epub
 
падключыць
слоўнікі

Яўген Васілёнак

Замець

 

Як стала цямнець, усхадзіўся вецер. Па рэйках пабегла пухкая замець, забіваючы стрэлкі снегам. Аляксей Нямнога высунуўся з акна паравознай будкі, акінуў позіркам станцыйныя пуці. Іхні веер, вузеючы на выхад да стрэлачнай гарлавіны, патанаў у дрыготкай шэрані. Падумаўшы, што цяпер рабіць манеўры будзе цяжэй, Аляксей прывычным рухам перавёў рэверс, пасунуў рэгулятар. Колы спачатку прабуксавалі разоў колькі, потым даволі лёгка скранулі паравоз з месца.

— Не пашэнціла нам з надвор’ем,— сказаў памочнік машыніста Сяргей Бабук.— Пакуль змена, вочы на лоб вылезуць.

— Але, не пашэнціла...— паморшчыўся Аляксей Нямнога: снежныя калючкі сцёбнулі яму ў твар.

— Паязным брыгадам зараз яшчэ цяжэй,— прамовіў качагар Валодзя Кірылюк.— Праехаць чырвоны сігнал — што плюнуць!..

— Не каркай! — цыкнуў на яго Сяргей.— Бяры шуфель, вугаль вунь пачынае змярзацца.

З першага пуці толькі што адправіўся пасажырскі поезд на Мінск. Магутны магістральны цеплавоз амаль нячутна ўзяў яго з месца і адразу пачаў імкліва набіраць хуткасць. Цяпер ужо і хваставога агеньчыка не было відаць, поезд выйшаў на перагон.

Да канца змены было яшчэ багата часу. «Яшчэ маршруты два, а то нават і тры ўправімся расфарміраваць»,— падумаў Аляксей.

На падножку ўскочыў на хаду саставіцель, сярэдніх год мужчына ў расхрыстанай ватоўцы, са ссунутай на патыліцу шапкай, з-пад якой выбіваліся кучары чорных, прыцярушаных снегам валасоў. «Фарсун!» — зазначыў у думках Аляксей Нямнога.

— Механік, будзем расфарміроўваць зборны,— сказаў саставіцель.

— З шостага пуці?

— З шостага.

— Дарэчы, як тваё прозвішча?

— Шацкі я. А завуць Паўлам. А цябе?

Аляксей назваў сябе. Ён чамусьці вельмі не любіў гэтага фамільярнага слова «механік», якім з давён-даўна чамусьці называюць на транспарце машыністаў.

— Цікавае ў цябе прозвішча! — зарагатаў Шацкі і ўзлез па прыступках у будку.— Нямнога!.. Першы раз чую такое! Гы, Нямнога!

— Залішне балбочаш,— сказаў Аляксей.— Лепей давай план расфарміроўкі.

— От зараз дзяжурная скажа. Міравецкая, між іншым, бабенцыя. Пальчыкі абліжаш. Цікава — замужняя яна альбо яшчэ не?.. Давай, тармазі нямнога, таварыш Нямнога!

— І скуль гэта ты ўзяўся, такі балбатун? — прытарможваючы паравоз, нездаволена прамовіў Аляксей.— Штосьці я цябе раней не бачыў у нас. Мабыць, паступіў нядаўна?

— З Мінска прымчаў, са сталіцы. У вас тут саставіцельскіх брыгад не хапае, от мяне з памочнікам Сашкам Максімавым і камандзіравалі сюды. Аж на цэлы месяц. Любата! І зарплата ідзе, і камандзіровачныя бягуць... А вунь дзяжурная ўласнай персонай шыбуе. Ну і бабенцыя, от жа ж бабенцыя!..

З вакзала і папраўдзе выйшла на перон дзяжурная па станцыі Ніна Дарафеева — смуглатварая, падобная на цыганку, дзяўчына. Яна была ў цёмна-сінім форменным паліто і ў чырвонай фуражцы, на нагах — высокія элегантныя боцікі, і ўсё гэта вельмі пасавала ёй. Калі паравоз прыпыніўся, Павел Шацкі саскочыў долу і, прыстукнуўшы абцасамі заледзянелых валёнак, зухавата казырнуў дзяжурнай.

