына з самага канца чаргі і паціху, для сябе дадала:— А то гэтак і Новы год сустрэнеш тут у чарзе.

— А і мне ж тады таксама! — заявіў высокі афіцэр-артылерыст, які стаяў у чарзе першы.— Самую тэрміновую!

Сёння ўсе спяшаліся. Цікава, аднак, чаму ён нікуды не спяшаецца? Стаіць сабе ціхенька ля акенца і хоць бы табе слова нецярплівасці выказаў, хоць бы адным рухам выявіў неспакой або хваляванне. А ён жа не можа не бачыць, што цяпер у яе досыць ужо дробязі.

— Вам адзін бланк? — звярнулася да яго Таня.

— Але, адзін! — нібыта раптам прачнуўшыся, гучна сказаў ён і зноў прасунуў у акенца свой злашчасны рубель.

Яна адлічыла яму рэшту, дала бланк. Ён павольна, быццам з неахвотай, пайшоў ад акенца, а яна ўзяла ў чарговага кліента тэлеграму і занялася сваёй справай. Аднак бакавым зрокам Таня бачыла яго. Вось ён сеў на сваё звычайнае месца за сталом, што стаяў насупраць яе акна, няспешна выняў аўтаручку, паспрабаваў пяро на лісточку паперы і пачаў запаўняць тэлеграму.

Гадзіннік, што вісеў на сцяне проста перад Таняй, паказваў дзесяць. Таня міжвольна ўздыхнула.

Праз паўгадзіны чарга амаль зусім растала, а ў адзінаццаць да акенца толькі ўжо зрэдку падыходзілі адзінокія запознечыя наведвальнікі.

Нечакана перад акенцам вырасла Ніна Самахвалава. Яна была расчырванелая ад марозу, а мо ад радаснай узрушанасці, якой поўнілася ўся яе істота. Папраўляючы адной рукой маленькую шарсцяную шапачку, якая закрывала толькі палову галавы, а другую руку працягваючы Тані, Ніна борздзенька засакатала:

— Танечка, я да цябе на хвіліначку. Віншую, і ўсё такое іншае, а сама я пабегла. Ты нізавошта не адгадаеш, куды я запрошана!

— На баль? — стаіўшы дыханне, спытала Таня.

— Фі, на баль!..— паморшчылася Ніна. І пасля кароткай паўзы ўрачыста паведаміла: — Я запрошана да Валерыя Вітольдавіча!

Валерый Вітольдавіч быў новай зоркай на артыстычным гарызонце, і таму не дзіўна, што Ніна адчувала сябе на сёмым небе.

«І яна от шчаслівая. І ўсе наогул шчаслівыя...» — падумалася Тані. Павекі яе часта-часта заморгалі, у горле запяршыла. І неяк непрыемна пахаладзела пад лыжачкай.

— Мне так шкада цябе, мая дзевачка, так шкада! — зноў засакатала Ніна Самахвалава.— Гэта ж думаць!.. Але ты ведай, кожны бакал я буду ў думках падымаць за цябе. Ну, бывай! З Новым годам, з новым шчасцем!

Выпісваючы нейкаму чыгуначніку квітанцыю, Таня так націснула на аловак, што той моцна трэснуў, і кончык графіту скокнуў высока ўгору.

Яна і на гэты раз не заўважыла, у каторае акенца ён аддаў сваю тэлеграму і калі ён знік. Зірнуўшы крадком на столік, за якім яшчэ нядаўна сядзеў ён, Таня ўбачыла, што столік пусты.

Адна сцяна залы выходзіла сваімі вокнамі на вуліцу. Таня старалася не глядзець у той бок. Там, за вокнамі, ярка палалі ліхтары, зіхцела ілюмінацыя, у розных напрамках імкліва, ледзь не подбегам, крочылі людзі... Не, не трэба глядзець туды!

