epub
 
падключыць
слоўнікі

Яўген Васілёнак

Зялёныя агні

І

Сёння ў машыніста Васіля Артамонава незвычайны рэйс. Яго камсамольска-маладзёжная брыгада паедзе па новаму ўшчыльненаму графіку. Гэты графік распрацаваны самім жа Артамонавым разам з дыспетчарамі. На паперы ўсё выглядала як нельга лепш. А як будзе на справе?..

На перон выходзіць дзяжурны па станцыі. Яго чырвоную фуражку Васіль бачыць здалёк. Дзяжурны падымае ўгору руку са сцяжком. Гэта ён дае сігнал галоўнаму кандуктару. Той падносіць к роту свісток, і да Васіля далятае прарэзлівая трэль. Гэта ўжо сігнал яму, машыністу. Васіль цягне за рычаг, і ранішнюю цішыню абуджае зычны паравозны гудок. Здрыгануўшыся ўсім сваім магутным целам, паравоз крануўся і пайшоў.

Як прыемна адчуваць нарастанне хуткасці! Вось насустрач плыве будынак вагоннага дэпо. Вось набліжаецца вежа вадакачкі. Нібы спяшаючыся на спатканне з паравозам, яна ўсё шпарчэй і шпарчэй бяжыць насустрач. Секунда — і вежа праляцела ўжо, знікла... А будка стрэлачніка прамільгнула ў адзін момант! Хутчэй і хутчэй круцяцца колы паравоза, і поезд ляціць, ляціць... Вось ён прагрукацеў на выхадных стрэлках, вось і светафор, падміргнуўшы зялёным вокам, застаўся ззаду, а стрэлка, што паказвае хуткасць, усё паўзе ды паўзе ўгору. Васіль задаволена ўсміхнуўся.

У расчыненае акно паравознай будкі ўляцеў промень узыходзячага сопца. Васіль высунуўся з акна. У твар ударыў халодны струмень ранішняга паветра. Імкліва прабег міма невялічкі лясок. Бліснула і знікла рэчка. Прамчаліся хаткі вёскі. І вось перад вачыма распасцёрся неабсяжны прастор палёў. Куды пі паглядзіш — усюды мора рослай збажыны...

— Вось хараство! — чуе Артамонаў за спіной.

Ён азіраецца. У супрацьлеглае акно паравознай будкі высунуўся яго памочнік Фёдар Прасмак і таксама захапляецца відовішчам калгаснага багацця.

А на тэндэры заняты сваёй справай качагар Паўлюк Бярозкін. Ён з выгляду і падобны на маладзенькую бярозку: танклявы, гонкі, на галаве — капа кучаравых белых валасоў, якія не хочуць прызнаваць аніякай прычоскі. Ружовыя шчокі Паўлюка ў чорных плямах,— мусіць хлопец забыўся, што яго рукі ў вугальным пыле, і пэцнуў сябе. Ну як тут стрымацца ад смеху, гледзячы на яго!..

Паўлюк жа, не разумеючы, чаго ўсміхаецца Артамонаў, пытаецца ў яго:

— Васіль Пятровіч, ці не намачыць вугалёк?

Так, вугаль трэба было б намачыць. Але апальваць паравоз, сачыць за якасцю вугаля — справа памочніка машыніста, і Артамонаў гаворыць:

— Паглядзі, Фёдар, як яно там...

І глядзіць уперад, туды, дзе ў блакітнай далечыні павінен хутка паказацца ўваходны светафор станцыі Палядзічы.

Тым часам Фёдар з важным выглядам падыходзіць да Паўлюка, хвіліну ці дзве пільна ўглядаецца ў гару вугалю, быццам рашае складанейшую задачу, і гаворыць:

— Дробненькі, бач, сёння вугаль. А што выходзіць, калі мы кідаем у топку дробнае паліва? Выходзіць вось што. Часцінкі яго падхопліваюцца цягай паветра і, не паспеўшы згарэць, вылятаюць у трубу. Каб папярэдзіць такое марнатраўства, трэба абліць вугаль вадой.— Фёдар выцягвае перад носам Паўлюка ўказальны палец.— Часцінкі вугалю намокнуць, робяцца цяжэйшымі, і тады іх не так ужо лёгка выдзьмухнуць з топкі. Жадаюць яны ці не жадаюць, а гарэць ім прыйдзецца!

Па твары Паўлюка відаць, што ён і сам добра ведае, навошта змачваюць вугаль, але ён цярпліва выслухоўвае ўсю прамову.

— Змачвай! — загадвае нарэшце Прасмак.

Паўлюк схапіў шланг, адкруціў кран. З шланга вырваўся струмень вады і, ударыўшыся аб вугаль, срабрыстымі пырскамі рассыпаўся па тэндэры. У пырсках на нейкі міг успыхнула вясёлка.

— Э-гэ-гэ-эй-й!..— узбуджана зарагатаў Паўлюк.

«З хлопца выйдзе заўзяты паравознік,— адзначае ў думках Васіль Артамонаў.— Бач, як завіхаецца!..»

Сонца паднялося над гарызонтам, прыкметна пацяплела. Паравоз, рассякаючы паветра сваімі магутнымі грудзьмі, усё ляціць і ляціць. За паравозам цягнецца доўгі, можа на цэлы кіламетр, састаў платформ.

