epub
 
падключыць
слоўнікі

Яўген Васілёнак

Вячэрняя размова

Не скажу, што да Галчанавых я заходжу часта, але ўсё ж заходжу. То Галіна запросіць мяне на якое сямейнае свята, то я сам завітаю проста так, на агеньчык.

З Галінай мы знаёмы цэлую вечнасць, ад самых дзён маленства,— мы некалі жылі побач, на адной вуліцы. Потым яе мужам стаў мой колішні школьны прыяцель Аляксей, і на іхнім вяселлі я быў за шафера. Калі перад самай вайной у іх нарадзіўся Толік, яны, вядома, хросным бацькам выбралі мяне. На вайну мы з Аляксеем Галчанавым пайшлі праз месяц пасля тых хрэсьбін. Папалі ў адну часць, ваявалі разам. З вайны я вярнуўся адзін, Аляксей навечна астаўся ля адной з тых незлічоных вёсак, што мы гэтулькі папакідалі за сабою ў сорак першым.

Галіна болей замуж не выйшла, яна гадавала Толіка і берагла памяць мужа.

Так, я заходжу да Галчанавых, я проста не маю права не заходзіць. Толік даўно ўжо не маленькі, ён скончыў інстытут, працуе інжынерам на машынабудаўнічым заводзе. «Увесь чыста ў бацьку ўдаўся,— кажа Галіна, не ўтойваючы радасці за сына.— Такі ж смелы, адважны, прынцыповы. Ён жа, ці ведаеш, дружыннік і рознае хуліганнё наогул усялякая погань баіцца яго як агню».

Першы час Галіна ўсё распытвала ў мяне пра Аляксея, пра яго апошнія дні, апошнюю разведку. Бо ў той разведцы я быў разам з Аляксеем. Мы былі з ім толькі ўдвух. Ён і я. Ён загінуў, я астаўся жывы. І я, каторы раз, расказваў зноў і зноў з усімі падрабязнасцямі пра падзеі той ночы...

...Напярэдадні Аляксея Галчанава выклікаў да сябе камбат і загадаў пайсці ў разведку. Выконваць гэтае заданне Галчанаў павінен быў не адзін, яму давалася права самому выбраць сабе памочніка. Галчанаў назваў камбату мяне. Маўляў, ён ведае мяне, як самога сябе, мы вучыліся ў адной школе і наогул сябры. Камбат не пярэчыў. Пра ўсё гэта мне расказаў потым сам Галчанаў.

Мы ведалі, якая адказнасць ускладаецца на нас. Дзён колькі таму назад удалося нарэшце перапыніць наступленне немцаў на нашым участку, замацавацца і, як здавалася, самім пачаць падрыхтоўку для рашучага контрнаступлення. Між тым, паступілі звесткі, што немцы вось-вось зноў пойдуць у новы наступ, бо да іх прыйшло падмацаванне. Ці праўда гэта, а калі праўда, то дзе, на якім канкрэтна ўчастку яны групуюцца, было невядома.

Нам з Галчанавым было загадана перш добра выспацца, і мы сапраўды праспалі цэлы дзень. У дарогу выправіліся ў дваццаць тры нуль-нуль. Удала адолелі нічыйную паласу, мінулі перадавы заслон немцаў і, адпачыўшы трохі, рушылі далей. І раптам — вокліч: «Хальт!» і яшчэ нейкія незразумелыя словы. Мы кінуліся назад. Грымнуў стрэл. Аляксей, бы спатыкнуўшыся, бразнуўся вобземлю. Я таксама ўпаў. Пачакаў хвілін колькі — вакол было ціха. Ні стрэлаў больш, ні галасоў. Тады я падпоўз да Аляксея. Ён быў мёртвы.

Я вярнуўся назад без сябра...

Пасля Галіна перастала распытваць пра падзеі той жудаснай ночы. Яна больш расказвала сама, і найбольш пра Толіка. Ён рос добрым хлопчыкам, старанна вучыўся, і маці адно радавалася. Радаваўся і я. Так сталася, што сваіх дзяцей у мяне не было, і я пачуваў да Толіка любасць, як да роднага сына. Тым больш, што я быў адзіны сведка смерці ягонага бацькі.

Так, я заходзіў калі-нікалі да Галчанавых. Я не мог не заходзіць.

Зайшоў да іх і сёння. Галіна сама запрасіла мяне. Яна пазваніла мне на работу і ўсхваляваным голасам сказала, што ёй абавязкова трэба пабачыць мяне. Я нават не паехаў дамоў, а адразу ж пасля работы памчаў на вуліцу Чкалава, дзе жыла Галіна з сынам.

— Барыс, прабач, што я цябе патурбавала,— уся змарнелая, асунутая, сказала Галіна, ледзь толькі я ўвайшоў у кватэру.— Але з Толікам няшчасце!..

— Што з ім?..— Здаецца, я схапіўся за сэрца; апошнім часам яно пачало ўсё часцей напамінаць аб сабе.

— Учора вечарам нейкі хуліган напаў на яго і ледзь не забіў. Божа мой, што гэта робіцца на свеце!

— А з Толікам? Што з Толікам? — дапытваўся я.

