epub
 
падключыць
слоўнікі

Яўген Васілёнак

Выпадковы прыпынак

Скоры поезд не прыпыняўся на гэтай невялічкай палявой станцыі, і машыніст Барыс Холад мінаў яе без якіх бы там ні было душэўных зрухаў. Седзячы на сваім утульным крэсле за правым крылом паравоза, ён з самым абыякавым выглядам пазіраў на будынак вакзала, на прадаўгаваты барак побач з ім і на домікі, што стаялі крышку воддаль ад станцыі, за выхадным семафорам. Барыс ніколі не задумваўся над тым, якія тут людзі, як яны жывуць. Ніколькі не цікавіла яго нават і тое, што адзін з домікаў наводшыбе меў трохі дзіўны выгляд: яго вокны заўсёды былі завешаны фіранкамі, нібы той, хто жыў там, старанна хаваў ад чужога вока сваё шчасце або сваё гора.

Паравоз, на якім ездзіў Барыс Холад, за час рэйса двойчы мінаў гэтую ціхую непрыкметную станцыю — апоўдні, калі ехаў на Мінск, і позна ўвечары, калі вяртаўся назад, у сваё дэпо. У першым выпадку станцыя і яе нешматлікія пабудовы былі з левага боку ад паравоза, і машыніст амаль не бачыў іх, у другім — усё знаходзілася якраз перад яго вачыма. Аднак ні пры яркім сонечным святле, ні пры бледным ззянні месяца нішто тут ні разу не ўсхвалявала Барыса, нішто не вывела яго са звычайнай раўнавагі.

— Ну і мясціна ж тут! — гаварыў памочнік машыніста Саша Налецька, з захапленнем пазіраючы наўкола.— Проста не налюбуешся! Тут павінны жыць вельмі шчаслівыя людзі.

Холад не звяртаў і самай малой увагі на гэтыя ўзнёслыя тырады свайго памочніка, бо лічыў іх вынікам Сашынай маладосці і неўраўнаважанасці яго характару. Сам Холад быў не здатны на такую ўзнёсласць — яму здавалася, што, калі чалавеку пераваліла за трыццаць, ён ужо не мае на яе права.

— Вось калі прыйдзе тая пара, што трэба будзе жаніцца,— гаварыў далей Налецька,— я замест вясельнага падарожжа абавязкова сюды прыеду, на цэлы месяц. От жа даў бог прыгажосць мясціне, ну што ты скажаш!..

— Гэтая мясціна толькі дарэмна месца займае,— нездаволена бурчаў Холад.— Вунь, бачыш, яр.

— Раскошны яр! — усклікваў Саша.

— Раско-ошны!..— перадражніваў Сашу Барыс.— Карысці з яго, як з казла: ні воўны, ні малака.

— Але ж прыгажосці колькі! — не сунімаўся Налецька.

Барыс Холад не лічыў патрэбным далей весці гаворку на гэтую бяссэнсавую тэму і змаўкаў. Аднойчы, праўда, ён сказаў быў яшчэ:

— А што датычыцца тваёй будучай жаніцьбы...

Аднак гэтая фраза так і асталася няскончанай: Холад неяк неакрэслена правёў рукой у паветры, і Саша так і не даведаўся, што меў сказаць наконт яго будучай жаніцьбы машыніст.

Барыс Холад быў халасцяком. Ніхто дакладна не ведаў, чаму ён дагэтуль не жанаты, ды і сам Барыс не мог толкам вытлумачыць, як яно сталася, што ён у такія гады ходзіць, па трапнаму слову аднаго паравозніка, пустапасам. Лічылася, што Холад заядлы «службіст», да самазабыцця адданы пяцістам сарака васьмі параграфам «Правіл тэхнічнай эксплуатацыі чыгунак», што ён страшэнны «сухар». Калі ж ягонаму сэрцу і даступна такое пачуццё, як каханне, дык хіба толькі ў дачыненні да адзінай у свеце істоты — да лакаматыва.

— А бярозкі якія! — зноў пачынаў захапляцца Саша Налецька.— А сосны!..

— Рэчка! — глуха гаварыў Холад.

Аднак гэта зусім не азначала, што ён таксама пачынаў падзяляць захапленне свайго памочніка. Проста яго заўвага была папярэджаннем аб тым, што наперадзе, метраў праз сто будзе мост і што адпаведны параграф службовай інструкцыі патрабуе ў такіх выпадках зачыніць паддувала.

— Зачыні! — строга дадаваў машыніст і торгаў за рычаг гудка.

Поезд ляцеў далей, станцыя аставалася ззаду, і ніколі ў машыніста не ўзнікала жадання павярнуцца і паглядзець на яе яшчэ раз.