Васіль на хвілінку азіраецца назад, потым зноў накіроўвае позірк уперад. Паказаўся апавяшчальны шчыт з трыма чорнымі палоскамі. Ён хутка наблізіўся, прамільгнуў міма, а за ім праз роўныя прамежкі часу праляцелі яшчэ два шчыты.

Зараз будзе відзён уваходны светафор станцыі Палядзічы... Вунь і ён. Але што гэта?.. Вока светафора гарыць не зялёным, а жоўтым агнём: значыць, выхадны сігнал — чырвоны, і далей ехаць нельга, трэба спыняцца на станцыі... А дыспетчар жа абяцаў прапусціць поезд праз Палядзічы без прыпынку!..

Васіль хоча ўзяць трубку мікрафона, каб пагаварыць па радыё з дзяжурным па станцыі, але раптам бачыць: жоўты агеньчык патух, запаліўся зялёны. «Дыспетчар трымае слова!» — з прыемнасцю думае машыніст і дае кароткі гудок.

Не змяншаючы хуткасці, поезд падлятае да Палядзічаў. Станцыя ў гэты ранішні час бязлюдная. На пероне — толькі дзяжурны, што сустракае поезд, высока ўзняўшы скручаны ў трубку сцяжок. Дзяжурны — прыгожая дзяўчына — ветліва ўсміхаецца. З-за пляча Артамонава высоўваецца Паўлюк і махае ёй рукою. Дзяўчына смяецца. Але голасу яе не чуваць, бо ўсе гукі заглушае працяглы гудок паравоза.

— Гу-гу-у-у-у...— разносіцца навокал.

Поезд імчыць далей.

Радасна на душы ў Васіля.

Але не толькі таму радасна, што ўдала складваецца паездка. Ёсць на гэта і яшчэ адна прычына, бадай, больш важная.

Ён увесь час думае аб гэтым. Забудзецца на якую хвіліну, потым зноў пачынае думаць аб тым, што чакае яго ўвечары, калі ён вернецца з паездкі. Вось і зараз. Ледзь толькі прамільгнуў агеньчык выхаднога светафора Палядзічаў і перад вачыма распасцёрлася залітая сонцам далячынь, думкі Васіля вярнуліся да ранейшага... Успомніўся яму увесь апошні год, а выразней за ўсё дзень, з якога ўсё пачалося...

О, гэта быў незабыўны дзень!.. І між іншым, ён шмат чым нагадваў сённяшні.

2

Тады, як і сёння, ён вёў цяжкавагавы састаў. Поезд ішоў хутка, але Васілю, як і цяпер, хацелася, каб ён бег яшчэ хутчэй. І тады, як сёння, ён думаў аб ёй, аб Лізе, спадарожніцы свайго дзяцінства і мары юнацтва. Вось толькі тады не свяціла сонца, а, наадварот, ішоў зацяжны дождж. Цёмнае неба нізка вісела над зямлёй, і з яго ліло і ліло, як з вядра.

— Эх, прарвала, ліха на яго! — гаварыў Прасмак, незадаволена круцячы галавой.

Прасмак быў тады яшчэ не Фёдар, а проста Федзя, бо спяцоўка нядаўняга выхаванца рамесніцкага вучылішча ніяк не дазваляла зваць яго інакш. Гэта цяпер ён памочнік машыніста, а тады быў яшчэ качагарам. І Васіль Артамонаў бурчаў на яго:

— Федзя, змоўкні, і без цябе моташна.

Хлопец лез на тэндэр і пачынаў пералапачваць вугаль.

А Васіль стаяў каля акна і ўсё думаў аб ёй, аб Лізе.

...Была ў яго ў дзяцінстве адна знаёмая дзяўчына, Ліза Глушкевіч. Гэта было ў 1938 годзе. Лізе тады мінула дванаццаць год, Васілю — чатырнаццаць. Жылі яны бедна,— ведама ж, як жылося працоўным у заходніх абласцях Беларусі пры панах. Бацька Лізы быў беспрацоўным. Васілёў бацька таксама перабіваўся выпадковымі заработкамі. Іх сем’і жылі побач, на адной вуліцы. Агульнае гора і нястачы зблізілі іх. Бацькі, чым маглі, па суседству дапамагалі адзін аднаму. А Васіль і Ліза былі проста неразлучныя. Разам гулялі, нікуды з вуліцы не хадзілі адзін без аднаго. Васілю, як старэйшаму і больш дужаму, не раз даводзілася абараняць Лізу ад розных крыўдзіцеляў, і ён ахвотна накладаў ім у каршэнь.

А пасля Ліза паехала. Ашуканы казкамі пра заакіянскі рай, яе бацька прадаў сваю хаціну і падаўся ўсёй сям’ёй у Амерыку...

Як сустрэла іх чужына, ніхто не ведаў, аднак вясной трыццаць дзевятага года Лізіна маці прыслала пісьмо, якое Васіль запомніў на ўсё жыццё. «А яшчэ паведамляю вам, мае дарагія суседзі, што засталася я горкай удавою. Трапіў наш карміцель у пілу, што бярвенні піліць...»

