epub
 
падключыць
слоўнікі

Яўгенія Янішчыц

Прызнанне вачамі

ВОБЛІК
1
2
3
4
5
6
7
8


 

ВОБЛІК

Столькі светлай журбы у паглядзе,

Бы купальскі касцёр не ачах.

У сто першым, ў стотысячным радзе

Я пазнаю Цябе па вачах.

 

Колькі зор маладых, невядомых!

Колькі неба на лёгкіх плячах!

Паміж твараў чужых і знаёмых

Я шукаю Цябе па вачах.

 

Мо на вольнай дарожаньцы лепей

Спазнаваць адрачэнне і страх?

Ад бяды, ад агню хай аслепну —

Я убачу Цябе па вачах.

 

Ах, якога святла біятокі

Прашываюць — і рвуцца па швах?

Як жывецца Табе, мой далёкі,—

Я спытаю Цябе па вачах.

 

Што ж так снішся глухімі начамі

З лёсам неба на цяжкіх плячах?

Не страляй залатымі вачамі!

...Адчуваю Цябе па вачах.

 

1

Хто там прыдумаў, што выстылі страсці?

Раскашавацца лістам і траве.

Схоплена вечнаімгненнае шчасце:

Дзіўнае воблака ў небе плыве.

 

Вецер блакітны і вецер зялёны

Хай пагуляюць сабе ў галаве.

Знойдзен адзіны пагляд незамглёны —

Дзіўнае воблака ў небе плыве!

 

Ах, як на ласку завышаны цэны!

Здраджвае нітка дакладнай канве.

Слухаю вочы і слухаю сцены —

Дзіўнае воблака ў небе плыве!

 

О як спяшаецца вечны гадзіннік,

І тэлефон Вас на часткі ірве!

Пух тапалёвы ці ўскрык лебядзіны —

Белае воблака ў небе плыве.

 

Шлях разматае назад завіруху,

Будзе загойна сляды замятаць.

Мілы, ці зналі душэўную скруху:

Боязна поўныя вочы падняць.

А справа ў тым, што неаднойчы палохалі і раздзіралі душу маю — не, толькі не вочы: з лёду і шкла, растопленага лампаднага масла, застыглай чорнай смалы, цвікамі ўбітыя ў роўны фанерны квадрат, пустыя адтуліны шпакоўняў, глухія працяжнікі, як сцёртыя з аблічча звычайнай школьнай гумкай, а — таксама: нажніцы, таплякі, абцасы, шпрыцы, воўчыя ягады, вілы, іголкі, англійскія замкі...

Але гэта было дзіўнае супадзенне вачэй, хоць і на адлегласці, хоць і на тым грунтоўна-дасканалым бар’еры, які раздзяляў раз і назаўсёды. А ці гэта мне падалося? Вочы ж былі вышэй бар’ера і вышэй саміх нябесных зорак! Яны былі вышэй самай трапяткой паэзіі!

 

2

Бар’ер. Які бар’ер

Мы выдумалі самі?

Чым плацяць за давер?

Я адкажу:

— Вачамі!

 

Яшчэ ў нас не было

Ні стрэчы, ні расстання.

Адкуль жа б’е святло

Бясконцага світання?

 

Мне чуецца лягчэй

За променем магічным.

Не пазычаць вачэй.

(Сама магу пазычыць.)

 

Трывогу прыручу.

Стрыножу пал адчаю.

Я вуснамі маўчу.

Цалую Вас — вачамі!

 

3

Няроўны ўзрост і час.

Жывём як за замкамі.

Не патрывожу Вас

Дарэмнымі званкамі.

 

Я з лесу. З Лугаўя.

З азерца. І з балота.

І што для Вас мая

Маленькая істота?

 

І пра якія чары

Нашэпча Вам мой луг?

Сямейны, звыклы круг —

Далёка не ганчарны!

 

О хай Вам сняцца сны

І хоць адзін — прарочы!

...Да неба ці вясны

Мяне прыбілі вочы?

 

4

У глыбіні начэй,

Дзе светлячкі лунаюць,

Не вынесу вачэй!

Яны па мне страляюць.

 

Што робіцца з вясной:

Кіпіць, сышоўшы з тропу.

...Яны ж бягуць за мной

З вясновага патопу.

 

Што дзеецца з душой:

Затоплена вачамі.

Між гордай цішынёй —

Я ўскрык. А Вы — маўчанне.

 

Шуміць і скача свет,

Расхрыстаны і босы.

Банальны мой сюжэт:

Я — поле. Вы — нябёсы.

 

5

Мама, нада мною не журыся,

Не шукай гаючае травы.

Бачыш, як высока узняліся

Нашы песні — нашы журавы.

 

Родная, мо досыць на парозе

Каратаць жыццёвыя кругі?

...Як адзін загіне у дарозе —

Вернецца, не згубіцца другі.

 

Не Яга, не злая патароча

Мне ў маленстве сцежку перайшла.

І калі не сплю глыбокай ноччу —

Гэта ад высокага святла.

 

Мілая, то лёс мяне сурочыў,

Каб заўсёды зорнаю была.

І калі пяю глыбокай ноччу —

Гэта ад нязгаснага святла.

 

Пэўна, буду паміраць я двойчы

У імя азёр і зорных ніў.

На паўнеба сёння — толькі вочы

Спеўны лес удзячна запаліў.

 

6

Крыляйце, журавы

Высокага адчаю.

...О гэтак блізка Вы

Не небам — а вачамі!

 

Аціхнуць паплавы.

І бор пазалачае.

...О гэтак ясна Вы

Не словам — а вачамі!

 

Трывушчы мой народ,

А песняю — параніш.

Хай схлусіць хіжы рот.

Вачамі — не падманеш.

 

Дзень добры, зоў і рух,

Грыбная аблачына!

Хай здрадзіць подлы дух.

Вачамі — немагчыма.

 

7

Абвостраны мой слых

(Як боль разварушыла) —

Не крала зор чужых.

І духам не грашыла.

 

Але даю зарок,

Нібы пасля патопу.

Ды выхапіць мой зрок

Ваш светлы лік з натоўпу.

 

Радней і балючэй

Нахлыне азарэнне.

Не апускай вачэй,

Журлівае імгненне!

 

Святло і вышыня.

Да ласкі свет ахвочы.

...«Паўцарства — за каня!»?

Я аддала б — за вочы!

 

8

Салодкі боль, не знацьмеш ты спачыну.

Кахаю я — і ў тым мая віна.

...Яшчэ адну біблейскую жанчыну

Прыбіла, нібы зорку да акна.

 

Святло маё, а ты не кропля ў моры!

Няхай заваліць розным тлумам быт.

...Пісала вершы і будзіла зоры

Усё-такі не Ева, а Ліліт.

 

Святло, ты не мяняешся з гадамі,

Хоць час не толькі промнямі спавіт.

Вачмі якімі свеціш ты, Адаме,—

Ці не вачамі зорнае Ліліт?

 

Глыбока п’ю шчаслівае маўчанне.

Душа ці зорка высіцца ўгары?

...Пагавары са мной, Зямля, вачамі.

І ты, Сусвет, вачамі гавары.


1982

Тэкст падаецца паводле выдання: Янішчыц Я.І. Пачынаецца ўсё з любві...: вершы, паэмы/ Яўгенія Янішчыц.- Мінск: Маст. літ., 2008.-339 с.-(Беларуская паэзія ХХ стагоддзя)
Крыніца: скан