Бег час, праходзілі сваім парадкам дні і месяцы, і нішто не рабіла колькі-небудзь прыкметных змен у мерным і спакойным жыцці Барыса Холада. І па-ранейшаму на поўнай хуткасці праносіліся паўз невялічкую палявую станцыю скорыя паязды, што вадзіў ён,— усё міма і міма...

Але вось аднаго разу, калі Барыс Холад рабіў свой звычайны рэйс і па даўняй звычцы абыякава пазіраў на ўсё, што знаходзілася па-за межамі чыгуначнага палатна, яго ўвагу раптам усё ж прыцягнуў домік наводшыбе, той самы, вокны якога былі заўсёды завешаны фіранкамі. Здарылася гэта напэўна таму, што на гэты раз адно акно, сярэдняе, было расчынена насцеж і з яго лілася музыка.

Не было сумненняў, што ў доміку з’явіўся новы жыхар, ды не адзін, а з патэфонам ці мо нават з радыёлай.

У наступны момант Холад убачыў і самога навасельца: у акне паказалася постаць маладой дзяўчыны ў яркай малінавай сукенцы; дзяўчына абаперлася левай рукой на падаконнік, а правай стала махаць поезду...

Толькі адно вельмі кароткае імгненне бачыў машыніст гэтае расчыненае насцеж акно і постаць дзяўчыны, што махала рукою, бо ў наступную хвіліну паравоз са страшэннай хуткасцю пранёсся міма і засланіў сабою нечаканае відовішча. І яно проста не павінна было пакінуць і самага малога следу ў душы машыніста, тым больш, што перад вачыма знаходзіўся ўжо слупок з шыльдай-загадам — «Зачыні паддувала і не сіфонь!» — на якім іменна і трэба было сканцэнтраваць усю ўвагу. Але машыніст чамусьці раптам хутка павярнуўся да памочніка, і той убачыў, што вочы ў Барыса Холада дзіўна ўспыхнулі, а на твары з’явілася збянтэжаная ўсмешка.

Памочнік чакаў ад машыніста прывычных слоў наконт паравознай топкі і падрыхтаваўся ўжо быў націснуць на адпаведны рычаг, але тут адбылося нечаканае: Холад сам спрытна ўправіўся з паддувалам, а тады, усё гэтак жа дзіўна ўсміхаючыся, неспадзявана сказаў:

— А дзянёк сёння, уласна кажучы, нішто сабе, праўда?

— Ага, ага, выдатны дзянёк! — заспяшаўся падтрымаць гаворку Саша Налецька.— Даўно такога не было. Я нават і не помню, калі ў апошні раз было такое сонца.

Машыніст высунуўся з будкі і нейкі час пільна глядзеў назад.

— І дажджу, напэўна, не будзе,— прамовіў ён.

— Не, не, не будзе! Што датычыцца дажджу, дык тут усё абсалютна ясна: яго цяпер, уга, колькі не будзе!

Поезд імчаў наперад, лёгка цягнучы за сабою дзесяць цёмна-сініх вагонаў, і машыніст са здзіўленнем пачаў заўважаць, што акрамя перастуку колаў паветра нібы напоўнена яшчэ і шчабятаннем птушак і што наўсцяж чыгункі стаяць не адны толькі тэлеграфныя слупы,— у надзвычай прыемным суседстве з імі мірна жывуць пахучыя белыя акацыі.

На паравозе ў Барыса Холада быў надзвычай моцны гудок, мацнейшы за ўсе на ўчастку. Ён роў да таго аглушальна, што нават прызвычаеныя да розных гукаў счэпшчыкі спалохана закрывалі далонямі вушы, пачуўшы яго трубны голас. А ў гэты дзень, падлятаючы к станцыям, паравоз гудзеў, здавалася, яшчэ больш аглушальна, і людзі кідаліся ад яго, як апантаныя.

Назад паравознікі вярталіся позна ўвечары. Было цёмна. Месяц не паказваўся, на небе толькі сям-там цьмяна гарэлі адзінокія зоркі. Абрысаў наваколля не было відно, яны толькі ўгадваліся.

— Пад’язджаем! — сказаў Саша Налецька.

Машыніст уздрыгнуў і, хутка павярнуўшыся, пільна паглядзеў на памочніка. Але Саша стаяў спіною да Холада, і машыніст так і не зразумеў, чаму яго памочнік палічыў патрэбным сказаць гэтае кароткае і зусім не абавязковае ў дадзеным выпадку слова.

