epub
 
падключыць
слоўнікі

Яўген Васілёнак

Туманнай раніцай

Нават самага малога, самага нязначнага павеву не адчувалася ў густым шэрым тумане, што вісеў над вуліцай, хаваючы ад вока абрысы хат, агарожаў, тэлефонных слупоў. І невядома было, ці збярэцца калі туман пакінуць гасцінна прытуліўшую яго зямлю, бо час ішоў, ужо і сонцу была пара заліць сваім пяшчотным святлом наваколле, а густая шэрань не радзела, не мянялася ў сваёй надакучлівай аднастайнасці.

Міхась павольна ішоў па шпалах уздоўж рэек. Наўкол зычна пераклікаліся гудкамі паравозы, спявалі стрэлачныя ражкі, а з сартавальнай горкі раз-пораз далятаў узмоцнены дынамікам голас дзяжурнага: «Два вагоны на чацвёрты пуць!.. На шосты — цыстэрну!.. Астатнія платформы — на дванаццаты!» Усё тут, на таварнай станцыі, знаёма Міхасю, да ўсяго ён прызвычаіўся за два гады, якія працуе памочнікам машыніста ў дэпо. І таму, не зважаючы нават на туман, можа ісці спакойна, механічна перастаўляючы ногі,— яны самі прывядуць куды трэба.

Наперадзе паказаліся дзве постаці. Міхась угледзеўся — гэта былі жанчыны. Адна з іх сказала:

— А і шанцуе ж табе, усё адно як таму свёкру...

Другая засмяялася, і смех гэты раптам прымусіў Міхася прыпыніцца на нейкі момант. Ды тут жа хлопец супакоіў сябе: не, гэта не Люда. Проста голас здаўся знаёмы. Люда тут зараз быць не можа, яна на рабоце і зменіцца толькі ў дзевяць, ажно яшчэ праз дзве гадзіны... Але, але, яна зараз там, у нараднай. І хутка Міхась убачыць яе. Да нараднай ужо зусім недалёка... Цікава, ці будзе там Іван Крукаў?..

Міхась збочыў, уступаючы дарогу жанчынам. Тыя прайшлі міма яго моўчкі, а як былі ўжо даволі далёка, чагосьці хіхікнулі. І зноў Міхасю здалося... Ды не, Люда ж ніколі не хіхікае, яна нават і не ўсміхаецца... прынамсі, калі ён побач. А чаго б каштавала ёй усміхнуцца для яго хоць бы разочак!..

Сур’ёзная ты дзяўчына, Люда Падбярэская!.. І чаму ты гэткая?

— У нарадную, браце, шыбуеш? — прамовіў раптам нехта за спіной Міхася.— Тады нам разам. Добрай раніцы!

«Ілья Мальчэўскі!» — пазнаў голас Міхась.

На вузле добра ведалі машыніста Ілью Мальчэўскага. Ведаў яго і Міхась. Гэта быў стары спрактыкаваны паравознік, адзін з тых, пра каго кажуць: «Ну, гэты сабаку з’еў у сваёй справе!» Вось ужо гадоў дваццаць ён водзіць кур’ерскія паязды, і на ўсіх станцыях і раз’ездах участка чыгуначнікі ведаюць: калі падыходзіць да перона састаў Ільі Мальчэўскага — можаш смела правяраць па ім свой гадзіннік, памылкі не будзе. У Мальчэўскага даволі важкая постаць і разам з тым хуткая і лёгкая хада. Чорныя распушаныя вусы надаюць яго шырокаму твару сярдзіты, нават злосны выгляд. Але ўсе ў дэпо ведаюць, што выгляд гэты падманлівы.

— Добры дзень, Ілья Ільіч,— стрымана адказаў Міхась. У гэтую хвіліну ён не быў рады сустрэчы з праслаўленым машыністам, бо як толькі той паявіўся — ушчэнт разляцелася надзея прыйсці ў нарадную ціха, непрыкметна, без шуму і грукату...

На пуцях рушыў вялікі таварны лакаматыў, цяжка пыхкаючы адпрацаванай парай. Параўняўшыся з Ільёй Ільічом і Міхасём, ён выпусціў з цыліндраў цэлую хмару пары, абдаўшы іх мноствам драбнюткіх пырскаў.

— Цімох, д’ябал, вушы паадрываю за такія жарты! — незласліва памахаў кулаком Мальчэўскі.

