epub
 
Падключыць
слоўнікі

Яўгенія Янішчыц

Пачынаецца ўсё з любві... Вершы, паэмы

З кнігі «Снежныя грамніцы» 1970
  * * *
  ВЯСНОВАЕ
  НЕПРЫРУЧАНАЯ ПТУШКА
  * * *
  * * *
  * * *
  * * *
  У БАБУЛІ ПАЛАНЕІ
  СЛАВЯНСКАЕ ЗАСТОЛЛЕ
  ПАСЛЯ НАВЕДАННЯ БАЯНСКАГА САБОРА
  * * *
  * * *
  * * *
  ВЯЧЭРНІЯ РАДКІ
  ЛЯ ЛОЖКА ХВОРАЙ МАЦІ
  * * *
  * * *
  * * *
  * * *
  * * *
  * * *
  * * *
  * * *
З кнігі «Ясельда» 1978
  * * *
  * * *
  ПРАЛЕСКІ
  * * *
  БАЛАДА ВЕРНАСЦІ
  БАЦЬКАВА ДАРОГА
  АБЕЛІСКІ
  * * *
  * * *
  * * *
  ДЗЕВЯТНАЦЦАЦЬ
  * * *
  * * *
  У ДАРОЗЕ
  * * *
  * * *
  * * *
  ПАЛЕСКАЕ
  * * *
  * * *
  ПАМЯЦІ ЕЎДАКІІ ЛОСЬ
  * * *
  * * *
  * * *
  * * *
  * * *
  * * *
  * * *
  * * *
  * * *
  * * *
  * * *
  * * *
  * * *
  * * *
  * * *
З кнігі «На беразе пляча» 1980
  * * *
  * * *
  * * *
  МАМА
  * * *
  ПАЭТЭСА
  * * *
  * * *
  * * *
  * * *
  * * *
  * * *
  * * *
  * * *
  * * *
  ВОЛЬНАЯ ЖАНЧЫНА
  * * *
  * * *
  * * *
  * * *
  * * *
  * * *
  * * *
  * * *
  * * *
  * * *
  МАМА ПАДРЭЗАЛА КОСЫ
  * * *
  * * *
  * * *
  РАНІШНЯЕ
  * * *
З кнігі «Пара любові і жалю» 1983
  Я ВАС ЛЮБЛЮ
  РОЗДУМ
  НАД НЕДАСЯЖНЫМ СЛОВАМ
  ЗЯМЛЯ І СОЛЬ
  ДАРОГА
  ...І ПРАСВЕЧВАЮЦЬ НАШЫЯ СЭРЦЫ
  КАВАЛІ
  НА ТРАЛЁЎЦЫ ЛЕСУ
  ПЕЙЗАЖ З ПЛАСЦІНКАЙ
  * * *
  ЗІМОВАЕ
  * * *
  ІНТЭЛІГЕНТЫ АД ЗЯМЛІ
  У БЕЛАВЕЖЫ
  * * *
  МАМЧЫНА СІЛА
  У ШУМЕ ЖЫТНЯГА СВЯТЛА
  * * *
  * * *
  * * *
  * * *
  ЯЛТА — 1917
  РУЖЫ КУПАЛЫ
  У ВЯНОК ЛЕСІ УКРАІНКІ
  АДЧАЙ
  РЫГОРУ СЕМАШКЕВІЧУ
  * * *
  ПАЛЕССЕ
  ПРАВЯРАЮЧЫ ЧАС І СЯБЕ
  ПРЫГАРШЧЫ СВЯТЛА
  * * *
  ВЯСЛО І ПЕРАВЯСЛА
  НАД ПЕРАКАТНАЙ РЭЧКАЮ
  БАЦЬКАВА МУЗЫКА
  БАЦЬКАВЫ ДРОВЫ
  * * *
  ЛЮБОЎ МАЯ...
  ХАТА
  НОЧЧУ
  * * *
  * * *
  БЭЗ ВЕРЫ ПАЛТАРАН
  ЕДУ Ў ГОСЦІ ДА БАБУЛІ
  * * *
  * * *
  * * *
  * * *
  * * *
  ДЗЕ ТЫ ПРАПАЛА
  * * *
  * * *
  * * *
  * * *
  * * *
  * * *
  ДВОЕ
  * * *
  ЗГАДКА ЗНАЁМАГА РЫТМУ
  * * *
  БАЯЛАСЯ ГРЫМОТ.
  * * *
  * * *
  * * *
  * * *
  * * *
  * * *
  * * *
  НАЧЛЕЖНІКІ
  Я ВАМ ГЛЯДЖУ ПРЫВЕТЛІВА Ў ТВАР
  * * *
  * * *
  * * *
  * * *
  * * *
  ...І САМЫ ПОЗНІ ЧАС
  ДОБРЫ ВЕЧАР, ЗЕМЛЯКІ!
  ЗАМІРАЕ ЛЕЦЕЙКА
  * * *
  * * *
  * * *
  * * *
  СЫНОК I МАЦІ
  * * *
  * * *
  ПЛЫВІ, РАКА!
  * * *
  * * *
  * * *
  * * *
  * * *
З кнігі «Каліна зімы» 1987
  СВЯТЛО
  * * *
  * * *
  ТУТ
  ПАСЛЯ ВАЙНЫ
  САЛДАТКІ
  БАЛАДА КАЛОДЗЕЖА
  ПАЎНОЧНАЯ ЗАРА
  * * *
  ПАВЕЛ І НІКАН
  ЯК НАЗЫВАЮЦЦА СЛЁЗЫ
  САВА І МАРЫЯ
  НОЧ НА ПРЫПЯЦІ
  ІМЯ ПА БАЦЬКУ
  НЕ ВАРТА
  ПА ДАРОЗЕ Ў ДАСТОЕВА
  У ЧАБОРУ СПЫТАЙ...
  КАЛЯДКІ
  ПЯРСЦЁНАК
  * * *
  РОЗУМ
  ПАЭТ
  * * *
  МТАЦМІНДА
  СТАРЭЙШЫЯ МАЕ
  * * *
  ЧАСІНЫ ГОДА
  МАМА I ПТУШКІ
  МАЦЕЙ І ПЦІМЕЯ
  КАЛІНА ЗІМЫ
  * * *
  ДА ВАС
  ПА ШЧЫРАСЦІ, УНІЗ
  УСЁ ВЫДАТНА
  СТРЫЖЫ НАЧНЫЯ
  БРАТ
  * * *
  * * *
  АДЗІНОЧНЫ ЛІК
  ПАСЛЯ ТРАЎМЫ
  КАНТРАСТЫ
  ДЗЯКУЙ, АРЛЕКІНА!
  * * *
  * * *
  * * *
  * * *
  МАРЫЯ
  ПРАДЗЕД ФЁДАР, КОНЬ І ПАЭЗІЯ
  20.VІ. 1985 г.
  ЗОНА СВЯТЛА
  ПТАХ
  УЗОРЫ
  НЕПАСТАЯННАЕ, ЯК ХВАЛЯ
  ДАЛОНІ
  ТРАВА
  СЯЙВО
  УЧОРА?
  * * *
  САВІНАЯ НОЧ
  ЭЛЕГІЯ ДОМА
  * * *
  Я ПАЧАКАЮ
  СПРОБА НЕСЕНТЫМЕНТАЛЬНАГА РАМАНСА
  * * *
  ЗНАК ТАЙНЫ
  * * *
  КАХАННЯ САД
  І ЛАСТАЎКА ВЯСНЫ
  СКЕРЦА
  ФАРТЫСІМА
  * * *
  ПА ГРЫБЫ
  * * *
  * * *
  БАЛАДА ВЯРТАННЯ
  ЯК ПРЫХОДЗЯЦЬ РАДКІ
  МЕТАФАРА
  БОЛЬ
  * * *
  ЛЯ МУРОЎ СТАГОДДЗЯЎ
  НА ЎСЯКІ ВЫПАДАК
  * * *
  ТАТА
  НАША ПОЛЕ
  РАДАСЦЬ
  ЗАСТАЮСЯ КАХАНАЙ!
  І ПРЫЙДУЦЬ ІНШЫЯ...
  НА ГОЛАС ЛІРЫ
  АБОЗ
    Малюнак дзяцінства
  ...ТЫ НІБЫ ЗНОЎ КУПАЕШСЯ Ў РАЦЭ
  * * *
  * * *
  ВІШНЯ
  СВЯТА ПІРАГА
  * * *
  * * *


 

З кнігі «Снежныя грамніцы» 1970

 

* * *

Хаджу па нівах, па лугах азёрных,

Начую летуценна ў будане

І думаю, чаму мне так прасторна?

І песня прылятае да мяне.

 

Прыносіць мне дары свае дуброва —

То верас, то крыніцу, то грыбок.

Ўліваецца, нібы ручай, у мову

Палескі нетаропкі гаварок.

 

Злятае на дасвецці галубіным

То рыжы ліст, то жоўта-залаты.

Упалі задуменна на платы

Даспелыя ружовыя рабіны.

 

Хаджу па нівах, па лугах азёрных,

Начую летуценна ў будане.

Я думаю, чаму мне так прасторна?

І песня прылятае да мяне.

 

 

ВЯСНОВАЕ

Горкі пах палыну,

Не зап’еш, не заснеш.

Забягу, загляну,

Як і чым ты жывеш.

 

Водар свята ў лясах,

Адступаецца снег.

Знаю, гэта вясна

Разбудзіла мяне.

 

І канчаецца сон

Бесклапотных начэй.

Маладых маіх дзён

Звоніць першы ручэй.

 

 

НЕПРЫРУЧАНАЯ ПТУШКА

Мне па душы глухія пушчы,

Лістоты замець на дварэ.

Я непрыручанаю птушкай

Жыву між сполахаў і дрэў.

Каторы дзень настрой губляю

І зноў па-новаму люблю.

Бягу, гукаю, выглядаю,

Шукаю, думаю, не сплю.

О, людзі! — Вечныя пытанні,

Вытокі мудрасці і зла.

Нясу ў сваё святое ранне

Любоў і гнеў на паўкрыла.

Мяне ў палёце не скарылі.

А будзе што не так — малю:

Скруціце стомленае крылле

І кіньце ў родную раллю.

 

* * *

Сябе нанова адкрываю.

Выношу з шуму свой пратэст —

Пустых размоў не пераймаю.

Ёсць у маўчанні іншы змест.

 

Ёсць у маўчанні гнеў, і згода,

І глыбіня, і вышыня.

Ёсць у маўчанні асалода

Яшчэ няпройдзенага дня.

 

Свае ў маўчанні ёсць граніцы,

Свая бяда, свае масты.

Ёсць у маўчанні таямніца

Ад мудрасці да прастаты.

 

 

* * *

«Чысціні...

Адкрыцця...

Дабраты...»

Голас продка прарос з нематы.

Захлынаюцца ў гуле вякоў

Тайна гукаў і музыка слоў.

Чысціні...

Адкрыцця...

Хараства...

Нам яшчэ з гэтых слоў вырастаць.

Адчужэнне,

І здрада,

І страх

Паляванне вядуць давідна.

Палымнелі на смольных кастрах

Адкрыццё,

Дабрата,

Чысціня.

Праз глухія стагоддзі жыцця —

Чысціні,

Дабраты,

Адкрыцця.

«Адкрыцця!

Дабраты,

Чысціні!..»

Паўтараюць ля ног камяні...

 

* * *

— Пра атаву напомніць прасіла?..—

Голас дзеда цячэ ў цемнаце.—

Маладую даўно пакасілі,

А старая... Няхай пацвіце!

Не спяшаюцца дужа з атавай,

Добры сёлета быў сенакос...

 

Крочым летам. Высокія травы

Пад цяжарам нахлынуўшых рос.

Злева — рэчка. І домік направа.

Выглядае прыветна з акна

Цётка Клава.

Клава — атава,

На чатыры пакоі адна.

 

Можа, ўспомніць пра нашу размову,

Па гадах, як па снах, прабяжыць.

І прывычна пагоніць карову

На атаву, што буйна шуміць.

 

Мне ж успомніцца досвіткам сінім

Голас дзеда глухі ў цемнаце:

«Маладую даўно пакасілі,

А старая... Няхай пацвіце!..»

 

* * *

Чаму ніколі не баюся я

Апусташэння галавы і сэрца?

 

Ёсць у мяне зялёная

зямля,

Яна магутней слабасці і смерці.

Ёсць у мяне глыбінная туга

Па далавых і ціхіх берагах.

Ёсць у мяне на пальцах

мазалі —

Таксама ад любові да зямлі.

 

 

У БАБУЛІ ПАЛАНЕІ

Даль паднімуць, сон развеюць.

Разбірай, лугі, касцоў! —

У бабулі Паланеі

Пяць асілкаў-малайцоў

 

І ў спякоту і ў завею

Кліча вуліца хлапцоў —

У бабулі Паланеі

Пяць асілкаў-малайцоў

 

Віктар, Косця, Пеця, Дзіма,

Самы меншанькі — Назар.

...На пажоўклы фотаздымак

Пакацілася сляза.

 

А чаму — пытаць не смею.

Для бабулі свет не міл —

 

У бабулі Паланеі

Пяць сыноў і пяць магіл.

 

 

СЛАВЯНСКАЕ ЗАСТОЛЛЕ

Б’ю чалом, зялёны краю,

Дзе ў славянства ад душы

З рук у рукі адплываюць

Перавозчыкі-каўшы.

Разматаўся ручнікамі

Ўсіх дарог маіх клубок,

І цяпер я разам з вамі

У калядны вечарок.

Вось і гукі уваскрэслі.

Не Бетховен і не Бах —

Зацвітаюць буйна песні

У сялянак на губах...

Ад таго і я, напэўна,

Летуценная, пішу,

Што глыбока вашы песні

Мне запалі у душу.

 

 

ПАСЛЯ НАВЕДАННЯ БАЯНСКАГА САБОРА

Табе ў вяках наканавана

Узвысіць слаўную зямлю.

Люблю багоў тваіх, Баяна!

І грэшнікаў тваіх люблю!

З бародамі і без барод,

Жанатыя і халастыя,

На гулкіх вуліцах Сафіі

Яны жывуць каторы год!

Нібы вясноваму світанню,

Гасцям далёкім кожны рад.

І я ў адказ на запытанне

Кажу балгарам «хубав град!»

Букетам з руж і

васількоў

Яснеюць словы блізкіх моў.

Сафія летняя ў гуморы:

Увіты лозамі парог.

І галава яе сабора —

Над лабірынтамі дарог.

Багі не хочуць знаць тугі,

Багі завуць на пірагі.

І сёння у начной Сафіі

Яны з гасцямі заадно

Запаляць свечкі несвятыя

І вып’юць даўняе віно.

 

 

* * *

Напэўна, шчасце ў мяне не па ўзросту.

Хістаецца ў руках чаша з бяросты,

Чаша, поўная вясной і табой.

Многагалосаю

песняю

захлынаецца бор.

Прабіваецца праз першае лісце

Празрыстасць думак і гукаў празрыстасць...

Сонца высока.

Блізка да маю.

Сама сябе на святле адчуваю.

Адчуваю калючую адзіноту,

І давер дзіцячы, і сталую цноту,

Навальніцу ўдач, крыгалом бяды,

Ля пралесак нясмелых —

твае сляды.

Ты адыходзіш святочна і проста.

Забіраеш радасць і сон.

Да захмялення пахне табою

чаша бяроставая,

У якой недапіты бярозавы сок...

 

* * *

Ты пакліч мяне. Пазаві.

Там заблудзімся ў хмельных травах.

Пачынаецца ўсё з любві,

Нават самая простая ява.

І тады душой не крыві

На дарозе жыцця шырокай.

Пачынаецца ўсё з любві —

Першы поспех і першыя крокі.

Прыручаюцца салаўі,

І змяняюцца краявіды.

Пачынаецца ўсё з любві —

Нават ненавісць і агіда...

Ты пакліч мяне. Пазаві.

Сто дарог за маімі плячыма.

Пачынаецца ўсё з любві,

А інакш і жыць немагчыма.

 

* * *

Хвіліны пройдуць дарагія,

Як пышнае цвіценне траў.

І зменяць дні зусім другія

Той дзень, што шчасце абяцаў.

 

Так адплывае ўдалеч неба.

Бывай, адзіная з уцех!

Смяюся, калі плакаць трэба.

Журба — калі на вуснах смех.

 

За што, скажы, твой вобраз мілы

Насіла ў сэрцы, як магла?

І разлюбіць — не разлюбіла.

І зберагчы — не зберагла.

 

 

ВЯЧЭРНІЯ РАДКІ

Забыць на момант дробязі

і гора,

І свет чытаць нанова, па складах,

І ў непагадзь шукаць сабе надвор’я

У музыцы,

у людзях,

у радках.

Зліюся непадзельна з мовай ночы

Далей ад чутак і перасцярог,

Аж цемната пакуль не выесць вочы

І першы промень выдаць не захоча

Па-здрадніцку — ад галавы да ног.

Ну, а пакуль дыктуе сябра-вечар

Мне лініі няўлоўных часам рыс.

І вобраз нада мной ужо трапеча

Адноўлена, нібы вясновы ліст.

Сама ў сябе як след яшчэ не веру.

Ды словы распускаюцца, як мак.

І падае на белую паперу

Наспеўшай думкі старажытны знак.

 

 

ЛЯ ЛОЖКА ХВОРАЙ МАЦІ

Ты ляжыш не на ложку,

а ў жытнёвым полі.

Мама!

Так мне рукі твае не балелі ніколі.

То пасланы ў пакоі не ходнікі —

саматканыя сцежкі-дарогі.

Мама!

Так ніколі твае не балелі мне ногі.

Я прыйшла, як заўжды, цішынёю тваёю сагрэцца.

Мама!

Так ніколі тваё не шчымела мне сэрца.

І ружовіцца дзень.

І жыты ўжо чакаюць за хатай,

А табой за паўвека так многа жытоў перажата!..

 

Ты на ложку ляжыш,

А здаецца, што ў сонечным полі.

Мама!

Так ніколі твая не балела мне доля.

Ты на ложку ляжыш.

І прыціхла за хатай дуброва.

Мама!

Так ніколі, як сёння,

Тваё

Не балела мне слова.

 

 

* * *

Боль перасіліў немату,

І яркіх фарбаў мне не шкода,

Бо і сама я, як прырода,

То ападаю, то цвіту.

 

Яшчэ зямлі мяне вучыць

Любві штоночна і штодзённа.

І верш цячэ па целе сонным

І новай музыкай гучыць!

Святлом і цішаю сагрэта,

Перабіраю валасы.

Ва мне зімы,

вясны,

і лета,

І лістападаў галасы

Звіняць, гудуць наперабой

І нараджаюцца нанова.

Я прачынаюся вяснова,

Нібы загон перад сяўбой...

 

 

* * *

Прыедзь у край мой ціхі,

Тут продкаў галасы,

Тут белыя бусліхі

І мудрыя лясы.

 

Хапае на Палессі

І сонца, і вады.

І што ні двор — то песня,

Што вёска — то сады.

 

Па травах светла-шызых

Мы пройдзем ля ракі,

Дзе, мыючы бялізну,

Вядуць сваё жанкі.

 

І будзе песня спета

Пра шчасце і бяду,

І будзе падаць лета

У гуллівую ваду.

 

Прыедзь у край мой ціхі,

Тут продкаў галасы.

Тут белыя бусліхі

І мудрыя лясы.

 

 

* * *

Да сустрэчы.

Да сустрэчы.

Белы вецер.

Сіні дзень.

Ходзіць сонца па зарэччы

Па калені у вадзе.

Над ракою дзве вярбіны —

Дзве журботныя сястры.

Па-над цёплай лугавінай

Ноч запальвае кастры.

Старажытных соснаў веча.

Птушак грай і смех людзей.

Да сустрэчы.

Да сустрэчы.

Сіні вецер.

Белы дзень.

 

* * *

Хто забраў мой самы светлы сон,

Што цяпер не спіцца мне начамі?

Распусціла жнівень валасоў

Над вачыма,

поўнымі адчаю.

Помніла імя не так даўно...

 

Вецер ціха зачыніў акно...

 

 

* * *

Будуць вёсны і пралескі,

Будзе радасць і туга.

Адцвіце вясна на ўзлеску,

Пабяжыць за сіні гай.

І хваёваю ігліцай

Адзавецца лета звон.

Толькі мне не паўтарыцца

Ні вясною, ні зімой.

 

Столькі думак самых шчырых!

Светлы шлях мне пажадай.

Заўтра будзе гулкі вырай

І бясхмарны небакрай.

Будзе лета з навальніцай

І вясёлка над ракой.

Толькі мне не паўтарыцца

Ані летам, ні зімой.

 

 

* * *

Разлука ўпала на траву

Апошняй пазалотаю.

Пакуль жывеш — і я жыву

Святлом і адзінотаю.

 

У добры шлях! У добры час!

Трывога адкалосіцца.

Смяешся ты —

і я ў адказ

Хоць смех на слёзы просіцца.

 

Журбу на лісце раскладу

(Хай з ветрам разлятаецца),

Пакуль ідзеш — і я іду,

І шлях мой не канчаецца.

 

І хай злятае на траву

Разлука пазалотаю.

Пакуль жывеш — і я жыву

Любоўю і пяшчотаю.

 

 

* * *

Там лістапады выпалі,

Там выплылі плыты

І зоры воду выпілі

З азёраў залатых.

 

І зноў лячу дадому я,

І ўжо на схіле дня

Мне штось даўно вядомае

Спявае цішыня.

 

І адчуваю вечнае

У мове нематы —

Звіняць лугі надрэчныя,

Шапочуць чараты.

 

Як нейкі дар, як пошліну

Лаўлю наперабой

Тугі лісты апошнія

Асенняй галавой.

 

 

* * *

Не шукаю гаманлівай славы

І вучуся сціпласці ў кабет.

Для мяне з лугоў надрэчных травы

Лепшы ў свеце вынеслі букет.

 

Сонца зачапілася за стрэхі,

Акрапіла мёдам верасы...

«Я люблю-ю!» — панесла

ўдалеч рэха.

«Я люблю-ю!» — азваліся лясы.

 

«Я люблю-ю!» — пацвердзілі дубровы,

Светлыя, як лебедзя крыло.

І для песні падказала словы

Роднае палескае сяло.

 

У грудзях прачнулася натхненне.

І дыханне заняло.

«Люблю-ю!»

І душа, як чуйнае карэнне,

Зноў адчула родную зямлю...

 

 

З кнігі «Ясельда» 1978

 

 

* * *

Вось так — з адкрытым небам — заначую,

А зоркі будуць днець у вышыні.

І праз траву гаючую адчую,

Як у зямлі багата цеплыні!

 

Ні спачуванняў тых, ні перашкоды,

Ні адчування смутку, ні віны.

Адно — бруяцца бэзавыя воды

І, як стагоддзі роднае прыроды,—

Стаяць на вечнай варце валуны...

 

Дабрыдзень, ліст вясковага спакою,

Уяўнага, як люстра ціхіх вод.

Калі ж душа зліваецца з ракою —

Няма тады спадманнага спакою,—

Есць ціхіх думак вольны веснаход.

 

Есць мудрае, адзінае жаданне

Дарэшты зразумець, чаму з вякоў

Нам раніць сэрца кожнае вяртанне,

I, кожнае шчымлівае спатканне

Не умясціць у рамкі гучных слоў!

 

Таму і жыць, і жыць мне тут заўсёды,

Любіць твой дух настойна-смаляны,

Пакуль бруяцца бэзавыя воды

І як стагоддзі роднае прыроды,—

Стаяць на вечнай варце валуны...

 

 

* * *

Бунтуе рошчына ў дзяжы,

Свой хлеб пячэ на свята вёска.

Палагаднела на мяжы

Пакінутая мной бярозка.

 

У тартаку вішчыць піла,

Кладзецца першы ўкос на вілы,

Шчыруе дзікая пчала

Над ранняй бацькавай магілай.

 

Прывяла песня на губах

Ці не таму, што знала страты?..

Шуміць самотная вярба

Яшчэ з вайны ля самай хаты.

 

Пад гэтай даўняю вярбой,

Што не згарэла ў час пякельны,

Мяне атуліць ціхі боль,

Разважыць рупны дзень арцельны.

 

Таму люблю да забыцця,

Да ўсёабдымнай адзіноты —

Зялёны парастак жыцця

І развітальны звон

лістоты.

