epub
 
Падключыць
слоўнікі

Яўгенія Янішчыц

Каліна зімы. Вершы

СВЯТЛО
* * *
* * *
ТУТ
ПАСЛЯ ВАЙНЫ
САЛДАТКІ
БАЛАДА КАЛОДЗЕЖА
ПАЎНОЧНАЯ ЗАРА
* * *
* * *
ПАВЕЛ I НІКАН
ЯК НАЗЫВАЮЦЦА СЛЁЗЫ
САВА І МАРЫЯ
ПРА БАЛОТА
ПРА НАЗВЫ
НОЧ НА ПРЫПЯЦІ
ВУЗДЭЧКА І ШУМЁЛЫ
ІМЯ ПА БАЦЬКУ
НЕСЛУХ
ДУНЯ
ДУРНАЯ ГАННА
НЕ ВАРТА
КРАСНАЯ ЦАНА
АДНОСНА ПУЛЬТА
ПРАГА КРЫЛА
ПА ДАРОЗЕ Ў ДАСТОЕВА
ПРАДЗЕД ФЁДАР, КОНЬ І ПАЭЗІЯ
СЛОВА
УШАЦКАЯ КАЛЫХАНКА
У ЧАБОРУ СПЫТАЙ...
ПАЧАТКОВАЯ ШКОЛА
КАЛЯДКІ
ПЯРСЦЁНАК
СЕРАДА
«БЛАКІТНАЯ ЛАГУНА»
НА ХАТЫНСКАЙ ЗЯМЛІ З ЗАМЕЖНЫМІ ТУРЫСТАМІ
ДУХАВЫЯ АРКЕСТРЫ
* * *
ІНДЗІРА
РОЗУМ
МАЁ АДНО-АДЗІНАЕ СВІТАННЕ
  І
  II
  ІІІ
  IV
  V
  VI
  VII
  VIII
  ІХ
  Х
  ХІ
ПАЭТ
* * *
ТАРАСАЎ ШЛЯХ
БЕЛАРУСЬ. АНДРЭЙ ВАЗНЯСЕНСКІ
МАСКВА — ПАРЫЖ — МАЯКОЎСКІ
ЧЫТАЮЧЫ БАЛГАРСКУЮ ПАЭЗІЮ Ў ПЕРАКЛАДАХ НІЛА ГІЛЕВІЧА
ПРА ГАЛГОФУ
МТАЦМІНДА
СТАРЭЙШЫЯ МАЕ...
* * *
ЧАСІНЫ ГОДА
НАД СЫНАВЫМ ГЛОБУСАМ
ЗОРНАЯ ПАЭМА
  І
  ІІ
МАМА І ПТУШКІ
ЗЯЛЁНЫ ЖАР
ODI ET AMO
ДАВЫД-ГАРАДОК У ЧАС ПАВОДКІ
ДАКОСІНЫ
У 300 КІЛАМЕТРАХ АД МІНСКА
ПРЫТЧА ПРА БОЧКУ
ПАРФЕН І ХВЕДАР
МАЦЕЙ І ПЦІМЕЯ
КАМЕНЬ
КАЛІНА ЗІМЫ
ПРЫЗНАННЕ ВАЧАМІ
  ВОБЛІК
  1
  2
  3
  4
  5
  6
  7
  8
* * *
ДА ВАС
ДВА ГАДЫ НАЗАД
ПА ШЧЫРАСЦІ, УНІЗ
УСЁ ВЫДАТНА
СТРЫЖЫ НАЧНЫЯ
МЫЦЦЁ АКНА
ФЕНІКС
БРАТ
ПАСЛЯ ТРАЎМЫ
ПАДМАНВАЮ СЯБЕ...
ЖЫВУЛЬНІК
ДОМА
* * *
У САДЗЕ МАІХ ЛЕТУЦЕННЯЎ
* * *
* * *
АДЗІНОЧНЫ ЛІК
СВЯТА МАСАК
* * *
КАНТРАСТЫ
ДЗЯКУЙ, АРЛЕКІНА!
* * *
* * *
МАРЫЯ
* * *
* * *
ПА ГРЫБЫ
* * *
АЗЁРНЫ ЧАС
20.VI.1985 г.
ЗОНА СВЯТЛА
ПТАХ
УЗОРЫ
* * *
НЕПАСТАЯННАЕ, ЯК ХВАЛЯ
ПРЫЛУКІ
НАД КНІГАЮ СЯБРА
* * *
СЕЛЕЗЕНЬ І ВУЦІЦА
ВЫ
ДАЛОНІ
ТРАВА
СЯЙВО
УЧОРА?
АННА ГЕРМАН
А ТЫ – ЛІЛІТ...
* * *
* * *
* * *
САВІНАЯ НОЧ
О, СПОРТ!
* * *
ЭЛЕГІЯ ДОМА
* * *
СПРОБА НЕСЕНТЫМЕНТАЛЬНАГА РАМАНСА
* * *
ГЭТА ЛЮБОЎ!
ХВІЛІНА
ТЫ ПОБАЧ, ТУТ...
* * *
ЗНАК ТАЙНЫ
КАХАННЯ САД І ЛАСТАЎКА ВЯСНЫ
СВІТАЛЬНЫ ВЕРШ
СКЕРЦА
ФАРТЫСІМА
ГОЛАС З АКЦЭНТАМ
* * *
* * *
* * *
* * *
МОЛАДАСЦЬ
* * *
БАЛАДА ВЯРТАННЯ
ЯК ПРЫХОДЗЯЦЬ РАДКІ
МЕТАФАРА
БОЛЬ
* * *
ЛЯ МУРОЎ СТАГОДДЗЯЎ
НА ЎСЯКІ ВЫПАДАК...
ЗАЖУРАНЫ ЛІСТ ДА ШКОЛЬНАГА НАСТАЎНІКА
* * *
ТАТА
НАША ПОЛЕ
РАДАСЦЬ
ЗАСТАЮСЯ КАХАНАЙ
І ПРЫЙДУЦЬ ІНШЫЯ...
* * *
СІМВАЛЫ ВЯСНЫ
НА ГОЛАС ЛІРЫ
НАХІЛ
* * *
БЕЗ ВЕТРУ!
* * *
АБОЗ
...ТЫ НІБЫ ЗНОЎ КУПАЕШСЯ Ў РАЦЭ
* * *
* * *
ВЕРШ,НАПІСАНЫ Ў ЦЫРУЛЬНІ
ВІШНЯ
СВЯТА ПІРАГА
ТАМУ ШТО СНЕГ КЛАДЗЕЦЦА ГАЛУБІНЫ


 

СВЯТЛО

Гордая, нуртуе кожнай жылкай

Пад ільдом вячыстая рака.

...Будзе біцца сонная сняжынка

Крыльцамі сляпога матылька.

 

Выйдзем у раскошную нядзелю,

Покуль свята блізіцца здалёк.

Пэўна, я цябе не абнадзею,

Як вось гэты лёгенькі сняжок.

 

Дай мне шляху, што будзілі продкі!

Праплыла яшчэ палоска дня

Белым крыллем спуджанай лябёдкі,

Белай грывай быстрага каня.

 

Расцалуй да чыстых слёз, да смеху,

Пальчыкі азяблыя сагрэй.

...Светла як ад ранішняга снегу,

Толькі ад вячэрняга — святлей.

 

 

* * *

Арліны храм. Узмежак беразовы.

І твар сялянкі жытна-верасны.

Усё ў адным злілося перазове —

Нашэсце грому, ласкі і вясны!

 

Шугнула жыта там, дзе спелі кулі,

Дзе раць у раць ішлі на смерць сыны.

Усё ў адным трывожна-гордым гуле:

Нашэсце птушак, думак і віны.

 

Чый светлы цень гукаецца ў бярозе,

Чыё не ўстала з попелу сяло?

Мы пасядзім з табою на парозе,

Мой крохкі боль і ціхае цяпло.

 

Франтавікі, Баяны, аднасельцы,

Насельнікі аблок і гарадоў...

Усё ў адным шчасліва-горкім сэрцы:

Гісторыя. Трагедыя. Любоў.

 

 

* * *

Зялёныя ігольчатыя сосны.

Наплыў неўтаймавальніцы-вясны.

Ды вырастаюць крохкімі па вёснах

І — не па летах! — бледныя сыны.

 

Накормлены, здаецца, і сагрэты,

І цела ад работы не шчыміць.

А я травы пытаюся ў кабеты,

Я ўжо сама гатова варажыць!

 

А можа, гэта проста ад дакукі,

Ад апантаных модаю людзей?

Няпраўда, ах, яны ж грызуць навуку,

Яны у курсе спорта і падзей!

 

Мне сто разоў бяссільнай быць і дужай,

Збіваць агонь у вогненнай крыві.

...Ды хлопчыка з купалаўскаю ружай

Ты, Беларусь, як сына, блаславі!

 

 

ТУТ

Ой, пры каліне чырванашчокай

Ды пры даліне зялёнай — сяло.

Знаю, ні ў якай старонцы далёкай:

Тут мне якраз нарадзіцца было!

 

Услухайся ў назвы: Яголін, Агова,

Гойнава, Гуслікі, Горбень, Звінчо —

Тут, дзе ласкава павераць на слова,

Але правераць затым на плячо.

 

Тут, дзе і бондар раскошны, як бочка,

Дзе вырастаюць на жылах лясы

І — дзе сялянка над прахам сыночка

Ў горкім бяссіллі ірве валасы.

 

Тут, дзе хапае да хлеба і солі

І на сталах не канчаецца мёд.

Тут, дзе не скончыцца песня ніколі

І не ўпадзе на калені народ!

 

 

ПАСЛЯ ВАЙНЫ

Я на кіно ў бацькоў дазволу клянчу.

Пасу гусей ў разлётнай чарадзе.

Мой залаты, мой рэзкі свет дзіцячы:

Мятлушкі сон і чэрапы людзей.

 

Яшчэ пякуць нясцерпна пахаванкі,

Але жыццё вяшчуе немаўля.

Стрыгуць авечак рупныя сялянкі —

І пухам усцілаецца зямля.

 

Я кніжкі ўсе чытаю па парадку:

Пра рыцараў, пра жахі, пра любоў.

А цыганы апошнюю апратку

Выманьваюць без сораму ва ўдоў.

 

Скідае фрэнчы пыльная Еўропа.

Сусед бязногі едзе на кані.

А там, на дне смярдзючага акопа,—

Малінніку дражнючыя агні.

 

 

САЛДАТКІ

Тапталі ржышча, секлі буралом,

Жыццём масцілі горасныя кладкі.

Усё радзей за песенным сталом

Збіраюцца трывушчыя салдаткі.

 

На сукнях адгарэла мурава...

Каторы раз паўторыць цётка Ліда:

«А мой, што пад Берлінам, ў дваццаць два —

Няхай бы хоць вярнуўся інвалідам».

 

Ах, прад’явіць каму палын-віну?

Другая скажа так, што шэрхне цела:

«Кляну вайну. І Колечку кляну,

Бо лепш яго — нікогачкі не мела».

 

Счапіўшы рук шурпатых вузлякі,

Адна адной зірнуць балюча ў вочы.

«Не выпалі нам, бабы, мужыкі».

«Не выпалі...» — замужнія прамоўчаць.

 

 

БАЛАДА КАЛОДЗЕЖА

Ветлым сонцам ці шчасцем сагрэта?

Што прымчаў мяне — дзякуй, цягнік!

Упляло ў маю косаньку лета

Сіняй Ясельды пекны каснік.

 

Поўна ўцехі. І песень даволі.

Боль струшу з ацяжэлых павек.

Сіўку-бурку гукну ў чыстым полі! —

Выйшаў з поля дзівак-чалавек.

 

«Што шукаеш? — спытаўся нядобра.—

І гукаеш каго праз гады?»

Хлеб дастаў ён са зрэбнае торбы

І не даў мне напіцца вады.

 

«Лунь,— кажу,— а дзівак вы, дый годзе

Пасміхнуўся ў адказ мне стары.

Ой жа доўга шукала калодзеж —

Напаткала аж цэлыя тры.

 

Першы мохам аброс. А ў другога —

Памуцілася памяць да дна.

А праз трэці пралегла дарога,

Як па Луні сівым — даўніна.

 

 

ПАЎНОЧНАЯ ЗАРА

Не шлях сюды,

а лёс мяне вяртае,

Хоць і кажу: «Забыць, забыць пара!»

Але пяе на небе залатая

Адзіная паўночная зара.

 

Жаданне абарвецца і растае,

Размые след вясновая быстра.

Але цвіце на небе залатая,

Высокая трывожная зара.

 

У час такі — не час для раздарожжа.

Гукай мяне, паэзіі сястра!

О, як звініць апошняя, бязбожная,

Кароткая і позняя зара!

 

І тут, дзе радасць дыхае вяснова,

Дзе Млечны Шлях спадае на зямлю,

Я светла прыпаду да дзеяслова

Твайго,

з маёй слязінаю — «люблю».

 

 

* * *

Так п’ю з крыніцы, быццам не піла,

Не прыпадала да сцягі-бяглянкі...

Няўжо даўно так дома не была:

Асвер зламаўся. Выцвілі фіранкі.

 

Галосны самы, сціх канец сяла.

Мірэй Мацье і Чэлентана ў модзе.

Няўжо даўно так дома не была:

Стамілася раджаць зямля ў гародзе!

 

Занадта стаў шырокім круг стала,

Сама ў сабе замкнулася радзіна.

Няўжо даўно так дома не была:

У спальні мамы — пах валакардзіну.

 

Сарокі сціхлі ўсе, да аднае...

Глынуўшы шлаку, прыхварэла рэчка.

І цар-гусак мяне не прызнае,

А я яго баюся недарэчна.

 

 

* * *

Поўнік у акне. Святло і ціш.

Двое нас у ціхамірнай хаце.

— Мама, ты чаму ж усё не спіш?

— Сон адзін і той жа, як закляцце.

 

Прыхіну падушачкі хатуль.

Цёпла мне. І ўсё-ткі — замярзаю.

— Мама, ён жа мёртвы і адтуль?..

— Не скажы! Магілы я не знаю.

 

На прыгожы твар праклаўся шлях

З нітачак спакою і адчаю.

— Мама, гэта ноч нагнала страх.

— Спі. А я — лучынкі нашчапаю.

 

 

ПАВЕЛ I НІКАН

Параднюся з палын-цішынёй,

Свет не ўвесь бессардэчна-бязлікі.

...Памагаюць матулі маёй

Два апосталы — Павел і Нікан.

 

Першы ўмела кіруе канём,

Спраўна ходзіць сякерка ў другога.

Зелянее жытцо пад акном,

Пахне лесам у хаце падлога.

 

А калі спорны дзень прамільгне,

За сардэчнай і ціхай вячэрай —

Павел чорны канцлагер кляне,

Грозіць атаму Нікан сякерай.

 

Паласнуць, як па сэрцы, агнём,

Дзве аповесці ў сумным гуморы.

...Ападаюць, цвітуць за акном

Зоры гневу і вечнасці зоры.

 

 

ЯК НАЗЫВАЮЦЦА СЛЁЗЫ

Попел і чорныя цені майна.

Вые у комінах скруха.

Як называюцца слёзы? —

Вайна.

Смерць.

Галадоўка.

Разруха.

Спее сусветнага жаху града.

Хто пазбірае каменне?

Як называюцца слёзы? —

Бяда.

Здрада.

Разрыў.

Адчужэнне.

Мілы, мы зналі кахання палын,

Трушчыць як сэрцы — самота.

Як называюцца слёзы? —

Святлынь.

Радасць.

Здзіўленне.

Пяшчота.

Крэўнасць зарук, нібы іскры з кастра...

Свеце бянтэжны мой, дзе я?

Як называюцца слёзы? —

Сястра.

Маці.

Планета.

Надзея.

 

 

САВА І МАРЫЯ

Мой паклон табе сардэчны, хата

(Дзякуй, што і я ў гасцях была!).

...Зберагаў хто серабро і злата,

А Марыя Саву берагла.

 

Колькі часу лютая стыхія

Апякала вогненнай вайной...

Гарачыўся: «Кінь мяне, Марыя!

Як са мной — то лепш ужо адной».

 

А Марыя ветла ушчувала:

«Саўка, не іграй, нібы ў кіно».

Мыліцы паспешна падавала,

Адчыняла ў белы сад акно.

 

І дарожак збітых не лічыла,

Чорны скарб трымаючы ярма.

Колькі год прайшло з тае, Айчыннай

Гэтулькі! — адхлання ім няма.

 

Секане па сэрцы слова «тата».

Слова «мама» — громам ля вушэй.

Сцеражэ хто серабро ды злата,

А Марыя — Саву сцеражэ.

 

Ой, вы косы доўгія, сівыя,

Ой ты, сукні выцвілай скалых!

Як малітву: «Сава і Марыя!»

Вымаўляю я імёны ўслых.

 

Калі хто пра серабро ды злата

Мысліць у чаканні перамен,

Вашая,

над Ясельдаю,

хата

Перад цэлым светам, як рэнтген.

 

Калі сэрца падае ў адчаі

І трасе мяшчанскі землятрус,

Вашымі бяссоннымі вачамі

На мяне глядзіцца Беларусь.

 

Ой, вы ночы доўгія, глухія,

Думак неадольных асаўё!

Го й, ты доля — Сава і Марыя —

Прычашчэнне церпкае маё.

 

 

ПРА БАЛОТА

Сеўшыя ў вышынныя дамы,

У хвіліны сельскага натхнення,

Колькі вершаў напісалі мы

Пра балота і пра асушэнне.

 

Фауны і флоры каралі,

Хворыя на сытасць і на тупасць,

Колькі дысертацый вы спяклі

На прадмет балота: за і супраць.

 

Колькі мудрых і дарэмных слоў

Прыняло Палессе без правіны.

Помню, чорных ведала буслоў

І пад снегам помню журавіны.

 

Ніцыя, лазовыя кусты,

Вас чапаць на кошыкі любілі.

Па азёрах сініх і густых —

Помню, рыбу вёдрамі лавілі.

 

Добра помню, як сказалі дзве

Цёткі,

стрэўшы прышлага аднойчы

«У яго трасун у галаве.

У яго пустыняй пахнуць вочы».

 

 

ПРА НАЗВЫ

Ах, вёсачкі акружныя:

Жытцо, лянок, авёс...

Брыльянтава, Жамчужнае...

Які ж вас цар прынёс?

 

Дыхне прастор марозамі,

А шыльдачкі падрад:

Малінаўка... Бярозаўка...—

Суцэльны плагіят!

 

З сярпочкамі ды з віламі,

З кажнюткага жытла —

Тут вёсачка Цярпілаўка

Спявала і жыла.

 

Нібыта з мудрай свахаю

Свой дзелячы сакрэт,

Я з вёскай Гаравахаю

Ішла ў вялікі свет.

 

Чакайлаўка ды Блінная...

Мой дружа, бы ў жальбе,

Мясцінамі быліннымі

Я правяду цябе.

 

Там дзецюкі аршынныя,

Там свацейкі гудуць...

Там дзеўкі з Харашылава

Ў Залюбічы ідуць!

 

 

НОЧ НА ПРЫПЯЦІ

Авёс паспелы на далоні.

І поле — мілае да слёз.

Стрыгуць траву начныя коні,

Ды будзіць Прыпяць цеплавоз.

 

Усё яшчэ... Яшчэ — не ўчора.

Але з якіх глухіх начэй

Мне зазірае ў вочы воран

Бязлітасна, нібы кашчэй.

 

Яму — пад сто. Яму не спіцца.

Дый мне сягоння не заснуць.

І трызніць закахана Прыпяць,

І воды плыткія пяюць.

 

Усё яшчэ як на далоні:

Падкоўкі дзён, каралі рос.

Але ляцяць у бездань коні

І рас-

сы-

па-

ецца

авёс.

 

 

ВУЗДЭЧКА І ШУМЁЛЫ

Год 1953-ці, хутар

 

Сыпле жартам дзед сівы, вясёлы,

З рук не выпускаючы лямеш:

«Брат, вазьмі, хар-рошыя шумёлы!

А каня — як-небудзь завядзеш.

 

Бо сынкі звілі ў агні гняздзечка,

Клікаў іх — адтуль не дазавеш.

Брат, вазьмі, хар-рошая вуздэчка!

А каня — як-небудзь завядзеш.

 

Чую, што канчаецца дарога,

Дык таму й баюся за тавар!..»

Каб не крыўдзіць голуба сівога,

Бацька мой прыняў ад дзеда дар.

 

Век сталёвы, век трывожна-кволы,

Ды як прошлай радасці званец —

На гарышчы зазвіняць шумёлы

І вуздэчка заіржэ з сянец.

 

 

ІМЯ ПА БАЦЬКУ

Ты дзесяць год забыў мяне, якую

Нанова мне вяртае новы час.

