epub
 
падключыць
слоўнікі

Яўгенія Янішчыц

Пара любові і жалю

1...
  * * *
  Я вас люблю
  Зямля і соль
  Над перакатнай рэчкаю
  Нескарыстаны патрон
  Інтэлігенты ад зямлі
  Жураўліны рэквіем
  Роздум над недасяжным словам
  . ..І прасвечваюць нашыя сэрцы
  * * *
  Самае блізкае
  * * *
  * * *
  Бацькавы дровы
  Бацькава музыка
  Сустрэча
  Пейзаж з пласцінкай
  Дзед
  Шчырае сонца
  Ружа ў чорным лісці
  На тралёўцы лесу
  Шаткаванне капусты
  Данута
  * * *
  Натхненне
  Дарога
  Вечнае поле
  Быстранка
  * * *
  * * *
  У Белавежы
  Госць
  Старана мая азёрная
  * * *
  Хата
  * * *
  Песня
  * * *
  Ты косіш сена, колеш дровы
  * * *
  Сынок і маці
  * * *
  Добры вечар, землякі!
  Зінька
  Восеньскі кірмаш
  Зімовае
  Палессе
  Кавалі
  Колеры
  Плыві, рака!
  У шуме жытняга святла
  * * *
  * * *
  Мамчына сіла
  * * *
  Золата і пясок
  Правінцыя
  З дарагой душы
  * * *
2...
  * * *
  Прагулка па Мэдзісон
  * * *
  Перад уваходам у Арганізацыю Аб'яднаных Нацый
  Зварот да статуі Свабоды
  Мэрлін Манро
  Эн Сэкстан
  Эрнэст Хемінгуэй
  Разбітае сэрца ці скрыпка...
  «Я — алкаголік»
  Верш пра верш
  Энергія апалага лістка
  Зводдаль
  Роздум на Арлінгтонскіх могілках
  Музыка
  Слова пра агонь
  Ціхая песня
  Мальба Дункан, ці Сяргей Ясенін у Амерыцы
  Дажджавая нітка лёсу мамы
  * * *
  Шлях дадому
  Келіх роднага неба
3...
  Вясло і перавясла
  * * *
  Ялта — 1917
  Ружы Купалы
  Кастры ў Петраградзе
  У вянок Лесі Украінцы
  Лістапад. Пётр Ільіч Чайкоўскі
  Гамаюн на Палессі
  На месцы дуэлі Лермантава
  Рыгору Семашкевічу
  Настаўнікам маім
  Кайстра Яна Скрыгана
  * * *
  Анатолю Сцяпанавічу Вялюгіну
  Бэз Веры Палтаран
  Лілеі студзеня
  * * *
  Агнявы танец
  * * *
  Верш Хрысціне Лялько
  Галінка з Мардакян
  Зайду да Шчамялёва
  Затушуйце руку
  Адчай
  * * *
  * * *
  Правяраючы час і сябе
  Прыгаршчы святла
  * * *
  * * *
  Я Вам гляджу прыветліва у твар
  * * *
4...
  * * *
  * * *
  * * *
  * * *
  Велясніца
  Ноччу
  * * *
  * * *
  * * *
  * * *
  * * *
  * * *
  * * *
  Аднойчы
  * * *
  Двое
  * * *
  Дзе ты прапала
  * * *
  * * *
  Начлежнікі
  * * *
  * * *
  * * *
  * * *
  * * *
  * * *
  * * *
  * * *
  * * *
  * * *
  * * *
  * * *
  * * *
  * * *
  * * *
  * * *
  * * *
  * * *
  Ні воблачка, ні вецярка
  * * *
  * * *
  Якая я
  * * *
  Згадка знаёмага рытму
  * * *
  * * *
  * * *
  * * *
  * * *
  * * *
  * * *
  * * *
  * * *
  Навагодняя яліна
  * * *
  * * *
  * * *
  Баялася грымот...
  ...І самы позні час
  * * *
  * * *
  * * *
  * * *
  * * *
  * * *
  * * *
  * * *
  Я развучылася смяяцца
  Замірае лецейка
  Цеплыня
  Еду ў госці да бабулі
  Любоў мая...
  * * *


 

1...

І покуль дыхае планета,

Не вынішчаецца датла

Душа народа і паэта

У шуме жытняга святла.

 

 

* * *

Слоў не трэба. Варажба

Ўся

вачыма сказана.

Будзе вечная журба

Да мяне прывязана.

 

Загукаюся ў бары —

Заначую з зорамі.

Чарацінкай на вятры

Музыка азёрная.

 

Столькі роднасці вакол

З птушкамі, з рамонкамі!

І драўляны частакол

З гладышамі звонкімі.

 

І густыя туманы,

І бярозак мроіва;

І Вясна, што без віны

Маё сэрца кроіла.

 

І каляны лёд каляд

З кудасой лахматаю.

...І прымоўклы шчыры сад

Над сасновай хатаю.

 

 

Я вас люблю

«Я вас люблю» — няма каму сказаць?

А мне ў любві да скону не змыліцца:

Я вас люблю, лясы і сенажаць,

Старая вёска, новая сталіца.

 

Мы ў сэрцы носім радасць і грахі.

І распраўляем пераможна крылы.

Я вас люблю, айчынныя шляхі,

Я помню вас, забытыя магілы!

 

І знаю: дзень пражыты недарма,

Калі перажываю і хварэю,

Калі прад імянной сцяной — сама,

Нібы сцяна, ад жудасці бялею.

 

Падлесак — сын мне, бор вячысты — друг.

Зіма зажурыць — развяселіць лета.

Цябе люблю, патрыярхальны плуг,

Цябе — у страшным космасе, ракета.

 

Люблю я вас, сівыя мацяркі,

Што аж дагэтуль гояць боль па дзецях,

Што вы мне ўсе — нібы мацерыкі,

Якія хочуць міру на планеце.

 

 

Зямля і соль

Ўсяго удосталь. Усяго — удосталь:

Зямлі і солі. Хлеба і віна.

Ды знаю: ёсць сустрэча, нібы ростань.

Ёсць ціхі боль у сэрцы —

старана.

 

Яна зусім не лёгкія аблокі,

Не песня, што пяецца «на дазволь».

Яна — мой хлеб няпросты і нялёгкі.

Яна — зямлёй пасоленая соль.

 

 

Над перакатнай рэчкаю

Як глянь: бярозы свечкамі,

Нязманлівым святлом —

Над перакатнай рэчкаю,

Над ціхім азяром.

 

Юнацтва бессардэчнае

Сплыло, нібы паром,

Над перакатнай рэчкаю,

Над грозным азяром.

 

Ды родны край баронячы,

Праз жыта, праз ільны

Усё яшчэ, усё яшчэ! —

Ідзе салдат з вайны.

 

Ідзе ён цёмнай ночанькай,

Ідзе спякотным днём,

Бо ўсё яшчэ, бо ўсё яшчэ

Планета пад агнём.

 

Як завіруха белая,

Як белая сцяна,

Нявеста пасівелая

Прымоўкла ля акна.

 

Гудуць вяселлі новыя

Ў суседак на двары.

...Дзве чаркі палыновыя

З мядовае пары.

 

Дзе, пад якою зоркаю

Варушыцца курган?

І шэпчуць вусны згорклыя:

«Іванечка, Іван!»

 

Юнацтва бессардэчнае

Ударыць, нібы гром,

За перакатнай рэчкаю,

За цёмным азяром.

 

Пад Курскам ці ля Быхава

Жніўная пара...

Ды як з пілоткі Быкава

Палыхне зара.

 

 

Нескарыстаны патрон

Чадна дыміцца у грубцы сырэц,

Чую, малая, як зараз здаецца:

«...Бачу, а ён жа — бязвусы, падлец,

Чыста — сапляк. Ну, і ёкнула сэрца.

Знаў бы пра гэта ды мой камандзір!..»

 

Бацька замоўк. Зацягнуўся махоркай.

Спелае лета. Лагода і мір.

Толькі без бацькі — Марыля, Рыгорка,

Стасік, Анюта, Іванка, Антон,

Паўлікі, Веры, Надзеі, Міколкі...

 

Бацька павольна садзіцца на ўслон,—

Ныюць праклятыя ў целе асколкі.

 

Толькі хварэць не прыходзіцца. Май.

Поле чакае. І просіць Каханне:

«Дзядзька, будзь ласкаў, вяселле сыграй,

Дзядзька, да заўтра рука перастане.

Вы ж на ваколіцу — толькі адзін...»

 

«Ну й камплімент! Дай ачухацца трошку».

 

...Колькі вяселляў і колькі радзін

Помняць тваю франтавую гармошку!

 

Сосны. І горкія гронкі рабін.

Ціхія могілкі. Душнае лета.

Нелюдзя бомба павісла над светам.

Бацька, чаму ты яго не забіў!

 

 

Інтэлігенты ад зямлі

Збіраў у торбачку харчы,

Касіў упарта луг мядовы.

І пот ніколі не вучыў —

Іграў на слых беспамылкова.

 

І не было яму калі

Ўнікаць у шумны век прагрэсу.

Такая музыка ў зямлі —

У ручая, у зор, у лесу.

 

А што ж галоўнае ў жыцці?

Сцяпан іграў у новым клубе,

Інтэлігентна хлеб расціў,

Інтэлігентна дом галубіў.

 

Бывае ў мар такі уздым,

Калі жыве ў душы світанне.

І чую я Сцяпанаў гімн

Жыццю, былінцы і каханню.

 

Як грунт, цвярдыя мазалі

І боль у сэрцы несхаваны...

Інтэлігенты ад зямлі —

Мае вясковыя Сцяпаны.

 

 

Жураўліны рэквіем

 

Памяці П. М. Машэрава

 

Вы рабочым былі між рабочых,

Між сялян — галубінай душой.

Хлеб сірочы і попел сірочы

Падзялілі з Радзімай сваёй.

 

Журавель закрычаў з паднябесся,

Спалатнела зямля, як абрус.

Захліснула пякучая вестка,

Скаланула усю Беларусь.

 

Вы з пякельных дарог вырасталі,

Паўставалі з агню, як з былін,

Пушчы сын, Камісар і Настаўнік,

І арлінага племені сын.

 

Санцалюбам былі ад прыроды,

З краем, з болем яго — спарышы.

Вы паэтам былі. І з народам

Гаварылі на мове душы.

 

І паверыць у смерць немагчыма,

У аркестраў жалобную медзь.

Залатою бярозкай Радзіма

Выйшла Вас на дарозе сустрэць.

 

 

Роздум над недасяжным словам

Расло ўвысь і вырастала ўшыр.

Цвіло на вуснах. Тлела пад нагамі.

Не раз кідала з вышыні у вір

І пад вачмі сыходзіла кругамі.

 

Узносіла над прорваю журбы,

Паглядамі маланкавымі секла.

І сутыкала медныя ілбы

Над ліхаманкай вогненнага пекла.

 

Нібы дзіця, трымала за руку.

Абараняла ад сляпой навалы.

Было глухой малітвай мужыку

І світкаю свяшчэннай для Купалы.

 

Цякло, як брага хмельная з каўша.

На бой вяло рашуча і сурова.

Адно я знаю, што пустога слова

Не выцерпіць глыбінная душа.

 

 

. ..І прасвечваюць нашыя сэрцы

Як адбіткі вякоў, як набыткі,

Што не ў сілах здалець і смуга —

Легендарныя коні і світкі.

Вышываная — кроўю — сцяга...

 

Нашы плечы ў баях не паслаблі,

Хоць крышыў іх нягоды віхор.

Чаратамі — сталёвыя шаблі

Над прадоннем былінных азёр.

 

Наша моц гартавалася ў буры,

На гарачых кастрах пачуцця.

...Неабутыя славы катурны

Пры высокім дыханні жыцця.

 

Песня й праўда — бясцэнныя зліткі!

(Чужакам хай пасвецяць рублі.)

Легендарныя коні і світкі —

Ўсё разбуджана гулам зямлі!

 

На паверцы стаім, на праверцы,

Растапляючы камень і лёд.

І прасвечваюць нашыя сэрцы

Каліноўскі. Купала. Народ.

 

 

* * *

Бласлаўляю адчай і трывогу,

Медуніцу з сухім палыном.

Тры жанкі перайшлі мне дарогу

З хлебам,

З песняй,

З зялёным віном.

 

Блаславілі і долю саткалі

Хлеб, і песня, і келіх віна.

Тры дарогі мяне спавівалі,

А ў калысцы люляла адна!

 

Я у птушак надвор’я пытала.

Вёў шыпшыннік са мною хаўрус.

З трох крыніц я вады паспытала —

Наталіла адна Беларусь.

 

 

Самае блізкае

Блінцовы пах дымоў.

Рабіна каля плота.

Пажухлых палыноў

Знямелая гаркота.

 

Пары мядовай дні.

Стары дзядусь патрошку

Глянцуе ў цішыні

За дошчачкаю дошку.

 

Ах, будзе жоўты стол

І жоўценькая бочка!

Сівенькаму — пад сто:

Ні дочак, ні сыночкаў.

 

З далёкае вайны,

У самым грозным леце

Развеяны яны,

Нібы дымы па свеце.

 

Глухому салаўю

Не трэба нотаў велькіх.

Наступніцу сваю —

Гадуе дзед зямельку.

 

 

* * *

Сюды вяртаюся ад скрух,

З імжастых суравеяў.

Яшчэ жывы у хаце дух,

Бо мама сцены грэе.

 

Спатрэбіцца сувой каму,

Што беліцца на сонцы?

Ды ставіць кросны на зіму

Па даўняй завядзёнцы.

 

Світаць мне будзе з-пад рукі

Пагляд матулін шчыры.

Я забіраю ручнікі

Сябрам на сувеніры.

 

Ды кожны раз баюся я

Паміж вайной і мірам,

Каб хата сельская мая

Не стала сувенірам.

 

 

* * *

Як за дажджамі частымі-рабымі,

За кудасой,

дзе шляху не відно —

То ластаўкаю першай,

то рабінай

Пастукаюся ў чуйнае акно.

 

Нацятыя, нібы пасля разлукі,

Паверх прасцінкі,

што святлей снягоў,

Уздрыгваюць у сне кароткім

рукі

У водгуллі заранак і грамоў.

 

У сенцах — бульбы пах і лугаўя.

Святы снапок у закутку мадзее.

...Дзень добры, мама!

Гэта зноўку я,

Уся твая гаркота і надзея.

 

 

Бацькавы дровы

Абмінаў за мілю дактароў,

Не надакучаў у сельсавеце.

Сем кастроў нарыхтаваных дроў

На гумне бяростай белай свецяць.

 

Чатырохгадовы пастушок

З холадам і голадам шпачыным,

Ты з маленства босага падсёк

Прымаўку: «Запас бяды не чыніць».

 

Сеяў жыта. Ляда карчаваў.

Любаваў для ўлову азярыны.

Дошкі на спіне сваёй цягаў

І не думаў, што — для дамавіны.

 

Братам быў прасмоленых вятроў

І цалінных выстылых палатак.

...Семь кастроў нарыхтаваных дроў,—

Ты й дасюль цяпло нясеш у хату.

 

 

Бацькава музыка

Застыне промня боскі дух

На тваім рукаве.

Гасцінны дворык наш прыглух,

А музыка — плыве.

 

Цішэй у доме з той пары,

Журбу не наталіць.

Сцюдзёная,

вада ў вядры

Ўсё ж музыкай шуміць.

 

Суседа стрэну, што з табой

Браў грозны перавал,—

І захлісне з перадавой

Мелодыі абвал.

 

Дачую птушку за ракой,

Ці вецер зашуміць,—

Пусты самотны мой пакой,

А музыка — шчыміць.

 

 

Сустрэча

Рабіны гронка высветліць шчаку,

А ці скразняк халодны і асенні?

Гуркі пасолім. Вып’ем першаку.

Пераначуем на мядовым сене.

 

Раней ад зоркі будзеш уставаць,

Даіць карову, і прыдумваць стравы,

І мужыка чужога частаваць,

Каб не адмовіў — прыкасіў атавы.

 

Агонь пячэ ці ручанькі смыляць?

Ад павуціння бабінага — бела.