 

Люблю ліпнёвы грыбасей,

І ціш палёў, і водар мяты

За тое,

што няма радней

Тае мясціны, дзе ўзышла ты.

 

 

ПРАЛЕСКІ

Мне гэтак светла на душы,

Хоць і захмаран край палескі.

Але ў гліняным гладышы

Пагодныя ўзышлі пралескі.

 

Клапотна іх ля раўчука,

Дзе парыжэлыя сумёты,

Шукала матчына рука

На светлы дзень майго звароту.

 

Як свята хутка настае,

З плячэй гады зняла дарога.

Цвітуць настольнік на стале,

І падаконнік, і падлога.

 

Аб тым, што дзень ці два гасціць

І дыхаць тым паветрам свежым,

Сказаць баюся,

бы ўпусціць

Гладыш са шчасцем беласнежным.

 

 

* * *

Спыню свой крок адчайны і таропкі,

Убачу ў непрытульнай цемнаце:

На дне пасляваеннага акопа

Шыпшына адзінокая цвіце.

Паміж былля і крапівы цярпліва,

Стаіўшы свой загадкавы сакрэт,

Глядзяць, як сарамяжлівае дзіва,

Пунсовыя агеньчыкі на свет.

Сама сабе адкрыю раптам вочы:

Ці не затым і я сюды прыйшла,

Што не хапіла для мяне

аднойчы

Вось гэтага,

акопнага,

святла?!

Прыпомніцца,

калючая,

з частушкі...

Шыпы знянацку пальцы апякуць...

А ў вышыні пяюць і плачуць птушкі,

У адначассе плачуць і пяюць.

І, з гэтай песняй зліўшыся вышыннай,

Ва ўсёй сваёй яскравай прастаце

Жыццё маё, як дзікая шыпшына,

Хоць колецца, а ўсё-такі — цвіце.

 

 

БАЛАДА ВЕРНАСЦІ

Да вас бяжыць знаёмая дарога,

Да вас вязу няпэўны свой настрой.

А вы адкуль з такою дабрынёй

І да мяне, і да майго малога?

 

Лаўлю ласкавы поціск вашых рук,

Што загрубелі ад работы трошкі.

А ці вядома пачуццё разлук

Вам, неразлучным аж да самай дошкі?

 

Адкуль у вас пагэтулькі святла?..

Ды схамянуся, тут не трэба словы.

Ў маім сяле яшчэ на паўсяла

Жывуць з вайной заручаныя ўдовы.

 

І па начах яшчэ ім страшна спаць,

Гартаць жыцця пражытага старонкі.

І незваротным промнем зіхацяць

На пальцах скамянелыя пярсцёнкі.

 

 

БАЦЬКАВА ДАРОГА

Прымаўку — «твая дарога — ад печы...» —

Не знаў. Ці знаць не любіў,

А ўзвальваў сам дарогу на плечы,

Колькі бачыў — столькі хадзіў.

 

Перамераны ўсе тутэйшыя вёрсты.

Перамераны поле, лес, сенажаць.

І дарога твая, нібы леты ды вёсны,

Засынала ў дванаццаць. Прачыналася ў пяць.

 

Смольны дух ад утульнай ватоўкі

Прыносіў у дом лясны камандзір.

...З лясоў Кыштоўкі ляцелі паштоўкі —

Была адкрыта

табе і Сібір.

 

Была адкрыта табе трывога

За дзень наступны. За рэчку з ляском,

Пакуль сама на цябе дарога

Не ўпала

жоўтым балючым пяском...

 

АБЕЛІСКІ

 

Васілю Быкаву

 

Жывём,

як светлай памяці зарок.

Дзе б ні было — у Гродне а ці ў Мінску,

З нас кожны мае ціхі свой куток

І ў ціхім тым кутку — па абеліску.

 

Іх падымаць і ставіць ёсць каму...

Да помнікаў іду не са слязамі.

Калі вы маўчыцё,

то ўсё таму,

Што самае галоўнае сказалі!

 

Мой абеліск!

Няпраўда, што мяжа

Гадоў

нас раздзяляе вінавата,

Бо я прыходжу не за тым, каб жаль

Аддаць спаўна,

а як сястра да брата.

 

Я ведаю:

ёсць час скупы і горкі,

Ёсць міг,

калі у подзвігу сваім

Жывыя ўсё ж звяртаюцца да мёртвых

І мёртвыя адказваюць жывым!

 

 

* * *

Жыву сярод глухіх балот.

Пад сонцам найвышэйшай пробы

Святкую першы свой палёт

Пасля працяглае хваробы.

Тут самы лёгкі ў свеце сон.

Ля кожнай хаты — па бярозцы.

І камарыны звон чуцён

Аж у другой, суседняй, вёсцы.

...Ды толькі глуш разварушы —

Прастор зашэпчацца з ахвотай:

Збяруцца лекі для душы,

Узыдуць зёлкі ад маркоты.

Як светла ў ліпеньскіх начах!

А ў дзён, што высяцца стагамі,

Ёсць стома спелая ў вачах

І грунт трывалы пад нагамі.

Пастух абуджвае сяло,

Ды спіцца на траве-пярыне,

Нібы дарэшты замяло

Вось гэтым шчасцем камарыным,

Нібыта ў днях і не было

Маіх ні болю, ні адчаю,

А толькі гэтае сяло

Расло, як дрэвы за плячамі...

Што ж гэта сталася са мной,

Што адбылося ў гэтым свеце

З усмешкай ранішняй маёй,

Якой смяюцца толькі дзеці?..

Куды нясе мяне жыццё?

На кім сабралася аблога?..

Няма адказу. Праз усё

Бяжыць звычайная дарога.

 

 

* * *

Вузельчыкі званкоў

І росы на папасе.

Шчэ столькі вечароў

Харошых у запасе!

 

Няхай не размяняць

Ні сцежкі і ні долі.

Прыслухайся: шумяць

Жыты на вольным полі.

 

Прыслухайся:

яшчэ

Бяды не так і многа,

Калі ступню пячэ

Адкрытая дарога,

 

І сцелецца ў цішы

Сяброўская размова,

І спеліцца ў душы

Купалавае слова.

 

 

* * *

Не дакарала, не журыла

Ні ў цішыні, ні пры гасцях.

...Клубочак з лёну упусціла

Матуля ціха мне на шлях.

 

О, як я бегла!

Летуценна

Дарыў дарогу мне прастор.

О, як, наіўная, хацела,

Каб жыў наводшыбе той бор,

 

Той зеляненькі луг ды поле

Ды ў полі спелы каласок.

І нават боль, як роўня Болю,

Балеў загадкава здалёк!

 

О, як хацела жыць я гордай

І незалежна-маладой!..

Ды падступаецца да горла

Клубочак ніткай суравой.

 

 

ДЗЕВЯТНАЦЦАЦЬ

Цяпло раптоўнае адлігі —

І свет нанова маладзён.

І ў звоне дзён разносяць крыгі

Твайго святла празрысты звон.

 

Плыве шырокі свет страката

То палявою, то лясной...

І чым жыве старая хата —

Вядома толькі ёй адной!

 

Зняла дзяўчынка басаножкі,

Лясны мурог да ног прылёг.

...Яшчэ для першае падножкі

Не узышоў чартапалох!

 

Сукенку лёгкую трапеча

Вятрэц, наіўны і сляпы.

Яшчэ для горкае сустрэчы

У шыпшын не выраслі шыпы!

 

І ты бяжыш насустрач свету,

Нібыта ў ім не існуеш.

І для бяздомнага паэта

Пралесак крохкі лёс нясеш.

 

 

* * *

Вунь першая хмара павісла бянтэжна

Над краем.

Легальна зусім і зусім незалежна

Знікаю.

Вось першая кропля апала над борам,

Над гаем...

З гасцінных канапаў і з пышных убораў —

Знікаю.

Знікаю з усмешак на тварах ліслівых,

Няверных.

Знікаю. Хай будзе на момант шчаслівым

Той бераг,

Дзе мроя збылася, дзе кветка ўзнялася,

А явы не стала...

Знікаю, пакуль я сама у сабе не знайшлася

Цвяроза і стала.

Вунь нечая зорка, начная ільдзінка,

Плыве па-над гаем.

З люстэркаў усіх і з усіх фотаздымкаў —

Знікаю,

Знікаю...

 

 

* * *

Быць такою маладою

Над нядоляй маладой!

...Ці умыюся слязою,

Ці усмешкаю тваёй.

 

Вось і скончана дарога.

Суравее толькі ніць

Прыпамінку, што нікога

Болей светла не любіць.

 

...Будзь здароў, мой вораг кроўны

У няроўнай барацьбе

За паўстанак мой чароўны,

За світанак на ілбе.

 

І за вырай ласкавейшых

Слоў, світанняў і надзей.

...На якім агні замешан

Мой наступны крэўны дзень?

 

 

У ДАРОЗЕ

Іскрыстыя паляны,

Снягі і зоры спрэс.

А конік твой рахманы

Вязе мяне праз лес.

 

Надзеі і трывогі

Да найвышэйшых зор

На музыку дарогі

Паклаў начны прастор.

 

Ты нешта мне гаворыш,

I я — табе ў адказ,

Як быццам снег і зоры

Ў апошні раз для нас.

 

 

* * *

Дай бог з табою мне не сустракацца.

Застанься там, на беразе,

дзе мы

Яшчэ не ўмеем нават цалавацца,

Не адчуваем холаду зімы.

Нібы гарлачык,

студзіць лоб гарачы

Твая далонь. І я перад усім

Зусім яшчэ смяюся па-дзіцячы

Над шчасцем неразумным і сляпым.

 

 

* * *

Для сваёй адзінае дачушкі,

На вякі (вядома ж, на вякі!)

Вышыла матуля мне падушкі,

Лёгкія,

як дым,

пухавікі.

Вунь яны,

прывезеныя з дому,

Хораша цвітуць, як сенажаць.

...Ты даруй мне, мама, што мілому

Так, як ты,

не ўмею мякка слаць.

 

 

* * *

 

Дануце Бічэль-Загнетавай

 

Ірвёмся ў неабжытае

Адтуль, дзе мы раслі.

Але вяртае жыта

Дахаты, да зямлі.

 

Там перапёлка плача,

Агні рабін гараць.

Там крэўная задача —

Пасеяць і сабраць.

 

Ідзеш у свет ажынны,

Прасторны, трапяткі.

І слухаеш: вякі

Калосяцца, як жыта.

 

Дубовае вядзерца

У Гаўі — для гасцей.

А кладачка — праз сэрца.

Ідзі па ёй смялей!

 

І ў песні самавітай

Хоць гук любы вазьмі —

Там голас з жытам зліты,

А значыць — і з людзьмі!

 

 

ПАЛЕСКАЕ

Тут чараты, і гаць,

І гай — навідавоку.

Як цяжка прывыкаць

Да Вашых рук здалёку.

 

Пакуль стажкі стаяць

І ходзіць важна бусел,—

Дазволю нагадаць

Я пра сябе у скрусе

 

Хаця б травінкай той

Між багны ды асокі,

Як даўкай нематой

Перадапошняй спёкі.

 

* * *

Якая часу рыска

З’яднала раптам нас?

Не мела права блізка

Я падысці да Вас,

 

Хаця б каб пакланіцца

За тое, што усё ж

Падбітую сініцу

Вы абагрэлі ў дождж.

 

О дай ёй, Божа, сілы

І праз няроўны час

Да самае магілы

Любіць і слухаць Вас.

 

 

* * *

Цяплейшых промняў сонечныя стужкі

Ужо ў стажкі прыбрала сенажаць.

Вось шумна парассыпаліся птушкі,

Ці ўсе яны нанова празвіняць?

 

Ляжаць вакол багатыя загоны,

І бочкі мокнуць, каб прыняць дары,

Збіраецца для гэтага зялёны

Смарагдавы лісточак у двары.

 

Вартуе сонца важкія антоны,

Хтось прасушыць

паслаў льняны сувой.

І самай свежай выпечкі батоны

Чакае самы ранні сырадой.

 

Так светла і завозна у прыродзе!

Грыбною цішай дыхаюць бары...

І сумна, што гурмою на зыходзе

Вясёлыя у вёсцы шкаляры.

 

 

ПАМЯЦІ ЕЎДАКІІ ЛОСЬ

 

Психея. Ласточка. Душа.

А. Ахматава

 

Ані кропкі, ані коскі,

І дарожанька — адна.

Нелагічна! Вы з той вёскі,

Што завецца Старына.

 

Анямела вечарэюць

Вочы руж і хрызантэм.

А да старасці яшчэ Вам —

Столькі вершаў і паэм!

 

Плача неба над сталіцай,

Як жалобная струна.

А у вёсцы — касавіца.

Медунее Старына.

 

Вось бы Вам туды з’явіцца

(Бо й сынок — чым не касар!),

Нахадзіцца, надзівіцца

Ў тры дарожанькі запар.

 

Краскі Вы б знайшлі якія

Ды наткалі б палатна,

Доня, Дуня, Еўдакія

З ціхай вёскі Старына!..

 

 

* * *

Заснежаныя купкі вербалозу,

Сярэбраныя шапкі сасняку.

Не прывыкаць да моцнага марозу,

Да стоенага ў шыбах скразняку.

 

Праз сон садоў ідзе мой сілуэт.

Ідзе праз сцюжу колкую двайнік мой.

...Я да акна празрыстага прынікну,

Як быццам бы пранікну ў цэлы свет!..

 

 

* * *

Не воблака, а проста аблачынка

Загадкава плыве над галавой.

Смяюся я:

вясёлая дзяўчынка,

Як матылёк,

ляціць над кладкай той...

 

Як добра ёй журыцца беспрычынна!

Да твару ёй і лета, і зіма...

Ўсміхнуся я:

яшчэ бяжыць дзяўчынка

Па кладцы той, якой даўно няма.

 

 

* * *

Сустракаемся так рэдка.

Нават святы

Убаку ад нас жывуць, як хутаркі.

Прывязі — прашу —

Шыпшыны мне і мяты,

Гаварок палескі наш негаваркі.

Пашчыруем

Пад нягаснучым сузор’ем

Ціхай песні,

У прыпеўцы,

У жальбе...

Прывязі мне

Крышку нашага надвор’я,

Што бывае на вяселлі і сяўбе.

Запрашаю...

А самой вось не сядзіцца,

З цёмным борам,

З чыстым полем гавару.

П’ю халодную ваду,

Нібы вадзіцу

На зажынках у спякотную пару.

Як даўно

Мы размінуліся!

Ды самі

Носім горкую

І ціхую віну.

...Бачу —

там ідзеш зялёнымі лугамі

У кашулі

З найтанчэйшага ільну.

 

 

* * *

У белым кіпені сады,

У белым вэлюме маёвым.

Ды не прыйсці назад туды —

Там толькі роздым вішняковы.

Ды не прыйсці услед за той

Падзеяй, слаба прамільгнуўшай,

Калі зняверам, як вайной,

Разрабаваны нашы душы.

Ах, не прыйсці назад туды...

Але нашто? З якое мэты

У тыя белыя сады,

У летуценныя гады,

Дзе ні трывогі, ні бяды

Ні за сябе, ні за планету?..

Ды выбежыць цераз гады

Той вобраз, што не стаўся словам:

У белым кіпені сады,

Дзяўчынка ў вэлюме маёвым.

Ёй не прамоўлю:

«Пачакай, Перачакай пялёсткаў замець...»

Бо ўпершыню паклікаў май,

Бо і самой прыйшло на памяць,

Што абнавіўся свет з вясной,

Што нездарма спяваюць сцежкі,

Што варта жыць дзеля адной

Маёвай сынавай усмешкі.

 

 

* * *

Ні на міг, ні на век — не твая.

Так і трэба, відаць, так і трэба!

Распрыгонена сцежка мая

Аж да самага хмарнага неба.

 

Пажадаю імклівай хады.

Не спаткаю ужо, не спытаю.

...Капытамі на снезе сляды

І на волі маёй — капытамі.

 

 

* * *

Я дыханнем цябе абаўю,

Зберажы гэты промень, і лета,

І жаноцкую рэўнасць маю,

За якой — чысціня на паўсвету.

 

Я не кінуся шчасця шукаць,

На самоце галубіць патоля.

Буду мудра і светла маўчаць,

Як бярозка між чыстага поля.

 

 

* * *

Вось і лета маё на схіле,

На дарогу ляцяць дзьмухаўцы.

І яго затрымаць ты не ў сіле

Для мяне.

Як з канцамі канцы

Зводжу даўнюю ціхую згоду,

Што была паміж намі, як міг...

Колькі ж тога гаркавага мёду

Засталося цяпер на дваіх?

Дый сама разумею, што лета

Абрываецца тонкая ніць.

...І чыя ж гэта песенька спета?

...І чыя гэта песня звініць?

 

 

* * *

...І тая, што даўно завецца Вашай

І з Вамі да балючага грудка,

Павек не адхісне майго бясстрашша

І не закрэсліць роўнага радка

Рукі маёй,

што знала толькі Вашу

На схіле самай светлае пары,

Сто тысяч мук за ноч перагартаўшы

За той адзіны промень на зары.

Сама вясна з’яднала нашы душы,

Сама любоў нас вынесла з агню.

...І ўсё ж баюся я радком парушыць

І разбурыць між намі цішыню.

 

 

* * *

Сянцо каля гумна...

Кашуля-вышыванка...

Прасілася сама

Да чарачкі спяванка.

 

«Ой, жаль, жаль...» —

І п’ецца, і пяецца.

А чарачка — крышталь,

Упусціш — разаб’ецца.

 

Што да каго каму!

Вядзе, гудзе бяседа.

Цалуе кум куму,

Кума — свайго суседа.

 

Вясёлай гаманой

Вяселлейка запіта.

...А чаркі ні адной

На шчасце не разбіта.

 

 

* * *

Ты мяне аберажы

Чуйным часам нечакана.

На высокім рубяжы

Наша спеліцца паляна.

 

Не кранаюць той мурог

Ні бяда яшчэ, ні крыўда.

Маладых лісточкаў крылы

Мякка сцелюцца да ног.

 

Лес, нібыта з рукава,

Птушак высыпаў стазвоны.

Я й сама, як мурава,

На зямлі ляжу зялёнай.

 

Ты крылом мяне накрый

Тумановым за чаротам

Да світальнае зары

І да той, што ўзыдзе потым.

 

 

* * *

Няпраўда, ужо не сумую,

Але, затуманіўшы зрок,

На ўсіх скрыжаваннях раўную

Твой голас, твой позірк, твой крок.

 

Блакітам поўняцца яблыкі

Славянскіх адкрытых вачэй.

Мне сёння любіць безаглядна

Высокая выпала чэсць.

 

Да смагі, да хрусту, да болю,

Да самай апошняй з мінут

Іду і бягу за табою,

Зрываючы путы пакут.

 

О Божа, няпраўда, што свята

Ў мяне засталося на чвэрць.

Я сёння настолькі багата,

Што ўжо не баюся збяднець!

 

 

* * *

Ты вучыла мяне сеяць жыта і лён

І цярплівасці вечнай — уголас не плакаць.

Апынуся калі сярод чорных варон,—

Я памру, ды не буду па-іхняму каркаць.

 

Вось трывожна вядзерца нясу, як тады,

Як вучыла, нясу. Я нясу, каб суседка

Не сказала, што нават звычайнай вады

Прынясці не умее, не заліўшы сукенку.

 

Цвёрда мною завучан натруджаны крок

Твой,

якому павек ужо не саступіцца.

І душа мая часта, нібы матылёк,

На агонь вылятае, ды агню не баіцца.

 

Пішаш: «Век мой пражыты. Наперадзе — твой.

За мяне не хвалюйся. Я буду здаровай

Да апошняй вячорнай зары палявой

І грыбочка апошняга ў нашай дуброве».

 

Мама, сею не жыта я, сею не лён.

Але з лёну і жыта я словы складаю.

І калі углядаюся ў парасткі дзён —

Чую крокі твае. І свае вымяраю.

 

 

* * *

Над смутным днём, раптоўнай катастрофай

Маіх празрыстых вобразаў і сноў,

Паўстану я,

пакуль дыктуе строфы

Маё жыццё нанова мне ізноў

Паўстану я. Няхай збівае страта

Слабога і бяссільнага, а мне

Надзею мець, што хутка прыйдзе свята

І жнівень слоў на вецер не сажне.

Яшчэ й зязюля весела кувае

Над тым нядрэмна-сцішаным сялом.

І сонца промень зыркі дасылае,

Каб спапяліць расстанняў крыгалом.

І там, дзе лета бабіна на сконе

Бязлітасна асядзецца на скронь,

Які халодны шквал мяне дагоніць,

Неўтаймаваны, зоймецца агонь?..

Ды ведаю, што позняю парою,

Калі трывожыць сэрца зарапад,

Пушчанкай непрыручанай, лясною

Я пражыву між радасцяў і страт.

І, можа быць, зусім невыпадкова

Паўстану я ў святле нязменных мар

Дзяўчынкай той, якой вядома слова

І невядомы ўвесь яго цяжар.

 

* * *

За дзень пехаты прытаміліся ногі,

Вячэрняе сонца над тынам старым...

Ўсміхаецца дзед, што, на шчасце, дарогі

Не ўсе валакуцца ў зманашаны Рым.

 

І я усміхаюся ціха, міжволі

(Вядома, вядома ж, сівенькі, не ўсе!):

Мая ж прывяла мяне ў роднае поле,

На луг, што купаецца ў ранняй расе.

 

На міг ад вачэй адвяду я далоні

І ўбачу, што ў гэтых раскошных лугах

Пасуцца яшчэ не апошнія коні

І складзены песні чыесь у стагах.

 

На міг я адкрыю сабе, што замала

Пражыта ў самотна-зялёным кутку,

Што часта губляла, калі вандравала

Без мэты,

вось гэты лясок і раку.

 

Я думала, лёсам мне дадзена многа,

І многае, праўда, мне лёс падарыў:

Вось гэтую вечную ў вёску дарогу

І тую бярозку як памяць між ніў.

 

 

* * *

Лістапад. Разгадкавы спакой.

А ў цішы так хораша і ясна.

Не шкада, што кружыцца дачасна

Зелянцовы лісцік нада мной.

 

Ведаю: адолею бяду

І наклічу радасць выпадкова.

Я сама сабой,

калі вяду

З болю непрыручанае слова.

 

 

З кнігі «На беразе пляча» 1980

 

* * *

Вазьму свой лёс і перайначу!

Як лёгка сказана! Мана:

Плачу за горкую удачу

Расянай кропелькай віна.

 

Яе на мой прыезд чаканы

Расціла мама цэлы год.

А год апаў, як ліст каляны,

А год гарчыць, як позні мёд.

 

З плячэй адкінуўшы турботы,

Імкнуся стаць я весялей

Ці не таму,

што адзіноту

Баюся выдаць на сяле?

 

Бо тут усё сваёй хадою:

І першы ліст, і першы гром,

І певень з поўняй маладою,

І Камарыха з Камаром.

 

 

* * *

Вось і гэты бальшак прамільгне,

Як і новы мой год высакосны.

Вы трымайце ў палоне мяне,

Шлягавыя дарогі і сосны!

 

Ваш спякотны засушлівы пыл

Толькі лівень грымотны прытушыць.

...Пыл — ад цяжкіх буланых кабыл,

Пыл — ад лёгкіх, як дым, легкавушак.

 

Пыл — як вокам прастору абняць,

Пыл на самым зіхоткім світанні.

Пыл — як горкай слязы не стрымаць

У любві да цябе і ў расстанні.

 

Пыл — на плітах заўчасных магіл,

Пыл — дзе ўжо ані брата, ні Бога.

І у вочы прымаю твой пыл,

Толькі твой, шлягавая дарога!

 

 

* * *

Я семнаццаці год.

Ах, як пахнуць высокія травы!

Не заблытацца ў іх —

Нерэальна, напэўна, было б!

Я семнаццаці год...

І яршыняцца ў лузе атавы.

А ў пракосах у бацькі —

Высокі нахмураны лоб.

 

Ён праводзіць мяне

Да прыпынку,

Што выгнуўся крута.

І на тым павароце

Стаіць незалежна, як лёс.

Вось прабегла імгненне,

Затым — залатая мінута.

І клубіцца ўжо пыл

Вечаровы з-пад дрогкіх калёс.

 

Пачынаецца даль.

Нізка хмары плывуць табунамі.

Я вярнуся сюды,

Толькі белая наквець міне.

Сенакосная глуш.

Сенакосная ціш паміж намі.