 

Ты дзесяць год завеш мяне па бацьку,

Нібы тым самым знаеш аддаленню

Халодную і жорсткую мяжу.

 

Ну што ж, з таго ні горача, як кажуць,

Ні холадна, павер, даўно і мне!

 

Прысніцца ноччу мне святы Іосіф,—

дакладней, цесля

і вясковы бондар,—

а гэта значыць родны бацька мой.

 

Ён паглядзіць, ці не ўчарнелі рамы,

Ці дзверы не рассохліся ў кватэры,

Ці не рыпяць сасновыя масніцы,

Ці ёсць для свята месца на куце.

 

І покуль ты завеш мяне па бацьку,

І покуль я яшчэ жыву на свеце,

Яго ніяк я не ўяўляю мёртвым —

Я плоць яго, нявыветраны дух!

 

 

НЕСЛУХ

Вёска, 1963—198... гады

 

Што й казаць, а Сымонка быў юркі!

Дакарала матуля ў вячэрняй мальбе:

«Ах ты, неслух, ізноў на штанах тваіх дзюркі!

І супынку ж няма на цябе!»

 

Аціхаў верабейка няўтольны і шумны,

Апускаў долу вочы ў дзіцячай гурбе:

«Як жа можна, сыночак, парваць так кашулю!

І супынку няма на цябе!»

 

Быў гарэзны Сымон. І агніста ўсміхаўся,

Покуль маці ізноў не журыла ў мальбе:

«Божа мой! І ў каго ты, Сымоне, удаўся!

І супынку ж няма на цябе!»

 

Час мінуў. І Сымона счакалася хата.

Словы джалілі маці не раз, як асцё.

 

Ён служыў. І ўзарвалася — з сэрцам! — граната.

І супынку не знала жыццё.

 

 

ДУНЯ

Ні сябе адстояць, ні ўхваліць

Не магла аціхлая гарбунка.

Кожны шмэндрык мог яе чапіць

І ўкалоць па-местачкоўску: «Дунька».

 

Йшлі радочкі звыклага жыцця,

І яна гукалася на словы:

«Дуня, паглядзі маё дзіця».

«Дунька, папасі за нас каровы».

 

«Дунька, не тырчы, нібы сава!»

 

«Дуня, не туды кіруеш дышла!»

 

Неяк непрыметна для сяла,

Без вяселля Дуня замуж выйшла.

 

Не спявалі ёй. І не пілі

Хмель-віна. Не неслі падарункаў.

Ды, як зоркі, вочы расцвілі.

Нават плечы выпраміла Дунька.

 

Між радзіны новай, між людзей

За пакуты шчырыя якія —

Бачыце, як молада ідзе,

Як дастойна крочыць Еўдакія!

 

 

ДУРНАЯ ГАННА

Бяссонне мучыць галаву,

Ні следу — да парога.

 

«Пытайцеся, пакуль жыву,

Я пакажу дарогу».

 

Збірае пер’е і траву,

Увішна трэ падлогу.

 

«Пытайцеся, пакуль жыву,

Я пакажу дарогу».

 

На ўскрайку вёскі, дзе папас,

Жыве дурная Ганна.

На ўсё ў яе — адзін адказ,

На ўсё — адно пытанне.

 

А рукі, быццам буралом.

Травой прывялай — шчокі.

...У чыстым полі за сялом

Ёсць страшны роў глыбокі.

 

Вайна і посвіст салаўя

Змяшаліся няўцямна.

Была сям’я. Было — сем «я»,—

Усіх накрыла яма.

 

Былінку горкую сарву

І ўчую праз трывогу:

— Пытайцеся, пакуль жыву,

Я пакажу дарогу.

 

 

НЕ ВАРТА

Шукаць дарэмна броду — лепш ракою

У незнаёмым месцы плыць без жаху.

Не заграбайце жар чужой рукою:

Застацца можа іскра для пажару!

 

Цяжар не перавальвайце на плечы

Спадручнаму

у век суровай прозы.

Лаўровікі, не думайце пра вечнасць:

І помнікі не ўсе адліты з бронзы!

 

Уразіць твар, а болей — агароджа,

Якой паспеў дзівак адгарадзіцца.

Плануйце дзень і год свой асцярожна:

Пад восень і садоўнік мітусіцца.

 

Не трэба пеўняў разліваць вадою —

Праз пяць хвілін угаманяцца страсці.

Не варта рваць адносіны з бядою,

Бо непадзельна з ёю ходзіць шчасце.

 

 

КРАСНАЯ ЦАНА

Шуміць базар, кіпіць базар сталічны,

А на прылаўках дыхае зямля.

Дзябёлая кабета артыстычна

Каштуе дар прыроды спакваля.

 

Гандлююцца, гамоняць, ушчуваюць

Сівую бабку ў лёгкім пінжаку.

І яблыкамі сеткі набіваюць,

І лаюцца на шорсткім скразняку.

 

Не чырваней, як спелы яблык, бабка,—

Заступніца спусцелага сяла.

Бяры за рэстараны, за тэатры,

Ў якіх, відаць, ні разу не была.

 

За боль бяры, за жорсткія спакусы

Вачэй,

што адшугалі, як ільны.

За цёмныя засушаныя вусны

З трагедыі праклятае вайны.

 

За град бяры, за хлюпкія сумёты,

За звыштраскучы студзеньскі мароз,

За тое, што усе твае суботы

На кожным тыдні — красныя наскрозь.

 

Бяры за быль, бяры за небыліцу,

За тое, што аглухла, як сцяна.

...Павінна ў рэшце рэшт і на зямліцу

Быць красная, адменная цана!

 

 

АДНОСНА ПУЛЬТА

Нехта рукі кіруе на пульт,

Хоча вораг крывавае мукі.

За які ён змагаецца культ?

Хай адсохнуць ў падпальшчыка рукі

 

Ці ж да песень не здатны мой кут?

А прыціх, нібы поле на мінах.

Узвядзём жа культуру у культ! —

Хай пракісне віно ў магазінах.

 

Уратуйма яе ад клаак,

Траскатні, мітусні-верхаводкі,

Каб ішлі на паэзію,

як

У царкву мае грэшныя продкі.

 

Зведаў край наш нямала пакут,

Каб застацца народу — народам.

Узвядзіце культуру у культ,

Каб халтура не ведала ходу!

 

Стрэсы нас даганяюць, інсульт,

Хцівасць нас даганяе драпежная.

Узвядзём жа культуру у культ,

Ачышчэнне душы — непазбежна!

 

 

ПРАГА КРЫЛА

Рыфмы змахну са стала,

Але не выйду з прыгнёту.

Вечная прага крыла —

Вера і сіла палёту.

 

На скрыжаваннях падзей —

Горыч і слодыч аскомы.

Дзякую, белы мой дзень,

Ты налятаўся да стомы.

 

Песня і песня,

апроч

Звышнепрыкаянай зморы.

Дзякую, чорная ноч,

Ты узняслася да зорак.

 

...Тоўстых каменняў ілбы

Палеазойскае эры;

...Сытыя галубы

На падаконніку веры,

 

Вас не люблю, а шкадую.

 

 

ПА ДАРОЗЕ Ў ДАСТОЕВА

 

Красота спасет мир.

 

Ф. Дастаеўскі

Шукаць карэньчык роднасці сваёй?

А тут — лясы, падзолістая глеба.

А тут — каторы дзень! — ілье пралой.

Як Дастаеўскі, схмарылася неба.

 

Язычнікаў куточак? Не, музык!

Вось паляшук узяў скразную ноту.

Струна душы, падобная на ўскрык,

Перажагнала радасць і гаркоту.

 

І ў гэтай дзіўнай, грознай цішыні,

Дзе сад здзічэў, дзе звялі пералескі,

Як струны, перабраўшы ночы й дні,

Я вас не раз успомню, Дастаеўскі!

 

Нацяты нервы сэрцаў і планет.

І новы ўжо Раскольнікаў бунтуе.

На астраўкі расколваецца свет.

Якая ж прыгажосць яго ўратуе?

 

 

ПРАДЗЕД ФЁДАР, КОНЬ І ПАЭЗІЯ

Як на папасе, сустрэліся ў часе,

Цела ўмірае, а дух не памрэ.

...Прадзед мой Фёдар лятаў на Пегасе

Пасля таго, як загоны згарэ.

 

Бабка хрысцілася ў кут на святога,

Ды рыфмачу пападала найперш:

«Што ты складаеш, бязбожнік, пра бога?

Чую, што смерцю сваёй не памрэш!»

 

Густа дымела табака у піпцы.

Богу прадаў а ці д’яблу душу —

Сумна-вясёлага ў вогненнай світцы

Вёз яго чынненька конь з кірмашу.

 

Потым імчаў той віхор над балотам,

Біўся раз’юшаны вецер з вушэй.

Да найсучасных цяпер самалётаў —

Дух наўздагонкі сягаў і вышэй.

 

Прадзеда світка ці слова світае?

Гэта агонія а ці агонь:

Рыфму, як іскру, з дарог высякае

Незацуглянай паэзіі конь!

 

 

СЛОВА

 

Вацлаву Жыдліцкаму

 

Каму — маліцца славе,

Спакусніцы ліхое.

Скажыце мне, Вацлаве,

Адкуль цяпло такое?

 

Калінавы, шыпшынны

Мой край ад зор азяблы.

Ды Вас заваражыла

Святое слова «сябра».

 

Мянялася надвор'е,

Ішлі дажджы адлегі.

Адно не гаслі зоры

Ад альфы да амегі.

 

Накінуўшы на вулкі

Сярэбраныя латы —

Туман крылом атульваў

Венецыянскай Влаты.

 

А пушчай Белавежы,

Дзе ціша, як замова,

Паслухайце праз межы:

Не памірае слова!

 

 

УШАЦКАЯ КАЛЫХАНКА

 

Рыгору Барадуліну

 

Па полю ды па сенажаці

Нясла, каб песню не ўрачы.

...Ці ведаў свет, якая маці

Спявала сыну уначы!

 

Блакадны лес гукнуў: «Ку-лі-на-а...»

Ля ног сквалчэла дзераза.

Запала рана ў сэрца сына

Любові мужная сляза.

 

...Ходзіць сон каля акон,

А дрымота каля плота.

І пытае сон дрымоту:

— Дзе мы будзем начаваць?

— Дзе хацінка цяпленька.

 

А гукі ткаліся са скрухі,

Ўрасталі ў дол, як карані,

Сярод сусветнае разрухі,

Сярод аклятай цішыні.

 

Ты прыхіні яго, яліна!

Маланка, долі не суроч!

«Ку-лі-на», чуецца, «Ка-лі-на»,

І не хавае сцежкі ноч.

 

Ой люлі-люленькі, люлянка...

Блакадна пераць перуны.

Адно, кашулька-вышыванка,

Як матылёк, сярод вайны.

 

Крывава зіркае маліна,

І дымам курчыцца чабор.

«Ку-лі-на», трызніцца.

«Ка-лі-на»,

Перабірае струны бор.

 

За ёй, як нітка за іголкай,

Ён бег па жаху, па вайне.

...А песня тужыць перапёлкай

У недажатай збажыне.

 

 

У ЧАБОРУ СПЫТАЙ...

Шчэ да вечара доўга — далёка,

Шустры конік збівае расу.

Абсалютна спакойна і лёгка

Я зялёную ношку нясу.

 

Водар лесу, ці вецер гаркавы

Развярэдзіць шчымлівы ўспамін.

...Ёсць у ношцы балючыя травы,

Ну, напрыклад, дурман і палын.

 

Адпачну ля глухой пераправы

Покуль з громам спрачаецца дождж.

...Ёсць у ношцы вясёлыя травы,

Як да праўды — крапіўка і хвошч.

 

Гэй, няма толькі зеллечка злога,—

На яго небагаты мой край.

...Скуль іду я, куды мне дарога —

У чабору, радзімы спытай.

 

 

ПАЧАТКОВАЯ ШКОЛА

Ажыніна ножку ўкалола?

Бяды той! Калючкі — не злыя...

У кожнага ёсць свая школа

І літары ёсць залатыя.

 

Зіхоткім дасвеццем вясёла

Страсаю няўцямныя сны я.

У кожнага ёсць свая школа

І літары ёсць прапісныя.

 

Паставіць няўдача пячатку,

Ну што ж, і няўдача — урокі.

Пачнём, мой сыночак, спачатку

Нанова пачнём, яснавокі!

 

Дарогі вавёрчына кола...

Зіркасты шыпшыннік з адхону.

Мая пачатковая школа

Вучыць мяне будзе да скону.

 

 

КАЛЯДКІ

Вось і ўсмешка, як вясёлка ў кроснах.

А каб хто ж яе і паспытаў:

Вывернуў кажух мой бацька хросны,

Удавец-браток надзеў каптан.

 

А каптан — зялёны ўвесь і горкі,

А браток, на дзіва, гаваркі —

Круціць мне сланечнік цуда-зоркі,

А на ёй — вавёркі і ваўкі.

 

А на ёй — лагодныя авечкі,

Гордыя алені і зубры...

Дык чаму ж згасаю тонкай свечкай,

Нібы паміраю без пары?

 

Мне шкада і хроснага, і брата,

І зары, што стаяла ў акне.

Гэты маскарад і гэта свята —

Спецыяльна, знаю, для мяне.

 

 

ПЯРСЦЁНАК

Да бляску двор замёў усходні вецер.

Вось і ад сэрца трошку адлягло.

...То дзесь было: у космасе, ў Сусвеце,

Ці на мяжы палыннае было.

 

Ўракла матуля: «Будзе трудна з думкай.

Ніжэй трымайся неба і зямлі».

А я чужым зайздросціла мядункам —

Яны бяздумна пахлі і цвілі!

 

Па кветках тых даўно тугі не маю.

Мінае лета. Коціцца зіма.

І ўсё ж адну да сэрца прытуляю,

Хоць назвы ёй і памяці няма.

 

Чакае шлях. Чакае золак дальні.

Чаму ж душа бянтэжыцца яшчэ?

...Прымераю адзін пярсцёнак даўні —

І, нібы варам, палец апячэ.

 

 

СЕРАДА

 

Тое, што я існую — гэта цуд.

Гэта і ёсць жыццё.

 

Р. Тагор

Віншавальных лістоў чарада

Жаўрукамі шчабеча мне зрання.

...Вось прыйшла і мая серада —

Палавіна жыцця і жадання.

 

Невядомыя зоры планет

Дакляруюць святло пакахаўшым.

Серада. Пасярэдзіне свет.

Пасярэдзіне праўды і фальшу.

 

І крычаць загалоўкі газет

Кроўю сэрца і скрухаю чорнай.

Серада. Пасярэдзіне свет.

Пасярэдзіне міру і прорвы.

 

Пра-тэс-тую! Планеце — цвісці,

Не, не быць ёй ракетадромам!

Мой радок, дэманстрантам ляці

Да аглухлага Белага дома.

 

Хіба скончыўся ў свеце давер?

На сяброўства настройваю ліру.

З серады ды на чысты чацвер

Дай, Зямля, табе

хлеба і міру!

 

 

«БЛАКІТНАЯ ЛАГУНА»

 

Калі хто стаміўся ад мітусні і шуму і хоча пабыць сам-насам — карыстайцеся паслугамі фірмы «Блакітная Лагуна».

З рэкламы амерыканскага тэлебачання

 

Пакіньце быт уласны

І дзень надзіва юны.

Прыдбайце, містэр, ласты

З «Блакітнае Лагуны».

 

Турботаў пад завязку?

Хоць раз, ды трэба плюнуць!

Прыдбайце, місіс, маску

З «Блакітнае Лагуны».

 

Няхай аўто нясуцца

З народам і са збродам.

Напоўніць не забудзьце

Балончык кіслародам.

 

Хай бізнес ладзіць войны,

Ілжэ пра мір з трыбуны.

Мо й сапраўды спакойней

У чэраве лагуны?

 

Тут дзіўная прырода.

Не думалі вы хіба,

Што, мусібыць, выгодней

Набраць вады, як рыба?

 

Плывіце без патугі,

Хай зорыць вам фартуна.

Да вашае паслугі —

«Блакітная Лагуна»!

 

 

НА ХАТЫНСКАЙ ЗЯМЛІ З ЗАМЕЖНЫМІ ТУРЫСТАМІ

 

...А гасцей усё возім

У Хатынь, у Хатынь.

П. Панчанка

 

Ой бы вас ды ў саначкі былінныя,—

Коні ёсць, і маразы гудуць.

Ёсць і ў нас вясёлыя мясціны,

Толькі ўсё ж Хатынь не абмінуць.

 

Нам бы вас — з гарэзнымі шумёламі,

Так, каб толькі звон у галаве!..

Толькі не астыў яшчэ над сёламі

Звон, што з сорак першага плыве.

 

Жытніцы, Гасцілаўкі, Асвеі...—

Болей не ўглядацца ім на свет.

Ветлае,

не бойцеся завеі:

Не, не замяце вас, фрау Кэт!

 

Юныя растуць вакол бярозы,

Ды святло змяняецца на боль.

Шчырага,

не бойцеся марозу:

Скіньце шапку, гаспадзін Рудольф!

 

 

ДУХАВЫЯ АРКЕСТРЫ

На зямлі — непагода,

Чорны вэлюм нявесты.

...Духавыя аркестры

Сорак першага года.

 

Праважалі, хавалі,

Сцяўшы гордыя губы.

Гнеў і вера трымалі

Вашы слынныя трубы.

 

Непазбытыя страты,

Соль на зорачках алых...

Ваш матыў, аркестранты,

Не прыстаў на прывалах.

 

Вы — ад крэпасці Брэсцкай,

Ад сумлення народа, ,

Духавыя аркестры

Пераможнага Года!

 

 

* * *

Ружовы цвет і хараство садоў.

Адкрыты жаль заложніцы-эпохі.

А на зямлі не менее удоў,

Нібы ва ўсім павінны катастрофы.

 

Чытай сябе і вывучай, паэт,

Маліся на магілы і бярозы.

Калі ж нарэшце вылюднее свет

І скончацца ваенныя пагрозы?

 

Калі ж дашчэнту згіне яд і тля

І станецца любоў невыпадковай?

Бо, як жанчына, цягнецца зямля

Да абароннай ласкі мужыковай.

 

Дваццаты век. Бары і курганы.

Радзінны спеў і пошум Белавежы.

Мы ўсё яшчэ будуемся з вайны

І — ад вайны! — няўжо ізноў залежым?

 

 

ІНДЗІРА

Так адлятаюць у далёкі вырай,

Але высокім крылам сцюж няма.

Як Ліра, над зямлёй гучыць «Індзіра»,—

Свяшчэннае і мужнае імя.

 

Нязломна так мужчыны паміралі,

Каціўся сонца лік за сіняву.

Суровыя, у горасным абвале

Схіляюць Гімалаі галаву.

 

Ды голас Ваш і воблік серабрыны

Праніжа раптам з чорнай нематы.

Вы узышлі мелодыяй краіны,

Паэзіяй шчаслівай яснаты.

 

Яшчэ не ўся зямля цяплом сагрэта,

Але, прабіўшы раўнадушша тхло,

З высокіх душ гартуецца планета,

Каб душагубам месца не было.

 

Праўдзівы шлях не знае наракання,

Яшчэ крапчэй бясстрашша тчэцца ніць.

Жыве, гучыць паэзія змагання,

Якую немагчыма падкупіць.

 

Кручасты шлях, адчайны лёт арліны,

Але свабодзе высака лятаць.

Жыве, звініць мелодыя краіны,

Якую немагчыма расстраляць!

 

 

РОЗУМ

Згустак шэрага рэчыва —

Мозг журбы і надзей.

Свет стаміўся ад спрэчак,

Ад падзей ці людзей!

 

І зямля знепакоена,

Цяжка стогне зямля.

Землятрусамі, войнамі

Хіба выжывем

для

 

Непаўторнае, новае,

Залатое пары...

Хто вы, мондрыя Коэны,

І — за што? — змагары.

 

Свет вялікі і розны:

Межы, дрэвы, драты.

Толькі верыцца ў розум

Той,

што сее жыты.

 

Свет ласкавы і грозны:

У крыві і ў расе.

Толькі верыцца ў розум

Той,

што шчасце нясе.

 

Згустак шэрага рэчыва,

Згустак шэрага вечара.

Згустак страшнага нечага,

А ці добрага, вечнага?!

 

 

МАЁ АДНО-АДЗІНАЕ СВІТАННЕ

 

Сыну Андрэю

 

 

І

 

14.ІХ.1985 г.

 

Вось нашай польнай сцежкі паясок,

Вось спеўны бор — уся твая радзіма.

...Ламаецца твой, сынку, галасок,

А я запомню гэты, нібы дзіва:

 

Ён так ільецца, нібыта пяе

(І не сатруць яго паводкай вёсны).