Чужое гора станеш разважаць,—

Як быццам і сваёй бяды не мела!

 

Апратаеш бульбяную граду,

Да сонца ўскінеш ластаўчыны бровы.

...Ва ўсёй радзімы мілай на віду

Не горбяцца салдацкія удовы.

 

 

Пейзаж з пласцінкай

Яшчэ тут непакояцца пра дровы.

Пра сена. І салому на гумне.

Нібы заход, барвовыя каровы

Плывуць у прадвячэрнім тумане.

 

Смалою пахне рэдкі вугал зруба

І мальвамі — суседская мяжа.

З напаўпустога шлакавага клуба

Даносіцца пласцінкі бабскі жаль.

 

Пяе яна пра рэўнасць і разлуку,

І пра дарогу, што лягла наўсторч.

А гарадскія ветлівыя ўнукі

Пакорна ў ночвах мыюцца на ноч.

 

Змываецца наліплы ліст альховы,

Руды пылок вішнёвае кары.

Найшла раса на камень двухвяковы,

І не шалохне зорка угары.

 

 

Дзед

Ён прайшоў агонь і вецер,

І зямлю прайшоў наскрозь.

І жыве мой дзед на свеце,

Дзед, які не любіць слёз.

 

І куфаечка салдацкая

На худых яго плячах.

...Два сыны — ў магіле брацкай,

Трэці — сніцца па начах.

 

І да трэцяга дарогу

Пратаптаў яго кірзак...

Толькі кажа: «Нешта ж богу

Не спатрэблюся ніяк».

 

Узыду слязой гарачай —

Чую скрозь глухую даль:

 

«Ты ідзі, душа, паплачся,—

Хай з цябе наладзяць жаль».

 

 

Шчырае сонца

За касою, за — вадзіцай...

За... (сама ўпраглася ў гуж!)

 

Неўдавіца-галубіца:

Сорак год, як муж нядуж.

 

А хацела ж — калыханкай

Дом запоўніць і настрой.

...Сорак год яму як нянькай,

Міласэрнаю сястрой.

 

Толькі ў полі вецер — «лю-лі».

«Лю-лі» — ціша за сцяной.

...Сорак год яму зязюляй,

Вечарніцаю-зарой.

 

Неўдавіцы-галубіцы

Дзень які між мірных хат

Сніцца жах. І попел сніцца,

І абвуглены салдат.

 

Ён ляжыць на мёртвым полі,

Мёртвай цішы балючэй.

...Сорак год, як цемра коле

Пустату яго вачэй.

 

Ды салдату і па сёння

Свеціць з водгулля таго

Соня, Сонейка, Бяссонне —

Сонца шчырае яго!

 

 

Ружа ў чорным лісці

Купіла пілу-аднаручку,

Старую падладзіла клець.

Бульбянік сабрала паўзучы,

Пакуль пачало вечарэць.

 

Падкінула кашы Барбосу.

Зняла з частакола глякі.

Бычку занясла роснаўкосу,—

Лагодна скарміла з рукі.

 

Прынесла ў падоле гурочкі,

Самотнае штось пяючы.

...Вячэрала, ўдовая, моўчкі,

Святло баючыся ўключыць.

 

Адсунула лісцік фіранкі

І выбрала горань на ўток.

Насустрач чаканаму ранку

Снаваў паслухмяна чаўнок.

 

За сына, за ўнука, за мужа

Ля зглухлай агорклай сцяны

Агнявая ткалася ружа

Між чорнага лісця вайны.

 

 

На тралёўцы лесу

Паляшук — народ рахманы,

Слоў не купіш за пятак.

Лес тралююць. Пах смаляны.

За сялом вішчыць тартак.

 

Ходзяць кірзавыя боты:

— Ты куды ляціш, дзяўчо?!

Тут свая, браток, работа:

Схібіш — шахне па плячо.

 

Ох, і злыя ў дзядзькі кепікі!

Але весела глядзіць

Вока ворана з-пад кепкі:

«Проціў, пані, не хадзіць».

 

А хоць падай на калені —

Будзеш лішні элемент.

Загарэлі, як бярвенні,

Спіны ўзмоклыя нашчэнт.

 

Рух мой, голас невядомы,

Сэрца плаўная іртуць,

Прыгнятай душу да стомы,

Каб — народную адчуць!

 

 

Шаткаванне капусты

Завозна ў лёхах. На душы не пуста.

Струменіцца туман, што сырадой,

Дыхне пара асенняя капустай

І качарыжак слодыччу зямной.

 

Яшчэ у сенцах чую «перапалку»

(Хоць абаім, чым можаш, дагадзі):

— Не рэж, Аксеня, яблык на кавалкі!

— Анэтка, многа солі не кладзі!

 

...Пара начэй ўлюбёных і вяселляў.

Для шкаляра — уражлівы урок.

Яны ўдваіх. Анэтка і Аксеня.

І шаткунок снуе, нібы чаўнок.

 

І брагай хмеліць маладое сена.

І квас капусны будзе, што віно.

Анэта пасабляе для Аксені.

(Анэтчына пасолена даўно!)

 

Цікуе у акно смяшлівы зяблік.

Ад смагі рот вазона перасох.

З укропчыкам ядроным, з пахам яблык

Бачэначак выкочваецца ў лёх.

 

Анэта, ўся прапахлая капустай,

Жартуе. Слова суму — як з пілы:

— Прайду ля хаты Яся на спакусу,

Няўжэ ж зачыніць вокны мой былы?

 

 

Данута

Год бяды, як Ледавіты полюс.

Можна й там, аказваецца, жыць.

...Чуецца пявучы жытні голас,

Бы дарога ў Біскупцы бяжыць.

 

Грозны гром над сцежкай пасваволіць.

Град нязваны грады пасячэ.

І ліхія госцейкі насоляць,

І найлепшы самы — дапячэ...

 

Ты ж яшчэ, як ластаўка, лятаеш

І шчыруеш з песняй давідна.

З Нёмана вадзіцы паспытаеш —

Дзякуй богу, чыстая яна!

 

Да святла ці да зямлі прыкута?

Не, наканаваная зямлёй!

...Выйдзе з сонца жытняя Данута —

Як сялянцы, пакланюся ёй.

 

 

* * *

Белы воблак. Белы сад.

Белы бусел — снегападам.

...Гэтай вёсачцы на спад,

Ці шумець ёй дзікім садам?

 

Чый туманіцца пагляд,

Хто сувой дарогі выслаў?

Расхіну галлё прысад,

Што над Ясельдай надвісла.

 

Кут мой слынны

не глухі

І да песень, і да танцаў.

 

...Маладыя жаніхі

Пералічаны па пальцах.

 

Меней шчасця? Хто сказаў?

У дзяжы набухла цеста.

 

...Што зязюльчына сляза —

Светлаценькая нявеста.

 

Добры час. І добры лад.

Дабрыня пасцелю сцеле.

Белы воблак. Белы сад,

Белым сцягам — белы вэлюм.

 

 

Натхненне

Чабароваю палянай —

Цвету мройнае кіпенне.

Станаўлюся паслухмянай

У руках тваіх, натхненне.

 

Мною сходжана нямнога

Па лугах зямных і гонях.

Не растрачана дарога

На турысцкую пагоню.

 

І любіць мне да пылінкі

Дня узлётнага вяртанне.

На дзяшовыя абдымкі

Не разменена дыханне.

 

Не пагашана аскома

Па найгоркаму — мядовым.

...Дзякуй, радасць! Дзякуй, стома,

Што з'ядналі з родным словам.

 

 

Дарога

Бяжыць сабе палямі ў сінізне,

Ні славы ёй, ні гучных слоў не трэба.

Сама свой пыл бясшумна праглыне,

Сама сябе накрые чыстым небам.

 

З няхітрых песень, прымавак, трывог,

Якімі спеўна дыхае прырода —

Сама сябе узвысіць да Дарог

Праз глыбіню і мужны дух народа.

 

 

Вечнае поле

Запомню, поле, твой абрыс,—

Тут горача, бы ў мліва.

Тут мармуровы абеліск,

Тут брацкая магіла.

 

Жыты ў далонь, як дар, бяры,

Крутыя перавяслы.

І зорка высіцца ўгары,

Зірні: ёй не пагаснуць!

 

 

Быстранка

Хіба дзеду сівому і ўспомніцца

Глыбіні маёй дзіўны спрат.

Не патопніца я і не зводніца,—

Я сястра твая родная, брат.

 

Я у свеце была не падчаркай,

Хоць і мела нораў круты.

Асушылі мяне, як чарачку,—

Хлынуў горлам пясок залаты.

 

Эй, плыць, плыць, плыць,—

Яшчэ вусцейка баліць.

Хоць слязінкай спазараначку,

Покуль дно не занясло...

Дайце лодачку-быстраначку,

Кляновае вясло!

 

 

* * *

Нікуды ад сябе не ўцячэш ты.

Да чужой не прывыкнеш хады.

Прапякае бетонка падэшвы,

Асвяжае вятрэц малады.

 

Вось твой молат, і серп, і крыніца.

Хіба болей удзячны ёсць лёс,

Чым на гэтай зямлі нарадзіцца,

Што ўзышла з васількоў і бяроз!

 

Ты араты, каваль і дазорца.

Ты бяссмертны і велічны ты

Ў гэтым краі, дзе вечнае сонца

І наўсцяж — налітыя жыты.

 

Тут тваё найпасаднае месца

І адзіная ў сэрцы зямля —

Ад праслаўленай крэпасці Брэста

Да нягаснучых зораў Крамля.

 

 

* * *

Ці шлях занясло кудасою,

Ці зоры не хочуць устаць?

Здаецца, слыву гарадскою,

А ногі ад пожні шчымяць.

Спаслаў жа шчаслівую муку

Мне лёс

над паперай карпець.

Без крыўды прымаю разлуку,

Агонь спасылаю на смерць.

Я так над пакутай шчырую

І так над свабодай лячу,

Як быццам адолець сырую

І мёртвую глебу хачу!

 

 

У Белавежы

Ці зубра рыкае

У пушчы сахаты,

Ці нехта гукае

Кагосьці дахаты.

 

Іду Белавежай,

Гамоняць вякі.

Ажына драпежная

Не раніць шчакі.

 

І егер рухавы,

Што побач ішоў,

Зубрыныя травы

Сабраў у кашол.

 

Топ водар гаркавы

Нясу я з сабой:

Зубрыныя травы.

Зазубраны боль.

 

 

Госць

Закута у граніт рака.

Не ломіць холад косці.

Без тэлефоннага званка

Ніхто не зойдзе ў госці.

 

Адмежаванне спраў і слоў,

Абмежаванне коскі...

Ды вось суседа занясло

З маёй глыбіннай вёскі.

 

І хоць суседу не займаць

Ні жартаў, ні навукі,

Куды — не ведае — схаваць

Прасмоленыя рукі.

 

Увесь ад лесу, ад цяпла

І ад зямлі стажыльнай.

І вось гамонка пацякла

Знаёмаю сцяжынай.

 

Світаў за вокнамі прасцяг

Залётнай маладосці.

Кароткі век, як у гасцях.

Дзень добры ў хату, госці!

 

 

Старана мая азёрная

Дай ласкавую руку...

Старана мая азёрная,

Хата светлая, прасторная.

Двор у белым вішняку.

 

Ці лячу сюды параіцца,

Ці душу сваю пачуць,—

Белы гусі, белы чаіцы

Гаману са мной вядуць.

 

Старана мая былінная,

Песня матчына. Радно.

...Караваі магазінныя.

...Магазіннае віно.

 

Старана мая харошая,

Варажэі, свацці...

Не, не ўсе лугі пакошаны!

Не ўсе сенажаці!

 

 

* * *

Узвеяны ветрык легкавейны,

Пакажа сцежку напрасткі.

...Дзень добры, рыжы муравейнік,

Ты вырас, нібы гарадскі!

 

Ды роскашы, відаць, не прагнеш.

З лісця, з ігліцы домік ваш.

Хоць соты раз сцяблінку цягнеш,

Як мэблю, гарадскі мураш.

 

Паглянь, ужо зара вячорная

Вясёлы спальвае настрой.

Мне ля тваёй сасны прасторна,

Бы ў хаце мацеркі маёй.

 

Я буду доўга тут шчаслівай

Святлом узгоркаў і раўнін,

Дзе вецер малады гулліва

Зрывае пацеркі з рабін.

 

 

Хата

У паратунку бласлаўляю

хату,

Што вынесла ваенны дым і страту,

Што не маўчыць,

калі прыеду позна

І позна сяду за шырокі стол...

А нашыя дарожанькі —

так розна —

Разбегліся. І поле навакол.

 

Ў маёй самоце вінавата хата,

Якая мала што ўзяла ад свята.

Ды будзь навечным: Жыта, Соль, Кадрыль.

...Снег у Сібіры — над магілай брата,

Над бацькавай — разгублены матыль.

 

 

* * *

 

Што за восень доўгая.

Ночка цёмная, халодная,—

Журылася удава...

 

З маміных песень

Што за восень даўгая,

Аніяк не сплыве...

Там за полем,

за гаем

Мая мама жыве.

 

Цемназгорклаю ноччу,

Мінаючы змрок,

Перайду-пераскочу

Яр, балотца, лясок.

 

Цішыня, як пракляцце.

І ў значэлым двары

Чорна маміна плацце

Палошчуць вятры.

 

 

Песня

Ні вяселіцца, ні хмеліцца,—

Як туман над полем сцелецца.

Дзень да ночкі прыкладаецца,—

Як шчыруе ў небе чаіца.

 

Зара ў вокны прабіваецца,—

Як душа з душой рукаецца.

 

...Як туман над полем сцелецца,

Як шчыруе ў небе чаіца,

Як душа з душой рукаецца,—

Голас мамы разліваецца.

 

 

* * *

Дажджы ідуць. Такі пачатак. Восень.

Дажджы ідуць у мілай старане.

...Сама хадзіла па зямельцы босай,

А туфелькі купляла для мяне.

 

І вось лісток душэўнае трывогі,

І вось радкі азяблага пяра:

 

«...Няўжо, як раньш, не выбегаюць ногі?

І рукі мне не выстарчаць, як раньш?

Здаецца, што й спакойна засынаю,

Нібы іду па скошанай траве.

Але так цяжка вочы закрываю

І шум, як лес, стаіць у галаве.

Як ні кажы, да старасці ўсё дзела.

Ды мо лягчэй было б, каб не сама.

А тут, як глянь, і вёска парадзела,

І гоману ранейшага няма...»

 

Радкі, радочкі, ані слоўка лішняга.

(А я ўрастаю ў невядомы тлум!)

...Куплю сукенку і да свята вышлю.

Ды ці развею ёю мамін сум?

 

 

Ты косіш сена, колеш дровы

І халадок начной дубровы,

І ветах гасне на плячы.

...Ты косіш сена, колеш дровы

Мудрэй равеснікаў-мужчын.

 

Якою ж птушкаю залётнай

Мільгнуў твой поўдзень між аблок?

...Прадзеш лянок і тчэш палотны,

Паклаўшы сэрцайка на ўток.

 

Хаваеш стомленыя рукі,

Талкуеш мне пра сенакос.

...Але на мне свінцовай мукай

Адбіўся твой глыбінны лёс.

 

Я думаю, што дробязь — словы,

Што знічка мой радок,

калі

Ты косіш сена, колеш дровы

І светла молішся зямлі.

 

 

* * *

Схлынуць гады, як за вадою,

Ды не растане праменьчык святла.

...Была тваёй маладою журбою,

Тваёй ахоўнай арліцай была!

 

Каб не глядзелася ў вочы ажына

І каб ваўчыннік рук не калоў,—

Тваю калысачку

з лёну і жыта

І з наймацнейшых пляла каранёў.

 

Зорка сачу, каб не збіўся з дарогі,

Змоладу каб не запляміў жыццё.

Востры каменьчык — пад мае ногі!

Пад мае рукі — шыпы і асцё.

 

Гордае шчасцейка, мая сямейка,

Ты па слядах маіх слёз не рассей,

Сыне мой першы,

наіўны Андрэйка,

І сын мой апошні,

мужны Андрэй!