Сенакоснае слова

Яшчэ засталося пры мне.

 

 

МАМА

Не, усё-ткі не я: мама мая — паэтэса

Са шчымлівай грудною песняй,

З клопатамі пякучымі

Пра поле, балацявіну;

Пра тое, як спорна вучыцца

Ў горадзе

меншаму сыну;

Пра старое гняздо буслішына,

Што разбурыў вятрыска...

Бачу: паўстала сцішана

Па-над айчынным прысакам

З пяцімесячным на руках

У скаромнай чорнай спадніцы.

Маму палохае страх —

Як жыць адной маладзіцы.

Мільгае за поўнач акно яе —

Удовай не спіцца:

Машынка стукоча.

І мама пяе,

Абшывае сваю Велясніцу:

Каму — за пакосы, каму — за каня,

Каму — за шчырае дзякуй.

Сустракае яна прасветленасць дня

Усмешкай — адвыклася плакаць.

Позна класціся. Рана ўставаць.

Рана ўставаць — не бяліцца:

Па-над загонамі шчыраваць,

Па-над калыскай маліцца.

У чарадзе праліўных нядзель —

Не прапусціць грыбочка...

Кароткі, як шчасце, уходжаны дзень,

Яшчэ карацейшая — ночка.

Дыхае вольнымі мама грудзьмі,

Калі вяртаемся з поля.

Ушчувае: «Драціну з дарогі здымі —

Іншаму ног не паколе».

Кажа: «Ападзіны дол замялі.

Выткаўся жнівень раскошны.

Здымі сандалікі, не бойся зямлі,

Не бойся, дзіцятка, пожні...»

Прыеду. Кветка чакання ў акне

Міргае-цвіце ў адзіноце.

А вершы баюся чытаць,

каб мяне

На глухой не злавіла ноце

Мама — мая паэтэса.

 

 

* * *

Дзесьці жаўра ў небе цінькае

Я ж у смерці на краю

Басаногае дзяцінства

На іржышчы пазнаю.

З прагавітымі вачыма,

Як галодныя гракі,

Дзеці, родам з той Айчыннай,

Ў полі лушчаць каласкі.

 

ПАЭТЭСА

Яна раптоўнаму куплету

Здзівілася упершыню,

І захацелася ў паэты,

Нібыта птушцы ўвышыню.

 

Яна так лёгка улавіла

Рытмічны строй і рыфмы код.

Рыфмуе: «мілы — да магілы»

Ў няпоўных васемнаццаць год.

 

Дыктуе дзень на ўлонні лета

Ёй пра палі ды сенажаць.

...Дзяўчынцы хочацца ў паэты,

Што ў катаржанкі,— дзе ж ёй знаць?!

 

Вось са сваім адкрытым светам

Яна бяжыць праз сенакос.

Дзяўчынцы хочацца ў паэты...

О дай апомніцца ёй, лёс!

 

 

* * *

 

Марыі Захарэвіч

 

А з якога ж падвор’я

Шчасце з дробнай слязой?

Маша, вёска Надвор’е —

Тысяч сем пехатой.

 

Можа, глянуў бы ўранні

Хоць праменьчык скупы...

Маша, вёска Каханне —

Дождж празрысты сляпы.

 

Між купчастых сасонак,

Дзе палын і мурог,—

Да тваіх Навасёлак

Шлях зваротны пралёг.

 

Рыпнуць стоена дзверы,

Зіркне кухні абрыў...

Твой глядач у партэры,

Што ён цяміць пра ўзрыў

 

Скупа выданай ролі

(Уваходзь і жыві!) —

Не на сцэне — на полі

Прынароднай любві.

 

 

* * *

У маладой журбе

Мой новы дзень імжыць.

З табой і без цябе

Я прывыкаю жыць.

 

І долі не кляну,

Жыву такой, як ёсць.

Гарчэй ад палыну

Світае маладосць.

 

Мядовы пах сянца,

Туман — што сырадой.

...Каханы,

да канца

Абраны ты другой.

 

Любві не наталіць

Скупой дажджынкай дня.

А жыць — пакуль баліць

На сэрцы вышыня.

 

 

* * *

Не думаць: скончыцца Яно,

Аціхне на хвілінку,

Спадзе пад ногі палатном

На суравым прыпынку.

 

Вось незамглёны воблік мой

У высакосны будзень,

Як доказ горкай праўды той,

Якімі ўжо не будзем.

 

Але і там, дзе сосен шум,—

Я буду сніцца маю

За гэты боль, якім пішу,

За той — якім кахаю.

 

 

* * *

Больш для сябе не існаваць

І з болем — не змірыцца.

Як знаць: каго мне прывячаць,

Каму услед маліцца.

 

Пячэ зіхоткая раса

На халадку самоты.

А я — жыла, а я — расла,

Каб здагадацца: хто ты!

 

Яшчэ пастукае ў душу

Галінкаю надзеі

Прачысты дождж, зялёны шум,

Ціхмяны спад завеі.

 

Ляцець трывожнаму пяру

Пад стрэсам, пад аблогай...

Як знаць: з табою гавару

ЦІ з цэлаю эпохай?

 

 

* * *

І сямейнай картай бітая,

І дарогай стаўпавой,

Друг мой любы, на адкрытую

Разгамонімся з табой.

 

Свет для шчасця не заслонены,

Ды скупы, як і здавён.

Чую сэрцам: забаронены

Мне твой радасны палон.

 

Ой круты расстання бе-

ра-

жок,

Але горач не ўтапіць.

Колькі раз я памірала ўжо,

Засталося толькі — жыць.

 

 

* * *

Прыходзіш з нагоды ці з суму,

З віны, а ці з лютай зімы?

О, колькі няўдзячнага шуму

Трымаюць трывожна дамы!

 

Ты й зараз баішся змыліцца

На дрогкі агонь у акне.

Замецена снегам сталіца

Ці позні твой след да мяне?

 

Прысядзь, я цябе не прымушу

Адкрыцца ў расстайнай журбе

І шчасця твайго не парушу,

Калі яно ёсць у цябе!

 

 

* * *

Чым пачыналася яна,

Дарожная аповесць,

Чыя была у ёй віна,

Чыя гучала споведзь?

 

Была святочнай далячынь,

Як за акенцам — ранне,

Як на маім зямным плячы —

Цяпло твайго дыхання.

 

Ірваліся істужкі рэк

Пад сховай апаўночы.

Былі на міг, а ці на век

Вачам адкрыты вочы...

 

Запомніць праз туман-імжу

Кароткую аповесць,

Нібы на нітачцы дажджу —

Сярэбраную споведзь.

 

 

* * *

Вось турбот тваіх паляна,

Звечарэлых сосен медзь.

...На вятры скразным, як рана,

Крылцу кепачкі ляцець.

 

У вішнёвым, у маёвым

Белым кіпені — зямля.

Паўтараюцца нанова

Кольцы часу і камля.

 

У жыццё жыццём загнаны,

Усміхайся дням здалёк.

Паспрабуй, акальцаваны,

Не па кругу — папярок!

 

Зоры выспелі на Яна,

Іх, што ягад у траве.

...На вятры скразным, як рана,

Ветразь кепачкі плыве.

 

 

* * *

Адчайна-малады,

Ты п’еш па-веснавому

Палескія сады,

Вішнёвых дзён аскому.

 

Не сніцца тратуар.

(Яшчэ й гасцінец-бацька!)

...Ляглі шляхі на твар,

Няпрошана, знянацку.

 

Ступаю на зямлю

І чую: звоняць рэкі

Світальнае — «люблю»,

Вянчальнае — «навекі».

 

Там Прыпяць не сплыла,

І не звяліся зёлкі,

І грэшнага святла

Рассыпаны асколкі.

 

 

ВОЛЬНАЯ ЖАНЧЫНА

Глядзеў, калі ішла праз поле...

Сачыў, як знікла у бары...

І адпусціў яе на волю,

Бы рыбку пушкінскі стары...

 

Ды спадзяваўся ўсё ж,

што прыйдзе,

Адумаецца, прыплыве.

Чакаючы — узненавідзеў

Сябе самога і яе.

 

А што ж было з маленькім

сэрцам

І нёс куды вясновы шал?

Як выбар між жыццём і смерцю —

Яе нязгасны ідэал.

 

Кругі расстання пад вачыма,

Дарог няўтульныя лаўжы...

Навошта ж воля для жанчыны,

Калі ёй цэлы свет чужы!

 

 

* * *

Гэта, мілы мой, лёсу насмешка:

На якую такую бяду

Белым цветам усыпана сцежка,

Я ж — на лёстачцы хісткай іду.

 

І нашто столькі мройнага квету

Абляцела яшчэ без пары,

І якому шчасліваму лету

Зноў кукуе зязюля ў бары?

 

Ты ідзі стараною, старонкай,

Мой, да кропелькі мой, і — чужы!

Белым кветам, калінаю горкай,

Агнявою агромленай гронкай

Паўстаю на ўспамінак душы.

 

 

* * *

Душы не патрывож

Адчайнай і шчымлівай.

...О, гэты бедны дождж

Над урадлівай нівай!

 

Па кропельцы — здаля

Апала так нямнога.

А просіцца ж зямля

У неба — праліўнога!

 

Я думала: адна

Не засумую з летам.

А доля, як вайна,

Па ласцы — рыкашэтам.

 

Ды не змірыцца ўсё ж

Мне з цішай сіратлівай.

...О, гэты бедны дождж

Над урадлівай нівай!

 

 

* * *

З якой вясны, з якое б та прычыны

Сярод каляных студзеньскіх снягоў

Чужога і далёкага мужчыну

Шкадую, як нязбытнага свайго.

 

Хіба што гэтак просяць суцяшэння

У адзінотнай камеры цішы;

А ці ваююць так з апусташэннем

Задушанай турботамі душы?

 

А ён маўчыць, далёкі той мужчына,

Яму на скроні снегу намяло.

Яго кахала дзіўная жанчына,

Яму дарыла дзіўнае святло...

 

Дрыготкія, ў вачах адбіткі неба,

Як два азерцы поўныя стаяць.

І разумею: суцяшаць не трэба.

І адчуваю: позна шкадаваць.

 

 

* * *

І тчэ жыццё гады,

нібы палотны

Матуля,— у пасаг і пра запас.

...У самы цяжкі час, у час самотны —

Я знала Вас!

 

А быў пасаг мой не зусім заможны:

Вось толькі крылы лёгкіх рук і броў.

У самы смутны час, у час трывожны

Ўзыдзі, любоў!

 

Я прасачу спакойнымі вачыма

Сваё жыццё без шуму, без прыкрас.

І паміраць не страшна з той прычыны,

Што помню Вас!

 

 

* * *

У безназоўнай цішыні,

Дзе перагорнуты старонкі

Жыцця, ці ўспомніш тыя дні

І голас мой, ад шчасця звонкі?

 

А я баюся пастарэць

Хаця б на макавае зерца —

Ці не таму, што ўжо звінець

Не хоча спуджанае сэрца?

Ды ўзяўся ранак на святло,

А поўдзень доўга лашчаць промні.

І тчэцца сцежка праз «было!..» —

Ты хоць яе, адну, запомні:

 

Яна ў ажынах і ў расе

Бяжыць балюча і вясёла,

Такая сцежка, як і ўсе,

Што ногі некалі калола!

 

 

* * *

Як просіцца сцежка пад ногі

І тчэцца яе палатно!

Да самай апошняй дарогі

Я буду з табой заадно

 

Не толькі таму, што кахаю,

Жыццём за насмешку плачу:

Я іншага шчасця не знаю

І ведаць яго — не хачу!

 

 

* * *

Дзякуй, мілы, за вясну,

За вясёлую сустрэчу.

Ды сама свайму ж вяслу

Плыць насустрач запярэчу.

 

Размінуцца б у пару

І не стрэціцца вачамі.

«Средь веселых на пиру

Есть всегда один печальный».

 

 

* * *

Любіце не вясну,

А птушак шчабятанне.

Як лёс праз сівізну —

Тваіх гадоў дыханне.

 

Адчайны крыгалом,

Надзеі ж — не скрышыцца!

Праз лёд, праз буралом

Твая вясна вяршыцца.

 

Бы ў самы першы раз

На рэсквасі расстання

Прымаю не адказ,

А цішыню пытання.

Ты можаш прамаўчаць,

Ды не забыць пра гэта!

На беразе пляча

Спакойны наступ лета.

 

 

* * *

А з якой былой разлукі

Працягну насустрач рукі

І ў здзіўленні анямею

Перад воблікам тваім...

 

На пуцінах суравею

Растае спадману дым.

 

Вось ён: дужы, нечаканы,

Неспазнаны, некаханы

Горкай краскай палявою,

Пылам выстылых дарог...

 

Труднай ласкі удастою

Заглянуць на мой парог.

 

Што ж — глядзі! Я вось такая:

Незямная і зямная,

З дрогкай радасцю бяссоннай,

З непрагляднаю вярстой...

 

Дабрадзеем — стол кухонны.

Ліхвяром — пісьмовы стол.

 

 

* * *

Сярод зімы сняжыстай,

Сярод вясны вятрыстай

Я вырасла, каб сэрцам

Адчуць цяпло зямлі...

А сэрца, нібы ліст той,

Трапечацца празрыста

Датуль, пакуль балюча

Мы рук не разнялі.

 

У звечарэлай скрусе,

Калі святлу малюся,

Што узышло ласкава

Над горкай цішынёй,

Скажы, якою сілай

На боль скразны «мой мілы!»

Ты ціха адплываеш

Да прыстані другой?

 

Скажы, з якой нагоды

Не на гады, а годы

Расстайныя адлічваць

Шляхі і цягнікі

І сцішыцца на думцы

Адной,

адкуль не клічуць

Ні воблачкам адчаю,

Ні поціскам рукі.

 

 

МАМА ПАДРЭЗАЛА КОСЫ

Быццам палын у пракосах,

Частая сівень імжыць.

Мама падрэзала косы —

Стала іх цяжка насіць.

 

Вёрсты смылелі даўгія,

Доўгія ночы — на ўздых.

Доўгія косы тугія,

Ой, на плячах маладых!

 

Пылам іх, горам накрылі

Скруха, вайна і крыжы.

Доўгія косы любілі

Два, што ў магілах, мужы.

 

Сталіся зімамі вёсны,—

Ані жаўронка ў палях.

Мама падрэзала косы —

Як укароціла шлях.

 

 

* * *

Свет адкрыты і босы

На радзіме маёй.

Жаўруковыя росы

І трава — зверабой.

 

Тут не хваляцца шчасцем:

Як жывецца — жывуць.

Ды любыя напасці

Лекам песні звядуць.

 

Ой, як ціха пяецца

Пра лясок-невысок,

Пра Марусіна сэрца

І яе паясок.

 

Паясочкам — сцяжына,

Перавяслам жытло,

І Любоў, і Айчына.

Так, як зроду было.

 

 

* * *

Ах, на шчасце, яшчэ ды не ўсохла балота,

А за ім векавее зажураны гай.

Покуль дождж не пайшоў, не апала лістота,

Запрашаю цябе ў журавінавы рай.

 

Не адна пратаптана ў балоце сцяжынка,

Ды ізноў зарастае травою наскрозь.

Журавелю ты мой, я твая журавінка,

Што не вяне пад снегам і ў грозны мароз.

 

Але ты — гарадамі! І як за гарамі —

Немагчыма дазвацца, даклікацца мне.

Застаюся адна з векавымі дарамі

У сівой, у палескай сваёй старане.

 

Толькі далечы гэтай адкрытая насцеж,

Зноў святлее душа, як лістотай лясы.

...Журавінавым болем прабілася шчасце,

І палае яно паміж позняй расы.

 

 

* * *

Мой горкі прыпамін,

Жыцця скупая проза:

Яго туга — Палын!

Яе святло — Бяроза!

Якой бы старане

Ні аддаваць паклоны —

Заўсёды для мяне

Шчыміць агонь зялёны.

Над самым судным днём

І над жыццёвай прозай

Панікну Палыном І выстаю — Бярозай.

 

 

РАНІШНЯЕ

Уладна ранішняй руцэ

Лавіць сняжок падталы,

Тваю журынку на шчацэ

Адчуць за тры кварталы.

 

І ўсё, што знікла, быццам дым,

Што ў цішыні наспела,—

Цяплом тваім, святлом тваім

Перапісаць набела!

 

* * *

Так наступае далячынь,

І лёгкаю смугою

У небе — сінія ключы

Сустрэчнага настрою.

 

Вось-вось успыхне повязь траў

Надзейнаю палоскай

Паміж скразных і тлумных спраў

Між горадам і вёскай.

 

І лёгка ўзнімецца рука

Над цішай утрапёнай

Між глыбінёй чарнавіка

І глебай узрыхлёнай.

 

На зломе вольнага крыла

І у звячэлым слове

Жыві, трагедыя святла

Маёй зямной любові!

 

 

З кнігі «Пара любові і жалю» 1983

 

 

Я ВАС ЛЮБЛЮ

«Я вас люблю» — няма каму сказаць?

А мне ў любві да скону не змыліцца:

Я вас люблю, лясы і сенажаць,

Старая вёска, новая сталіца.

 

Мы ў сэрцы носім радасць і грахі

І распраўляем пераможна крылы.

Я вас люблю, айчынныя шляхі,

Я помню вас, забытыя магілы!

 

І знаю: дзень пражыты недарма,

Калі перажываю і хварэю,

Калі прад імянной сцяной — сама,

Нібы сцяна, ад жудасці бялею.

 

Падлесак — сын мне, бор вячысты — друг.

Зіма зажурыць — развяселіць лета.

Цябе люблю, патрыярхальны плуг,

Цябе — у страшным космасе, ракета.

 

Люблю я вас, сівыя мацяркі,

Што аж дагэтуль гояць боль па дзецях,

Што вы мне ўсе — нібы мацерыкі,

Якія хочуць міру на планеце.

 

 

РОЗДУМ

 

НАД НЕДАСЯЖНЫМ СЛОВАМ

Расло увысь і вырастала ўшыр.

Цвіло на вуснах. Тлела над нагамі.

Не раз кідала з вышыні у вір

І пад вачмі сыходзіла кругамі.

 

Узносіла над прорваю журбы,

Паглядамі маланкавымі секла.

І сутыкала медныя ілбы

Над ліхаманкай вогненнага пекла.

 

Нібы дзіця, трымала за руку.

Абараняла ад сляпой навалы.

Было глухой малітвай мужыку

І світкаю свяшчэннай для Купалы.

 

Цякло, як брага хмельная з каўша.

На бой вяло рашуча і сурова.

Адно я знаю, што пустога слова

Не выцерпіць глыбінная душа.

 

ЗЯМЛЯ І СОЛЬ

Ўсяго удосталь. Усяго — удосталь:

Зямлі і солі. Хлеба і віна.

Ды знаю: ёсць сустрэча, нібы ростань.

Ёсць ціхі боль у сэрцы —

старана.

Яна зусім не лёгкія аблокі,

Не песня, што пяецца «на дазволь».

Яна — мой хлеб няпросты і нялёгкі.

Яна — зямлёй пасоленая соль.

 

ДАРОГА

Бяжыць сабе палямі ў сінізне,

Ні славы ёй, ні гучных слоў не трэба.

Сама свой пыл бясшумна праглыне,

Сама сябе накрые чыстым небам.

З няхітрых песень, прымавак, трывог,

Якімі спеўна дыхае прырода,—

Сама сябе узвысіць да Дарог

Праз глыбіню і мужны дух народа.

 

 

...І ПРАСВЕЧВАЮЦЬ НАШЫЯ СЭРЦЫ

Як адбіткі вякоў, як набыткі,

Што не ў сілах здалець і смуга,—

Легендарныя коні і світкі,

Вышываная — кроўю — сцяга...

 

Нашы плечы ў баях не паслаблі,

Хоць крышыў іх нягоды віхор.

Чаратамі — сталёвыя шаблі

Над прадоннем былінных азёр.

 

Наша моц гартавалася ў буры,

На гарачых кастрах пачуцця.

...Неабутыя славы катурны

Пры высокім дыханні жыцця.

 

Песня й праўда — бясцэнныя зліткі

(Чужакам хай пасвецяць рублі).

Легендарныя коні і світкі —

Усё разбуджана гулам зямлі!

 

На паверцы стаім, на праверцы,

Растапляючы камень і лёд.

І прасвечваюць нашыя сэрцы

Каліноўскі. Купала. Народ.

 

 

КАВАЛІ

 

Ніне Загорскай

 

І нам не сорам — пры народзе.

І дзякуй Богу, што былі

І не звяліся ў нашым родзе

Аратыя і кавалі.

 

Ніхто не мераў шлях да Рыма,

Заробкаў лёгкіх не шукаў.

Ды разам з Паўлюком Багрымам

Твой прадзед молат уздымаў.

 

Шугалі іскры пад аблокі,

Кавалі спрытна ў дзве рукі,

Каб выляталі ў свет шырокі

За лепшай доляй жаўрукі.

 

З былінным скарбам за плячыма

Нам кожны барацьбіт — радня.

Паслухаем: куе Айчына

Вялікасць Дня.

 

НА ТРАЛЁЎЦЫ ЛЕСУ

Паляшук — народ рахманы,

Слоў не купіш за пятак.

Лес тралююць. Пах смаляны.

За сялом вішчыць тартак.

 

Ходзяць кірзавыя боты.

— Ты куды ляціш, дзяўчо?!

Тут свая, браток, работа:

Схібіш — шахне па плячо.

 

Ох, і злыя ў дзядзькі кепікі!

Але весела глядзіць

Вока ворана з-пад кепкі:

«Проціў, пані, не хадзіць».

 

А хоць падай на калені —

Будзеш лішні элемент.

Загарэлі, як бярвенні,

Спіны ўзмоклыя нашчэнт.

 

Рух мой, голас невядомы,

Сэрца плаўная іртуць,

Прыгнятай душу да стомы,

Каб — народную адчуць!

 

 

ПЕЙЗАЖ З ПЛАСЦІНКАЙ

Яшчэ тут непакояцца пра дровы,

Пра сена. І салому на гумне.

Нібы заход, барвовыя каровы

Плывуць у прадвячэрнім тумане.

 

Смалою пахне рэдкі вугал зруба

І мальвамі — суседская мяжа.

З напаўпустога шлакавага клуба

Даносіцца пласцінкі бабскі жаль.

 

Пяе яна пра рэўнасць і разлуку

І пра дарогу, што лягла наўсторч.

А гарадскія ветлівыя ўнукі

Пакорна ў ночвах мыюцца на ноч.

 

Змываецца наліплы ліст альховы,

Руды пылок вішнёвае кары.

Найшла раса на камень двухвяковы,

І не шалохне зорка угары.

 

 

* * *

Стала завялікай наша хата,

Ацішэў вясёлы наш куток.

Ды і мне знайшоўся памагаты —

Гаварлівы сонечны сынок.

 

Вось вясна сатчэ свае красёнцы.

Дол абудзіць пошчак салаўя.

Ўсё міне.

А будзе сын і сонца.

І між іх — зямлёю буду я.

 

ЗІМОВАЕ

Цячэ сняжок і зорамі іскрыцца,

Завеямі, сумётамі вядзе.

О сэрцайка, не дай мне памыліцца

Ні ў шчырасці, ні ў ласцы, ні ў бядзе.

 

Люблю цябе, зімовая дарога,

Твой тонкі лёд плывучы, як са шкла,

І мо радней той чалавек, якога

І Бог забыў, і слава абышла.

 

Ён тут жыве — сярод снягоў і пушчаў.

Ён не са сцэны любіць і пяе.

Ён сам, як гэты свет сляпы й відушчы,

На гук, на смак зямельку пазнае.

 

Разумнік, не спяшаецца з адказам,

У барадзе схаваўся мудры смех.

...Чакаю міг, калі зліюцца разам

Фантазія, рэалія і снег.

 

 

* * *

Не абаб’ю чужых парогаў —

І свой яшчэ высок паркан.

Яшчэ сялянская дарога

Не завяла мяне у зман.

 

З пагоста, з бітага гасцінца

Тут не мыляліся з вякоў

Льняная доля пехацінца

І песня шчодрых землякоў.

 

Рамонкавая вязь кіліма,

Пчаліны рой высокіх зор.

Тут і сляпы не пройдзе міма

Ля гэтых пушчаў і азёр.

 

На труднай ніве хвалявання

Адвечны спеліцца мой сказ.

І для свабоднага гучання

Не выбіраю пышных фраз.