— Ён у бальніцы. Дзякаваць богу, урачы кажуць, што небяспекі для жыцця няма. Дзякаваць богу. Я была ў яго сёння, ён нават усміхаўся мне. Я таксама і смяялася і плакала. А ноччу ледзь не звар’яцела. Ён меўся прыйсці ў адзінаццаць. А першай гадзіне я ўжо месца сабе не знаходзіла. І гэтак да самай раніцы вачэй не заплюшчыла. А потым пачала званіць. Куды я толькі не званіла, пакуль даведалася, дзе Толік!.. Але што ж гэта мы стаім у дзвярах? Даруй мне, я зусім страціла розум. Праходзь, Барыс, распранайся.

Я зняў паліто, капялюш і следам за Галінай падаўся ў большы пакой іхняй кватэры, якую яны атрымалі не так даўно. Мы тады, помніцца, шумна справілі наваселле. Былі Галініны саслужыўцы, Толікавы сябры, быў, вядома, запрошаны і я з жонкаю. Галіна тады ладна падпіла і ўвесь вечар спявала то вельмі сумныя, то дужа вясёлыя песні.

Мы селі на канапу.

— Мне вельмі трудна, Барыс, таму я і паклікала цябе. Ты ж ведаеш, у мяне нікога блізкага няма, акрамя цябе. Акрамя Толіка і цябе. Толік — мой сын, мая адзіная крывіначка, а ты... ты мой харошы, верны друг, друг ад самага дзяцінства. Тады ты мяне бараніў ад вулічных хлапчукоў, а цяпер бароніш ад розных жыццёвых нягод. Ды і з Лёшам вы былі сябры, і нават у тую яго апошнюю ноч вы былі разам. Ты шануеш яго памяць гэтак жа, як шаную я. І ты мой верны, слаўны друг. Таму я і пазвала цябе. Пабудзь са мною ў гэту трудную для мяне часіну, пасядзі, пагамані. Хочаш, я цябе пачастую чаем? Пачакай, пачакай, ды ты, мабыць, і не абедаў яшчэ?.. Ну вядома, не абедаў, ты ж проста з работы. Я зараз прыгатую што-небудзь, у мяне ёсць, здаецца ўчарашні боршч, я хуценька падагрэю. І не аднеквайся, мы абавязкова паабедаем з табою, я і сама, аказваецца, галодная, як сорак тысяч ваўкоў, я зусім забылася на тое, што трэба есці. Можаш пакуль пазваніць Люсі, скажы, што затрымаешся ў нас. Дарэчы, яна не раўнуе, што ты бываеш... у мяне?

— Здаецца не.

— Мне таксама здаецца, што не. Твая Люся — цудоўная жанчына. Разумніца. Светлая галава. Яна ўсё разумее. Між іншым, Люся на колькі маладзейшая за цябе? Гадоў на восем?

— На дзесяць.

— То яна ж яшчэ зусім маладзенькая. А мы з табою... Нам па сорак шэсць ужо, на жаль. І Лёшу было б таксама сорак шэсць...— Яна ўзяла са стала цыгарэту, прыкурыла яе, няўмела зацягнулася дымам і закашлялася.— Сёння ноччу да таго разнервавалася, што знайшла Толікавы цыгарэты і засмаліла. Першы раз у жыцці. І ўжо выкурыла штук пяць. Не, нават шэсць, вось яны ўсе тут, акуркі, у попельніцы. Нішто, спадабалася. Я падумала ўжо нават, што мне, старой бабе, нічога, мусіць, болей і не астаецца, як пачаць курыць... Ну, ідзі звані.

Яна падалася на кухню, а я выйшаў у пярэднюю, дзе на нізенькім століку стаяў прыгожы тэлефон салатавага колеру, і пазваніў дамоў. Люся абазвала мяне ідыётам і заявіла, што я магу наогул, калі ўжо на тое, дадому не прыходзіць. Яшчэ яна сказала, што я — ярка выражаная паталагічная асоба, бо нармальных мужчын у мае гады цягне да маладых жанчын, а я ўчапіўся ў спадніцу старое бабы і аніяк не магу адчапіцца.

Я паклаў трубку і вярнуўся ў пакой. Галіны яшчэ не было, яна завіхалася на кухні; адтуль даносіўся пах смажанай на сале яечні.

Захацелася закурыць, але я стрымаўся. Калі ўжо кінуў, дык трэба вытрымліваць характар. Тым больш, што ў мяне — сэрца. І якраз цяпер яно зноў напомніла аб сабе.

Але, нам па сорак шэсць. І Аляксею таксама было б сорак шэсць.

...Неўзабаве пасля таго, як я вярнуўся ў батальён адзін, без Галчанава, мяне выклікаў да сябе ў зямлянку камбат. Запрасіў сесці, пачаставаў папяросай. Я курыў ягоную «казбечыну», і яна ўяўлялася мне нейкім недарэчным анахранізмам, нечым такім, што невядома як паўстала з жыцця, якога ўжо няма, якое адышло ў нябыт.

— Гэтай папяросе тысяча гадоў,— змрочна сказаў я.— Невядома, як яна ўцалела да нашых дзён.

— Гэта яе старшына Шаплыкаў знайшоў у аналах гісторыі,— сказаў камбат.— Той, што сустрэў цябе, калі ты вярнуўся без Галчанава. Старшына Шаплыкаў наогул мае схільнасць да розных пошукаў. У яго нюх — будзь здароў. Ён можа знайсці нават і тое, што чалавек часам сам ад сябе як найдалей хавае. Зразумеў?