 

 

Сынок і маці

Пакуль яшчэ зялёная зямля

Трымае нас па міласці закона,

Сынок і Маці — зерне і ралля.

Сынок і Маці — мудрая ікона.

 

І спеюць хай удзячныя гады,

Бяжыць удаль дарога палявая.

Ён для яе маленькі назаўжды,

Нявопытны,

пакуль яна жывая.

 

Крывавы час, адкінь свой грозны меч,

Прыслухайся да сцішанага слова.

З кароткіх, як само жыццё, сустрэч

Саткана іх нявечная размова.

 

 

* * *

Не абаб’ю чужых парогаў,—

І свой яшчэ высок паркан.

Яшчэ сялянская дарога

Не завяла мяне у зман.

 

З пагоста, з бітага гасцінца

Тут не мыляліся з вякоў

Льняная доля пехацінца

І песня шчодрых землякоў.

 

Рамонкавая вязь кіліма,

Пчаліны рой высокіх зор.

Тут і сляпы не пройдзе міма

Ля гэтых пушчаў і азёр.

 

На труднай ніве хвалявання

Адвечны спеліцца мой сказ.

І для свабоднага гучання

Не выбіраю пышных фраз.

 

 

Добры вечар, землякі!

Як жывецца без мяне,

Сонейка-крылацейка?

А ў палескай старане

Кожны сокал — брацейка.

 

Назбірала мех грахоў,

Ды ў расу абулася.

Колькі зведала шляхоў —

Гэтак мне не чулася.

 

...Добры вечар, землякі!

Добры вечар, зелена!

Тут пазвоньваюць вякі,

Нібы мак даспелены.

 

Паўнагрудая кума

Празвініць абцасамі.

Тут прыдумак нездарма

Танец з выхілясамі:

 

Рукавочкам — да рукі,

Паяском — да пояса.

З вамі разам, землякі,

І ў зямлі не боязна!

 

 

Зінька

Валасоў бялявых шоўк,

Пад касою стан прыгнуўся.

 

...Абяцаў. І не прыйшоў.

Абяцаў. І не вярнуўся.

 

Чым развеяць першы сум?

Плача Зінька, ледзь не з гора

«Мо абрэзаць мне касу?

Можа, мне падацца ў горад?

З аксаміту плацце сшыць,

А ці вышчыпаны бровы?..»

 

Плача Зінька, ды звініць

Боль яе ў лісці дубровы.

Звоніць клён, і звоніць лён.

І ля ног вуркоча рэчка.

...А куды ж падзеўся ён

Недарэчна, бессардэчна?

 

Неба выстылага сінька.

Зоры выпілі расу.

...Ты яшчэ паплачаш, Зінька!

А пакуль — не рэж касу.

 

 

Восеньскі кірмаш

Плывуць прахалодна аблокі.

Світальна празорай расы.

Разносяць навіны сарокі,

І хаткі будуюць бабры.

 

Скажы, тут адвеку лагода?

І памяць не можа схлусіць:

У сэрцы глыбінным народа

І песня і крыўда ляжыць.

 

Дарма, што шукаюць на рынку

Раздумнае мовы лубок.

— Скажыце, вы, дзядзька, з глыбінкі?

— З ядрынкі, ядроны сынок!

 

— Ох, кіслыя ў вас журавіны!

Пасколька ж ты цэніш кіло?

 

...Маршчыны, нібы каляіны,

Прарэзалі дзядзьку чало.

 

Ды вочы. як позняя восень,

Прабіліся скрозь сіняву:

— А, здэцца, ты будзеш Антосін?

— Нет, дзядзька, я там не жыву!

 

 

Зімовае

Цячэ сняжок і зорамі іскрыцца,

Завеямі, сумётамі вядзе.

О сэрцайка, не дай мне памыліцца

Ні ў шчырасці, ні ў ласцы, ні ў бядзе.

 

Люблю цябе, зімовая дарога,

Твой тонкі лёд плывучы, як са шкла,

І мо радней той чалавек, якога

І бог забыў, і слава абышла.

 

Ён тут жыве — сярод снягоў і пушчаў.

Ён не са сцэны любіць і пяе.

Ён сам, як гэты свет сляпы й відушчы,

На гук, на смак зямельку пазнае.

 

Разумнік, не спяшаецца з адказам.

У барадзе схаваўся мудры смех.

...Чакаю міг, калі зліюцца разам

Фантазія, рэалія і снег.

 

 

Палессе

 

Валянціне Коўтун

 

Зірнём на донца гладыша:

Чарніцы ды ажына.

Няхай канчаецца шаша:

Вядзе далей — сцяжына.

 

Бо тут і вогнік не атух.

Ігліца, як прыколка.

І чараўнічы дух шаптух

Настоены на зёлках.

 

Зашамаціць услед чарот.

Дзе зоры? Невядома.

Ды не застрашыць зводнік-чорт

І не заб’е нас громам!

 

У міласэрнай варажбе

Шукаючы спатолю,

Мы сцежку выбралі сабе

Як песню. І як долю.

 

 

Кавалі

 

Ніне Загорскай

 

І нам не сорам — пры народзе.

І дзякуй богу, што былі

І не звяліся ў нашым родзе

Аратыя і кавалі.

 

Ніхто не мераў шлях да Рыма,

Заробкаў лёгкіх не шукаў.

Ды разам з Паўлюком Багрымам

Твой прадзед молат уздымаў.

 

Шугалі іскры пад аблокі,

Кавалі спрытна ў дзве рукі,

Каб выляталі ў свет шырокі

За лепшай доляй жаўрукі.

 

З былінным скарбам за плячыма,

Нам кожны барацьбіт — радня.

Паслухаем: куе Айчына

Вялікасць Дня.

 

 

Колеры

Пачатак дня. Зялёны дол і звон.

Хавае ў максі век свае каленцы.

Ў кашулі, як з туману, дзед Антон.

Бабуся Лёдзя ў пеннае сукенцы.

 

Ах, што ні робіць з намі маладосць,

Калі баімся старасці лядачай!..

І ў пеннае сукенцы весялосць.

Здаецца мне, што кружыцца і скача.

 

А памяць то гарчэй, то балючэй

Нахлыне, нібы перавал гарачы.

З-пад нітачак-маршчынак ля вачэй

Смяецца дзед дасціпна па-юначы:

 

«Пра порах наш, унучка, напішы.

Я сам бы папісаў, каб быў вучоны».

...Тулю маёвы колер да душы.

Чаму ж найболей — прымяраю чорны?

 

 

Плыві, рака!

Калі на берагах тваіх высокіх

Заранкай днее вока вугалька,

Я чую твой неўтаймаваны рокат.

Плыві, плыві, празрыстая рака!

 

Маёй вясны адкрытая старонка,

Ў табе я чую спеў сваёй сястры.

Хіба не тут цвілі вянкі з рамонкаў

І на Купалле ладзілі кастры...

 

Хіба не ты люляла на далонях

Лілеяў сны і думы мужыка,

Тапіла гнеў, паіла быстрых коней,

Буслінага чакала важака?!

 

Я чую твой неўтаймаваны рокат,

Калі ты воды плыткія нясеш.

Плывеш, рака, змялелая ў высокіх

У берагах.

І жалю дадаеш.

 

 

У шуме жытняга святла

Яшчэ расці маёй трывозе

І не любіць — на паўкрыла.

Убачу маму на дарозе

У шуме жытняга святла.

 

І покуль гэты поўдзень спелы

Дым тарфяны не завалок,

На зрэзе дня — рамонак белы

І пасівелы васілёк.

 

Снуецца беглая сцяжына —

Апошні збег майго сяла.

Гняздзечка птушкі і ажына —

У шуме жытняга святла.

 

І покуль дыхае планета,

Не вынішчаецца датла

Душа народа і паэта

У шуме жытняга святла.

 

 

* * *

Бярэш мяне, палоніш зноў,

Матрыярхат прыроды.

Ты ў буйнай квецені садоў —

Пара любові й згоды.

 

І запячэ, і зашчыміць,

Як рана нажавая,

У грозных водблісках зарніц

Пара любові й жалю.

 

І будзе першаю слязой

Нясмертна дол накрыты.

І я прыму цябе з азоў —

Пара любові й крыўды.

 

З высокай годнасці душы,

З адчайнага напеву,

Ты скажаш мне, як трэба жыць,—

Пара любові й гневу!

 

 

* * *

Праклінаем долю, неба,

Нібы ў страшны час жывём.

Стала надта многа хлеба:

Трошку цвёрды — не бяром,

 

Хоць патрэбна болей ласкі

Ачужэлым гарадам...

Ах, як ззяюць срэбным бляскам

Вашы пальчыкі, мадам!

 

Многа солі, хлеба многа.

Дык адкуль жа — ноце злой?

Як па сэрцы мне — пазногаць

Вострым пройдзецца лязом.

 

Дык адкуль жа слоўца-куля,

Вочы, гнеўныя да слёз?

Хоць ні }боты, ні кашулю

Не купляем навырост.

 

 

Мамчына сіла

Пачынае святлець.

Толькі дрэва — у раме.

 

...Як балюча хварэць

Пры наглядзе у мамы!

 

Бачыш рукі, што спрэс

Гатавалі, палолі.

 

Воля маміна — лес.

Доля маміна — поле.

 

«Вось з маліны настой.

Чабарэц. Цвет ліповы».

 

А сама пехатой —

Трэба сена і дровы.

 

«Ты папі. Анягож

Не адыдзе хвароба?»

 

А сама басанож

Па дажджы і калдобах.

 

А сама — за вадой

Ў галалёд і завею,

Покуль чахну журбой

І падняцца не умею,

 

Покуль трызню у сне

Жоўтым снегам і сінім.

...Голька дрэва ў акне

А ці маміна сіла?

 

 

* * *

Блізкі шлях праклаўся проста,

Нібы матчына радно.

Бальшакі ідуць, пагосты,

І адхону — не відно.

 

Голас мой, ты сцежку высніў,

Як вяртанне і дакор.

Дзетвара на ўзлобку выспы

Паліць першы свой касцёр.

 

Бор чарніцамі зачэрнены

І мадзеюць мурагі.

І ў тумане прадвячэрнім

Кураць люльку берагі.

 

Не існуе сцежак простых.

Памяць, слёз не варушы!

Гэта я іду з пагоста,

З гордай татавай цішы.

 

 

Золата і пясок

Імжа і сонца — сэрца перапады.

Абвал дажджу, то ветру грозны свіст.

А золата таго, што лістападу:

О залаты, сляпучы падаліст!

 

У лістападзе золата згараю,

Нясу разладу яблыкі ў кашы.

І свой жаночы розум дакараю

За ціхую расслабленасць душы.

 

Не бойся, сэрца, тут няма нікога.

Пяе сасна. Шуміць сівы быльнёг.

А гэтая пясчаная дарога

Азалаціла з галавы да ног!

 

Шуміце, дрэвы вечнасці, звініце!

На таліі мне

сцежкі паясок.

І як дзіця, адчуўшае адкрыцце,

Перабіраю залаты пясок.

 

 

Правінцыя

 

Генадзю Бураўкіну

 

I ў кроне яблыні агромленай,

І ў ацішэлых берагах —

Была святлейшаю ад промня

Правінцыяльная туга.

 

Надзейнай вераю свяціла

І выпраўляла у адлёт

Правінцыяльная хаціна

Паміж азёраў і балот.

 

І васілёк, прабіўшы каску,

Вітаў з паходнае вярсты.

І не скупіліся на ласку

Правінцыяльныя браты.

 

...Яшчэ не раз бяссонне злучыць

Асфальт з былінамі лясоў.

Якое дзіўнае сугучча

У сонца, росаў і Расон!

 

Яшчэ не раз у громе года

Чыёсь паўторыцца «Калі?..»

Якая ўсё-ткі асалода

Пісаць, прыпаўшы да зямлі!

 

 

З дарагой душы

Ах, як дзіўна, што там ні кажы —

Слухаю, і ўсё, нібы спачатку:

«Ешце, госці, з дарагой душы.

З дарагой душы вазьміце чарку!»

 

Цераз частаколік, праз паркан

Чуецца сардэчная гамонка:

«З дарагой душы зайдзі, Раман».

«З дарагой душы параю, Зонька».

 

Надта нізкі ў сёлах пералаз,

Ды высока сэрцайка сягнула!

Мілы і надзіва шчыры сказ

Сто гадоў я ў горадзе не чула.

 

Ды чытаю светлы ліст якраз,

Піша цётка, што святлей кудзелі:

«З дарагой душы прыедзь да нас.

Дзела е. І ягадкі паспелі».

 

 

* * *

Пакіньце цішу вуснам і вачам.

Аддайце неба зорам і каханым.

Усё цяжэй становіцца плячам.

Усё грымотней — пушчам і палянам.

 

Нашто, нашто трымаць бяды цяжар,

Начынены і зачахлёны ў зброі?

Зямля-Пампея, страшны твой пажар!

Ды хіба атам думае пра тое?

 

Хіба пазбыты іншы інтарэс,

Хіба наш розум для вякоў прапашчы?

Я думаю, што страшны той прагрэс,

Калі жывём пад ядзернаю пашчай.

 

Зямля-Калыска: песні і жыты,

Няўжо вар’ят цябе са свету спіша?

О, немагчыма уявіць,

што ты

Апошняе дзіця сваё калышаш.

 

 

2...

Да чужога не звыкліся вочы,

Сэрца цепліць гаючы ўспамін.

Можа, свет пераменіцца тройчы —

Келіх роднага неба адзін!

 

* * *

Лячу у найсучасным самалёце,

Хоць маю звычку добрую — пяшком.

Душа прымоўкла на трывожнай ноце,

Адкрыў свае агні аэрадром.

 

Лячу у найсучасным самалёце,

Дачка любові, жалю і святла.

Нясуць тугія крылы у палёце

У край, дзе я ніколі не была.

 

І пэўна ж, нехта здзівіцца маркоце,

І за маркоту стане дакараць.

А я зжылася з ластаўкай на дроце,

Са сцежкай, што лягла праз сенажаць.

 

А я зжылася з тым, чаго чакаю,

Пра што вядома спорнаму пяру.

...І цяжка небу крылы давяраю.

...І лёгка я

з зямлёю гавару.

 

 

Прагулка па Мэдзісон

Нахлыне даль негаваркая,

Ярмо начы закрэсліць дзень.

Мы на зямлі жывём,

якая

Збліжае птушак і людзей.

 

Дай, век, хоць кроплю чыстай веры,

Забудзь, зямля, нейтронны сон!

...Мяч у руках маленькай Кэры

І — галубы на Мэдзісон.

 

Бабуся сочыць улюбёна,

Як скача ўнук, лапоча клён,

...Мяч у руках пацехі — Джона

І — галубы на Мэдзісон.

 

Між галубоў гуляюць дзеці

(Хай абміне іх горкі плач!).

О, страшна мне ўявіць, што ў свеце

Зямля ўзляціць, як лёгкі мяч.

 

А на зямлі вясна шчыруе.

Смяецца Кэры. Скача Джон.

...Куды ж глядзіць, каго цікуе,

Як чорны воран, Пентагон?

 

 

* * *

О рытмы краю, вас я не адразу

Ўспрымаю (ды — ці і магу ўспрыняць?)

...А вуліцы, адкрытыя, як язвы,—

Хоць і вітрыны золатам зіхцяць.

 

Бяссоння ноч. Драбочак анальгіну.

Пражэктара іголка, як шпрыца.

А ў радыё рыдае настальгія

Адступніка Эміля Гараўца.

 

О песня, ты плывеш нібы за кратамі.

І голасу салодкая мана!

Акно маё прашчупвае лакатар

Чужога і нядрэмнага акна.

 

Я чорных слоў не маю на прыкмеце,

Запісвайце, лавіце тонкі нерв...

І ў неспакойным горадзе — і ў свеце! —

Спрабую напісаць спакойны верш.

 

 

Перад уваходам у Арганізацыю Аб'яднаных Нацый

Я з сабой прывезла толькі ліру

Скрозь імжу, скрозь ранішні туман.

Хочацца ўвайсці ў сабор мне

міру

Перад уваходам у ААН.

 

Ты, цывілізацыі калыска,

Не звядзі мяне, зямля, у зман.

