epub
 
падключыць
слоўнікі

Яўген Васілёнак

У незнаёмым горадзе

Гэта быў чужы, незнаёмы горад, куды Рамана Ластоўскага закінуў вандроўны лёс раз’язнога карэспандэнта. Знаёмых — ні душы. Ластоўскі прыехаў сюды ўчора позна ўвечары, а сёння была нядзеля, і ён проста не ведаў, чым яму заняцца.

Зранку было непагодліва, імжыў дождж. Седзячы ў нумары гасцініцы, Ластоўскі тужліва глядзеў у акно на пустынную вуліцу і думаў аб тым, што ён самы няшчасны чалавек у свеце. Напярэдадні Раман пасварыўся з жонкай. Здаецца, гэта была першая сварка за тры гады іх сумеснага жыцця. І хоць усё здарылася праз глупства, аб якім цяпер і ўспамінаць проста сорамна, сварка нечакана набыла памеры амаль што скандалу, і Тамара ў запале гневу сказала, што нізавошта не памірыцца з ім.

Раману Ластоўскаму часта даводзілася ездзіць у камандзіроўкі,— такая ўжо непаседлівая была ў яго пасада. Выпадала яму адлучацца з дому на тыдзень, на два, а то і болей. Звычайна ўжо на другі ці на трэці дзень ён абавязкова званіў дамоў і ледзь не па цэлай гадзіне размаўляў з Тамарай. Вядома, гэтай гадзіны ім не хапала на тое, каб выказаць адзін аднаму ўсё, што трэба было, і праз некаторы час пасля размовы Раман атрымліваў ад Тамары тэлеграму і сам пасылаў паштоўку ў адказ. Цяпер ён таксама з’ехаў на даволі доўгі тэрмін, але на гэты раз не будзе ўжо ні званкоў, ні тэлеграм, ні паштовак.

Дождж не пераставаў. Калі б не ён, дык можна было б куды-небудзь пайсці, адшукаць які-ніякі занятак і пазбыцца журбы, а то лезуць і лезуць у галаву думкі аб нечаканасцях лёсу, аб зменлівасці жаночага сэрца, аб нетрываласці чалавечага шчасця і шмат яшчэ аб чым не менш крамольным.

Гадзіне а дванаццатай Ластоўскі ўспомніў, што ён яшчэ не снедаў. Пад гасцініцай, на першым паверсе, быў невялікі рэстаран, і Раман надумаў спусціцца туды. На яго здзіўленне, рэстаран быў поўны людзей, і Раман ледзь адшукаў вольны столік. Ён, праўда, быў увесь застаўлены посудам з рэшткамі ежы і пітва,— відаць, тут нядаўна гуляла вясёлая кампанія,— але цяпер за столікам сядзела толькі адна жанчына, якая, мяркуючы па ўсім, прыйшла нядаўна. Папрасіўшы дазволу, Ластоўскі сеў насупраць. Неўзабаве афіцыянтка паслала новы абрус і паклала перад жанчынай меню.

Жанчына доўга глядзела ў картку, выбіраючы сабе ежу, і тым часам Раман, які з прычыны сваёй прафесіі быў чалавекам цікаўным, паспеў як след разгледзець яе. Жанчыне можна было даць год 27 — 28, не больш. Твар у яе быў загарэлы, смуглявы, але праз загар прыкметна выступаў румянец. Светлыя валасы былі акуратна скручаны на патыліцы ў вузел. На гладкім высокім ілбе вылучаліся ў меру падфарбаваныя тонкія бровы; над правым брывом, бліжэй да скроні, прымасцілася невялічкая карычневая родзімка. Вочы жанчыны, як глядзела яна на меню, то святлелі, і тады былі блакітныя, а то раптам цямнелі і рабіліся амаль сінія. На незнаёмцы была яркая шарсцяная кофтачка, якая сваім фасонам нагадвала дзіцячую матроску і дужа пасавала жанчыне. Ластоўскі мог бы хоць на што пайсці ў заклад, што яго суседка — не тутэйшая, што яна таксама камандзіраваная.