А палове дванаццатай зала была ўжо зусім пустая. Больш ніхто на тэлеграф не заходзіў. Усе тутэйшыя павіншавалі ўжо ўсіх тамашніх, і цяпер ім асталося толькі чакаць, пакуль стрэлкі гадзінніка сыдуцца разам, а тады ўжо тут віншаваць адзін аднаго.

Хутчэй, хутчэй прыходзь, Новы год!

Варта было, бадай-што, падлічыць сённяшнюю выручку. План яна, безумоўна, перавыканала, і цяпер прэмію ёй дадуць абавязкова. А вось Ніне Самахвалавай аб прэміі і думаць няма чаго. За месяц Ніна не зрабіла і паловы таго, што зрабіла яна, Таня. Ды і ў астатніх прыёмшчыц, здаецца, паказчыкі не такія багатыя, як у яе. Але брацца за падлікі цяпер Тані не хацелася. Да дванаццаці аставаліся ўжо лічаныя мінуты,— няхай хоць гэтыя мінуты будуць належаць ёй. Яна прыдумае зараз тост і ў дванаццаць скажа яго сама сабе.

— Прабачце...— пачула яна раптам нечы дужа знаёмы голас.— Вазьміце, калі ласка, тэлеграму.

Значыцца, ён прыйшоў зноў. Таня адразу пазнала яго голас. Вось дзівак! Пісаў, пісаў тэлеграмы, а самую галоўную, відаць, і забыўся напісаць.

Яна паглядзела на яго. Ён меў, як і раней, усё той жа вінавата-прабачлівы выгляд. Капялюш і паліто ў яго былі злёгку зацярушаны снегам. Некалькі іскрыстых сняжынак ляжала і на бровах; яны доўга не раставалі...

— Давайце, хутчэй! — строга сказала Таня.

Тэлеграма была кароткая, вельмі кароткая. У ёй было напісана: «Ад самага шчырага сэрца — з Новым годам вас, з новым шчасцем!»

Тэкст быў, канешне, самы звычайны, такі, які і павінен быў быць сёння. За змену яна адправіла гэткіх тэлеграм уга колькі!..

Але, адправіла яна іх многа. А сама не атрымала ніводнай...

— А дзе ж адрас? — схамянулася раптам Таня.— На тэлеграме няма адраса. Каму вы пасылаеце яе?

— Вам.

Ён паглядзеў ёй у вочы і пачырванеў.

— Вам,— паўтарыў ён. Потым, спяшаючыся, дастаў з кішэні яшчэ цэлы пук тэлеграфных бланкаў, скрозь спісаных адным і тым жа буйным мужчынскім почыркам.— І гэта — таксама вам.

— Мне?.. — ціха спытала Таня і таксама пачырванела. Аказваецца, ён нікуды не пасылаў тых сваіх тэлеграм-лістоў. Усе яны прызначаліся ёй адной...

— Але. Вы не будзеце крыўдаваць?

Яна нічога не паспела адказаць яму. Якраз у гэтую хвіліну на радыёвузле ўключылі магутны дынамік, што вісеў над уваходам у залу. З дынаміка на іх паплыў меладычны перазвон крамлёўскіх курантаў, потым гучна бумкнуў раскацісты ўдар, за ім другі, трэці...

Бум!.. Бум!.. Бум!..— велічна і ўрачыста абвяшчаў прыход новых здзяйсненняў крамлёўскі гадзіннік.

— А ведаеце, гэта добра, што вы сёння дзяжурыце,— сказаў ён.— Што вы сёння на пасту.

— Добра? Чаму — добра?

— Бо іначай хіба здолеў бы я сустрэць Новы год разам з вамі? — Ён усміхнуўся.— Таму я за тых, хто на пасту!

«А такіх сёння многа,— нечакана падумала Таня.— Напрыклад, на чыгунцы — колькі іх!»

— Бум!.. Бум!..— біў і біў гадзіннік.

А ў вокнах раптам асляпляльна заззяла дзівоснае зарыва. У ім былі самыя розныя колеры — чырвоныя, зялёныя, белыя, сінія. Гэта ў неба шугануў святочны феерверк.

Наставаў Новы год.

1955


1955