Бачу зоркі брацкіх абеліскаў

Перад уваходам у ААН.

 

Голуб міру ў небе распасцёрты.

Заглушы, планета, хіжы план!

Чую галасы жывых і мёртвых

Перад уваходам у ААН.

 

Век прагрэсу, стрэсу і навукі,

Век

яшчэ неадбалелых ран...

Людзі свету, дайце згоды рукі

Перад уваходам у ААН!

 

Светла міру

мне даваць прысягу.

Не бунтуй, шалёны акіян.

Я сама стаю, як дрэўка сцяга

Перад уваходам у ААН.

 

 

Зварот да статуі Свабоды

Пры ўваходзе ў Нью-Йоркскі порт на маленькім востраве стаіць вядомая статуя Свабоды — падарунак Францыі наро­ду ЗША. Мадэль статуі Свабоды французскі скульптар Фрэ­дэрык Агюст Бартольдзі ляпіў са сваёй маці.

 

 

Хай прыйдуць да мяне

Твае стамлёныя, бедныя,

Твае неспакойныя натоўпы...

Хай прыйдуць бяздомныя,

Раскіданыя бурай.

Я ўздымаю факел

Ля залатых варотаў.

 

Надпіс на п'едэстале статуі Свабоды

Ёсць помнікі з нагоды

Высокіх дзей.

Чаму ж

У статуі Свабоды

Ружанец замест руж?

 

Свабоднай быць, ды толькі

Пазбыць у сэрцы крык?

...Паважная Бартольдзі —

Парыжа ўдумны лік.

 

Каму ж гарыць ваш факел,

О боская душа?

Адзеты ў колер хакі

Празорцы ЗША.

 

Гляджу на ўдумны подзіў,

Адкрыты ўсім вятрам.

Але, мадам Бартольдзі,

Як мне паверыць Вам?!

 

 

Мэрлін Манро

Сканаў Хрыстос. Але жыве Іуда

І прызначае тайную цану.

...Твой смех распят на сходках Галівуда,

І вочы ўмураваны у сцяну.

 

О колькі іх, халёных рук і твараў,

Узводзяць па-над прорваю масты.

Ці ведаеш: 2000 далараў

Каштуе плацце, што насіла ты.

 

А заўтра мо сенсацыі аматар,

Сляпы паклоннік атамнай чумы,

З аукцыёна твой прадасць бюстгальтар

І твой партрэт адчайна-незямны.

 

Выкачвае усё, што можа, помпа.

Пампуе бізнес голас твой і крок.

Актрыса. Палюбоўніца. Секс-бомба.

Пакутніца. Рабыня. Матылёк.

 

Але, пакуль жывы яшчэ Іуда,

Ты й мёртвая — рэклама для газет.

...А смех крычыць са сходак Галівуда,

І вочы прабіваюць гнюсны свет.

 

 

Эн Сэкстан

Няма паэзіі ў грахах.

Грэх — хіба за падтэкстам...

Даруй, што варушу твой прах,

Далёкая Эн Сэкстан.

 

Так, можна ложак апісаць

І сховы падваротні —

Як за далар душу прадаць

І не купіць за сотню.

 

Так, можна скласці оду тым,

Хто прагне век нажывы...

Як чынна высяцца масты!

А свет — такі ілжывы.

 

У горадзе, што ачмурэў

Ад джазу і ад сексу,

Так блізка я адчула гнеў

Твой, гордая Эн Сэкстан.

 

Як б’юць рэкламы па вачах!

Для сэрца ж — мала месца.

...Я зразумела твой адчай,

Трывожная Эн Сэкстан.

 

Так, ёсць паэзіі сакрэт

І ў лёсе асабістым:

Паэт з'яўляецца на свет,

Як ластаўка, як выстрал.

 

Не ў самагубстве сілы соль,

Хоць ёсць тут знак пратэста...

Даруй, што варушу твой боль,

Спакойная Эн Сэкстан.

 

 

Эрнэст Хемінгуэй

Каробкі — агароджы,

Гудзе машынны рэй.

...На той я вулцы, можа,

Дзе йшоў Хемінгуэй?

 

Бы ў дыме цыгарэтным —

Фасаду абалонь.

А можа, ў доме гэтым

Гарыць яго агонь?

 

Вось змоўкне пёс калматы

І выйдзе на парог

Адкрыты, барадаты,

Любві і гневу бог?

 

Маўчаць фасад і мроя.

Маўчыць хвалёны рай.

(Бывай, заганы зброя!

Заганны свет, бывай!)

 

Але праз гвалт і кулі,

Палітыкаў мудрэй,

Ідзе ў агонь-кашулі

Эрнэст Хемінгуэй.

 

 

Разбітае сэрца ці скрыпка...

Зрываецца голас да крыку,

Радзее натоўп прыхажан.

Разбітае сэрца ці скрыпка?..

Іграй сваю долю, цыган!

 

Якому ты молішся лёсу

Між гэтых неонавых воч?

Сумуеш, скажы, па калёсах,

Да вольнай дарогі ахвоч?

 

На тлумным Брадвеі не пуста.

Чаму ж невясёлы такі?

А плацяць не надта каб густа —

У шапцы адны медзякі.

 

Душу абступілі трушчобы,

А спіцца ёй свежасць палян.

Іграй свой адчай, валачобнік!

Іграй сваё сэрца, цыган!

 

Імкнуўся, ірваўся да раю.

Багаты, шчаслівы — не ты!

У скрыпцы, што ціха рыдае,

Я чую венгерскі матыў:

 

«Эх, раз, яшчэ раз,

Яшчэ многа-многа раз!»

 

 

«Я — алкаголік»

Маналог 30-гадовай жанчыны з Гарлема

 

Штогод у ЗША ад алкаголю

памірае звыш 100 тысяч чалавек.

 

З газет

«Мяне і суровы мароз не праб’е,

Я вечна ў аднолькавай ролі.

Сама прыкалола эмблему сабе,

Не бачыце? «Я — алкаголік».

Вы хочаце ведаць, якой я была?

Ёсць толькі на сэрцы адзнака.

Мой дом?

Гэта мулкі закутак двара.

Мой друг?

Азалелы сабака.

Даўно я не маю на шчасце надзей.

Другія спраўляюць вяселлі.

Люблю я глядзець на шыкозных людзей,

Каб тут жа забыцца ў пахмеллі.

Ці светла жыла калі-небудзь я? Не,

Не ўспомню, як гул тулумбаса.

Я — цела Гарлема, што ў брудзе гніе.

Я — сумная, чорная раса.

І вуліца шчодра мяне прыняла,

Дала мне прытул і спатолю.

Вы хочаце ведаць, якой я была?

Спытайцеся у алкаголю».

 

 

Верш пра верш

О, кажуць з моды выйшлі тут

Паэмы і санеты.

На секс-раманы, кажуць, культ.

А як растуць паэты?

 

Кіно насупраць, чым слывеш?

Няўжо любоўнай пыхай?

Ах, не ў цане тут, кажуць, верш:

Пасцельнай драмай дыхай!

 

Сэр, што чытаеце найперш

У час, калі журліва?

Ах, не ў цане тут, кажуць, верш:

Вы п’еце джын ці піва.

 

Глядзіць на юных

сумны сквер,

На твары, як са склепа.

Ах, не ў цане тут, кажуць, верш:

Марыхуана — лепей.

 

Ды ў час, калі гуляе сквер,

Калі сваволяць моды,

Я знаю, дзесьці спее верш

Як чысты гром свабоды.

 

Ды ў час, калі вятрыска б'е

І верашчаць газеты,—

Жывуць, Амерыка, твае

Забітыя паэты.

 

 

Энергія апалага лістка

 

Малюнакскрозь вашынгтонскую восень

 

Як Вашынгтон мяняе пазалоту:

Сярэбрана-ружова-медны бляск!

 

...Няма маёй рабіны каля плота,

Няма бярозкі зорнага святла!

 

Заманьвае вітрына лаўкі «Ріzzа».

І дождж падставіў дрэва парасон.

 

А дзе мая празрыстая крыніца?

Дзе ціхая мелодыя лясоў?

 

Гуляе дзіўны ліст па тратуары,

А нахіліцца не хачу я, не.

 

Няма маёй каліны светлатварай,

А значыць, тут яшчэ няма й мяне!

 

Паніклая вярба, як патароча...

Густы пейзаж. Туман — як з малака.

Адкрыць, сказаць сваё мне нешта хоча

Энергія апалага лістка.

 

 

Зводдаль

Травы зубрыныя, пошум калосся

І палатна разматаны сувой...

Зводдаль — ясней,

што нязбытна збылося,

Што абышлося айчыннай цаной.

 

Крык жураўліны, празорыя росы,

Ростані доўгай вірлівае дно.

Вось і да сэрца падкралася восень —

Кожную трэшчынку-жылку відно.

 

І ў цішыні, што дыхнула марозна,

Скрозь ледзяную, празяблую сінь —

Свеціцца кожная сынава слёзка,

Луг журавінавы, ў полі — бярозка,

Ціхая, ў чорнай хусцінцы — Хатынь.

 

 

Роздум на Арлінгтонскіх могілках

...Так многа намяло на сцежку лісця,

На час, на памяць — столькі намяло!

З турыстамі хоць разам пажурыся,

Амерыка,

над лепшым — што было.

 

Па мулкіх вулках выстылых ускраін

І ў цэнтры — тут, дзе золата і тлен,

Заросшы валасамі

ходзіць Каін —

Феномен прагрэсіўных перамен.

 

З жалезным сэрцам і з рукамі робата,—

Ягоны клопат вечна пры сабе:

Ён цэліцца не ў Джона і не ў Роберта:

Амерыка, ён цэліцца ў цябе.

 

То лістапад ці зоркі ападаюць?

Сірэны Вашынгтона ці спалох?

І выбіраюць тут. І забіваюць

На скразняках знявераных эпох.

 

Мо лепей быць жалезным, чорным робатам,

Не ведаць праўды і не прагнуць крыл?

...Як лебедзь — мармуровы крыж над Робертам.

Над Джонам — расстраляны небасхіл.

 

 

Музыка

Ёсць музыка нячутная, нямая,

Яна імкне з душы на крылах мар.

Ёсць музыка, яна не пакідае

Нават тады,

калі апошні марш.

 

Ёсць музыка на тых маіх пагорках,

Якую, як паветра, я лаўлю.

У зглухлай хвалі тлумнага Нью-Йорка

Я музыкі, я музыкі малю.

 

Ёсць музыка пяшчотней першай краскі

І музыка, што бударажыць сны

І што зрывае праведнікаў маскі

З забойцаў і падпальшчыкаў вайны.

 

Плыве яна — уся з падзей і мрояў,

І хто яе прымусіць замаўчаць?

Ёсць музыка для здрайцы.

І героя.

О не, ёй не аднолькава гучаць!

 

 

Слова пра агонь

Ад смецця цябе бараню,

Ці з пульсам натхнення звяраю —

Аддайце павагу агню,

Што хлебнаму духу спрыяе.

 

Мы ўсе вынаходнікі

ў час

Касмічных ракет і рэнтгенаў.

Агонь нас трымае. І нас

Палохае пашчай геены..

 

Баюся сказаць я: «Была.

Бывайце, дарогі, дасвецці».

О, як не хапае цяпла

Уздыбленай нашай планеце!

 

Ды хораша верыцца дню,

Што ўсмешку і сонца вяшчае.

Аддайце павагу агню.

Забіце агонь вынішчальны!

 

 

Ціхая песня

Слухаючы канцэрт эмігрантаў у Нью-Джэрсі

 

Толькі верасу пальцы

настрояць душы тваёй струны.

 

Данута Бічэль-Загнетава

Ты прарвешся, нібыта ў сакрэце,

З ноты першай, што ўзяў салавей,

Пакалення другога ці трэцяга

Эмігранцкіх сямей!

 

Дыяменцікі глебы...— бы з сотаў

Мёд струменіць на донца каўша.

Эмігрыруе розум. І ўсё-такі

Застаецца балючай душа.

 

У царкве, на харальнай сцэне,

Як цвіце незамглёны твой строй!

Захліпнулася песня, ўзляцела

І назвалася ціха сястрой.

 

А чаму ж зажурыліся маці?

Дзе ж ваш, мальцы, здарожыўся конь?

Толькі верасу чуйныя пальцы!

Толькі позняй рабіны агонь!

 

Як грамнічную свечку,

лэдзі

Ускрыліла малітву ў сабе.

Хто ж, душа, цябе так развярэдзіў?..

А крынічка з-пад кораня б’е.

 

 

Мальба Дункан, ці Сяргей Ясенін у Амерыцы

Боль які? Якога болю эра?

Балявы ўзвышаецца парог.

«Я малю цябе: застанься, Серго!

Бачыш? Да тваіх прыпала ног».

 

«Я малю цябе: застанься, Серго!» —

Голас аддаляецца, як звон.

Спрасаваны да адчаю нервы,

Толькі вочы ўспыхваюць, як лён.

 

Наплывае одум вечаровы

І радзімай ніткі суравей —

Кучарава-золатагаловы

Сцішыўся разанскі салавей.

 

Пышныя — ды ўсё чужыя! — ланчы...1

Сум чужых абдымкаў і зямлі...

Размаіста-шумны рэстаранчык,

Рашэну2

ў апошні раз налі!

 

Адплыве ён караблём наранку,

Залатой мігнуўшы галавой,

О, Радзіма! — сіні край! — тальянка!

Хоць і ўмерці — толькі на сваёй!

 

 

1 Ланч — званы абед (англ.).

2 Рашэн — рускі (англ.).

Дажджавая нітка лёсу мамы

Як баюся грому тэлеграмы,

Асабліва — хуткай, балявой.

...Дажджавая нітка лёсу мамы

Вырасла высокаю травой.

 

У зямлю, якую ўскалыхала

На руках айчынная ўдава,

Колькі кропляў, колькі слёз упала! —

А шуміць ахоўная трава.

 

Стане смага, стане скруха мучыць,

Дождж пральецца, нібы з рукава...

А куды я ні ступлю — жывуча —

Ўсё пяе радзімая трава!

 

Ходзіць маё сонца за гарамі,

За даламі і — за даланёй.

Дажджавая нітка лёсу мамы —

Праз чужыну — журыцца са мной.

 

 

* * *

Не спіць сівы Гудзон,—

Няма яму цішы.

Шалёны перагон

Рэкламаў і машын.

 

Ірвецца слова ніць,

Што мелася ў запас.

Хачу я пазваніць

Табе ў сумотны час.

 

Тут, на чужой зямлі,

Дзе вера ўпала ніц,

Ты снішся мне з раллі,

Ў мяне цячэш —

з крыніц.

 

Шыкозная смуга

Па самым сэрцы б’е.

Пяе мая туга

Дыханне па табе!

 

 

Шлях дадому

Шлях дадому,— ён заўжды кароткі.

А хоць пёркам воблака пішы!

Добры дзень, дымок зямлі салодкі!

Добры час, мае таварышы!

Хоць мінула нас

вайны навала,

Змоўніцкая куля абышла —

Нам на рукі выпала нямала,

Каб зямля з арбіты не сышла.

 

Ладзім мы свае масты, сустрэчы,

Варым сталь, будуем гарады.

Нам нямала выпала на плечы

Ў гэты — і ў наступныя гады.

 

Толькі б чэрствасць нас не астудзіла,

Толькі б спела слова не дарма.

Над крылом праменнае Радзімы

Пахіснуцца

права нам няма!

 

 

Келіх роднага неба

 

Беларускім дыпламатам

 

Ад раллі, ад палян, ад чабору

У пакойчыку — светлы прыліў.

І не трэба мелодыю бору

Перакладваць на іншы матыў.

 

Нас трымаюць надзейныя кладкі,

Нават тыя, што вораг спаліў.

І не трэба жыццё без аглядкі

Перакладваць на іншы матыў.

 

О, як спеліцца голас няспеты,

Растапляючы наледзь гадзін.

Сто нябёс, сто вятроў кругасветных! —

Келіх роднага неба адзін.

 

Да чужога не звыкліся вочы,

Сэрца цепліць гаючы ўспамін.

Можа, свет пераменіцца тройчы —

Келіх роднага неба адзін!