Ліза, Ліза, чаго ты паехала ў тую далёкую чужую краіну? Чаго?..

Мінула яшчэ некалькі месяцаў. З-за акіяна прыйшло другое пісьмо, такое ж бязрадаснае, поўнае адчаю і роспачы...

А над іх горадам, над усімі «ўсходнімі крэсамі» доўгачаканай шчаслівай зарою ўзышоў верасень 1939 года. І тое, у пошуках чаго загінуў Лізін бацька, прынесла ў хаты жыхароў заходніх абласцей Беларусі Савецкая Армія-вызваліцельніца.

Ішоў час. Пачалася вайна з фашысцкай Германіяй. Восенню 1941 года Васіль стаў сувязным партызанскага атрада, а зімой і наогул застаўся з партызанамі. Яны тады здорава грамілі фашыстаў!

Доўгачаканае пісьмо ад Лізы прыйшло неўзабаве пасля Перамогі. У Васіля дрыжалі рукі, калі ён раскрываў канверт. З канверта выпала фотакартка. Васілю ўсміхалася прыгожая пышнавалосая дзяўчына. «Гэта ты, Ліза? — шаптаў Васіль.— Ты, вядома, ты... Але чаму ў цябе такія сумныя вочы? Чаму столькі смутку ў тваёй усмешцы?..»

«Кідай усё і прыязджай дамоў, на Радзіму! — пісаў ён Лізе.— У нас тут цяпер такое жыццё!..»

Але Ліза не магла прыехаць. У яе хварэла маці. «Маці доўга не пражыве,— пісала ў наступным пісьме Ліза,— і гэта вельмі страшна. Што чакае мяне пасля яе смерці?.. Ты ж многага не ведаеш...»

Васіль не разумеў, на што намякала Ліза. Здзівіла яго толькі, што почырк на гэты раз быў незнаёмы, чужы. У канцы пісьма было прыпісана, што ў Лізы захварэла рука і пісьмо напісала пад яе дыктоўку суседка.

Маці яе памерла ў маі сорак восьмага. А Ліза ўсё не ехала. Васіль падумаў, што, можа, у яе няма за што купіць білет, і паслаў ёй грошы. Два пісьмы прыйшло пасля таго ад Лізы, і ў кожным яна пісала, што вярнуцца на Радзіму, пацалаваць родную зямлю ёсць яе самая найшчаслівейшая мара.

Васіль напісаў пісьмо ў «Праўду», у міністэрства замежных спраў. І раптам яму прынеслі тэлеграму: Ліза адплыла з Нью-Йорка.

Так, гэта быў незабыўны дзень!..

Поезд, у якім ехала Ліза, павінен быў прыйсці ў дзесяць сорак раніцы. А Васіль акурат быў на рабоце, у паездцы, і вярнуцца з рэйса павінен быў толькі каля дванаццаці гадзін дня. Лізу сустракалі на вакзале яго бацькі. А ён у гэты час вёў цяжкавагавы састаў. Ліў дождж, неба было зацягнута свінцовымі хмарамі, але на сэрцы ў Васіля было светла і радасна.

Федзя моўчкі пералапачваў вугаль. Ён ведаў усю гісторыю Лізы і добра разумеў, як зараз хвалюецца яго друг.

Як толькі яны закончылі рэйс і вярнуліся, Васіль адразу ж здаў паравоз напарніку і падміргнуў Федзю:

— Ну, пойдзем!

— Пойдзем...

Яны памыліся ў дэпоўскім душы, пераапрануліся. Дождж на двары нечакана перастаў, і яны ледзь не подбежкі заспяшаліся да Васіля. Вось і дом. Васіль нецярпліва ўскочыў на ганак, уляцеў у хату. Але тут яму перагарадзіла дарогу маці. Яна нешта міргала яму, шаптала, але Васіль не чуў яе, не разумеў. Позіркам ён адшукаў дзяўчыну, што сядзела на канапе.

— Гэта Вася? — пачуўся ціхі, знаёмы голас.

Васіль працягнуў рукі і пайшоў да яе. Ліза павярнулася да яго і парывіста ўстала. Але вочы дзяўчыны глядзелі чамусьці не на яго. Іх позірк усё яшчэ быў накіраваны на дзверы...

— Дзе ж ты, Вася?..— ціха сказала Ліза і зрабіла нецярплівы рух рукою.

Пальцы Лізы, уздрыгваючы ад хвалявання, дакрануліся да Васілёвага пінжака... На Васіля глядзелі не сінія, а белыя нежывыя вочы, і буйныя слёзы адна за другой каціліся з іх...

І тады Васіль усё зразумеў: яна была сляпая.

Ён абняў яе, прыціснуў да грудзей.

— Добры дзень,— пачуўся нерашучы голас Федзі.

Ліза ўздрыгнула.

— Хто гэта?

— Заходзь, заходзь, Федзя,— ціха сказаў Васіль.— Гэта Федзя Прасмак, мой качагар.

Федзя збянтэжана сеў на крэсла.

Васіль асцярожна пасадзіў Лізу на канапу, сам сеў насупраць.

— Вось я і прыехала... вось...— амаль бязгучна шаптала Ліза.