— Прывітанне Ілью-грамавержцу-у...— данеслася ў адказ з паравоза.

Яны падыходзілі да невялікага драўлянага будынка, што стаяў недалёка ад дэпо. Відаць, туман пачаў разыходзіцца, бо абрысы навакольных прадметаў цяпер былі ўжо больш акрэсленыя.

— Прыйшлі нарэшце,— канстатаваў Міхась і расчыніў перад Мальчэўскім пругкія, на спружыне, дзверы нараднай.

Усюды нарадныя падобны адна на адну, як дзве кроплі вады. Нарадную якога-небудзь Новасібірскага ці Хабараўскага дэпо нічым не адрозніш ад нараднай аршанскай альбо, скажам, кіеўскай. І там, і тут, і яшчэ хоць дзе ў любую пару сутак заўжды бывае людна, шумліва, накурана і не сказаць каб надта чыста; страчаюцца тут людзі самыя розныя як па ўзросту, так і па характары; чуцён бывае то непасрэдны, ад душы, смех, то моцная гаворка ці нават заўзятая лаянка якога-небудзь непакорлівага машыніста з нарадчыкам або з вызывальшчыкам. Усе навіны, усе чуткі сыходзяцца сюды, каб потым асэнсаванымі і вытлумачанымі разысціся па ўсім пасёлку, па ўсім горадзе. І называюць чыгуначнікі свае нарадныя не нараднымі, а «брахалаўкамі».

— Эге, весела сёння ў «брахалаўцы»! — азваўся ад парога Мальчэўскі.— Хто тут сёння ў завадатары цаляе?

Так, заранская «брахалаўка» нічым не адрознівалася ад усіх іншых. На гэтым пагадзіўся б, напэўна, кожны.

Кожны, ды толькі не Міхась.

Як толькі расчыніў ён перад Ільёй Ільічом дзверы і скасавурыў вочы направа, дык адразу і ўбачыў тое, чаго не было і не магло быць ні ў адной нараднай, ні на адной чыгунцы... За акенцам, што было прасечана ў службовы пакой, сядзела Люда Падбярэская. Яна сядзела, як і заўсёды, строгая і халодная.

Нарадчыца Заранскага дэпо Люда Пабярэская была дзяўчына незвычайная. Гэтак, прынамсі, думаў Міхась. Ніхто ніколі не бачыў яе з хлопцамі, ніхто не мог пахваліцца тым, што праводзіў яе дадому. Строгая да сябе і да іншых, яна, здаецца, нікога ў свеце не заўважала. Прынамсі, Міхась быў у гэтым перакананы.

А яшчэ, разгледзеўшыся, Міхась убачыў у нараднай Івана Крукава, памочніка машыніста з брыгады Мальчэўскага... Міхась уздыхнуў і нерашуча пераступіў цераз парог. Да Людзінага акенца было крокаў дзесяць. Але як жа цяжка адолець гэтую дыстанцыю!..

На фоне будзённасці нараднай, на фоне людзей у простай рабочай вопратцы Люда Падбярэская рэзка вылучалася сваім надзвычайным, якімсьці святочным выглядам. Кідалася ў вочы перш за ўсё яе адзенне. Хоць і вельмі простае, яно было поўным кантрастам з ўсёй тутэйшай абстаноўкай. Кожны мог заўважыць, што Люда любіла і ўмела адзявацца. Сёння на ёй была белая блузка са звычайнага штапелю,— але як прыгожа яна была пашыта! Да белай блузкі ўдала пасавала чорная плісіраваная спадніца. Ды і ўсё астатняе выклікала захапленне — постаць, рысы твару, вочы...

— А скажыце...— падышоўшы да акенца, пачаў Міхась і раптам папярхнуўся словамі. Збянтэжаны, ён шумна ўдыхнуў у сябе паветра. Што ты скажаш! Такое, здаецца, звычайнае пытанне, а вось паспрабуй вымаві яго.

Трэба было спытаць наконт паездкі. Калі, маўляў, заступаць на паравоз. Пытанняў гэтых нарадчыца чуе за дзяжурства дзесяткі, яны — самыя будзённыя, як і адказы на іх. Іншая справа ў Міхася. Ён і сам ведае, калі трэба заступаць на работу. Паравоз іх знаходзіцца ў прамывачным рамонце і выйдзе толькі заўтра. Звычайнае пытанне робіцца празмерна незвычайным.

