epub
 
падключыць
слоўнікі

Яўген Васілёнак

Трое

Ігар Чыбісаў амаль не ўяўляў сабе, як ён пачне вечарам размову з Кацяй. Бадай, лепш за ўсё было б адразу сказаць ёй усё — няхай ведае. А можа толькі намякнуць, а канчатковае прызнанне адкласці яшчэ дні на два, на тры?..

Не, для канчатковай гутаркі сёння якраз будзе самы зручны выпадак. Яны ўчора дамовіліся, што сёння ўвесь вечар правядуць разам. Спачатку пойдуць у кіно,— Каці вельмі хочаца паглядзець новы венгерскі фільм,— а пасля застануцца ў клубе патанцаваць. Праводзіць яе дамоў Ігару прыйдзецца, зразумела, аднаму, бо Сяргей Несцераў, яго друг і напарнік на паравозе, зменны машыніст, будзе ў гэты час у паездцы, далёка ад Бярэзічаў.

Успомніўшы Сяргея, Ігар нахмурыўся, але ненадоўга. Пра Сяргея нельга было думаць дрэнна. Яго ў дэпо ўсе любілі, ён быў добры таварыш. Ігара звязвала з Сяргеем даўняя дружба, якая пачалася яшчэ ў чыгуначным вучылішчы. Цяпер, калі абодва яны сталі машыністамі і працуюць на адным паравозе, дружба яшчэ больш умацавалася. Не пахіснулася яна і тады, калі Ігара прызначылі старшым машыністам паравоза і яму, у сувязі з яго новымі абавязкамі, іншы раз прыходзілася дакараць Сяргея за дробныя промахі.

Дружылі яны моцна, як дружаць людзі, звязаныя агульнымі інтарэсамі. Розныя па натуры, але аднолькава ўлюбёныя ў сваю справу, яны як бы дапаўнялі адзін другога. Ігар быў сталы, сур’ёзны, разважлівы, Сяргей жа, наадварот, жвавы, вясёлы, надзелены вострым пачуццём гумару. Сяргей часта гарачыўся, любіў спрачацца, і тады на дапамогу яму заўсёды прыходзіў разважлівы Ігар. Калі ж здаралася, што Ігар па сваёй марудлівасці не мог прыняць хуткае рашэнне, сказаць рашучае слова, тут яго выручаў Сяргей. Ён у такіх выпадках ішоў напралом.

— Іх вадой не разальеш,— гаварылі пра Чыбісава і Несцерава паравознікі.

У мінулым годзе ў Бярэзічы, дзе працавалі сябры, прыехала пасля заканчэння тэхнікума маладая дзяўчына, дыспетчар Каця Сёмушкіна, і яны хутка пасябравалі. Невысокага росту, рухавая, з мяккім прыемным голасам, яна вельмі падабалася Ігару. Для ўсіх у дэпо Каця была таварышам Сёмушкінай, дыспетчарам заходняга круга Бярэзіцкага аддзялення чыгункі, а для Ігара і Сяргея — проста Кацяй. Калі ў паездцы быў Ігар — у кіно ці ў тэатр з Кацяй ішоў Сяргей; вяртаўся Ігар — і дзяўчына ахвотна праводзіла свабодны вечар з Ігарам. А калі выпадала, што яны абодва былі выхаднымі, яна запрашала іх у свой маленькі чысценькі пакойчык піць чай.

Ігар не заўважаў, каб Каця аддавала каму-небудзь з іх перавагу. З абодвума яна была аднолькава ветлівай, абодвух сустракала аднолькава гасцінна.

