Вы безь мяне ляціце, самалёты.
Вы безь мяне імчыце, цягнікі.
...Любоў мая, ты песьня, і маркота,
I сьпелы бор, і вольны гон ракі.
Балючы век. Надвор’я перамена:
Яшчэ лісток ня ўпаў – а сьнегапад.
Ды скрыпачка зь дзесятага калена
Пяе ў душы на блаславёны лад.
Усё вастрэй – радні маёй прагалы,
Агеньчык дрогкі з маміных акон.
Ды зазьвіняць вясельныя цымбалы
I жаркім вокам гляне ў сэрца конь.
Пяе віхор, пяе лісток апалы,
Пяе зямля курганьняў і удоў.
Любоў мая, ты скрыпка, і цымбалы,
I шаргункі – над грывамі гадоў.