— Вы наконт паездкі? — Люда падняла на Міхася свае вялікія сінія вочы. Яе мілы загарэлы тварык з прамым носікам быў на дзіва спакойны.

— Але, але, наконт паездкі,— заспяшаўся Міхась, адкідваючы рукой з ілба непакорлівую чупрыну. Пад пальцамі лоб быў чамусьці вільготны...

Ззаду грымнуў смех. Чаго гэта? Ці не Іван Крукаў расказвае што-небудзь смешнае? О, на гэта ён здатны!..

— Зараз высветлю,— роўна сказала Люда.— Пачакайце.

Ён адышоў да драўлянай канапы з высокай спінкай, што стаяла якраз насупраць акенца. Такія канапы стаялі ўздоўж усіх сцен, на іх сядзела цяпер чалавек восем ці дзесяць паравознікаў. Адны штосьці гаварылі, другія слухалі, а трэція займаліся яшчэ якой-небудзь справай — чыталі, разглядалі плакаты на сценах. Міхась сеў на вольнае месца. Здарылася так, што ён апынуўся якраз наўскасяк ад Івана Крукава. Міжвольна Міхась параўнаў сябе з ім. І вымушаны быў прызнацца, што параўнанне выходзіць не ў яго карысць. Іван быў высокі, шыракаплечы, з тварам мужнага і ўпэўненага ў сабе чалавека. Нахіліўшы крыху галаву, ён увесь час курыў і, выпускаючы дым з роту, неяк своеасабліва складваў губы. Гэта выходзіла ў яго вельмі прыгожа. Акрамя ўсяго іншага, відаць было, што прырода надзяліла Івана не абы-якой сілай. Што ж да Міхася, дык ён і ростам адстаў ад Крукава, і мужнасці тае не было ў яго на твары, і курыць ён не толькі не ўмеў прыгожа, але і наогул не ўмеў.

Так, параўнанне зусім не на Міхасёву карысць. Гэта праўда.

Заняты сваімі думкамі, Міхась у першы момант не чуў размоў, што вяліся ў нараднай. Але паступова да яго свядомасці пачаў даходзіць сэнс то адной такой размовы, то другой.

На дальняй канапе, каля ўвахода, прымасціўся стары Адам Умрэйка, былы машыніст. Ён даўно на пенсіі, але часта наведваецца ў нарадную і праседжвае тут часам па паўсутак. Адам Умрэйка меў звычку, як адзін з чэхаўскіх герояў, усё і ўсіх крытыкаваць, таму і цяпер скардзіўся суседу, юнаку-качагару:

— Хіба цяперака ўмеюць рабіць гамашы? Цяперака не ўмеюць рабіць гамашаў, вось што я вам скажу!

Цалкам прафесійная гутарка ішла паміж Мальчэўскім і машыністам Акулічам, мужчынам сярэдніх год з вузенькімі рудаватымі вусікамі. Акуліч натхнёна гаварыў:

— Падлічана, што павышэнне сярэднесутачнага прабегу лакаматываў па ўсёй сетцы чыгунак толькі на адзін кіламетр дае сем мільёнаў рублёў эканоміі ў год!

Міхась зірнуў у акно. Здаецца, туман стаў радзейшы. Што ж, гэта добра. Не ўвесь жа час вісець над светам гэтай азызлай шэрані.

Моцны выбух смеху ля супрацьлеглай сцяны зноў прыцягнуў увагу Міхася. Канечне, гэта Іван Крукаў весяліць там народ.

— Не верыце? Кажу вам, кінуў. Каб я так жыў быў.

— І даўно? — перапытаў у Крукава нехта.

— Даўно, братка ты мой. А сталася яно так. Хапіў я адноечы кілішкаў... ну, адным словам, колькі там было паднесена, ды і пайшоў сабе, вядомая рэч, дадому. А якраз на тую пару галалёдзіца была. Я і без таго не сказаць каб дужа ўжо моцна трымаўся на нагах, а тут такая каўзота, што калі б і цвярозы быў, дык і то, можа, не адзін раз трахнуўся б вобзем. Ну, ступлю гэта я крок, і — плясь! Толькі паднімуся — зноў плясь! Усе бакі паадбіваў сабе, жывога месца на асталося. Хоць гвалт крычы. Ледзьве, браткі мае, даклыпаў дадому... Назаўтра ўстаў, думаю: пайду апахмялюся. А бакі баляць, а ўсё цела ные... Выходжу на двор — бацюхны мае: тая ж каўзота! А бадай ты згарэла!.. Не, думаю, няма дурных. З таго часу як толькі падумаю пра гарэлку, дык бакі і пачынаюць балець. Проста ўсё цела ные, ажно страх бярэ.