Вось вочанькі разумныя твае,

І ты са мной гамоніш, як дарослы.

 

Як выраслі узмахі родных крыл,

Каб акрылёна ў свет лятункі несці.

Ды йшчэ звініць і прыдае мне сіл:

«Мамусенька, дай жэўжыку паесці».

 

Згатую страву смачную, сынок.

Пірог спяку. І пагляджу задачу.

...Ламаецца празрысты галасок,—

Такой бяды! Ды я чамусьці плачу.

 

 

II

 

8.Х.1985 г.

 

А поўня нас цямнечаю лякае,

І дождж ільецца прама у душу.

Сынок, я тэлефоннымі званкамі

У «Хуткай» міласэрнасці прашу.

 

Якая ўсё-ткі ноч у нас даўгая,

Ці зналі мы падобную калі?

...Прыехала адна, затым — другая,

І трэцяя — падмогі не далі.

 

Міжволі тут успомніш і пра бога,

Калі твой тварык бледны і васцёр.

Вяду цябе знямоглага, слабога

Праз хірургічны доўгі калідор.

 

Было ў жыцці маім зашмат благога

І ўсё-ткі болей сонца і удач.

Тулю цябе сцішэлага, слабога,

А ты мне шэпчаш: «Мамачка, не плач».

 

Так цяжка мне, нібы іду праз гурбы

І завірухай свет завалакло.

І ўжо малю не бога, а хірурга:

«Ўратуйце мне адзінае святло».

 

 

ІІІ

 

9.Х.1985 г.

 

Сляза чакання, зорка-зараніца,

Апошняе надзеі не суроч!

Я ўся цяпер прыліпла да бальніцы

І, як дзяжурны ўрач, не зводжу воч.

 

Сыночак мой, бясцэнны мой, радзімы!

Якія суткі ўжо не сплю, не ем,

Але заводжу звонкі твой будзільнік.

Ты слухаеш? Ён звоніць роўна ў сем.

 

Шуміць асенні вецер верасовы,

Скупы праменьчык сэрца сагрэе.

Я праціраю столік твой пісьмовы,

Пераглядаю сшытачкі твае.

 

Адно, калі праходжу міма школы,

Дзе сэрца раніць ранішні званок,

Шапчу адны, адны і тыя ж словы:

«Ты будзеш жыць! Ты выжывеш, сынок!»

 

 

IV

 

10.Х.1985 г.

 

Любімы мой, найсонечны, найблізкі,

Быць слабаю мне сёння не дазволь.

Пішу табе вясёлыя запіскі,

Хоць раздзірае сэрца дзікі боль.

 

Я над табой цяпер, як над калыскай,

Ў якой люляю сонечны працяг.

Чытай, сынок, вясёлыя запіскі

Майго неверагоднага жыцця.

 

Чытай, сынок, хай пойдзе на здароўе

Прыдуманы вясёлы мой настрой.

Я ведаю, што сіла ёсць і ў слове,

Калі яно напісана крывёй.

 

Чакаю шчаснай восені празорай,

Дзе мы з табою пойдзем крок у крок,

Лісточак мой на завадзі азёрнай...

Ты будзеш жыць! Ты выжывеш, сынок!

 

 

V

 

11.Х. 1985 г.

 

Яшчэ забараняюць мне адведкі.

Плывуць медсёстры, нібы белы дым.

Паслухай, да цябе гавораць кветкі

У хірургічным слоіку шкляным.

 

Балючы мой, не па-дзіцячы мужны,

Я ведаю, што нам пасвеціць дзень!

Паслухай, да цябе гавораць ружы,

І кожная — як сонечны прамень.

 

Я страшна, мілы, не люблю кантрастаў,

Баюся пацямнелага вугла.

Але паслухай, як шчабечуць айстры

Твае, сынок, з пісьмовага стала.

 

Падбітай рыссю лягу ля парога,

Але не падпушчу бяды ліхой.

Мая любоў, мой боль, мая трывога

Трымаюць чэпка зорку над табой.

 

 

VI

 

12.Х.1985 г.

 

Маланкі жах і стрэлы перуна

Мне мрояцца штодзённа, штохвілінна.

...І сніцца мне аклятая вайна,

Пампеі жах, дзе я шукаю сына.

 

У паніцы міністры, каралі,

Канае за краінаю — краіна.

Плыву ў бяздонні зрушанай зямлі,

Гукаючы у глухой гарачцы сына.

 

Усё ў крывавым, дымным тумане,

Усё ў вар’яцкай гразкай калатушы.

І магма наплывае на мяне

І залівае вочы мне і вушы.

 

Згубіла ўсё ўсялякую цану,

Трашчыць, гудзе парахавая бочка.

Адно, што рукі тонкія цягну

На слабы ўскрык знямоглага сыночка.

 

Як доўга развідняе ля вакон,

Кудысь плывуць і столя, і падлога.

Не паўтарайся, знікні, страшны сон!

Я ўся дрыжу з відовішча такога.

 

 

VII

 

13.Х.1985 г.

Няхай мой сын мяне перажыве!

Данута Бічэль-Загнетава

 

Маё адно-адзінае світанне,

Мой матылёк на светлай мураве,

Я паўтару услед, як заклінанне:

«Няхай мой сын мяне перажыве!»

 

О лёс, па гострых дзідах і каменнях

Вядзі мяне да самага грудка,

Але прашу цябе я на каленях:

Аберажы світанніка-сынка!

 

Ссудзі мяне на муку і бяссонне,

Тапчы мяне ў калючым бур’яне,

Што хочаш, лёс, бяры ў мяне сягоння!..

Хай толькі сын перажыве мяне!

 

Дай ручанькам яго кусочак хлеба,

Нагам — сцяжыну ў роснай мураве.

Ці ж многа я прашу ў зямлі і неба?

Няхай мой сын мяне перажыве!

 

 

VIII

 

14.Х.1985 г.

 

Шукаю я ў прасторнай хаце месца.

Каго вініць і ушчуваць каго?

Сыночак, сёння застаецца месяц

Да нараджэння светлага твайго.

 

Бяду маю сябры са мной раздзеляць,

І блісне зоркай каліўца давер.

Цяжкі дзянёк, гавораць,— панядзелак.

Ды дзень твайго з’яўлення — у чацвер.

 

Шукаючы любога паратунку,

Заглушваючы несціханы боль,

Я светла накрухмальваю кашульку,

Каб выглядаў у ёй, нібы кароль.

 

Маё адно-адзінае багацце —

Твой крохкі і ласкавы галасок.

Чакаю, сынку, свята ў нашай хаце.

Яно павінна быць у нас, сынок!

 

 

ІХ

 

14.Х. 1985 г.

 

Шапчу сабе: «У зорку шчасця вер!

У каліўца надзеі, у іскрынку!»

Раздаўленай і чэпкай, нібы звер,—

Яшчэ такой сябе не знала, сынку!

 

Кажу сабе: «Адпрэч сляпы адчай

Дзеля жыцця, дзеля здароўя сына!»

Хай знікне ў растрывожаных вачах

Блакадная і горкая часіна.

 

Святло маё адзінае! Крыло! —

Без вас я цень, нікчэмная расліна.

Усё, што у маім жыцці было —

Дык гэта сын і вера ў шчасце сына.

 

Я сэрцам прыпадаю да зямлі,

Я цераблю балючы шлях вядомы:

Кавайце ў звонкіх кузнях, кавалі! —

Хай кавалёк малы не знае стомы.

 

Паэзія, нашто твае дары?

Але малю трывожнае дыханне:

Лясы, не замірайце без пары,—

Хай будзе позніх птушак шчабятанне!

 

Я з тонкіх нерваў перавясла ўю,

Каб утрымаўся наш снапок жытнёвы.

Жу-раў-лі-кі, пакіньце салаўю

Зялёны гай і ранак васільковы.

 

 

Х

 

15.Х.1985 г.

 

Так аціхаюць восеньскія рэкі,

Але пульсуе іх жывы выток.

Сляза мая гаруючая, Андрэйка!

Святло маё адзінае, сынок!

 

Мой залаты да кожненькае рыскі,

Мы ўдвух, як на ляшчыне спарышы.

Ты пішаш мне спакойныя запіскі

Збалелым цельцам мудрае душы.

 

Здаецца, абмінула нас навала,

Патроху падымаецца настрой.

Дагэтуль я і сіл сваіх не знала,

І волі я не ведала сваёй!

 

Заступнічак харобры, абарона,

Маёй пяшчоты песенны выток!

...Гляджу на крону восеньскага клёна,

Дзе ўчэпіста трапечацца лісток.

 

 

ХІ

 

17.Х.1985 г.

 

Глядзець мне на цябе — не надзівіцца

Ўсё роўна як на тайну адкрыцця.

Няхай аклятым пылам адкурыцца

Усё, што супраць песні і жыцця.

 

Чакальны мой, мой дзень вяртальна-светлы,

Я для цябе пяю да забыцця

І заклікаю людства ўсёй планеты:

Паслухайце балючае дзіця!

 

Яно глядзіць у шчасці і ў дакоры

На грозны свет у гразкай мітусні,

Зірніце ўсе, як расцвітаюць зоры

У вачанятах нашай дабрыні!

 

Хіба не свята — сонечныя ружы?

Хіба не радасць — ціша і спакой?

Ды дзесь нацята страшнае аружжа

Да тоненькае струначкі зямной.

 

Я пакланюся верасню і маю,

Але зірнуўшы ў будучыя дні —

Не для вайны сынка я падымаю,

Выпрошваючы ў неба чысціні.

 

Не заўтра, людзі,— іменна сягоння!

Адзінаю надзеяй жывучы,

Выходзьце ўсе з узнятаю паходняй,

Каб атамную смерць перамагчы.

 

ПАЭТ

Ты залатую мрою не дагоніш,

А толькі словам немату загоіш

І выйдзеш зноў — без слова і пяра...

І ты душу сасмяглую напоіш

Сівой расою з роднага двара.

 

Усё, што знаў, з маленства ты запомніш

І калыханкай ўсё, што меў, напоўніш,

Нібы Купала, Пушкін ці Саят...

Ты ад расколу свет не абароніш,

Дык дзякуй хоць за тое, што аброніш

Шчымлівы і распытлівы пагляд.

 

Ты пасланцоў увагай удастоіш

І сілы непасільныя падвоіш,

Каб усміхацца і не ўпасці — ніц!

Правалішся, васкрэснеш і прымроіш

Глыток вясны з павысахлых крыніц.

 

Старынны ямб нанова перакроіш,

Знябудзеш тлум, забудзеш новы пройгрыш,

Каб дачакацца лепшае з часін.

Ўзляціш да зор, а ямы не абойдзеш,

Здалееш страх, а ў шклянцы буру знойдзеш,

Маленькі бог зямлі і вечны сын!

 

 

* * *

Глыбы думак. Праху глыбы —

За сівою даўніной

Паміж Сцылай і Харыбдай,

Паміж сценкай і сцяной.

 

Адзіноты век? Гукання?

Не пачуўшы голас мой,

Ты прышлеш мне прывітанне

Паміж сонцам і зямлёй.

 

Беспрытул? Ды, дзякуй богу,

Не згасае успамін.

Дай мне ласкі на дарогу,

Дзікі ландыш і палын.

 

Будзе светла мне і горка

За лагчынай, за гарой

Паміж ранішняю зоркай

І вячорнаю зарой.

 

 

ТАРАСАЎ ШЛЯХ

 

Да 170-годдзя Тараса Шаўчэнкі

 

І дыхаюць яшчэ глыбока грудзі,

І не згасае зорка у палях.

Апошні шлях? Але яго не будзе:

Хіба без песні жыў чумацкі шлях?

 

Ён пройдзе зноў па нелюдзі, па лёдзе

З нязгаснаю іскрынкай у вачах.

Шумяць вятры, глынуўшы соль стагоддзя,

А словы у Тараса на плячах!

 

Асуджаны на боль і адзіноту,

Мастак эпохі з крыўды не зачах.

Гудзе містраль, змятаючы драбноту,

А слава у Тараса на плячах!

 

Жывому,

мы паклонімся паэту.

Хай струны дзён уславяць лёс пяра.

...Ён так стаіць, што сёння ўсяму свету

Здалёк відна Чарнечая Гара!

 

 

БЕЛАРУСЬ. АНДРЭЙ ВАЗНЯСЕНСКІ

Тайну дарогі раскрыць

Упершыню. Спачатку.

Быць не праездам — пражыць

Тут хоць гасцінную частку.

 

Зманіць сцяжына лявей,

Дух узаўецца рыссю.

Знаю, ёсць сонца спялей,

Хоць бы успомніць — Тбілісі...

 

З воч не адвесці вачэй.

Ветлую слухаць сябрыну.

Знаю, ёсць песні званчэй,

Хоць бы згадаць — Украіну...

 

Ды васільковай парой,

Шлях,

што не абмінулі,

Высветляць вочы кароў

З мірнага войска Бядулі.

 

Паміж жаданых сяброў

І тут Ваша хата не з краю.

...Дзякуй жа за любоў

Да майго шчырага краю!

 

 

МАСКВА — ПАРЫЖ — МАЯКОЎСКІ

Між пакутай і доляй паміж,

Калі слова са словам гукнецца,

Вам прыдаўся загадкай Парыж

На адлегласці сэрца і сэрца.

 

Над Масквой ці над Сенай сівой,

Распрастаўшы арлінае крылле,

Рану

страснай пяшчоты сваёй

Назавеце ў паэме Марыяй.

 

Быць на сувязі двум гарадам,

Правадамі — працягнуцца вершы.

А ці ўкленчыць глухі Нотр-Дам

Перад самай капрызнай і лепшай?

 

На паэзію, нібы на крыж,

Лягуць шчыльна журба і удача.

Рану ласкі — зацісне Парыж.

Рану сэрца — Айчына аплача.

 

Дакрануся да слова — і ток

Пройдзе целам, і гукі ўзарвуцца.

Непагасна! — лагоды радок

І чырвоны радок праўдалюбца.

 

Паміж сэрцам і светам паміж

Струны голасу — не адгалоскі,

...Добры вечар, Масква і Парыж.

Добры дзень, Ма-я-коў-скі!

 

 

ЧЫТАЮЧЫ БАЛГАРСКУЮ ПАЭЗІЮ Ў ПЕРАКЛАДАХ НІЛА ГІЛЕВІЧА

О лёс, што пачуўся ў званах Белавежы,

Ты маеш працяг і зямлі блаславенне.

Застыць перад цудам паданняў і вежаў,

Пісанняў і храмаў — хіба не здзіўленне?

 

Нас многа: нас тысячы, нас — міліярды,

І вечна — у сэрцах! — любоў і турбота.

Чалом пакланіцца лазе вінаграднай

І ружы агнявай — хіба не пяшчота?

 

Хай трызніць раскол і рыхтуецца меса

Агрэсара.

Але пад гордасцю сцяга

Укленчыць забытым магілам і песням,

Традыцыям краю — хіба не павага?

 

Нічога не мае цаны, што ва ўгоду

Жыве,

абярнуўшы ў чырвонец дыханне.

Пранікнуцца сэрцам к другому народу

І нацыі сціплай — хіба не прызнанне?

 

Найноўшыя песні над краем крыляюць,

Але развінуўшы пісьмёны стагоддзяў,

Гляджу, як ласкава, бы й раньш, адчыняюць,

Вароты Братэрства Кірыл і Мяфодзій.

 

 

ПРА ГАЛГОФУ

Дыктуе час раздумлівыя строфы,

Бярэ у рукі мудрасць

буквары.

Не думаю я страшна пра Галгофу,

Калі вітаюць думкі угары.

 

Памілуй, век, бо й пры цару Гароху

Не раз вучылі страху ліхвяры.

Не думаю я жорстка пра Галгофу,

Як спасцігаю яснасць угары.

 

Здзіўляюся я часу-скамароху:

Ён стаў надзіва тлумны й гаваркі.

Ды на пісьмовы стол, як на Галгофу,

Кладу свае вучнёўскія радкі.

 

Распрэглася трывожная эпоха.

І кожны дзень — туман і адкрыццё.

І шчыраўніцай свеціцца Галгофа,

Калі яна — сапраўднае жыццё.

 

 

МТАЦМІНДА 1

 

 

У Тбілісі, у пантэоне на гары Мтацмінда, пахаваны Ніколаз Бараташ­вілі, Ілья Чаўчавадзе, Акакій Цэрэ­тэлі, Важа-Пшавела, Галакціён Табідзе...

 

Вінаградны і сонечны дзень,

Нібы горы, тут высяцца леты.

Не бывае бязгрэшных людзей,

Не бывае бязгрэшных паэтаў.

 

Мы з табою, гара, памаўчым.

Дык чаму ж навакол пасвятлела?

То каханыя лікі жанчын —

Можа, Мэры, а можа, Натэла.

 

Як прыбіты яны да цябе!

Хоць над ласкай — зямліца сівая.

Час не можа сканаць у журбе,

Бо паэзія сэрца — жывая.

 

Дай мне светлую жменьку надзей,

Цеплынёю грузінскай сагрэтай,

Не бывае бязгрэшных людзей.

Як святых, тут шануюць паэтаў.

 

 

СТАРЭЙШЫЯ МАЕ...

І смутак абаўе

Мой дзень, яшчэ харобры.

Старэйшыя мае,

Мне з вамі добра.

 

Звіняць гадоў званы:

Да каласочка — колас.

Між мудрай гаманы

Ваш чую голас.

 

Я ўжо сама, як госць,

На шлях гляджу сурова.

Але пакуль вы ёсць —

Пульсуе мова.

 

Няхай і млосць, і злосць

У твар, як вецер рэзкі.

Але пакуль вы ёсць —

Шумяць падлескі.

 

Прасторы не стае,

Зашмат сіроцтва?

Старэйшыя мае,

Мне з вамі — моцна!

 

 

* * *

Не прад’явіць віны пасля,—

Пасля крушэння і гаркоты.

Дзе музыка твая, зямля,

Ў якіх барах начуюць ноты?

 

Ці неўрадлівы выпаў год,

Каб нам у стрэсах захліпацца...

Паэзія — агонь і лёд:

Сто раз згараць і уздымацца.

 

Мая трывожная любоў,

Перад табой я вінавата.

А ты ізноў жывеш наноў —

Галубіш боль. Шукаеш свята

 

І рупішся, нібы народ

У разгалосым перазове.

...Пісаць, нібы ісці пад лёд,

Каб потым зноў узняцца ў слове!

 

 

ЧАСІНЫ ГОДА

У глыбокай задуме азерца.

Пах мурожнай прывялай травы.

Я тваё невясёлае сэрца.

...Снег не сходзіць з тваёй галавы.

 

А заўчора трывожна крычалі,

Пакідаючы Пінск журавы.

Углядаюся ў цемень адчаю —

Снег не сходзіць з тваёй галавы.

 

Засынаючы толькі пад ранак,

Груд падушкі абнімеш ямчэй.

Заваліла, засыпала ганак

Белай памяццю белых начэй.

 

Хай пяе маё сэрца, як схоча,

Я шчаслівыя маю правы.

Мама! Лівень вясновы ляскоча.

...Снег не сходзіць з тваёй галавы.

 

 

НАД СЫНАВЫМ ГЛОБУСАМ

Месца няма для адчаю і панікі.

Долі сваёй распагоджвай стырно!

Але штодзённа вяшчаюць дынамікі

Нам пра вайну, што не толькі ў кіно.

 

Нас паглынулі метро і аўтобусы.

Ноч прытачаць да дзянька паспявай!

...Ціха прысяду над сынавым глобусам:

Круцяцца-верцяцца Мюнхен, Кітай.

 

А закаханыя ходзяць алеямі,

Кожны у сэрцы — паэт і мастак.

Мерадыянамі і паралелямі

Людзі раздзелены? Як бы не так!

 

Служаць найноўшыя нам аэробусы,

Свет, як ніколі, адкрыт і відзён.

Думна варкую над сынавым глобусам:

Круціцца-верціцца ўсё Вашынгтон...

 

Рэчка вясновая, тундра зімовая,

Хай мерзлата адтае спакваля.

Ах, васільковая, боегаловая,

Болегаловая маці-зямля!

 

 

ЗОРНАЯ ПАЭМА

 

Мой родны кут, як ты мне мілы...

Якуб Колас

 

 

І

Светла. Птушынай радні адгалоскі.

Травы ў празорай расе.

Як скарачаецца шлях мой у вёску! —

Нібыта вецер на крылах нясе.

Што там сягоння ў сусвеце і ў свеце:

Войны? Радзіны? Салют?

Сэрцу збалеламу ёсць на прыкмеце

Белабярозавы кут.

Шчодра ў барозны засыпаны зёрны.

Вечнасць пульсуе быстрой.

Я развінаю дасвецце.

А зоры —

Кожная! — ветлай сястрой.