 

 

ІНТЭЛІГЕНТЫ АД ЗЯМЛІ

Збіраў у торбачку харчы.

Касіў упарта луг мядовы.

І нот ніколі не вучыў —

Іграў на слых беспамылкова.

 

І не было яму калі

Ўнікаць у шумны век прагрэсу.

Такая музыка ў зямлі —

У ручая, у зор, у лесу.

 

А што ж галоўнае ў жыцці?

Сцяпан іграў у новым клубе,

Інтэлігентна хлеб расціў,

Інтэлігентна дом галубіў.

 

Бывае ў мар такі уздым,

Калі жыве ў душы світанне.

І чую я Сцяпанаў гімн

Жыццю, былінцы і каханню.

 

Як грунт, цвярдыя мазалі

І боль у сэрцы несхаваны...

Інтэлігенты ад зямлі —

Мае вясковыя Сцяпаны.

 

У БЕЛАВЕЖЫ

Ці зубра рыкае

У пушчы сахаты,

Ці нехта гукае

Кагосьці дахаты.

 

Іду Белавежай,

Гамоняць вякі.

Ажына драпежная

Не раніць шчакі.

 

І егер рухавы,

Што побач ішоў,

Зубрыныя травы

Сабраў у кашол.

 

Той водар гаркавы

Нясу я з сабой:

Зубрыныя травы.

Зазубраны боль.

 

 

* * *

Схлынуць гады, як за вадою,

Ды не растане праменьчык святла.

...Была тваёй маладою журбою,

Тваёй ахоўнай арліцай была!

 

Каб не глядзелася ў вочы ажына

І каб ваўчыннік рук не калоў,—

Тваю калысачку

з лёну, і жыта,

І з наймацнейшых пляла каранёў.

 

Зорка сачу, каб не збіўся з дарогі,

Змоладу каб не запляміў жыццё.

Востры каменьчык — пад мае ногі!

Пад мае рукі — шыпы і асцё.

 

Гордае шчасцейка, мая сямейка,

Ты па слядах маіх слёз не рассей,

Сыне мой першы,

наіўны Андрэйка,

І сын мой апошні,

мужны Андрэй!

 

МАМЧЫНА СІЛА

Пачынае святлець,

Толькі дрэва — у раме.

 

...Як балюча хварэць

Пры наглядзе у мамы!

 

Бачыш рукі, што спрэс

Гатавалі, палолі.

 

Воля маміна — лес.

Доля маміна — поле.

 

«Вось з маліны настой.

Чабарэц. Цвет ліповы».

 

А сама пехатой —

Трэба сена і дровы.

 

«Ты папі. Анягож

Не адыдзе хвароба?»

 

А сама басанож

Па дажджы і калдобах.

 

А сама — за вадой

У галалёд і завею,

Покуль чахну журбой

І падняцца не ўмею,

 

Покуль трызню у сне

Жоўтым снегам і сінім.

...Голька дрэва ў акне

А ці маміна сіла?

 

 

У ШУМЕ ЖЫТНЯГА СВЯТЛА

Яшчэ расці маёй трывозе

І не любіць — на паўкрыла.

Убачу маму на дарозе

У шуме жытняга святла.

 

І покуль гэты поўдзень спелы

Дым тарфяны не завалок,

На зрэзе дня — рамонак белы

І пасівелы васілёк.

 

Снуецца беглая сцяжына —

Апошні збег майго сяла.

Гняздзечка птушкі і ажына —

У шуме жытняга святла.

 

І покуль дыхае планета,

Не вынішчаецца датла

Душа народа і паэта

У шуме жытняга святла.

 

І прыйдзе боль, нібы па доме,

Ў якім не склалася сям’я.

На дождж, на гром, на ясны промень

Падобна музыка мая.

 

У салаўя прашу запеўкі,

Нібыта ў ёй і ўвесь сакрэт.

Відаць, ад жалю, ад жалейкі

Было з’явіцца мне на свет.

 

Жыву. Не жалюся.

І помню

У цесных сховах пачуцця,

Што дождж, і гром, і ясны промень —

Пачатак і працяг жыцця.

 

 

* * *

Белы воблак. Белы сад.

Белы бусел — снегападам.

...Гэтай вёсачцы на спад,

Ці шумець ёй дзікім садам?

 

Чый туманіцца пагляд,

Хто сувой дарогі выслаў?

Расхіну галлё прысад,

Што над Ясельдай навісла.

 

Кут мой слынны

не глухі

І да песень, і да танцаў.

 

...Маладыя жаніхі

Пералічаны па пальцах.

 

Меней шчасця? Хто сказаў?

У дзяжы набухла цеста.

 

...Што зязюльчына сляза —

Светлаценькая нявеста.

 

Добры час. І добры лад.

Дабрыня пасцелю сцеле.

Белы воблак. Белы сад,

Белым сцягам — белы вэлюм.

 

 

* * *

Сюды вяртаюся са скрух,

З імжыстых суравеяў.

Яшчэ жывы у хаце дух,

Бо мама сцены грэе.

 

Спатрэбіцца сувой каму,

Што беліцца на сонцы?

Ды ставіць кросны на зіму

Па даўняй завядзёнцы.

 

Світаць мне будзе з-пад рукі

Пагляд матулі шчыры.

Я забіраю ручнікі

Сябрам на сувеніры.

 

Ды кожны раз баюся я

Паміж вайной і мірам,

Каб хата сельская мая

Не стала сувенірам.

 

 

* * *

Бласлаўляю адчай і трывогу,

Медуніцу з сухім палыном.

Тры жанкі перайшлі мне дарогу

З хлебам,

З песняй,

З зялёным віном.

 

Блаславілі і долю саткалі

Хлеб, і песня, і келіх віна.

Тры дарогі мяне спавівалі,

А ў калысцы люляла адна!

 

Я у птушак надвор’я пытала.

Вёў шыпшыннік са мною хаўрус.

З трох крыніц я вады паспытала —

Наталіла адна Беларусь.

 

 

* * *

Слоў не трэба. Варажба

Ўся

вачыма сказана.

Будзе вечная журба

Да мяне прывязана.

 

Загукаюся ў бары —

Заначую з зорамі.

Чарацінкай на вятры

Музыка азёрная.

 

Столькі роднасці вакол

З птушкамі, з рамонкамі!

І драўляны частакол

З гладышамі звонкімі.

 

І густыя туманы,

І бярозак мроіва;

І Вясна, што без віны

Маё сэрца кроіла.

 

І каляны лёд Каляд

З кудасой лахматаю.

...І прымоўклы шчыры сад

Над сасновай хатаю.

 

 

ЯЛТА — 1917

Чысты пагляд васілька.

Ціха журыцца радзіме.

Роднае поле радка

Ці не з табою, Максіме?

 

Чую, як мора шуміць.

Хваля

тугі не адніме.

Хочацца верыць і жыць

Ці не табе, Максіме?

 

Белай самоты сцяна,

Дай яму лёту і сілы!

Ці не з журбы лесуна

Ў Лебедзя гордыя крылы...

 

Скруха душу апячэ,

А ці узніме нягода.

Гэта спяшаецца Чэсць

У абарону народа.

 

Смерць, ты цікуеш дарма.

Белых галінак кіпенне.

Смерці ў Паэта няма —

Ёсць Нараджэнне!

 

Песняй абвостраны слых —

Чуеш, Максім? — не ўмірае

Гэта з табой. І для ўсіх

Зорка Венера світае.

 

 

РУЖЫ КУПАЛЫ

Святло вачэй. Журбы пракос.

Сарочкі кужаль.

Ўпляліся ў Ваш балесны лёс

Шыпы і ружы.

 

Ў хадзе радка, як хадака,

Праз град і слоту,

О, як выполвала рука

Драсён прыгнёту!

 

Да зор не спалася радкам

І песні мужнай.

І не да сну было шпікам:

Палалі ружы.

 

Адменнай ніткай вышыт час.

Ды ў Беларусі

Не ў цень сышлі — звіняць для Вас

Прызнання гуслі.

 

Гучыць паэзіі арган

Праз боль і сцюжы.

...Кладу на Вечнасці Курган

Святыя ружы.

 

 

У ВЯНОК ЛЕСІ УКРАІНКІ

Век праляцеў, а ці сон?

Ліст аднаўляе дуброва.

Вам з Беларусі паклон,

Ластаўка роднага слова.

 

Гэта не помнік Ваш, не —

Рухі жыцця нажавыя.

І Вашы крылы жывыя

Сцелюцца іншай вясне.

 

Чуйна ступаць па зямлі

Тым,

хто за Вамі — з Радзімай.

Колькі паэтаў ўзнялі!

Сэрцаў Вы колькі збудзілі!

 

З Вамі гамоніць абсяг.

Раіцца з Вамі прырода.

Песня і Песні прасцяг —

Леся —

легенда народа.

 

 

АДЧАЙ

Ні гукам, ні званкам не адгукнешся.

Атуліць колкай памяці сувой.

Праз лёс мой

ты, як бура, пранясешся.

І дождж размые родны воблік твой.

 

І стане пуста мне, нібы ў пустыні.

Нібы сярод пустыні — я адна.

Так сівая бабуля ля акна

Пустой надзеяй цешыцца пра сына.

 

 

РЫГОРУ СЕМАШКЕВІЧУ

Непрадбачна журыцца мой верш,

Ты яго ужо не прачытаеш.

...Як глыбока, Грыша, ты жывеш:

Ні акон, ні вуліцы не маеш!

 

Развітальнай

доўжыцца шашы.

Эх, якое-не-такое лета!

Светлая дарога ў Дамашы —

У чаканні сына. І паэта.

 

Ты ў якой быліннай старане?

Шлях дажджом палынным акрапіла.

Мо з сівой гісторыі Шыпіла

Ці Ігнат Буйніцкі скажа мне?

 

Горкі вецер. Вечаровы дым.

Смех звініць дзіцячы, як шумёлы.

...Здрыгануся: воблікам тваім

Кропелька твая бяжыць са школы.

 

 

* * *

Сумуем па сябрах, як па надвор’і.

Асвойваем спрадвечныя ільды.

І адкрываем новыя сузор’і

І пад зямлёй знаходзім гарады.

 

Але куды ты, думка-непаседа?

Чаму крычыш, спакойная душа?

Далёка як —

да блізкага суседа!

І да клапот ляснога мураша!

 

Чаму так горна раструбіўся жораў,

А ў лістападзе — дрэва зацвіло?

Чаму такое, блізкае учора,

Спяваеш па-інакшаму, сяло?

 

Перабірае мама сонца ў кроснах,

Перабірае век

свой лёс з азоў.

Ты душны, свет. І сто разоў — дзівосны!

І неспазнаны — тысячу разоў!

 

 

ПАЛЕССЕ

 

Валянціне Коўтун

 

Зірнём на донца гладыша:

Чарніцы ды ажына.

Няхай канчаецца шаша:

Вядзе далей — сцяжына.

 

Бо тут і вогнік не атух.

Ігліца, як прыколка.

І чараўнічы дух шаптух

Настоены на зёлках.

 

Зашамаціць услед чарот.

Дзе зоры? Невядома.

Ды не застрашыць зводнік-чорт

І не заб’е нас громам!

 

У міласэрнай варажбе

Шукаючы спатолю,

Мы сцежку выбралі сабе

Як песню. І як долю.

 

ПРАВЯРАЮЧЫ ЧАС І СЯБЕ

...Толькі вецер кране беласнежны кілім.

 

...Лёд калодзежа мама праб’е.

 

Пасвяткуем. На сходах ўзахлёб пашумім,

Правяраючы час і сябе.

 

На вяселлі зайграе сляпы інвалід,

Але песня ўзляціць не ў жальбе.

 

Памяркуем. Адыдзем ад звад і ад крыўд,

Правяраючы час і сябе.

 

Скажуць сонца і першая краска: «Жыві!»

Жар вандроўных вугельчыкаў бура зграбе.

 

Друга самага лепшага апускаючы ў жвір,

Час пазначым. Праверым сябе.

 

 

ПРЫГАРШЧЫ СВЯТЛА

У паэтэс лірычнае адзенне,

Яно ў радках з заранак і аблог.

Ды колькі раз падманвалі падзеі

І адступаўся памагаты Бог.

 

Нібы ў часы раскосага Батыя,

На сэрцы словы пікай упадуць.

Ярлык прыклеяць самыя святыя

І грэшныя — упасці не дадуць.

 

Дзе час былы з паводкай весялосці,

Дзе шчыры поціск вернае рукі?

Саманаіў расстайнай маладосці

Агнём на сэрцы выпіша радкі.

 

І змые час дурных здзіўленняў пену,

І пачуццё абвугліцца датла.

...Паэзія,— яна не знае тлену,

Калі ў душы хоць прыгаршчы святла.

 

 

* * *

Пакіньце цішу вуснам і вачам.

Аддайце неба зорам і каханым.

Усё цяжэй становіцца плячам.

Усё грымотней — пушчам і палянам.

 

Нашто, Нашто трымаць бяды цяжар,

Начынены і зачахлёны ў зброі?

Зямля-Пампея, страшны твой пажар!

Ды хіба атам думае пра тое?

 

Хіба пазбыты іншы інтарэс,

Хіба наш розум для вякоў прапашчы?

Я думаю, што страшны той прагрэс,

Калі жывём пад ядзернаю пашчай.

 

Зямля-Калыска: песні і жыты,

Няўжо вар’ят цябе са свету спіша?

О, немагчыма уявіць,

што ты

Апошняе дзіця сваё калышаш.

 

 

ВЯСЛО І ПЕРАВЯСЛА

З глыбінных схоў народных слоў,

Не з торбачкай па масла,

Імчала ўдаль мяне вясло.

Трымала перавясла.

 

Шумеў сусветны ураган

Выгнаннікам паганым.

Мне рукі абдзіраў дзірван —

Ралля лячыла раны.

 

На небасхіле юных крыл

Крыляла даль навыраст.

І прыдавала новых сіл

Зямля удоў і сірат.

 

І з векапомных тых гадоў,

З маленства ціхай лодкі

Калодзеж памяці дзядоў

Быў самы найсалодкі.

 

Якую ж песню выткаць мне,

Знайсці якія гамы?

Ды ў засівелым тумане

Не гаснуць вокны мамы.

 

Дабрыдзень, роднае сяло,

Дзе любасць не пагасла.

Нясе ўдаль мяне вясло —

Вяртае перавясла.

 

 

НАД ПЕРАКАТНАЙ РЭЧКАЮ

Як глянь: бярозы свечкамі,

Нязманлівым святлом —

Над перакатнай рэчкаю,

Над ціхім азяром.

Юнацтва бессардэчнае

Сплыло, нібы паром,

Над перакатнай рэчкаю,

Над грозным азяром.

Ды родны край баронячы,

Праз жыта, праз ільны —

Усё яшчэ, усё яшчэ! —

Ідзе салдат з вайны.

Ідзе ён цёмнай ночанькай,

Ідзе спякотным днём,

Бо ўсё яшчэ, бо ўсё яшчэ

Планета пад агнём.

Як завіруха белая,

Як белая сцяна,

Нявеста пасівелая

Прымоўкла ля акна.

Гудуць вяселлі новыя

Ў суседак на двары.

...Дзве чаркі палыновыя

З мядовае пары.

Дзе, пад якою зоркаю

Варушыцца курган?

І шэпчуць вусны згорклыя:

«Іванечка, Іван!»

Юнацтва бессардэчнае

Ударыць, нібы гром,

За перакатнай рэчкаю,

За цёмным азяром.

 

 

БАЦЬКАВА МУЗЫКА

Застыне промня боскі дух

На тваім рукаве.

Гасцінны дворык наш прыглух,

А музыка — плыве.

 

Цішэй у доме з той пары,

Журбу не наталіць.

Сцюдзёная,

вада ў вядры

Ўсё ж музыкай шуміць.

 

Суседа стрэну, што з табой

Браў грозны перавал,—

І захлісне з перадавой

Мелодыі абвал.

 

Дачую птушку за ракой,

Ці вецер зашуміць,—

Пусты самотны мой пакой,

А музыка — шчыміць.

 

 

БАЦЬКАВЫ ДРОВЫ

Абмінаў за мілю дактароў,

Не надакучаў у сельсавеце.

Сем кастроў нарыхтаваных дроў

На гумне бяростай белай свецяць.

 

Чатырохгадовы пастушок

З холадам і голадам шпачыным,

Ты з маленства босага падсёк

Прымаўку: «Запас бяды не чыніць».

 

Сеяў жыта. Ляда карчаваў.

Лютаваў для ўлову азярыны.

Дошкі на спіне сваёй цягаў

І не думаў, што — для дамавіны.

 

Братам быў прасмоленых вятроў

І цалінных выстылых палатак.

...Сем кастроў нарыхтаваных дроў —

Ты й дасюль цяпло нясеш у хату.

 

 

* * *

Вось мой паром туманны,

і узгорак,

І нітачка сыпчастага дажджу.

Пакуль яшчэ не выспела

на сорак —

Я ў маладых і молада хаджу.

 

Я новы дзень люблю да кожнай

рыскі,

Хоць знаю працу катаржнай

начы,

Хоць порсткі графаман,

што кот сібірскі,

Мяне паляпаць можа па плячы;

 

Хоць недарэка можа пасмяяцца

І можа падкузьміць мяне ліхвяр.

А мне няма прад кім стаяць

на пальцах,

А мне заўжды любіць адкрыты

твар.

 

Пакуль яшчэ не выспела

на сорак —

Мне молада. Астатняе — затым.

Вось мой прытул рабочы,

як пагорак,

Пад хмараю. І промнем залатым.

 

 

ЛЮБОЎ МАЯ...

Вы без мяне ляціце, самалёты.

Вы без мяне імчыце, цягнікі.

...Любоў мая, ты песня, і маркота,

І спелы бор, і вольны гон ракі.

 

Балючы век. Надвор’я перамена:

Яшчэ лісток не ўпаў — а снегапад.

Ды скрыпачка з дзесятага калена

Пяе ў душы на блаславёны лад.

 

Усё вастрэй — радні маёй прагалы,

Агеньчык дрогкі з маміных акон.

Ды зазвіняць вясельныя цымбалы

І жаркім вокам гляне ў сэрца конь.

 

Пяе віхор, пяе лісток апалы,

Пяе зямля курганняў і удоў.

Любоў мая, ты скрыпка, і цымбалы,

І шаргункі — над грывамі гадоў.

 

 

ХАТА

У паратунку бласлаўляю

хату,

Што вынесла ваенны дым і страту,

Што не маўчыць,

калі прыеду позна

І позна сяду за шырокі стол...

 

А нашыя дарожанькі —

так розна —

Разбегліся. І поле навакол.

 

Ў маёй самоце вінавата хата,

Якая мала што ўзяла ад свята.

Ды будзь навечным: Жыта, Соль, Кадрыль.

Снег у Сібіры — над магілай брата,

Над бацькавай — разгублены матыль.

 

 

НОЧЧУ

Чацвёртая.

На вуліцы мароз.

А на акне успыхваюць ляўкоі.

Чаму шкадней

ад самых першых слёз

Дзіця маё святлеецца ў пакоі?

 

Мы з ім як на ляшчыне спарышы,

Мне ёсць каля каго ў мароз сагрэцца.

І не гадзіннік цінькае ў цішы,

А трапяткое сынавае сэрца.

 

 

* * *

Дай ласкавую руку...

Старана мая азёрная,

Хата светлая, прасторная.

Двор у белым вішняку.

 

Ці лячу сюды параіцца,

Ці душу сваю пачуць,—

Белы гусі, белы чаіцы

Гаману са мной вядуць.

 

Старана мая былінная,

Песня матчына. Радно.

...Караваі магазінныя.

...Магазіннае віно.

 

Старана мая харошая,

Варажэі, свацці...

Не, не ўсе лугі пакошаны!

Не ўсе сенажаці!

 

 

* * *

Узвейны ветрык легкавейны

Пакажа сцежку напрасткі.

...Дзень добры, рыжы муравейнік,

Ты вырас, нібы гарадскі!

 

Ды роскашы, відаць, не прагнеш.

З лісця, з ігліцы домік ваш.

Хоць соты раз сцяблінку цягнеш,

Як мэблю, гарадскі мураш.

 

Паглянь, ужо зара вячорная

Вясёлы спальвае настрой.

Мне ля тваёй сасны прасторна,

Бы ў хаце мацеркі маёй.

 

Я буду доўга тут шчаслівай

Святлом узгоркаў і раўнін,

Дзе вецер малады гулліва

Зрывае пацеркі з рабін.

 

 

БЭЗ ВЕРЫ ПАЛТАРАН

Можа, камусьці тыраж да зарэзу,

Пухлыя сняцца тамы.

Вера Сямёнаўна, хочацца бэзу

Ў гордым маўчанні зімы.

 

Цуд, а ці корань з палескага краю

Вашай душой уваскрэс?

Не дачакаюся дзіўнага маю:

Сніцца і мроіцца Бэз!

 

Век наш касмічны — спешка і гонка.

Ды развярэдзіць да слёз

Белай надзеяю — белая гронка.

А ў фіялетавай выбухне лёс.

 

Сочыцца, хлынуў ракою, ліецца

Студзеню наперарэз —

Божа, як ломіцца ў вокны і ў сэрца

Сэрцам

раскрылены

Бэз!

 

 

ЕДУ Ў ГОСЦІ ДА БАБУЛІ

Еду ў госці да бабулі,

Тут такая ціш ды гладзь.

Можна ў шэрае зязюлі

Навучыцца кукаваць.

 

Усё раўніны ды нізіны,

Мацярдушка, стаўбунок...

Можна ў краснае каліны

Папрасіць румян для шчок.

 

Можна нават збіцца з толку:

Ячмяню ці зор сяйво?

Можна скласціся ў суполку

З грамадою на жніво.

 

Можна выпырхнуць заранкай

З-за высокага ляска...

Ды кукую, як сялянка,

Над раллёй чарнавіка.

 

 

* * *

Міг, што стаўся ужо учарашнім,

Хлебам-соллю застыў на стале.

Ды чакаю цябе не ў дамашнім,

Надаеўшым і ціхім жытле.

 

Так рабіна панікла пад ліўнем,

Так закута дарожка ў кілім.

Я чакаю цябе не ў наіўным —

Туманцовым, ружовым, былым.

 

Паўтараецца шчодрае лета,

Азараюць мой шлях перуны.

Я чакаю цябе, як дагэтуль —

Самых мужных і верных з вайны.

 

 

* * *

Смутна выблісне шлях, нібы зорка з туману.

І адкрыецца зноў падарожжа жыцця.

Забяры мяне ў свет залатога спадману,

Дзе не вызнаны горыч і соль пачуцця.

 

Столькі лепшых часін у патайнасці сэрца

Праплыло, і згубілася стрэчы вясло.

Гэй, чыя ж гэта вутачка ў снежным азерцы

І з якога ж Дуная яе прынясло?

 

Над агромністай цішаю крылле світае,

І галінка вярбы заінела ў журбе.

Як жа гэта,

што мне — не судзілі вяртання,

Каб застацца ў нязменнай любові — табе!

 

 

* * *

Набытак шчасця мой бясспрэчны:

Пяро і чысты аркуш дня.

І голас твой скрозь ціхі вечар:

«Жыві адна!»

Што ж, і сама я ўразумела:

На вуснах з горыччу святла

Жыву няўтульна і няўмела

З нязменнай прагаю крыла.

 

Здаровы будзь, мой вольны сокал,

Сардэчны друг мой, шчыры брат!

...Жыву высока і далёка

Ад мітусні, хлусні і звад.

 

А вечарам, на схіле зоркі,

Прымроіцца ў пустым акне,

Што клічаш ты не цень мой горкі,

А з жыта — жытнюю! — мяне!

 

 

* * *

Не назавём — само не назавецца

Ні азярцо, ні твар, ані — вякі.

...Ці знаеш ты, як рыфма цяжка тчэцца,

Як рвецца песня — часта! — на шматкі?

 

Калі рыпяць з духмяным сенам санкі

А ці вясну гукае журавель —

Я думаю: якой была б сялянкай

І падала б спакойна у пасцель!

 

Вось на парог радзімы павярнуся:

Шчыруе мама. Бульбачка кіпіць.

Ды ведаю — на песні захліпнуся.

І знаю: долі мне не абхітрыць.

 

 

* * *

Ці ўспомніцца, ці ўспомніцца

Рака і жоўты плёс?