У вочы мне пайшоў папяросны дым, яны заслязіліся, і я вымушаны быў працерці іх тыльным бокам далоні.

Камбат сеў насупраць мяне на пастаўлены тарчма кавалак неабкоранага бервяна, строга спытаў:

— Дык што там у вас адбылося? Расказвай, Кулёнак!

Ёп пільна глядзеў на мяне, падпёршы рукою падбародак. Чуваць было, як выстуквае на ягонай руцэ вялікі кіраўскі гадзіннік.

Я расказваў доўга.

Мне цяжка было гаварыць пра падзеі той ночы, і я часта перапыняўся. Але паведаміў пра ўсё, нічога не ўтойваючы.

Камбат устаў, прайшоўся па зямлянцы. Ён быў высокі, і яму прыходзілася нагінаць галаву. Таму, мабыць, постаць яго набыла пагрозлівы, нават застрашлівы выгляд. Пры кожным кроку ў застыглай, бы магільнай, цішыні зямлянкі гучна рыпелі ягоныя новыя хромавыя боты, таксама з нейкага другога, не цяперашняга жыцця.

Потым ён стаў перада мной і скрыгануў зубамі.

— Даць яшчэ адну дагістарычную «казбечыну»?

— Я лепей закуру сучаснага самасаду.

Я адарваў шматок газеты, узяў дрыготкімі пальцамі з кісета ладную дробку зялёнай крышанкі, скруціў таўшчэзную і даўжэзную, як не аглоблю, цыгарку. Камбат даў мне прыкурыць ад свае папяросы. Мне доўга не ўдавалася прыткнуцца да яе.

— Та-ак...— сказаў камбат і пільна зірнуў па мяне.

А ў наступную хвіліну скаланулася зямлянка, са столі пасыпаўся пясок, вакол загуло, заскрыгатала...

Немцы пачалі наступленне.

У тым баі быў забіты наш камбат. Цяжка параніла старшыну Шаплыкава, і яго адправілі ў тылавы шпіталь. Мяне таксама драпнуў асколак снарада, і я апынуўся ў медсанбаце. Пацягаўся пасля і па шпіталях. А потым трапіў у другую часць, зусім на другі фронт.

— Ніякая ты не старая баба,— сказаў я Галіне, калі яна паставіла на стол дзве талеркі духмянага чырвонага баршчу, забеленага смятанай.— І не варта табе курыць. Табе гэта не да твару.

— Хочаш, я дам табе чарачку каньяку? У нас, здаецца, недзе ёсць пляшка. Яшчэ з наваселля асталася. Толік у мяне такі піток, што пры ім яна сто гадоў прастаіць. Прынесці?

— Давай,— згадзіўся я.

Галіна прынесла ўжо адкаркаваную бутэльку малдаўскага чатырохзоркавага каньяку і дзве старамодныя чаркі на высокіх ножках.

— Шкада, няма ў хаце лімона, сказала яна.— Я таксама вазьму кроплю на язык. Я так нахвалявалася, так натамілася, то, можа, мне і палягчэе ад гэтай гары.

Яна наліла — поўную чарку мне і на донца сабе. Мы выпілі. Больш правільна, выпіў я адзін, а яна толькі прыгубіла сваю кроплю.

Боршч быў смачны, наварысты. Я сёрбаў яго і адно хваліў.

— Дык ты лічыш, што я яшчэ не старая? — спытала раптам Галіна.

— Ані не старая,— сказаў я.— Ты яшчэ смела можаш выскачыць замуж.

Яна засмяялася і, папярхнуўшыся, закашлялася.

«Пастукай па спіне»,— паказала яна рукой.

Я пастукаў. Ёй стала лепей.

— Не смяшы людзей,— сказала яна.— Як табе не сорамна.

— Ты яшчэ сто разоў можаш выскачыць замуж, а не тое што адзін раз.

— Перастань, Барыс, а то я раззлуюся. Вунь што з табою робіць каньяк.

— Гэта не каньяк, Галя.

— А што?

Я сказаў:

— Ты сама.

— Перастань, кажу.— Галіна паклала лыжку на краёчак талеркі, працягнула руку да бутэлькі.— Возьмеш яшчэ чарку?

— Яшчэ адну вазьму.

Яна наліла мне зноў да самага верху.

— А ты не будзеш болей?

— Я не буду.

Яна прынесла яечню. Я выпіў. Яечня таксама была вельмі смачная, а скваркі проста раставалі ў роце.

— А калі гаварыць сур’ёзна,— сказаў я,— дык я шчыра здзіўлены, што ты не выйшла замуж. Я разумею — ты любіла Аляксея, ты хацела астацца вернай яму. Але новае тваё замужжа зусім не азначала б, што ты здрадзіла яго памяці. Жыццё ёсць жыццё. Жывым трэба жыць. Прабач, я гавару банальныя словы. Але што паробіш. Ты папраўдзе магла яшчэ мець добрае замужжа.

— З кім? Ты ж мяне не ўзяў.

Цяпер папярхнуўся я. Але мне самому ўдалося справіцца са сваёй ліхтугай.