Жанчына нарэшце выбрала сабе што трэба і паклала меню на столік.

— Дазвольце? — сказаў Раман і працягнуў руку.

— Калі ласка,— лагодна адказала жанчына і таксама працягнула руку, каб падаць яму меню. Здарылася так, што іх рукі адначасова дакрануліся да карычневай карткі з серабрыстымі літарамі на вокладцы, і на нейкае імгненне Ластоўскі адчуў яе пальцы побач са сваімі. Ён першы адхапіў сваю руку.

— Прабачце... — прамовіў, сумеўшыся, Ластоўскі.

Потым ён гэтак жа доўга глядзеў у картку, машынальна прабягаючы вачыма па радках з назвамі страў, і толькі праз некаторы час заўважыў, што большасць назваў закрэслена алоўкам.

— Ды тут ледзь не ўсё выкраслена,— са здзіўленнем прамовіў Ластоўскі.— І выбіраць няма чаго.

Ён зірнуў на жанчыну.

— Толькі дырэктар рэстарана ды шэф-повар і засталіся незакрэсленыя,— азвалася жанчына, паўтараючы даўно вядомы жарт. Але ў яе вуснах гэта прагучала неяк асабліва значна. Ластоўскаму чамусьці прыйшла думка аб тым, што і наогул, пра што б ні гаварыла яго суседка, усё ў яе абавязкова павінна выходзіць важка, значна, адмыслова. Яму раптам захацелася пагутарыць з ёю, распытаць яе аб жыцці, інтарэсах, схільнасцях. Ахвочы, зноў жа па прычыне сваёй прафесіі, да сустрэч з новымі людзьмі, да нечаканых знаёмстваў, ён не прамінаў ніводнага выпадку, каб не прыдбаць да сваіх ведаў аб людзях які-небудзь новы штрышок, хоць бы самы маленькі.

Злашчаснае меню з’явілася бяскрыўднай тэмай для пачатку гаворкі. Жанчына даволі ахвотна падтрымлівала размову. Жартуючы з поваду рэстаранных страў, іх назваў і смаку, яны разгаварыліся і пазнаёміліся. Жанчыну звалі Лілія Віктараўна, працавала яна ў Мінску ў «Саюздруку», а тут была па справах падпіскі. Высветлілася, што тэрмін камандзіроўкі Ліліі Віктараўны скончыцца праз тры дні, але ёй ужо ўдалося ўладзіць усе справы, і яна можа вяртацца хоць сёння. Нішто яе не затрымлівае. Трэба толькі на хвіліну забегчы ў мясцовую кантору «Саюздруку», там павінны былі ўчора вечарам перадрукаваць і пакінуць для яе некаторыя матэрыялы. Але яна не вырашыла яшчэ, якім поездам ехаць — ці ноччу, ці заўтра раніцой.

— Так, так, трэба ехаць,— гаварыла яна, усміхаючыся.— Да гэтага заклікае, як бачыце, нават меню.

Даведаўшыся, дзе працуе Ластоўскі, Лілія Віктараўна сказала:

— А-а, дык гэта вы з тых самых, каторыя скажаюць жыццёвую праўду і каторых гэтак лупцуюць усёзнаючыя крытыкі?!

— Гэта ж датычыць пісьменнікаў. А я ўсяго толькі журналіст.

— Не прыбядняйцеся, не прыбядняйцеся,— зноў усміхнулася Лілія Віктараўна.— Ведаю я вашага брата, прыходзілася мець справу. Нябось раманішча старонак на тысячу таксама накрэмзалі, а?

Немаведама чаму Ластоўскаму раптам захацелася быць зусім адкрытым з Ліліяй Віктараўнай, і ён, не тоячыся, шчыра прызнаўся, што і сапраўды спрабуе свае сілы ў літаратуры, напісаў невялікую аповесць, яна надрукавана ў «Полымі».