Прамень паравознага пражэктара, імкліва сунучыся ўперад, асвятляў не толькі рэйкавую каляю, але нават і тое, што стаяла паабапал чыгункі. Вось ён намацаў вежу семафора, потым слізгануў па сценах домікаў і пабег далей.

Домікі былі цёмныя і ціхія. Ніводнага агеньчыка не гарэла ў вокнах, ніводнага гуку не чулася з іх. «Але, але, цяпер жа позна ўжо»,— сказаў сам сабе Барыс Холад.

Абмінаючы станцыю, машыніст даў працяглы развітальны гудок. Дзяжурны, што стаяў на пероне, аж перасмыкнуўся ад гэтага неймавернага ляманту.

— Ведаеш, пра што я хачу спытаць у цябе? — сказаў Холад, кінуўшы на Сашу хуткі позірк.

«Напэўна пра двухсот саракавы параграф, на якім я ў мінулы раз зрэзаўся»,— падумаў Саша. І, не чакаючы, пакуль машыніст пачне гаварыць далей, памочнік стаў бойка рапартаваць:

— Тэхнічны стан лакаматываў выяўляецца шляхам агляду, які праводзіцца...

— Пачакай, сакатун,— перапыніў яго Холад.— Скажы... ты быў у Траццякоўскай галерэі?

— У Траццякоўскай? Не, не быў,— шчыра прызнаўся Саша.— А што? Рэпрадукцый я многа бачыў.

Машыніст памаўчаў крыху, пасля сумна сказаў:

— Я таксама не быў...— Ён зноў памаўчаў.— Многа, аказваецца, мы з табой страцілі ў жыцці, Саша.

— А гэта ў залежнасці ад таго, з якога боку падысці да жыцця,— па-філасофску зазначыў Налецька.— І калі падысці з пэўнага боку, дык выявіцца, што знайшлі мы больш, чым страцілі. Ды і наперадзе будзе яшчэ багата знаходак.

— Мне ўжо трыццаць два, Саша.

— Гэта яшчэ не сто, і нават не пяцьдзесят. Дарэчы, мой бацька ажаніўся, калі яму было трыццаць тры.

— Праўда? — Холад уважліва паглядзеў на Сашу, нібы ўпершыню бачыў яго. Потым, сумеўшыся, роўна сказаў: — Уключы левы інжэктар.

А наступным разам, калі яны ехалі тут удзень, машыніст зноў бачыў дзяўчыну ў малінавай сукенцы, і зноў яна махала рукою поезду. А поезд праляцеў міма, не спыняючыся і нават не памяншаючы хуткасці.

«Падобна на тое, што яна чакае некага»,— сказаў сам сабе Барыс Холад і ўздыхнуў.

А далей ён паглядзеў перад сабою і раптам усклікнуў:

— Глядзі, глядзі!

— Што? — спалохаўся Саша Налецька.

— Бярозка!

— Чаму? — не зразумеў Саша.

— Вунь, вунь, глядзі! Бачыш? — выцягваючы руку, радасна гаварыў Холад.— Дзіўна... Адкуль яна ўзялася? Яе ж тут, здаецца, ніколі не было!..

Разгалістая бяроза стаяла трошкі воддаль ад чыгуначнага палатна, пасярод нейкага бляклага хмызняку. Шчодра залітая сонцам, яна далікатна варушыла сваёю ярка-зялёнай лістотаю і аж зіхацела; верхавінка яе злёгку пагойдвалася, і было такое ўражанне, быццам бяроза камусьці кланяецца.

— Я тут з вамі восем месяцаў езджу. Магу паручыцца, што яна і да нас была.

— Дзіўна...

Між тым поезд імчаў далей, і перад вачыма мільгалі ўжо новыя малюнкі. Імкліва пранёсся міма невялікі сасновы лес, праплыло жытняе поле, потым праскочылі хаткі нейкай вёскі. На гарызонце паказалася сядзіба машынна-трактарнай станцыі. На ўзгорку побач з чыгункай вырасла будка пуцявога абходчыка з высокім флюгерам над дахам; імгненне — і будка асталася далёка ззаду, і перад вачыма зноў распасціралася раўніна. Уздоўж чыгункі пабегла вузенькая, у калдобінах, дарога; па дарозе панура тупала белая карова з адным рогам, а за ёю, з доўгім прутком у руках, паважна крочыў галалобы і басаногі хлапчук...

А ў небе зырка палала сонца і, шчодра азораныя ім, асляпляльна блішчалі далягляды.

— Слова гонару, яна дужа прывабная,— нечакана сказаў Саша Налецька.— У ёй ёсць нешта ад гэтай незвычайнай мясціны. Нешта такое... гэткае...— Саша падумаў і ўпэўнена скончыў: — Такую абавязкова павінна напаткаць шчасце.