Вокнаў ліштва і варотцаў узоры,—

Край на умельцаў багат.

Свецяць на хатах фанерныя зоры —

Душы Айчынных салдат.

Ў гэтай зямной і зялёнай купелі,

Дзе і казюрка да сонейка мкне,

Татачка,

нагаварыцца не ўспелі!

З помніка ты усміхаешся мне.

Полем сівых перапёлак і бою

Ходзіць балюча — ахоўны твой цень,

Толькі душа скаланецца ад болю:

Жыта на мінах дагэтуль расце!

Дзятлік-урач і вавёрачка рыжая,

Вецер гаркавы, як пах буякоў.

Можа,

хоць тут ані згадкі пра хіжасць

І дэмагогію спрытных дзялкоў...

Зоры лясныя і зоры азёрныя!

Цягнецца ў неба любові вярста.

Сына вязу, каб спрадвечнае, чорнае

Працы, як дзед яго, мужна спытаў.

Сцежка ў маленстве віруе, вяртаецца

Між курганоў і шчымлівых бяроз.

Ўсё, што забылася — успамінаецца

І адгукаецца ў сэрцы да слёз.

 

Цёплымі промнямі дзень запарушаны

Чуйнай зязюляй аклікнецца бор.

...Сад мой дзіцячы — калючая груша,

Бабка Луцэя ды сіні прастор.

Пахне аерам на сёмуху ў хаце,

Ранак стрыжэ растрывожаны стрыж.

Будзіць на зорцы, шкадуючы, маці:

«Ягады, дзетка, няўзгадкі праспіш».

Першым сярпочкам парэзаны пальцы

(Доўга той боль заглушыць не змагу!

Жартачкі горкія: шустрыя мальцы

У інваліда сцягнулі «нагу».

Думаю: як жа ён будзе, збалелы?

Стане як потым ступаць на зямлю?

Толькі смяецца баец асівелы:

«Лепшую заўтра, паганцы, зраблю!»

Нібы снапкі на падлозе паснулі

Дзеці,

хоць стол іхні — гол як сакол.

Пяцера сірат у цёткі Настулі,

Цётка Настуля — жняярка і вол.

Ды не сумуюць панікла вяскоўцы:

Ў кожнага, нібы жар-птушка ў душы

Чуеце? — сыплецца рэхам па вёсцы

Грайка-гармонік, хоць іскры тушы:

Хлопцы ўсе гуляць ідуць,

А мне нечага абуць:

Лапці новыя згарэлі,

І страхоўкі не даюць.

 

...Што ж там сягоння ў сусвеце

і ў свеце?

Кожная болька — радня.

Новыя зрухі пайшлі ў сельсавеце,

Хоць і Загразкіна ў ім старшыня.

Час расхінае мярэжы і межы,

Мае празорцаў сваіх, дактароў.

Выраслі новыя ў вёсцы катэджы

Заміж былых агароджаў-двароў.

Шыферам новая вёска накрыта,

Мудрым нашчадкам спяваць ды расці!..

 

З гускамі век дажывае Харыта,

Ў дом састарэлых не хоча ісці.

Скажа паштарка мне ў ціхім дакоры,

Нібы прад’явіць віну:

«Дзеці рассыпаны, нібыта зоры,

Згоркне — на неба зірну».

Дзеці цярплівае маці-прыроды —

Лёгкія мроі, нязбытныя сны,—

Хто нам пасведчанні жывёлаводаў

Выдаў за клас выпускны?

Ах, як разбегліся ўсе адмыслова

Як найхутчэй з-пад бацькоўскіх апек!

Любім на словах. Бунтуем на словах.

І славасловім праграмны наш век.

Цывілізацыі зорная з’ява

З векам раскошным ідзе неўпапад.

Грукнула ў сэрцы глухая аб’ява

На замяшчэнне вакантных «пасад»:

1. Старшыні (убытачнага калгаса)

2. Вартаўніка жывёлагадоўчай фермы —

(хоць бы на час ацёлу кароў)

3. Клубнага работніка (які б разбіраўся

не толькі ў замежным рэпертуары)

4. Прадаўца сельмага (які б падманваў

пакупнікоў не больш хаця б чым на 1—2 кап.)

5. Конюха (які шануе жывёлу не менш,

чым уласны аўтамабіль)

6. Механізатараў (6 чал.)

7. Даярак (8 чал.)

8. Даглядчыкаў цялят (4 чал.)

9. ......................................................

 

Прагне зямелька пляча абароннага,

Просіць за бульбу, за лён і траву.

Грэшна вініць мне кагосьці старонняга,

Бо і сама без выгод не жыву!

Сэрца ў бянтэжным адчаі зайшлося

(Мушу радкі прыгадаць!),

Толькі Анэткам маім і Антосям

Часу нямашка чытаць.

Маміна доля з вайны калядуе,

Але ні разу не ўчула я ўсхліп.

Думная, чыстасардэчна бядуе:

«Высах калодзеж, хоць жыта насып».

Губы апёкшы на малацэ,

Мовіць сівы засмучоны дарайца:

«Бусел — ці чулі? — палюе на зайца!

Скончыўся жабін канцэрт.

А то дажджы як з вядра. Недарод.

Засуха б’е па прагнозах зачаста.

Мала цяпер хадакоў у народ,

Болей цяпер хадуноў у начальства».

Свеце мой гостры, адчужаны, блізкі —

Бура з зацішкам і з полымем лёд.

А у канторы —

прыпіскі,

адпіскі,—

Трэці бухгалтар змяніўся за год.

Вучаць сардэчнасці кнігі, экраны,

Ды не знікаюць паклёп і падман.

Горка: канаюць вайны ветэраны

Часта зусім не ад вогненных ран.

Льецца ялей, як вадзіца праз рэшата,

Век папяровы: «прадаць — купіць».

А ці пазбыта сумленне дарэшты,

А ці дзяржава скрозь пальцы глядзіць?

Іншыя, звышвыкшталцоныя цацы

Ўежна ядуць, але долю клянуць:

(Не паспяваюць за модай угнацца!)

Не паспяваюць даяркі заснуць.

Сіла зямлі — мнагадзетная маці

Не паспяваюць прыбраць-згатаваць;

Не паспявае спартыўная брацця

На чамаданах наклейкі мяняць.

Брата адзежына мокне ў салярцы,

Слушна дапёк мяне, негаваркі:

«Дайце належную ўвагу даярцы! —

Хай пачакае там пэцкаль які!»

Блізенька сядзем, сялянкі і дамы,—

Зблізіцца, ох, як пара,

Можа, таму, што гадамі-радамі

Людзі счакаліся Гаспадара!

Рукі да рук — як нястомныя кросны.

Здолеем выткаць наш лёс.

Час высакосны і боль высакосны

Ў свеце ваенных пагроз.

Маці-краіна! Краю мой мілы:

Брату паможаш, сам не з’ясі.

...Бачыш, сыночак, дзве свежых магілы

Дык папасі ты і за Гаўрылу,

За Міканора кароў папасі!

Жэўжык мой лёгкі, як вецер у жыце,

Светлай прыроды забава — хлапчук,

Дроў насячы ссірацелай Харыце,

Каб гартаваўся надзейны плячук.

Мо па-жаночы прашу цябе слёзна,

Але хачу, каб запомніў урок:

Заўтра любіць — памагаць будзе позна

Людзі, як зоркі, згасаюць, сынок.

З веку іконнага аж да нейтроннага

Нашага смутку не гасне імша.

Сыне,

ў халёнага, хамелеоннага,

Прыстасаванага і не ўлюбёнага

Ў нашу зямлю — не уздрыгне душа.

 

Круціцца, нібыта жорны, планета.

Смерці змяючай зацята пятля.

Плуг аратая і ліру паэта

Ты уздымі над сабою, зямля!

Крышыцца, нібыта жорны, планета,

Людства гудзе, нібы пчолы з вулля.

Покуль не чорныя воблакі — светла!

Светла, пакуль зелянее зямля.

Светла ад лотаці ў завадзі зброснелай.

Коні шукаюць ракі.

Крылы ў адных развінулі нябёсах

Ястрабы і жаўрукі.

Край нездарма сінявокім здаецца —

Сіне і светла душы.

Выпаўзлі з нораў на сонцы пагрэцца

Яшчары і мурашы.

Сонечна. Светлараскрылена. Весне.

Ранак. І ранне жыцця.

Чую! Не змоўкла радзімая песня —

Спеўна жанчына люляе дзіця.

Буслікаў светлых крыляе дружына.

Вецер гуллівы сядлае каня.

Да вадапою знаёмай сцяжынай

Ціха ласіха вядзе ласяня.

Мілы мой сын, залатая малеча,—

Почыркам ясным пішы!

Сілай адной знітаваны навечна

Прашчуры і мурашы.

 

 

ІІ

 

Зорка Венера ўзышла над зямлёю...

Максім Багдановіч

 

Вось і з дарогі. А скруха — з парогу

(Бы не ішла, неадчэпная, ўслед!):

«Выклічце хуткую,— мне,— дапамогу»,—

Просіць мяне захварэлы сусед.

«Выклічу, як жа! А вы паляжыце».

(Цяжка і стомлена пыхае ён.)

Выкліча хто «Дапамогу» Харыце? —

Там жа, на вёску, адзін тэлефон!

Вось і урач найвышэйшага класу.

Сорак хвілін у змаганні за лёс.

(Выкліча хто «Дапамогу» калгасу:

Жыта палегла і вымак авёс!)

Думна і гэтак трывожна на свеце,

Нібы лістку на спусцелым галлі.

Бомбы падпёрлі дыханне планеце:

Выкліча хто «Дапамогу» Зямлі?!

Зорная поўнач святлюткай сястрою,

Зорны,

трапеча за шыбкаю ліст.

Я на пяшчоту гадзіннік настрою,

Але спружыніць у ім механізм.

Змоўклым гадзіннікам век нас лякае,

Збоем апошніх світальных мінут.

Кроўю планета ужо набракае,

Але паўзе тэрмаядзерны спрут.

Дзесьці не спяць знепакоена маці,

Стогне зямля у гарачай крыві.

Стрэлкі шукаюць на цыферблаце

Міру, лагоды, братэрства, любві.

Людзі. Анёлы і д’яблы. Міране.

Плыць альбо не дабрыні караблю...

Што табе, сэрца, сыграць на кургане,

Як не малітву за маці-зямлю!

Ах, шматутульныя шматпавярхоўкі...

Добра мне жыць. Але сэрца шчыміць:

Солі ў суседа пазычыць нялоўка,

Боязна сэрца ў адчаі раскрыць.

Ўсё пераблытана: хмары, хімеры,

Прорва і мост, справядлівасць і суд.

Смешна прызнацца ў каханні... паперы:

Чыстая,

колькі сцярпела пакут!

Ах, пераможцы уласных мішэняў,

Саладкалюбцы прыгод і карон...

Свет, ты гукаеш, нібы мнагажэнец,

Праз міліёны адкрытых акон,

Светла-вішнёвы і цвет ясянёвы

Ціха плыве над зямлёй, як кілім.

Сэрца вясновае просіць любові,—

Атамны воран цікуе за ім?

Людзі, жывыя мы ў думках і плоці.

Бусел

распятым крыжом на страсе.

Кроіцца час блаславёных эмоцый,—

Робат жалезны пачуцці пасе?

Людзі,

мы тыя ж — аўто і трамваі

Спрэс — у палоне мінут

Самі сябе на падножках трымаем,

Покуль не скончыцца спешны маршрут.

Бачылі вы варону ў кароне

Або як лекцыі шпарыць павук?

Час памяшаўся на абаронах,

На эпідэміі фікс-навук.

Дык вось: такія, браце, «вучоныя»,

Якім бы ў кішэню паболей узяць,

Глядзяць праз акулярыкі пазлачоныя,

Дакладней,— праз пальцы на свет глядзяць!

 

Прагне душа разумення і ладу.

Жылка на скроні пульсуе-снуе.

Позна. За поўнач. Пара зарападу.

Але не гаснуць лятункі мае.

Зорна. Балюча. Лагодна. Вяснова.

Голас травы вывучае шаша.

Мы навучыліся жыць адмыслова,

А за убраннем — канае душа.

Збораў замнога. І тлуму замнога.

Гэй, намалюй сабе шлях. Выбірай!

Ўласнапалоннікі раю зямнога,

Дзе ён, інакшы і праведны рай?

Толькі калі прашуміць непагода —

Гнездзяцца думкі (аклятая рэч!):

Як ты змянілася, постаць народа,—

Хоць прад магілаю брацкай укленч!

Мілы мой. Ты. І на коніку — верхі.

Мыслі раяцца (наіўная рэч!).

Нас раз’ядналі аўто і паверхі,

Хоць перад цэрквай спусцелай укленч!

Фортку адкрыю. Горача, душна.

Густа начніцы абселі плафон.

Скруха спынілася на раўнадушшы

Там, дзе ад болю аглух тэлефон.

Век правадоў,

але жаль наш — пячорны,

След замятае спакою мятла.

Дзіўна, яшчэ, як начніца, заўчора

Я акрылёна шукала святла.

Вусны да вуснаў — ці так не хацела?

Вось найвышэйшай пяшчоты вянец.

Час, ты гукаеш, нібы звар’яцелы,

Праз міліёны разбітых сардэц.

Космасу век. Але жах наш — пячорны.

Неандэртальца рагоча шкілет.

Гнеўнае воблака,

дымнае,

чорнае,

Страшнае! — зорны лякае сусвет,

Бачу балючыя вочы Еўропы.

На валасінцы падзея трымціць.

Падаюць зоры. Не спяць тэлескопы.

Зорка-Зямля, ты павінна свяціць!

Век гераічны, гранічны, крынічны.

Выхад да зор. І бязвыхадны штрэк?

Дэмаграфічны, лірычны, трагічны,

Дыпламатычны і каставы век!

Кожны жывы — і без войнаў смяротны,

А на зямлі — катастрофы, разбой...

Суд наш рашаючы і незваротны,—

Суд наш апошні — саміх пад сабой.

Бога няма. Чалавека пытай.

Толькі і ёсць чалавек усясільны.

Досыць Хатыняў і Хірасімаў! —

Плоццю людскою накормлены рай.

Зорным дасвеццем

праз ліхалецці

І праз анафему «зорнай вайне» —

Гамлета прывід васкрэс на планеце

З тым жа пытаннем: «Быць альбо не?»

Покуль да сонца расчынены дзверы

З вераю ў сонечны розум людзей,

Быць! — Я гукаю праз гром і хімеры,

Тулячы сына свайго да грудзей.

І не ў міфічную цягнецца Мекку

Шлях, пазбаўлёны літанняў і лек.

...Чуе ў бядзе чалавек чалавека.

Да Чалавека ідзе Чалавек!

 

Красавік — верасень 1985

 

 

МАМА І ПТУШКІ

Горкі беласнежныя падушак — ^

Як з-пад галубінага крыла...

Колькі ёсць на свеце слаўных птушак —

Ты ж у іх усё пераняла!

 

Як ад панядзелка — да нядзелі

Дні ў бясконцай працы навылёт:

Ластаўкай нястомнае надзеі,

Горлінкай нязмераных клапот.

 

Мпе не страшна на суровым снезе

У бухматым, цёплым каўняры.

 

...А ў сінічкі пальчыкі замерзлі!

...Вуціца зімуе ў азяры!

 

За грамамі веку, за дажджамі,

За чаканнем сонца і адліг —

Сойка скрухі,

Перапёлка жалю,

Кнігаўка маіх лірычных кніг!

 

КЛОПАТ

Цяплынь. Бусліны клёкат.

Над поплавам паплыў.

Ах клопат, вечны клопат,

Калі ж ты лёгкім быў!

 

Ці мне гуляць па свеце?

Я выберу вярсту —

Пайду ды ў сельсавеце

За бабку пастаю.

 

Сівых вякоў аблічча

З нямой тугой удоў —

Яе зямля ўжо кліча,

Ды трэба бабцы дроў.

 

На міг прыціхлі словы,

Між намі — светла — ноч.

І ўспыхваюць, як дровы,

Вясёла

знічкі воч.

 

Спазнаўшыя разлукі,

Калёныя ў агні,

На хвартушэчку рукі —

Эпохі карані.

 

 

ЗЯЛЁНЫ ЖАР

Дзень пачынаўся невясёлым днём,

Адзін з найзвыклых дзён маіх нібыта.

Якім яшчэ нязведаным агнём

Была ў вясну дарога перакрыта?

 

Тэмпература ці адчаю жар

Мяне ў сваім сіле трымалі моцна.

А за шашой зялёны плыў пажар,

Шумела траў вясёлых паўнамоцтва.

 

Ілгаў тэрмометр. І маніў прагноз,

Бо ўспыхвалі надзеяй штохвілінна

Зялёныя агеньчыкі бяроз

І ярыны раскошная пярына.

 

Хто шчырасць мне паставіў у дакор?

Каму на горла песняй наступіла?

Міргні зялёным вокам, святлафор! —

Няхай душу памілуе Ярыла.

 

 

ODI ET AMO 2

Рукі да неба ўзляцелі.

Позна. Згушчалася драма.

Так і жылі, як схацелі.

Оdі еt аmо.

 

Душы няшчадна гарэлі,

Полымя — як над лясамі.

Хтосьці купляў імартэлі.

Аmо.

 

Год перакроены болем.

Ноччу пасівела мама.

Хто падзяліў нас з табою?

Оdi еt аmо.

 

Сыплецца, сыплецца наквець,

Кожны пялёстак, што камень.

Колькі ж вякоў табе, памяць?

Оdі

еt

аmо.

 

 

ДАВЫД-ГАРАДОК У ЧАС ПАВОДКІ

На гэты раз не за гаючай песняй —

Мой кузавок нясе на віражы:

Імчуся на паніклае Палессе,

Дзе кожны дзень амаль адны дажджы.

 

Густых бяроз мільгае пагранічча.

Не пазнаю цябе, Гарынь-рака.

Шуміць вадой і пеніцца аблічча

Быліннага Давыда-Гарадка.

 

Плывуць стагі, плывуць, як рыбы, дровы.

(Рухавы дзед, бы з карабля матрос.)

Плывуць мяхі і рыжыя каровы.

Ашчэрана глядзіць забыты пёс.

 

З усёй, як ёсць, жыццёвае навукі —

І сонца не папросіцца ў радок.

Яшчэ мацней свае з’ядналі рукі

Стары Давыд і юны Гарадок.

 

Жартуе дзед: «Як даму, браў Еўропу.

Як ні касіў, а не скасіў Кашчэй.

Гэй, не было такога йшчэ патопу,

Каб спрахлі мы і згібелі нашчэнт!»

 

 

ДАКОСІНЫ

Працяжная, вясельная

Запеўка, ты адкуль?

Эх, луг, зялёны хмель мой,

Ты скошаны «пад нуль».

 

Але такой шкадобы!

Накрыема сталы,

Нальём адной асобе

Цягучае смалы

 

За тое, што прасіла,

Каб быў дажджлівым дзень;

За тое, што касіла,

Як цень цераз пляцень.

 

...А вочы, што чарніцы.

І ўчуе талака

Лагодны жаль ўдавіцы:

«Не гнеўце мужыка!»

 

Пачне смычок пілікаць,

Аклікне сэрцы сёл.

І асыпацьме ліпа

Мядовы цвет на стол.

 

 

У 300 КІЛАМЕТРАХ АД МІНСКА

Гарэзны верш

 

Зямля, лагодай крытая,

Бульбяная правізія...

Жыву без вока крытыка,

Яшчэ — без тэлевізара.

 

Як чорная заложніца,

Далонька загрубелая.

Ды весела палошчацца

Ў рацэ сукенка белая.

 

Дарожная, мурожная

Трава праз камень точыцца.

І ў навіну мне кожная

Сарока-пераплётчыца.

 

Камбайн, што конь узмылены,

Саломай зацярушаны.

Зялёная ідылія! —

Вярба частуе грушамі.

 

Калі граду апратаю,

Што ў лапухах калышацца,

Пайду і дзятлу ўсватаю

Усё, што не напішацца!

 

 

ПРЫТЧА ПРА БОЧКУ

На шырыні, на дабрыні,

На пункціках алоўка

Рабілі бочачку два дні,

Стругалі дошкі лоўка.

 

Быў першы майстар гаваркі,

Я помню фразу тую:

«Салі капусту ці гуркі,—

За якасць — гарантую».

 

Другі, прасмольваючы дно,

Вясёлым вокам бліснуў:

«Я гарантую, што й віно

Ў ёй сто гадоў не скісне».

 

Ну і майстры. Ну й лаўкачы:

Як зграбна бочку збілі!

Вось і надзеты абручы.

А клёпачкі — забылі.

 

 

ПАРФЕН І ХВЕДАР

З размовы

 

— Ну, ці злавіў хоць пару карасёў?