— Не чытала, не чытала,— з жалем прамовіла Лілія Віктараўна.— «Лебядзіная песня», кажаце? Абавязкова прачытаю. Адшукаю і прачытаю.— Яна на момант задумалася, бы нешта ўспамінаючы.— А хочаце ведаць адну думку пра вас, пісьменнікаў?

— Ды ніякі я не пісьменнік! — шчыра запярэчыў Раман.

— Усё роўна, хочаце ведаць? Я чула яе ў цырульні. Была я там... ну, па нашай жаночай справе, у манікюршы, адным словам. А тады праходзіў якраз з’езд пісьменнікаў, на радыё перадавалі справаздачу аб тым, хто пра што гаварыў, і ўсё такое іншае. Вось манікюрша слухала, слухала і кажа да мяне: «Цікава быць пісьменнікам. А вы не ведаеце, як пісьменнікі пішуць? Напэўна, ездзяць, ездзяць, усё запісваюць, запісваюць, а потым прыязджаюць дамоў і апісваюць... Я б не здолела быць пісьменнікам. У мяне часта баліць галава».

Яны ад душы пасмяяліся. Раман яскрава ўявіў сабе тую манікюршу, ён убачыў перад сабой нават яе твар і той выраз на ім, з якім яна гаварыла. Лілія Віктараўна даволі эфектна перадала яе голас — праставата-самаўпэўнены, з ноткамі спагады да навакольных людзей, і гэта выйшла вельмі смешна.

Тым часам прынеслі снеданне.Ластоўскаму афіцыянтка паставіла «для апетыту» невялікі графінчык з чырвоным віном, Ліліі Віктараўне — бутэльку піва.

— Люблю піва,— нібыта апраўдваючыся, сказала Лілія Віктараўна і наліла сабе ў фужэр.— Кажуць, ад яго паўнеюць. Вось і я хачу трошкі папаўнець. Мне гэта будзе да твару, праўда?

Раман не разумеў — шчыра яна гаворыць ці хаваецца за знарок гуллівыя словы, як за сцяну, каб зручней было наглядаць адтуль, і гэта бянтэжыла яго. Ён агледзеў столік. Спрактыкаваная афіцыянтка паставіла не адну, а дзве чаркі. Спакваля наліваючы тую, што была бліжэй, Раман падумаў, ці ёмка гэта будзе, калі ён запросіць сваю суседку ўзяць з ім за кампанію чарку.

— А можа... з выпадку нашага знаёмства... Вы не супраць? — Ластоўскі нахіліў графін над другой чаркай.

— Не, не, што вы! — спалохана сказала Лілія Віктараўна і адсунула чарку як мага далей, на самы край стала.— Хіба вы не чыталі,— дадала яна жартаўліва,— апошніх артыкулаў аб шкодзе алкаголю?.. І наогул вопытныя людзі сцвярджаюць, што змешваць піва з віном нельга, бо будзе акунь.

— Ёрш,— наіўна паправіў Раман, не зразумеўшы яе жарту.

Снедалі яны доўга, запіваючы ежу: яна — пеністым рыжскім півам, ён — кіслым нясмачным віном.

Гаворка, што перапынілася была на нейкі момант, зноў увайшла ў ранейшае спакойнае рэчышча.

Пагаварылі аб распаўсюджванні друку, аб дасягненнях тэлебачання, аб праблемах міжпланетных зносін; абмяняліся думкамі пра оперу «Дзяўчына з Палесся» і наконт магчымасцей кібернетыкі. Раман злавіў сябе на тым, што ўпотай любуецца рухамі прыгожых рук Ліліі Віктараўны, якія спрытна ўхаджаліся з сасіскамі на блюдзе. Потым, калі Лілія Віктараўна нечакана паглядзела на яго рукі, ён з жахам заўважыў, што стараецца ўзяць відэлец як мага далікатней; але той якраз у гэты момант выслізнуў з пальцаў і бразнуў на талерку.