Расказваў Крукаў так, што каб хто і хацеў, дык не здолеў бы стрымацца ад смеху.

Невядома, колькі б яшчэ апавядаў пра свае ці, можа, пра чужыя прыгоды Іван Крукаў, каб не Люда Падбярэская. Нечакана яна сказала:

— Ілья Ільіч, вось вам маршрутны ліст. Таварыш Крукаў, перадайце, калі ласка!

Мальчэўскі сам памкнуўся быў пайсці да акенца, падняўся са свайго месца і Іван Крукаў, але іх апярэдзіў Міхась. Смялей, хлопча! Вось ён, твой час!.. Міхась спрытна ўзяў з рук Люды маршрутны ліст, склаў яго ў чатыры столкі і, нават не зірнуўшы на Івана, працягнуў ліст Мальчэўскаму.

— Гранд мерсі,— сказаў Міхась Людзе, ашаломліваючы прысутных набытымі толькі ўчора ў адным перакладным рамане ведамі.— Арэвуар!1

— Да пабачэння,— адказала Люда.

І Міхась убачыў: Люда адказала не яму. Некаму іншаму, таму, хто стаяў ззаду яго, былі адрасаваны яе словы. Адказала і — усміхнулася... Міхась хутка павярнуўся. Ззаду стаяў Іван Крукаў. Ён таксама ўсміхаўся, адказваючы на ўсмешку Люды.

Міхась адвярнуўся да акна... Не, туман і не збіраўся радзець. Ён зрабіўся, здаецца, яшчэ гусцейшым...

— Шкада,— сказаў машыніст Акуліч, пазіраючы на гадзіннік.— А то і я расказаў бы вам, Ілья Ільіч, ціка-авую адну гісторыю.

— Ці не пра тое, як праехаць зайцам ад Уладзівастока да Адэсы?

— Не, пра тое, як адзін малады чалавек закахаўся ў адну маладую дзяўчыну і што з гэтага выйшла. Здарылася гэта, між іншым, у адной «брахалаўцы».

Міхась выразна чуў, як рыпела спружына, праводзячы з нараднай Мальчэўскага, Крукава і іхняга качагара. А бачыць ён не бачыў нічога, нават і таго, што позіркі ўсіх прысутных накіраваны былі ў гэтую хвіліну чамусьці менавіта на яго. Ён уцягнуў галаву ў плечы і шпарка накіраваўся да выхада.

Голас Люды ён усё ж пачуў. Люда кінула наўздагон яму:

— Ваш паравоз яшчэ ў рамонце. Выйдзе заўтра ў дванаццаць нуль-нуль. Прыходзьце, калі ласка!

Ён ішоў, не разбіраючы дарогі, машынальна перастаўляючы ногі па шпалах. Брала крыўда на Люду, на Крукава, на сябе і наогул на ўвесь свет... І чаго ён не бачыў у гэтай «брахалаўцы»?!

Гулі паравозы, вішчалі тармазы, ляпалі прылады аўтасчэпкі. Усе гэтыя гукі раздражнялі і нервавалі, хацелася як мага хутчэй пазбыцца іх. Міхась ледзь не пабег.

Спыніў яго чыйсьці ўсхваляваны голас, што прагучаў зусім побач:

— Вось дык нумар! Як жа гэта здарылася?.. Ай-яй-яй...

Нехта другі тлумачыў першаму:

— Іван, відаць, не дагледзеў...

— Крукаў?

— Ды ўжо ж.

Міхась насцярожыўся. Пра што гавораць гэтыя людзі? Чаму яны называюць прозвішча Івана?

Непадалёку відна была цёмная махіна паравоза. Каля яе мітусілася некалькі постацей. Міхась падаўся туды і неўзабаве пачуў, як Ілья Ільіч гнеўна сказаў:

— Усё! Дастукаліся! Ганьба на маю сівую галаву!