Былі, праўда, два выпадкі, калі Ігара паскрэбла па сэрцу сваім вострым кіпцюрком рэўнасць. Першы раз гэта здарылася ў Дзень чыгуначніка. Яны ездзілі тады за горад, у лес на гулянку. Так здарылася, што Ігар і Сяргей трапілі ў розныя аўтобусы. Ігар запрасіў Кацю сесці ў яго машыну, але Каця засмяялася і пабегла да машыны Сяргея. Ігар надзьмуўся і ўвесь дзень не размаўляў з ёю. Але вярталіся яны ўсе трое на адной машыне, усю дарогу Каця весела шчабятала, звяртаючыся часцей за ўсё да Ігара, і ў яго хутка пасвятлела на душы...

А ўчора зноў давялося перажыць некалькі непрыемных хвілін. Але пра тое, учарашняе, не хочацца нават успамінаць, тым больш, што скончылася ўсё зноў-такі добра: Каця запрасіла Ігара пайсці сёння разам у кіно.

Так, сёння трэба будзе сказаць Каці ўсё. Вось толькі як пачаць размову?..

...Хутка мчыцца поезд. Ігар пільна ўглядаецца ўдалячынь. Міма праплываюць палі, вёскі, хмызнякі. Уздоўж чыгуначнага насыпу вісяць на высокіх слупах правады. На іх важна расселіся гракі. Гракоў не палохае ні грукат поезда, ні прарэзлівы гудок паравоза; відаць, яны ўжо прывыклі да ўсяго гэтага і цяпер толькі абыякава паглядаюць навокал.

Неўзабаве будуць Бярэзічы, вунь ужо і светафор відзён. Ігар закрыў рэгулятар. Поезд дойдзе цяпер па інерцыі.

Рэйс заканчваецца ўдала. Цяжкавагавы састаў з лесам прайшоў участак з апярэджаннем графіка. У Бярэзічы ён прыйдзе на дваццаць мінут раней вызначанага часу. Там Ігара зменіць яго напарнік Сяргей.

Паравоз зойдзе на экіпіроўку, запасецца вадой, вугалем, змазкай і зноў пабяжыць з чарадой чырвоных вагонаў ці пузатых цыстэрн, ці да самага верху пагружаных доўгіх платформ.

Прагрукатаўшы на стрэлках, поезд замарудзіў ход і спыніўся. Счэпшчык адчапіў паравоз. Ігар пацягнуў за рычаг сігнала, над будкай пырхнула маленькае белае воблачка пары, і ў паветры пачуўся густы гудок. Паравоз крануўся з месца і пабег да вугальнага склада.

Сяргей падышоў да паравоза, свецячыся яснай адкрытай усмешкай. Ён быў ростам ніжэй за Ігара і паглядаў на сябра знізу ўверх. Ігару здавалася, што ўсміхаюцца не толькі пухлыя губы Сяргея, але і яго шэрыя вочы з густымі брывамі і нават доўгі, тонкі нос. Ды і ўвесь ён быў сёння нейкі радасны, нечым моцна ўсхваляваны, быццам на яго нечакана звалілася вялікае шчасце. Гэта кідалася ў вочы нават па вопратцы. У параўнанні з рабочай ватоўкай Ігара чорны кіцель і адпрасаваныя штаны Сяргея мелі амаль святочны выгляд. «Нібы не ў паездку сабраўся, а на гулянне!..» — падумаў Ігар.

— Ты што — імяніннік сёння? — запытаўся ён.

Сяргей засмяяўся.

— Не імяніннік, а жаніх,— скрозь смех адказаў ён.

«На заўтрашні сход намякае,— падумаў Ігар.— Рады, што выйшаў у пераможцы спаборніцтва».

Заўтра ў дэпо павінен быць сход аб выніках работы паравозных брыгад за апошні месяц. Сяргей, напэўна, выйдзе на першае месца. У яго самыя высокія паказчыкі. А сённяшняя паездка можа ўзняць яго яшчэ вышэй. Ігару прыйдзецца задаволіцца другім месцам.

«Што ж, на тое і спаборніцтва,— без ценю зайздрасці думаў Ігар, калі яны ішлі да дзяжурнага па дэпо, каб зрабіць адзнаку ў маршрутным лісце.— Чырвоны сцяг усё роўна застанецца на нашым паравозе».