— Ды шчупака ў тры метры, панімаеш?!.

— Чаму ўвабраўся, пане, у рыззё,

А ці купіць за што, Парфен, не маеш?

— Яшчэ і гэта ў дзюрках не цвіце.

— Падумаў бы, Парфене, пра культуру.

— А што? Каб потым вешаць на плаце!

— Не, ты павесь на ўласную хвігуру.

Во, кепка — хоць на пудзіла налож...

— А што, яна пячэ табе няйначай?

— Чаго такі ты востры, быццам нож?

— Буваю, брат, нібыта нож, гарачы.

— Ў адной куфайцы — столькі зім і лет?!

— На баль пайду — займу ў цябе, суседзе.

— Чаго кіпіш, Парфен, як макаў цвет?

— Ат! Гаварыць з табой праціўна, Хведзя!

 

 

МАЦЕЙ І ПЦІМЕЯ

Разліў садоў ды салаўіны пошчак,

Зялёнаму жыццю няма граніц.

І на сяле, адкрытым, нібы плошча,

Усё відно да саменькіх драбніц:

 

Дзе крот жыве, а дзе трашчыць сарока.

Каго багацце смокча, як удаў.

Хто шчытны плот узвёў да самых вокан,

Хто незаконна лесу нацягаў.

 

Хто хлебануў — ушчэрць! — вайны і гора.

Каго — дагэтуль! — доля не знайшла.

...А вось яны спяшаюцца у горад,

Пакуль зара на небе не ўзышла.

 

І валіцца гадзіннік з рук Мацея,

І колецца дыван, як асака.

І сцеражэцца чапялы Пцімея,

Што ўкрала у суседкі мужыка.

 

 

КАМЕНЬ

Акравак невядомае планіды?

(Час выветрыў яго і абвастрыў.)

А тут усе гавораць: гэта ідал

І невядома хто яго стварыў!

 

Магчыма, быў каменячос калісьці

У гэтым краі, бедным на багоў.

Бабулька твар цікаўны перахрысціць

І тут жа — заспяшае ад яго.

 

У глебу ўрос. Яго не зваліць вецер,

Як не звалілі дымныя вякі.

І толькі — скрозь дапытлівыя дзеці

Абсядуць камень, нібыта шпакі.

 

І з вамі я хачу паверыць, дзеці,

У дабрыню і ў шчыры свет без хмар.

...Чакаю год, чакаю пяць і дзесяць:

А раптам блісне чалавечы твар?!

 

 

КАЛІНА ЗІМЫ

Полымем зыркім душу апаліла.

Полымем белым ўзняло з небыцця.

...Ой жа зімой закіпае каліна,

Гронка яе — як надзея жыцця.

 

Позняя ягадка позняй спакусы.

Вэлюм маёвы растаў па вясне.

Запунсавела-прыпухлыя вусны

Свецяцца ціха-шчасліва праз снег.

 

Выберу сёння якую вандроўку,

Каб неўталоннай душы дагадзіць?

Светла аклікну каліну-сяброўку —

Сумам маім на мяне паглядзіць.

 

Белапушыстыя ўскінуты бровы.

Час замірання. І час адкрыцця.

Доля мая — нібы гронка любові

Б’ецца над сцішанай голькай жыцця.

 

 

ПРЫЗНАННЕ ВАЧАМІ

 

ВОБЛІК

Столькі светлай журбы у паглядзе,

Бы купальскі касцёр не ачах,

У сто першым, ў стотысячным радзе

Я пазнаю Цябе па вачах.

 

Колькі зор маладых, невядомых!

Колькі неба на лёгкіх плячах!

Паміж твараў чужых і знаёмых

Я шукаю Цябе па вачах.

 

Мо на вольнай дарожаньцы лепей

Спазнаваць адрачэнне і страх?

Ад бяды, ад агню хай аслепну —

Я убачу Цябе па вачах.

 

Ах, якога святла біятокі

Прашываюць — і рвуцца па швах?

Як жывецца Табе, мой далёкі,—

Я спытаю Цябе па вачах.

 

Што ж так снішся глухімі начамі

З лёсам неба на цяжкіх плячах?

Не страляй залатымі вачамі!

...Адчуваю Цябе па вачах.

 

 

1

Хто там прыдумаў, што выстылі страсці?

Раскашавацца лістам і траве.

Схоплена вечнаімгненнае шчасце:

Дзіўнае воблака ў небе плыве.

 

Вецер блакітны і вецер зялёны

Хай пагуляюць сабе ў галаве.

Знойдзен адзіны пагляд незамглёны —

Дзіўнае воблака ў небе плыве!

 

Ах, як на ласку завышаны цэны!

Здраджвае нітка дакладнай канве.

Слухаю вочы і слухаю сцены —

Дзіўнае воблака ў небе плыве!

 

О як спяшаецца вечны гадзіннік,

І тэлефон Вас на часткі ірве!

Пух тапалёвы ці ўскрык лебядзіны —

Белае воблака ў небе плыве.

 

Шлях разматае назад завіруху,

Будзе загойна сляды замятаць.

Мілы, ці зналі душэўную скруху:

Боязна поўныя вочы падняць.

 

А справа ў тым, што неаднойчы пало­халі і раздзіралі душу маю — не, толькі не вочы: з лёду і шкла, растопленага лампаднага масла, застыглай чорнай смалы, цвікамі ўбітыя ў роўны фанерны квадрат, пустыя адтуліны шпакоўняў, глухія працяжнікі, як сцёртыя з аблічча звычайнай школьнай гумкай, а — такса­ма: нажніцы, таплякі, абцасы, шпрыцы, воўчыя ягады, вілы, іголкі, англійскія замкі...

Але гэта было дзіўнае супадзенне вачэй, хоць і на адлегласці, хоць і на тым грунтоўна-дасканалым бар’еры, які раздзяляў раз і назаўсёды. А ці гэта мне падалося? Вочы ж былі вышэй бар’ера і вышэй саміх нябесных зорак! Яны былі вышэй самай трапяткой паэзіі!

 

 

2

Бар’ер. Які бар’ер

Мы выдумалі самі?

Чым плацяць за давер?

Я адкажу:

— Вачамі!

 

Яшчэ ў нас не было

Ні стрэчы, ні расстання.

Адкуль жа б’е святло

Бясконцага світання?

 

 

Мне чуецца лягчэй

За променем магічным.

Не пазычаць вачэй.

(Сама магу пазычыць.)

 

Трывогу прыручу.

Стрыножу пал адчаю.

Я вуснамі маўчу.

Цалую Вас — вачамі!

 

 

3

Няроўны ўзрост і час.

Жывём як за замкамі.

Не патрывожу Вас

Дарэмнымі званкамі.

 

Я з лесу. З лугаўя.

З азерца. І з балота.

І што для Вас мая

Маленькая істота?

 

І пра якія чары

Нашэпча Вам мой луг?

Сямейны, звыклы круг —

Далёка не ганчарны!

 

О хай Вам сняцца сны

І хоць адзін — прарочы!

...Да неба ці вясны

Мяне прыбілі вочы?

 

 

4

У глыбіні начэй,

Дзе светлячкі лунаюць,

Не вынесу вачэй!

Яны па мне страляюць.

 

Што робіцца з вясной:

Кіпіць, сышоўшы з тропу.

...Яны ж бягуць за мной

З вясновага патопу.

 

Што дзеецца з душой:

Затоплена вачамі.

Між гордай цішынёй —

Я ўскрык. А Вы — маўчанне.

 

Шуміць і скача свет,

Расхрыстаны і босы.

Банальны мой сюжэт:

Я поле. Вы — нябёсы.

 

 

5

Мама, нада мною не журыся,

Не шукай гаючае травы.

Бачыш, як высока узняліся

Нашы песні — нашы журавы.

 

Родная, мо досыць на парозе

Каратаць жыццёвыя кругі?

...Як адзін загіне у дарозе —

Вернецца, не згубіцца другі.

 

Не Яга, не злая патароча

Мне ў маленстве сцежку перайшла.

І калі не сплю глыбокай ноччу —

Гэта ад высокага святла.

 

Мілая, то лёс мяне сурочыў,

Каб заўсёды зорнаю была.

І калі пяю глыбокай ноччу —

Гэта ад нязгаснага святла.

 

Пэўна, буду паміраць я двойчы

У імя азёр і зорных ніў.

На паўнеба сёння — толькі вочы

Спеўны лес удзячна запаліў.

 

 

6

Крыляйце, журавы

Высокага адчаю.

...О гэтак блізка Вы

Не небам — а вачамі!

 

Аціхнуць паплавы.

І бор пазалачае.

...О гэтак ясна Вы

Не словам — а вачамі!

 

Трывучы мой парод,

А песняю — параніш.

Хай схлусіць хіжы рот.

Вачамі — не падманіш.

 

Дзень добры, зоў і рух,

Грыбная аблачына!

Хай здрадзіць подлы дух.

Вачамі — немагчыма.

 

 

7

Абвостраны мой слых —

(Як боль разварушыла)

Не крала зор чужых.

І духам не грашыла.

 

Але даю зарок,

Нібы пасля патопу.

Ды выхапіць мой зрок

Ваш светлы лік з натоўпу.

 

Радней і балючэй

Нахлыне азарэнне.

Не апускай вачэй,

Журлівае імгненне!

 

Святло і вышыня.

Да ласкі свет ахвочы.

...«Паўцарства — за каня!»?

Я аддала б — за вочы!

 

 

8

Салодкі боль, не знацьмеш ты спачыну.

Кахаю я — і ў тым мая віна.

...Яшчэ адну біблейскую жанчыну

Прыбіла, нібы зорку да акна.

 

Святло маё, а ты не кропля ў моры!

Няхай заваліць розным тлумам быт.

...Пісала вершы і будзіла зоры

Усё-такі не Ева, а Ліліт.

 

Святло, ты не мяняешся з гадамі,

Хоць час не толькі промнямі спавіт.

Вачмі якімі свеціш ты, Адаме,—

Ці не вачамі зорнае Ліліт?

 

Глыбока п’ю шчаслівае маўчанне.

Душа ці зорка высіцца ўгары?

...Пагавары са мной, Зямля, вачамі.

І ты, Сусвет, вачамі гавары.

 

 

* * *

Куды ні гляну — гурбы маразоў,

Скупы праменьчык дзённага свяціла.

Навошта ён з’яўляецца ізноў

Той чалавек, якога я забыла?

 

Я памірала. Тысячу разоў.

Даўжніцаю была зіме і маю.

Ды немінуча паўстае ізноў

Той чалавек, якога пазбягаю.

 

Хто выдумаў даверлівасці код,

Калі душой кіруе незалежнасць?

Між намі шлях у цэлых дзесяць год,

Між намі толькі вочы і бянтэжнасць.

 

Як вераломна — спрэс! — цвітуць сады,

Што і гаркоты больш не заўважаю...

Чакаю — скрозь! Чакаю — назаўжды

Таго, каго пазбыла. І кахаю!

 

 

ДА ВАС

Аціхлі дрэвы і шляхі,

Каб голас Ваш змагла пачуць я.

Так растапляюць лёд глухі

Вясны жаданыя пачуцці.

 

Пастойце ж на гары крутой!

Нам усё роўна дыхаць розна.

Так белізны сваёй святой

Засарамаціцца бярозка.

 

Я аддала сябе сама

Ва ўладу полымя і скрухі.

Каторы год між нас — зіма,

Ляцяць гады, як завірухі.

 

Сачу задумнай сіратой

Адзін пагляд, што мілы зроку.

Пабудзьце ж на гары крутой!

Я пакланюся Вам здалёку.

 

 

ДВА ГАДЫ НАЗАД

Ах, два гады назад

Я выбірала фарбы

Да постаці тваёй

І да твайго з’яўлення,

Жадаючы наблізіць жару кроў

Да уяўлення гліны-ідэала.

Ах, два гады назад!

 

Ах, два гады назад

Імчала, як дзяўчынка,

На ўсякі тлумны збор,

Каб хоць вачамі,

Безназоўна, стрэцца

І апускаць іх, нібы вучаніца,

Не ведаючы алгебры закон!

Ах, два гады назад!

 

Ах, два гады назад

Было здзіўленне сэрца,

Было з’яўленне цуда

І стыхіі,

Якія неслі па дыяганалі

Мой акрылёны, непазбежны крок...

 

Шкада, о я не ведала,

Не знала,

Што ты, нібы забранзавелы помнік,

Глядзіш, на жаль, аднолькава на ўсіх.

 

 

ПА ШЧЫРАСЦІ, УНІЗ

Дарунак ці сюрпрыз

Прыдбалі мне вякі?

...Па шчырасці,

уніз

Да саду, да ракі.

 

Тут балацяны хмыз

І шыр ва ўсе бакі.

Па радасці,

уніз

Да сэрца, да рукі.

 

Шаломам шалаша

Атуліцца давер.

(А я да Вас ішла

Па міласці, уверх.)

 

Душы маёй капрыз

Загояць маразы.

Па гордасці,

уніз

Да ўсмешкі, да слязы!

 

 

УСЁ ВЫДАТНА

Ўсё выдатна, божа мой,

Ні адной зары не згасла!

Можаш з вернасці маёй

Віць тугое перавясла.

 

О глухі ідэаліст,—

Мой нязведаны каханы,

Можаш так, як гойны ліст,

Прыкладаць мяне да раны.

 

Прыпазнілася, відаць,

На святло з твайго прамення,

Можаш сцены збудаваць

З белакаменнага цярпення.

 

Зачакалася — каго?

Балючэй жыву з узростам.

Можаш з горачка майго

Затапіць варожы востраў.

 

Можаш зліцца на мяне,

На калючую, на ёлку...

Ды з характару — о не,

Не зляпіць табе свісцёлку.

 

 

СТРЫЖЫ НАЧНЫЯ

Стрыжы начныя, ластаўкі ў зеніце,

Хоць на хвілінку сонца запыніце.

Няўжо сюды я ехала дарма?..

Якая песня зноў начуе ў жыце,—

Аб тым сакрэце мне не гаварыце:

Аб самым-самым — допыту няма!

 

Дажджы сівыя, бліскаўкі-маланкі,

Аціхніце ну хоць бы на світанку.

Няўжо чаканы промень абміне?

Якія тут світалі вышыванкі,

Звінелі тут якія калыханкі!..

Мне горача. Не крайце сэрца мне.

 

 

МЫЦЦЁ АКНА

Да слязінкі прамыю аконца,

Будзе ласкай хмялець галава.

О, якое ўлюбёнае сонца:

Снег прачэшацца, гляне трава!

 

Ой, ды іншае долі не трэба,

Хоць знясло крыгаломам масты.

О, якое сінюткае неба:

Снег прачэшацца, глянуць лісты!

 

Будзе год залаты, хлебадайны,

Грозны год ярыну абміне.

Як вясна, я стаю маладая

У шырокім і чыстым акне.

 

Толькі дзіўная сінь, толькі дрэвы,

Толькі ласкай баліць галава!..

Ты шукаў маю сцежку? Дарэмна.

Снег кладзецца, і гіне трава.

 

 

ФЕНІКС

Анямею: вы наздзіў вясёлы,

Быццам не кранала вас бяда.

— ...год з’яўлення ваш?

— Ды 37-мы.

— Помніце маленства?

— Лебяда.

 

— Пэўне, род вялікі ў вас?

— Вядома.

Нібы ў тога дзядзькі-цыгана...

— Сто братоў ды сёстраў?!

— У дзетдоме.

Палавіну — выбіла вайна.

 

Анямею. Літасцівы божа:

Перад ім, з пытаннямі? Дзяўчо!

 

Ды кладзецца лёгка і прыгожа

Даланя асілка на плячо.

 

 

БРАТ

Калі акно прасвечваюць зарніцы

І град страляе з громам неўпапад,—

Няма ў сястры

сардэчнае сястрыцы,

Ёсць толькі брат. Названы мною — брат.

 

Самоты гордай скінуўшы карону,

Укленчыўшы грамам, як абразам,

Я пазваню яму па тэлефону!

Не, ён пачуе — і пазвоніць сам!

 

Бог ведае, калі наступіць ранак

І будзе сэрцу кожны промень рад.

А ноч гудзе, і ў зарыве маланак

Танюткую рабіну лупіць град.

 

Будуе межы час і крышыць сцены,

Каб месцачка было для шчырых свят.

Мой дзіўны друг і дар мой неацэнны,

Мой чуйны брат. І дзякуй лёсу,— брат!

 

 

ПАСЛЯ ТРАЎМЫ

Здавалася: ні голасу, ні цела.

А ў галаве — сірэны і званы.

І аднаго тады душа хацела:

Упасці у сівыя палыны!

 

Смылела ноч, палаты дыярама,

І чорны прывід кратаў за руку.

І знала я: рыдае дзесьці мама

І, ледзь жывая, едзе ў цягніку.

 

Кругі шляхоў, як чорныя пласцінкі,

І смутнай хваляй — сэрца ускалых.

І курс немедыцынскае лацінкі

«Реr аsреrа...» — будзілі хворы слых.

 

Мне сорамна цяпер і не да твару

Маленне прорвы воўчай ці грудка...

І знаю я: ёсць тысячы аварый

На ўдары сэрца, думкі і радка!

 

Прайду быллём і церпкай лебядою.

І на жыццё развяжа вочы сын.

...Гляджу, як прад усмешкай маладою

Дрыжыць сухі, збянтэжаны палын.

 

 

ПАДМАНВАЮ СЯБЕ...

Падманваю сябе, свой дзень пусты,—

Нібыта міска стравы ў ліхалецце.

Пішу не вершы я — пішу лісты,

Пяро макнуўшы ў думнае дасвецце.

 

Яснее зрок, але у цемнаце

Заходзіцца бязгучным рэхам сэрца.

Загойваю сябе на той вярсце,

Дзе нам з табой не доліла сустрэцца.

 

Стаміўся ад уражанняў паэт.

Маленькі сын ад чэрствасці хварэе.

Крыжы трывожнай памяці! А свет...

Завалы кніг! А людзі не дабрэюць.

 

Дрыготкія лаўлю агні вачэй,

Якія свецяць толькі мне, здаецца.

Падманваю сябе, пакуль яшчэ

Цыганка-рыфма плача і смяецца.

 

 

ЖЫВУЛЬНІК

Белагаловы май

У фрэнчыку зялёным.

Трыпутнік, затрымай

Мяне перад адхонам.

 

З агню ці з каяцця

Я зноў шукаю выйсця?

З жыцця і з небыцця

Ты выкрасаеш лісце.

 

Карэністы ў вясну

І ў восень — апантаны,

З табой варожыць сум,

Цябе кладуць да раны.

 

Накрые дол зіма.

І вецер, як цырульнік.

Ды мама нездарма

Заве цябе «жывульнік».

 

Любві маёй вясло,

І песня маладая,

І завязь юных слоў —

Жывульнікам жывая!

 

 

ДОМА

Тут просіць каня «пі-і-ць!»,

Тут сонца залатое.

Ці ж варта варушыць

Балючае — былое...

 

Травіцы накрышыць,

Ператрасці падушкі;

Суседцы падарыць

Вясёлыя істужкі.

 

Пазбыць скляпенне кніг,

Што болю не адкупіць,

І глянуць — хоць на міг! —

Ў акно, што ўсё насупраць.

 

Праніжа цётка Люба

Гаркотаю асенняй:

«Хадзем, мая галуба,

Ды паварушым сена».

 

 

* * *

Крутыя берагі.

Аглухлыя азёры.

«Ты ёсць — і свет другі!» —

Мне чуецца ў прасторы.

 

Пад купалам нябёс,

Дзе голас, як літанне,

Такі нам выпаў лёс:

Суцэльнае чаканне.

 

Ад промня — да тугі,

Ад жалю — да усмеху.

«Ты ёсць — і свет другі» —

Расколваецца рэха.

 

Далёкі, дарагі,

За лесам, за гарою...

Ты ёсць — і свет другі! —

Сама сябе загою.

 

 

У САДЗЕ МАІХ ЛЕТУЦЕННЯЎ

Ні многа, ні мала хацела:

А прагнула волі дарослай.

 

У садзе маіх летуценняў

Даўно раскашуецца восень.

 

Якая ж ты, кветка-пралеска?

Пралеска прасвечана болем.

Барвовыя краскі. І рэзка

Згушчаецца неба над полем.

 

Якая ж ты, кветка-сястрыца?

Пад інеем сэрцайка звяла.

Жадаю з крыніцы напіцца,

Ды ў мора крынічка упала.

 

Закіньце, малойчыкі, сеці,

Злавіце яе, неслухмянку!

 

Салёны, пранізлівы вецер

У садзе блукае да ранку,—

У садзе маіх летуценняў...

 

 

* * *

Недалюбіла? Не, не палюбіла

Пазёрства, двухсэнсоўнасць, каламуць.