 

Нью-Йорк — Мінск.

1981—1982

 

 

 

3...

У журбы спытаць каторай,

Па якой мы плацім мерцы?

Соль жыцця не толькі ў творах —

Соль, — яна на самым сэрцы!

 

 

Вясло і перавясла

З глыбінных схоў народных слоў

Не з торбачкай па масла

Імчала ўдаль мяне вясло.

Трымала перавясла.

 

Шумеў сусветны гураган

Выгнаннікам паганым.

Мне рукі абдзіраў дзірван —

Ралля лячыла раны.

 

На небасхіле юных крыл

Крыляла даль навыраст.

І прыдавала новых сіл

Зямля удоў і сірат.

 

І з векапомных тых гадоў,

З маленства ціхай лодкі

Калодзеж памяці дзядоў

Быў самы найсалодкі.

 

Якую ж песню выткаць мне,

Знайсці якія гамы?

Ды ў засівелым тумане

Не гаснуць вокны мамы.

 

Дабрыдзень, роднае сяло,

Дзе любасць не пагасла.

Нясе ўдаль мяне вясло —

Вяртае перавясла.

 

 

* * *

Сумуем па сябрах, як па надвор'і.

Асвойваем спрадвечныя ільды.

І адкрываем новыя сузор’і,

І пад зямлёй знаходзім гарады.

 

Але куды ты, думка-непаседа?

Чаму крычыш, спакойная душа?

Далёка як —

да блізкага суседа!

І да клапот ляснога мураша!

 

Чаму так горна раструбіўся жораў,

А ў лістападзе — дрэва зацвіло?

Чаму такое, блізкае учора,

Спяваеш па-інакшаму, сяло?

 

Перабірае мама сонца ў кроснах,

Перабірае век

свой лёс з азоў.

Ты душны, свет. І сто разоў — дзівосны!

І неспазнаны — тысячу разоў!

 

 

Ялта — 1917

Чысты пагляд васілька.

Ціха журыцца радзіме.

Роднае поле радка

Ці не з табою, Максіме?

 

Чую, як мора шуміць.

Хваля

тугі не адніме.

Хочацца верыць і жыць

Ці не табе, Максіме?

 

Белай самоты сцяна,

Дай яму лёту і сілы!

Ці не з журбы Лесуна

Ў Лебедзя гордыя крылы...

 

Скруха душу апячэ,

А ці узніме нягода.

Гэта спяшаецца Чэсць

У абарону народа.

 

Смерць, ты цікуеш дарма.

Белых галінак кіпенне.

Смерці ў Паэта няма —

Ёсць Нараджэнне!

 

Песняй абвостраны слых

Чуеш, Максім? — не ўмірае!

Гэта з табой. І для ўсіх

Зорка Венера світае.

 

 

Ружы Купалы

Святло вачэй. Журбы пракос.

Сарочкі кужаль.

Ўпляліся ў Ваш балесны лёс

Шыпы і ружы.

 

Ў хадзе радка, як хадака,

Праз град і слоту,

О, як выполвала рука

Драсён прыгнёту!

 

Да зор не спалася радкам

І песні мужнай.

І не да сну было шпікам:

Палалі ружы.

 

Адменнай ніткай вышыт час.

Ды ў Беларусі

Не ў цень сышлі — звіняць для Вас

Прызнання гуслі.

 

Гучыць паэзіі арган

Праз боль і сцюжы.

...Кладу на Вечнасці Курган

Святыя ружы.

 

 

Кастры ў Петраградзе

 

Солдату

упал

огонь на глаза,

на клок

волос

лёг.

Я узнал,

удивился,

сказал:

«Здравствуйте,

Александр Блок.

Лафа футуристам,

фрак старья

разлазится

каждым швом».

Блок посмотрел —

костры горят —

«Очень хорошо».

 

У. Маякоўскі

Агнямі горад растрывожаны,

Заранкай свеціць далягляд.

Кастрычнік. Туляцца прахожыя

Паміж матросаў і салдат.

 

Інтэлігенцыя фарцовая

У каўняры хавае страх.

А плошча людная Дварцовая

Уся ў рабінавых кастрах.

 

Ён сцішыў крок. Душа прытомлена.

І пад вачыма — сінява.

Душою ці крылом надломленым

Ў гранітны бераг б‘е Нява.

 

Гараць кастры, крывёй прасмоленыя, —

Высокі іх узлётны дух!

І асвятляюць сцены Смольнага,

І над Нявой паэтаў двух.

 

Кастры ў вяках узыдуць зоркамі,

Хоць водбліск смутна лёг на скронь.

Ды на дваіх Айчыны горкі дым

І на дваіх — адзін Агонь!

 

 

У вянок Лесі Украінцы

Век праляцеў, а ці сон?

Ліст аднаўляе дуброва.

Вам з Беларусі паклон,

Ластаўка роднага слова.

 

Гэта не помнік Ваш, не —

Рухі жыцця нажавыя.

І Вашы крылы жывыя

Сцелюцца іншай вясне.

 

Чуйна ступаць па зямлі

Тым,

хто за Вамі — з Радзімай.

Колькі паэтаў ўзнялі!

Сэрцаў Вы колькі збудзілі!

 

З Вамі гамоніць абсяг.

Раіцца з Вамі прырода.

Песня і Песні прасцяг —

Леся —

легенда народа.

 

 

Лістапад. Пётр Ільіч Чайкоўскі

Світанак верасовы.

Не ліст — гады ляцяць.

Ёсць музыка, а словы

І самі загучаць.

 

Жыццё, жаданне, жыта

Ў адзін зліюцца хор.

Глядзі: душа адкрыта

Для буры і для зор.

 

О, як трывожна ў свеце

І сэрцу, і вачам!

І нетутэйшы вецер

Зрывае плашч з пляча.

 

Як прывід — ноты, ноты

На крэсле, на стале...

Стыхія адзіноты,

Ты жорсткая,

але

 

Звіняць лісця падкоўкі,

Пяе спусцелы сад.

То Пётр Ільіч Чайкоўскі

Іграе лістапад.

 

 

Гамаюн на Палессі

 

Полюби эту вечность болот:

Никогда не иссякнет их мощь.

Этот злак, что сгорел,— не умрет.

Этот куст — без истления — тощ.

 

А. Блок

Свет повен тайны і здзіўлення,

І немаўлінай віднаты...

Але ад самага з’яўлення

Смуткуеш ты і любіш — ты.

 

Наросхліст вокны ў кіпень мая.

Аціх ля берага паром.

Ды ці не бура агнявая

Тваім валодае пяром?

 

Туга, як хмуры панядзелак.

Пагосты. Ніцыя кусты.

Апранены ў глухі шынелак,

Смуткуеш ты і любіш ты.

 

Ды ўспомніцца між курных хатак,

Дзе багнай дыхаюць лаўжы,

Што з чэсцю рускага салдата

Паручнік Лермантаў служыў.

 

Не, не спадманны промень свята,

Не бурштыновы хмель віна —

Паэтаў акрыляе страта,

І загартоўвае — яна!

 

Сівы, пануры, белкаменны

Спіць між балота гарадок.

Але ў чаканні перамены

Аб штык навостраны радок.

 

Над смутаю жыццёвай прозы.

Над астабрыдлай тванню скрух —

Не ўкамянеў арліны позірк,

Не ўтравянеў мяцежны дух.

 

Не боскай міласцю стыхіі —

Даверам споўнены лісты.

І сэрцам матухны Расіі

Смуткуеш ты і любіш — ты!

 

 

На месцы дуэлі Лермантава

Спачатку — слова. Тайны знак спярша.

Не падкупіць вястунку год — зязюлю.

Балючая паэтава душа

А ці сама сабе шукае кулю?

 

Не будзе ад паэзіі збавення.

Паклон табе, смуглявы Пяцігорск!

Як эпалеты смутку і сумлення —

Ляжаць снягі на гордых піках гор.

 

 

Рыгору Семашкевічу

Непрадбачна журыцца мой верш,

Ты яго ужо не прачытаеш.

...Як глыбока, Грыша, ты жывеш:

Ні акоп, ні вуліцы не маеш!

 

Развітальнай

доўжыцца шашы.

Эх, якое-не-такое лета!

Светлая дарога ў Дамашы —

У чаканні сына. І паэта.

 

Ты ў якой быліннай старане?

Шлях дажджом палынным акрапіла.

Мо з сівой гісторыі Шыпіла

Ці Ігнат Буйніцкі скажа мне?

 

Горкі вецер. Вечаровы дым.

Смех звініць дзіцячы, як шумёлы.

...Здрыгануся: воблікам тваім

Кропелька твая бяжыць са школы.

 

 

Настаўнікам маім

У маладосці свой запеў сардэчны,

Свая журба і радасці свае.

Ды ці не вамі

кожны з нас прасвечан,

Старэйшыя дарадчыкі мае?

 

За цёплаю усмешкаю сяброўскай —

Як разгадаць, што быў нялёгкі дзень?

...А прывячалі — роўную на роўных! —

Нясмелую і юную з надзей.

 

Яны ж ляцяць, гадоў няўмольных сходкі,

Кручасты іх і катаржны працяг.

...Як галубы, сівеюць аднагодкі

На самай чуйнай лініі жыцця.

 

Надзеі квет і чорны пыл гаркоты.

І часу для спачыну не стае.

Яны ж з той самай баявой пяхоты —

Любімыя настаўнікі мае.

 

 

Кайстра Яна Скрыгана

На Рыжскім вакзале пазнаёмілася з Янам Аляксеевічам Скрыганам. Такім бачу яго заўжды: з лёгкай кульбаю-посахам у руцэ і з бухматай брызентавай кайстрай за пля­чыма.

 

Неба ракетнае сочым.

Маем на шчасце правы.

...Сталі жалобным глыточкам

Рэкі, бары, паплавы.

 

Песню бабуліну ўспомнім —

Гукі забудзем ураз.

...Нашы высокія промні

Ціха згараюць без нас.

 

Молада мудраму Яну

Між паваротак і ніў.

Лірнікаў голас — не звянуў!

Лірнікаў час — не прабіў!

 

Памяць сцяжын не аслепла:

Маецца кайстра ў запас.

...Ян Аляксеевіч, светла,

Сцішана слухаю Вас.

 

 

* * *

...Рэкамендацыю прасіць —

Пытаць сабе характарыстыку.

І вось яна ужо звініць

На запытальным лісціку.

 

Ах, можна з болем і з грахом,

І з думкамі гарачымі

Прыйсці, нібыта ў свой,— у дом

Да Пімена,

Да Панчанкі.

 

Не спаў паэт? Паэт хварэў,

Сто раз у сэрца мечаны?

Ды вось вачыма абагрэў,

Як песняй незалечнаю.

 

Дык, значыць, ёсць каму — сястрой...

І роднасць не канчаецца,

Калі Паэт Душы

Душой

За бліжняга ручаецца!

 

 

Анатолю Сцяпанавічу Вялюгіну

Ці не Ваша выслалася поле

Зеляное, як палын-віно,

Ад балады віцебскай, ад болю,

Ад сяннога гарадка Сянно.

 

Шапкі спелых траў, плячо парома,

Росныя, бы ў зорах, паплавы...

Гэты край мне, ведама, знаёмы —

Ён такі ж чуллівы, як і Вы.

 

Шум вяршынных сосен у прагалах,

Завіруха вогненнай ліствы...

Гэты бор я дзесьці сустракала —

Ён такі ж бяссонны, як і Вы.

 

Баравая,

зноў чакае сцежка.

Тчэцца памяць ніткай суравой.

Спахмурнее твар. І ўсё ж усмешка

Выдае Вас, бацька, з галавой!

 

 

Бэз Веры Палтаран

Можа, камусьці тыраж да зарэзу,

Пухлыя сняцца тамы.

Вера Сямёнаўна, хочацца бэзу

Ў гордым маўчанні зімы.

 

Цуд, а ці корань з палескага краю

Вашай душой уваскрэс?

Не дачакаюся дзіўнага маю:

Сніцца і мроіцца Бэз!

 

Век наш касмічны — спешка і гонка.

Ды развярэдзіць да слёз

Белай надзеяю — белая гронка.

А ў фіялетавай выбухне лёс.

 

Сочыцца, хлынуў ракою, ліецца

Студзеню наперарэз —

Божа, як ломіцца ў вокны і ў сэрца

Сэрцам

раскрылены

Бэз!

 

 

Лілеі студзеня

(Да партрэта Ніны Мацяш)

 

Выплыла песня з Бярэсця бярозавага:

«Выйдзі, дзяўчына, не бойся марозу...»

 

А маразы ўсю ноч рыпелі,

Белым-бела на зямлі,

Ці то белыя лілеі

Ў Чорна возера зайшлі?

 

Не было, каб так марозіла!

Не было, каб так пякло!

Арабінай днела позняю

У агеньчыках сяло.

 

Завірухай разгайданыя,

Нагадаўшы карагод,

Йшлі лілеі, закаваныя

У аглухлы тоўсты лёд.

 

Йшлі па заснежжы паперы,

Па наступным і былым.

...А боты Золушкі былі

Трыццаць шчыльнага памеру.

 

 

* * *

 

Уладзіміру Паўлаву

 

 

Ранавата нам прычальваць,

Траціць час на перакуры.

Я люблю братоў адчайных,

Што жывуць на стыку буры.

 

Дзе,упаў баец вясёлы —

У травы спытаць каторай?

...Хлопчыкі бяздомных сёлаў,

Вы сям'і былі апорай.

 

Сябрукі вятроў расхрыстаных,

Зналі працу вы любую.

І жылі не горш міністраў

На стыпендыю скупую.

 

У журбы, спытаць каторай,

Па якой мы плацім мерцы?

Соль жыцця не толькі ў творах

Соль,— яна на самым сэрцы!

 

 

Агнявы танец

 

Тамары Аўсяннікавай

 

 

Крывінкай ад прыроды,

Дзе рухаў не займаць —

І боль найсамых родных

У танцы станцаваць!..

 

Кружылася танцорка.

Прасілі мы: «Яшчэ!»

А слёзка, нібы зорка,

Палала па шчацэ.

 

У змроку невідушчым

Яснеў любві ачаг.

І валасы, як пушча,

Шумелі на плячах.

 

Хто ведае, з якое

Нагоды ці віны

Занеслі ў ціхі Лоеў

Свой нораў цыганы?

 

 

Паромы. Аблачынкі.

Кахання перагон.

...А ў Лоеўскай дзяўчынкі

Дзве донечкі, як лён.

 

Прасеецца праз сіта

Набытак перамен. ...Тамара,

Кармэнсіта,

Палеская Кармэн.

 

 

* * *

 

Юрку Голубу

 

Ці чуецца у зманлівым спакоі

Мелодыя расстайнай завірухі —

У гордай зеляніне колкай хвоі,

У жаўцізне асенне-ціхай скрухі?

 

А сцежкі наша доля не мыляе.

Дык ад якога ж кроўнага сваяцтва

Яшчэ гарыць і іскрамі страляе

Касцёр вясёлы польнага юнацтва...

 

Не робіць культу з нас яшчэ культура.

Адбітак дня шукаем мы не ў люстры.

А два лісткі на голай сцежцы,

Юра,

Як два лісты, што ўсё ляцяць насустрач.

 

 

Верш Хрысціне Лялько

А дзе ж праз мора кладка...

Мільгнуць гады вяслом.

Спатканне? Страта? Згадка?

Хрысціна,

Гэта гром.

 

Яшчэ не раз пяшчота

Вуголлем — басанож.

Адхланне ці самота?

Хрысціна,

Гэта дождж.

 

Няхай паплешча ў ладкі,

Хай высвенціць авёс.

А востры серп прабабкі,

Хрысціна,

Гэта — лёс.

 

 

Галінка з Мардакян

Галінка, што на памяць адламілі,—

Яна ўзышла на сэрцы варажбой.

О, мы яшчэ з табой не гаварылі,

З такою ласкай ціхай і журбой!

 

Так погляд не паўторыцца ніколі

Паміж скупым быццём і —

небыццём.

У кожнага — свая галінка болю

І радасці,

пазначаных жыццём.

 

Ён будзе, прыйдзе морак

вечаровы,

Ды хіба сэрца спыніцца звінець?