— Ну і добра... і добра...— нейкім не сваім, сіплым ад хвалявання голасам гаварыў Васіль.

У пакоі стала ціха-ціха, чуваць было толькі, як у куце ўсхліпвала маці Васіля.

— А што з табою, Ліза? — спытаў Васіль.— Магчыма, табе можна вярнуць зрок...

— Нашы ўрачы хоць якую аперацыю зробяць! — ціха, але пераканана сказаў Федзя.

— Праўда? — спахапілася Ліза.— Гэта праўда?

— Так, так, Ліза, праўда! — гаварыў Васіль, сціскаючы яе рукі.

— Як хораша тут, на Радзіме,— ужо іншым голасам загаварыла Ліза.— Быццам і паветра другое... Ведаеш, Вася, калі я сышла з парахода, здарыўся цуд. Мне на момант здалося, што я зноў бачу. Раптам зрабілася так светла-светла, што я міжвольна зажмурылася...

Маці сядзела поплеч з Лізай і пяшчотна гладзіла рукой яе пышнавалосую галаву.

За акном зноў забарабаніў дождж.

3

Васіль выразна памятае ўсе падрабязнасці таго хвалюючага дня.

Увечары Ліза расказвала аб сабе. Яна працавала на хімічным заводзе. Там было цяжка, але другой работы яна знайсці не магла. Зімой 1945 года на заводзе адбыўся выбух. Загінула шмат людзей. А Ліза аслепла... Яна спрабавала скончыць жыццё самагубствам, але перашкодзіла суседка, тая самая, што пісала за яе пісьмы.

— Мне ўсё не верыцца, што я зноў дома,— усхвалявана гаварыла Ліза, і на яе вачах выступалі слёзы.— Як гэта радасна: дома!

Яна засталася жыць у іх. Бацькі Васіля ставіліся да Лізы, як да роднай дачкі. Дзён праз колькі пасля яе прыезду маці павяла дзяўчыну ў бальніцу. Урач доўга аглядаў яе вочы, незадаволена круціў галавой і, не сказаўшы нічога пэўнага, папрасіў прыйсці яшчэ. У другі раз ён выпісаў нейкіх лекаў і сказаў, што аперацыю зрабіць можна, але не адразу, прыйдзецца пачакаць. Спярша трэба было ўмацаваць агульны стан здароўя хворай, бо надарванае шматгадовым недаяданнем і цяжкай працай здароўе магло не вытрымаць аперацыі.

Як і ў дзяцінстве, Лізу цяпер заўсёды можна было бачыць разам з Васілём. У дні, калі Васіль быў вольны ад паездак, яны ўвечары хадзілі ў парк. Разы тры наведалі тэатр: яны садзіліся ў ложу, і Васіль шэптам падрабязна тлумачыў Лізе ўсё, што робіцца на сцэне. Яна ўдзячна паціскала Васілёву руку.

Часта яны хадзілі на раку, купаліся. Берагі былі неглыбокія, і Ліза, нават не ўмеючы плаваць, смела заходзіла ў ваду і, смеючыся, з усяе сілы малаціла нагамі і рукамі.

Да Артамонавых часта прыходзілі людзі. У кожнага была якая-небудзь справа да Лізы. Прадстаўнік мясцкома дэпо прынёс ёй у падарунак радыёпрыёмнік. Вучаніцы прыбягалі чытаць Лізе газеты і кнігі...

...Зараз Ліза ў бальніцы. Ёй ужо зрабілі аперацыю. Сёння ўрачы павінны былі зняць павязку. «У тры гадзіны дня»,— сказаў урач.

Што будзе? Ці адкрыецца для Лізы сонечны дзень, ці застанецца тая ж непраглядная ноч?..

...Імчыцца поезд. Эх, здаецца, каб прычапіць да паравоза крылы і паляцець, паляцець!..

Васіль вымае з кішэні гадзіннік. Графік ужо апярэджаны на шэсць мінут... Пасля Палядзіч яны павінны паехаць яшчэ хутчэй — там пачынаецца ўхіл.

— Бываюць выпадкі, што першая аперацыя не дае станоўчых вынікаў,— нечакана гаворыць Фёдар Прасмак, пазіраючы некуды паверх Васілёвай галавы.— Але, кажуць, праз некаторы час можна зрабіць другую.

«Ён таксама думае аб Лізе,— усхвалявана адзначае ў думках Васіль.— І на ўсякі выпадак падрыхтоўвае мяне да горшага...»

— Не, Федзя, так не бывае...

— Бывае, бывае! — горача ўступае ў размову Паўлюк Бярозкін.— Я чытаў недзе, здаецца, у часопісе «Знание — сила».

«Мілыя мае сябры! — думае Васіль.— Як мне добра з вамі!»

Першы прыпынак зрабілі толькі на станцыі Панцялееўск. Папоўнілі тэндэр вадой, пачысцілі топку, агледзелі машыну. І зноў — у дарогу.

Сонца вісела амаль над галавой, калі яны прыбылі ў пункт абароту лакаматываў. Далей поезд павядзе нехта з машыністаў суседняга аддзялення. А ім — у зваротны шлях.