Ну што б каго мая журба журыла,—

Не-не ды вострым слоўкам упякуць!

 

Але пульсуй, высокая часіна!

Выходзь, душа, са звыклых берагоў!

Memento mori?3 Думаю пра сына,

Пра сэрцайка чуллівае яго.

 

Па дабрыні, па шчырай песні голад.

Налегцы мчаць гадкоў маіх вазы.

Гартуй, высокі лёс,— высокі холад!

Пякучы снег, прапальвай да слязы!

 

Зліецца хай з людскімі галасамі

Душа на веснім гуку салаўя:

Аптымістычна — горкая, лясная,

Як і сама паэзія мая.

 

 

* * *

Аблокі, нібы воўна.

І молада лістам.

Я ад чаго раптоўна

Баюся слова «там»?

 

Бульбянік лапавухі

Ўсміхаецца вятрам.

А я з чаго б — да скрухі! —

Баюся слова «там»?

 

Гарчаць чабор і мята,

Згасае дня квадрат.

Там дзед ужо. І тата.

Там горкі друг. І брат.

 

Там срэбныя аковы

Ляглі на ярыну.

Там тое, што ніколі

Назад я не вярну...

 

Сляза непрыхавана

З надзеяй папалам.

Мне рана, рана, рана

Ўзірацца ў бездань — там!

 

Тут зоўны полаг ранку,

Карэц вады жывой,

Дарога-самабранка,

І думка-ашуканка,

І светлыня, як нянька,

Над цяжкай галавой.

 

 

АДЗІНОЧНЫ ЛІК

...Адгарадзіліся хваробай,

Жыцця уласнага стратэг.

І не брылі вы па калдобах,

І не ўмярзалі ў жорсткі снег.

 

І на абед хоць шчаўя міска,

Ды ўсё ж — гарачая! — была.

А ці не пёк вам ногі прысак

Ахвяр з радзімага сяла?

 

І ў жылах кроў не бушавала,

Калі пілікаў смерці вальс?..

І вось прайшла яна, навала,

Ля вас, дакладней — міма вас!

 

Хвароба, скажаце, цярпенне?

А як змаглі дасюль дажыць,

Што франтавік — вайны сумленне

Бязбожна ў спіну вам глядзіць?

 

 

СВЯТА МАСАК

Перад цудам навагодняй казкі

Дзеці самі выбіраюць маскі.

 

Верхалазу-жэўжыку — на сёмы...

Модніцы маленькай — пяты год.

Ды з якой прыдумкаю вясёлай

Строіцца касцюм на карагод!

 

Будзе шэры воўк і кот вучоны,

Рыжая ліса і Віні Пух.

А для маскі з’едлівага чорта

Дзед для ўнука вывернуў кажух.

 

Свет маленства шумны і стракаты.

Са старой, як існасць, даўніны —

Ладзяцца каўбоі і піраты,

Кракадзілы, змеі і сланы.

 

Перад святам навагодняй казкі

Дзеці самі выбіраюць маскі,

Смела пазбягаючы апек...

 

Ім сягоння, пэўна ж, невядома,

Што свядома йшчэ і несвядома

Носіць маску толькі чалавек!

 

 

* * *

Лёгка слалася дарога,

Не скупілася надвор’е,

І ўзляталі нашы думы

Вышай роднага парога,

Вышай коміна над хатай,

Вышай пёрыстых аблок!..

 

Ці ж дарэмна зрок і сіла

Перайшлі ў нас з самых мудрых,

Нескароных і ласкавых,

Мужных вояў, шчыраўніц?

Але ж ёсць: лятаем ніжай!

Ніжай праўды і сумлення,

Ніжай ласкі і даверу,

Ніжай розуму свайго.

 

 

КАНТРАСТЫ

Ты цяпер немагчыма-далёка.

Вырву з градаў палын і асот.

Але воран — калючае вока —

Прабівае душу навылёт.

 

Захінуся шалёнаю сцюжай,

Завяжу вузялочкам кутас.

Чорны воран над белаю ружай:

О, які фантастычны кантраст!

 

Я сачу, як пялёсткі злятаюць,

Як зыходзіцца вецер сляпы.

Рызыкоўна праз боль праступаюць

Кіпці ворана, ружы шыпы.

 

Адкажы, да чаго б гэта, дружа,

Кружыць,

сну разарваўшы кілім,

Чорны воран над белаю ружай —

Як над выстылым сэрцам маім.

 

 

ДЗЯКУЙ, АРЛЕКІНА!

Устаць і ўпасці, ды ізноў на ногі,

Каб чэснай працай зноў світалі дні.

А я ў сляпых пыталася дарогі,

А я ў глухіх маліла дабрыні.

 

А я ў нямыя грукалася дзверы,

Дзе толькі ад варот і паварот...

Я клоуну дзівілася на сцэне,

Не бачачы салёна-горкі пот.

 

Ну, што ж, ты вельмі ў час мне, Арлекіна

(Даруй за перыфраз: Арле-кіно),

Труха пустых блуканняў і мякіна

Па котлішчах развеяны даўно.

 

Ужо ні гром, ні бура не лякае,

Не ўзяць мяне ў абдоймішчы тузе.

Вось лапічак зямлі маёй, якая

На песні узышла, як на слязе.

 

 

* * *

Сёння і вечна! — і мы са шчаслівых.

Бульбу пастаўлю, гуркі пасалю.

Я і сама не люблю шкадаўлівых,—

Болей суровых і гордых люблю.

 

Ценькая нітачка лёсу-спаткання.

І за туманам агню не відно.

Дык разбудзі маё сэрца да ззяння! —

Хай і пяе, і канае яно,

 

Хай не шукае сабе падабенства

Праўдзе і споведзі наперакор.

...Што ж ты шкадуеш мяне,

бы ў маленстве

Вецер шаўковы ды сіні чабор?

 

 

* * *

Мне б запыніцца на юрлівай косцы,

Пакладзіста вяршыць астачу зім.

Як бедная ўдава ў мужчынскай вёсцы,

Я многім абавязана, усім.

 

Радзінная мая і гаваркая,

Ах, вёска, ты ў прагрэсу на мяжы.

Ды дзе яна, мужчынская такая! —

Ты хоць адну мне сёння пакажы.

 

Прайшлі вякі. Пампеі. І Даная.

Але агонь і хіжасць правяць баль.

Як рэчка, што ад хіміі канае,

Я многім абавязана, на жаль.

 

Шукаю песню, як іголку ў стозе.

Шукаю кроплю праўды у мане.

Калінаю гарушчай пры дарозе

Я многім абавязана і — не!..

 

 

МАРЫЯ

І падкажа мне сцяжыну гром

І яго бурчання адгалоскі.

Я ўвайду ў забыты богам дом

На краёчку апусцелай вёскі.

 

Колькі спеўных верасняў сплыло,

Колькі белых адшумела маяў...

Ў доме гэтым ціша і цяпло

І утульна — болей не бывае!

 

Ацішэю. Што там да размоў!

На краі самотнае пяшчоты

Не баіцца цётухна грамоў,

Як і не баіцца адзіноты.

 

Тэпае ад печы да стала,

На партрэты дзетак пазірае.

(Вось і ўсіх вачамі абняла!)

Час такі — што лепей не бывае.

 

Час такі,— да хуткасцяў ахвоч,

Нават з мёдам — часта несалодкі.

Малітоўны погляд карых воч

Моны Лізы? Не, палескай цёткі!

 

Ах, дзянёчкі, дзетачкі, гады,—

Дзе ж яны, світальныя такія?

Два вядры, паўнюткія журбы.

Два стагоддзі: космас і Марыя.

 

 

* * *

Нясуджаны, я так скажу аднойчы,

Заглядваючы ў бездань, нібы ў дні:

Міні мой дом, і голас мой, і вочы.

Забудзь мяне. Яе — не абміні!

 

Грахом узнагароджаны, закляты!

Святы, нібыта Юрый на кані,—

Пі юны хмель, растрачвай грошы ў свята,

А на яе хоць зводдаля зірні.

 

Яшчэ зялёны дзень, яшчэ зялёны

Разбег вясны на маладым ствале.

Зрывай апладысменты і паклоны,

Тапчы пажар бясслаўнасці,

але,

 

Калі святло ад недаверу згіне,

Няспешна прывітай яе спярша:

Я так цябе чакала, што ў каліне

Адбілася ўся мая душа!

 

 

* * *

У цішыні зажураных алей

Світанкам росным а ці на змярканні

Адчуць, як пахнуць ружы і ялей

На юбілеі. І на пахаванні.

 

Вось-вось сашчэміць інеем траву

І возера зашархне на балоце.

Удзячная, схіляю галаву

Перад жыццём у вечнай пашаноце.

 

Ужо трашчаць бязлістыя лясы

І снегіры расселіся на плоце.

Шчаслівая, я чую галасы,

Каб адгукнуцца ім на светлай ноце.

 

Маіх гадкоў пылок і малацьба!

Але адчую, запыніўшы крылле,

Чаму ля хаты журыцца вярба,

Адкуль гарыць каліна на магіле.

 

 

ПА ГРЫБЫ

Ах, верасоўе, золкавыя ранкі!

Сухім галлём гады зашамацяць.

Гурмой на ўзлеску высыплюць паганкі

Нібы далей няма чаго шукаць.

 

Дубоў ды сосен сцішаная варта.

Тут лепшы грыб не возьмеш напавер.

Стары ляснік падсыпле жару-жарту:

«Глядзі, чым мухамор — не кавалер?»

 

Стары мудрэц,— ён, як ігліца, колкі,

А вокі два — як водбліск васількоў.

...Я лезу, прабіваюся праз ёлкі,

Праз кіяхі арэхавых званкоў.

 

Так шчодра наталяюся расою.

Ужо, бы квач, цяжэе чаравік.

Зашыўся ў мох, цікуючы за мною,

Баярын бору — горды баравік.

 

 

* * *

Шастае вятрыска па дуброве.

Сонца лістапада — на нулю.

Залатой саломачкі карове

Паўкапешкі шчыра рассцялю.

 

Покуль будуць частавацца госці

Ды цягнуць расчулена хмялёк,

Занясу Барбосу (ягамосці,

Проша не аб’ездзены кусок).

 

Пойдзе галасей руды і хмуры,

Асівее цішыня двара.

Лаз прыкрыю, каб дурніцы-куры

Не ўпусцілі хіжага тхара.

 

Стане песні дзіўнай пераборы

Варушыць зрадзелая радня.

Будзе ноч празрыстая. І зоры.

І паўсюль — на свеце! — дабрыня.

 

 

АЗЁРНЫ ЧАС

 

Сяргею Законнікаву

 

Занябудзеш скруху, як прастуду.

І пакуль яшчэ не рассвіло —

Выбераш чаўнок сабе і вуду,

Раскалышаш возера святло.

 

Будзе зорка да вясла прыбіта.

І на дно сплыве зялёны сум.

...Восенню — яно глыбей нібыта,

Поўнае трывогі і задум.

 

Ціха так — як не бывае ціха.

Поўна зор вандроўнае вядро.

І сястрыцай дольнай жураўліха

Скіне блаславёнае пяро.

 

Ёсць адзін у сэрцы край назоўны.

Дзень узважыць грузчык-ватэрпас.

Хай сабе прарочыць хтосьці зорны

Дзякуй лёсу, ёсць Азёрны Час!

 

 

20.VI.1985 г.

 

Аляксею Дудараву

 

Спакойнага дня санцалікі ірдзень.

Цяпла напіліся таполі.

А ў свеце, дзе столькі балючых падзей,

Жывём, як на атамным полі.

 

Нямала прайшло лікаванняў і кроз,

Шумяць цемналістыя кроны.

Мне светла і горасна так, што наскрозь

Ты бачыш мяне, аддалёны.

 

Ад шкла ветравога пагляд адыму

І вочы успыхнуць, як неба.

Шчаслівы? Вядома табе аднаму,

А болей — нікому не трэба.

 

Я знаю, што родныя мы па жальбе,

Па зорцы, што мкне з абеліска.

Мы едзем, і пальцы дрыжаць у цябе

На чорным пластмасавым дыску.

 

Мінём крутаяр, а журбы не мінём.

Дзе шлях яшчэ выткан раднейшы?

Мы едзем ласкавым распыленым днём,

За дзень да вайны ў 41-м.

 

 

ЗОНА СВЯТЛА

 

Зялёны шум. Дарогі палатно.

І прагне, і шукае слова — слова.

Яшчэ не спіць у Мележа акно,

Яшчэ святло не гасне ў Куляшова.

 

Зялёны святлафор а ці імгла,

Наперадзе дыстанцыя ці фініш?

Жыццё,

жыцця ты іншага не мысліш

На катарзе любові і святла!

 

Аціхнуць спрэчак трэскі. Схлынуць стрэсы.

Дарога сцежку выбера ў глушы.

І некаму пажаліцца на бессань,

На непагоду ў свеце і ў душы.

 

Ды ў час, калі шукае слова — слова,

Знябыўшы тлусты тлум і мітусню,

Агеньчык цыгарэты Куляшова

І журавіны Мележа — прысню.

 

 

ПТАХ

 

27.VІІ.1984 г.

 

А самых лепшых — час не беражэ.

Канае лета перапёлкай ў жыце.

Наведвайце яго — хто быў бліжэй.

А хто далей — дык светла ўспамяніце.

 

Упаў. І толькі крылы за спіной.

Не хочуць знаць аб чорным дні нічога.

З усіх дарог ён верны быў адной,

Імя якой — народная дарога.

 

Ён апантана верыў і любіў

І над зямлёй кружыў, падобна птаху,

Запомніце яго — хто блізка быў.

Далёка хто — не варушыце праху.

 

Вы чуеце: гуркоча ў небе гром,

Але не страшна песеннаму птаху.

...Вам, хлопцы, гнаць да Турава паром.

Як і пры ім — не збочвайце са шляху.

 

 

УЗОРЫ

Хай выпаў век нам высакосны,

Не прывыкаць нам да грымот.

Да сонца мы павернем кросны,

Няхай шчыруе калаўрот!

 

Мы будзем спіну гнуць да зморы,

Пакуль худнее каляндар.

Мы ўспомнім дзіўныя узоры,

Дзе кожны колер, як удар.

 

Па еднай злітнасці, па крэву,

Прагнаўшы смутны цень з ілбоў,

Мы вытчам свет з любві і гневу,

Каб заставалася любоў.

 

Зялёны вырай, алы, сіні

Хай узлятае з-пад рукі!

...Марыля, Паўла, Ефрасіння —

Святло. Паэзія. Вякі.

 

 

* * *

Вячэрні плёс. І лодка на прыколе.

Аціхлі шустракрылыя стрыжы.

Мой мілы дом, драўляны мой саколе,

Паберажы святло, паберажы!

 

Світае мне агеньчык твой нятленны,

Шугаюць іскры ад бярэмца дроў.

Што век прыйшоў сталёвы і каменны —

Пра гэта знаеш ты паміж муроў.

 

Але калі заранкай залатою

Зірне ўзыход ва ўсе свае канцы,

Лясной слязой, гаючаю смалою

Мне дыхаюць сасновыя вянцы.

 

Ўраджэнцы сёл, мы сёння навасёлы

Ў бяздушны шлак закутае зямлі;

Вось так лясных палян шукаюць пчолы,

Разведаўшы хімічныя палі.

 

А свет гудзе. Вайны і міру драма.

Ды кліча шлях вясны і адкрыцця,

Дзе йшчэ на кроснах тчэ нязменна мама

Зялёную паэзію жыцця.

 

 

НЕПАСТАЯННАЕ, ЯК ХВАЛЯ

Не аклікаць і не чакаць

Надзеі, нібы пены мыльнай.

І пасля лічбы «35»,

Душа, ты прагнеш быць стабільнай.

 

О бог з табой, мой вечны жаль!

Ды буду зноў за песню брацца

І, ахалоджваючы жар,—

Аб лёд маўчання апякацца.

 

Ну што ж, калі ўжо выпаў лёс,

Быць мужнай — Муза загадае!

Няхай прачулена — да слёз! —

Смяецца слова і рыдае.

 

Хай золь і вецер у акно,

Хай пераважыць скрухі шаля.

Жыццё паэта? Вось яно:

Непастаяннае, як хваля!

 

 

ПРЫЛУКІ

 

Ўдаль працягнуты тонкія рукі.

Гаварыце, Прылукі!

З верша са зборніка

«Снежныя грамніцы»

 

Гэта ўсё — як праз дзіўныя сны:

Не было ж ні сустрэч, ні разлукі.

Ды ў зялёным канверце вясны

Прысылалі мне сонца Прылукі.

 

Гэта ўсё — як праз лісце і дождж:

Перазвоны гадоў, перастукі.

...Бы па снезе іду басанож —

Скрушна сцелецца сцежка ў Прылукі.

 

Што жыццё? Аблачынка і сон,

Белых яблынь шумлівая пена,

Белай скрухі тугое ласо!..

Усміхаюцца вочы Варлена.

 

Што парыў? Мігатлівы матыль

І усмешкі на боль перамена.

Незагойныя — да віднаты! —

Да лясной незваротнай вярсты —

Усміхаюцца вочы Варлена.

 

 

НАД КНІГАЮ СЯБРА

Не растаў твой след у паняверцы

Ды і не зарос палын-травой.

Думна так і молада на сэрцы:

Размаўляю з кнігаю тваёй.

 

Тут прайшлі стагоддзяў пілігрымы,

А вясна не знае берагоў.

Ты жадаў усім святла, радзімы,

Сэрцам заплаціўшы за яго.

 

Ясна так падступіцца ўчарашні

Век,

нібыта выгляне з-за крат.

Два Францішкі — два сумленні нашы,

Кожны — роднай песні адвакат.

 

Можа, нас зусім ужо нямнога.

Гурт, нібы рассыпаны гарох.

Але ясна доўжыцца дарога

Праз масты рэліквій і эпох.

 

Выпырхне вясёлкаю удача,

Сцішыцца зязюляю лясной.

Чую я, як чорны воран крача,

Толькі не над песняю тваёй!

 

 

* * *

Душа смуткуе, як загнаны звер,

Нясцерпныя

залізваючы раны.

...Адкінь журбу і ў новы шлях павер —

Там чабарэц і верас закаханы.

 

І дол палае зорамі суніц,

Лагодныя пялёсткі сыпле ружа.

Хай будзе сто грымотных навальніц! —

Ды ні адна ўжо не застрашыць, дружа.

 

Такія ўжо нам выпалі гады —

Касмічныя!

Сумуе слова «пехаць».

Шукаць не трэба зелля ад бяды

І ад сябе — наўрад ці можна з’ехаць.

 

Яшчэ ніхто не замаліў грахі

Бяздзейсным сузіраннем на аблокі.

Шчыльней самкнём разгалыя шляхі! —

Шчаслівы шлях не любіць адзінокіх.

 

 

СЕЛЕЗЕНЬ І ВУЦІЦА

Паплыў туман па беразе,

Густой расой апаў.

...Ляцеў высока селезень,

Нібы зару вітаў.

 

Вадзе азёрнай вусцішна

Ў затоенай начы.

...Не ўчула крыку вуціца,

Густы чарот жнучы.

 

Сівой расой паснедае,

Чакаць будзе дарма.

Вясёлая, не ведае,

Што селезня няма.

 

Завейная,

закруціцца

Зіма ды без пары.

Ой, не чапайце вуціцу

Ў аглохлым азяры!

 

 

ВЫ

Усё, што свеціць і звініць,

Гудзе, нібыта рой пчаліны,

Хацела Вам я падарыць,

Ды не знайшлося ў Вас хвіліны.

 

Усё, што молада ляціць

І ў даль нясецца без аглядкі,

Хацела Вам я падарыць,

Ды не знайшлося мне выпадку.

 

Казённы дом. Казённы стол.

І дзень — казённы! — за плячыма.

І асцярожны, як пасол,

Вы з тайна-пільнымі вачыма!

 

 

ДАЛОНІ

Мне не забыцца у Вашых вачах.

Гэта кроў прылівае да скроні.

Дзень даўно адгарэў і ачах.

Чую цёплыя Вашы далоні.

 

Колькі зведана хіжай слаты

На дарогах, дзе вымерлі коні!

Не пад сховай сляпой цемнаты.

Перад Вамі я — як на далоні.

 

Ціхі сум, ціхі морак міне,

Разліюцца пяшчоты акорды.

І за што ж ушчувалі мяне

Злыя ветры з характарам нордаў?

 

Я — сугучча былін. І разлад

Закаханай бяссоннай пагоні.

Адыходжу. І нельга назад.

Дайце

шчырыя

Вашы

далоні!

 

 

ТРАВА

Зялёна гляне, як папросіць,

Каб не наехала аўто.

Яе даўно ніхто не носіць.

Тут не цалуецца ніхто.

 

Маланка блісне. Згасне зорка.

Пальецца дождж як з рукава.