Каму — вязьмо, каму —

вянок лаўровы,

А гэтае галінцы — зелянець!

 

Які абсяг! І ў небе — ні хмурынкі.

Хай потым — золь, і роспач,

і спадман.

І зеляней ясенінскай журбінкі —

Самотная галінка з Мардакян.

 

 

Зайду да Шчамялёва

Утапілася рака. Раскісла глеба.

Зрывае форткі вецер халасты.

Халоднае, дажджом размыта неба.

Уліплі ў гразь іржавыя лісты.

 

Размоклі ў полі маміныя боты.

Знасілася нядзелечка мая.

А ты, душа, хацела адзіноты?

Бяры ж яе — яна уся твая!

 

Вось мокры плот. І мокры кот ля плота.

Азяблая рабіна сыпле плод.

Запі дажджом няпрошаным гаркоту

І памяні салодкі самы год...

 

З якой красы тады сатчэцца слова?

Відаць, сама не праглыну зараз.

...Пайду, пазычу неба ў Шчамялёва,—

Яно ў яго блакітнае якраз.

 

 

Затушуйце руку

 

Ежели Кольцов выпускает книгу, то на обложку дайте портрет, который у Екатерины. Лицо склоненное. Только прежде затушуйте Изадорину руку на плече.

Читали ли Вы, что пишет обо мне Дункан за границей.

З пісьма С. Ясеніна Г. А. Беніслаўскай ад 11 мая 1925 г., Баку.

 

 

Ці туга захліснула, як мора.

Ці нахлынула сінь касачоў?

...Затушуйце руку Ізадоры,

Што ўпілася арліцай ў плячо.

 

Не пяшчота славянскай галубкі,

Дзе нябачна журбоціцца страсць —

Ёсць каханне страшней душагубкі:

Ні прапасці, ні дыхаць не дасць.

 

Бераг Каспія чуйна-ласкавы,

Як нястомны чайханшчык Баку.

Кропля горкай слязы, а ці славы?

Затушуйце руку.

 

Гэтак смутку трывожна і горна.

Не сціхае прыбой гаваркі.

Разрываючы спеўнае горла,

Жаўрукамі крыляюць радкі.

 

Вараннём — за кардонам газеты.

Але сэрца галубіць Баку.

Дзеля лепшае песні паэта

Адшчапіце руку!

 

 

Адчай

Ні гукам, ні званкам не адгукнешся.

Атуліць колкай памяці сувой.

Праз лёс мой

ты, як бура, пранясешся.

І дождж размые родны воблік твой.

 

І стане пуста мне, нібы ў пустыні.

Нібы сярод пустыні — я адна.

Так сівая бабуля ля акна

Пустой надзеяй цешыцца пра сына.

 

 

* * *

Вы прараклі. І сэнс прароцтва

Якраз пацвердзіўся на мне.

Цяжар вясновага сіроцтва

Цягну, як барку на спіне.

 

І толькі восенню імглістай

Жыве мая душа паноў,

Калі з курлыканнем і свістам

Адносіць юную любоў.

 

 

* * *

І прыйдзе боль, нібы па дому,

Ў якім не склалася сям'я.

На дождж, на гром, на ясны промень

Падобна музыка мая.

 

У салаўя прашу запеўкі,

Нібыта ў ёй і ўвесь сакрэт.

Відаць, ад жалю, ад жалейкі

Было з’явіцца мне на свет.

 

Жыву. Не жалюся. І помню

У цесных сховах пачуцця,

Што дождж, і гром, і ясны промень —

Пачатак і працяг жыцця.

 

 

Правяраючы час і сябе

...Толькі вецер кране беласнежны кілім.

 

...Лёд калодзежа мама праб’е.

 

Пасвяткуем. На сходах ўзахлёб пашумім,

Правяраючы час і сябе.

 

На вяселлі зайграе сляпы інвалід,

Але песня ўзляціць не ў жальбе.

 

Памяркуем. Адыдзем ад звад і ад крыўд,

Правяраючы час і сябе.

 

Скажуць сонца і першая краска: «Жыві!»

Жар вандроўных вугельчыкаў бура зграбе.

 

Друга самага лепшага апускаючы ў жвір,

Час пазначым. Праверым сябе.

 

 

Прыгаршчы святла

У паэтэс лірычнае адзенне,

Яно ў радках з заранак і аблог.

Ды колькі раз падманвалі надзеі

І адступаўся памагаты бог.

 

Нібы ў часы раскосага Батыя,

На сэрца словы пікай упадуць.

Ярлык прыклеяць самыя святыя

І грэшныя — упасці не дадуць.

 

Дзе час былы з паводкай весялосці,

Дзе шчыры поціск вернае рукі?

Саманаіў расстайнай маладосці

Агнём на сэрцы выпіша радкі.

 

І змые час дурных здзіўленняў пену,

І пачуццё абвугліцца датла.

...Паэзія,— яна не знае тлену,

Калі ў душы хоць прыгаршчы святла.

 

 

* * *

Ужо адпрасавала форма сыну.

Да бляску ззяе творчы катушок.

Яшчэ адну секундачку, хвіліну —

І выберу мелодыю на ўток.

 

Вось ідэал, вось прывід на прыкмеце

Агучвае мой старажытны верш.

Паслухай ты хаця б, няўлоўны вецер!

Паслухай Ты, калі яшчэ — жывеш!

 

Пакойнаму хвала. Жывому — слава.

А ў паядынку — полымя і лёд.

І жаліцца даўно не маю права

На посны быт, на грэшны недарод.

 

Мелодыя душы, святла замова

Кладзецца ў сноп пражытага жыцця.

Калі і ёсць яшчэ жывое слова,

Яно смяецца й плача, як дзіця.

 

 

* * *

Тупы, каменны брук,

Не молада журбе.

Забыць пяшчоту рук,

А значыць, і сябе.

 

Гадзіннік зорны час

На ўсіх шляхах праб’е.

Згубіць між іншых Вас —

А значыць, і сябе.

 

Яднае думы дзень,

Шчыруецца сяўбе.

Прагнаць адну з надзей —

А значыць, і сябе.

 

Найлепшы год з гадоў

Не звянуў у жальбе.

Забіць сваю любоў,

А значыць, і сябе.

 

 

Я Вам гляджу прыветліва у твар

О, як агонь з-пад сэрца выкрасала,

А разам з гэтым свет звінеў ва мне.

Я знаю: ўсё, што сёння Вам сказала,

Бязмоўна час шалёны праглыне.

 

Рубцы мае, і раны, і асколкі,

Вішнёвы цвет і ядлаўцавы куст!

І некаму не дагаджу,

ды толькі

Хіба ў глухога бездакорны густ?

 

І цвет, і гром змяняюцца з гадамі.

Ды цяжалець суроваму вязьму.

Пакуль святло, пакуль я маладая —

Я сто начэй у наймічкі вазьму!

 

І ападзе, як яблык мне на рукі

Любві найшчодры, найкароткі дар.

З такою ласкай і з такою мукай! —

Я Вам гляджу прыветліва у твар.

 

 

* * *

Паэзія. Душа. Айчына.

Маланка з громам. Бура. Ціш.

Ты спакон прагнымі вачыма

Ў прадонне воч маіх глядзіш.

 

Іду па твой вячысты форум.

Застыглы міг разварушы!

Маё аблічча — толькі форма,

Адлітая для струн душы,

 

 

4...

 

У галасах, бы ў каласах,

Нам ёсць патрэба.

Табе я сказана не ўся

Ракой і небам.

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

* * *

Загаворана пушча чаборам —

Колькі хочаш мядунак збірай!

І зялёным святлом светафора

Галасуе спадвіжніцкі май.

Спеўна мне — між чабору і мяты,

І па гладкім асфальце,

дзе крок

Вывучае мелодыю свята,

Як найпершае слова сынок.

Мне яшчэ гэтак многа і мала,

Што насіла з сабой і нашу,

І таго, што паспець запісала,

І таго, што яшчэ запішу!

Адчыняюцца поўдня вароты

І зліваецца з ямбам харэй.

На пякучай мяжы адзіноты

Разумею мудрэй і вастрэй.

Лёс мой — лес мой у ціхай маркоце,

Разглядаючы шчасця сляды,

На кручастым стаіць павароце,

Зразумелы для кожнай бяды.

І за што б вы мяне ні судзілі —

Трудны шлях мой і боль незнарок

Прачынаецца там, дзе, надзіва,

З палатна не сышоў васілёк.

І душа — немаўля, непакора,

Ўся з вяртанняў, надзей і прыкмет

На чырвоным святле светафора

Задумёна ўзіраецца ў свет.

 

 

* * *

Так дождж да сасмяглае глебы жадзён,

Так з будняў яснее нядзеля.

Напоўнім гранёныя келіхі дзён

Пітвом, што ўскрыляе надзею.

 

Рыфмуецца дзіўна: «сяло — весяло».

З крынічных, чаромхавых вёснаў

Куды ж так далёка нас, брат, занясло?

Ёсць песні. Няма падгалоскаў.

 

Здзіўляемся лугу у красках: «Які!»

На сіняе молімся неба.

Як быццам павінны — рука да рукі...

Галубім не тых, каго трэба.

 

З чаго б гэты міг паміж намі жадзён?

Чаму нечакана нямею?

Напоўнім гранёныя келіхі дзён

Пітвом, што ўскрыляе падзею.

 

 

* * *

Вось мой паром туманны,

і узгорак,

І нітачка сыпчастага дажджу,

Пакуль яшчэ не выспела

на сорак —

Я ў маладых і молада хаджу.

 

Я новы дзень люблю да кожнай

рыскі,

Хоць знаю працу катаржнай

начы,

Хоць порсткі графаман,

што кот сібірскі,

Мяне паляпаць можа па плячы;

 

Хоць недарэка можа пасмяяцца

І можа падкузьміць мяне ліхвяр.

А мне няма прад кім стаяць

на пальцах,

А мне заўжды любіць адкрыты

твар.

 

Пакуль яшчэ не выспела

на сорак —

Мне молада. Астатняе — затым.

Вось мой прытул рабочы,

як пагорак,

Пад хмараю. І промнем залатым.

 

 

* * *

Трывожным кліпам позні вырай.

Выток і скруха сініх рэк.

«Не сотвори себе кумира»,—

Хай будзе проста чалавек,

 

Каб з ім і ў гразь і ў завіруху

Было не боязна ступаць,

Каб шал душы тваёй і скруху

Ён змог без крыку ўтаймаваць.

 

Каб крок у крок і вочы ў вочы

Быць на трывалай прамаце;

Каб не ілгаў слязой сірочай,

Ратуючы уласны цень.

 

Жалейка ўскрыкнула ці ліра?

Пагляд ці гневу градабой?..

«Не сотвори себе кумира»:

Не бойся быць самім сабой.

 

 

Велясніца

З краю старажытнага

Хлынуў песні россып:

«Ой, чыё-то жыта,

Чые-та пакосы...»

 

Хмурыць чорны бровы

Вёска Велясніца:

«То ж з маёй любові

Пацякла крыніца».

 

Па калючай пожні,

Па жалобнай стрэчы

Выдаўся здарожаны

І трывожны вечар.

 

Позні і бяссонны

Дворык пахне мятай.

І не гасне сонца

Над палескай хатай.

 

 

Ноччу

Чацвёртая.

На вуліцы мароз.

А на акне успыхваюць ляўкоі.

Чаму шкадней

ад самых першых слёз

Дзіця маё святлеецца ў пакоі?

 

Мы з ім, як на ляшчыне спарышы,

Мне ёсць каля каго ў мароз сагрэцца.

І не гадзіннік цінькае ў цішы,

А трапяткое сынавае сэрца.

 

 

* * *

Плачу даўгі раллі

І лугу шапаткому.

Мне цёпла на зямлі

І лёгка, як нікому.

 

Але галоўны доўг —

Плаціць за шчасце болем.

І для цябе мой дом

Адкрыты, нібы поле.

 

Хай сыкаюць вятры,

Хай смаляць перунамі.

Але крыло зары

Світае паміж намі!

 

 

* * *

Пачуццяў дыялектыка

Ці груша на вярбе...

Ідзі праз трутня,

Скептыка

І ачышчай сябе.

 

На працу шмат угроблена,

На ўтульны кут быцця?

Надуманасць, раздробленасць,

Не заслані жыцця!

 

І ў грамадзе кіпучай

Святла не патушы.

Няхай цябе не мучыць,

Хай лепшаму навучыць

Раздвоенасць,

Расслоенасць,

Расплаўленасць душы.

 

 

* * *

Міг, што стаўся ужо учарашнім.

Хлебам-соллю застыў на стале.

Ды чакаю цябе не ў дамашнім,

Надаеўшым і ціхім жытле.

 

Так рабіна панікла пад ліўнем,

Так закута дарожка ў кілім.

Я чакаю цябе не ў наіўным,—

Туманцовым, ружовым, былым.

 

Паўтараецца шчодрае лета,

Азараюць мой шлях перуны.

Я чакаю цябе, як дагэтуль —

Самых мужных і верных з вайны.

 

 

* * *

Жораў ты, а я — сініца,

Нас абоіх бура б’е.

Разам нам не пасяліцца,

Пасялюся — у табе!

 

Што за пільная павага:

Ані кроку — без вачэй.

Мёды п’ём, а душыць смага:

Што ні кропля, то гарчэй.

 

Што ж за вогненнае шчасце:

Скошан лёс, як сенакос.

Да цябе мне не прыпасці —

Прыпадаю да нябёс.

 

 

* * *

Баюся я нявыказаных слоў,

Яны — палын, яны дурман і мята.

Прыходзіць позна лепшая любоў,

Як за пакуты горкія адплата.

 

Пад цёмначчу распыленых дзвярэй,

У цішыні сталічнага квартала —

А мы маглі б сустрэцца і раней...

Ты не аклікнуў. Я І }— не пагукала.

 

Дык не здзіўляйся шчаснай немаце,

Балючаму і дрогкаму пагляду.

Так зрэдку ўвосень яблыня цвіце

Наперакор слаце і лістападу.

 

 

* * *

Смутна выблісне шлях, нібы зорка з туману.

І адкрыецца зноў падарожжа жыцця.

Забяры мяне ў свет залатога спадману,

Дзе не вызнаны горыч і соль пачуцця.

 

Столькі лепшых часін у патайнасці сэрца

Праплыло, і згубілася стрэчы вясло.

Гэй, чыя ж гэта вутачка ў снежным азерцы,

І з якога ж Дунаю яе прынясло?

 

Над агромністай цішаю крылле світае,

І галінка вярбы заінела ў журбе.

Як жа гэта,

што мне — не судзілі вяртання,

Каб застацца ў нязменнай любові — табе!

 

* * *

Набытак шчасця мой бясспрэчны:

Пяро і чысты аркуш дня.

І голас твой скрозь ціхі вечар:

«Жыві адна!»

 

Што ж, і сама я ўразумела:

На вуснах з горыччу святла

Жыву няўтульна і няўмела

З нязменнай прагаю крыла.

 

Здаровы будзь, мой вольны сокал,

Сардэчны друг мой, шчыры брат!

...Жыву высока і далёка

Ад мітусні, хлусні і звад.

 

А вечарам, на схіле зоркі,

Прымроіцца ў пустым акне,

Што клічаш ты не цень мой горкі,

А з жыта — жытнюю! — мяне!

 

 

Аднойчы

Аднойчы, калі сцежкі ўмуражэлі,

Калі між намі рухнулі масты,

Нібы з-пад воч палескай варажэі

Адно мяне ўракло: з’яўленне — «ты».

 

О, пэўна, я запозна ў ім адкрыла

І сонца бляск, і мяккі шэпт травы.

Ці так кахала і ці так любіла,

Калі упарта паўтарала «Вы»?!

 

 

* * *

Не назавём — само не назавецца

Ні азярцо, ні твар, ані — вякі.

...Ці знаеш ты, як рыфма цяжка тчэцца,

Як рвецца песня — часта! — на шматкі?

 

Калі рыпяць з духмяным сенам санкі,

А ці вясну гукае журавель —

Я думаю: якой была б сялянкай

І падала б спакойна у пасцель!