— Дождж, здаецца, перастае,— сказала Лілія Віктараўна.— Можа яшчэ і распагодзіцца.

— Гэта было б дарэчы,— узрадаваўся Ластоўскі.— Вы не ведаеце, што тут у кіно ідзе?

— «Іх было пяцёра», французскі фільм. Вы не глядзелі?

Не, ён не глядзеў гэтага фільма. Лілія Віктараўна хоць і бачыла яго, але не супраць схадзіць яшчэ раз,— «гэта вельмі, вельмі цікавая рэч!». Яны якраз могуць паспець на чарговы сеанс.

Пакуль афіцыянтка рабіла падлікі, пакуль яны разлічваліся, Раману настойліва лезла ў галаву адна думка. Хутчэй за ўсё гэта была нават не думка, а нейкая дакучлівая ідэя, і знаходзілася яна недзе па-за свядомасцю, так што і злавіць яе было цяжка. Часамі яму здавалася, што ён ужо схапіў яе, што яна яскрава акрэслілася ў галаве, але ў наступны момант усё зноў станавілася няясным, цьмяным, і толькі душу праймала пачуццё не то трывогі, не то неспакою.

Яны выйшлі на вуліцу. Дождж і сапраўды перастаў. Блішчалі на сонцы мокрыя тратуары; сям-там яны пачалі падсыхаць ужо, у паветра ўзнімалася ад іх дрыготкая пара.

Тратуар быў нешырокі, Раман ішоў з краю, Лілія Віктараўна бліжэй да сярэдзіны, і на іх — маладых, ладных — спыняў міжвольна свой позірк шмат хто з прахожых. Раман заўважыў гэта, і яму рабілася то прыемна на сэрцы, а то зноў нечага трывожна.

Яны ішлі ў кіно. Рабіць ім абаім усё адно не было чаго.

* * *

...Вярнуліся ў родны Парыж пяцёра баявых сяброў. Вайна скончылася. Маладыя людзі поўныя веры ў будучыню: так, яны заваявалі права на жыццё, на шчасце.

Парыж, здаецца, зусім не перамяніўся. У кафэ-шантанах грыміць музыка. Вуліцы ззяюць агнямі рэклам. У магазінах прадаўцы ветліва кланяюцца пакупнікам. На Елісейскіх палях цвітуць каштаны... Не, ёсць усё ж нешта, што псуе парыжскі пейзаж, робіць родны горад амаль непазнавальным. Чаму, напрыклад, на вуліцы так многа парыжан са змарнелымі тварамі, чаму ўсюды столькі амерыканскіх «джыпаў»?..

— Вы задаволены, Раман Данілавіч? — спытала Лілія Віктараўна.

— Тым, што мы пайшлі ў кіно?

— Не, што глядзім іменна гэты фільм?

— Ён яшчэ толькі пачаўся. Невядома, як там у іх усё будзе.

— А я люблю французскія карціны. І яшчэ індыйскія, і асабліва італьянскія. А вы?

— Грамадзяне, цішэй! — злосна сказаў нехта ззаду.

Яны спалохана змоўклі.

Ластоўскі цяпер глядзеў толькі на экран. Ён усё бачыў і ўсё разумеў, але разам з тым галава яго была занята не адным толькі фільмам... Хто яна, жанчына, што сядзіць побач з ім?.. Ён нічога не ведае аб ёй, калі не лічыць тых кароткіх агульных звестак, якія яна сама паведаміла ў часе знаёмства. Напрыклад, ці замужам яна? Раман не спытаў у яе пра гэта, але, разважыўшы, вырашыў, што яна, канечне, замужам. Раман нават паспрабаваў уявіць сабе яе мужа. Гэта павінен быць сярэдніх год чалавек, абавязкова высокі і ў той жа час рухавы, аматар прэферанса, ахвотнік да вясёлых кампаній,— наогул асоба ва ўсіх адносінах станоўчая. З такім чалавекам ён, Ластоўскі, мог бы пасябраваць — шчыра,на ўсё жыццё...