Тут на траншэях і прыгорках

Расце трагічная трава.

 

 

СЯЙВО

Гэта промняў нябачныя гукі

Абудзілі мой ранак нямы.

Дык чаму ж не рассеюцца мукі

Праз кароткую споведзь зімы.

 

Гэта сонца так жорстка смяецца,

Што балюча ўглядацца да слёз,

Ці гарачае бацькава сэрца

Чорны воран у дзюбе прынёс?

 

 

 

УЧОРА?

Тае тоўшча календара —

Новы заявіцца скора.

«Учора» — шалее за вокнамі град.

«Учора» — не сцішыцца мора.

 

«Учора» — надрывіста вецер пяе,

«Учора!» — агеньчык сігнальны.

Учора — памылкі мае і твае

Аднесла дзевяцібальным!

 

Учора? Ды як зразумець, аднак,

Блудлівыя цені навокал?

Міргае

чырвоным

вокам

маяк:

Не заплывайце далёка!

 

Не ўпершыню мне выпала ўсплыць

Горасна і адзінока.

Сотая чаіца ў небе шуміць:

Не заплывайце далёка!

 

Выйду збялелая, нібыта смерць.

Слова тваё — апора.

Ведаеш, больш не хачу разумець...

Добра, што з намі — мора!

 

 

АННА ГЕРМАН

Так срэбны звон гукае ліру,

Так песня — долю нараджае.

...Падчас вясны і ураджаю

Адспавядацца ў жменьку жвіру?

 

Вы ўся такая маладая!

І валасы шумяць, як травы.

Смяецца голас і світае

На сціхлых вулачках Варшавы.

 

Мілан. О, тут вітаў Каруза!

Мілан, хай пачакае меса!

Няхай у сумным плацці Муза,—

Настройце музыку, Маэстра!

 

Зусім такая ма-ла-да-я!

Яшчэ ж і сонейка — высока.

Смяецца голас і світае

Ад Брэста да Ўладзівастока.

 

Мы зачакаліся... Спявайце.

(Пласцінка чорная, як рана.)

І слоў няма сказаць: «Бывайце!»

Нех жые Песня, пані Анна!

 

 

А ТЫ – ЛІЛІТ...

Суцешыць і наіўнае сваяцтва,

Як разаб’ецца сэрцайка аб быт.

З агню ў агонь кідалася мастацтва,

Зару ў зары вышуквала Ліліт.

 

Забытыя, ізноў васкрэснуць міфы,

Аслепіць шчасця міг, як карнавал.

І сцерагуць не рыфмы нас, а — рыфы,

Дзе кожны крок — надзея і правал.

 

Па цаліку, па вугальках гарачых

Вядзе жыцця няласкавы іспыт.

О, столькі песень знікла непрадбачна!

А ты — Ліліт.

 

Слязы гаручай смехам не падманеш.

Па ўласным сэрцы пройдзе час-мастак.

Я не скажу, што ты шчаслівай станеш,

А што ахоўней будзеш — гэта так.

 

Дык хай любоў развеснена крыляе

Пад іменем і шляхам маладым.

Усё жыццё нам ласкі не хапае.

А слава што? Яна спадман і дым.

 

 

* * *

І шлях, што тчэцца слёзкамі зязюль,

І жніўны дзень спякотны, без прадыху...

Чым непапраўна-молада дасюль

Жыла і я, нібы не меўшы слыху?

 

Дакладнік-час узважыць мой хатуль,

Сава над мітуснёю зарагоча.

Чым незваротна-молада дасюль

Ішла і я, бы завязаўшы вочы?

 

Ці век перавярнуўся ўгору дном,

А ці самоты стала забагата...

Мне мроілася: песняй, як радном,

Мяне заўжды накрые ў скрусе хата.

 

Туга,

маленства мячык падфутболь,—

Няхай ляціць вясёлы ды ружовы!

Я ўся цяпер — неразгаданы боль

Сустрэчы, слоўка, шэпату, размовы.

 

 

* * *

Пазначаны светлай журынкай рабін

І жарам шыпшыны акопнай

Мой голас жаночы. І пол мой слабы.

Дакладней,— мой голас з натоўпу.

 

Дачка земляроба, дзіця сіраты,

Я ладжу на слове ігрышча.

І ведаю вязь далікатнай фаты

І грубай сукенкі з ільнішча.

 

Гамоніць Палессе. Гудзе Панямонь.

Шугае дубняк адубелы.

Мангольскія коні ляцяць праз агонь,

І вянуць татарскія стрэлы.

 

Дзе ж боская праўда крывавых вятроў?!

Ды з курных застрэшкаў і ў лодках —

Бунтуе гарачы і горды натоўп,

А ў ім — галасы маіх продкаў.

 

Як выйдзе вясна з берагоў і ўпадзе

На грудзі зямлі, бы з патопу,

Не ў ціхім балоце, не ў шалкай вадзе —

Шукайце мяне між натоўпу.

 

 

* * *

Яшчэ не збыты успамін

На вуснах смагай згорклай.

Маўчу цябе святлом калін,

Каменнямі узгоркаў.

 

Дубы паўсталі на дыбы.

Вартуе воўк маліну.

Ты вывучаў мяне, нібы

Далёкую краіну.

 

Ўспаролі урвішча грыбы.

Туман лясок ахутаў.

Ты пакідаў мяне, нібы

Перасяленцы хутар.

 

Салонка з хлебам на стале,

Абрусік даматканы.

Ты зноў вяртаешся,

але

Няма мяне, каханы!

 

 

САВІНАЯ НОЧ

Такой журбою асвятлю,

З лістком пытлівым пафліртую

І адкажу табе: «...не сплю,

Паколькі твой спакой вартую».

 

І абарвецца, як дакор,

Званок. І распадуцца словы.

Густая ноч. Нямы прастор.

Сабака брэша бесталковы

 

На гаражы, на лімузін,

На іншародную выгоду,

На апусцелы магазін

З лірычнай шыльдаю «Прырода».

 

Далёка — бор. Няблізка — лес.

Глыбока — водар верасовы.

Але, куды ні гляну,— спрэс

Заходзяцца, рагочуць совы!

 

 

О, СПОРТ!

Дваццаты век удакладняе страсці,

Паветра усхадзілася, што хорт.

А на трыбунах — яблыку не ўпасці.

О, спорт!

 

Скандыруюць гульні прафесар строгі

І дама пышнацелая, як торт.

Дваццаты век. Павінны думаць ногі.

О, спорт!

 

Сівы дзядок з нязменным валідолам...

Мяснік, як сакавіты памідор...

Ужо і сын мой захварэў футболам.

О, спорт!

 

А ты, любоў да горада і вёскі,

У вокладках дыхтоўных на выбор

Гняцешся ў магазінах і кіёсках.

О, спорт...

 

 

* * *

Святло на волю выпускай,—

Хай спее сонца.

Якая дзіўная Масква:

Паток бясконцы!

 

У твар павее халадком

На міг — і толькі...

Плыву стамлёным хадаком

Сярод патоку.

 

Мой даўні друг, не ушчувай

Нямым дакорам.

Прыедуць — чынных! — сустракай

Гасцей з-за мора.

 

Высока слова падымі

Без тостаў лішніх.

...Дарога сцелецца людзьмі,—

Не помню іншай.

 

 

ЭЛЕГІЯ ДОМА

Ці замнога адчаю і болю,

Ці зглынуў нас уедлівы быт?

Шыфаньерамі, кнігамі, моллю

Гэты дом да астатку набіт.

 

Тут па лесвіцы крочаць, бы ўпотай:

Хто — з балонкай, хто — з рыжым катом.

Тэлевізіяй, спешкай, самотай

Да астатку заселены дом.

 

Праўда, скінецца дружна і разам

На пакойнага

люд па рублю.

І засведчыць сцяна безадказна

Нажавою зарукай «люблю».

 

Стукне ў шыбіну мячык дзіцячы,—

Вецер схопіць гардзіны кілім.

Ў гэтым доме смяюцца і плачуць,

Але рэдка спяваюць у ім.

 

 

* * *

Як доўга дождж ілье, а я не чую.

Наскрозь, да ніткі, вымакла зямля.

Ніхто нам шчасных дзён не навяшчуе,

Як самі мы — сягоння і пасля.

 

Вяртаючыся з болю, нібы з бою,

Галубячы ўцалелы успамін,

Нязбыўны мой, заручымся журбою

Зялёнаю, як раска і палын!

 

Даўно няма адказу ў запытання,

Жывём пад знакам шанца і бяды.

І залатой разлукаю кахання

Апрануты асеннія сады.

 

 

СПРОБА НЕСЕНТЫМЕНТАЛЬНАГА РАМАНСА

Тваёй пакуты і святла прычына,

Тваіх скупых і неабачных слёз,-

Я возера з зялёнымі вачыма,

Агромленая голька ў высакос.

 

Гатовая да ўсмешкі-запытання,

Да стоенай насмешкі з-за вугла,

Спазнала толькі я

азы кахання?

Ды і ў такім — няшчаснай не была.

 

Здзіўляючыся дню і позняй красцы,

Што на пачатку снежня расцвіла,

Адчула я хіба што боль па ласцы,

Але і ў ім — жабрачкай не была.

 

Мой дзень былы, нібы капрыз маленства,

Паўторыцца ў пяшчоце і ў жальбе.

Так многа у прыродзе падабенства!

Але няма падобных на цябе.

 

 

* * *

Хай позняе лісце у жоўтай маркоце,

Хай смутак не мае акрас.

У век, што аглух да крынічных эмоцый,

Дазвольце мне думаць пра Вас.

 

Я дзёрзкія струны да болю кранаю,

Баюся напышлівых фраз.

Зязюля зялёнага гаю, гукаю:

Дазвольце мне думаць пра Вас.

 

Быў шлях. Застаецца кароткая сцежка.

Бязлітасна коціцца час.

Успышка імгнення і дотык усмешкай —

Усё, што было паміж нас.

 

Гарачыя вусны успыхнуць капрызна,

Нібы закружыў падэграс.

Ніколі. Нічога. Сягоння і прысна!

Дазвольце мне помніць пра Вас.

 

 

ГЭТА ЛЮБОЎ!

Рукі шчаслівыя ўскіну да столі,

Смехам парушу маўчанне сцяны.

Гэта любоў! І няма ёй спатолі.

Гэта любоў! І няма ёй віны.

 

Неба вачэй а ці сэрца вышэе?

Так, я да смерці шчаслівая. Так.

Гэта любоў, як скразная вышэўка

Тых пацалункаў — дзе ружа і мак

 

Не дагараюць, не вянуць ніяк.

 

 

ХВІЛІНА

Як цеціва і лук —

Сустрэча і спатканне.

І шчырасць нашых рук

Не назавеш каханнем.

 

Да саменькага дня

Не стоміцца гасціна.

Нам выпала адна

Не доля — а хвіліна,

 

Якая ў тумане

Растане незваротна...

А ты чаму мяне

Галубіш прынародна?

 

 

ТЫ ПОБАЧ, ТУТ...

Калі іду па вуліцы адна,

А ў твар адно — вятрыска несціханы,

Калі гляджу ў скупы праём акна,

Дзе профіль твой, о воблік мой жаданы,

 

Я аціхаю,

быццам не мая

Душа ўва мне, а спрэс адчай і мука.

Ты побач, тут. І ад таго ўдвая

Мне балючэй аклятая разлука.

 

 

* * *

Гэтыя зоркія вочы!

Гэтай пяшчоты прыбой!

Нічога не паўтараецца двойчы.

Я застаюся з табой.

 

Скруха з турботы знікае

Лёгка, як след мураўя.

Вецер мяне абвівае

А ці самота твая?

 

Поўныя бездані вочы

Нібы застылі ў мальбе.

Нічога не паўтараецца двойчы.

Як мне запомніць цябе

 

Так,

каб не чуў і не ведаў

Жалю майго краявід,

Так, каб не бегчы па следу

Хваляй салёнай наўзрыд!

 

 

ЗНАК ТАЙНЫ

Ёсць тайны знак у песні неўміручай,

А гукі-словы — сэрца спарышы.

Ці знацьмеш ты, о колькі рос гаручых

Змясцілася на дне маёй душы.

 

Хай над усім мяккі вятрэц трапеча

І молада хвалюецца жытцо.

Прашу цябе: у гэты светлы вечар

Не гавары мне праўды пра жыццё.

 

Мой белы цвет асыпаўся дачасна,

Гарэзная, вада у шкле стаіць.

Але чаму заўсёды гэтак ясна,

Так лёгка мне з табою гаварыць.

 

 

КАХАННЯ САД І ЛАСТАЎКА ВЯСНЫ

І дождж, і гром, і несціханы вецер,

І першы клейкі лісцік выразны!

...Абуджваюць балючае дасвецце

Кахання сад і ластаўка вясны.

 

Яшчэ з табой мы павяснуем, доля,

Бо соты раз, як позва адкрыцця —

У светлыні агромленага голля

Кахання май і ластаўка жыцця.

 

Вясна, агонь зялёнага азарту,

Люблю твайго размаху крыгаход...

Зялёны сад — ён стане жоўтым заўтра,

Але нальецца тайнай сілай плод!

 

Аціхне шум. Ацяжалее крона.

Ды зноў успыхне лісцік выразны.

І блаславіць нашчадак акрылёна

Кахання сад і ластаўку вясны.

 

 

СВІТАЛЬНЫ ВЕРШ

Іржавымі асеннімі лістамі

На мне замкнецца смутку паласа.

Ды радаваць цябе не перастану:

Глядзі, якая шчырая вясна!

 

Заціснуўшы вярэдлівую рану,

Паверу ў невымернасць дабраты

І радаваць цябе не перастану:

Паглянь, якія шчодрыя жыты!

 

Няхай нас выпрабоўвае расстанне,

Збівае з ног акляты суравей,

Мы радавацца дню не перастанем:

Хіба Радзіма ёсць яшчэ святлей?

 

О век, ты пахнеш порахам і бэзам,

Няўсцерп зямлі звышспапяляльны груз.

І хто скрыгоча там тупым жалезам?!

З любові мы. І ў гэтым наш саюз.

 

 

СКЕРЦА

Сплыве туман над ярам,

Над быстраю вадой.

А вось — і прыйдзе старасць

З кавенькаю тупой.

 

Напомніць пра зазімкі

У сцішанай вясне;

Рассыпле фотаздымкі,

Як веерам махне.

 

І хіба ў нашай волі

Хоць хвілю запыніць?

Яшчэ святла даволі

І нельга не любіць.

 

Парушым дзень звычайны,

Стандарт свайго жытла.

Яшчэ такой адчайнай

Я ўчора не была.

 

І покуль снег зляжалы

Вясёлы дождж скубе,

Залётныя,

без жалю

Даверымся сабе!

 

 

ФАРТЫСІМА

Расклад зімы вясна ў архівы спіша.

З вясны пачнецца мой наступны год.

Фартысіма — расколатая ціша.

Фартысіма — які глабальны лёд!

 

Вось-вось лістоў зялёныя запалкі

Успыхнуць,

салютуючы вясне.

Узбудзяцца з ліловых сноў фіялкі,

А ў далавах не хоча таяць снег.

 

Скажы, якім найменнем адгукнецца

Крыжасты крыгалом, нібы разбой?

Заходзіцца ў чаканні свята сэрца,

А на душы не хоча глохнуць боль.

 

Мы злучым незлучальныя паромы.

Мы соль з’ямо, забыўшыся на мёд.

Фартысіма... Яшчэ няма мне стомы.

Фартысіма — які бясконцы лёд!

 

 

ГОЛАС З АКЦЭНТАМ

Маўчаць невыносныя сцены.

Далёка за поўнач не сплю.

Твой голас з магічным акцэнтам

Скрозь горкую ростань лаўлю.

 

Лятунак, сяйво, даварога

Ці выраю спознены клін?

Дык дзякуй, служанка-дарога,

За крохкую радасць хвілін!

 

Па каліўцу ласкі, па промню

Ляціць у акно светлыня.

Забудуся, але запомню

Дыханне шчаслівага дня.

 

Вясковы, сталічны, трагічны,

Імя сваё, век, назаві!

О, гэты світанак магічны

З акцэнтам шчымлівай любві...

 

 

* * *

Ні парушынкі ў небе, ні дажджынкі,

І мройна вішня пышная цвіце.

Яшчэ мая хада лягчэй пушынкі.

Адкуль цяжар так сэрцайка гняце?

 

Душыла смага, цалавала спёка,

Маланка з громам звязвала капцы.

Але не памірала ад апёкаў —

Зацягваліся песнямі рубцы.

 

Жыццё, ты стэп, што выгарэў да краю,

Дрыготкі ліст на восеньскім галлі.

І ўсё адно — цябе я абдымаю,

І ўсё адно цябе я бласлаўляю

За боль і рай на песеннай зямлі.

 

 

* * *

Звіняць вясёлыя лісты

Пад ветлы шум дажджоў.

О, гэта ранішняе:

«Ты!» Вячэрняе: «Няўжо?»

 

Які ж удакладніў мастак

Мой лёс на палатне:

О, гэта радаснае: «Так!»

Сумлівае: «О не!»

 

Два словы: разам, неўпапад

Нібы з паўзабыцця...

А гэты белы снегапад

І гразь — працяг жыцця?

 

Ды растае у тумане,

Вяртае дня вярстак

О, гэта зманлівае: «Не!»

Сардэчнае: «О так!»

 

 

* * *

За высокай кручаю-гарою —

Крылы недасяжныя твае.

Дык чаму ж нацятаю струною

Не рыдае сэрца, а пяе?

 

Я яго аб гора разбівала,

Аб чужыя душы-камяні.

І цябе гадамі забывала,

Памінала — божа барані!

 

Так жыву, бы з вечара да ранку,

Дзе гнязда і птушка не саўе.

Дык чаму ж струною-ашуканкай

Не канае сэрца, а пяе?

 

 

* * *

Над адзінотаю ўсмак пасваволю

І пасміхнуся, з блазноты, не раз.

Знаю паэта нялёгкую долю:

Выплеснуць сэрца сваё напаказ.

 

Не загаворвацца, не захапляцца

Праўдзе і споведзі наперарэз!

Доля прыдумак... але для мастацтва

Ёсць патаемны ў фантазіі сэнс.

 

З бытнасці першай, з сярэднявечча

Ў радасці і ў безвыходнай журбе

Кім ты ні быў за свой век, чалавеча?!.

Час наступіў, каб успомніць сябе!

 

Толькі ж у працы знаходзім спатолю.

Хто там палохае: «Быць ці не быць?»

Благаслаўляю нястомную долю:

Найчалавечнаму свету служыць.

 

 

МОЛАДАСЦЬ

За ярамі, за лугамі роснымі,

За снапамі залатымі сноў —

Моладасць мая звонкагалосая,

Ты нашто вяртаешся ізноў?

 

Золушкай была. І каралеўнаю.

Знаю радасць і кладоў гарбы

І цябе, вясёлую ды спеўную,

Я наўрад ці стрэну без жальбы!

 

З птушкамі расла і з песняй вырасла.

Шмат чаго мне добры лёс ссудзіў.

Але колькі дрэў у садзе вымерзла,

Колькі цвету грозны град абіў!

 

Моладасць, давай жа развітаемся

У пару аснежаных калін...

Толькі так жыву і так трымаюся,

Каб мяне шчаслівай помніў сын.

 

 

* * *

Не зараслі быллём гадоў паляны.

Жыву, пакуль смуткую і люблю.

Прыходзяць людзі — гномы і вулканы

І ў кожным штось таемнае лаўлю.

 

Няпраўда, харашэе свет ад казкі,

Хоць круціцца ў нябачных колах спіц.

Мне не да твару грым ружовай маскі -

Саткана доля з промняў-навальніц.

 

За месца ваяваць? Якое месца?!

Няхай гучыць паэзіі арган,—

Ці не мяне вучылі вы, Маэстра?

...Замоўклі і патухлі, як вулкан.

 

Парваліся, рассыпаліся струны?

Як Паганіні — на адной сыграй! —

Кажу сабе, такой старой і юнай...

А дзіўны гном рыхтуе ў пекле рай.

 

 

БАЛАДА ВЯРТАННЯ

Прыйшла к табе з далёкае дарогі.

Вачэй маіх знямогу не лаві.

Знасіліся сандалікі. І ногі

Параніліся моцна, да крыві.

 

Чытаеш боль ці песню на абліччы,

Баішся дакрануцца да рукі.

Віхор пашкуматаў мой лёгкі сітчык,

Але прыліплі к целу васількі.

 

Ды даражэй за розныя прапажы

Сустрэты мной адзін сівы Баян.

Не чуў даўно такой гаворкі, кажаш?

Няўжо і я — апошняй з магікан!

 

Гаворыш, сам сцярпеў разрыў і мукі?