Вугалем, змазкай і вадой запасліся мінут на сорак раней, чым прадугледжвалася па норме. Пад’ехалі да кантрольнага слупіка і пачалі чакаць загаду рухацца да поезда.

— Эх, марудзіць нешта дзяжурны,— у нецярплівасці прамовіў Паўлюк.

Праз паўгадзіны загаварыў рэпрадуктар: паравозу дазвалялася ісці да састава, падрыхтаванага на захад. Васіль паглядзеў на гадзіннік. Было роўна тры гадзіны...

Да састава Васіль падвёў паравоз па ўсіх правілах, асцярожна. Ляснула аўтасчэпка. Зачасціла помпа, нагнятаючы ў тармазную магістраль сціснутае паветра. А наперадзе клікаў ужо да сябе зялёны агеньчык выхаднога светафора.

І поезд пайшоў.

Прамільгнулі апошнія пабудовы станцыі. Бягуць міма тэлеграфныя слупы... Застаюцца ззаду пуцявыя будкі, раз’езды, станцыі. То набяжыць і знікне лясок, то праплыве вёска, а то і цэлы горад прабяжыць, нібы на экране ў кіно.

Але думкі Васіля бягуць яшчэ хутчэй... Зараз шостая гадзіна. Лізе даўно знялі павязку. Вочы яе адкрыты. Але ці бачыць яна?.. Ці бачыць?..

Зноў набліжаецца станцыя Палядзічы.

— Шэсцьсот сорак кіламетраў з пачатку сутак! — паведамляе Фёдар Паўлюку.— Амаль удвая больш нормы. Разумееце, юнак?

Паўлюк хацеў нешта адказаць Фёдару, але ў гэты час Васіль нечакана рвануў рычаг сігнала. Паравоз загудзеў.

— Што здарылася? — крыкнуў Фёдар. Ён кінуўся да акна і ўсё зразумеў... Уваходны светафор станцыі Палядзічы гарэў двума жоўтымі агнямі! Гэта азначала, што іх поезд прымалі не на галоўны пуць, а на бакавы. Значыцца, поезд паставяць пад абгон, каб прапусціць уперад нейкі другі, што ідзе ззаду іх...

— Нахабства! — крычыць Фёдар.— Якое яны маюць права так абыходзіцца з намі!

— Цішэй, Фёдар, зараз усё высветлім!

Голас у Васіля спакойны, але гэты спакой даецца яму нялёгка. Прыцішыўшы бег поезда, Васіль узяў трубку мікрафона. Але дыспетчар апярэдзіў яго: з рэпрадуктара пачуўся яго роўны голас:

— Паравоз 2369, адказвайце!

— Машыніст Артамонаў слухае! — стрымана сказаў у мікрафон Васіль.

— Дзе зараз знаходзіцеся?

— Падыходжу да станцыі Палядзічы. Бачу два жоўтых агні светафора. У чым справа, таварыш дыспетчар?

— Не хвалюйцеся, таварыш Артамонаў, і ўважліва слухайце. Вы ідзеце па імянному графіку і маеце права патрабаваць, каб вас не затрымлівалі. Але...— дыспетчар крыху ўзвысіў голас,— ёсць да вас просьба. Не загад, а просьба,— падкрэсліў ён.

— Слухаю...

Поезд усё прыцішвае бег. Радзей пыхкае пара. Павольней круцяцца колы. Паўлюк і Фёдар уважліва прыслухоўваюцца да рэпрадуктара.

— Ззаду вас ідзе маршрут з будаўнічымі матэрыяламі для Варшаўскага Палаца культуры і навукі. Састаў сфарміраваны датэрмінова. Машыніст Джусупбекаў вядзе яго па-скораснаму. Ці не дасцё вы згоду прапусціць гэты поезд уперадзе вас? Дарэчы, чыгуначнікі, якія фарміравалі састаў, далі яму назву «Варшаўскі экспрэс».

Фёдар і Паўлюк глядзяць на Васіля. Ён адчувае на сабе іх напружаныя позіркі. У Васіля ажно пацеркі поту выступілі на лбе.

— Я згодзен,— цвёрда гаворыць ён.

— Я яшчэ не ўсё сказаў,— перапыняе Васіля дыспетчар.— Майце на ўвазе, што, калі вы дасцё згоду і прыпыніцеся, каб прапусціць «Варшаўскі экспрэс», вам прыйдзецца стаяць у Палядзічах тры гадзіны: па графіку на перагоне праз дваццаць мінут пачнецца планавы рамонт пуці. Рух закрываем.

Павольна набліжаецца ўваходны светафор Палядзічаў. Ярка гараць яго жоўтыя агні. Здаецца, ніколі яшчэ жоўты колер не быў такі непрыемны!..

— Калі вы не згодны, я зараз жа загадаю адкрыць для вас светафор.— Голас у дыспетчара ўсё такі ж роўны, спакойны.

Два словы, толькі два словы: «не згодзен!» — і загарыцца такі родны, жаданы зялёны агеньчык, і тады можна адпускаць тармазы, адкрываць рэгулятар і ляцець, ляцець наперад!

Але Васіль ціха сказаў:

— Згодзен...