— Які ён слаўны хлопец! — шэптам сказала Лілія Віктараўна.

— Хто, Жан?

— Не, Ражэ. Ён сапраўдны драматычны артыст.

Тым часам Ражэ, слаўны хлопец і сапраўдны драматычны артыст, у кафэ-шантане «Радасць жыцця» з сумнай іроніяй гаварыў Сімоне, жонцы свайго сябра Жана:

— Цяпер маё месца ў тэатры толькі ў глядзельнай зале.

Ён ужо не вернецца на сцэну, хоць увесь час марыў аб ёй — марыў у акопах, на полі бою, едучы дамоў пасля перамогі над нацыстамі. Яму няма месца ў тэатры: у Парыжы шмат беспрацоўных актораў. Ражэ паспрабаваў быў выступіць на эстрадзе кафэ-шантана «Радасць жыцця». Яго абсвісталі. Мастацтва Ражэ непатрэбна фешэнебельнаму Парыжу. Іншая справа — крыўлянні на эстрадзе паўголых жанчын. На гэтае відовішча гледачы не шкадуюць апладысментаў.

— Ганьба! — амаль бязгучна вымаўляе Лілія Віктараўна.— Ганьба!

Не згадзіцца з гэтым нельга. Сімона, разбэшчаная і здрадлівая Сімона спакушае Ражэ, і ён робіцца яе палюбоўнікам. А Жан нічога не ведае. Сляпак, ён хацеў бачыць Сімону верным спадарожнікам жыцця. Наіўны ты чалавек, Жан, харошы хлопец, а наіўны. Хіба ты не ведаеш, што жывеш у сучасным Парыжы?!

Іх было пяцёра, гэтых баявых сяброў. Жан і Ражэ назаўсёды зрабіліся чужымі. Загінуў на новай вайне ў Індакітаі Андрэ. Забіты ў час паліцэйскай аблавы Марсель. Пашанцавала толькі Філіпу — пятаму з некалі дружнай сям’і баявых таварышаў. Яму не трэба думаць пра кавалак хлеба, у яго досыць грошай, каб зрабіць з жыцця вясёлую пагулянку... Рассыпалася, развалілася, як картачны домік, дружба пяцярых у разбэшчаным Парыжы.

Калі Ластоўскі і Лілія Віктараўна выйшлі з кінатэатра, усё яшчэ быў дзень, хоць сонца і хілілася ўжо да небасхілу. Некаторы час яны ішлі моўчкі, знаходзячыся пад уражаннем карціны. Раман нават не ведаў, куды яны ідуць, проста ён крочыў побач з Ліліяй Віктараўнай, спадзеючыся, што яна добра арыентуецца ў горадзе.

— Вельмі праўдзівая карціна, праўда? — першай загаварыла Лілія Віктараўна. І дадала, смеючыся: — А вы дрэнны кавалер, вашу даму штурхаюць з усіх бакоў, а вы не можаце ўзяць яе пад руку.

Адчуўшы сябе няёмка, Ластоўскі прамармытаў нешта накшталт прабачэння і нясмела ўзяў Лілію Віктараўну пад локаць.

— Зойдзем на хвілінку ў кантору, я толькі вазьму свае матэрыялы.

Па дарозе яны горача абмяркоўвалі фільм, ігру артыстаў, музыку: апошняе, праўда, рабіла адна Лілія Віктараўна, бо Ластоўскі лічыў сябе прафанам у гэтай галіне.

Шмат у якіх ацэнках сышліся, у некаторых — не, і таму трошкі паспрачаліся.

У кантору Лілія Віктараўна схадзіла адна, Раман пачакаў яе на вуліцы.