— У мяне была Люся,— паспешліва прамовіў я.

— Тады ў цябе Люсі яшчэ не было. Ты вярнуўся з фронту халасцяком. Я нават магу нагадаць табе, колькі ты хадзіў пустапасам. Роўна тры з палавінай гады.

— У цябе добрая памяць.

— Не блазнуй... І калі ўжо, як ты кажаш, гаварыць сур’ёзна, то я маю спытаць у цябе... тым больш, што гэта — далёкая ўжо даўнасць, як кажуць, справы даўно мінулых дзён...— Яна ўзяла з попельніцы недакураную цыгарэту, але перадумала і паклала яе назад.— Я маю спытаць... Чаму ты сапраўды не прапанаваў мне тады стаць тваёю жонкай?.. Ах, ты можаш адказаць, што Аляксей быў тваім другам і ты не мог ажаніцца са мною, бо гэтым ты здрадзіў бы дружбе, зганіў бы яго памяць. Аднак жа ты сам толькі што сказаў: жыццё ёсць жыццё. Налі мне, калі ласка, вось столечкі.

Я машынальна лінуў ёй у чарку каньяку. Яна зноў толькі прыгубіла нейкае каліва.

— Тым больш, што ты кахаў мяне. Так-так, кахаў, не адпірайся. Кахаў яшчэ тады, да вайны. І ў школе, і пасля. І нават калі я выйшла замуж.

— Ты ап’янела, Галіна. Перастань. Вярзеш немаведама што. Перастань.

— Ну што ж, перастану. Бо ўсё роўна не дачакаюся ад цябе адказу. Ты ўвесь час штосьці тоіш ад мяне.

— Я вып’ю яшчэ, можна?

— Не трэба,— сказала яна.

Мы памаўчалі.

Ужо сцямнела, і Галіна ўключыла святло. Села потым не за стол, а на канапу.

— Табе пара ісці? Пабудзь яшчэ крыху. Недзе дзенецца твая Люся. Калі і параўнуе трошкі, нічога страшнага, абыдзецца. Прыгалубіш яе, прылашчыш, яна і забудзецца на ўсё. Усе мы, бабы, аднолькавыя.

— Ты папраўдзе п’яная.

— Ні ў адной брывіне, як кажа Толік. Ведаеш, Барыс, сёння ноччу, чакаючы Толіка, я чамусьці пачала перабіраць старыя паперы. Папалася мне Лёшава паведамленне... І я разраўлася... Божа мой, за што мне выпала ў жыцці столькі пакут!..

У яе і цяпер вочы сталі вільготныя. Яна нізка апусціла галаву.

— Я самая няшчасная жанчына на свеце. Мужа ў вайну забілі немцы, а сына цяпер ледзь не забілі свае...

...Так, у тую ноч мы з ім выйшлі роўна ў дваццаць тры нуль-нуль. Удала адолелі нічыйную паласу, мінулі перадавы заслон немцаў і, адпачыўшы крыху, рушылі далей.

І раптам...

Не, ніякага воклічу «хальт» не было. І нікуды мы не кідаліся бегчы. І не было нямецкага стрэлу.

Мы тады папраўдзе прыселі адпачыць. Сядзелі доўга і маўчалі. Я чакаў, пакуль Аляксей дасць каманду ісці далей. Ён быў за старшага, мне аставалася толькі падначальвацца яму. Аляксей наогул заўжды быў між нас за старшага — і тады, калі мы яшчэ бегалі басанож, і калі вучыліся ў адным класе, і калі хадзілі ў піянерскія паходы, і пазней, калі парабіліся, з нашага пункту гледжання, зусім дарослымі і зачасцілі на танцы ў чыгуначны клуб. Так ужо неяк сталася, што я заўсёды быў на ролі другога. Першы быў ён. І тут ужо нічога нельга было перайначыць.

Мы сядзелі проста на доле і маўчалі. Я чакаў, калі ён дасць каманду ісці далей.

— Ну вось што, Барыс,— сказаў нарэшце Аляксей.— Ты можаш вяртацца назад. А я пайду далей адзін. Дарогу ты цяпер ведаеш, не заблудзішся.

— Чаму адзін? — спытаў я.— Нам загадана ісці разам.

— Таго загаду больш не існуе. Цяпер загадваю я.

— Але ж... нам лепей быць разам, Аляксей. Навошта нам быць па адным?

— Дурань,— сказаў Аляксей.— Калі ты нарэшце навучышся самастойна варушыць мазгамі?! Без старонняй дапамогі! Няўжо ты дагэтуль не ўцяміў, пра што я гавару?.. Не, ты, канечне, усё зразумеў, не такі ўжо ты кончаны ёлуп. Дык навошта тады прыкідваешся?

— Не жартуй, Аляксей...— глуха прамовіў я, адчуваючы, што ўвесь пачынаю калаціцца, бы ў ліхаманцы.

— Бывай, Барыс! Ведаю — ты на такое не здатны, таму і не ўгаворваю цябе, не заву з сабою. У цябе не хопіць на гэта ні рашучасці, ні... адным словам, бывай!..

— Аляксей!..— я ўскочыў з долу.

— Не крычы, абармот.

— Куды ты хочаш пайсці?.. Што ты надумаўся?.. Аляксей!..