Палядзічы — станцыя трэцяга класа. Небагата тут пуцей, не вельмі многа будынкаў. Па левы бок ад новенькага цаглянага вакзала стаіць некалькі ларкоў. Калі прыходзяць пасажырскія паязды, каля ларкоў бывае даволі шумна. У астатні ж час прадаўшчыцы заняты галоўным чынам тым, што вяжуць дзецям на зіму панчохі ды рукавіцы. Тут жа, недалёка ад ларкоў — цырульня. Ад цырульні ўздоўж перона цягнецца невысокі, з металічнай сеткі паркан. А далей — поле, маладыя, густа пасаджаныя елкі бягуць побач з пуцямі некуды ўдалячынь... Па правы бок ад вакзала і яшчэ менш пабудоў. Кідаецца ў вочы толькі ярка-блакітная камера хавання ручнога багажу.

Сонца схавалася за хмару, і цені паплылі па зямлі... Васіль абыякавым позіркам аглядае станцыю. Іх поезд стаіць на самым апошнім пуці. За поездам — чыстае поле...

З таго боку, адкуль прыйшоў іх поезд, нешта загуло. Гул усё мацнеў, вось паказаўся і поезд. «Гэта «Варшаўскі экспрэс» ідзе!» — здагадаўся Васіль. За лакаматывам цягнулася доўгая чарада платформ, нагружаных лесам. На некаторых з іх былі прымацаваны шчыты з надпісамі. Васіль паспеў адзін прачытаць: «Няхай жыве вечная дружба савецкага і польскага народаў!»

Не змяншаючы хуткасці, «Варшаўскі экспрэс» прамчаўся міма.

— Ну што ж, сваё абавязацельства мы выканалі,— прамовіў Фёдар.— А цяпер трэба стаяць, чакаць...

Фёдар палез з паравоза на зямлю.

...Усё, што трэба было зрабіць, каб ехаць далей, зрабілі: напоўнілі вадой тэндэр, агледзелі рухомы механізм, працерлі паклей дэталі. А што рабіць далей?.. Паўлюк пайшоў да ларкоў напіцца крэм-соды. Фёдар лёг непадалёк ад паравоза на траву і ўтаропіўся ў неба. Галоўны і старшы кандуктары падаліся разам з паязным майстрам да кладаўшчыка камеры хавання ручнога багажу «забіваць казла». А Васіль... Каб яму зараз хто-небудзь прыдумаў занятак, ён быў бы так удзячны!

Час ідзе страшэнна марудна.

«У цырульню пайсці, ці што?» — з тугой падумаў Васіль. Памацаў рукой шчокі — галіцца было яшчэ рана. «Але ж пайду»,—рашыў ён і саскочыў з паравоза.

Цырульнікам была маладая гаваркая жанчына. Яна прыкметна ўзрадавалася яго прыходу,— відаць, наведвальнікаў тут было нямнога. Узбіваючы пену ў мыльніцы, жанчына бесперапынна гаварыла.

«От жа сакатуха!»—паморшчыўся, нібы ад зубнога болю, Артамонаў.

— Вас як пагаліць? — не заўважаючы недарэчнасці свайго пытання, пацікавілася жанчына.

— Моўчкі! — загадаў Васіль.

Жанчына змоўкла, відаць, пакрыўдзілася. Аднак пагаліла добра, і Васіль шчыра сказаў:

— Дзякую!

Зірнуў на гадзіннік і са злосцю сунуў яго ў кішэню.

«Пазваніць бы,— падумаў ён.— Але ж тут толькі чыгуначная сувязь, не дазвонішся...»

Каля паравоза на траве ляжаў Фёдар.

— Вугаль падкідваў у топку? — падышоўшы, запытаўся ў яго Васіль.

— А як жа! Толькі што...

Васіль лёг побач з сябрам, закурыў... Заплюшчыў вочы, каб стрымаць сваю нецярплівасць, хваляванне.

...Так і ляжаў, нерухомы, маўклівы, нават не паглядаючы больш на гадзіннік, пакуль раптам не пачуў голас Паўлюка.

— Глядзіце, дзяжурная ідзе! — радасна абвясціў Паўлюк.

Васіль ачнуўся ад забыцця, падняў галаву. На пероне відаць была постаць дзяжурнага па станцыі. Дзяўчына ішла да іх. «Можа, ужо можна ехаць?» — падумаў, захваляваўшыся, Васіль і паглядзеў на гадзіннік. Але ж да тэрміну заставалася яшчэ сорак мінут.

— Ну што, хлопцы, загараеце? — падышоўшы, жартаўліва спытала дзяўчына і коса зірнула на Паўлюка.— А я змянілася з дзяжурства. Пайду ў кіно глядзець «Мой скарб».

Васіль устаў, ляснуў каменьчыкам па рэйцы, злосна паглядзеў на дзяўчыну, быццам у затрымцы поезда вінавата была яна.

— О, які вы нервовы! — засмяялася дзяўчына.— Супакойцеся, я пажартавала. Пуцевікі скончылі рамонт дарогі раней тэрміну. Зараз мой зменшчык адкрывае вам светафор.

— Падрыхтаваць машыну! — крыкнуў Васіль.