— Я вас слухаю, таварыш начальнік! Гатовы выканаць любое ваша заданне, таварыш начальнік!

— Хлопчыкі,— сказала Ніна,— той зборны няхай пакуль што пачакае. Прыйдзецца ўзяцца за тысяча дваццаць чацвёрты. Яго трэба ў першую чаргу перафарміраваць.

— Ёсць, таварыш начальнік! — зноў казырнуў Шацкі.— Будзе зроблена, таварыш начальнік!

Яны падаліся ў дзяжурку ўдакладняць план манеўраў. Шацкі паслужліва свяціў ёй пад ногі ліхтаром.

Ужо зусім сцямнела. Змагаючыся з цемраю, пражэктары кідалі з мачтаў на пуці промні святла, але гэта памагала мала — прабіцца скрозь узвіхуранае шаленства снежнага пылу ім было цяжка.

— Як ён сказаў? — пачуў Аляксей Валодзеў голас.— Бабенцыя?.. Няхай дзякуе, што не чуе гэтага Ягор Талейка. Ён бы яму, гэтаму хлюсту, паказаў бабенцыю! Ён бы яму паказаў, дзе ракі зімуюць!

— А мне ён падабаецца,— сказаў Сяргей Бабук.— Вясёлы хлопец, зухаваты. З такім нідзе не засумуеш. І работа ў яго аж гарыць. Без году тыдзень працуе ў нас на станцыі, а ўжо і пуці ўсе ведае, і стрэлкі, і маршруты. Не, вы сабе як хочаце, а мне ён падабаецца, праўду кажу.

«Але, але, Ягор Талейка паказаў бы яму, дзе ракі зімуюць,— думаў Аляксей.— Ніну ён не дасць у крыўду, гэта ўжо будзьце ўпэўнены».

І штосьці падобнае на зайздрасць варухнулася ў Аляксеевым сэрцы. На зайздрасць... або на рэўнасць?

Ат, няма чаго пра гэта думаць, няма чаго тлуміць сабе галаву рознай непатрэбшчынай. Што было, тое сплыло. Ну, не атрымалася ў іх з Нінай кахання, то што ж тут паробіш!.. Ну, аддала яна перавагу Ягору Талейку, то хіба ж тут што-небудзь перайначыш!

Нічога ўжо не паробіш і нічога не перайначыш. Ані нічога.

Адчуўшы, што ўвесь час глядзіць на ярка асветленае акно дзяжуркі, Аляксей хутка павярнуў галаву налева, пачаў узірацца ўздоўж пуцей. Наперадзе стужкі рэек нібы правальваліся ў нейкую бездань.

Бездань — не бездань, а пуці там і сапраўды маюць пакат. Гэты пакат пачынаецца адразу ад станцыі — спачатку невялікі, ледзь прыкметны на вока. Затым ён большае, і гэтак аж да наступнай станцыі, да Заранска. І калі поезд ідзе ў той бок, дык вагоны самі падштурхоўваюць цеплавоз, і машыністу ўвесь час даводзіцца прыцішваць, прытарможваць іхні бег.

А вецер усё мацнеў. І ўсё прыспешваўся шалёны танец сняжынак, перамешаных з прамёрзлым пяском.

Аляксей не заўважыў, калі з дзяжуркі выйшаў Шацкі, і таму нават здрыгануўся, як пачуў ягоны голас зусім побач:

— Паехалі нямнога, таварыш Нямнога!

— Куды? — замест Аляксея запытаўся Сяргей Бабук.