Мяне, нібы палонніцу,

Ты цераз кладку нёс.

 

Я з рук не выбівалася

З тваіх,

далёкі мой.

Ці то вады баялася,

Ці цемрадзі начной.

 

...Сплыла вада глыбокая

З рачнога рукава.

Заблытана высокая

Салодкая трава.

 

Там я была ўлюбёная,

Натхнёная тады,

Як чарачка разгонная,

Як вецер малады!

 

 

ДЗЕ ТЫ ПРАПАЛА

Ці сэрца спявала,

Ці мора ў цішы ракатала,

Калі мяне трубка пытала:

«Дзе ты прапала?»

 

Ці сходзіўся свет на мне

клінам,

Як горным абвалам,

Калі — паланіла:

«Дзе ты прапала!»

 

Калючая кветка прымала акрасу,

Пахмурная далеч — світала,

Калі ты даймаў мяне шчасна:

«Дзе ты прапала?!»

 

Ты сцежкі усе перакрэсліў,

А быццам і гэтага мала?

Няўжо для мяне не ўваскрэсне

Тваё,

звышахоўнае: «Дзе ты прапала?..

 

 

* * *

Ты той, каго няма са мной

Ні ў будзень, ні ў нядзелю.

Ды цеплю я (якой цаной!)

Вясёлую надзею.

 

Я спадзяюся на сяўбу,

На кожны лісцік новы.

На залатую малацьбу

Трывожнае любові.

 

Ды — адрываецца лісток

Асенняга бяссоння.

Па леву ручаньку — масток,

Па правую — бяздонне.

 

Раскручваць памяці сувой,

Гартаць адчайна годы...

Ты той, каго няма са мной.

І хто са мной — заўсёды!

 

 

* * *

Загаворана пушча чаборам —

Колькі хочаш мядунак збірай!

І зялёным святлом святлафора

Галасуе спадвіжніцкі май.

Спеўна мне — між чабору і мяты,

І на гладкім асфальце,

дзе крок

Вывучае мелодыю свята,

Як найпершае слова сынок.

Мне яшчэ гэтак многа і мала,

Што насіла з сабой і нашу,

І таго, што паспець запісала,

І таго, што яшчэ запішу!

Адчыняюцца поўдня вароты,

І зліваецца з ямбам харэй.

На пякучай мяжы адзіноты

Разумею мудрэй і вастрэй.

Лёс мой — лес мой у ціхай маркоце,

Разглядаючы шчасця сляды,

На кручастым стаіць павароце,

Зразумелы для кожнай бяды.

І за што б вы мяне ні судзілі —

Трудны шлях мой і боль незнарок

Прачынаецца там, дзе, надзіва,

З палатна не сышоў васілёк.

І душа — немаўля, непакора,

Уся з вяртанняў, надзей і прыкмет

На чырвоным святле святлафора

Задумёна ўзіраецца ў свет.

 

 

* * *

Схіляю галаву, нібы на плаху,

Перад табой

Пры вогніку зары.

...Нагавары бязглуздзіцы

І страху

І нават беспрычынна

Пажуры.

 

Скажы, што незваротна,

Небяспечна

Гарыць касцёр высокае пары.

Скажы, што ты — на міг,

А не навечна.

І да пакут мяне

Прыгавары.

 

Я буду нават

Гэтым словам рада.

Зямная ціша нас

Аберажэ.

Бо знаю боль,

Бо зведала няпраўду —

Спакойны твар таго,

Хто ў твар ілжэ.

 

 

* * *

Жораў ты, а я — сініца,

Нас абоіх бура б’е.

Разам нам не пасяліцца,

Пасялюся — у табе!

 

Што за пільная павага:

Ані кроку — без вачэй.

Мёды п’ём, а душыць смага:

Што ні кропля, то гарчэй.

 

Што ж за вогненнае шчасце:

Скошан лёс, як сенакос.

Да цябе мне не прыпасці —

Прыпадаю да нябёс.

 

 

* * *

Гэтак мне яшчэ не выпадала,

Не было ўва мне такой нуды,

Каб да беглай сцежкі прыпадала,

Што бяжыць няведама куды.

 

Гэтак не было яшчэ са мною,—

Каб не знала: вораг ты ці брат;

Каб канала над чужой струною

Сэрца,

ўкамянелае ад страт.

 

...Чуйныя,

дажджом размыты крокі.

З дрэў злятаюць дзён календары.

І сатканы вобраз твой далёкі

З белага туману і зары.

 

 

* * *

Баюся я нявыказаных слоў,

Яны — палын, яны дурман і мята.

Прыходзіць позна лепшая любоў,

Як за пакуты горкія адплата.

 

Над цёмначчу раскрыленых дзвярэй,

У цішыні сталічнага квартала —

А мы маглі б сустрэцца і раней...

Ты не аклікнуў. Я — не пагукала.

 

Дык не здзіўляйся шчаснай немаце,

Балючаму і дрогкаму пагляду.

Так зрэдку ўвосень яблыня цвіце

Наперакор слаце і лістападу.

 

 

ДВОЕ

Мастом падзелены ці злой

Насмешкаю паромшчыка?

Вясной павеяла, вясной

І першым спорным дожджыкам.

 

Не збыўся ясны мой прагноз:

Скразным дажджом надзелена.

Шкадую: не туды завёз,

Дзе молада і зелена.

 

Счакаўшыся, калі міне,

Дажджынку п’ю гаркавую.

Іду па левай старане,

А ўсё гляджу — на правую.

 

Трава падскочыла, бы ў сне,

Абмытая залеваю.

Ідзеш па правай старане,

А ўсё глядзіш — на левую.

 

 

* * *

О ты, хто падарыў

Мне толькі гром ды вецер,—

Ты самы лепшы быў

З усіх, як ёсць, на свеце...

О ты, хто не хлусіў,

Калі жыццё — палонка,

І на руцэ насіў

Кайданны звон пярсцёнка,

 

І шэптам шчыраваў

Па-над маёй гаркотай,—

Пайшоў. Адмаяваў.

Адлетаваў. Адлётаў.

 

Няхай бяда прыб’е

Скразной слязой вяковай —

Мая душа к табе

Была невыпадковай!

 

 

ЗГАДКА ЗНАЁМАГА РЫТМУ

Мне б яшчэ на хвілю запыніцца,

Дзе прастор агучвае сініца.

Скрушна абарвалася «ало?..».

Колькі буду жыць —

Датуль журыцца

І ў начы трывожнае маліцца

На тваё высокае святло.

 

Вось і надышла, нібы расплата,

Адзінота.

Будзе мукай свята

Тое, ад якога спеў вяду...

Адцвітае бэз. І вяне мята.

Мілы, гэта скруха вінавата

У святых бярозак на віду.

 

Пах сунічны. І зязюлі слёзка.

Куст шыпшыны мне сягоння цёзка.

Брат — халодны месяц у палях.

Я пішу табе.

Між намі — позна.

І зіма завеяю марознай

Замятае самы дольны шлях.

 

 

* * *

Яшчэ паўкроку — і вярста

Сканала у мальбе.

Няпраўда, іншым ты не стаў,

Як ведала цябе.

 

Не замасцілі жаўрукі

Адкрыты мой прарэх —

Каляны крок, і лёд рукі,

І вымучаны смех.

 

Спытае хтосьці: «А было ж?»

«Было ж! — скажу ў адказ.—

Як ціхі гром, як фінскі нож,

Як сонца на заказ».

 

А час — дзівак. І лёс — дзівак:

Між нас, як паміж скал,

Каторы год усё ніяк

Не скончыцца фінал.

 

 

БАЯЛАСЯ ГРЫМОТ.

Дзе — зелен чорт-асот,

Дзе — рожкі буралому?

...Баялася грымот

І ўсё ж — чакала грому!

 

Збягала аваднёў,

Сляпой асвы пякучай.

Палохалася пнёў —

Любіла лес дрымучы!

 

Як вырас жніўны дзень!

Без краю — такавішча.

Вясёлая з надзей —

То — зерне, то — іржышча.

 

Пацяжалеў хатуль,

Хоць песень і няпоўна.

Жывая я,

пакуль

Шапчу сабе: «Цудоўна!»

 

 

* * *

Дап’ём зялёнае віно,

Расколем скрухі дровы.

Ды што ж смуткую,

як на дно

Іду?

Жыві здаровы!

 

Бярог бы ты мяне наўрад,

Ва мне шукаў бы ўцеху.

Аціх, апаў мой шумны сад,

І яблыні — са снегу.

 

Стаіць вясёлая зіма.

Святлынь на Беларусі.

«Не дай мне Бог сойти с ума»,

На Пушкіна малюся.

 

 

* * *

Ці шлях занясло кудасою,

Ці зоры не хочуць устаць?

Здаецца, слыву гарадскою,

А ногі ад пожні шчымяць.

Спаслаў жа шчаслівую муку

Мне лёс

над паперай карпець.

Без крыўды прымаю разлуку,

Агонь спасылаю на смерць.

Я так над пакутай шчырую

І так над свабодай лячу,

Як быццам адолець сырую

І мёртвую глебу хачу!

 

 

* * *

І цішыня вастрэй ляза.

І глыбіня — зямная.

Як сто начэй мяне не знаў! —

Прыйду такая.

 

Нахлыну так, нібы з гары

Абвал вясновы.

О гавары мне, гавары

Пяшчоты словы...

 

У галасах, бы ў каласах,

Нам ёсць патрэба.

Табе я сказана не ўся

Ракой і небам.

 

 

* * *

Святлом і скрухай лёс мой апавіты.

Хмурынка горкай песні на ілбе.

Лягчэй пушынкі і мацней малітвы

Была мая пяшчота да цябе.

 

Дык дзякуй, што прыйшоў без запрашэння

Са сцежак польных, з думаў баравых.

Я ў гэты дзень, нібы пасля крушэння,

Не выпускаю дужых рук тваіх.

 

Пра ўсё, што я сказаць табе хацела,—

Маўчу пад знакам гойнай віднаты.

Дык вось адкуль вяснянка прыляцела!

З тваёй душы. Ці гэта знаеш ты?

 

 

* * *

Дзень згасае. Нават ночы мала.

Дальняй зоркі невядомы гук.

Як і не было, не цалавала —

Нібы птаха выпусціла з рук.

 

Ах, была такою непакорнай!

І была мякчэй самой травы.

А цяпер ў акно душы

так горна

Трубяць золкай долі журавы.

 

Памалюся за тваю удачу,

За тваю дарогу-каляю

І сама у цішыні гарачай

Так заплачу, нібы запяю.

 

То цёмны бор, то рэдзенькі лясочак,

То — залатога поля абалонь.

Спалі мяне, як чарнавы лісточак,

Але й тады ўваскрэсну праз агонь.

 

Не паспяшай падаць на развітанне

Руку.

О як трывожна час ляціць!

Дэпрэсія дыхання ці світання?

Да вечара — ці доліла дажыць?

 

Я ўжо адчайна праганяю стому,

З дажджу сляпога вобраз твой ляплю.

Табе, мой боль, табе — і больш нікому

Я й перад смерцю вымаўлю: люблю.

 

 

* * *

Не звязвайце натруджаныя крыллі,

Яны спазналі — досць! — вышынь і мук.

І з усяго, што мы пагаварылі,—

Шчаслівіца, я помню промні рук.

 

Гадзіна, нібы бэзавае ранне,

Прайшла (хоць гэтак блізка), а наўзбоч.

Пасля — быў дождж. І наша развітанне.

А сонца не заходзіла ўсю ноч.

 

 

* * *

Не падміргнуць нам вулачкі ці пашы.

Не будзе звышчаканага «было».

А ўсё ж на міг зліюцца вочы нашы,

Запальваючы тайнае святло.

 

У лёгенькім, як вецер, паліто,

Нясмелая,

нагадваю лілею.

З бядой да Вас звярнуцца не пасмею,

А з радасцю кароткаю — нашто?

 

 

НАЧЛЕЖНІКІ

Хлякоча юшка ў чыгунку,

Касцёр раз’ятрана ляскоча.

Плывём з табой у чаўнаку

Вясёлай і ўлюбёнай ночы.

 

Каля рачнога рукава —

Ані душы, бы ўсё знямела.

Адна трава, як удава,

Глядзіць услед нам зразумела.

 

Нам разам трошку меней,

чым

Агню сугрэўнаму і сцежцы.

Пра запаветнае маўчым,

Каб не ўракчы агонь начлежны.

 

Глухога берага карма.

Ахоўнай цішаю — сасонка.

І на тваёй руцэ няма

Аберагальнага пярсцёнка.

 

 

Я ВАМ ГЛЯДЖУ ПРЫВЕТЛІВА Ў ТВАР

О, як агонь з-пад сэрца выкрасала,

А разам з гэтым свет звінеў ва мне.

Я знаю: ўсё, што сёння Вам сказала,

Бязмоўна час шалёны праглыне.

 

Рубцы мае, і раны, і асколкі,

Вішнёвы цвет і ядлаўцавы куст!

І некаму не дагаджу,

ды толькі

Хіба ў глухога бездакорны густ?

 

І цвет, і гром змяняюцца з гадамі.

Ды цяжалець суроваму вязьму.

Пакуль святло, пакуль я маладая —

Я сто начэй у наймічкі вазьму!

 

І ападзе, як яблык мне на рукі,

Любві найшчодры, найкароткі дар.

З такою ласкай і з такою мукай! —

Я Вам гляджу прыветліва у твар.

 

 

* * *

На добры, на шчодрае восені лад,

Калі сваю ноч за сталом каратала,

Бясшумна ляцеў над зямлёй лістапад,

А жоўтае лісце ў душу западала.

 

Бялелі паўстанкі. Святлелі лугі.

Дрыжала пад ветрам каляным бярозка.

Ляцелі, як белыя гусі, снягі,

І ў кожнай сняжынцы — смяшлівы Марозка.

 

О, так не марозіла сэрца даўно!

Даўно не канала ад гордай самоты!..

За чорнаю працай

адкрыла акно,

І ў твар мне дыхнула пралеска пяшчоты.

 

А як мне жылося?

Навошта? Нашто?

Хай промень рассее няўдзячнасці хмары.

Давай я павешу тваё паліто

І кожную рыску разгладжу на твары.

 

 

* * *

Яшчэ шчака ад рэўнасці гарыць

І просіць прасвятлёнай прахалоды.

Ах, не загадвай ласкаваю быць:

Дай закахацца раз і назаўсёды.

 

Піла — не наталяў мяне ручэй.

Цярпела — не знаходзіла адхлання.

Дай акунуцца ў чысты вір вачэй,

Якім магу паверыць без вагання.

 

Відаць, не растлумачу я: на чым

Стаю,

уся адкрытая для жалю,

Жыццё не прыгарнула да парчы —

Пакінула мне блюзачку з паркалю.

 

Чаму, сто раз навучаная жыць,

Я горкія памылкі паўтараю...

Ах, не загадвай ласкаваю быць,

Калі сама без ласкі паміраю.

 

 

* * *

Не трэба слоў у цішыні бянтэжнай.

Падумаем на мове ручая.

А вусцішнае лісце Белавежы —

Святочная апратачка мая.

Аберажы!

Я ўцехі знала мала

З таго, што наракаецца вясной,

Пакуль мяне святлом не расстраляла

Акно,

што ў гром адчыненае мной.

 

 

* * *

Цішыня. І азёрная гладзь.

На пахілены бераг прысядзь,

Што падмыла вадою быстра...

Светлы вогнік ад скрухі кастра.

Гэта міг, а ці вечнасць здалёк?

Чуйна звоніць ў траве кавалёк.

Прахалода душы і расы.

Паўзабытыя дрэў галасы...

Хваля бераг ляніва кране,

Гул бульдозера дол страсяне.

Скалыхнецца лілея праз сон.

Пройдзе хмара грыбной паласой.

Над самотнай змялелай вадою

Мне зялёнай журбы не займаць.

Дакаціліся, сэрца, з табою:

Цішыня. І азёрная гладзь.

 

 

* * *

Паміж лісця, паміж расы,

Ля ціхае дубровы

У два натхнёных галасы

Світалі нашы словы.

 

Выпырхваў шустры верабей,

І дождж не знаў дакукі.

І, быццам самі па сабе,

Плылі насустрач рукі...

 

Па верасах дажджы шумяць,

Па сэрцах і па вёснах.

Ты можаш, шчасце, ашукаць

І пасмяяцца злосна!

 

У сціхлым шэпце палыноў —

Вясны маёй дыханне.

Але ні рук няма, ні слоў,

Ні слёз на развітанне.

 

 

...І САМЫ ПОЗНІ ЧАС

Так мала сустракаліся з табой,

Жылі дасюль паблізу невядома.

...А самы ранні час,— ён цалкам твой

Калі забыта і пазбыта стома.

 

Яшчэ на плечы не увесь цяжар

Апаў з дарог нязначных і вялікіх.

Не засланяй зажураны свой твар

Радкамі з вершаў спеўнага Хадыкі!

 

Шукала між насмешнікаў радню

І абмінала твой пагляд глыбінны,

І не таму малілася агню,

І не таму свае пяяла гімны.

 

І не тваёй журылася журбой,

І не тваім прасвечвалася горам.

...А самы позні час,— ён цалкам твой

Расчынены наўсцяж дрыготкім зорам.

 

Як за дажджамі частымі-рабымі,

За кудасой,

дзе шляху не відно,

То ластаўкаю першай,

то рабінай

Пастукаюся ў чуйнае акно.

 

Нацятыя, нібы пасля разлукі,

Паверх прасцінкі,

што святлей снягоў,

Уздрыгваюць у сне кароткім

рукі

У водгуллі заранак і грамоў.

 

У сенцах — бульбы пах і лугаўя.

Святы снапок у закутку мадзее.

...Дзень добры, мама!

Гэта зноўку я,

Уся твая гаркота і надзея.

 

ДОБРЫ ВЕЧАР, ЗЕМЛЯКІ!

Як жывецца без мяне,

Сонейка-крылацейка?

А ў палескай старане

Кожны сокал — брацейка.

 

Назбірала мех грахоў

Ды ў расу абулася.

Колькі зведала шляхоў —

Гэтак мне не чулася.

 

...Добры вечар, землякі!

Добры вечар, зелена!

Тут пазвоньваюць вякі,

Нібы мак даспелены.

Паўнагрудая кума

Празвініць абцасамі.

Тут прыдуман нездарма

Танец з выхілясамі:

 

Рукавочкам — да рукі,

Паяском — да пояса.

З вамі разам, землякі,

І ў зямлі не боязна!

 

 

ЗАМІРАЕ ЛЕЦЕЙКА

Прашумеў каршун. Узвіўся сокал.

Дыхае расою сенажаць.

Замірае лецейка.

Высока

Зоры прахалодныя звіняць.

 

Ані зыку. Толькі ў лёгкіх кронах

Кросны вёсен сцішана рыпяць.

І не трэба па лістах зялёных,

Па гадах зялёных сумаваць.

 

Па гасцінцы звонкаму, па полю,

Дзе гуляе спрытны вецер-буй,

Адпускаю душаньку на волю,—

Ты яе дарэмна не пільнуй!

 

Ой баюся месц, дзе распанела

Глухата,

дзе праз мяшчанства тхло

Ні адной слязы не закіпела,

Ні адной прыпеўкі не ўзышло.

 

 

* * *

Свет прасторны і вялікі.

У сумётах. У расе.

Вось і здадзены залікі,

А экзамены — не ўсе.

 

На расхрыстаных, гарачых

Хвілях

ластаўкай кружу.

Родна мацерка не бачыць,

Як жыву я, з кім дружу.

 

А ці ў полі заначую,

А ці сонца разбуджу —

Родны бацюхна не чуе,

Што — спяваю, чым — тужу.

Друг далёкі, што з табою?

Не чутно. І не відаць.

І апроч сябе самое,

Мне

няма з каго спытаць.

 

 

* * *

Блізкі шлях праклаўся проста,

Нібы матчына радно.

Бальшакі ідуць, пагосты,

І адхону — не відно.

 

Голас мой, ты сцежку высніў,

Як вяртанне і дакор.

Дзетвара на ўзлобку выспы

Паліць першы свой касцёр.

 

Бор чарніцамі зачэрнены,

І мадзеюць мурагі.

І ў тумане прадвячэрнім

Кураць люльку берагі.

 

Не існуе сцежак простых.

Памяць, слёз не варушы!

Гэта я іду з пагоста,

З гордай татавай цішы.

 

 

* * *

Трывожным клінам позні вырай.

Выток і скруха сініх рэк.

«Не сотвори себе кумира»,—

Хай будзе проста чалавек,

 

Каб з ім і ў гразь, і ў завіруху

Было не боязна ступаць,

Каб шал душы тваёй і скруху

Ён мог без крыку ўтаймаваць.

 

Каб крок у крок і вочы ў вочы

Быць на трывалай прамаце;

Каб не ілгаў слязой сірочай,

Ратуючы уласны цень.

 

Жалейка ўскрыкнула ці ліра?

Пагляд ці гневу градабой?..

«Не сотвори себе кумира»:

Не бойся быць самім сабой.

 

 

* * *

Праклінаем долю, неба.

Нібы ў страшны час жывём.

Стала надта многа хлеба:

Трошку цвёрды — не бяром,

 

Хоць патрэбна болей ласкі

Ачужэлым гарадам...

Ах, як ззяюць срэбным бляскам

Вашы пальчыкі, мадам!

 

Многа солі, хлеба многа.

Дык адкуль жа — ноце злой?

Як па сэрцы мне — пазногаць

Вострым пройдзецца лязом.

 

Дык адкуль жа слоўца-куля,

Вочы, гнеўныя да слёз?

Хоць ні боты, ні кашулю

Не купляем навырост.

 

СЫНОК I МАЦІ

Пакуль яшчэ зялёная зямля

Трымае нас па міласці закона,

Сынок і Маці — зерне і ралля.

Сынок і Маці — мудрая ікона.

 

І спеюць хай удзячныя гады,

Бяжыць ўдаль дарога палявая.

Ён для яе маленькі назаўжды,

Нявопытны,

пакуль яна жывая.

 

Крывавы час, адкінь свой грозны меч.

Прыслухайся да сцішанага слова.

З кароткіх, як само жыццё, сустрэч

Саткана іх нявечная размова.

 

 

* * *

Бярэш мяне, палоніш зноў,

Матрыярхат прыроды.

Ты ў буйнай квецені садоў —

Пара любові й згоды.

 

І запячэ, і зашчыміць,

Як рана нажавая,

У грозных водблісках зарніц

Пара любові й жалю.

 

І будзе першаю слязой

Нясмертна дол накрыты.

І я прыму цябе з азоў —

Пара любові й крыўды.

 

З высокай годнасці душы,

З адчайнага напеву,

Ты скажаш мне, як трэба жыць,

Пара любові й гневу!

 

 

* * *

Сухі і маланкай апалены ствол,

А ў чым даўгалецця прычына?

Не трэба кахаць мяне

за рамяство.

Перш-наперш я проста жанчына.

 

Магчыма, мне выпала меней,

чым той,

Якую заслоняць плячыма.

Ды ў кожнай смяшынцы і ў слёзцы любой

Перш-наперш я толькі жанчына.

 

Прашу. І не ўмею высока прасіць,

Тым болей выпрошваць пяшчоты.

Як цяжка мне гордую голаў насіць

У горкім сутонні самоты!

 

Віной мне — разлука. І жарты — віной,

Віною — журба пад вачыма.

Мужчынская лірыка... А ці не ў ёй,

Як чайка, крыляе жанчына?

 

 

ПЛЫВІ, РАКА!

Калі на берагах тваіх высокіх

Заранкай днее вока вугалька,

Я чую твой неўтаймаваны рокат.

Плыві, плыві, празрыстая рака!

 

Маёй вясны адкрытая старонка,

Ў табе я чую спеў сваёй сястры.

Хіба не тут цвілі вянкі з рамонкаў

І на Купалле ладзілі кастры...

 

Хіба не ты люляла на далонях

Лілеяў сны і думы мужыка,

Тапіла гнеў, паіла быстрых коней,

Буслінага чакала важака?!

 

Я чую твой неўтаймаваны рокат,

Калі ты воды плыткія нясеш.

Плывеш, рака, змялелая ў высокіх

У берагах.

І жалю дадаеш.

 

* * *

Яшчэ малюся труднай долі,

Яшчэ звініць мой лёгкі смех.

...Як сіне лён цвіце на полі!

...Як белатою слепіць снег!