 

Вось на парог радзімы павярнуся:

Шчыруе мама. Бульбачка кіпіць.

Ды ведаю — на песні захліпнуся.

І знаю: долі мне не абхітрыць.

 

 

Двое

Мастом падзелены ці злой

Насмешкаю паромшчыка?

Вясной павеяла, вясной

І першым спорным дожджыкам.

 

Не збыўся ясны мой прагноз:

Скразным дажджом надзелена.

Шкадую: не туды завёз,

Дзе молада і зелена.

 

Счакаўшыся, калі міне,

Дажджынку п’ю гаркавую.

Іду па левай старане,

А ўсё гляджу — на правую.

 

Трава падскочыла, бы ў сне,

Абмытая залеваю.

Ідзеш па правай старане,

А ўсё глядзіш — на левую.

 

 

* * *

Ці ўспомніцца, ці ўспомніцца

Рака і жоўты плёс?

Мяне, нібы палонніцу,

Ты цераз кладку нёс.

 

Я з рук не выбівалася

З тваіх,

далёкі мой.

Ці то вады баялася,

Ці цемрадзі начной.

 

...Сплыла вада глыбокая

З рачнога рукава.

Заблытана высокая

Салодкая трава.

 

Там я была ўлюбёная,

Натхнёная тады,

Як чарачка разгонная,

Як вецер малады!

 

 

Дзе ты прапала

Ці сэрца спявала,

Ці мора ў цішы ракатала,

Калі мяне трубка пытала:

«Дзе ты прапала?»

 

Ці сходзіўся свет на мне

клінам,

Як горным абвалам,

Калі — паланіла:

«Дзе ты прапала!»

 

Калючая кветка прымала акрасу,

Пахмурная далеч — світала,

Калі ты даймаў мяне шчасна:

«Дзе ты прапала?!»

 

Ты сцежкі усе перакрэсліў,

А быццам і гэтага мала?

Няўжо для мяне не ўваскрэсне

Тваё,

звышахоўнае: «Дзе ты прапала?»

 

 

* * *

Паміж лісця, паміж расы,

Ля ціхае дубровы

У два натхнёных галасы

Світалі нашы словы.

 

Выпырхваў шустры верабей,

І дождж не знаў дакукі.

І, быццам самі па сабе,

Плылі насустрач рукі...

 

Па верасах дажджы шумяць,

Па сэрцах і па вёснах.

Ты можаш, шчасце, ашукаць

І пасмяяцца злосна!

 

У сціхлым шэпце палыноў —

Вясны маёй дыханне.

Але ні рук няма, ні слоў,

Ні слёз на развітанне.

 

 

* * *

Пявучая зямля.

Вясёлыя аблокі.

...Хачу цябе здаля

Трымаць навідавоку.

 

Не набліжайся, не,

Заручаны з другою.

Цяпер ты для мяне

З журбы і з неспакою.

 

Як вечар скаратаць —

Падкажа толькі праца.

Чужы агонь вяртаць,

Як над сабой смяяцца.

 

На год паменеў дзень,

Ды стаў яшчэ выразней.

А цененькі мой цень

Перад табой, што вязень.

 

 

Начлежнікі

Клякоча юшка ў чыгунку,

Касцёр раз’ятрана ляскоча.

Плывём з табой у чаўнаку

Вясёлай і ўлюбёнай ночы.

 

Каля рачнога рукава —

Ані душы, бы ўсё знямела.

Адна трава, як удава,

Глядзіць услед нам зразумела.

 

Нам разам трошку меней,

чым

Агню сугрэўнаму і сцежцы.

Пра запаветнае маўчым,

Каб не ўракчы агонь начлежны.

 

Глухога берага карма.

Ахоўнай цішаю — сасонка.

І на тваёй руцэ няма

Аберагальнага пярсцёнка.

 

 

* * *

Ты той, каго няма са мной

Ні ў будзень, ні ў нядзелю.

Ды цеплю я (якой цаной!)

Вясёлую надзею.

 

Я спадзяюся на сяўбу,

На кожны лісцік новы.

На залатую малацьбу

Трывожнае любові.

 

Ды — адрываецца лісток

Асенняга бяссоння.

Па леву ручаньку — масток,

Па правую бяздонне.

 

Раскручваць памяці сувой,

Гартаць адчайна годы...

Ты той, каго няма са мной.

І хто са мной — заўсёды!

 

 

* * *

Запозна радасць, як даспелы яблык.

Запозна ў абарот бярэ прагноз.

Мне раілі. Ва мне шукалі д’ябла.

Слаўцом жывучым кідалі: «Калхоз!»

 

Мне ж гэты дол, мне гэты ліст — прычасце,

Што да акна зажурана прыпаў.

Я за плячыма маю трохі шчасця

Ад баразны, ад жытняга снапа.

 

Мне — гэты груд! І багуновы верад!

І чыстыя крышталікі расы!

Я прад вачыма маю белы бераг,

Куды здалёк вяртаюцца буслы.

 

Не трэба, каб усе мяне любілі,

Бо і сама камусь сказала: «Не!»

Вось дождж цурчыць. Яму шапчу я: «Мілы,

Ты ўвесь цяпер праліўся за мяне».

 

 

* * *

Сухі і маланкай апалены ствол,

А ў чым даўгалецця прычына?

Не трэба кахаць мяне

за рамяство.

Перш-наперш, я проста жанчына.

 

Магчыма, мне выпала меней,

чым той,

Якую заслоняць плячыма.

Ды ў кожнай смяшынцы і ў слёзцы любой

Перш-наперш, я толькі жанчына.

 

Прашу. І не ўмею высока прасіць,

Тым болей выпрошваць пяшчоты.

Як цяжка мне гордую голаў насіць

У горкім сутонні самоты!

 

Віной мне — разлука. І жарты — віной,

Віною — журба пад вачыма.

Мужчынская лірыка... А ці не ў ёй,

Як чайка, крыляе жанчына?

 

 

* * *

Яшчэ спытаю сілы

У скрухі і ў трывог.

Ну што ж, ідзі, мой мілы.

Не засланю дарог.

 

Жывы, нібы ў граніце,

Праз мой апошні боль

Нясі маё адкрыцце,

Распятае табой.

 

 

* * *

Не звяліся

Ласкі сэрцакрады.

Вось і у гэтай,

Зманлівай цішы

Мы з табой

Святыя перад праўдай,

Чыстыя —

Прад споведдзю душы.

 

Ці сяйво

Ад месяца-дальтоніка

Прабівае космы стрэчных хмар?

Лістам падарожніка

Далонь твая

Астуджае мой гарачы твар.

 

Расхінецца

Міласць небакраю.

Вусны,

Разгарайцеся ў мальбе!

Я сама сябе

Яшчэ не знаю —

Поўна адкрываючы цябе.

 

Будзіць сэрца

Дзённую заранку.

Молада

Выпырхвае трава.

Ўсё забуду!

Ўспомню сполах ранку

І надлом брыва.

 

 

* * *

Не трэба слоў у цішыні бянтэжнай.

Падумаем на мове ручая.

А вусцішнае лісце Белавежы —

Святочная апратачка мая.

 

Аберажы!

Я ўцехі знала мала

З таго, што наракаецца вясной,

Пакуль мяне святлом не расстраляла

Акно,

што ў гром адчыненае мной.

 

 

* * *

І грэшныя чарэшні маняць сокам,

І свет чароўны так, як я хачу.

Гэй, хто сказаў, што па табе я сохну?

Глядзі,— як дрэўца юнае лячу!

 

Між грозных зім і лет — не адвясную

Нават тады, калі лісты згараць.

Адкуль ты ўзяў, што я цяпер сумую?

Мне ў самы раз

над песняй шчыраваць.

 

 

* * *

Мы дзесьці размінуліся,

Як хвалі.

Успенілі прыбой

Чыёй віны?

Мы лёс свой дабрачынны

Памянялі,

Як памянялі коней

Цыганы.

 

Ні выкрыку,

Ні выбрыку пустога,

Што раздзірае душы

І раты,—

О мне хапіла б

Ласкавага слова,

Калі б Яго

Сказаў

Аднойчы

Ты!

 

 

* * *

Ні крыўдай, ні скрухай ліхою,—

Нічым не параню твой слых.

Аблашчана ласкай тваёю,

Суровею я пры другіх.

 

За стольнай бяседай — што толку! —

Шукаю цябе між усіх

І сыплю калючкі, як ёлка,

На гэтых

звычайных, другіх.

 

I трачу на спрэчкі хвіліны,

І сэрца тыраню праз дым.

Хоць знаю, ніхто не павінны

У трудным каханні маім.

 

 

* * *

Не маю наракаць

На горыч арабіны.

Цяпер твой след шукаць

Пад ветрам галубіным.

 

Прамёрзла ўшчэнт рака.

Глыбока днее памяць.

Яшчэ твая рука

Атуліць, нібы замець.

 

Яшчэ на твой пагляд

Настрою ўсю прыроду,

Хоць і няма назад

Ні кладачкі, ні броду.

 

 

* * *

Гэтак мне яшчэ не выпадала,

Не было ўва мне такой нуды,

Каб да беглай сцежкі прыпадала,

Што бяжыць няведама куды.

 

Гэтак не было яшчэ са мною,—

Каб не знала: вораг ты ці брат;

Каб канала над чужой струною

Сэрца,

ўкамянелае ад страт.

 

...Чуйныя,

дажджом размыты крокі.

З дрэў злятаюць дзён календары.

І сатканы вобраз твой далёкі

З белага туману і зары.

 

 

* * *

Даволі смуткаваць

Над тым, што стала тленам.

Навучымся кахаць

Высока і сумленна.

 

Не без любові дзень,

Святло не без прычыны.

Прыгонніцы надзей —

Дзяўчаткі і жанчыны.

 

На хісткай цішыні

Спадманнага настрою

Ты ўглыб агню зірні

У прыцемках спакою.

 

Даверу не паруш,

Хай мроіцца салодка.

Вядзі на сувязь душ,

Крутая паваротка!

 

 

* * *

І не цела бязважкасць —

Ноч мяккая, як пух.

Я табе яшчэ ў цяжкасць

Ў лахманах завірух.

 

Не зляцела б карона,

Як на нейкую б ноч...

Ды баюся зялёных,

Сваіх праведных воч.

 

Ў маіх трудных запясцях

Цень пушчанскі, лясны.

За нязбытнае шчасце —

Сні зялёныя сны!

 

 

* * *

Дап’ём зялёнае віно,

Расколем скрухі дровы.

Ды што ж смуткую,

як на дно

Іду?

Жыві здаровы!

 

Бярог бы ты мяне наўрад,

Ва мне шукаў бы ўцеху.

Аціх, апаў мой шумны сад

І яблыні — са снегу.

 

Стаіць вясёлая зіма.

Святлынь на Беларусі.

«Не дай мне бог сойти с ума»,—

На Пушкіна малюся.

 

 

* * *

Не пасмела б дарэшты пазбыцца,

Што было паміж намі і — над...

 

Вецер дыхаў у твар навальніцай,

Спасылаў белаядзерны град.

 

Градавая дарога — за мною

І наперадзе,— як пагляджу...

 

Слава богу, прайшла стараною

Нашумелая слава дажджу!

 

 

* * *

Самота ўспыхне белай сцюжаю,

Ударыць шротам па сцяне.

А я сумненні ўсё ж адужаю:

Жыццё, ты выбрала мяне!

 

З тваёю сцежкай-павадыркаю,

З тваёй гаючаю вадой,

З тваёй нягаснучай і зыркаю

Світальнай мілаю зарой

 

Ды буду там, дзе мне прызначана

Не на які кароткі час —

Пакуль світае песня матчына

І спеюць песні пра запас!

 

 

* * *

Яшчэ малюся труднай долі,

Яшчэ звініць мой лёгкі смех.

...Як сіне лён цвіце на полі!

...Як белатою слепіць снег!

 

Такія вызнала калдобы —

Дасюль пакутую у сне.

Хай будзе хлопчык мой падобны

На сіні лён, на чысты снег.

 

 

* * *

На сумежжы з вясной гэтай белай завеі

не выстаяць.

Пачынаецца дзея імжастых і хліпкіх адліг.

Адыходзіш па чыстаму снегу ўрачыстаму,

Па глыбокаму снегу бяссонняў маіх.

 

Дай, зару запыню!

Хай ласкавай усмешкай абудзіцца

Адзінотны, закляты трывогай пакой

На світальныя сны, на апошнія дні,

што не збудуцца

Між табою і мной.

 

 

Ні воблачка, ні вецярка

Ні воблачка, ні вецярка,

Адно — шчакі ірдзень.

Спакойна дыхала рака,

Яснеў высокі дзень.

 

Ні воблачка, ні вецярка

Над светам, нада мной.

Трымалася мая рука

За чуйны голас твой.

 

Ні воблачка. Ні вецярка.

Ні жалю. Ні нуды.

Пагляд ссівелы васілька

Сачыў нашы сляды.

 

Па меднакосай збажыне

Звінелі шаблі кос.

І ты сказаў: «Забудзь мяне.

На ўсё не хопіць слёз».

 

 

* * *

Цішыня. І азёрная гладзь.

На пахілены бераг прысядзь,

Што падмыла вадою быстра...

Светлы вогнік ад скрухі кастра.

Гэта міг, а ці вечнасць здалёк?

Чуйна звоніць ў траве кавалёк.

Прахалода душы і расы.

Паўзабытыя дрэў галасы...

Хваля бераг ляніва кране,

Гул бульдозера дол страсяне.

Скалыхнецца лілея праз сон.

Пройдзе хмара грыбной паласой.

Над самотнай змялелай вадою

Мне зялёнай журбы не займаць.

Дакаціліся, сэрца, з табою:

Цішыня. І азёрная гладзь.

 

 

* * *

О ты, хто падарыў

Мне толькі гром ды вецер,—

Ты самы лепшы быў

З усіх, як ёсць, на свеце...

 

О ты, хто не хлусіў,

Калі жыццё — палонка,

І на руцэ насіў

Кайданны звон пярсцёнка,

 

І шэптам шчыраваў

Па-над маёй гаркотай,—

Пайшоў. Адмаяваў.

Адлетаваў. Адлётаў.

 

Няхай бяда прыб’е

Скразной слязой вяковай —

Мая душа к табе

Была невыпадковай!

 

 

Якая я

Не адыходзь! Цябе так многа

Між зор, між сноў, між лугаўя.

Над горкай памяццю былога

Якая я, якая я?

 

Застынь, каб мне хоць раз вярнуцца

Да вуснаў, нібы ручая.

Між дзікіх ягад і настурцый —

Якая я, якая я?

 

Хоць прашумі вясёлым ліўнем! —

Хай след падкажа каляя.

Паміж няшчасных і шчаслівых —

Якая я, якая я?

 

Ні ў поля вольнага, ні ў гаю,

Ні ў зор, ні ў сноў, ні ў лугаўя,

Я ў аднаго цябе спытаю,

Якая я.

 

 

* * *

На добры, на шчодрае восені лад,

Калі сваю ноч за сталом каратала,

Бясшумна ляцеў над зямлёй лістапад,

А жоўтае лісце ў душу западала.

 

Бялелі паўстанкі. Святлелі лугі.

Дрыжала пад ветрам каляным бярозка.

Ляцелі, як белыя гусі, снягі,

І ў кожнай сняжынцы — смяшлівы Марозка.

 

О, так не марозіла сэрца даўно!

Даўно не канала ад гордай самоты!..

За чорнаю працай

адкрыла акно

І ў твар мне дыхнула пралеска пяшчоты.

 

А як мне жылося?

Навошта? Нашто?

Хай промень рассее няўдзячнасці хмары.

Давай я павешу тваё паліто

І кожную рыску разгладжу на твары.

 

 

Згадка знаёмага рытму

Мне б яшчэ на хвілю запыніцца,

Дзе прастор агучвае сініца.

Скрушна абарвалася «ало?..»

Колькі буду жыць —

Датуль журыцца

І ў начы трывожнае маліцца

На тваё высокае святло.

 

Вось і надышла, нібы расплата,

Адзінота.

Будзе мукай свята

Тое, ад якога спеў вяду...

Адцвітае бэз. І вяне мята.