У дзяжурцы высокі танклявы чалавек з чыста паголенай галавой надрываўся па селектару:

— Ну, дзе я вам вазьму паравоз, таварыш Сёмушкіна? Няма ў мяне паравоза!.. Прыйшла вось пяцьдзесятвасьмёрка, дык яна з вугальным саставам пойдзе. А больш ніводнай машыны няма, хоць рэжце!..

— Непарадак, таварыш дзяжурны! — чуўся з рэпрадуктара абураны голас дыспетчара Каці Сёмушкінай.— Заўсёды ў вас гэтак. Дрэнна плануеце. Вы мне ўвесь графік ламаеце.

Каця прадаўжала «распякаць» дзяжурнага. І Ігар і Сяргей зразумелі, што здарылася: на станцыі падрыхтаваны да адпраўкі цяжкавагавы састаў, а весці яго няма каму, няма паравоза.

— За зрыў поезда вы будзеце адказваць! — сярдзіта сказала Каця, потым у рэпрадуктары нешта пстрыкнула, і ён заціх.

— Давайце я яго вазьму! — раптам прамовіў Сяргей.— І свой, і гэты.

Дзяжурны здзіўлена глянуў на Сяргея.

— Абодва павяду! — яшчэ раз паўтарыў Сяргей. З твару яго не сыходзіла ўсё тая ж задаволеная ўсмешка.

Ігар, які ўжо быў накіраваўся да выхада, спыніўся. Убачыўшы разгублены твар дзяжурнага, ён ледзь не рассмяяўся. Але тут было не да смеху.

Вядома, не было нічога асаблівага ў тым, што машыніст згаджаўся весці падвойны састаў. І Ігар і Сяргей, і другія машыністы нярэдка адпраўляліся з паяздамі двайной вагі. Але зараз гэта будзе не проста здвоены поезд. Абодва саставы цяжкавагавыя, у кожным амаль па паўтары вагавыя нормы, і эшалон будзе амаль што патроены супраць нормы. Тут патрэбна была не толькі звычайная спрактыкаванасць машыніста, але і тое асаблівае адчуванне ім машыны і састава, якое даецца ў выніку вялікай практыкі і ўмельства,— можна сказаць, патрэбен быў талент. Ігар ведаў, што Сяргей быў вельмі здольным машыністам, і ўсё ж, падумаўшы пра гарачнасць Сяргея, парашыў пагаварыць з сябрам.

«Не лішне будзе напомніць яму аб адказнасці гэтага рэйса»,— падумаў Ігар і падышоў да Сяргея. Той, нахіліўшыся над сталом дзяжурнага, чакаў адказу. Дзяжурны доўга маўчаў, абдумваў яго прапанову.

— Ці выцягнеш? — запытаў ён з трывогай.

— Сяргей! — Ігар нахмурыў бровы, хацеў папярэдзіць яго, што такі крок залішне смелы, але не паспеў.

— Выцягну! — рашуча сказаў Сяргей і папрасіў дзяжурнага: — Дайце мне пагаварыць з дыспетчарам.

Дзяжурны выклікаў Кацю.

— Слухаю! — адгукнулася тая з рэпрадуктара.

Дзяжурны няўпэўнена прамовіў:

— Таварыш дыспетчар... Машыніст Несцераў згадзіўся весці здвоены поезд.

Каця маўчала.

Сяргей павярнуў да сябе мікрафон.

— Так, так, таварыш Сёмушкіна,— усхвалявана сказаў ён у мікрафон.— Павяду абодва паязды.

Каця ўсё яшчэ маўчала.

— Прашу даць мне зялёную вуліцу,— прадаўжаў Сяргей.— Правяду маршрут па ўсяму ўчастку без прыпынкаў.