 

Такія вызнала калдобы —

Дасюль пакутую у сне.

Хай будзе хлопчык мой падобны

На сіні лён, на чысты снег.

 

 

* * *

Не пасмела б дарэшты пазбыцца,

Што было паміж намі і — над...

 

Вецер дыхаў у твар навальніцай,

Спасылаў белаядзерны град.

 

Градавая дарога — за мною

І паперадзе,— як пагляджу...

 

Слава Богу, прайшла стараною

Нашумелая слава дажджу!

 

 

* * *

І гусляў звон, і чарак перазвон,

І срэбны звон няпоўнага вядзерца.

...А ў горадзе, што стаў як Вавілон,

Мне не пазбегнуць катастрофы сэрца.

 

Плачу за ласку і за гнеў — плачу,

Пакуль цябе нарэшце зразумею.

Я вінавата часта, што маўчу,

І вінавата, што хаваць не ўмею

Сваю любоў.

 

 

* * *

Паэзія. Душа. Айчына.

Маланка з громам. Бура. Ціш.

Ты спакон прагнымі вачыма

Ў прадонне воч маіх глядзіш.

Іду на твой вячысты форум.

Застыглы міг разварушы!

Маё аблічча — толькі форма,

Адлітая для струн душы.

 

* * *

Спрабую ўласны боль забіць

Спакойнымі вачыма.

Прасцей жыву, чым можна жыць.

Складаней — чым магчыма.

 

Жыву з нізінаў і з вышынь,

Між сонца і між грому

У век машын. У век маршчын —

Душэўных, як вядома.

 

Чым славен наш азёрны край?

Багата чым Айчына?

Браток, Ямелю не зваляй!

Сястра, не зблоць Жанчыны!

 

Нам, як пачатак буквара —

Святло, Любоў і Годнасць.

І як асенняя пара —

На сэрцы сум і гордасць.

 

 

З кнігі «Каліна зімы» 1987

 

СВЯТЛО

Гордая, нуртуе кожнай жылкай

Пад ільдом вячыстая рака.

...Будзе біцца сонная сняжынка

Крыльцамі сляпога матылька.

 

Выйдзем у раскошную нядзелю,

Покуль свята блізіцца здалёк.

Пэўна, я цябе не абнадзею,

Як вось гэты лёгенькі сняжок.

 

Дай мне шляху, што будзілі продкі!

Праплыла яшчэ палоска дня

Белым крыллем спуджанай лябёдкі,

Белай грывай быстрага каня.

 

Расцалуй да чыстых слёз, да смеху,

Пальчыкі азяблыя сагрэй.

...Светла як ад ранішняга снегу,

Толькі ад вячэрняга — святлей.

 

 

* * *

Арліны храм. Узмежак беразовы.

І твар сялянкі жытна-верасны.

Усё ў адным злілося перазове —

Нашэсце грому, ласкі і вясны!

 

Шугнула жыта там, дзе спелі кулі,

Дзе раць у раць ішлі на смерць сыны.

Усё ў адным трывожна-гордым гуле:

Нашэсце птушак, думак і віны.

 

Чый светлы цень гукаецца ў бярозе,

Чыё не ўстала з попелу сяло?

Мы пасядзім з табою на парозе,

Мой крохкі боль і ціхае цяпло.

 

Франтавікі, Баяны, аднасельцы,

Насельнікі аблок і гарадоў...

Усё ў адным шчасліва-горкім сэрцы:

Гісторыя. Трагедыя. Любоў.

 

 

* * *

Зялёныя ігольчатыя сосны.

Наплыў неўтаймавальніцы-вясны.

Ды вырастаюць крохкімі па вёснах

І — не па летах! — бледныя сыны.

 

Накормлены, здаецца, і сагрэты,

І цела ад работы не шчыміць.

А я травы пытаюся ў кабеты,

Я ўжо сама гатова варажыць!

 

А можа, гэта проста ад дакукі,

Ад апантаных модаю людзей?

Няпраўда, ах, яны ж грызуць навуку,

Яны у курсе спорта і падзей!

 

Мне сто разоў бяссільнай быць і дужай,

Збіваць агонь у вогненнай крыві.

...Ды хлопчыка з купалаўскаю ружай

Ты, Беларусь, як сына, блаславі!

 

 

ТУТ

Ой, пры каліне чырванашчокай

Ды пры даліне зялёнай — сяло.

Знаю, ні ў якай старонцы далёкай:

Тут мне якраз нарадзіцца было!

 

Ўслухайся ў назвы: Яголін, Агова,

Гойнава, Гуслікі, Горбень, Звінчо —

Тут, дзе ласкава павераць на слова,

Але правераць затым на плячо.

 

Тут, дзе і бондар раскошны, як бочка,

Дзе вырастаюць на жылах лясы

І — дзе сялянка над прахам сыночка

Ў горкім бяссіллі ірве валасы.

 

Тут, дзе хапае да хлеба і солі

І на сталах не канчаецца мёд.

Тут, дзе не скончыцца песня ніколі

І не ўпадзе на калені народ!

 

 

ПАСЛЯ ВАЙНЫ

Я на кіно ў бацькоў дазволу клянчу.

Пасу гусей ў разлётнай чарадзе.

Мой залаты, мой рэзкі свет дзіцячы:

Мятлушкі сон і чэрапы людзей.

 

Яшчэ пякуць нясцерпна пахаванкі,

Але жыццё вяшчуе немаўля.

Стрыгуць авечак рупныя сялянкі —

І пухам усцілаецца зямля.

 

Я кніжкі ўсе чытаю па парадку:

Пра рыцараў, пра жахі, пра любоў.

А цыганы апошнюю апратку

Выманьваюць без сораму ва ўдоў.

 

Скідае фрэнчы пыльныя Еўропа.

Сусед бязногі едзе на кані.

А там, на дне смярдзючага акопа,—

Малінніку дражнючыя агні.

 

САЛДАТКІ

Тапталі ржышча, секлі буралом,

Жыццём масцілі горасныя кладкі.

Усё радзей за песенным сталом

Збіраюцца трывушчыя салдаткі.

 

На сукнях адгарэла мурава...

Каторы раз паўторыць цётка Ліда:

«А мой, што пад Берлінам, ў дваццаць два

Няхай бы хоць вярнуўся інвалідам».

 

Ах, прад’явіць каму палын-віну?

Другая скажа так, што шэрхне цела:

«Кляну вайну. І Колечку кляну,

Бо лепш яго — нікогачкі не мела».

 

Счапіўшы рук шурпатых вузлякі,

Адна адной зірнуць балюча ў вочы.

«Не выпалі нам, бабы, мужыкі».

«Не выпалі...» — замужнія прамоўчаць.

 

 

БАЛАДА КАЛОДЗЕЖА

Ветлым сонцам ці шчасцем сагрэта?

Што прымчаў мяне — дзякуй, цягнік!

Упляло ў маю косаньку лета

Сіняй Ясельды пекны каснік.

 

Поўна ўцехі. І песень даволі.

Боль струшу з ацяжэлых павек.

Сіўку-бурку гукну ў чыстым полі! —

Выйшаў з поля дзівак-чалавек.

 

«Што шукаеш? — спытаўся нядобра.—

І гукаеш каго праз гады?»

Хлеб дастаў ён са зрэбнае торбы

І не даў мне напіцца вады.

 

«Лунь,— кажу,— а дзівак вы, дый годзе!»

Пасміхнуўся ў адказ мне стары.

Ой жа доўга шукала калодзеж —

Напаткала аж цэлыя тры.

 

Першы мохам аброс. А ў другога —

Памуцілася памяць да дна.

А праз трэці пралегла дарога,

Як па Луні сівым — даўніна.

 

 

ПАЎНОЧНАЯ ЗАРА

Не шлях сюды,

а лёс мяне вяртае,

Хоць і кажу: «Забыць, забыць пара!»

Але пяе на небе залатая

Адзіная паўночная зара.

 

Жаданне абарвецца і растае,

Размые след вясновая быстра.

Але цвіце на небе залатая,

Высокая трывожная зара.

 

У час такі — не час для раздарожжа.

Гукай мяне, паэзіі сястра!

О, як звініць апошняя, бязбожная,

Кароткая і позняя зара!

І тут, дзе радасць дыхае вяснова,

Дзе Млечны Шлях спадае на зямлю,

Я светла прыпаду да дзеяслова

Твайго,

з маёй слязінаю — «люблю».

 

 

* * *

Поўнік у акне. Святло і ціш.

Двое нас у ціхамірнай хаце.

— Мама, ты чаму ж усё не спіш?

— Сон адзін і той жа, як закляцце.

 

Прыхіну падушачкі хатуль.

Цёпла мне. І ўсё-ткі — замярзаю.

— Мама, ён жа мёртвы і адтуль?..

— Не скажы! Магілы я не знаю.

 

На прыгожы твар праклаўся шлях

З нітачак спакою і адчаю.

— Мама, гэта ноч нагнала страх.

— Спі. А я — лучынкі нашчапаю.

 

 

ПАВЕЛ І НІКАН

Параднюся з палын-цішынёй,

Свет не ўвесь бессардэчна-бязлікі.

...Памагаюць матулі маёй

Два апосталы — Павел і Нікан.

 

Першы ўмела кіруе канём,

Спраўна ходзіць сякерка ў другога.

Зелянее жытцо пад акном,

Пахне лесам у хаце падлога.

 

А калі спорны дзень прамільгне

За сардэчнай і ціхай вячэрай,—

Павел чорны канцлагер кляне,

Грозіць атаму Нікан сякерай.

 

Паласнуць, як па сэрцы, агнём,

Дзве аповесці ў сумным гуморы.

...Ападаюць, цвітуць за акном

Зоры гневу і вечнасці зоры.

 

ЯК НАЗЫВАЮЦЦА СЛЁЗЫ

Попел і чорныя цені майна.

Вые у комінах скруха.

Як называюцца слёзы? —

Вайна.

Смерць.

Галадоўка.

Разруха.

Спее сусветнага жаху града.

Хто пазбірае каменне?

Як называюцца слёзы? —

Бяда.

Здрада.

Разрыў.

Адчужэнне.

Мілы, мы зналі кахання палын,

Трушчыць як сэрцы — самота.

Як называюцца слёзы? —

Святлынь.

Радасць.

Здзіўленне.

Пяшчота.

Крэўнасць зарук, нібы іскры з кастра...

Свеце бянтэжны мой, дзе я?

Як называюцца слёзы? —

Сястра.

Маці.

Планета.

Надзея.

 

 

САВА І МАРЫЯ

Мой паклон табе сардэчны, хата

(Дзякуй, што і я ў гасцях была!).

...Зберагаў хто серабро і злата,

А Марыя Саву берагла.

 

Колькі часу лютая стыхія

Апякала вогненнай вайной...

Гарачыўся: «Кінь мяне, Марыя!

Як са мной — то лепш ужо адной».

 

А Марыя ветла ушчувала:

«Саўка, не іграй, нібы ў кіно».

Мыліцы паспешна падавала,

Адчыняла ў белы сад акно.

 

І дарожак збітых не лічыла,

Чорны скарб трымаючы ярма.

Колькі год прайшло з тае, Айчыннай,

Гэтулькі! — адхлання ім няма.

 

Секане па сэрцы слова «тата».

Слова «мама» — громам ля вушэй.

Сцеражэ хто серабро ды злата,

А Марыя — Саву сцеражэ.

 

Ой вы, косы доўгія, сівыя,

Ой ты, сукні выцвілай скалых!

Як малітву: «Сава і Марыя!»

Вымаўляю я імёны ўслых.

 

Калі хто пра серабро ды злата

Мысліць у чаканні перамен,

Вашая,

над Ясельдаю,

хата

Перад цэлым светам, як рэнтген.

 

Калі сэрца падае ў адчаі

І трасе мяшчанскі землятрус,

Вашымі бяссоннымі вачамі

На мяне глядзіцца Беларусь.

 

Ой вы, ночы доўгія, глухія,

Думак неадольных асаўё!

Гой, ты доля — Сава і Марыя

Прычашчэнне церпкае маё.

 

 

НОЧ НА ПРЫПЯЦІ

Авёс паспелы на далоні.

І поле — мілае да слёз.

Стрыгуць траву начныя коні.

Ды будзіць Прыпяць цеплавоз.

 

Усё яшчэ... Яшчэ — не ўчора.

Але з якіх глухіх начэй

Мне зазірае ў вочы воран

Бязлітасна, нібы Кашчэй.

 

Яму — пад сто. Яму не спіцца.

Дый мне сягоння не заснуць.

І трызніць закахана Прыпяць,

І воды плыткія пяюць.

 

Усё яшчэ як на далоні:

Падкоўкі дзён, каралі рос.

Але ляцяць у бездань коні,

І рас-

сы-

па-

ецца

авёс.

 

ІМЯ ПА БАЦЬКУ

Ты дзесяць год забыў мяне, якую

Нанова мне вяртае новы час.

Ты дзесяць год завеш мяне па бацьку,

Нібы тым самым знаеш аддаленню

Халодную і жорсткую мяжу.

 

Ну што ж, з таго ні горача, як кажуць,

Ні холадна, павер, даўно і мне!

 

Прысніцца ноччу мне святы Іосіф,—

Дакладней, цесля

І вясковы бондар,—

А гэта значыць родны бацька мой.

 

Ён паглядзіць, ці не ўчарнелі рамы,

Ці дзверы не рассохліся ў кватэры,

Ці не рыпяць сасновыя масніцы,

Ці ёсць для свята месца на куце.

 

І покуль ты завеш мяне па бацьку,

І покуль я яшчэ жыву на свеце,

Яго ніяк я не ўяўляю мёртвым —

Я плоць яго, нявыветраны дух!

 

 

НЕ ВАРТА

Шукаць дарэмна броду — лепш ракою

У незнаёмым месцы плыць без жаху.

Не заграбайце жар чужой рукою:

Застацца можа іскра для пажару!

 

Цяжар не перавальвайце на плечы

Спадручнаму

у век суровай прозы.

Лаўровікі, не думайце пра вечнасць:

І помнікі не ўсе адліты з бронзы!

 

Уразіць твар, а болей — агароджа,

Якой паспеў дзівак адгарадзіцца.

Плануйце дзень і год свой асцярожна:

Пад восень і садоўнік мітусіцца.

 

Не трэба пеўняў разліваць вадою —

Праз пяць хвілін угаманяцца страсці.

Не варта рваць адносіны з бядою,

Бо непадзельна з ёю ходзіць шчасце.

 

 

ПА ДАРОЗЕ Ў ДАСТОЕВА

 

Красота спасет мир.

Ф. Дастаеўскі

 

Шукаць карэньчыкі роднасці сваёй?

А тут — лясы, падзолістая глеба.

А тут — каторы дзень! — і лье пралой.

Як Дастаеўскі, схмарылася неба.

 

Язычнікаў куточак? Не, музык!

Вось паляшук узяў скразную ноту.

Струна душы, падобная на ўскрык,

Перажагнала радасць і гаркоту.

 

І ў гэтай дзіўнай, грознай цішыні,

Дзе сад здзічэў, дзе звялі пералескі,

Як струны, перабраўшы ночы й дні,

Я вас не раз успомню, Дастаеўскі!

 

Нацяты нервы сэрцаў і планет.

І новы ўжо Раскольнікаў бунтуе.

На астраўкі расколваецца свет.

Якая ж прыгажосць яго ўратуе?

 

 

У ЧАБОРУ СПЫТАЙ...

Шчэ да вечара доўга — далёка,

Шустры конік збівае расу.

Абсалютна спакойна і лёгка

Я зялёную ношку нясу.

 

Водар лесу ці вецер гаркавы

Развярэдзіць шчымлівы ўспамін.

...Ёсць у ношцы балючыя травы,

Ну, напрыклад, дурман і палын.

 

Адпачну ля глухой пераправы,

Покуль з громам спрачаецца дождж.

...Ёсць у ношцы вясёлыя травы,

Як да праўды — крапіўка і хвошч.

 

Гэй, няма толькі зеллечка злога —

На яго небагаты мой край.

...Скуль іду я, куды мне дарога —

У чабору, радзімы спытай.

 

КАЛЯДКІ

Вось і ўсмешка, як вясёлка ў кроснах.

А каб хто ж яе і паспытаў:

Вывернуў кажух мой бацька хросны,

Удавец-браток надзеў каптан.

 

А каптан — зялёны ўвесь і горкі,

А браток, надзіва, гаваркі —

Круціць мне сланечнік цуда-зоркі,

А на ёй — вавёркі і ваўкі.

 

А на ёй — лагодныя авечкі,

Гордыя алені і зубры...

Дык чаму ж згасаю тонкай свечкай,

Нібы паміраю без пары?

 

Мне шкада і хроснага, і брата,

І зары, што стаяла ў акне.

Гэты маскарад і гэта свята —

Спецыяльна, знаю, для мяне.

 

ПЯРСЦЁНАК

Да бляску двор замёў усходні вецер.

Вось і ад сэрца трошку адлягло.

...То дзесь было: у космасе, ў Сусвеце

Ці на мяжы палыннае было.

 

Ўракла матуля: «Будзе трудна з думкай.

Ніжэй трымайся неба і зямлі».

А я чужым зайздросціла мядункам —

Яны бяздумна пахлі і цвілі!

 

Па кветках тых даўно тугі не маю.

Мінае лета. Коціцца зіма.

І ўсё ж адну да сэрца прытуляю,

Хоць назвы ёй і памяці няма.

 

Чакае шлях... Чакае золак дальні.

Чаму ж душа бянтэжыцца яшчэ?

...Прымераю адзін пярсцёнак даўні —

І, нібы варам, палец апячэ.

 

 

* * *

Ружовы цвет і хараство садоў.

Адкрыты жаль заложніцы-эпохі.

А на зямлі не менее удоў,

Нібы ва ўсім павінны катастрофы.

 

Чытай сябе і вывучай, паэт,

Маліся на магілы і бярозы.

Калі ж нарэшце вылюднее свет

І скончацца ваенныя пагрозы?

Калі ж дашчэнту згіне яд і тля

І станецца любоў невыпадковай?

Бо, як жанчына, цягнецца зямля

Да абароннай ласкі мужыковай.

 

Дваццаты век. Бары і курганы.

Радзінны спеў і пошум Белавежы.

Мы ўсё яшчэ будуемся з вайны

І — ад вайны! — няўжо ізноў залежым?

 

РОЗУМ

Згустак шэрага рэчыва —

Мозг журбы і надзей.

Свет стаміўся ад спрэчак,

Ад падзей ці людзей!

 

І зямля знепакоена,

Цяжка стогне зямля.

Землятрусамі, войнамі

Хіба выжывем

для

 

Непаўторнае, новае,

Залатое пары...

Хто вы, мондрыя Коэны,

І — за што? — змагары.

 

Свет вялікі і розны:

Межы, дрэвы, драты.

Толькі верыцца ў розум

Той,

што сее жыты.

 

Свет ласкавы і грозны:

У крыві і ў расе.

Толькі верыцца ў розум

Той,

што шчасце нясе.

 

Згустак шэрага рэчыва,

Згустак шэрага вечара.

Згустак страшнага нечага,

А ці добрага, вечнага?!

 

 

ПАЭТ

Ты залатую мрою не дагоніш,

А толькі словам немату загоіш

І выйдзеш зноў — без слова і пяра...

І ты душу сасмяглую напоіш

Сівой расою з роднага двара.

 

Усё, што знаў, з маленства ты запомніш

І калыханкай ўсё, што меў, напоўніш,

Нібы Купала, Пушкін ці Саят...

Ты ад расколу свет не абароніш,

Дык дзякуй хоць за тое, што аброніш

Шчымлівы і распытлівы пагляд.

 

Ты пасланцоў увагай удастоіш

І сілы непасільныя падвоіш,

Каб усміхацца і не ўпасці — ніц!

Правалішся, васкрэснеш і прымроіш

Глыток вясны з павысахлых расніц.

 

Старынны ямб нанова перакроіш,

Знябудзеш тлум, забудзеш новы пройгрыш,

Каб дачакацца лепшае з часін.

Ўзляціш да зор, а ямы не абойдзеш,

Здалееш страх, а ў шклянцы буру знойдзеш,

Маленькі бог зямлі і вечны сын!

 

 

* * *

Глыбы думак. Праху глыбы —

За сівою даўніной

Паміж Сцылай і Харыбдай,

Паміж сценкай і сцяной.

 

Адзіноты век? Гукання?

Не пачуўшы голас мой,

Ты прышлеш мне прывітанне

Паміж сонцам і зямлёй.

 

Беспрытул? Ды, дзякуй Богу,

Не згасае успамін.

Дай мне ласкі на дарогу,

Дзікі ландыш і палын.

 

Будзе светла мне і горка

За лагчынай, за гарой

Паміж ранішняю зоркай

І вячорнаю зарой.

 

 

МТАЦМІНДА 1

 

У Тбілісі, у пантэоне на гары Мтацмінда, пахаваны Ніколаз Бараташвілі, Ілья Чаўчавадзе, Акакій Цэрэтэлі, Важа-Пшавела, Галакціён Табідзе...

 

Вінаградны і сонечны дзень,

Нібы горы, тут высяцца леты.

Не бывае бязгрэшных людзей,

Не бывае бязгрэшных паэтаў.

 

Мы з табою, гара, памаўчым.

Дык чаму ж навакол пасвятлела?

То каханыя лікі жанчын —

Можа, Мэры, а можа, Натэла.

 

Як прыбіты яны да цябе!

Хоць над ласкай — зямліца сівая.

Час не можа сканаць у журбе,

Бо паэзія сэрца — жывая.

 

Дай мне светлую жменьку надзей,

Цеплынёю грузінскай сагрэтай,

Не бывае бязгрэшных людзей.

Як святых, тут шануюць паэтаў.

 

 

СТАРЭЙШЫЯ МАЕ

І смутак абаўе

Мой дзень, яшчэ харобры.

Старэйшыя мае,

Мне з вамі добра.

 

Звіняць гадоў званы:

Да каласочка — колас.

Між мудрай гаманы

Ваш чую голас.

 

Я ўжо сама, як госць,

На шлях гляджу сурова.

Але пакуль вы ёсць —

Пульсуе мова.

 

Няхай і млосць, і злосць

У твар, як вецер рэзкі.

Але пакуль вы ёсць —

Шумяць падлескі.

 

Прасторы не стае,

Зашмат сіроцтва?

Старэйшыя мае,

Мне з вамі — моцна!

 

 

* * *

Не прад’явіць віны пасля —

Пасля крушэння і гаркоты.

Дзе музыка твая, зямля,

Ў якіх барах начуюць ноты?

 

Ці неўрадлівы выпаў год,

Каб нам у стрэсах захліпацца...

Паэзія — агонь і лёд:

Сто раз згараць і уздымацца.

 

Мая трывожная любоў,

Перад табой я вінавата.

А ты ізноў жывеш наноў —

Галубіш боль.

Шукаеш свята

 

І рупішся, нібы народ

У разгалосым перазове.

...Пісаць, нібы ісці пад лёд,

Каб потым зноў узняцца ў слове!

 

ЧАСІНЫ ГОДА

У глыбокай задуме азерца.

Пах мурожнай прывялай травы.

Я тваё невясёлае сэрца.

...Снег не сходзіць з тваёй галавы.

 

А заўчора трывожна крычалі,

Пакідаючы Пінск, журавы.

Углядаюся ў цемень адчаю —

Снег не сходзіць з тваёй галавы.

 

Засынаючы толькі пад ранак,

Груд падушкі абнімеш ямчэй.

Заваліла, засыпала ганак

Белай памяццю белых начэй.

 

Хай пяе маё сэрца, як схоча,

Я шчаслівыя маю правы.

Мама! Лівень вясновы ляскоча.

...Снег не сходзіць з тваёй галавы.

 

МАМА I ПТУШКІ

Горкі беласнежныя падушак —

Як з-пад галубінага крыла...

Колькі ёсць на свеце слаўных птушак

Ты ж у іх усё пераняла!

 

Як ад панядзелка — да нядзелі

Дні ў бясконцай працы навылёт:

Ластаўкай нястомнае надзеі,

Горлінкай нязмераных клапот.

 

Мне не страшна на суровым снезе

У бухматым, цёплым каўняры.

 

...А ў сінічкі пальчыкі замерзлі!

...Вуціца зімуе ў азяры!

 

За грамамі веку, за дажджамі,

За чаканнем сонца і адліг —

Сойка скрухі,

Перапёлка жалю,

Кнігаўка маіх лірычных кніг!