— Куды, куды!..— злосна перадражніў мяне Галчанаў.— Да іх! Да фрыцаў, да гансаў! Да чорта, да д’ябла! Я не хачу паміраць, як апошняя акопная вош!

— А я, ты думаеш, хачу?

— То хадзем тады, чорт пабяры, разам!

— Ты хочаш здрадзіць?

— Не трэба гучных слоў, Барыска. Колькі мы іх чулі за сваё жыццё, не такое ўжо і доўгае, дарэчы. Прыгадай... «Ни пяди своей земли не отдадим никому»...— «Мы врага разобьем малой кровью, могучим ударом»...— «Будем бить по-сталински врага!»...— Ён крыва ўсміхнуўся.— Разбілі, а як жа!.. Так разбілі, што ўжо і не ведаем, чым яшчэ падмазваць пяткі. Арміі, нашай арміі, пра непераможнасць якой мы столькі песень праспявалі, гэтай арміі няма, няўжо ты не бачыш?

— Няпраўда, Чырвоная Армія ёсць, і мы — яе байцы!

— Мы яе тленныя астанкі, Барыска... Адным словам, я іду ў палон. Пра гэта ты, вядома, не раскажаш... там. Прыдумай якую-небудзь найбольш верагодную версію. Напрыклад, што мы трапілі ў засаду і я загінуў. Расказваць праўду табе нявыгадна, май гэта на ўвазе.

— А як жа Галіна?.. А Толік?.. Ты хоць пра іх падумаў? — Як за апошнюю саломінку, ухапіўся я за гэтую думку.

— Я вярнуся да іх... калі ўсё гэта скончыцца. З палону, як вядома, вяртаюцца. Гэта толькі з таго свету дарогі няма. Вось я і не хачу апынуцца на тым свеце.

— Ты не зробіш гэтага, Аляксей!

— Можа, ты мне забароніш? — насмешліва спытаў Галчанаў.

— Забараню. Я табе забараняю, чуеш!

Я сам не пазнаў свайго голасу. Калаціцца я перастаў ужо, мне зрабілася, наадварот, вельмі горача.

— Не крычы, ёлуп,— сказаў Галчанаў.

Ён выпрастаўся і пайшоў ад мяне.

— Галчанаў, я буду страляць!

— Ты? Страляць? Не смяшы.

Я падняў пісталет.

— Назад! — з пагрозаю сказаў я.

Ягоная постаць аддалялася. Яна — шэрая — добра была відаць на фоне фіялетавага неба. Крок... яшчэ крок... яшчэ...

Я націснуў на спускавы кручок.

Постаць захісталася. Тады, паварочваючыся назад, бразнулася вобземлю.

— ...Божухна, у мяне ж там чай, пэўне, выкіпеў! — спахапілася Галіна і пабегла на кухню.

Як ніколі, хацелася курыць. Я прагна пазіраў на пачак цыгарэт. Гэта была балгарская «Шыпка», прывабная, у цэлафанавай абгортцы. Эх, зацягнуцца б дымком, горкім і салодкім адначасна, зацягнуцца так, каб аж уваччу пацямнела!..

— Не глядзі, не глядзі на гэтае паскудства, як збродлівы кот на курыную ножку,— сказала Галіна, стаўляючы на стол бліскучы чорны паднос з такімі ж чорнымі кубачкамі і чайнікам.— Я ведаю, там асталося чатырнаццаць штук. Калі сцягнеш хоць адну, я табе такую кару прыдумаю!..

Мы пілі чай і думалі кожны пра сваё... Не, мы думалі пра адно і тое ж. Толькі я стараўся прагнаць з галавы тыя думкі, а яна, наадварот, прагла іх. Гэта я зразумеў, калі яна спытала:

— Барыс, чаму ты мне не напісаў тады? Пасля тае ночы?

Я піў чай і не адказваў.

— Ні тады, ні пасля. Ні разу за ўсю вайну. Чаму?

— Я наогул нікому не пісаў,— нарэшце сказаў я.

— Наогул,— гэта адно, а я — гэта другое. Наогул — табе не было каму пісаць, сяброў параскідала вайна па свеце, бацькі асталіся пад немцамі, і ты ведаў гэта, а я — я эвакуіравалася, і пра гэта ты таксама ведаў.

— Я нікому не пісаў,— зацята паўтарыў я.

І яшчэ яна спытала — я ведаў, што яна спытае і гэта:

— Ён быў добрым салдатам?

Я дапіў свой чай.

— Ты ўжо сто разоў пыталася.

— А ты скажы сто першы.

— На вайне кожны робіць тое, што яму загадваюць.

— Але загады можна выконваць па-рознаму.

Так, Галчанаў меў рацыю. Я не мог гаварыць усяе праўды. Не мог. Але не праз тое, што меў ён на ўвазе. Зусім не праз тое.

— Я пайду, Галя, позна ўжо. Ты натамілася, табе трэба адпачываць. Будзем спадзявацца, што ў Толіка ўсё будзе добра.

— Дактары абяцаюць.

— Дактары ў нас цудоўныя. Я наведаю Толіка ў нядзелю.

Галіна выйшла за мною ў пярэднюю, памагла мне апрануцца.