— На восьмы пуць, у хвост тысяча дваццаць чацвёртаму. Работа невялікая, але тэрміновая. Трэба выкінуць з сярэдзіны шэсць вагонаў. Ніна Сямёнаўна прасіла зрабіць як найхутчэй, ёй трэба адпраўляць састаў далей. Не падвядзём Ніну Сямёнаўну, га? Памочніка я ўжо выправіў да саставу, хай рыхтуе адчэпку. Паехалі, браткі! Варушыся нямнога, таварыш Нямнога!

Аляксей перавёў рэверс на задні ход, штурхнуў рэгулятар. Са свістам вырвалася пара з цыліндраў, ахутаўшы паравоз белым воблакам. Колы рыўком скранулі паравоз, і ён жвава пабег па рэйках тэндэрам уперад.

— Ну і бабенцыя, от жа ж бабенцыя!..— не сунімаўся Шацкі.— За такою можна і ў агонь, і ў ваду. Але ж ты мне, механік, так і не сказаў, замужам яна ці яшчэ не.

— А ты ў яе сам спытай.

— Ды я і пытаўся, але яна адно рагоча.

— Паслязаўтра, у нядзелю, наша дзяжурная будзе гуляць вяселле,— не паварочваючыся, сказаў Сяргей Бабук.

— Што ты кажаш!..— пстрыкнуў пальцамі Шацкі.— Няўжо праўда?..

— Спазніўся ты, браце, узяць сваю камандзіроўку,— зарагатаў Сяргей Бабук. З тэндэра грымнуў таксама Валодзеў рогат.

— То за каго ж яна замуж ідзе? — ані не бянтэжачыся, спытаў Шацкі і чамусьці зірнуў на Аляксея.

— Ёсць адзін такі машыніст — Ягор Талейка! — паказваючыся ў праёме дзвярэй з тэндэра, паспяшаўся сказаць Валодзя Кірылюк.

— А-а, ведаю. Ён пасажырскія водзіць.

— Лічы — прапашчае тваё дзела,— зноў зарагатаў Бабук.

— Не кажы...

Яны выехалі за стрэлку, прыпыніліся. Пачалі чакаць, пакуль перавядзецца стрэлка. Але тая чамусьці не краталася.

— Забылася на нас нявеста, ці што? — прабурчаў Шацкі.

Нарэшце на стрэлцы пачулася надрыўнае, перарывістае гудзенне. Аднак стрэлка і цяпер не пераводзілася.

— Ясна,— сказаў Шацкі,— снегу набілася.

Матор на стрэлцы памаўчаў крыху і зноў загудзеў. Вастракі трошачкі ссунуліся, але далей не ішлі.

— Дзе ж тая чысцільшчыца, ліха яе матары! — са злосцю сказаў Шацкі.— Мусіць, недзе ў цяпло зашылася і не шманае.

— Хіба ў яе адна гэтая стрэлка,— працадзіў праз зубы Аляксей.

— Але ж нам трэба...

— А калі трэба, дык узяў бы і сам пачысціў. Не зломак жа.

Шум матора на стрэлцы заціх. Шацкі паглядзеў у той бок, тады перавёў позірк на Аляксея.

— А што ты думаеш! Зробім падаруначак нявесце! Далібог, зробім!

Ён схапіў шуфель, жмут абцірачных канцоў і саскочыў долу.

— Баявы хлопец! — зазначыў Бабук.— Люблю такіх!

Хвілін праз пяць зноў загудзеў матор — цяпер ужо роўна, спакойна. Стрэлка перавялася.

Да паравоза падбег Шацкі — узбуджаны, з узмакрэлым ілбом.

— А я што казаў! Зробім, казаў, падаруначак нявесце — і зрабілі! Завадзі свой самавар, механік!

«Сам ты самавар! — адкрываючы рэгулятар, агрызнуўся ў думках на Шацкага Аляксей.— Не ўсім жа ездзіць на цеплавозах ды на электравозах, некаму ж трэба і на манеўрушцы коўзацца па станцыі, бо і гэта патрэбна, і без гэтага не абысціся. А машына ў мяне яшчэ добрая, паслухмяная».

Астатнія стрэлкі пераводзіліся спраўна: мусіць, каля іх нядаўна пабывала чысцільшчыца.