— А вось гэтага рабіць не трэба,— сказала Каця.— З такім саставам да канцавога пункта вам не хопіць вады. У Чырвонай Альхоўцы абавязкова зрабіце прыпынак і набярыце вады. Зразумела?

Каця гаварыла голасам, які не дапускаў пярэчанняў, выразна і строга.

— Зразумела,— пахмура адказаў Сяргей.

Рэпрадуктар крыху памаўчаў, потым Каця гэтак жа выразна прадаўжала:

— Зялёную вуліцу я вам адчыню. Ад Чырвонай Альхоўкі да Губаеўкі можаце ехаць на самай высокай хуткасці. Майце толькі на ўвазе, што на ўчастку за Губаеўкай пуцевікі патрабуюць абмежавання хуткасці. Калі да Губаеўкі не ўкладзецеся ў графік, то далей ужо не нагоніце, бо пасля Губаеўкі трэба ехаць паціху...

— Так, так,— сказаў Сяргей, запісваючы нешта сабе ў кніжачку. Ігару здалося, што Сяргей няўважліва слухае Кацю.

— І яшчэ памятайце,— Каця ўзвысіла голас.— Калі да Губаеўкі не сэканоміце часу і прыйдзеце са спазненнем,— вы зломіце ўвесь графік. Рух паяздоў на ўчастку я планую з такім разлікам, што вы мінеце Губаеўку ў пятнаццаць гадзін дваццаць дзве мінуты. Вы мяне добра зразумелі, таварыш Несцераў?

— Зразумеў, Каця,— забыўшыся, што ён гаворыць з дыспетчарам, выпаліў Сяргей і, весела падміргнуўшы Ігару, пабег з дзяжуркі.

— Разыковы ў вас напарнік,— ні то ўхваляючы, ні то асуджаючы сказаў дзяжурны па дэпо.

Ігар прамаўчаў. Ён злаваўся на сябе, што не пагаварыў з Сяргеем.

Дома, лежачы на сваім вузенькім ложку, Ігар ніяк не мог заснуць. Трэба было добра адпачыць пасля паездкі, каб к вечару быць свежым, бадзёрым, але сон чамусьці не ішоў. Ігар доўга варочаўся з боку на бок, потым устаў, завесіў вокны коўдрай, зноў лёг.

А сон усё не ішоў.

Ігар у думках сачыў за поездам Сяргея. Зараз, думаў ён, Сяргей ужо, напэўна, прайшоў Чырвоную Альхоўку і ідзе на Губаеўку. Шлях свабодны!.. Шуруй топку, качагар, падымай пару! Але... ці хопіць у яго вады?

Хутка апрануўшыся, Ігар пайшоў у кантору аддзялення чыгункі. З несціхаючым пачуццём трывогі адчыніў ён дзверы дыспетчарскай. Падлога тут заслана дыванамі, столь і сцены абабіты мяккай блакітнай матэрыяй. На столі з цэнтра яна разыходзіцца ва ўсе бакі складкамі-праменнямі.

Каця сядзела за пультам — вялікім нахіленым сталом. Яе галава з пышнымі светлымі валасамі нізка схілілася над разасланым на пульце вялікім аркушам паперы. Гэта — графік руху паяздоў. Ён увесь спярэшчаны павуцінай рознакаляровых ліній. Кожная лінія адпавядае шляху поезда на ўчастку.

Каця размаўляла па селектару. Раз-пораз павяртаючы выклікальны ключ, яна дакарала некага за спазненне, ад некага патрабавала больш рашучых дзеянняў, некага хваліла.

Ігар паглядзеў з-за пляча Каці на графік. Лініі, лініі, лініі... Вось з канца ў канец ліста цягнецца сіняя, амаль прамая. Гэта Хвядос Кухарэнка, стары спрактыкаваны машыніст, вядзе састаў цыстэрнаў. Вось зламалася і замерла чорная: нехта (ці не Віталь Нупрэйчык?) стаіць пад абгонам.