Каля паравоза пачалі збірацца людзі. А той, быццам незадаволены гэтым, злосна соп парай. Гэта быў стары, заслужаны лакаматыў, ветэран апошняй вайны. На яго баках, на абшыўцы катла і цяпер яшчэ можна было заўважыць сляды ўмяцін ад былых варожых абстрэлаў. Нямала паездзіў ён некалі па франтавых дарогах, нямала людзей і грузаў давялося перавезці яму ў самых складаных умовах. Увесь час тады працаваў на ім Ілья Ільіч. І цяпер ён нізашто не хоча разлучацца з ім. Можа, не кожная маці глядзела так сваё дзіця, як Мальчэўскі свой паравоз. Той заўсёды быў чысты, добра змазаны, кожная дэталь у ім старанна праверана. Здавалася, на гэтай машыне выключана ўсялякая магчымасць паломкі ці выхаду са строю нязначнай драбніцы. І вось — здарылася бяда і на ім. Міхась адразу зразумеў гэта. Падышоўшы, ён даведаўся пра вельмі непрыемную для паравозніка рэч. У топцы паравоза вываліўся адзін з каласнікоў. З такім пашкоджаннем машына не магла ісці ў рэйс.

— Дастукаліся! Дажылі да ганьбы! — паўтараў Мальчэўскі, ходзячы вакол паравоза.— Усё! Канец!

Вестка пра гэтае здарэнне імгненна абляцела ўсё дэпо. Прыбег дзяжурны, машыніст-інструктар, яшчэ сёй-той, у тым ліку Адам Умрэйка. Стары прысеў каля топкі, зазірнуў у попельную скрынку, паківаў галавой.

— Хіба цяперака робяць добрыя каласнікі? Цяперака не ўмеюць рабіць добрых каласнікоў, вось што я вам скажу!

Да адыходу паравоза к саставу заставаліся лічаныя мінуты. Міхась адшукаў вачыма Івана Крукава. Памочнік Мальчэўскага, чырвоны як рак, стаяў каля старога Умрэйкі і таксама глядзеў на топку. Пра што думаў ён у гэтую хвіліну? Ці не пра тое, што вось выдала яму каханая дзяўчына, недасягальная ні для кога Люда Падбярэская, маршрут, выправадзіла ў дарогу пяшчотнай, толькі яму аднаму прызначанай усмешкай, а ён стаіць у самым пачатку шляху і нікуды не можа паехаць і нічога не можа зрабіць у адказ на яе шчырасць?..

«Што, даражэнькі, даездзіўся?» — сказаў у думках Міхась, і нешта падобнае на злараднасць заварушылася ў яго душы.— Вось і трахнуўся ты вобзем, тут ужо сапраўды трахнуўся!..»

Усё астатняе здарылася настолькі хутка, што Міхась ледзь упраўляўся асэнсоўваць тое, што адбывалася на яго вачах! Іван Крукаў падбег да Мальчэўскага і нешта сказаў яму. Твар машыніста ў першы момант асвятліўся радасцю, але тут жа зрабіўся пахмуры. «Не! Гэта рызыкоўна!» — рэзка сказаў ён. Не даслухаўшы Мальчэўскага, Крукаў кінуўся да лесвіцы і адным махам апынуўся ў паравознай будцы. Мальчэўскі — за ім. Відаць, памочнік машыніста наважыў не адступацца ад нейкага свайго намеру. І ў наступны момант усе ўбачылі, як з топкі пачало ляцець на зямлю гарачае вуголле. Крукаў і Мальчэўскі спяшаліся, ім дапамагаў качагар. Усё вуголле, да апошняга каліва, выкінулі яны з топкі, а як выкінулі, тады ўсе зразумелі, што намерваўся зрабіць Крукаў. Зразумеў гэта і Міхась. Ён і раней чуў, што некаторыя паравознікі адважваюцца на такія справы, пра адзін такі выпадак чытаў нават у газеце, дзе было падрабязна напісана, як славуты машыніст Андрэй Беражкоў ратаваў у такіх жа абставінах топку, але быць сведкам, як гэта робіцца, яму не даводзілася. Міхась адчуў, што ў яго па спіне пабеглі мурашкі..»

Між тым Крукаў, усё гэтак жа завіхаючыся, спрытна накруціў на боты пакулля, надзеў на рукі брызентавыя рукавіцы і, насунуўшы шапку на самыя вочы, крыкнуў Мальчэўскаму:

— Аблівайце!