Нарэшце яны апынуліся на восьмым пуці, у хвасце доўгага таварнага саставу — тут былі і вагоны, і платформы, і цыстэрны. Ляснула аўтасчэпка. Паравоз і састаў сталі цяпер адно цэлае.

Недзе ў сярэдзіне саставу счэпшчык Максімаў прасігналіў: маўляў, састаў расчэплены ў патрэбным месцы. Шацкі паказаў Аляксею:

— Кратай!

І зноў колы пабуксавалі крыху, пакуль скранулі састаў.

— Выедзем з гэтымі вагонамі за стрэлку, тады заедзем на сёмы пуць, пакінем іх там, а самі вернемся на восьмы,— гаварыў тым часам Шацкі.— Возьмем тыя шэсць вагонаў, што трэба выкінуць з саставу, і адтарабанім іх часова на трэці пуць. Потым вернемся па гэтыя вагоны, зноў выедзем на восьмы пуць, далучым іх да астатніх вагонаў, і — маршрут гатовы, шаноўная Ніна Сямёнаўна, можаце адпраўляць яго, куды вам трэба. Ясна? А мы тады робім яшчэ адзін рэйсік, выязджаем на трэці пуць, бяром тыя нашы шэсць вагончыкаў і шыбуем з імі на ветку цагельнага завода. Пакідаем іх там пад пагрузку, а самі прастуем на шосты пуць, пачынаем работу з тым зборным. З ім марокі будзе паболей, але нічога, да канца змены ўправімся. Адсалютуем Ніне Сямёнаўне, і — урассыпную. Ясна? Дарэчы, ты жанацік, га, механік?

— Ён у нас будзе вечны халасцяк, абяцанне такое даў,— замест Аляксея адказаў Бабук.

— А я, браткі, ужо двух пацаноў маю. Што — не верыце? Аднаму паўтара годзіка, другі толькі месяц як нарадзіўся. Не верыце?

— Чаму ж, верым,— сказаў Бабук.— Толькі ж нешта дужа высокі тэмп ты ўзяў у гэтай справе.

— А мы так з Валюхай рашылі: народзім аднаго за адным трох і паставім кропку. Цяпер трэба пастарацца на дачку.

— А калі зноў сын будзе?

— Ціпун табе на язык.

Яны пакінулі адчэпленую палавіну саставу на сёмым пуці і вярнуліся на восьмы. Зноў ляснула аўтасчэпка. Максімаў, які чакаў іх каля саставу, адчапіў патрэбныя шэсць вагонаў.

Выехалі з імі за стрэлку, прыпыніліся.

— А дзяжурнай нашай пашанцавала,— задумёна сказаў раптам Шацкі.— Ягора Талейку я ведаю. Удачлівы хлопец.

«Так, так, ён дужа ўдачлівы, гэта праўда,— адразу пагадзіўся ў думках з Шацкім Аляксей.— Мы ж з ім аднагодкі, а розніца паміж намі вунь якая!.. Я от сноўдаюся па станцыі на гэтай паршывай манеўрушцы, якую ў нашы дні і за лакаматыў лічыць сорамна, яе не сёння-заўтра ў металалом спішуць, на пераплаўку адправяць, а ён на найноўшым цеплавозе лётае, пасажырскія паязды водзіць. І Ніна, вядома ж, не магла не аддаць перавагі іменна яму...»

Нейкі тупы боль працяў раптам усяго Аляксея, і ён аж зубамі скрыгатнуў.

— Ты чаго гэта, механік? — здзівіўся Шацкі.

— Стрэлка пераведзена? — толькі праз хвіліну, узяўшы сябе ў рукі, спытаў Аляксей.

— Пераведзена, ага.

— Паехалі?

— Давай!

Паравоз штурхнуў вагоны і пакаціў іх перад сабою.