— Абяцай мне, што ты так не пакінеш гэтай справы. А то цяпер пайшла мода — дадуць пятнаццаць сутак, і ідзі сабе, шумі-гуляй на здароўечка. Ён жа, ведаеш, што нарабіў, гэты нягоднік? Спыніў на вуліцы Толіка і гэтак нахабна кажа: «Юнаша, вы тутэйшы? Тады ў мяне ёсць да вас адна далікатная... заўваж — далікатная!.. справа. Вось вам, кажа, пяць рублёў, арганізуйце мне паўлітэрку, а то ў магазінах чамусьці ўжо не прадаюць. А я не піў цэлую вечнасць, і мне абавязкова трэба лінуць у нутро. Можаце нават саставіць мне кампанію». Толік адказаў яму, каб ён адчапіўся і ішоў сваёй дарогай. «Дарога ў мяне адна,— сказаў той паршывец,— проста на той свет, аднак без паўлітэркі мне туды ніяк не трапіць». Тады Толік заявіў, што ён дружыннік, і загадаў незнаёмаму ісці з ім у міліцыю. Там, маўляў, правераць, ці правільны вы сабе выбралі маршрут. Тады незнаёмы раптам раз’юшыўся і пачаў лаяць Толіка самымі апошнімі словамі. І яшчэ сказаў, што такіх трэба давіць усіх разам і па адным. Толіку нічога не аставалася, як узяць яго пад руку і павесці. Ды той нечакана ўдарыў яго нагой у пахвіну, а як Толік упаў, яшчэ і па галаве нечым. Шчасце, што паблізу быў міліцыянер, ён пачуў валтузню і прыбег на дапамогу... Чуеш, ты павінен умяшацца ў гэтую справу. Пазвані ў міліцыю, у пракуратуру, а яшчэ лепш — схадзі сам. Абяцаеш?

— Добра,— сказаў я.— Ты не ведаеш прозвішча таго тыпа?

— Нейкі Бялоў.

— Бялоў?..— хутка перапытаў я.

— Ага, Бялоў. А што? Можа, ты яго часам ведаеш?

Я на момант сумеўся, але Галіна, здаецца, гэтага не заўважыла.

— На свеце столькі Бяловых...— прамовіў я.

— Дык займіся, не забудзь. Трэба, каб яго добра правучылі. Каб не панадна было ўсялякім Бяловым кідацца на людзей.

Я развітаўся і пайшоў дадому. Знарок не паехаў аўтобусам, хоць жыву далекавата ад Галчанавых, а пашыбаваў пехатою. Галава проста пухла ад думак. І я стараўся ісці паволі, часам нават збочваў з дарогі, каб не так скора прыйсці да свае хаты.

Ды ўсё ж і яна была ўжо нарэшце перада мною.

Жыву я ў харомах, якіх мала ўжо асталося ў нашым горадзе. Скрозь павырасталі новыя высачэзныя камяніцы, а наша нізенькая старэнькая хаціна ніяк не дачакаецца бульдозера, што прыйшоў бы і забурыў яе. Будавалі яе яшчэ мой дзед з бабуляй. Пасля ў ёй жылі мае бацькі. Бацькі загінулі ў вайну, і я, адзіны іх сын, астаўся і адзіным гаспадаром гэтай парахні. Уласнік я, адным словам. Маю пры хаце яшчэ і сад, таксама невялікі і стары. Дажываюць у ім свой век дзедаўскія дзесяць яблынь, чатыры грушы і штук колькі вішань, ды яшчэ куст кіслага-перакіслага агрэсту. Па тым заняпадзе, які пануе тут, можна меркаваць, што садоўніцтва — не маё хобі.

У гэтыя свае джунглі я і падаўся, перш чым пайсці ў хату. Тут пад адной з груш была лавачка, на якой я любіў пасядзець, падумаць, пачытаць.

Лавачка азвалася на мой прыход ціхім скрыпам.

...Мы сядзелі ўчора вечарам якраз на гэтай самай лавачцы...

Перад тым нехта пастукаў да нас у акно. Выйшла Люся, потым адразу вярнулася і сказала, што мяне пытаецца хтосьці незнаёмы. Я ступіў на ганак, угледзеўся ў цемру. За брамкаю на вуліцы стаяў высокі худы чалавек у ватоўцы і ў гумавых ботах, але без нічога на галаве.

Цяпер быў кастрычнік, пагодлівы, цёплы, і мне мімаходзь падумалася, што чалавек нешта зарана надзеў ватоўку.

— Здароў, Барыс,— сказаў чалавек вельмі знаёмым — да болю ў сэрцы, да пацямнення ўваччу — голасам.

Відаць, я доўга маўчаў, бо чалавек загаварыў зноў:

— Не пазнаеш, Барыс? Няўжо не пазнаеш?

— Ты?..— прашаптаў я.— Галчанаў?..

— Як бачыш, з таго свету таксама вяртаюцца. Вось мярцвяк і прыцёгся да цябе ў госці. Прымаеш?