Голас у яго быў такі, якім палкаводцы аддаюць загады на полі бою. І Мальчэўскі паслухмяна падпарадкаваўся гэтаму голасу. Ён схапіў шланг, адкруціў кран і накіраваў струмень вады на Крукава. У момант уся вопратка Івана была мокрая, але ён не пакідаў стаяць пад вадой, падстаўляючы пад шланг то левы бок, то правы, то спіну, то грудзі. Вось ужо ён пачаў калаціцца ад холаду, і тады пачулася новая яго каманда:

— Хопіць!

Мала, зусім мала часу спатрэбілася Крукаву на тое, каб праз адчыненыя дзверцы ўсунуцца ў топку, паставіць на сваё месца каласнік і зноў выскачыць назад. Часу на гэта спатрэбілася вельмі мала, але яго хапіла на тое, каб вопратка Івана зрабілася абсалютна сухая. Там, у топцы, нельга дыхаць, і, апынуўшыся на волі, Крукаў з шумам выдыхнуў з сябе паветра. Мальчэўскі ўжо быў побач. Ён абхапіў Івана рукамі і прыціснуў да сябе. Так яны стаялі моўчкі, моцна абняўшыся, адчуваючы, як б’юцца іх сэрцы. Потым Іван Крукаў сказаў:

— Ілья Ільіч, трэба вугаль назад, у топку.

— Але, але.

А на паравоз лезлі ўжо людзі. І кожны, нібы ўпершыню ўбачыўшы Івана, шырока расплюшчваў вочы, а потым ужо ціснуў яму руку або ляпаў па плячы ці проста гаварыў:

— Іван... братка... Гэта ж думаць!..

Каля паравоза, на зямлі, засталіся толькі Умрэйка і Міхась.

— Хіба раней былі такія людзі? — узбуджаным голасам гаварыў стары.— Не было раней такіх людзей, вось што я вам скажу!

А Міхась паспрабаваў уявіць сябе па месцы Крукава, там, у распаленай топцы паравоза; паспрабаваў — і яму стала млосна ад адной такой думкі...

Нейкае дзіўнае пачуццё, якога ніколі яшчэ не даводзілася яму зазнаць, ахапіла ўсю яго істоту. Міхась раптам адчуў сябе такім нікчэмным, такім маленькім і нязначным, што хоць плач.

Ён паглядзеў навокал сябе і са здзіўленнем заўважыў, што туману і следу не было. З правага боку ўзносілася ў неба вялізная пражэктарная мачта. Крыху далей стаяла воданапорная вежа — і яна цягнулася ўгору, у блакіт. Корпус паравознага дэпо, будынак электрастанцыі, дыспетчарская вышка — усё было высокае, масіўнае, значнае. І людзі, што займаліся кожны сваёй справай, здаваліся волатамі.

Так, усё было ў гэтым свеце моцнае, трывалае, надзейнае!

Чыстае і празрыстае паветра стварала неабсяжны далягляд. Відаць было далёка-далёка. І таму Міхась яшчэ вунь адкуль убачыў дзявочую постаць у белай блузцы, што таропка ішла — не, бегла! — сюды, да месца здарэння. Штораз яна была ўсё бліжэй і бліжэй. А калі падбегла ўжо зусім блізка, не стрымалася і гукнула:

— Ілья Ільіч! Ваня! Ну, што там?.. Ваня, дзе ж ты?!

Можа, Мальчэўскі не пачуў голасу Люды, а можа, у акне паравознай кабіны не хапіла месца для двух, толькі там, высунуўшыся ледзь не да пояса, паказаўся адзін Іван Крукаў.

— Людачка...— сказаў ён. Відаць, хацеў быў і яшчэ сказаць нешта, але тут на ўсю сваю моц зароў гудок, паглынаючы ўсе іншыя гукі. Люда прыкрыла вушы далонямі. А Іван засмяяўся і памахаў ёй рукою. Тады і Люда працягнула свае рукі наперад, нібы жадаючы затрымаць, спыніць паравоз. Але той усё прыскорваў свой бег.

Люда доўга глядзела яму ўслед. І людзі глядзелі таксама. Таму і не бачыў ніхто, як самотна шыбаваў па шпалах некуды Міхась.

З блакіту ліў і ліў дождж залатых праменняў сонца.

1954

1 Вельмі ўдзячны. Да пабачэння! (Франц.)


1954