«Ён цяпер таксама на рабоце, мы ў адзін час заступалі,— з нейкай шчымлівай тугою думаў Аляксей.— Цяпер ён, напэўна, у Заранску, прыбыў туды па цеплавозе з пасажырскім...— Аляксей зірнуў на гадзіннік.— Не, ён яшчэ не даехаў да Заранска, ён прыедзе туды праз восем мінут. Пастаіць у Заранску адмераныя графікам пятнаццаць мінут і памчыць далей. Сюды, да нас. І яго выйдзе страчаць яна, Ніна, дзяжурная па станцыі і ягоная нявеста. Цяпер яна, вядома, толькі пра гэта і думае — пра тое, як будзе страчаць яго. Яна будзе стаяць на пероне ў сваім форменным, старанна прыгнаным па фігуры паліто, у чырвонай фуражцы, у элегантных імпартных боціках — строгая і афіцыйная, і ў той жа час узрушана-млейная, з расчырванелымі шчокамі, з поўнымі радаснага бляску вачыма... А паслязаўтра будзе вяселле. На тое вяселле запрошаны і я. Ды мяне на ім не будзе. Я не пайду на тое вяселле. Не, не пайду!..»

— Стоп! — знянацку раўнуў Шацкі.— Тут мы нашы вагончыкі пакуль што і пакінем. Усё ідзе як след, дарагі ты мой Нямнога! От зараз адчэпім — і назад, будзем злучаць тыя дзве палавіны саставу. А як злучым, прыедзем па гэтыя. І ўсё будзе чын чынам, усё будзе ў найлепшым ажуры. А таму — няхай жыве дзяжурная па станцыі Ніна Сямёнаўна Талейка!

Шацкі саскочыў з паравоза і падаўся выключаць аўтасчэпку. Але там ужо быў Максімаў.

«Так, так, паслязаўтра яна будзе ўжо не Дарафеева, а Талейка. Ніна Сямёнаўна Талейка. І будзе вяселле, прыйдуць усе запрошаныя. Можа, нават і гэты балбатун Шацкі прыпрэцца. Толькі аднаго мяне не будзе. Я не прыйду. Не, не прыйду!..»

— Алюр галопам тры крыжы — марш! — зноў апынуўшыся ў будцы, яшчэ больш аглушальна раўнуў Шацкі.— Карацей кажучы, паехалі!

Манеўруючы, яны выбраліся на сёмы пуць, узялі пакінутую там палавіну саставу, выцягнулі яе за стрэлку, тады выехалі на восьмы пуць. Разрозненыя часткі саставу цяпер зноў зрабіліся адным цэлым. У галаве саставу ўжо стаяў паравоз. Значыць,маршрут будзе скора адпраўлены.

А Аляксей тым часам павёў свой паравоз на трэці пуць. Каб трапіць туды, зноў давялося пасноўдацца ўзад-уперад па іншых пуцях, мінуць і адну, і другую, і трэцюю стрэлкі.

— Хутчэй, хутчэй,— падганяў Шацкі Аляксея.

— Паспех — людзям на смех,— пільна ўзіраючыся ў шэрасць наперадзе, толькі і зазначыў Аляксей.

Яны праехалі міма вакзала, міма таварнай канторы, мінулі гідраўлічную калонку... І раптам немы крык рэзнуў Аляксеевы вушы:

— Стойце! Стойце! Стойце-е-е!

Аляксей ірвануў тармазны кран. Паравоз прасунуўся па інерцыі яшчэ метраў колькі і замёр.

— Што... што здарылася?.. — спалохана спытаў Шацкі.

Да паравоза падбег Максімаў.

— Вагонаў... няма... Няма вагонаў!..— як звар’яцелы закрычаў ён.

— Як гэта няма? Што ты вярзеш?! — не разумеючы яшчэ, што здарылася, у сваю чаргу закрычаў Шацкі і кінуўся да Максімава.

— Сам паглядзі... не бачыш хіба?.. На пуці вунь ані нічога!..

З паравоза кулём зляцеў Валодзя Кірылюк. За ім скочыў Бабук. Увесь калоцячыся нервовымі дрыжыкамі, злез на дол і Аляксей.