«Гэта ён пра тую дзяўчыну»,— здагадаўся Барыс Холад.

Скасіўшы вочы налева машыніст убачыў, што памочнік крадком назірае за ім і што на вуснах яго блукае спагадлівая ўсмешка.

Нейкае дзіўнае, незразумелае хваляванне ўзнялося раптам у душы Барыса Холада. Яму нясцерпна захацелася падысці да Сашы і моцна абняць яго...

Праз дзень машыніст зноў убачыў дзяўчыну ў акне доміка наводшыбе. Сам не разумеючы, як ён адважыўся на гэта, Барыс узяў і памахаў ёй рукою... Ён не ведаў, ці заўважыла дзяўчына яго міжвольны жэст, бо паравоз у адно імгненне праскочыў міма; аднак Барысу хацелася верыць, што ад увагі дзяўчыны нічога не ўнікла.

Потым аднаго разу Холаду пашанцавала і ўвечары ўбачыць незнаёмку. Нягледзячы на позні час, яе акно ў той дзень было ярка асветлена і расчынена насцеж. Дзяўчына сядзела за сталом у глыбіні пакоя і чытала. Шум поезда зусім не прыцягнуў яе ўвагі, яна нават не варухнулася. Хоць паравоз праскочыў міма акна са сваёй звычайнай імгненнасцю, Холад паспеў заўважыць, што ў пакоі, акрамя незнаёмкі, нікога не было. Значыцца, яна жыла тут адна.

Станцыя праляцела і знікла. Машыністу трэба было глядзець перад сабою, толькі паперад, аднак ён раз за разам паварочваўся і кідаў хуткія позіркі назад. І доўгі час, аж да наступнай станцыі, яму здавалася, што далёка ў цемры незгасальна мігціць агеньчык таго адзінокага акна.

...А пасля дзяўчына прапала. Невядома было, ці то яна з’ехала са станцыі назусім, ці то знікла часова. Аднак яе акно болей не расчынялася, і за апушчанымі фіранкамі, здавалася, не было ўжо ніякага жыцця.

Так прайшло два тыдні.

Пралятаючы паўз станцыю, трывожна і сумна гудзеў паравоз, журботна і нездаволена стукалі на стыках вагонныя колы.

Лета канчалася. Наставала восень. Бляклі фарбы наваколля, нават і неба, здавалася, пачало выцвітаць пад пякучымі праменнямі сонца, якое сёлета добра-такі пастаралася!..

Невялічкая палявая станцыя стала нібыта яшчэ меншай.

Але дні стаялі яшчэ пагодныя. І тая бярозка, якую нечакана для сябе выявіў Барыс Холад, па-ранейшаму была смарагдава-зялёнай, як і тады, яна гэтак жа старанна кланялася машыністу.

Па нейкаму ўзаемнаму маўкліваму ўгавору Барыс Холад і Саша Налецька не ўспаміналі ўголас пра незнаёмку. Ні адзін, ні другі не пачынаў першы размовы на гэтую тэму. Праўда, у дарозе яны цяпер гаварылі шмат аб чым, тэм для размоў знайшлося ў іх багата, але, як толькі паравоз набліжаўся да тае палявое станцыі, абодва змаўкалі і праязджалі міма яе моўчкі.

У самым пачатку верасня, калі Барыс Холад рабіў апошні рэйс перад тым, як паставіць свой паравоз у пад’ёмачны рамонт, яму давялося весці не скоры, а звычайны пасажырскі поезд. Быў ціхі лагодны вечар. Поезд шпарка імчаў па рэйках, а на небе навыперадкі з ім каціўся збляднелы месяц. Недзе далёка наперадзе прамільгнула знічка, праз некаторы час упала другая...

Поезд набліжаўся да станцыі, дзе скоры ніколі не затрымліваўся, але дзе пасажырскаму быў вызначаны па графіку пяцімінутны прыпынак. Барыс Холад пачаў стрымліваць бег поезда. Паступова ўсё павольней круціліся колы, усё цішэй пыхкала пара ў трубе.

Заўтра Барыс Холад з Сашам Налецькам будуць ужо ў адпачынку. У кішэнях у іх — турысцкія пуцёўкі. Заўтра паравознікі рушаць у падарожжа. Спачатку яны паедуць у Маскву, пабываюць там у Крамлі, на сельскагаспадарчай выстаўцы (Траццякоўка маецца на ўвазе сама сабою), потым уладзяцца на параход, праплывуць па каналу і — гайда ўніз па матушцы па Волзе!..