 

МАЦЕЙ І ПЦІМЕЯ

Разліў садоў ды салаўіны пошчак,

Зялёнаму жыццю няма граніц.

І на сяле, адкрытым, нібы плошча,

Усё відно да саменькіх драбніц:

 

Дзе крот жыве, а дзе трашчыць сарока.

Каго багацце смокча, як удаў.

Хто шчытны плот узвёў да самых вокан,

Хто незаконна лесу нацягаў.

 

Хто хлебануў — ушчэрць! — вайны і гора.

Каго — дагэтуль! — доля не знайшла.

...А вось яны спяшаюцца у горад,

Пакуль зара на небе не ўзышла.

 

І валіцца гадзіннік з рук Мацея,

І колецца дыван, як асака.

І сцеражэцца чапялы Пцімея,

Што ўкрала у суседкі мужыка.

 

КАЛІНА ЗІМЫ

Полымем зыркім душу апаліла.

Полымем белым ўзняло з небыцця.

...Ой жа зімой закіпае каліна,

Гронка яе — як надзея жыцця.

 

Позняя ягадка позняй спакусы.

Вэлюм маёвы растаў па вясне.

Запунсавела-прыпухлыя вусны

Свецяцца ціха-шчасліва праз снег.

 

Выберу сёння якую вандроўку,

Каб неўталоннай душы дагадзіць?

Светла аклікну каліну-сяброўку —

Сумам маім на мяне паглядзіць.

 

Белапушыстыя ўскінуты бровы.

Час замірання. І час адкрыцця.

Доля мая — нібы гронка любові

Б’ецца над сцішанай голькай жыцця.

 

 

* * *

Куды ні гляну — гурбы маразоў,

Скупы праменьчык дзённага свяціла.

Навошта ён з’яўляецца ізноў,

Той чалавек, якога я забыла?

 

Я памірала. Тысячу разоў.

Даўжніцаю была зіме і маю.

Ды немінуча паўстае ізноў

Той чалавек, якога пазбягаю.

Хто выдумаў даверлівасці код,

Калі душой кіруе незалежнасць?

Між намі шлях у цэлых дзесяць год,

Між намі толькі вочы і бянтэжнасць.

 

Як вераломна — спрэс! — цвітуць сады,

Што і гаркоты больш не заўважаю...

Чакаю — скрозь! Чакаю — назаўжды

Таго, каго пазбыла. І кахаю!

 

 

ДА ВАС

Аціхлі дрэвы і шляхі,

Каб голас Ваш змагла пачуць я.

Так растапляюць лёд глухі

Вясны жаданыя пачуцці.

 

Пастойце ж на гары крутой!

Нам усё роўна дыхаць розна.

Так белізны сваёй святой

Засарамаціцца бярозка.

 

Я аддала сябе сама

Ва ўладу полымя і скрухі.

Каторы год між нас — зіма,

Ляцяць гады, як завірухі.

 

Сачу задумнай сіратой

Адзін пагляд, што мілы зроку.

Пабудзьце ж на гары крутой!

Я пакланюся Вам здалёку.

 

 

ПА ШЧЫРАСЦІ, УНІЗ

Дарунак ці сюрпрыз

Прыдбалі мне вякі?

...Па шчырасці,

уніз

Да саду, да ракі.

 

Тут балацяны хмыз

І шыр ва ўсе бакі.

Па радасці,

уніз

Да сэрца, да рукі.

 

Шаломам шалаша

Атуліцца давер.

(А я да Вас ішла

Па міласці, уверх.)

 

Душы маёй капрыз

Загояць маразы.

Па гордасці,

уніз

Да ўсмешкі, да слязы!

 

 

УСЁ ВЫДАТНА

Усё выдатна, Божа мой,

Ні адной зары не згасла!

Можаш з вернасці маёй

Віць тугое перавясла.

 

О глухі ідэаліст —

Мой нязведаны каханы,

Можаш так, як гойны ліст,

Прыкладаць мяне да раны.

 

Прыпазнілася, відаць,

На святло з твайго прамення.

Можаш сцены збудаваць

З белакаменнага цярпення.

 

Зачакалася — каго?

Балючэй жыву з узростам.

Можаш з горачка майго

Затапіць варожы востраў.

 

Можаш зліцца на мяне,

На калючую, на ёлку...

Ды з характару — о не,

Не зляпіць табе свісцёлку.

 

 

СТРЫЖЫ НАЧНЫЯ

Стрыжы начныя, ластаўкі ў зеніце,

Хоць на хвілінку сонца запыніце.

Няўжо сюды я ехала дарма?..

Якая песня зноў начуе ў жыце,—

Аб тым сакрэце мне не гаварыце:

Аб самым-самым — допыту няма!

 

Дажджы сівыя, бліскаўкі-маланкі,

Аціхніце ну хоць бы на світанку.

Няўжо чаканы промень абміне?

Якія тут світалі вышыванкі,

Звінелі тут якія калыханкі!..

Мне горача. Не кройце сэрца мне.

 

БРАТ

Калі акно прасвечваюць зарніцы

І град страляе з громам неўпапад,—

Няма ў сястры

сардэчнае сястрыцы,

Ёсць толькі брат. Названы мною — брат.

 

Самоты гордай скінуўшы карону,

Укленчыўшы грамам, як абразам,

Я пазваню яму па тэлефону!

Не, ён пачуе — і пазвоніць сам!

 

Бог ведае, калі наступіць ранак

І будзе сэрцу кожны промень рад.

А ноч гудзе, і ў зарыве маланак

Танюткую рабіну лупіць град.

 

Будуе межы час і крышыць сцены,

Каб месцечка было для шчырых свят.

Мой дзіўны друг і дар мой неацэнны,

Мой чуйны брат. І дзякуй лёсу — брат!

 

 

* * *

Крутыя берагі.

Аглухлыя азёры.

«Ты ёсць — і свет другі!» —

Мне чуецца ў прасторы.

 

Пад купалам нябёс,

Дзе голас, як літанне,

Такі нам выпаў лёс:

Суцэльнае чаканне.

 

Ад промня — да тугі,

Ад жалю — да усмеху.

«Ты ёсць — і свет другі» —

Расколваецца рэха.

 

Далёкі, дарагі,

За лесам, за гарою...

Ты ёсць — і свет другі! —

Сама сябе загою.

 

 

* * *

Недалюбіла? Не, не палюбіла

Пазёрства, двухсэнсоўнасць, каламуць.

Ну што б каго мая журба журыла,—

Не-не ды вострым слоўкам упякуць!

Але пульсуй, высокая часіна!

Выходзь, душа, са звыклых берагоў!

Memento mori2? Думаю пра сына,

Пра сэрцайка чуллівае яго.

 

Па дабрыні, па шчырай песні голад.

Налегцы мчаць гадкоў маіх вазы.

Гартуй, высокі лёс,— высокі холад!

Пякучы снег, прапальвай да слязы!

 

Зліецца хай з людскімі галасамі

Душа на веснім гуку салаўя:

Аптымістычна — горкая, лясная,

Як і сама паэзія мая.

 

 

АДЗІНОЧНЫ ЛІК

...Адгарадзіліся хваробай,

Жыцця уласнага стратэг.

І не брылі вы па калдобах,

І не ўмярзалі ў жорсткі снег.

 

І на абед хоць шчаўя міска,

Ды ўсё ж — гарачая! — была.

А ці не пёк вам ногі прысак

Ахвяр з радзімага сяла?

 

І ў жылах кроў не бушавала,

Калі пілікаў смерці вальс?..

І вось прайшла яна, навала,

Ля вас, дакладней — міма вас!

 

Хвароба, скажаце, цярпенне?

А як змаглі дасюль дажыць,

Што франтавік — вайны сумленне

Бязбожна ў спіну вам глядзіць?

 

ПАСЛЯ ТРАЎМЫ

Здавалася: ні голасу, ні цела,

А ў галаве — сірэны і званы.

І аднаго тады душа хацела:

Упасці у сівыя палыны!

 

Смылела ноч, палаты дыярама,

І чорны прывід кратаў за руку.

І знала я: рыдае дзесьці мама

І, ледзь жывая, едзе ў цягніку.

 

Кругі шляхоў, як чорныя пласцінкі,

І смутнай хваляй — сэрца ускалых.

І курс немедыцынскае лацінкі

«Per aspera...» — будзілі хворы слых.

 

Мне сорамна цяпер і не да твару

Маленне прорвы воўчай ці грудка...

І знаю я: ёсць тысячы аварый

На ўдары сэрца, думкі і радка!

 

Прайду быллём і церпкай лебядою.

І на жыццё развяжа вочы сын.

...Гляджу, як прад усмешкай маладою

Дрыжыць сухі, збянтэжаны палын.

 

КАНТРАСТЫ

Ты цяпер немагчыма далёка.

Вырву з градаў палын і асот.

Але воран — калючае вока —

Прабівае душу навылёт.

 

Захінуся шалёнаю сцюжай,

Завяжу вузялочкам кутас.

Чорны воран над белаю ружай:

О, які фантастычны кантраст!

 

Я сачу, як пялёсткі злятаюць,

Як заходзіцца вецер сляпы.

Рызыкоўна праз боль праступаюць

Кіпці ворана, ружы шыпы.

 

Адкажы, да чаго б гэта, дружа,

Кружыць,

сну разарваўшы кілім,

Чорны воран над белаю ружай —

Як над выстылым сэрцам маім.

 

 

ДЗЯКУЙ, АРЛЕКІНА!

Устаць і ўпасці, ды ізноў на ногі,

Каб чэснай працай зноў світалі дні.

А я ў сляпых пыталася дарогі,

А я ў глухіх маліла дабрыні.

 

А я ў нямыя грукалася дзверы,

Дзе толькі ад варот і паварот...

Я клоуну дзівілася на сцэне,

Не бачачы салёна-горкі пот.

 

Ну што ж, ты вельмі ў час мне, Арлекіна

(Даруй за перыфраз: Арле-кіно),

Труха пустых блуканняў і мякіна

Па котлішчах развеяны даўно.

Ужо ні гром, ні бура не лякае,

Не ўзяць мяне ў абдоймішчы тузе.

Вось лапічак зямлі маёй, якая

На песні узышла, як на слязе.

 

 

* * *

Лёгка слалася дарога,

Не скупілася надвор’е,

І ўзляталі нашы думы

Вышай роднага парога.

Вышай коміна над хатай,

Вышай пёрыстых аблок!..

 

Ці ж дарэмна зрок і сіла

Перайшлі ў нас з самых мудрых,

Нескароных і ласкавых,

Мужных вояў, шчыраўніц?

Але ж ёсць: лятаем ніжай!

Ніжай праўды і сумлення,

Ніжай ласкі і даверу,

Ніжай розуму свайго.

 

 

* * *

Сёння і вечна! — і мы са шчаслівых.

Бульбу пастаўлю, гуркі пасалю.

Я і сама не люблю шкадаўлівых,—

Болей суровых і гордых люблю.

 

Ценькая нітачка лёсу-спаткання.

І за туманам агню не відно.

Дык разбудзі маё сэрца да ззяння! —

Хай і пяе, і канае яно,

 

Хай не шукае сабе падабенства

Праўдзе і споведзі наперакор.

...Што ж ты шкадуеш мяне,

бы ў маленстве

Вецер шаўковы ды сіні чабор?

 

 

* * *

Мне б запыніцца на юрлівай косцы,

Пакладзіста вяршыць астачу зім.

Як бедная ўдава ў мужчынскай вёсцы,

Я многім абавязана, усім.

 

Радзінная мая і гаваркая,

Ах, вёска, ты ў прагрэсу на мяжы.

Ды дзе яна, мужчынская такая! —

Ты хоць адну мне сёння пакажы.

 

Прайшлі вякі. Пампеі. І Даная.

Але агонь і хіжасць правяць баль.

Як рэчка, што ад хіміі канае,

Я многім абавязана, на жаль.

 

Шукаю песню, як іголку ў стозе.

Шукаю кроплю праўды у мане.

Калінаю гарушчай пры дарозе

Я многім абавязана і — не!..

 

 

* * *

Нясуджаны, я так скажу аднойчы,

Заглядваючы ў бездань, нібы ў дні:

Міні мой дом, і голас мой, і вочы.

Забудзь мяне. Яе — не абміні!

 

Грахом узнагароджаны, закляты!

Святы, нібыта Юрый на кані,—

Пі юны хмель, растрачвай грошы ў свята,

А на яе хоць зводдаля зірні.

 

Яшчэ зялёны дзень, яшчэ зялёны

Разбег вясны на маладым ствале.

Зрывай апладысменты і паклоны,

Тапчы пажар бясслаўнасці,

але,

 

Калі святло ад недаверу згіне,

Няспешна прывітай яе спярша:

Я так цябе чакала, што ў каліне

Адбілася уся мая душа!

 

 

МАРЫЯ

І падкажа мне сцяжыну гром

І яго бурчання адгалоскі.

Я ўвайду ў забыты Богам дом

На краёчку апусцелай вёскі.

 

Колькі спеўных верасняў сплыло,

Колькі белых адшумела маяў...

Ў доме гэтым ціша і цяпло

І утульна — болей не бывае!

 

Ацішэю. Што там да размоў!

На краі самотнае пяшчоты

Не баіцца цётухна грамоў,

Як і не баіцца адзіноты.

 

Тэпае ад печы да стала,

На партрэты дзетак пазірае.

(Вось і ўсіх вачамі абняла!)

Час такі — што лепей не бывае.

 

Час такі — да хуткасцяў ахвоч,

Нават з мёдам — часта несалодкі.

Малітоўны погляд карых воч

Моны Лізы? Не, палескай цёткі!

 

Ах, дзянёчкі, дзетачкі, гады,—

Дзе ж яны, світальныя такія?

Два вядры, паўнюткія журбы.

Два стагоддзі: космас і Марыя.

 

 

ПРАДЗЕД ФЁДАР, КОНЬ І ПАЭЗІЯ

Як на папасе, сустрэліся ў часе,

Цела ўмірае, а дух не памрэ.

...Прадзед мой Фёдар лятаў на Пегасе

Пасля таго, як загоны згарэ.

 

Бабка хрысцілася ў кут на святога,

Ды рыфмачу пападала найперш:

«Што ты складаеш, бязбожнік, пра Бога?

Чую, што смерцю сваёй не памрэш!»

 

Густа дымела табака у піпцы.

Богу прадаў а ці д’яблу душу —

Сумна-вясёлага ў вогненнай світцы,

Вёз яго чынненька конь з кірмашу.

 

Потым імчаў той віхор над балотам,

Біўся раз’юшаны вецер з вушэй.

Да найсучасных цяпер самалётаў —

Дух наўздагонны сягаў і вышэй.

 

Прадзеда світка ці слова світае?

Гэта агонія а ці агонь.

Рыфму, як іскру, з дарог высякае

Незацуглянай паэзіі конь!

 

 

20.VІ. 1985 г.

 

Аляксею Дудараву

 

Спакойнага дня санцалікі ірдзень.

Цяпла напіліся таполі.

А ў свеце, дзе столькі балючых падзей,

Жывём, як на атамным полі.

 

Нямала прайшло лікаванняў і кроз,

Шумяць цемналістыя кроны.

Мне светла і горасна так, што наскрозь

Ты бачыш мяне, аддалёны.

 

Ад шкла ветравога пагляд адыму,

І вочы успыхнуць, як неба.

Шчаслівы? Вядома табе аднаму,

А болей — нікому не трэба.

 

Я знаю, што родныя мы па жальбе,

Па зорцы, што мкне з абеліска.

Мы едзем, і пальцы дрыжаць у цябе

На чорным пластмасавым дыску.

 

Мінём крутаяр, а журбы не мінём.

Дзе шлях яшчэ выткан раднейшы?

Мы едзем ласкавым раскрыленым днём,

За дзень да вайны ў 41-м.

 

 

ЗОНА СВЯТЛА

Зялёны шум. Дарогі палатно.

І прагне, і шукае слова — слова.

Яшчэ не спіць у Мележа акно,

Яшчэ святло не гасне ў Куляшова.

 

Зялёны святлафор а ці імгла,

Наперадзе дыстанцыя ці фініш?

Жыццё,

жыцця ты іншага не мысліш

На катарзе любові і святла!

 

Аціхнуць спрэчак трэскі. Схлынуць стрэсы.

Дарога сцежку выбера ў глушы.

І некаму пажаліцца на бессань,

На непагоду ў свеце і ў душы.

 

Ды ў час, калі шукае слова — слова,

Знябыўшы тлусты тлум і мітусню,

Агеньчык цыгарэты Куляшова

І журавіны Мележа — прысню.

 

ПТАХ

 

27. VII. 1984 г.

 

А самых лепшых — час не беражэ.

Канае лета перапёлкай ў жыце.

Наведвайце яго — хто быў бліжэй.

А хто далей — дык светла ўспамяніце.

 

Упаў. І толькі крылы за спіной

Не хочуць знаць аб чорным дні нічога.

З усіх дарог ён верны быў адной,

Імя якой — народная дарога.

 

Ён апантана верыў і любіў

І над зямлёй кружыў, падобна птаху,

Запомніце яго — хто блізка быў.

Далёка хто — не варушыце праху.

 

Вы чуеце: гуркоча ў небе гром,

Але не страшна песеннаму птаху.

...Вам, хлопцы, гнаць да Турава паром.

Як і пры ім — не збочвайце са шляху.

 

 

УЗОРЫ

Хай выпаў век нам высакосны —

Не прывыкаць нам да грымот.

Да сонца мы павернем кросны,

Няхай шчыруе калаўрот!

 

Мы будзем спіну гнуць да зморы,

Пакуль худнее каляндар.

Мы ўспомнім дзіўныя узоры,

Дзе кожны колер, як удар.

 

Па еднай злітнасці, па крэву,

Прагнаўшы смутны цень з ілбоў,

Мы вытчам свет з любві і гневу,

Каб заставалася любоў.

 

Зялёны вырай, алы, сіні

Хай узлятае з-пад рукі!

...Марыля, Паўла, Ефрасіння —

Святло. Паэзія. Вякі.

 

 

НЕПАСТАЯННАЕ, ЯК ХВАЛЯ

Не аклікаць і не чакаць

Надзеі, нібы пены мыльнай.

І пасля лічбы «35»,

Душа, ты прагнеш быць стабільнай.

 

О бог з табой, мой вечны жаль!

Ды буду зноў за песню брацца

І, ахалоджваючы жар,—

Аб лёд маўчання апякацца.

Ну што ж, калі ўжо выпаў лёс,

Быць мужнай — Муза загадае!

Няхай прачулена — да слёз! —

Смяецца слова і рыдае.

 

Хай золь і вецер у акно,

Хай пераважыць скрухі шаля.

Жыццё паэта? Вось яно:

Непастаяннае, як хваля!

 

Душа смуткуе, як загнаны звер,

Нясцерпныя

залізваючы раны.

...Адкінь журбу і ў новы шлях павер —

Там чабарэц і верас закаханы.

 

І дол палае зорамі суніц,

Лагодныя пялёсткі сыпле ружа.

Хай будзе сто грымотных навальніц! —

Ды ні адна ўжо не застрашыць, дружа.

 

Такія ўжо нам выпалі гады —

Касмічныя!

Сумуе слова «пехаць».

Шукаць не трэба зелля ад бяды,

І ад сябе — наўрад ці можна з’ехаць.

 

Яшчэ ніхто не замаліў грахі

Бяздзейсным сузіраннем на аблокі.

Шчыльней самкнём разгалыя шляхі! —

Шчаслівы шлях не любіць адзінокіх.

 

 

ДАЛОНІ

Мне не збыцца у Вашых вачах.

Гэта кроў прылівае да скроні.

Дзень даўно адгарэў і ачах.

Чую цёплыя Вашы далоні.

 

Колькі зведана хіжай слаты

На дарогах, дзе вымерлі коні!

Не пад сховай сляпой цемнаты.

Перад Вамі я — як на далоні.

 

Ціхі сум, ціхі морак міне,

Разліюцца пяшчоты акорды.

І за што ж ушчувалі мяне

Злыя ветры з характарам нордаў?

 

Я — сугучча былін. І разлад

Закаханай бяссоннай пагоні.

Адыходжу. І нельга назад.

Дайце

шчырыя

Вашы

далоні!

 

ТРАВА

Зялёна гляне, як папросіць,

Каб не наехала аўто.

Яе даўно ніхто не косіць.

Тут не цалуецца ніхто.

 

Маланка блісне. Згасне зорка.

Пальецца дождж як з рукава.

Тут на траншэях і прыгорках

Расце трагічная трава.

 

 

СЯЙВО

Гэта промняў нябачныя гукі

Абудзілі мой ранак нямы.

Дык чаму ж не рассеюцца мукі

Праз кароткую споведзь зімы?

 

Гэта сонца так жорстка смяецца,

Што балюча ўглядацца да слёз,

Ці гарачае бацькава сэрца

Чорны воран у дзюбе прынёс?

 

УЧОРА?

Тае тоўшча календара —

Новы заявіцца скора.

«Учора» — шалее за вокнамі град.

«Учора» — не сцішыцца мора.

 

«Учора» — надрывіста вецер пяе,

«Учора!» — агеньчык сігнальны.

Учора — памылкі мае і твае

Аднесла дзевяцібальным!

 

Учора? Ды як зразумець, аднак,

Блудлівыя цені навокал?

Міргае

чырвоным

вокам

маяк:

Не заплывайце далёка!

 

Не ўпершыню мне выпала ўсплыць

Горасна і адзінока.

Сотая чаіца ў небе шуміць:

Не заплывайце далёка!

 

Выйду збялелая, нібыта смерць.

Слова тваё — апора.

Ведаеш, больш не хачу разумець...

Добра, што з намі — мора!

 

 

* * *

Яшчэ не збыты успамін

На вуснах смагай згорклай.

Маўчу цябе святлом калін,

Каменнямі узгоркаў.

 

Дубы паўсталі на дыбы.

Вартуе воўк маліну.

Ты вывучаў мяне, нібы

Далёкую краіну.

 

Ўспаролі урвішча грыбы.

Туман лясок ахутаў.

Ты пакідаў мяне, нібы

Перасяленцы хутар.

 

Салонка з хлебам на стале,

Абрусік даматканы.

Ты зноў вяртаешся,

але

Няма мяне, каханы!

 

 

САВІНАЯ НОЧ

Такой журбою асвятлю,

З лістком пытлівым пафліртую

І адкажу табе: «...не сплю,

Паколькі твой спакой вартую».

 

І абарвецца, як дакор,

Званок. І распадуцца словы.

Густая ноч. Нямы прастор.

Сабака брэша бесталковы

 

На гаражы, на лімузін,

На іншародную выгоду,

На апусцелы магазін

З лірычнай шыльдаю «Прырода».

 

Далёка — бор. Няблізка — лес.

Глыбока — водар верасовы.

Але, куды ні гляну,— спрэс

Заходзяцца, рагочуць совы!

 

 

ЭЛЕГІЯ ДОМА

Ці замнога адчаю і болю,

Ці зглынуў нас уедлівы быт?

Шыфаньерамі, кнігамі, моллю

Гэты дом дастатку набіт.

 

Тут па лесвіцы крочаць бы ўпотай:

Хто — з балонкай, хто — з рыжым катом.

Тэлевізіяй, спешкай, самотай

Да астатку заселены дом.

 

Праўда, скінецца дружна і разам

На пакойнага

люд па рублю.

І засведчыць сцяна безадказна

Нажавою зарукай «люблю».

 

Стукне ў шыбіну мячык дзіцячы,—

Вецер схопіць гардзіны кілім.

Ў гэтым доме смяюцца і плачуць,

Але рэдка спяваюць у ім.

 

 

* * *

Як доўга дождж ілье, а я не чую.

Наскрозь, да ніткі, вымакла зямля.

Ніхто нам шчасных дзён не навяшчуе,

Як самі мы — сягоння і пасля.

 

Вяртаючыся з болю, нібы з бою,

Галубячы ўцалелы успамін,

Нязбыўны мой, заручымся журбою

Зялёнаю, як раска і палын!

 

Даўно няма адказу ў запытання,

Жывём пад знакам шанцу і бяды.

І залатой разлукаю кахання

Апрануты асеннія сады.

 

 

Я ПАЧАКАЮ

Нічога не вяртаецца назад:

Ні гэты міг, ні гэты дзень,— я знаю.

Ты адыходзіш ціха ў снегапад,

А я люблю вясну. Я пачакаю.