А вунь імкліва вырвалася ўперад двайная рыса, упрыгожаная чырвоным сцяжком.

У Ігара адлегла ад сэрца. Прамая, без звілін, шырокая лінія — гэта поезд Сяргея Несцерава. Ідзе ён дакладна па графіку, вызначанаму Кацяй.

«Але... што ж гэта такое? — раптам спахапіўся Ігар.— Чаму Сяргей не спыніўся ў Чырвонай Альхоўцы? На што ён разлічвае?..»

Ігар ведае — Сяргей зараз, напэўна, кожную хвіліну пазірае на вадамернае шкло: колькі вады яшчэ засталося ў катле?..

Справа ад Каці ляжаць каляровыя алоўкі, і яна, прымаючы данясенні ад дзяжурных па станцыях, раз-пораз робіць гэтымі алоўкамі адзнакі на графіку. На ім з’яўляюцца ўсё новыя і новыя лініі. Яны паўзуць то прама, то ўніз, то ўгору, пераплятаюцца і зноў разыходзяцца ў розныя бакі. Графік упрыгожваецца ўсё новымі лічбамі, кружочкамі, сцяжкамі, крыжыкамі...

Ігар добра разбіраўся ў гэтым спляценні ліній, крыжыкаў, сцяжкоў, лічбаў. Ён бачыў, што становішча на ўчастку зараз напружанае, самая маленькая замінка дзе-небудзь у адным месцы адразу ж выкліча прастоі ў іншых месцах, і тады спыніцца, замрэ ўвесь ход гэтага складанага механізма.

Поезд Сяргея неўзабаве павінен быў падысці да Губаеўкі. Сяргею нельга там спыняцца, каб набраць вады, бо тады поезд парушыць графік руху другіх паяздоў. У іншы час можна было б ліквідаваць спазненне на наступным перагоне, але зараз павышаць хуткасць за Губаеўкай нельга. Каця папярэджвала: там небяспечны ўчастак...

«На што ж разлічвае Сяргей? — зноў падумаў Ігар.— Вады ж у яго наўрад ці хопіць, каб даехаць да канцавога пункта. А скончыцца вада — усё прапала. Спыняйся тады на перагоне, тушы паравоз, выклікай рэзерв. Ганьба на ўсю чыгунку!..»

Каця азірнулася, моўчкі, аднымі вачыма прывіталася з Ігарам і зноў узялася за аловак. Куды цяпер працягнецца двайная лінія?..

— Поезд машыніста Несцерава праехаў напраход,— далажыў па селектару дзяжурны па станцыі Губаеўка. Але далажыў ён чамусьці нерашуча, быццам нешта не дагаварваючы.

Аловак слізгануў па паперы, падоўжыў прамую, як страла, шырокую лінію. Каця выпрасталася, павярнулася да Ігара. Яе радасная ўсмешка была цяцер падобна на ўсмешку Сяргея, калі той прымаў паравоз ад Ігара.

— Цягне! — усміхнулася дзяўчына. Яе бровы высока ўзняліся над карымі вачыма, нібы збіраючыся ўспырхнуць і паляцець.— Цягне, бачыш,— ужо цішэй паўтарыла Каця.

— Невядома, на чым ён далей цягнуць будзе. Вада...

— На самалюбстве выцягне,— перапыніла Ігара Каця.

Ён заставаўся ў дыспетчарскай, пакуль двайная лінія на графіку не дайшла да канцавога пункта.

Каця заканчвала работу ў дзевяць гадзін. У кіно яны пайшлі на дзесяцігадзінны сеанс. Увесь час сядзелі моўчкі. Ігар усё рыхтаваўся да размовы з Кацяй. З чаго пачаць?.. Як падступіцца да такой справы?..

— Можа, не пойдзем на танцы? Позна ўжо,— прапанавала Каця.