Падарожжа мае быць дужа цікавым.

Але думкі аб ім па меры набліжэння да станцыі, дзе Барысу Холаду прыйдзецца зрабіць першы за час язды на гэтым участку прыпынак, пачалі раптам засланяцца якімсьці незразумелым трывожным пачуццём неспакою і смутку. Вочы нечага шукалі ў цемры, яны старанна сачылі за промнем паравознага пражэктара. А той, як і звычайна, абыякава намацваў шлях наперадзе, закранаючы сваім святлом і тое, што стаяла паабапал чыгункі.

Цяпер поезд ужо ледзь-ледзь сунуўся.

І вось ён стаў, і проста перад паравозам быў домік наводшыбе, і ў ім ярка свяцілася расчыненае насцеж сярэдняе акно.

— Монна Ліза! Джаконда! — пачуў Барыс голас Сашы Налецькі за спіною.— Нібы з карціны Леанарда да Вінчы сышла!..

На твары ў дзяўчыны, якая стаяла пасярод пакоя каля круглага стала і да нечага прыслухоўвалася і якую добра відаць з паравознай будкі, блукала ціхая ясная ўсмешка. Гэтая ўсмешка стварала ўражанне, нібыта дзяўчына ведае штосьці такое, чаго не ведаюць другія, і іменна таму яна не можа не ўсміхацца. Замест звычайнай малінавай сукенкі на дзяўчыне быў цяпер гарнітур — ружовая блузка і цёмная плісіраваная спадніца, і ўсё гэта было ёй вельмі да твару.

Да акна ад паравоза было зусім блізка, мо крокаў трыццаць ці нават меней. Барыс Холад выразна бачыў і саму дзяўчыну, і абсталяванне яе пакоя. Усё тут было простае. Вялікі аранжавы абажур з кутасікамі змякчаў святло яркай электрычнай лямпы, афарбоўваючы сцены пакоя і рэчы ў ім у прыемныя спакойныя тоны. Вось дзяўчына нахілілася над букетам чырвоных вяргінь, што стаяў на стале ў фігурнай шкляной вазе, пераставіла некалькі кветак з аднаго месца на другое. Потым падышла да прыёмніка, уключыла яго, аднак тут жа і выключыла. А тады паправіла падушачку на канапе...

У пакоі панаваў той своеасаблівы дух чысціні і ўтульнасці, які гэтак характэрны для дзявочага жытла. Барыс Холад з тугою падумаў аб тым, што ён не здолеў бы пераступіць парог гэтай святыні.

І якраз у тую хвіліну, як ён падумаў гэта, у дзверы пакоя хтосьці пастукаў. Дзяўчына імкліва падалася да дзвярэй, адчыніла іх і адступіла на крок назад.

На парозе стаяў высокі малады мужчына ў вайсковай форме, але без пагон. Дзяўчына ўскрыкнула і кінулася да яго. Яна павісла на шыі ў яго, а ён, забыўшыся выпусціць чамаданчык з левай рукі, імкліва абняў яе абедзвюма рукамі і прыціснуў да сябе.

Барысу Холаду здалося, што за яго спіною ціха ўздыхнуў Саша Налецька. Але машыніст не павярнуўся, ён апусціў вочы долу і ўвесь неяк сціснуўся.

«Гэта ж я сам і прывёз яго,— падумаў Барыс.— Ён прыехаў на маім поездзе».

Машыніст паглядзеў перад сабою. Там, у акне, двое ўсё яшчэ стаялі на ранейшым месцы і ў ранейшай паставе. Не было ніякага сумнення: яны былі ўпэўнены, што на свеце, акрамя іх, нікога не існуе.

— На семафоры — зялёны! — сказаў Саша Налецька.— Паехалі!

Барыс узяўся за ручку, каб даць сігнал адпраўлення... І яму раптам выразна ўявілася, як зараве зараз гудок і як, аглушаныя і перапалоханыя гэтым страшэнным ровам, скалануцца тыя двое і міжвольна адскочаць адно ад аднаго...

А ім гэтак хораша быць разам!..

Рука машыніста саслізнула з сігнала і лягла на рэверс ходу. Пасля асцярожна пасунула яго ўлева. Барыс паспрабаваў успомніць, які гэта параграф — упершыню ў жыцці! — ён парушае, але думкі ў галаве ішлі нейкім іншым парадкам.

Машыністу нечакана зрабілася і сумна і неяк дзіўна лёгка. Ён высунуўся з будкі і рашуча паглядзеў наперад. Там зіхацела вабная зорная далячынь.

Поезд плаўна скрануўся з месца і, набіраючы хуткасць, паляцеў насустрач зорам.