Дык што ж застыў, далёкі божа мой:

Вось сціхлыя, патрэсканыя рукі,—

Ліні на іх гаючаю вадой!

 

 

ЯК ПРЫХОДЗЯЦЬ РАДКІ

Не тыя, што пяском цякуць з эстрады,

Не тыя, што лязгочуць, як станкі,—

Халоднай ноччу, цёмнай, непрагляднай

Самой пяшчотай цепляцца радкі.

 

Мая любоў, ты зналася са страхам,

Але праз прорвы бед і бальшакі —

Калінавым і жытнім спелым шляхам

Самой прыродай слаліся радкі.

 

Не ведаю нудоты. Толькі ноты

Радкоў наступных, часе, не ўтаі.

Хто спачувае мне? У адзіноты

Ў сябрах былі хіба што гультаі!

 

О толькі б не ўзарвалася дачасна

Зямля, дзе ўжо сумуюць жаўрукі.

Вось ты зірнуў! І хораша, і ясна

Да самай поўні мрояцца радкі.

 

 

МЕТАФАРА

Я высветлю цябе зусім знянацку

Над ціхім і напорыстым радком.

Метафара — ты елачная цацка,

Ліловы чад над бацькавым грудком.

 

Калі нячутна снег ляціць над светам

І доўга не прыходзяць маразы,

Ты нібы ў дар з’яўляешся паэту,

Здзіўляючы да чуйнае слязы.

 

Цябе не раз лавілі, як какетку,

Прыклейвалі на чыстыя лісты.

Але заўжды была ты этыкетам

Народнае і мудрай прастаты.

 

Не адхіліць бы кволую былінку,

Не размяняць на дробязь пачуцця!

О, гэта ты — нязгасная іскрынка:

Метафара сумнення і жыцця.

 

 

БОЛЬ

Уваж. Хай быль-трава

Не будзе горкай піжмай.

...Ён, мама, двойчы два

Герой. Паклон, што выжыў!

 

У срэбры — галава.

І смута — агнявая!!

Ты, мама, ратных два,

Удоўка радавая.

 

Ты, мама, да канца

Пакорліва-святая...

А некаму свінца

Дагэтуль не хапае.

 

А ворагу пячэ

Зялёны звон планеты.

А ў хіжасці яшчэ

Плануюцца ракеты.

 

Не дай жа лёс, калі...

За намі, мама, тыя,

Навекі што ў зямлі

І двойчы два — жывыя!

 

 

* * *

Калі змагла б, вярнула б я не слова:

Адзін прамень — зямлёй і небам між.

Мой ясны свет, зялёная дуброва,

Ты ўсё шуміш, ты ўсё яшчэ шуміш.

 

Адзін прамень! Яго шукаюць рукі

Аблокамі і кручаю паміж.

Зялёны ліст несцерпнае разлукі,

А ты звініш. Ты ўсё яшчэ звініш.

 

Шукае смага ў працы паратунку,

А дзень з гары ляціць, як пара лыж,

Крыжасты шлях сумненняў і лятункаў,

Чым далей, боль,— мацней яшчэ баліш!

 

Адкрыты дням і снам трывожным вочы,—

Дзе так нацята стоеная ціш!..

Страла, што паўз мяне прайшла аднойчы,

Ты ўсё ляціш, ты ўсё яшчэ ляціш.

 

 

ЛЯ МУРОЎ СТАГОДДЗЯЎ

І рака бруіцца васількова,

I лябёдка плавае ў стаўку.

Не сказаў на развітанне слова —

Толькі спешна сціснуў мне руку.

 

Ля муроў стагоддзяў, ля падмуркаў,

Дзе яшчэ не вымерла святло,

Мітусяцца восы і казюркі,

Ладзячы утульнае жытло.

 

А калі успыхнуць зараніцы

Горача,

нібыта макаў квет,—

Бачу голаў скрушнае званіцы,

Гамлета трагічны сілуэт.

 

Дружа мой, як абяднела ліра:

Толькі спрэчкі — стрэламі ў сцяне.

Час — даўно! — ідзе пасля Шэкспіра,

А білет на драму — у цане!

 

 

НА ЎСЯКІ ВЫПАДАК...

Сын, як заўсёды,

Акуратна рабі урокі:

Дысцыпліна — харошая якасць

Не толькі поспеху ў школе.

 

Сынок, як і ўчора,

Паслужы няўцешным суседзям,

Адзіны сын у каторых

Нечакана загінуў ад кулі

На суровым полі заслоны!

 

Сыночак, чэсна, бы ўчора,

Прынось грашовую здачу

З прадуктовага магазіна.

Ды, на ўсякі выпадак,

Умей даць здачы

Подласці і няпраўдзе!

 

І яшчэ: будзь прывязан,

Як можаш,

Да верных сяброў па сэрцу

(Не дай табе божа мяняць іх на новых!),

 

Бо можа так здарыцца,

Што заўтра —

Не выйду табе насустрэчу.

Мама.

 

 

ЗАЖУРАНЫ ЛІСТ ДА ШКОЛЬНАГА НАСТАЎНІКА

Дарогі срэбны ланцужок.

Зіма. І лес наўкола.

Матвей Іванавіч, няўжо

На знос і наша школа?

 

Замок пакратае дзятва,

Нібы лядок зашэрхлы,

Белакаменнае,

на два

Прасторныя паверхі.

 

Аціхлыя куткі двароў

З сучасным антуражам...

Эх, не хапае шкаляроў

Настаўнікам са стажам!

 

За дваццаць вёрст! Такой бяды?

Пад старасць, чалавеку?

Матвей Іванавіч, куды

Бяжыць дарога веку...

 

Мая разлётная радня —

Мой свет былы вясёлы...

Як б’е балюча цішыня

З высокіх вокнаў школы!

 

 

* * *

Будзе слоту абвяшчаць прагноз,

Лістабой учыніць ператруску.

Песняй, што расчуліла да слёз,

Я прыму цябе па-беларуску.

 

Краю блаславёнага дачка,

Дзякуй лёсу,

маю не ў нагрузку —

Зорны крыж Мацея Бурачка...

Ты ўва мне прызнаеш беларуску?

 

Сто разоў шукай другой красы,

А тым больш што свет даўно не вузкі!

...Ды калі ты не бязродны сын —

Гавары са мной па-беларуску.

 

Час — вар’ят, шалёнае таксі.

Толькі ўсё ж не мыслю я аб спуску.

Кажаш, што магілы зараслі?

Памаўчы са мной па-беларуску.

 

 

ТАТА

Позірк пяшчотны злаўлю,

Светлы, нібы ад пшаніцы:

— Хочаш, пярсцёнак куплю,

Хочаш — вазьму завушніцы.

 

Ты клапаціўся дарма:

Вока на цацкі не мела.

Столькі мне год, што й сама

Я абдарыць бы хацела.

 

Як зажуруся ў жыцці —

Хоць бы маленькую ўцеху!

А да цябе — не дайсці,

А да цябе — не даехаць.

 

Ты мой заступнік адзін.

Высахлі слёзы. Не плачу.

Дык хоць у сне пакладзі

Рукі на лоб мой гарачы.

 

 

НАША ПОЛЕ

Вось і пажата наша поле,

Аціхлі спеву каласы.

...Мы пасядзім з табой, саколе,

Як і ў мінулыя часы.

 

На шлях няроўны азірнуся

І на удачу — мімаходзь...

Ты не паддайся чорнай скрусе,

Капрызам веку не дагодзь!

 

Сягоння — ўзлёт, а заўтра ціша

І крылы складзены стырна.

Але прыслухайся, як дыша

І як пяе душы струна,

 

Адна яна! Адна — да болю,

Да азарэння, да слязы!

І каласіцца наша поле

Як і ў харошыя часы.

 

 

РАДАСЦЬ

Вось бы й не было тугі — бяссоння,

Злых вятроў, занудлівых дажджоў.

Чысты снег на плоце і балконе.

Я кармлю расчулена сягоння

З далані вясёлых снегіроў.

 

Лес, ставок ды заінелы кусцік...

Шклінка недаверу звонка хрусне.

Ўецца маладая палазня.

Ўсё ізноў вяртаецца да вусця:

Годы, перазовы, чысціня.

 

Ты мне праўду залатую схлусіш,

Слоўкам недазволеным укусіш,

Нібыта юрлівы маразок.

Возьмеш — і навекі не адпусціш

Плеч маіх знямелы астравок.

 

Будзе сон трывожны і адхланне.

Будзе падаць рэўнасці шкала.

Бласлаўляю сонечнае ззянне,

Позняе і дзіўнае вяртанне

Вуснамі — да вусця і святла!

 

 

ЗАСТАЮСЯ КАХАНАЙ

Страшна ўвечары жыць

З незагоенай ранай.

Ты сказаў: «Адбаліць,

Заставайся каханай».

 

Страшна ноччу мне быць

З гаркатой апантанай.

Ты сказаў: «Адшчыміць,

Заставаііся каханай».

 

Ах, нуда — не бяда

Ў цішыні расстралянай.

На праломе ільда

Застаюся каханай.

 

Валуны ды вуглы,

Золь дарогі калянай.

У праёме імглы

Застаюся каханай!

 

 

І ПРЫЙДУЦЬ ІНШЫЯ...

І прыйдуць іншыя, другія,

Нібы вясновы — хлыне хор.

Ды ў час глыбокай настальгіі

Ёсць сэрцу спеўнаму дакор:

 

Там, у палоне шчаснай мукі,

Дзе шлях паэта не відзён,

Я ноч растрачвала на гукі

І на радкі — праменні дзён.

 

Але — ізноў! — ратункам рання

Любоў і песня на зямлі.

Ва ўсе часы — ад запытання

Да апраўдання мы жылі.

 

І прыйдуць іншыя... Ўзаемна

Уславім дзён сэрцабіццё.

Пара мне знаць, што недарэмна

Па кроплі траціцца жыццё!

 

 

* * *

Вось так узгараецца слова:

Паблізу. Сардэчна. Здаля.

Мы будзем з табою часова —

Праменьчык,

Іскрынка,

Ралля.

 

Спяшаемся часта дарэмна.

Марудзім на пошласць і зло.

Мы будзем з табою ўзаемна —

Каліна,

Слязіна,

Святло.

 

Глядзі, як заранка трапеча

Пад шапкай зялёнай галля!

Мы будзем з табою навечна —

Карэньчык,

Каменьчык,

Зямля.

 

 

СІМВАЛЫ ВЯСНЫ

І променем быцця — душы адхланне.

Праклюнуўся праз груд балігалоў.

Люблю адно: люблю зямлі дыханне

У квецені набраклае

садоў.

 

Пад вышынёй, пад хмараю панурай,

Дзе толькі май святлей ад палатна —

Трывожна мне, як свету перад бурай,—

Ды хай дажджом закончыцца яна,

 

Хай выльецца на паплавы і пушчы,

Напоіць хай — дасхочу! — збажыну.

Мой дзень былы, ты ўвесь такі пявучы,

Гарушчы ўвесь, як голька палыну.

 

І покуль дзесь гамоняць асамблеі

І раяцца да раніцы паслы,

Шчыльней расціце, ружы і лілеі,

Як сімвал перамогі і вясны!

 

 

НА ГОЛАС ЛІРЫ

І кожны дзень — гарачы вырай

Здзіўленняў радасці, клапот.

Так я іду на голас ліры,

Дзе ўсё — фантазія, палёт.

 

Які зайздросны свет паэта —

З нябачных промняў вобраз ткаць,

І — заміраць на схіле лета,

І ў вольным слове ўваскрасаць!

 

Яшчэ світаюць і лунаюць

Сузор’і вернасці ў палях.

Няхай грамы ператрасаюць,

Пераварочваюць мой шлях.

 

Але гудзе любові крылле,

Шчаслівы славячы прыгнёт.

Жыццё маё, і там, на схіле,

Ты ўсё — загадкавы палёт.

 

 

НАХІЛ

Няма багоў. Ты толькі сэрца слухай,

Пяро маё, і не разменьвай дні!

Нібыта воз з аўсянай пацярухай,

Прайшла пара мышынай мітусні.

 

І покуль мераў шлях у неба ворлік

І цяжалелі гронкі арабін,

На балатах драчы сарвалі горла,

Пусцілі пух на вецер вераб’і.

 

У новых днях здзяйсненняў і гаркоты,

Дзе пыл прамоў не раз ляціць на пыл,

Дзіця сялян,

да чорнае работы,

Да чорнае зямлі ў мяне нахіл!

 

За рухам дня не назіраю ўпотай,

За прывідам удачы не лячу,

А на давер адказваю работай

І за любоў — работаю плачу.

 

 

* * *

Няхай душы бяссоння будзе мала,

Сама з сабой хай будзе ў барацьбе.

Усё жыццё мы прагнем ідэала,

Калі патрэбна пачынаць з сябе!

 

О не паддайся дробязнай згрызоце.

Вучы сябе, будзі свой мужны дух

І не кажы ў адчайнай адзіноце,

Што свет да справядлівасці аглух.

 

 

БЕЗ ВЕТРУ!

Пры зайздрасці, падмане, раўнадушшы

Яшчэ хапае сілы і любві.

Як высака ўзняліся нашы душы!

Дарэмна, вецер: ты іх не лаві.

 

Яны ж зусім не лёгкія пушынкі —

Яны з крыві, граніту і святла,

Хоць лёгкая журлівая смяшынка,

Як выгук, праз аблічча пралягла.

 

А доліла, што шлях — прамы і ясны.

І хто б там у званы хлусні ні біў,

Як ведаю па прозвішчы уласным,

Дык флюгерам ніхто яшчэ не быў.

 

Праменьчык мой сівы — зямная мама,

Свяці пад знакам гойнай праваты!

..Пад сіверам калею, пад вятрамі,

Але жыву без ветру — як і ты.

 

 

* * *

Такой прысні, як яблыневы сад.

Там не ачахла сонечная сцежка.

Хвалюецца высокі снегапад,

А на губах — іскрыстая усмешка.

 

Нібы прадаўшы жыта, спяць сваты,

А на вусах — па зманліваму слоўцу.

Мы пройдзем праз драпежныя пасты

Шыпшыніку і хітрага ядлоўцу.

 

Гусцее пільнай ночы абалонь.

А наша лодка, як на смех, без донца.

Ды пройдзем праз калінавы агонь,

Каб затрымацца на узлёце сонца!

 

Запамятай такою, як была,

Здзірала як нясцерпныя кляйноты.

Смяюцца вочы, поўныя святла.

А на губах — гарчавінка самоты.

 

 

АБОЗ

Малюнак дзяцінства

 

Абшар жытны, зіркастыя півоні.

Яшчэ на ласку не ўзрасло цаны.

Майго маленства залатыя коні

І шчырыя — на песню — цыганы.

 

Рассыпаны па ўзлесках медуніцы,

Гандлюе крама сітчыкам з нябёс.

Смачнейшую бярэ ваду з крыніцы

Перасялян здарожаны абоз.

 

Дзяцей варушыць дзядзька чарнавокі:

«Праспіце, соўкі, сонца ў галавах».

Плывуць шляхі, як светлыя аблокі...

Ды я не знаю ніц яшчэ пра Шлях!

 

Мне хочацца кудысь перасяліцца

І ехаць пад крылатасцю аблок.

...Імчыць жыццё, нібыта калясніца,

А я ў руках трымаю вузялок.

 

Куды ж — здалёк! — вяртаюся напіцца?

Даверлівасць душы, як матылёк.

Імчыць жыццё, нібыта калясніца,

І я у ім — заманлівы яздок.

 

 

...ТЫ НІБЫ ЗНОЎ КУПАЕШСЯ Ў РАЦЭ

Нервова ў сне уздрыгвае стыхія.

Вартуе месяц зорак чараду.

Спакойны плаў, а берагі крутыя.

І п’е зара глыбокую ваду.

 

Расце трава пад буйнаю расою,

Тэмпература яснасці у руж.

Я захлынуся дзіўнай цішынёю

Бліз вёсачкі, што грэе сорак душ.

 

Лясоў і рэк высокая свабода,

Мне не з пляча з табою быць на «ты».

Спакон вякоў натуршчыца-нрырода

Баялася людское слепаты.

 

О колькі пад нагамі красак стлела!

О колькі незаўважана цвіце!

Душа, ты, як ад болю, прасвятлела,

Ты нібы зноў купаешся ў рацэ.

 

 

* * *

Слоў медзякі... Пачуццяў бранзалеткі...

Іграй, святло! Струмень, любові ток!

Душа, ты напрасілася ў паэткі?

Глыбей, з гадамі, чую твой аброк.

 

О ты, чаўночак сельскае хаціны,

Вяртай мяне ды на свае кругі!

Прайшлі вякі, баталіі, карціны...

Каму ж і чым не сплочаны даўгі?

 

На карце міру хто паставіць кропку —

Празорлівы палітык ці паэт?

Яшчэ не ўсе раскрыліся раскопкі

Загінуўшых ад хіжасці планет.

 

А свет ізноў — спакусы ды інтрыгі,

А свет ізноў на вастрыні падзей.

...Мае вярыгі — будучыя кнігі,

Я думаю пра вас, як пра людзей.

 

 

* * *

Не трэба мне ўсмешкі маёвай,

Не трэба, каб словы цвілі.

...Каханне маё,

ты суровай

Работай мяне надзялі!

 

Да стомы, да горкага поту

Зліюцца вякі і вякі.

Я рану закрыю работай

І выдыхну ў неба радкі.

 

 

ВЕРШ,НАПІСАНЫ Ў ЦЫРУЛЬНІ

Шчэ ні агонь, ні скруха не лякае,

Але чаму схіліўшыся ніжэй,

Цырульнік вас трывожнымі рукамі

Бязбожна так і клопатна стрыжэ!

 

Маёй вясны далёкай адгалоскі...

І я ужо сачу праз ціхі боль,

Як ападаюць пышныя прычоскі —

Русявыя. І чорныя, што смоль.

 

Таму шапчу услед на голас звонкі,

На смех ваш безаглядна-малады:

Радзімыя, шчымлівыя жаўронкі,

Дай бог сустрэць мне вас праз два гады!

 

Шчаслівае дарогі вам і пошты,

Хай вас цяпло радзімы саграе.

...Ад першай кулі гінуць. Ад апошняй.

Не па-мі-рай-це!.. хлопчыкі мае.

 

 

ВІШНЯ

Ясельда. І кладачка, як прасла,

Зоўнае зязюліна «ку-ку».

Молада. Зажурана. І ясна.

Ціха, бы ў таежным тупіку.

 

Дзесьці спее сонная залева

І чакае лодачка вясла.

Берагам пакатым ходзіць Ева —

Заатэхнік нашага сяла.

 

Вішня ў квеце, цененькае дрэва

Да смугі — адкрытае вясне.

Жэўжыкі гукаюць «Калалева!».

Каралева? А чаму ж і не!

 

Гэй, дружочкі, хто аклікне Еву,

Хто пашле сардэчны ёй прывет?

Ані вецярочка, ні — павеву...

Ападае сам вішнёвы цвет.

 

 

СВЯТА ПІРАГА

Пірог спякла, ды ўспомніла шайморы,

Бяздомнасці сівыя палыны...

Ты плачаш, мама? (Год ідзе каторы,

Каторы час ідзе пасля вайны!)

 

Ты ўся гарыш, нібы пасля застуды,

Як за акном — пякуча-алы мак.

Мне страшна так, што я бягу да студні,

Вядро ж не набіраецца ніяк!

 

Нясу, нарэшце, менш чым паўвядзерца

Вада, чамусьці, плешча цераз край!

Маёй журбы сярэбранае сэрца,

Ты пачакай. Я хутка. Пачакай!

 

Пагодны май і светлыні даволі.

Святочны май. І свята пірагоў.

Ды ўбачу, як расце яшчэ на полі

Наш горкі хлеб. І горкая любоў.

 

 

ТАМУ ШТО СНЕГ КЛАДЗЕЦЦА ГАЛУБІНЫ

Дыхне вясной з абуджаных двароў,

І голас жаўры данясецца з поля.

Усё жыццё — паэзія і кроў,

Усё жыццё — трыванне і спатоля.

 

Варушыць вецер зніклае галлё,

Ды толькі мне спасланы жалю гукі.

Як дрэва апусцелае галлё,

Заломвае мая свабода рукі.

 

Усё было, было ў мяне, апроч

Твайго крыла, пляча твайго, адзіны.

Але пабач, якая сёння ноч

І як сняжок злятае галубіны!

 

З бруі крынічнай голас твой ляплю,

Перабіраю струны-успаміны,

Таму што так абвострана люблю,

Таму што снег кладзецца галубіны.

 

1 Мтацмінда (груз.) — святая гара.

2 Odi et amo (лац.) — ненавіджу і люблю.

3 Memento mori (лац.) — помні пра смерць.




Беларуская Палічка: http://knihi.com