— Не пойдзем,— згадзіўся Ігар.

Ігар так і не паспеў пачаць задуманай гаворкі, як Каця, узяўшы яго пад руку, раптам сказала:

— А ведаеш, Ігар,— я ж выходжу замуж... Ты што, чаго спыніўся?

Ігару ўспомніўся святочны выгляд Сяргея, яго радасная, задаволеная ўсмешка. «Дык вось яно што!.. Жаніх!..»

Адмовіўшыся ад запрашэння на чай і суха развітаўшыся з Кацяй, Ігар павольна пайшоў дадому.

Са станцыі пачуўся працяглы гудок. Гэты гудок Ігар мог бы адрозніць ад тысячы іншых — гудок роднага паравоза. Раней Ігар абавязкова пайшоў бы на кантрольны пост, распытаў Сяргея пра паездку, агледзеў машыну, дапамог Сяргею здаць яе трэцяму машыністу іх брыгады... Але на гэты раз ён хутка пакрочыў прэч ад станцыі.

Паравоз прагудзеў яшчэ раз, нібы развітваючыся з ім...

Нейкая непрыемная расслабленасць авалодала Ігарам. Незразумелая крыўда на некага балюча мучыла яго. І толькі назаўтра, прыняўшы машыну і ўзяўшыся за рэверс, ён зноў адчуў ранейшую ўпэўненасць і бадзёрасць. Работа як быццам утаймавала боль. Ён парашыў састаў з трактарамі для калгасаў заходніх абласцей правесці, апярэдзіўшы графік.

У Губаеўцы, калі Ігар набіраў ваду ў тэндэр, да паравоза падышоў Толя, васьмігадовы хлапчук, сын начальніка станцыі. Ён ведаў усіх машыністаў і лічыў сваім абавязкам пагутарыць з кожным.

— Доўга вы набіраеце,— важна, як дарослы, сказаў Толя.— Вось дзядзя Сярожа ўчора — ох, і хутка набраў!

— Як жа гэта ён набраў, калі ён тут і не спыняўся? Выдумляеш ты нешта, Толік! — кінуў зверху, з свайго акенца, Ігар.

— Нічога не выдумляю,— пакрыўдзіўся Толя.— Ён спыняўся. Толькі папрасіў тату не адзначаць прыпынак, во! А вы кажаце — выдумляю...

Ігар увесь сумеўся. Ён успомніў графік — той, што ляжаў учора на пульце ў дыспетчарскай. Успомніў роўную двайную лінію на гэтым графіку, якая азначала, што поезд Сяргея ішоў без прыпынкаў. Успомніў нерашучы голас дзяжурнага па станцыі Губаеўка.

«Значыць, гэта праўда? Сяргей ашукаў! Утаіў!.. Але для чаго?!»

Ігар зноў паспрабаваў прасачыць у думках шлях Сяргеевага поезда. Сяргей не спыніўся ў Чырвонай Альхоўцы, бо меркаваў, што яму хопіць вады аж да самага канца. Але, пад’язджаючы да Губаеўкі, ён зразумеў, што пралічыўся: за Губаеўкай ён зможа праехаць усяго толькі некалькі кіламетраў, а там вадамернае шкло пакажа недахоп вады ў катле. А на ўсім участку далей няма пунктаў, дзе б можна было набраць вады. Заставаўся адзін выхад — зрабіць прыпынак у Губаеўцы.

Гэта было, вядома, правільна. Машыністу без вады, як кажуць, і ні туды і ні сюды... Але навошта ж было ўтойваць, што ён зрабіў прыпынак? Навошта прасіць начальніка станцыі, каб той паведаміў дыспетчару, што поезд праехаў станцыю напраход? Навошта?..

Гэтага Ігар не разумеў.