— А і праўда...— разгублена сказаў Валодзя.— Няма...

Ён памкнуўся быў бегчы ўперад, але, махнуўшы рукою, застаўся па месцы, толькі адно пераступаў з нагі на нагу.

Вагоны зніклі... Гэта было непраўдападобна, неверагодна, але ж усе бачылі — іх няма.

— Башмакі! — раптам зароў Аляксей; сціснуўшы кулакі, ён ушчыльную падышоў да Шацкага.— Вы... вы паклалі тармазныя башмакі пад колы?..

— Я... я н-не ведаў...— заікаючыся, сказаў Максімаў.— Н-не ведаў, што т-трэба класці б-башмакі...

Ад Шацкага, які і слова не мог вымавіць, Аляксей кінуўся да Максімава і шалёна затрос кулакамі перад самым ягоным тварам.

— Разгільдзяі!.. Сволачы!.. Бабнікі праклятыя!.. Вы ведаеце, што вы нарабілі?!

— Я н-не б-бабнік...— недарэчна сказаў Максімаў.

Было ясней за яснае: вагоны, пакінутыя на ўхіле незатарможанымі, скрануліся з месца і пакаціліся самі па сабе... Дзе яны цяпер? Сказаць пэўна было цяжка. Усё залежыць ад таго, якія стрэлкі і ў якім становішчы трапяць на іхнім шляху. Адно было бясспрэчна: яны будуць усё прыскорваць ды прыскорваць свой бег, пакуль не наляцяць на якую перашкоду...

Раптам абмяклы, Аляксей адвярнуўся ад Максімава і нібы толькі сабе ціха сказаў:

— Зрабілі падаруначак нявесце...

— Але ж мы не ведалі, што тут гэткі пакат...— пачаў апраўдвацца Шацкі.

— Скажы лепш — забыліся.

— І дзяжурная нас не папярэдзіла. А яна абавязана была папярэдзіць... абавязана была... абавязана!..

— Каб жа гэта ведаць, што такое можа здзеецца!..— сказаў Максімаў.

Бабук, які дагэтуль маўчаў, раптам узрушана загаварыў:

— Трэба штосьці рабіць! Не стаяць жа вось гэтак і чакаць бяды!.. Давайце штосьці будзем рабіць! Ну, давайце!

Толькі цяпер, на доле, Аляксей па-сапраўднаму адчуў, як шалее непагадзь. Узвіхураны ветрам снежны пыл працінаў як не наскрозь, сляпіў вочы, а твар нібы пакрываўся ледзяною коркаю.

— Вагоны — не карась, на кручок не зловіш,— панура сказаў Валодзя Кірылюк.

«Што ж рабіць, што рабіць, што?..— ліхаманкава думаў Аляксей.— Ці ведае хаця Ніна пра гэта? Напэўна, ведае, ёй павінны былі пазваніць ужо са стрэлачнага паста...»

І тут якраз з’явілася Ніна — у расхрыстаным паліто, задыханая, яна аж хісталася.

— Акаянныя, што вы нарабілі!..— прастагнала яна.— Што вы нарабілі, праклятыя!

— Дзе цяпер вагоны? — хутка спытаў Аляксей.

— Яны ўзрэзалі выхадную стрэлку і выйшлі на галоўны пуць...

— На цотны?

— Ага...

Валодзя Кірылюк свіснуў.

— На перагон выкаціліся. А там такі пакат!..

Ніна ў знямозе апусцілася на рэйку, абхапіла галаву рукамі.

— З Заранска толькі што да нас адправіўся пасажырскі!..

Вось яно, самае жахлівае!.. Пасажырскі поезд ідзе сюды іменна па цотным пуці. А насустрач яму коцяцца вагоны...

Аляксею аж млосна зрабілася. Ён схапіўся за буфер рукою.

І раптам у галаве пранеслася яшчэ адна думка-здагадка: той пасажырскі поезд вядзе не хто іншы, як Ягор Талейка!