Я ўсё яшчэ маўчаў — ашаломлены, аглушаны, аслеплены. Тое, што перада мною стаяў Галчанаў, было пастолькі неверагодным, што можна было ўсумніцца, ці ў сваім я розуме. Але гэта быў ён. Пастарэлы, асунуты, з ліхаманкавымі вачыма замест ранейшых быстрых і зухаватых, але ён. Пасля хатняга святла мае вочы ўжо асвойталіся з вячэрнім змрокам, і я цяпер добра бачыў ягоны, Галчанава, твар, між іншым, старанна паголены. Ад яго нават патыхала нейкім прытарным адэкалонам.

— У хату я не пайду, не варта. Але пагаварыць мне з табою трэба. Калісьці ў вашым садзе пад бэраю была лавачка, яна цэлая?

— Там цяпер новая. Тая струхлела.

— Тым лепш, калі новая.

Ён упэўнена папраставаў па сцежцы — некалі ён часцяком бываў у нас, яму тут усё было вядома і, выходзіць, не забылася.

— Гэта твая жонка выходзіла? А я думаў, што ты... Зрэшты, няважна, што я думаў.

Ён думаў, ясней за яснюткае, што я жыву з Галінай. Ён жа ведаў, што я кахаў некалі яе,— кахаў, тоячыся і ад яе, і ад яго.

— Ідыёт,— сказаў я.

— Што ж, я чуў за гэтыя гады і не такое. Слухаў і не адказваў. Не адкажу і зараз. Я, дружа ты мой няўдалы, добра навучыўся слухаць і маўчаць. Сцінаць зубы і маўчаць. Прысядзем?

Ён першы сеў на лавачку. Прымасціўся на краёчак і я.

— Куры,— сказаў ён і працягнуў пакамечаны пачак нейкіх танных папярос.

— Я не куру.

— А раней, помніцца, курыў.

— Раней курыў.

Мне здалося, што пачынае імжэць дождж. «То і добра,— падумаў я,— Галчанаў хутчэй пойдзе ад мяне».

— Ты сядзіш і думаеш: адкуль, маўляў, ён узяўся, гэты прывід? — Галчанаў паклаў нагу на нагу; правая, што была зверху, пачала нервова ўздрыгваць.— Каб ты залішне не натруджваў сваіх мазгоў, скажу адразу: з турмы. Вядома, з нашае. Хоць быў і ў іхніх. Ну, не ў турмах, а ў лагерах. Твая куля не дала мне тады смерці, хоць пасля я шмат разоў сам клікаў яе. Рана была цяжкая, але не смяртэльная. Мяне вылечылі... Яны вылечылі... Вылечылі на пакуты, на здзекі, на ганьбу. О, яны добра пастараліся, каб зрабіць з майго жыцця суцэльнае мучэнне.

Дождж паімжэў і перастаў. Зашапацела лісце — трывожна, бы нават пагрозліва.

— І яшчэ ты думаеш: чаго ён прыйшоў?.. Не, я прыцёгся з таго свету не для таго, каб помсціць табе. Я зразумеў — ты не мог тады зрабіць інакш. Позна, але зразумеў. Мне проста не трэба было браць цябе ў разведку.— Ён пераклаў левую нагу на правую; і насок левай таксама задрыжаў.— Я толькі сёння прыехаў... Толькі сёння... Захацелася, як кажуць, хапянуць роднага паветра.— Ён раптам рэзка павярнуўся да мяне і спытаў: — Галіна тут, у горадзе?

— Тут.

— І Толік?

— І Толік.

— Яму ўжо дваццаць пяты... Хто ён? Кім стаў?

— Скончыў інстытут. Працуе.

— Ажаніўся?

— Яшчэ не.

— Політэхнічны скончыў?

— Але.

Галчанаў памаўчаў. Закурыў новую папяросу.

— Я быў на трэцім курсе... Праклятая вайна!

Ён ударыў кулаком па назе. Пырснулі іскры з папяросы.

— Праклятая вайна! — паўтарыў ён.— Што яна зрабіла са мною! Як яна знявечыла маё жыццё, як перавярнула, перакруціла ўсяго мяне!..

— Вайна тут ні пры чым,— сказаў я.— Вайна невінаватая.

— А хто ж вінаваты?

— Ты сам. Толькі ты адзін. Вайна тут ні пры чым. Тое, што адбылося з табою — у гэтым вінаваты ты сам.

— Не, не, няпраўда! Гэта ўсё вайна... Калі б не вайна!.. Ты ўспомні. Мы ж раслі разам, вучыліся ў адным класе. Нават сядзелі побач.

— Ты сядзеў на першай парце, я — на другой.

— Ну, так. Але я быў гэткі ж, як і ўсе. Вучыўся, як і ўсе... нават лепш за іншых. Я быў піянерам... актыўным піянерам, прыкладным, ты не станеш гэтага адмаўляць. Потым уступіў у камсамол... ты ж памятаеш, мы разам уступалі. Я шмат займаўся грамадскай работай, ніколі не адмаўляўся ад даручэнняў. Я нават меўся ўступіць у партыю... Не, не, гэта вайна ва ўсім вінаватая. Калі б не вайна, усё ў мяне было б зусім іначай. Я многа думаў пра гэта. О, як у мяне было б усё здорава, каб не вайна. Ты ўяўляеш? Я скончыў бы інстытут, атрымаў дыплом, абавязкова з адзнакай. З маімі здольнасцямі, з партыйным білетам у кішэні я сігануў бы ўга куды!.. Па службовай лесвіцы не ішоў бы, а скакаў. З прыступкі на прыступку, з прыступкі на прыступку. Цяпер я быў бы па меншай меры дырэктарам завода... а можа, і яшчэ вышэй. Дарэчы, ты дзе працуеш?