Незразумелым было і другое: як Сяргей, страціўшы час у Губаеўцы для набору вады, усё ж не спазніўся і прыехаў у канцавы пункт па раскладу?.. За Губаеўкай перавышаць хуткасць было нельга, там нешта не ў парадку з пуцямі...

Ігар раптам адчуў, як у яго пахаладзела спіна.

«Вось яно што!.. Сяргей плюнуў на папярэджанне аб абмежаванні хуткасці і прамчаўся па небяспечнаму ўчастку з вецярком,— здагадаўся ён.— Неяк абышлося, але гэта ж выпадковасць. А калі б крушэнне?! І ўсё дзеля таго, каб заваяваць першынство!..»

Вярнуўшыся ў Бярэзічы, Ігар у час здачы паравоза сказаў Сяргею:

— Што, аварыйшчыкам рашыў стаць?

— Гэта чаму ж?

— Пасля Губаеўкі як ехаў?

Сяргей успыхнуў, адвярнуўся. Потым зноў паглядзеў на Ігара, але ўжо холадна, непрыязна.

— Шпіёніш?..

— Не... Але пакрываць твае выхадкі не збіраюся, хоць ты і сябар мне.

— Яшчэ што скажаш?

— А яшчэ скажу, што стаў ты, Сяргей, на слізкую дарожку. Ліхацтва да дабра не давядзе!

Сяргей узяўся за поручні, падняў нагу на прыступку лесвіцы.

— Проста ты зайздросціш мне,— прыжмурыўшы вочы, сказаў ён.

— Сяргей! — ускрыкнуў Ігар. '

Але той ужо знік у паравознай будцы.

Аглушальна зароў гудок, са свістам вырвалася пара з-пад колаў, абдаўшы Ігара вадзяным пылам, і паравоз імкліва пабег па рэйках.

Ігар доўга глядзеў яму ўслед, аж пакуль ён не знік за павароткай...

Увесь дзень потым бачыў перад сабой Ігар гэтыя прыжмураныя вочы Сяргея. Думаў ён аб іх і ідучы на сход. Вельмі прыкра было, што не пагаварыў па-сяброўску з Сяргеем. Відаць, нейкія іншыя словы патрэбны былі тут. А якія?.. У Каці можа яны і знайшліся б, а ў яго іх няма...

... Вялікая, ярка ўпрыгожаная зала нядаўна пабудаванага клуба была поўна людзей. Шукаючы вачыма свабоднае месца, Ігар сустрэўся позіркам з Кацяй. Яна паклікала яго, паказваючы рукой на крэсла побач. Па абодва бакі ад Каці былі незанятыя месцы. У іх заўсёды было так — хто прыходзіў раней, займаў месцы для траіх.

«Яна яшчэ не ведае аб нашай спрэчцы,— падумаў Ігар, ідучы да Каці.— Калі б ведала, напэўна, не заняла б для мяне...»

— Сярожа па марожанае пайшоў. Ты яго не сустрэў?

— Не.

Дзяўчына зазірнула Ігару ў вочы.

— Якая кошка паміж вамі прабегла?

— Чорная, мусіць...

— Пытаюся сёння ў Сяргея: ты сказаў Ігару, што мы заўтра ў загс ідзём? І не збіраўся, кажа, абыдземся і без Ігара... Так нічога і не дабілася ад яго.

Ігар успомніў твар Каці, калі яна там, у дыспетчарскай, нанёсшы на графік шырокую двайную лінію, павярнулася да Ігара, шчаслівая і радасная.

— Ашукаў! — падумаў ён і не заўважыў, што сказаў гэта ўголас.

—Хто ашукаў? Каго? — здзіўлена спыталася Каця,

І тады, спяшаючыся і блытаючыся, ён пачаў расказваць Каці пра ўсё.

Каця слухала яго моўчкі.

У Ігара мільганула думка: «Навошта я ёй гавару гэта, ёй, Сяргеевай нявесце? Усё роўна не паверыць...» І ўсё ж ён прадаўжаў расказваць, нічога не ўтойваючы.