— Хлопчыкі!..— узнімаючыся з рэйкі, умольна прамовіла Ніна.— Хлопчыкі, даражэнькія, ну зрабіце што-небудзь, ну прыдумайце!..

Ніхто не адказаў ёй, ва ўсіх вочы былі апушчаны долу.

Яна працягнула рукі да Аляксея.

— Лёша! Лёшачка! Мілы, дарагі! Ты ж харошы, ты разумны! Заклінаю цябе, малю — ратуй!

Яна паклала яму рукі на плечы, упілася сваімі шырока расплюшчанымі і нібы ашклянелымі вачыма ў ягоныя вочы.

— Лёша!.. Лёшачка!..

Ён адштурхнуў яе і крыкнуў:

— Усе на паравоз!

І сам першы кінуўся ў будку. За ім паўскаквалі Бабук, Кірылюк, Максімаў і Шацкі. Яны не ведалі, што збіраецца рабіць машыніст, але адразу падпарадкаваліся ягонаму загаду: машынальна, не разважаючы, яны выканалі б цяпер абы-які і абы-чый загад.

Аляксей рыўком адкрыў рэгулятар, і паравоз, ірвануўшыся, паляцеў уперад.

На пуцях засталася адна Ніна.

— Лёша, зрабі!.. Зрабі!..— утрапёна закрычала яна ўслед паравозу. А як той быў ужо далекавата, пабегла ў дзяжурку.

Мінуўшы стрэлачны пост, паравоз вылецеў на галоўны цотны пуць. На той самы, па якім недзе наперадзе каціліся нікім не кіруемыя вагоны.

Пакуль што іх не было відаць. Але вось паравозны прамень намацаў штосьці заінелае, з няпэўнымі ў дрыготкім святле абрысамі.

— Яны! Вагоны! — выгукнуў Бабук.

Так, гэта былі яны, злашчасныя вагоны-ўцекачы. Вагоны зараз каціліся не вельмі шпарка, яны яшчэ не паспелі набраць вялікай хуткасці. Але з кожнай хвілінай бег іх прыскорваўся.

Ды паравоз дагнаў іх. Калі да вагонаў заставалася якіх метраў два ці тры, Аляксей затармазіў. І кінуў Шацкаму толькі адно слова:

— Башмакі!

Цяпер зразумела было, якую задуму займеў Аляксей: з дапамогаю тармазных башмакоў затрымаць, запыніць вагоны, а тады, прычапіўшы іх да паравоза, адвесці назад, на станцыю.

Усе зноў апынуліся доле. Шацкі і Максімаў кінуліся паўз вагоны,— саставіцель з правага боку, счэпшчык з левага. Яны апярэдзілі вагоны і амаль адначасова паклалі башмакі на рэйкі. Калі пярэднія колы дакрануліся да іх, пачуўся скрогат металу, пасыпаліся іскры, і... башмакі вылецелі з-пад бандажоў. На нейкі момант вагоны нібы прыцішылі свой бег, а пасля пашыбавалі яшчэ шпарчэй.

Зноў і зноў падкладвалі Шацкі і Максімаў башмакі пад колы, і ўсё марна...

Башмакі, якія надзейна трымаюць вагоны, калі тыя стаяць на месцы, цяпер былі бескарысныя. Пакат пуці і набытая вагонамі сіла інерцыі рабілі сваю справу... Башмакі выбіваліся коламі і ляцелі прэч.

Усведамленне ўласнага бяссілля перад немінучай катастрофай канчаткова расслабіла і нібы нават загіпнатызавала людзей, і яны стаялі ўсе хто дзе хмурыя, маўклівыя, не пазіраючы адзін на другога.

А вагоны, аддаляючыся, каціліся сабе і каціліся...

Вакол гула, ракатала, стагнала непагадзь. Вецер так раз’юшана кідаўся калючым, перамешаным з пяском снегам, што аж дых займала.

— Вагоны не карась, на кручок не зловіш...— як праз сцяну данёсся да Аляксея Валодзеў голас.