— Тут... на адной фабрыцы.

— Кім?

— Майстрам.

— У партыі састаіш?

— Не састаю.

— Але, ты зорак з неба ніколі не хапаў.

Я сядзеў і думаў, што гэта і сапраўды магло здзеецца так, Галчанаў і папраўдзе мог стаць і дырэктарам завода, і можа, яшчэ кім вышэй; ён выступаў бы на сходах з абсалютна правільнымі прамовамі, нават пісаў бы ў газеты артыкулы на патрыятычныя тэмы. І ніхто, ані ніхто не ведаў бы ягонай сутнасці, ягонай душы. І я не ведаў бы таксама...

— Нават імя маё — і тое вайна адабрала,— пасля доўгага маўчання зноў пачаў гаварыць Галчанаў.— Я ж тады, як трапіў у палон, назваўся чужым прозвішчам. Я стаў Іванам Бяловым. І ў лагеры быў Бяловым, і ва ўласаўскай арміі Бяловым, і ў турме потым — Бяловым. І цяпер я — таксама Бялоў, Іван Андрэевіч Бялоў, вось хто я... Што ж ты маўчыш?

— А што тут скажаш... Ты, аказваецца, не толькі баязлівец...

— Так, я быў ва ўласаўскай арміі. Не скажу, што іменна да гэтага я імкнуўся, калі збіраўся ісці ў палон. Не, тады я разлічваў, што проста перабуду вайну ў лагеры для ваеннапалонных, і ўсё потым будзе добра. Ажно не, выйшла зусім не так. Каб выжыць, другога выйсця ў мяне там не было. Ды і наогул, калі зрабіў першы крок, немагчыма ўжо не зрабіць другога... Так я трапіў другі раз у палон. На гэты раз ужо да нашых.

— І ты... ваяваў супраць нас?

— Прымусілі...

— За гэта і атрымаў?

— Дваццаць год. І адбухаў іх, як адзін дзень. Ад званка да званка. Цяпер — якраз адтуль. Адтуль і адразу сюды, у горад нашага дзяцінства.

Усё больш трывожна, больш пагрозліва шапацела лісце. І голас Галчанава стаў грамчэйшы.

— Я праклінаю ўсё. Усё! Нават тую хвіліну, калі нарадзіўся на свет. І цябе, ведай гэта, таксама праклінаю!.. За тое, што ты шчаслівы, што маеш сваё імя, што для цябе ёсць дзённае святло...— Ён узняўся з лаўкі.— Не, не за тое. Што ты быў слабейшы за мяне, што дазволіў мне — тады, даўно, у дзяцінстве,— стаць над табою, над многімі іншымі, вось за што. Гэта ты, ты вінаваты, што я зрабіўся тым, кім зараз стаю перад табою. І за гэта я праклінаю цябе!

Гэта было ўжо занадта, і я крыкнуў яму, каб ён каціўся к чортавай матары.

— Ты нават крыкнуць як след не ўмееш,— сказаў ён.— Гэта не крык, а бездапаможны лепет. Бывай! Цяпер — назаўсёды!

І ён сапраўды памеўся пайсці. Але, ступіўшы якія два крокі, зноў прыпыніўся.

— Не хвалюйся, я да іх не пайду. Я ж для іх не існую. Мяне няма. Ёсць І. А. Бялоў. А што для іх нейкі І. А. Бялоў?!. Так, мяне няма. Ты ж не сказаў ім усяе праўды?

— Не сказаў.

— Я так і ведаў, ты не мог ім сказаць. Мабыць, ты нават выдумаў, быццам я па-геройску загінуў ад нямецкай кулі? Так? І яны паверылі?

— Паверылі.

— Табе маглі паверыць... Выходзіць, Аляксей Галчанаў для іх... ды і наогул для ўсіх — чалавек, які загінуў смерцю храбрых?.. І значыць — герой?.. Здорава, чорт вазьмі!

І ён нервова, апантана зарагатаў.

...Так, мы сядзелі з ім учора на гэтай самай лавачцы. І ён, дзіка рагочучы, пайшоў адсюль у цемру, у ноч. І я думаў, што хоць цяпер ён нарэшце знікне назаўжды.

Аж не, не знік...

Трэба было ісці дамоў. Я падняўся з лавачкі. У вокнах было цёмна — можна было падумаць, што Люся ўжо даўно заснула.

Ды я ведаў, што яна яшчэ не спіць. Яна не засне, пакуль не прыйду я. А тады будзе каяцца, будзе прасіць прабачэння за тыя свае дурныя словы па тэлефоне, што немаведама як зляцелі з языка. Яна будзе горача шаптаць, што любіць мяне, таму во і мучаецца — і сябе мучыць, і мяне...

А заўтра мне прыйдзецца займацца Толікавай справай.

Я абяцаў Галіне.

Прыйдзецца. І, канечне, пасля дваццаці гадоў зацятага маўчання давядзецца нарэшце расказаць праўду.

Лепей бы ніколі яе не расказваць. Лепей бы мерцвякі не вярталіся з таго свету...

1966


1966