— Та-а-ак...— працягнула Каця, калі ён скончыў, і, нахмурыўшыся, апусціла галаву.

Падышоў Сяргей, трымаючы аберуч цэлы букет эскімо. Ён хутка прывітаўся з Ігарам, потым нахіліўся да Каці і нешта запытаўся ў яе. Але дзяўчына нічога не адказала.

Навокал запляскалі ў далоні.

Пачаўся сход.

Даклад рабіў начальнік дэпо. Ён гаварыў пра эканомію паравознікамі паліва, пра сярэднесутачныя прабегі лакаматываў, пра абарот іх. Гаворачы пра лепшых машыністаў, начальнік дэпо неаднаразова называў Чыбісава і Несцерава. Яны амаль ні ў чым не ўступалі адзін аднаму. Толькі цяжкавагавых паяздоў Сяргей правёў больш за Ігара. Дакладчык асабліва пахвальна адазваўся аб учарашнім рэйсе Сяргея.

Начальнік дэпо наогул добра ўмеў гаварыць прамовы, а сёння яму даводзілася паведамляць толькі аб дасягненнях, і таму ён быў асабліва красамоўны. Яму шумна апладзіравалі.

Яшчэ не сціхлі апладысменты, калі Каця паднялася са свайго месца і папрасіла слова. Яна не ўзышла на трыбуну, а стала каля яе, побач. Голас Каці гучаў глуха.

— У дакладзе многа гаварылася пра машыніста Несцерава... Ён добры работнік, усе гэта ведаюць. У мінулым месяцы ён на першым месцы быў. Па заслугах ён тады заняў гэтае месца. А вось зараз...— Яна перадыхнула і прадаўжала:— А вось зараз ён палічыў за лепшае ўтрымаць першае месца іншым шляхам.— І яна бязлітасна і цвёрда выказала ўсё, аб чым расказаў ёй Ігар.

Ігар ніколі яшчэ не бачыў такога бурнага сходу. Пасля Каці выступіла многа машыністаў. Сяргея ніхто не абараняў. Больш таго, некаторыя нават патрабавалі зняць яго з паравоза і перавесці на іншую работу.

Калі спрэчкі закончыліся, падняўся са свайго месца ў прэзідыуме начальнік дэпо. Усе прыціхлі, чакаючы, што ён скажа, які вынесе прысуд.

Раптам напружаную цішыню парушыў голас Ігара:

— Дазвольце задаць пытанне машыністу Несцераву.

— Калі ласка,— сказаў начальнік дэпо.

Ігар павярнуўся да Сяргея.

— Скажы нам, таварыш Несцераў, ці зразумеў ты сваю памылку?.. Ну, гавары, Сяргей!..

У зале зрабілася яшчэ цішэй. Чуваць было нават, як у суседнім пакойчыку, дзе займаўся гурток самадзейнасці, нехта ўпаўголаса напяваў «Адзінокую гармонь».

— Зразумеў! — не падымаючы вачэй, рашуча прагаварыў Сяргей.— Усё зразумеў, таварышы!

— Тады прашу пакінуць яго на паравозе,— звяртаючыся да начальніка дэпо, сказаў Ігар.— Пад маю адказнасць.

Каця ўдзячна паглядзела на Ігара.

...З клуба ўсе трое выйшлі моўчкі, занятыя кожны сваімі думкамі.

Са станцыі пачуўся знаёмы гудок.

— Сходзім, Ігар, паглядзім, як там наша машына, — прапанаваў Сяргей.

— Пайшлі! — згадзіўся Ігар.

У завулак уварваўся свежы вецер. Каця клапатліва паправіла шалік на шыі Сяргея.

— Толькі не затрымлівайцеся,— накіроўваючыся да свайго дома, сказала яна,— бо калі прастыне чай — падаграваць не буду, халодны будзеце піць...

1950


1950