А калі яна імкліва выйшла з канторы, калі ён убачыў яе ў дзвярах, то раптам здрыгануўся і адступіў на крок назад. У паставе галавы Ліліі Віктараўны, у позірку трошкі прыжмураных яе вачэй, а асабліва ў тым, як яна імкліва адчыніла дзверы, Ластоўскі ўбачыў столькі знаёмага і блізкага, што гатовы быў крыкнуць: «Тамара!» І тады ён адразу зразумеў, чаму гэтак прыемна было яму знаходзіцца побач з Ліліяй Віктараўнай. І зноў такой недарэчнай і непатрэбнай уявілася сварка з жонкай. Навошта, навошта гэта ўсё здарылася?

— Вось і ўсе мае справы,— весела сказала Лілія Віктараўна і ўзяла Ластоўскага пад руку. Яны пайшлі ў кірунку гасцініцы.

— А мае справы толькі пачынаюцца,— прамовіў Раман і ўздыхнуў.

Лілія Віктараўна задумалася на хвіліну, потым пачала гаварыць зноў:

— На Мінск ідуць два паязды. Адзін будзе сёння ноччу, у дванаццаць з мінутамі, другі заўтра раніцой... Не люблю ад’язджаць ноччу, у цемры. Прыйдзецца, напэўна, паехаць заўтра. Шкада толькі, што той поезд прыходзіць у Мінск вечарам.

— А гэты, начны?

— Раніцой, гадзін нешта ў восем.

Зірнуўшы на маленькі залаты гадзіннічак, Лілія Віктараўна сказала:

— Ой, трэба спяшацца! У мяне на сем гадзін заказана ванна.

Пайшлі хутчэй. Вуха Ластоўскага лавіла дробнае пастукванне абцасікаў Ліліі Віктараўны па асфальце тратуара, рука адчувала яе руку, а ў душу зноў закрадалася ранейшае пачуццё не то трывогі, не то неспакою, паглынаючы ўсе думкі.

— Што б вы параілі мне? — пыталася Лілія Віктараўна.— Калі мне ехаць?

— Пытанне складанае... — пасля невялікай паўзы пачаў Ластоўскі.— З аднаго боку, дык яно лепей было б паехаць сёння. Усё ж вы прыедзеце дамоў раніцой, а не позна вечарам. А з другога боку...

Ластоўскі не дагаварыў. Яны якраз падышлі да пад’езда гасцініцы. Ён расчыніў перад ёю дзверы, прапусціў уперад. Гэткім жа манерам — яна наперадзе, ён крыху ззаду і збоку — прайшлі міма дзяжурнага адміністратара, адмералі першы марш лесвіцы, потым другі — і ўсё моўчкі, без ніводнага слова. Тая маўклівасць, што пачалася пасля яго недаказанай фразы, рабілася як быццам неабходнай.

Першым на калідоры быў нумар Ліліі Віктараўны. Прыпыніўшыся каля дзвярэй, яна зноў паглядзела па гадзіннічак:

— Без пяці сем. Надзвычайная пунктуальнасць! — І дадала, адмыкаючы нумар: — Заходзьце па мяне, як будзеце ісці на вячэру.

* * *

Няясна было, чаму ён захапіў з сабой іменна гэту кнігу, а не якую-небудзь іншую. Ластоўскі ніколі не лічыў сябе асабліва гарачым паклоннікам Мапасана, і «Мілы друг» трапіў да яго ў чамадан, мусіць, выпадкова.

Прачытана, а дакладней перагорнута было за дзве гадзіны нешта каля пяцідзесяці старонак. Ластоўскі не сказаць каб надта ўважліва гартаў старонкі і часта лавіў сябе на тым, што з папярэдняга раздзела ў галаве не засталося ні радка; каб зразумець далейшае, прыходзілася вяртацца назад.