Паўлюк і Фёдар кінуліся да паравоза. Запрацаваў інжэктар, гонячы ваду з тэндэра ў кацёл, часцей запыхкала пара над трубой.

— Дзякую вам! — паціскаючы руку дзяўчыне, сказаў Васіль.

Неўзабаве ўспыхнуў зялёны агеньчык выхаднога светафора. Паўлюк не стрымаўся, радасна выгукнуў сваё звычайнае:

— Э-гэ-гэ-э-й-й!..

Дзяжурная памахала паравознікам рукой. Поезд крануўся, пайшоў, набіраючы хуткасць.

Блакіт пацямнеў, над палямі плыў шэры вечаровы змрок. Васіль уключыў электрычнасць. Спераду паравоза бліснулі два яркія снапы святла. Загарэлася лямпачка і ў паравознай будцы.

«Ліза ўжо напэўна будзе спаць,— сумна падумаў Васіль, але адразу ж парашыў:— Не, сёння яна доўга не засне. Які б ні быў зыход аперацыі, Ліза спаць не зможа...»

5

Нягледзячы на вялікую затрымку ў Палядзічах, яны ўсё ж управіліся да канца рэйса ўвайсці ў графік. Ляцелі так, што ажно іскры з-пад колаў сыпаліся. На ўсім далейшым шляху ім весела падміргвалі зялёныя агеньчыкі светафораў.

— Э-гэ-гэ-э-й-й!..— раз-пораз чуўся ў цемры голас Паўлюка.

Не зрабіўшы ніводнага прыпынку, поезд хвіліна ў хвіліну па раскладу падкаціў да перона роднай станцыі.

Іх сустракалі начальнік дэпо, сакратар партбюро, паравознікі. Гэта была не тое, каб афіцыйная, урачыстая сустрэча, а простае, сардэчнае віншаванне таварышаў па рабоце, сяброў.

...І вось яны ідуць па вуліцах ярка асветленага горада. Наперадзе — Васіль, за ім па паўкроку ззаду Фёдар і Паўлюк. Не знайшлося часу ні памыцца, ні пераапрануцца. Толькі Паўлюк здагадаўся падставіць твар пад кранік тэндэра і збольшага змыць са шчок чорныя плямы ад вугальнага пылу.

На хаду выціраючы пакляй рукі, Васіль усё прыскорвае крок. Мінулі Вакзальную вуліцу, Пясчаную, Камсамольскую. Выйшлі на Ленінскую. Тут ужо засталося недалёка. Два кварталы — і бальніца.

Цяжка дыхаючы ад хуткай хады, падышлі да вялізных, шчыльна зачыненых варот. З правага боку была прахадная будка. Васіль увайшоў першы. У будцы нікога не было.

— Шанцуе,— паўшэптам сказаў Паўлюк.

Раптам з двара прагучаў энергічны жаночы голас:

— Куды?..

Яны сумеліся. З цемры выйшла невысокага росту поўная жанчына ў ватоўцы і заступіла ім дарогу. Васіль пачаў тлумачыць.

— Нельга! — рашуча адрэзала жанчына.— Позна. Заўтра прыходзьце.

— Як гэта заўтра? — запярэчыў Фёдар.— Нам сёння трэба. Мы, ведаеце, адкуль прыехалі? Імчаліся, аж дым ішоў каромыслам!

— Нельга, нельга! — паўтарала жанчына, выправаджваючы іх на вуліцу.— Ды і выгляд у вас, бацюхны!.. А ў нас у палатах чыстата, парадак... Нельга!

Паўлюк пачаў рабіць Васілю і Фёдару нейкія знакі, але, убачыўшы, што тыя не разумеюць яго, проста пацягнуў іх з будкі.

— Ды кіньце вы, хіба з ёю дагаворышся! — горача сказаў ён, цягнучы за сабой сяброў.— Калі б мужчына стаяў, то з ім мы б знайшлі агульную мову — забягайлаўкі ж яшчэ адчынены.

Адвёўшы іх на некалькі крокаў ад будкі, Паўлюк прапанаваў:

— Давайце зробім так: мы тут з Фёдарам забавім яе, а ты, Вася, адыдзі крыху, ды і махай цераз паркан. Пайшлі! — узяў ён за руку Фёдара.

Васіль, не раздумваючы, рашуча пайшоў уздоўж паркана. Ідучы, чуў, як Фёдар і Паўлюк наўмысна голасна спрачаліся з жанчынай, а тая моцна адказвала ім.

Паркан быў высокі, і, калі б не спартыўныя здольнасці Васіля, ён наўрад ці здолеў бы пералезці праз яго. За парканам на двары раслі дрэвы, і гэта было вельмі дарэчы — хаваючыся за імі, можна было непрыкметна дайсці да галоўнага корпуса.

Дзяжурным урачом таксама аказалася жанчына.

— Артамонава? Лізавета Артамонава? — запытала яна, акідваючы незадаволеным позіркам зашмальцаваны касцюм Васіля, і раптам усміхнулася.— Бачыць!

— Бачыць! — выгукнуў Васіль так голасна, што ўрач ажно ўздрыгнула.

— Цішэй, цішэй! — спалохана сказала яна, прыціскаючы палец да свайго рота.