 

Разрыў-трава. Нязбітая раса.

Халодны ветах блудзіць каля гаю.

І наша сцежка жытам прарасла.

А я люблю жніво. Я пачакаю.

 

Ідуць дажджы — хоць з хаты не вылазь,

Бяссонны год, як лён, перабіраю.

На туфельках, на белым плацці — гразь.

Я не люблю слаты. Я пачакаю.

 

 

СПРОБА НЕСЕНТЫМЕНТАЛЬНАГА РАМАНСА

Тваёй пакуты і святла прычына,

Тваіх скупых і неабачных слёз,—

Я возера з зялёнымі вачыма,

Агромленая голька ў высакос.

 

Гатовая да ўсмешкі-запытання,

Да стоенай насмешкі з-за вугла,

Спазнала толькі я

азы кахання?

Ды і ў такім — няшчаснай не была.

 

Здзіўляючыся дню і позняй красцы,

Што на пачатку снежня расцвіла,

Адчула я хіба што боль па ласцы,

Але і ў ім — жабрачкай не была.

 

Мой дзень былы, нібы капрыз маленства,

Паўторыцца ў пяшчоце і ў жальбе.

Так многа у прыродзе падабенства!

Але няма падобных на цябе.

 

 

* * *

Хай позняе лісце у жоўтай маркоце,

Хай смутак не мае акрас.

У век, што аглух да крынічных эмоцый,

Дазвольце мне думаць пра Вас.

 

Я дзёрзкія струны да болю кранаю,

Баюся напышлівых фраз.

Зязюля зялёнага гаю, гукаю:

Дазвольце мне думаць пра Вас.

 

Быў шлях. Застаецца кароткая сцежка.

Бязлітасна коціцца час.

Успышка імгнення і дотык усмешкай —

Усё, што было паміж нас.

 

Гарачыя вусны успыхнуць капрызна,

Нібы закружыў падэграс.

Ніколі. Нічога. Сягоння і прысна!

Дазвольце мне помніць пра Вас.

 

 

ЗНАК ТАЙНЫ

Ёсць тайны знак у песні неўміручай,

А гукі-словы — сэрца спарышы.

Ці знацьмеш ты, о колькі рос гаручых

Змясцілася на дне маёй душы.

 

Хай над усім мяккі вятрэц трапеча

І молада хвалюецца жытцо.

Прашу цябе: у гэты светлы вечар

Не гавары мне праўды пра жыццё.

 

Мой белы цвет асыпаўся дачасна,

Гарэзная, вада у шкле стаіць.

Але чаму заўсёды гэтак ясна,

Так лёгка мне з табою гаварыць.

 

 

* * *

Гэтыя зоркія вочы!

Гэтай пяшчоты прыбой!

Нічога не паўтараецца двойчы.

Я застаюся з табой.

 

Скруха з турботы знікае

Лёгка, як след мураўя.

Вецер мяне абвівае

А ці самота твая?

 

Поўныя бездані вочы

Нібы застылі ў мальбе.

Нічога не паўтараецца двойчы.

Як мне запомніць цябе

 

Так,

каб не чуў і не ведаў

Жалю майго краявід,

Так, каб не бегчы па следу

Хваляй салёнай наўзрыд!

 

 

КАХАННЯ САД

 

І ЛАСТАЎКА ВЯСНЫ

І дождж, і гром, і несціханы вецер,

І першы клейкі лісцік выразны!

...Абуджваюць балючае дасвецце

Кахання сад і ластаўка вясны.

 

Яшчэ з табой мы павяснуем, доля,

Бо соты раз, як позва адкрыцця,—

У светлыні агромленага голля

Кахання май і ластаўка жыцця.

 

Вясна, агонь зялёнага азарту,

Люблю твайго размаху крыгаход...

Зялёны сад — ён стане жоўтым заўтра,

Але нальецца тайнай сілай плод!

 

Аціхне шум. Ацяжалее крона.

Ды зноў успыхне лісцік выразны.

І блаславіць нашчадак акрылёна

Кахання сад і ластаўку вясны.

 

 

СКЕРЦА

Сплыве туман над ярам,

Над быстраю вадой.

А вось — і прыйдзе старасць

З кавенькаю тупой.

 

Напомніць пра зазімкі

У сцішанай вясне;

Рассыпле фотаздымкі,

Як веерам махне.

 

І хіба ў нашай волі

Хоць хвілю запыніць?

Яшчэ святла даволі

І нельга не любіць.

 

Парушым дзень звычайны,

Стандарт свайго жытла.

Яшчэ такой адчайнай

Я ўчора не была.

 

І покуль снег зляжалы

Вясёлы дождж скубе,

Залётныя,

без жалю

Даверымся сабе!

 

 

ФАРТЫСІМА

Расклад зімы вясна ў архівы спіша.

З вясны пачнецца мой наступны год.

Фартысіма — расколатая ціша.

Фартысіма — які глабальны лёд!

 

Вось-вось лістоў зялёныя запалкі

Успыхнуць, салютуючы вясне.

Узбудзяцца з ліловых сноў фіялкі,

А ў далавах не хоча таяць снег.

 

Скажы, якім найменнем адгукнецца

Крыжасты крыгалом, нібы разбой?

Заходзіцца ў чаканні свята сэрца,

А на душы не хоча глохнуць боль.

 

Мы злучым незлучальныя паромы.

Мы соль з’ямо, забыўшыся на мёд.

Фартысіма... Яшчэ няма мне стомы.

Фартысіма — які бясконцы лёд!

 

 

* * *

Звіняць вясёлыя лісты

Пад ветлы шум дажджоў.

О, гэта ранішняе: «Ты!»

Вячэрняе: «Няўжо?»

 

Які ж удакладніў мастак

Мой лёс на палатне:

О, гэта радаснае: «Так!»

Сумлівае: «О не!»

 

Два словы: разам, неўпапад!

Нібы з паўзабыцця...

А гэты белы снегапад

І гразь — працяг жыцця?

 

Ды растае у тумане,

Вяртае дня вярстак,

О, гэта зманлівае: «Не!»

Сардэчнае: «О так!»

 

 

ПА ГРЫБЫ

Ах, верасоўе, золкавыя ранкі!

Сухім галлём гады зашамацяць.

Гурмой на ўзлеску высыплюць паганкі,

Нібы далей няма чаго шукаць.

 

Дубоў ды сосен сцішаная варта.

Тут лепшы грыб не возьмеш напавер.

Стары ляснік падсыпле жару-жарту:

«Глядзі, чым мухамор — не кавалер?»

 

Стары мудрэц,— ён, як ігліца, колкі,

А вокі два — як водбліск васількоў.

...Я лезу, прабіваюся праз ёлкі,

Праз кіяхі арэхавых званкоў.

 

Так шчодра наталяюся расою.

Ужо, бы квач, цяжэе чаравік,

Зашыўся ў мох, цікуючы за мною,

Баярын бору — горды баравік.

 

 

* * *

Ні парушынкі ў небе, ні дажджынкі,

І мройна вішня пышная цвіце.

Яшчэ мая хада лягчэй пушынкі.

Адкуль цяжар так сэрцайка гняце?

 

Душыла смага, цалавала спёка.

Маланка з громам звязвала канцы.

Але не памірала ад апёкаў —

Зацягваліся песнямі рубцы.

 

Жыццё, ты стэп, што выгарэў да краю,

Дрыготкі ліст на восеньскім галлі.

І ўсё адно — цябе я абдымаю,

І ўсё адно цябе я бласлаўляю

За боль і рай на песеннай зямлі.

 

 

* * *

За высокай кручаю-гарою —

Крылы недасяжныя твае.

Дык чаму ж нацятаю струною

Не рыдае сэрца, а пяе?

 

Я яго аб гора разбівала,

Аб чужыя душы-камяні.

І цябе гадамі забывала,

Памінала — Божа барані!

 

Так жыву, бы з вечара да ранку,

Дзе гнязда і птушка не саўе.

Дык чаму ж струною-ашуканкай

Не канае сэрца, а пяе?

 

 

БАЛАДА ВЯРТАННЯ

Прыйшла к табе з далёкае дарогі.

Вачэй маіх знямогу не лаві.

Знасіліся сандалікі. І ногі

Параніліся моцна, да крыві!

 

Чытаеш боль ці песню на абліччы,

Баішся дакрануцца да рукі.

Віхор пашкуматаў мой лёгкі сітчык,

Але прыліплі к целу васількі.

 

Ды даражэй за розныя прапажы

Сустрэты мной адзін сівы Баян.

Не чуў даўно такой гаворкі, кажаш?

Няўжо і я — апошняй з магікан!

 

Гаворыш, сам сцярпеў разрыў і мукі?

Дык што ж застыў, далёкі Божа мой:

Вось сціхлыя, патрэсканыя рукі,—

Ліні на іх гаючаю вадой!

 

 

ЯК ПРЫХОДЗЯЦЬ РАДКІ

Не тыя, што пяском цякуць з эстрады,

Не тыя, што лязгочуць, як станкі,—

Халоднай ноччу, цёмнай, непрагляднай,

Самой пяшчотай цепляцца радкі.

 

Мая любоў, ты зналася са страхам,

Але праз прорвы бед і бальшакі —

Калінавым і жытнім спелым шляхам

Самой прыродай слаліся радкі.

 

Не ведаю нудоты. Толькі ноты

Радкоў наступных, часе, не ўтаі.

Хто спачувае мне? У адзіноты

Ў сябрах былі хіба што гультаі!

 

О толькі б не ўзарвалася дачасна

Зямля, дзе ўжо сумуюць жаўрукі.

Вось ты зірнуў! І хораша, і ясна

Да самай поўні мрояцца радкі.

 

 

МЕТАФАРА

Я высветлю цябе зусім знянацку

Над ціхім і напорыстым радком.

Метафара — ты ёлачная цацка,

Ліловы чад над бацькавым грудком.

 

Калі нячутна снег ляціць над светам

І доўга не праходзяць маразы,

Ты нібы ў дар з’яўляешся паэту,

Здзіўляючы да чуйнае слязы.

 

Цябе не раз лавілі, як какетку,

Прыклейвалі на чыстыя лісты.

Але заўжды была ты этыкетам

Народнае і мудрай прастаты.

 

Не адхіліць бы кволую былінку,

Не размяняць на дробязь пачуцця!

О, гэта ты — нязгасная іскрынка:

Метафара сумнення і жыцця.

 

 

БОЛЬ

Уваж. Хай быль-трава

Не будзе горкай піжмай.

...Ён, мама, двойчы два Герой.

Паклон, што выжыў!

 

У срэбры — галава.

І смута — агнявая!!

Ты, мама, ратных два,

Удоўка радавая.

 

Ты, мама, да канца

Пакорліва-святая...

А некаму свінца

Дагэтуль не хапае.

 

А ворагу пячэ

Зялёны звон планеты.

А ў хіжасці яшчэ

Плануюцца ракеты.

 

Не дай жа лёс, калі...

За намі, мама, тыя,

Навекі што ў зямлі

І двойчы два — жывыя!

 

 

* * *

Калі змагла б, вярнула б я не слова:

Адзін прамень — зямлёй і небам між.

Мой ясны свет, зялёная дуброва,

Ты ўсё шуміш, ты ўсё яшчэ шуміш.

 

Адзін прамень! Яго шукаюць рукі

Аблокамі і кручаю паміж.

Зялёны ліст нясцерпнае разлукі,

А ты звініш. Ты ўсё яшчэ звініш.

 

Шукае смага ў працы паратунку,

А дзень з гары ляціць, як пара лыж,

Крыжасты шлях сумненняў і лятункаў,

Чым далей, боль,— мацней яшчэ баліш!

Адкрыты дням і снам трывожным вочы,

Дзе так нацята стоеная ціш!..

Страла, што паўз мяне прайшла аднойчы,

Ты ўсё ляціш, ты ўсё яшчэ ляціш.

 

ЛЯ МУРОЎ СТАГОДДЗЯЎ

І рака бруіцца васількова,

І лябёдка плавае ў стаўку.

Не сказаў на развітанне слова —

Толькі спешна сціснуў мне руку.

 

Ля муроў стагоддзяў, ля падмуркаў,

Дзе яшчэ не вымерла святло,

Мітусяцца восы і казюркі,

Ладзячы утульнае жытло.

 

А калі успыхнуць зараніцы

Горача,

нібыта макаў квет,—

Бачу голаў скрушнае званіцы,

Гамлета трагічны сілуэт.

 

Дружа мой, як абяднела ліра:

Толькі спрэчкі — стрэламі ў сцяне.

Час — даўно! — ідзе пасля Шэкспіра,

А білет на драму — у цане!

 

 

НА ЎСЯКІ ВЫПАДАК

Сын, як заўсёды,

Акуратна рабі урокі:

Дысцыпліна — харошая якасць

Не толькі поспеху ў школе.

 

Сынок, як і ўчора,

Паслужы няўцешным суседзям,

Адзіны сын у каторых

Нечакана загінуў ад кулі

На суровым полі заслоны!

 

Сыночак, чэсна, бы ўчора,

Прынось грашовую здачу

З прадуктовага магазіна.

Ды, на ўсякі выпадак,

Умей даць здачы

Подласці і няпраўдзе!

 

І яшчэ: будзь прывязан,

Як можаш,

Да верных сяброў па сэрцу

(Не дай табе божа мяняць іх на новых!),

Бо можа так здарыцца,

Што заўтра —

Не выйду табе насустрэчу.

Мама.

 

 

* * *

Будзе слоту абвяшчаць прагноз,

Лістабой учыніць ператруску.

Песняй, што расчуліла да слёз,

Я прыму цябе па-беларуску.

 

Краю блаславёнага дачка,

Дзякуй лёсу,

маю не ў нагрузку —

Зорны крыж Мацея Бурачка...

Ты ўва мне прызнаеш беларуску?

 

Сто разоў шукай другой красы,

А тым больш што свет даўно не вузкі!

...Ды калі ты не бязродны сын —

Гавары са мной па-беларуску.

 

Час — вар’ят, шалёнае таксі.

Толькі ўсё ж не мыслю я аб спуску.

Кажаш, што магілы зараслі?

Памаўчы са мной па-беларуску.

 

 

ТАТА

Позірк пяшчотны злаўлю,

Светлы, нібы ад пшаніцы:

— Хочаш, пярсцёнак куплю,

Хочаш — вазьму завушніцы.

 

Ты клапаціўся дарма:

Вока на цацкі не мела.

Столькі мне год, што й сама

Я абдарыць бы хацела.

 

Як зажуруся ў жыцці —

Хоць бы маленькую ўцеху!

А да цябе — не дайсці,

А да цябе — не даехаць.

 

Ты мой заступнік адзін.

Высахлі слёзы. Не плачу.

Дык хоць у сне пакладзі

Рукі на лоб мой гарачы.

 

 

НАША ПОЛЕ

Вось і пажата наша поле,

Аціхлі спеву каласы.

...Мы пасядзім з табой, саколе,

Як і ў мінулыя часы.

 

На шлях няроўны азірнуся

І на удачу — мімаходзь...

Ты не паддайся чорнай скрусе,

Капрызам веку не дагодзь!

 

Сягоння — ўзлёт, а заўтра ціша

І крылы складзены стырна.

Але прыслухайся, як дыша

І як пяе душы струна.

 

Адна яна! Адна — да болю,

Да азарэння, да слязы!

І каласіцца наша поле,

Як і ў харошыя часы.

 

 

РАДАСЦЬ

Вось бы й не было тугі — бяссоння,

Злых вятроў, занудлівых дажджоў.

Чысты снег на плоце і балконе.

Я кармлю расчулена сягоння

З далані вясёлых снегіроў.

 

Лес, ставок ды заінелы кусцік...

Шклінка недаверу звонка хрусне.

Ўецца маладая палазня.

Ўсё ізноў вяртаецца да вусця:

Годы, перазовы, чысціня.

 

Ты мне праўду залатую схлусіш,

Слоўкам недазволеным укусіш,

Нібыта юрлівы маразок.

Возьмеш — і навекі не адпусціш

Плеч маіх знямелы астравок.

 

Будзе сон трывожны і адхланне.

Будзе падаць рэўнасці шкала.

Бласлаўляю сонечнае ззянне,

Позняе і дзіўнае вяртанне

Вуснамі — да вусця і святла!

 

 

ЗАСТАЮСЯ КАХАНАЙ!

Страшна ўвечары жыць

З незагоенай ранай.

Ты сказаў: «Адбаліць,

Заставайся каханай».

 

Страшна ноччу мне быць

З гаркатой апантанай.

Ты сказаў: «Адшчыміць,

Заставайся каханай».

 

Ах, нуда — не бяда

Ў цішыні расстралянай.

На праломе ільда

Застаюся каханай.

 

Валуны ды вуглы,

Золь дарогі калянай.

У праёме імглы

Застаюся каханай!

 

 

І ПРЫЙДУЦЬ ІНШЫЯ...

І прыйдуць іншыя, другія,

Нібы вясновы — хлыне хор.

Ды ў час глыбокай настальгіі

Ёсць сэрцу спеўнаму дакор:

 

Там, у палоне шчаснай мукі,

Дзе шлях паэта не відзён,

Я ноч растрачвала на гукі

І на радкі — праменні дзён.

 

Але — ізноў! — ратункам рання

Любоў і песня на зямлі.

Ва ўсе часы — ад запытання

Да апраўдання мы жылі.

 

І прыйдуць іншыя... Узаемна

Уславім дзён сэрцабіццё.

Пара мне знаць, што недарэмна

Па кроплі траціцца жыццё!

 

 

НА ГОЛАС ЛІРЫ

І кожны дзень — гарачы вырай

Здзіўленняў, радасці, клапот.

Так я іду на голас ліры,

Дзе ўсё — фантазія, палёт.

 

Які зайздросны свет паэта —

З нябачных промняў вобраз ткаць,

І — заміраць на схіле лета,

І ў вольным слове ўваскрасаць!

 

Яшчэ світаюць і лунаюць

Сузор’і вернасці ў палях.

Няхай грамы ператрасаюць,

Пераварочваюць мой шлях.

 

Але гудзе любові крылле,

Шчаслівы славячы прыгнёт.

Жыццё маё, і там, на схіле,

Ты ўсё — загадкавы палёт.

 

 

АБОЗ

 

Малюнак дзяцінства

Абшар жытны, зіркастыя півоні.

Яшчэ на ласку не ўзрасло цаны.

Майго маленства залатыя коні

І шчырыя — на песню — цыганы.

 

Рассыпаны па ўзлесках медуніцы,

Гандлюе крама сітчыкам з нябёс.

Смачнейшую бярэ ваду з крыніцы

Перасялян здарожаны абоз.

 

Дзяцей варушыць дзядзька чарнавокі:

«Праспіце, соўкі, сонца ў галавах».

Плывуць шляхі, як светлыя аблокі...

Ды я не знаю ніц яшчэ пра Шлях!

 

Мне хочацца кудысь перасяліцца

І ехаць пад крылатасцю аблок.

...Імчыць жыццё, нібыта калясніца,

А я ў руках трымаю вузялок.

 

Куды ж — здалёк! — вяртаюся напіцца?

Даверлівасць душы, як матылёк.

Імчыць жыццё, нібыта калясніца,

І я у ім — заманлівы яздок.

 

 

...ТЫ НІБЫ ЗНОЎ КУПАЕШСЯ Ў РАЦЭ

Нервова ў сне уздрыгвае стыхія.

Вартуе месяц зорак чараду.

Спакойны плаў, а берагі крутыя.

І п’е зара глыбокую ваду.

 

Расце трава пад буйнаю расою,

Тэмпература яснасці у руж.

Я захлынуся дзіўнай цішынёю

Бліз вёсачкі, што грэе сорак душ.

 

Лясоў і рэк высокая свабода,

Мне не з пляча з табою быць на «ты».

Спакон вякоў натуршчыца-прырода

Баялася людское слепаты.

 

О колькі пад нагамі красак стлела!

О колькі незаўважана цвіце!

Душа, ты, як ад болю, прасвятлела,

Ты нібы зноў купаешся ў рацэ.

 

 

* * *

Шастае вятрыска па дуброве.

Сонца лістапада — на нулю.

Залатой саломачкі карове

Паўкапешкі шчыра рассцялю.

 

Покуль будуць частавацца госці

Ды цягнуць расчулены хмялёк,

Занясу Барбосу (ягамосці,

Проша не аб’едзены кусок).

 

Пойдзе галасей руды і хмуры,

Асівее цішыня двара.

Лаз прыкрыю, каб дурніцы-куры

Не ўпусцілі хіжага тхара.

 

Стане песні дзіўнай пераборы

Варушыць зрадзелая радня.

Будзе ноч празрыстая. І зоры.

І паўсюль — на свеце! — дабрыня.

 

 

* * *

Слоў медзякі... Пачуццяў бранзалеткі...

Іграй, святло! Струмень, любові ток!

Душа, ты напрасілася ў паэткі?

Глыбей, з гадамі, чую твой аброк.

 

О ты, чаўночак сельскае хаціны,

Вяртай мяне ды на свае кругі!

Прайшлі вякі, баталіі, карціны...

Каму ж і чым не сплочаны даўгі?

 

На карце міру хто паставіць кропку —

Празорлівы палітык ці паэт?

Яшчэ не ўсе раскрыліся раскопкі

Загінуўшых ад хіжасці планет.

 

А свет ізноў — спакусы ды інтрыгі,

А свет ізноў на вастрыні падзей.

...Мае вярыгі — будучыя кнігі,

Я думаю пра вас, як пра людзей.

 

ВІШНЯ

Ясельда. І кладачка, як прасла,

Зоўнае зязюліна «ку-ку».

Молада. Зажурана. І ясна.

Ціха, бы ў таежным тупіку.

 

Дзесьці спее сонная залева

І чакае лодачка вясла.

Берагам пакатым ходзіць Ева —

Заатэхнік нашага сяла.

 

Вішня ў квеце, цененькае дрэва

Да смугі — адкрытае вясне.

Жэўжыкі гукаюць: «Калалева!»

Каралева? А чаму ж і не!

 

Гэй, дружочкі, хто аклікне Еву,

Хто пашле сардэчны ёй прывет?

Ані вецярочка, ні павеву...

Ападае сам вішнёвы цвет.

 

 

СВЯТА ПІРАГА

Пірог спякла, ды ўспомніла шайморы,

Бяздомнасці сівыя палыны...

Ты плачаш, мама? (Год ідзе каторы,

Каторы час ідзе пасля вайны!)

 

Ты ўся гарыш, нібы пасля застуды,

Як за акном — пякуча-алы мак.

Мне страшна так, што я бягу да студні,

Вядро ж не набіраецца ніяк!

 

Нясу нарэшце менш чым паўвядзерца —

Вада чамусьці плешча цераз край!

Маёй журбы сярэбранае сэрца,

Ты пачакай. Я хутка. Пачакай!

 

Пагодны май, і светлыні даволі.

Святочны май. І свята пірагоў.

Ды ўбачу, як расце яшчэ на полі

Наш горкі хлеб. І горкая любоў.

 

 

* * *

Такой прысні, як яблыневы сад.

Там не ачахла сонечная сцежка.

Хвалюецца высокі снегапад,

А на губах — іскрыстая усмешка.

 

Нібы прадаўшы жыта, спяць сваты,

А на вусах — па зманліваму слоўцу.

Мы пройдзем праз драпежныя пасты

Шыпшынніку і хітрага ядлоўцу.

 

Гусцее пільнай ночы абалонь,

А наша лодка, як на смех, без донца.

Ды пройдзем праз калінавы агонь,

Каб затрымацца на узлёце сонца!

 

Запамятай такою, як была,

Здзірала як нясцерпныя кляйноты.

Смяюцца вочы, поўныя святла,

А на губах — гарчавінка самоты.

 

 

* * *

Вось так узгараецца слова:

Паблізу. Сардэчна. Здаля.

Мы будзем з табою часова —

Праменьчык,

Іскрынка,

Ралля.

 

Спяшаемся часта дарэмна.

Марудзім на пошласць і зло.

Мы будзем з табою ўзаемна —

Каліна,

Слязіна,

Святло.

 

Глядзі, як заранка трапеча

Над шапкай зялёнай галля!

Мы будзем з табою навечна —

Карэньчык,

Каменьчык,

Зямля.

 

 

1 Мтацмінда (груз.) — святая гара

2 Memento mori (лац.) - помні пра смерць.




Беларуская Палічка: http://knihi.com