Мілы, гэта скруха вінавата

У святых бярозак на віду.

 

Пах сунічны. І зязюлі слёзка.

Куст шыпшыны мне сягоння цёзка.

Брат — халодны месяц у палях.

Я пішу табе.

Між намі — позна.

І зіма завеяю марознай

Замятае самы дольны шлях.

 

 

* * *

Яшчэ паўкроку—і вярста

Сканала у мальбе.

Няпраўда, іншым ты не стаў,

Як ведала цябе.

 

Не замасцілі жаўрукі

Адкрыты мной прарэх —

Каляны крок і лёд рукі,

І вымучаны смех.

 

Спытае хтосьці: «А было ж?»

«Было ж! — скажу ў адказ,—

Як ціхі гром, як фінскі нож,

Як сонца на заказ».

 

А час — дзівак. І лёс — дзівак:

Між нас, як паміж скал,

Каторы год усё ніяк

Не скончыцца фінал.

 

 

* * *

Святлом і скрухай лёс мой апавіты.

Хмурынка горкай песні на ілбе.

Лягчэй пушынкі і мацней малітвы

Была мая пяшчота да цябе.

 

Дык дзякуіі, што прыйшоў без запрашэння

Са сцежак польных, з думаў баравых.

Я ў гэты дзень, нібы пасля крушэння,

Не выпускаю дужых рук тваіх.

 

Пра ўсё, што я сказаць табе хацела —

Маўчу пад знакам гойнай віднаты.

Дык вось адкуль вяснянка прыляцела!

З тваёй душы. Ці гэта знаеш ты?

 

 

 

* * *

То цёмны бор, то рэдзенькі лясочак,

То — залатога поля абалонь.

Спалі мяне, як чарнавы лісточак,

Але й тады ўваскрэсну праз агонь.

 

Не паспяшай падаць на развітанне

Руку.

О як трывожна час ляціць!

Дэпрэсія дыхання, ці світання?

Да вечара — ці доліла дажыць?

 

Я ўжо адчайна праганяю стому,

З дажджу сляпога вобраз твой ляплю.

Табе, мой боль, табе — і больш нікому! —

Я й перад смерцю вымаўлю: люблю.

 

 

* * *

Схіляю галаву, нібы на плаху,

Перад табой

Пры вогніку зары.

...Нагавары бязглуздзіцы

I страху

І нават беспрычынна

Пажуры.

 

Скажы, што незваротна,

Небяспечна

Гарыць касцёр высокае пары.

Скажы, што ты — на міг,

А не навечна.

І да пакут мяне

Прыгавары.

 

Я буду нават

Гэтым словам рада.

Зямная ціша нас

Аберажэ.

Бо знаю боль,

Бо зведала няпраўду —

Спакойны твар таго,

Хто ў твар ілжэ.

 

 

* * *

Не прасіла я ў цябе падмогі.

Май адцвіў. Ружовы дым растаў.

Ты навошта з дальняе дарогі

Да мяне на хвілю завітаў?

 

Паспытала розных траў гаючых.

Боль аціх. І крок цвярдзейшым стаў.

Ты навошта з памяці балючай

Да мяне на хвілю завітаў?

 

А ці я кахаць цябе не ўмела?

А ці ветлай ласкі не было?

...Бачыш, колькі верасняў асела

На парог, на рукі, на чало.

 

Хоць на дзень спыніцца — а не маеш!

Дык чаму ж заехаў да мяне,

Дык навошта ж слоўка мне шукаеш,

Ад якога — токам па спіне?!

 

 

* * *

Вышэе неба і аблокі.

Жыву, нібы табе ў аброк.

Але ж ты зноў калючым вокам

Праводзіш мой каменны крок.

 

Не пераможаш гора крыкам.

Ды не раз’ела б душ іржа.

...Ну, што з табою наша крыўда

Прад мінным полем дзвюх дзяржаў?

 

 

* * *

І цішыня вастрэй ляза.

І глыбіня — зямная.

Як сто начэй мяне не знаў! —

Прыйду такая.

 

Нахлыну так, нібы з гары

Абвал вясновы.

О гавары мне, гавары

Пяшчоты словы...

 

У галасах, бы ў каласах,

Нам ёсць патрэба.

Табе я сказана не ўся

Ракой і небам.

 

 

* * *

Стала завялікай наша хата,

Ацішэў вясёлы наш куток.

Ды і мне знайшоўся памагаты —

Гаварлівы сонечны сынок.

 

Вось вясна сатчэ свае красёнцы.

Дол абудзіць пошчак салаўя.

Ўсё міне.

А будзе сын і сонца.

І між іх — зямлёю буду я.

 

 

* * *

Кашульку адбяліла,

І ягады зырчаць

Чырвонае каліны...

І маме трыццаць пяць.

 

На ёй — спаднічка ў клетку,

Ў руцэ — кашол з былін.

Вядзе мяне ў адведкі

Да пушчаў — баравін.

 

Здаецца, што замнога

Святла і вышыні.

Спяваецца дарога,

І дрэвы, і агні.

 

...Зажурана і бела —

Знаёмы паварот.

Не мама пастарэла,

А я на трыццаць год.

 

 

Навагодняя яліна

Яе ўняслі расхрыстаным ахапкам,

Паставілі надзеі пасярод.

Наіўная, я вывучаю лапкі

Яліны,

дзе нанізаны мой год.

 

Не патрабуе, гордая, убору.

Да лямпачкі агонь ёй на галлі!

Яна жыве снягамі і чаборам,

Баравіковым подыхам зямлі.

 

Яна трымціць вавёрчынымі снамі

І жвавым казытаннем мураўя,

Зялёная, завейная, лясная,

Калючая такая ж, як і я.

 

Распластаны і выпрастаны крылы

Надзеі і адчаю пасярод.

Ты быў скупы, ты грозны быў

і мілы,

Глухі і грамавы грамнічны год.

 

 

* * *

Яшчэ шчака ад рэўнасці гарыць

І просіць прасвятлёнай прахалоды.

Ах, не загадвай ласкаваю быць:

Дай закахацца раз і назаўсёды.

 

Піла — не наталяў мяне ручэй.

Цярпела — не знаходзіла адхлання.

Дай акунуцца ў чысты вір вачэй,

Якім магу паверыць без вагання.

 

Відаць, не растлумачу я: на чым

Стаю,

уся адкрытая для жалю.

Жыццё не прыгарнула да парчы —

Пакінула мне блюзачку з паркалю.

 

Чаму, сто раз навучаная жыць,

Я горкія памылкі паўтараю...

Ах, не загадвай ласкаваю быць,

Калі сама без ласкі паміраю.

 

 

* * *

І гусляў звон, і чарак перазвон,

І срэбны звон няпоўнага вядзерца.

...А ў горадзе, што стаў, як Вавілон,

Мне не пазбегнуць катастрофы сэрца.

 

Плачу за ласку і за гнеў — плачу,

Пакуль цябе нарэшце зразумею.

Я вінавата часта, што маўчу,

І вінавата, што хаваць не ўмею

 

Сваю любоў.

 

 

* * *

Не помні першы свой палёт

І крок самаўлюбёны,

Пакуль — буяніцца асот,

Пакуль — шумяць вароны.

 

Не думай: сутнасць за табой,

Што многа — дзён у бога.

І перш чым выйграць трудны бой,

Прышколь сябе самога!

 

 

 

Баялася грымот...

Дзе — зелен чорт-асот,

Дзе — рожкі буралому?

...Баялася грымот

І ўсё ж — чакала грому!

 

Збягала аваднёў,

Сляпой асвы пякучай.

Палохалася пнёў —

Любіла лес дрымучы!

 

Як вырас жніўны дзень!

Без краю — такавішча.

Вясёлая з надзей —

То — зерне, то — іржышча.

 

Пацяжалеў хатуль,

Хоць песень і няпоўна.

Жывая я,

пакуль

Шапчу сабе: «Цудоўна!»

 

 

...І самы позні час

Так мала сустракаліся з табой,

Жылі дасюль паблізу невядома.

...А самы ранні час,— ён цалкам твой,

Калі забыта і пазбыта стома.

 

Яшчэ на плечы не увесь цяжар

Апаў з дарог нязначных і вялікіх.

Не засланяй зажураны свой твар

Радкамі з вершаў спеўнага Хадыкі!

 

Шукала між насмешнікаў радню

А абмінала твой пагляд глыбінны,

І не таму малілася агню,

І не таму свае пяяла гімны.

 

І не тваёй журылася журбой,

І не тваім прасвечвалася горам.

...А самы позні час,— ён цалкам твой,

Расчынены наўсцяж дрыготкім зорам.

 

 

* * *

Дзе згубіліся Вы,

Мой нязбытны Каханы?

Мяккі шэпат травы.

Пералескі, курганы.

 

Ветлых зорак агні.

Распагоджаны вечар.

Пастаю ў цішыні

Пад глухім азярэчкам.

 

Неспатольная я?

Выбіраю замнога?

Гэта доля мая —

Песня, сцежка, трывога.

 

Галасы, паплавы,

Пералескі, курганы...

Мяккі шэпат травы —

Хоць прыкладвай да раны.

 

 

* * *

Дзень згасае. Нават ночы мала.

Дальняй зоркі невядомы гук.

Як і не было, не цалавала —

Нібы птаха выпусціла з рук.

 

Ах, была такою непакорнай!

І была мякчэй самой травы.

А цяпер ў акно душы

так горна

Трубяць золкай долі журавы.

 

Памалюся за тваю удачу,

За тваю дарогу-каляю

І сама у цішыні гарачай

Так заплачу, нібы запяю.

 

 

* * *

Ты адкуль, разбуджаны заліў,

Смак салёных слёз і пах гаркавы?

...Дымам яблынь

легкапенна сплыў,

Адзвінеў расой кароткі травень.

 

Маю толькі перыйка ў руцэ,

Нітачку сярэбраную ліўня.

 

Прахалода траўня на шчацэ

І спякотны пацалунак жніўня.

 

 

* * *

Не звязвайце натруджаныя крыллі,

Яны спазналі — досць! — вышынь і мук.

І з усяго, што мы пагаварылі,—

Шчаслівіца, я помню промні рук.

 

Гадзіна, нібы бэзавае ранне,

Прайшла (хоць гэта блізка), а наўзбоч.

Пасля — быў дождж. І наша развітанне.

А сонца не заходзіла ўсю ноч.

 

 

* * *

Не падміргнуць нам вулачкі, ці пашы.

Не будзе звыш чаканага «было».

А ўсё ж на міг зліюцца вочы нашы,

Запальваючы тайнае святло.

 

У лёгенькім, як вецер, паліто,

Нясмелая,

нагадваю лілею.

З бядой да Вас звярнуцца не пасмею.

А з радасцю кароткаю — нашто?

 

 

* * *

І нашто былую песню клікаць!

Боль агню растаў у тумане.

Знаю, як і многія з вялікіх,

Мой вялікі, ты не для мяне.

 

Спахмурнелы дзень і смутны вечар —

Нібы і ў каханых не была...

Незваротна нашая сустрэча

Праз палын і сцюжу пралягла!

 

 

* * *

Спрабую ўласны боль забіць

Спакойнымі вачыма.

Прасцей жыву, чым можна жыць.

Складаней — чым магчыма.

 

Жыву з нізінаў і з вышынь,

Між сонца і між грому

У век машын. У век маршчын,—

Душэўных, як вядома.

 

Чым славен наш азёрны край?

Багата чым Айчына?

Браток, Ямелю не зваляй!

Сястра, не зблоць Жанчыны!

 

Нам, як пачатак буквара —

Святло, Любоў і Годнасць.

І як асенняя пара —

На сэрцы сум і гордасць.+

 

 

* * *

Свет прасторны і вялікі.

У сумётах. У расе.

Вось і здадзены залікі,

А экзамены — не ўсе.

 

На расхрыстаных, гарачых

Хвілях

ластаўкай кружу.

Родна Мадорка не бачыць,

Як жыву я, з кім дружу.

 

А ці ў полі заначую,

А ці сонца разбуджу —

Родны бацюхна не чуе,

Што — спяваю, чым — тужу.

 

Друг далёкі, што з табою?

Не чутно. І не відаць.

І апроч сябе самое,

Мне

няма з каго спытаць.

 

 

Я развучылася смяяцца

Я развучылася смяяцца

З бяздумнай лёгкасцю званца.

Мой светлы дзень і свята — праца

Без перапынку, без канца.

 

Мне б развінаць над полем крылы!

З табой злівацца мне б, рака!

...Стаю ля брацкае магілы

Высокім ценем васілька.

 

Жанчына,

мне б не ведаць тлуму,

Не апускаць цяжкіх павек!

...Ды прыкаваў мяне да суму

Айчынны боль, Грымотны век.

 

Мой блаславёны, неспатканы,

Малю нябачнаю слязой,

Каб не ружжо трымаў Каханы,

А ружы з першаю расой.

 

Няўмольны час жыцця і смерці,

Прашу: змяні на літасць гнеў,

Каб адгукаўся ў кожным сэрцы

Жаночы смех, жаночы спеў!

 

 

Замірае лецейка

Прашумеў каршун. Узвіўся сокал.

Дыхае расою сенажаць.

Замірае лецейка.

Высока

Зоры прахалодныя звіняць.

 

Ані зыку. Толькі ў лёгкіх кронах

Кросны вёсен сцішана рыпяць.

І не трэба па лістах зялёных,

Па гадах зялёных сумаваць.

 

Па гасцінцу звонкаму, па полю,

Дзе гуляе спрытны вецер-буй,

Адпускаю душаньку на волю,—

Ты яе дарэмна не пільнуй!

 

Ой баюся месц, дзе распанела

Глухата,

дзе праз мяшчанства тхло —

Ні адной слязы не закіпела,

Ні адной прыпеўкі не ўзышло.

 

 

Цеплыня

Ад бяды — куды?

Бярэма

Падымаць не ўпершыню.

Колькі нервачак дарэмна

Падарыла я агню.

 

Гэтак думала прапасці,

Як былінка на зямлі...

Ды якія, людцы, страсці,

Нас яшчэ не абышлі!

 

Пасмуткую. Пасваволю.

Вецер, хмарку прагані!

 

Ад таго, што рук не холю

У сэрцы поўна цеплыні!

 

 

Еду ў госці да бабулі

Еду ў госці да бабулі,

Тут такая ціш ды гладзь.

Можна ў шэрае зязюлі

Навучыцца кукаваць.

 

Ўсё раўніны ды нізіны,

Мацярдушка, стаўбунок...

Можна ў краснае каліны

Папрасіць румян для шчок.

 

Можна нават збіцца з толку:

Ячмяню ці зор сяйво?

Можна скласціся ў суполку

З грамадою на жніво.

 

Можна выпырхнуць заранкай

З-за высокага ляска...

Ды кукую, як сялянка,

Над раллёй чарнавіка.

 

 

Любоў мая...

Вы без мяне ляціце, самалёты.

Вы без мяне імчыце, цягнікі.

...Любоў мая, ты песня, і маркота,

І спелы бор, і вольны гон ракі.

 

Балючы век. Надвор’я перамена:

Яшчэ лісток не ўпаў — а снегапад.

Ды скрыначка з дзесятага калена

Пяе ў душы на блаславёны лад.

 

Усё вастрэй — радні маёй прагалы,

Агеньчык дрогкі з маміных акон.

Ды зазвіняць вясельныя цымбалы

І жаркім вокам гляне ў сэрца конь.

 

Пяе віхор, пяе лісток апалы,

Пяе зямля курганняў і удоў.

Любоў мая, ты скрыпка, і цымбалы,

І шаргункі — над грывамі гадоў.

 

 

* * *

Калі спяваць прытоміцца душа,

Не бойся скрухі, песенная доля:

Як голька залатога спарыша —

Яшчэ жыве любоў твая і воля.

 

Ўдыхні яе жывы глыток наноў

Перш

чым накрые незвароту навісь.

Я знаю: свет багаты на любоў,

Бо толькі у разлюбленых — нянавісць.

 


1980-1983

Тэкст падаецца паводле выдання: Янішчыц Я. Пара любові і жалю: Кн. лірыкі.-Мн.: Маст. літ., 1983.-223 с., іл.
Крыніца: скан