«На кручок не зловіш...— машынальна паўтарыў сам сабе Аляксей. На кручок... на кручок... на кручок...»

І раптам ён аж скалануўся. «На кручок?! Іменна на кручок іх і трэба лавіць! На кручок!»

Ён як звар’яцелы пабег назад, да паравоза, які самотна соп параю непадалёк. І адразу ж за ім кінуўся Валодзя Кірылюк. Астатнія засталіся на насыпе, яны нават і не заўважылі, што машыніст знік.

А Аляксей, ускочыўшы ў будку, адпусціў тармазы і з нейкай злоснай зацятасцю націснуў на рэгулятар. Паравоз, нібы прышпораны конь, ірвануўся наперад. Тады знячэўку зароў на ўсю моц: усе, хто стаяў на пуці, шарахнуліся пад адхон.

— Куды мы? Навошта? — увесь калоцячыся, спалохана спытаў Валодзя.

— На кручок іх! На кручок! — апантана паўтараў Аляксей.— Трымайся, Валодзя, трымайся, хлопча! Мы іх зараз... мы іх зараз... От мы іх зараз!..

Паравоз зноў ляцеў наўздагон за вагонамі. Тыя ўправіліся адкаціцца ледзь не на кіламетр і, каб дагнаць іх, паравозу спатрэбілася адолець больш за два кіламетры.

Вось ужо і вагоны,— блізенька, перад самым паравозам. А той ляціць проста на іх...

Аляксей не пачуў характэрнага ляску металу, але ўсёй сваёй істотай адчуў, што аўтасчэпка спрацавала. Паравоз і папраўдзе падчапіў вагоны на «кручок».

Зразумеў гэта і Валодзя Кірылюк.

— Ёсць, Аляксей Іванавіч! Злавілі! Злавілі! — ашалела закрычаў ён і ад радасці пачаў малаціць кулакамі сабе па грудзях.

Аляксей уключыў тармазы. Заскрыгаталі, прыціснуўшыся да бандажоў, тармазныя калодкі.

Наперадзе пачаў шарэць край неба. Тады, нібы з-пад зямлі, выкацілася пляма святла. Было такое ўражанне, быццам узыходзіць сонца. Ды Аляксей ведаў — гэта паказаўся пражэктар пасажырскага поезда.

Цяпер задача была адна — уцячы ад поезда. Аляксей перавёў рэверс на задні ход, пасунуў рэгулятар. Колы пачалі ліхаманкава буксаваць, але Аляксей уключыў пясочніцу, і гэта памагло. Паравоз скрануўся з месца і пацягнуў за сабою вагоны.

Узбірацца на пад’ём было цяжка, колы зноў і зноў буксавалі, і Аляксею ўвесь час прыходзілася ўключаць пясочніцу.

Тым часам у паравозную будку паўскаквалі Бабук, Максімаў і Шацкі.

А ззаду пагрозліва набліжалася пляма святла. Пасажырскі поезд, узяўшы добры разгон, лёгка адольваў пад’ём. Ды і магістральны цеплавоз не мог ісці ні ў якое параўнанне з манеўровым паравозам. І ўсё ж Аляксей ведаў, што самае страшнае ўжо мінула. Яны ўправяцца выскачыць за стрэлку. А тады перавядуць яе, і пасажырскі пойдзе на першы пуць.

«Паслязаўтра на вяселлі я раскажу Ягору, як уцякаў ад яго. Мы разам парагочам. Во смеху будзе!.. А цяпер — выручай, родная манеўрушка! Цябе яшчэ рана спісваць у металалом, ты яшчэ паслужыш, яшчэ пабегаеш па рэйках. Ага, пабегаеш!..»

1973

 


1968

Тэкст падаецца паводле выдання: Васілёнак Я. Выбраныя творы ў 2-х тамах. Том 2. Апавяданні і аповесці. – Мінск, Мастацкая літаратура, 1977. – 304 с.
Крыніца: скан