Роўна а дзевятай гадзіне Раман адчуў, што яму нечага не хапае. Ён адклаў кнігу ўбок, падняўся з капапы, выцягнуў з шафы чамадан і адчыніў яго. Рабіў ён усё гэта машынальна, не ўдумваючыся ў тое, што робіць. Гэтак жа машынальна Раман стаў перабіраць тое, што знаходзілася ў чамадане. Тут было ўсё, што патрэбна чалавеку ў камандзіроўцы, уключаючы бяспечную брытву, запасную пару шкарпэтак і новую калоду карт для прэферанса, але Раман шукаў яшчэ нечага. Ён пераклаў рэчы з месца на месца адзін раз, потым другі...

Здагадаўшыся нарэшце, што ў чамадане нестае звычайных паштовак і што іменна іх ён шукае, Ластоўскі сумна ўсміхнуўся, уздыхнуў і паставіў чамадан на месца.

Было дваццаць мінут на дзесятую. «Напэўна, яна прыняла ўжо ванну»,— падумаў Ластоўскі і надзеў пінжак, які вісеў дагэтуль на спінцы крэсла.

«Так, відаць, пачынаюцца раманы»,— сказаў ён сам сабе.

Лілія Віктараўна была адна. У доўгім квяцістым халаце, расчырванелая, яна стаяла пад лямпай пасярод пакоя і глядзелася ў невялічкае люстэрка, уштукаванае ў пудраніцу. Відаць, яна толькі што скончыла прычэсвацца і цяпер правярала, ці ўсё ў парадку.

— З лёгкай парай! — ветліва сказаў Раман.

— Дзякую. Ванна была выдатная. А вы нябось аддаяце перавагу лазні з бярозавым венічкам? Мужчыны ўсе аднолькавыя. Мой муж ходзіць парыцца аж па два разы на тыдзень. Я падазраю, што ён ходзіць не столькі дзеля пары, колькі дзеля ста грамаў,— Лілія Віктараўна нявесела, штучна ўсміхнулася.— Ён нешта дужа ўпадабаў прыказку: «Год не пі, два не пі, а пасля лазні абавязкова выпі».

Яна здзьмухнула з крэсла налёт пудры і запрасіла Рамана сесці. Потым адшукала ў сумачцы свой гадзіннічак і стала адзяваць яго на руку. Але з ланцужком нешта здарылася, і Ліліі Віктараўне доўга не ўдавалася зашпіліць яго. Прыйшлося Раману прыйсці на дапамогу.

— Вось і вечар,— прамовіла Лілія Віктараўна.— Нейкі прыезжы чалавек спытаў аднойчы ў другога чалавека, мясцовага, што робіцца ў іхнім горадзе. Той падумаў і адказаў: «Ведаеце, тут, бадай, пасля захаду сонца нічога не робіцца». Вы не ведаеце, дзе гэта было?

Яны засмяяліся адначасова. Ластоўскі ўспомніў, што пра гэта ён чытаў у О. Генры. А Лілія Віктараўна гаварыла далей:

— Між іншым, я тут пазнаёмілася з адным вельмі цікавым чалавекам. Ён вядзе летапіс шлюбаў, што адбываюцца ў горадзе. У яго зроблены запісы за апошнія 55 год, я сама бачыла. Вялізны такі стос таўшчэзных старадаўніх кніг накшталт гросбухаў. Надзвычай цікава!

Ластоўскі падумаў, што трэба будзе пазнаёміцца з гэтым своеасаблівым летапісцам.

Ён спытаў, дзе яго можна знайсці, запісаў адрас.

— Наогул, арыгінальных людзей багата на свеце,— заўважыў Ластоўскі.— Узяць хоць бы аднаго майго рэдактара. Ведаеце, як ён прымаў мяне на працу? Было гэта, калі я скончыў універсітэт. Заходжу да яго ў кабінет, падаю анкету, а ён адклаў яе ўбок, утаропіўся на мяне і пытаецца: «Скажыце, вы пішаце вершы?» Я ажно пахаладзеў. Ну, думаю, усё прапала, зараз ён мне адмовіць. «Не, кажу, не пішу» — і працягваю руку, каб узяць назад сваю заяву. «Тады ўсё ў парадку, кажа, ідзіце афармляцца!»