А Васіль гатовы быў абняць і расцалаваць гэтую жанчыну, якая першая абвясціла яму такую радасць! Бачыць! Напэўна, ён і абняў бы яе, калі б быў не ў рабочым касцюме ды калі б чысцейшыя рукі...

— А ці можна... хоць адным вокам... а, доктар? — усхвалявана запытаўся ён і з такою мальбою паглядзеў на ўрача, што тая зноў усміхнулася.

— Можна,— сказала яна.— Нават двума вачыма. Яна ў палаце адна ляжыць. Адчыніце крыху дзверы і паглядзіце.

Урач вынесла ў прыёмную халат, Васіль асцярожна апрануў яго, і яны пайшлі па доўгаму калідору. Тут было многа дзвярэй. Васіль ведаў, што Ліза знаходзіцца за самымі апошнімі, злева. Ён хутка апярэдзіў урача, падышоў да дзвярэй, адчыніў...

Ліза ляжала, паклаўшы рукі паверх коўдры, і глядзела на столь. Так, яна глядзела, бо калі пачула, што дзверы адчыніліся, хутка зірнула ў гэты бок.

Сустрэўшыся з яе позіркам, Васіль не стрымаўся і ўбег у палату. Урач нешта крыкнула яму, але ён не слухаў яе, падбег да ложка і, нагнуўшыся, прыпаў губамі да рукі Лізы...

— Які ты мурзаты, Вася! — зняможаная ад перажытага хвалявання, ціха сказала Ліза.— Ды ўстань ты, устань, вось жа крэсла стаіць.

Урач асцярожна зачыніла за сабой дзверы. Мусіць, і ў яе на душы было лёгка і светла.

— Хто гэта? — раптам запытала Ліза, паказваючы на акно.— Фёдар, так?

У акно, прыціснуўшыся носам да шкла, глядзеў Паўлюк Бярозкін. Убачыўшы, што Ліза заўважыла яго. Паўлюк узрадаваўся, прывітальна махнуў ёй рукой.

— Не, гэта Паўлюк. Я цябе пазнаёмлю з ім.

«Мусіць, Фёдар адзін застаўся з вахцёршай»,— падумаў Васіль.

— А гэта дык ужо Фёдар,— зноў сказала Ліза.

Сапраўды, у акне з’явіўся Прасмак. Ён горача прыціскаў адной сваёй рукой другую, выказваючы гэтым, што жадаў бы з такой жа шчырасцю паціснуць рукі Лізы.

Урач увайшла і сказала, што хворай трэба даць спакою, больш у палаце быць нельга. Васіль незадаволена паглядзеў на дзверы, пераступіў з нагі на нагу.

— Вася,— ледзь чутна спытала Ліза,— а чаму ты запісаў мяне ў бальніцы на сваё прозвішча?

— А што, ці ж ты не згодна?

Лёгкая чырвань заліла Лізіны шчокі.

— Згодна...— аднымі вуснамі адказала яна.

...Мінула больш за тыдзень. Была нядзеля. Ліза выпісвалася з бальніцы. Па яе прыехалі ўсе трое — Васіль, Фёдар і Паўлюк. Усе ў светлых прыгожых касцюмах, а Паўлюк нават капялюш купіў — першы ў сваім жыцці. Капялюш быў крыху малаваты, Паўлюк адчуў гэта толькі далёка ад магазіна і, каб сябры не смяяліся, трымаў яго ў руках.

— Горача сёння,— гаварыў ён і абмахваў твар злашчасным капелюшом, хоць патрэбы ў гэтым ніякай не было. Заўсёды непаслухмяныя валасы Паўлюка сёння ляжалі на галаве гладка прычэсаныя — хлапец перавёў на іх цэлы флакон «Магноліі».

Ліза выйшла насустрач ім у белым плацці і ў такіх жа белых туфлях, несучы ў руках вялікі букет кветак — падарунак урача, які рабіў аперацыю. Калі хлопцы далучылі да гэтага букета свае кветкі, дзяўчына ўжо не змагла яго панесці. Усклалі гэты абавязак на Фёдара.

Сябры павялі Лізу да таксі, якое чакала іх, але Ліза запратэставала.

— Машына? Не, не! — адмахнулася яна.— Пойдзем пехатою. Гэта ж так прыемна — ісці па гораду. Так прыемна! — І шапнула Васілю: — Абавязкова агледзім тыя мясціны, дзе мы з табою бывалі!

Ідучы, Ліза ўвесь час пыталася:

— А гэта што?.. А гэта?.. А ў якім баку парк?.. А дзе тэатр?..

Выйшлі на галоўную вуліцу горада. На скрыжаванні раптам успыхнула вока вулічнага светафора.

— Ты чаго ўсміхаешся? — здзіўлена паглядзела на Васіля Ліза.

Васіль павярнуўся да Паўлюка.

— Паўлюк, што азначае зялёны агонь?

— Шлях свабодны! — адказаў Паўлюк.

...Яны ішлі, а зялёны агонь светафора рабіўся ўсё ярчэйшым і ярчэйшым, а наперадзе, на наступным скрыжаванні, запаліўся яшчэ адзін, а там яшчэ і яшчэ...

1952


1952