— А на абед мы і забыліся,— прамовіла Лілія Віктараўна,— ды і час вячэры ўжо мінае. Вы нічога не маеце супраць рамштэксу або шніцэлю?

Ён з націскам сказаў:

— Мы зробім гэта на вакзале:

Яна хутка спытала:

— Вы так лічыце? Так будзе лепш?

— Адклад не ідзе на лад, вы ж ведаеце. Тое, што можна зрабіць сёння, не трэба адкладваць на заўтра,— банальна сказаў Раман і сам узлаваўся на сябе за гэта. Але іншыя, больш прыгожыя словы не прыходзілі ў галаву, ды відаць, і патрэбы ў іх зараз не было.

— Так, так,— падумаўшы, рашуча сказала тады Лілія Віктараўна.— Ваша праўда.

І потым проста, як гавораць звычайна даўняму, харошаму сябру, загадала:

— Адвярніцеся, калі ласка, я перапрануся.

Ён чуў за спіною шоргат шоўку, пстрыканне кнопак, паскрыпванне чаравікаў, але ўсе гэтыя гукі былі для яго дзесьці надзвычай далёка; да таго ж яны прыглушаліся ціхім мурлыканнем Ліліі Віктараўны,— яна напаўголасу напявала нешта. Раман працягнуў руку да стала, зняў трубку тэлефона і выклікаў таксі.

— А цяпер памажыце мне сабрацца. Я заўсёды пакутую з гэтым замком на чамадане.

На вакзале ім не прыйшлося доўга стаяць у чарзе па білет — людзей на гэты поезд было мала. Хапіла часу і на тое, каб зайсці ў рэстаран. Лілія Віктараўна, на здзіўленне Рамана, загадала прынесці шампанскага.

— За прыемнае знаёмства! — падымаючы бакал, сказала яна.— І яшчэ — ведаеце, за што?

— За што?

— Дакладней кужучы, за каго? Ведаеце? За вашу жонку. За Тамару.

— За Тамару? — сумеўся Раман.— Але адкуль вам вядома яе імя?

— Вы сёння двойчы назвалі мяне Тамарай.

— Няўжо? І нават двойчы? А я і не заўважыў.

— Дзіва што!

— Вы... пакрыўдзіліся тады?

— Я пазайздросціла вашай жонцы.— Лілія Віктараўна прыгубіла свой бакал.— Гэта шчырая зайздрасць, добрая, паверце мне.

Раман выпіў сваё шампанскае.

— Вы раскажаце ёй пра наша знаёмства? — спытала Лілія Віктараўна.

— Абавязкова. А вы?

— Я — не... — Лілія Віктараўна паставіла недапіты бакал на стол.— Я не здолею расказаць,— сумна прамовіла яна. Потым усміхнулася — таксама сумна.— Бо тады ён пачне хадзіць па тры разы на тыдзень парыцца.

На пероне яны моцна паціснулі адно аднаму рукі. У вагон Лілія Віктараўна ўвайшла, калі ўжо кратаўся поезд.

Тое ж самае таксі, якое прывезла Рамана на вакзал, адвезла яго і назад. У гасцініцы заспаная дзяжурная сказала яму:

— Ваша прозвішча Ластоўскі? Раман Данілавіч? Вам тэлеграма.

Раман хуценька разарваў склейку, прабег тэлеграму вачыма...

— Сёння цудоўны дзень, праўда? — весела сказаў ён потым.— Дарэчы, вы не скажаце мне, дзе міжгародні перагаворны пункт? Відаць, паштоўку там таксама можна набыць, а?

1954


1954