epub
 
падключыць
слоўнікі

Язэп Дыла

Беларуская секцыя Расійскай Камуністычнай партыі

24 лістапада адбыўся першы агульны сход Маскоўскай Беларускай секцыі РКП/бальшавікоў/. Секцыя ўжо афіцыйна зацверджана, і нягледзячы на тое, што далёка не ўсе таварышы беларусы-камуністы былі паведамлены за малым часам, сход сабраў некалькі дзесяткаў чалавек. Нельга не падкрэсліць, што адказны для нас, беларусаў, момант захапіў усіх, і прамовы ўсіх гаварыўшых таварышаў не мелі лішніх слоў, былі поўны энергіі і веры ў свае сілы. Сход працягнуўся некалькі гадзін, але прамовы ўсіх былі заслуханы з неаслабнай упікнасцю, як ні стаміліся ўсе ад бесперарыўнага пасяджэння. Каму даводзілася быць на розных іншых беларускіх палітычных сходах — таго дух камуністычнага сходу мог вельмі здзівіць. Чулася моц.

Па прапанове аднаго з таварышаў сход успомніў памяць тав. Хрэнава, памёршага на гэтых днях ад гішпанкі. Зацвердзіўшы новых сваіх членаў і заслухаўшы даклад арганізацыйнага бюро аб усёй рабоце па заснаванню Секцыі, сход перайшоў да важнейшага пытання павесткі дня — стварэння той камуністычнай сілы з беларусаў, якая павінна ўзяць на сябе ўвесь цяжар працы маменту, каб вырваць беларускі народ з кіпцяў міжнароднага імперыялізму, з рук сваёй краёвай буржуазіі. Беларускія камуністы, на погляд усіх прамоўцаў, павінны як мага хутчэй згуртаваць свае сілы і кінуць іх на барацьбу з тымі ліхімі ворагамі беларускай працоўнай масы, якія пазбіраліся і каля Рады «незалежнае» рэспублікі, і каля эсэраўска-бундаўскага цэнтра губернскага земства, і каля астаткаў наймітаў польскіх паноў, легіянераў, і каля розных контррэвалюцыйна-афіцэрскіх бюро, займаўшыхся вярбоўкай людзей у паўночную і паўднёвую арміі. Трэба разам з тым выкарыстаць момант, калі неспадзяваны націск Чырвонай арміі захапіў яшчэ не гатовымі ўсіх гэтых чорных крукоў рускай рэвалюцыі.

Буржуазныя элементы Беларусі, гуртуючыся каля Мінскай Рады, кінуліся цяпер шукаць помачы ў Берліне, Кіеве, Варшаве і Вільні, увайшлі ў звязак з дзяржавамі Сагласу (Антанты), але нішто не выратуе іх ад гневу народнага. Разам з тым польскія імперыялісты (эндэкаўскага кірунку) паспяшаюцца захапіць Гродзеншчыну (як Беласток, Гродна, Ліду), каб не ўспусціць моманту; ужо к Баранавічам падыходзяць з захаду гэтыя легіянеры... Беларусь кіпіць, як гарачы кацёл... Рэвалюцыйнае сялянства, не ідучы за Радай, за земскім цэнтрам, дзе згуртаваліся сацыялісты-згоднікі, застаўшыся без правадыроў, месцамі паднялося на абяззбройванне нямецкіх акупантаў, нягледзячы на іх нібыта-рэвалюцыйнасць, часамі проста перабіваючы іх, рэжа паноў па маёнтках. Лічачыся з адказнасцю моманту, сход аднагалосна прызнаў патрэбу склікаць як найхутчэй агульны з’езд прадстаўнікоў усіх беларускіх камуністычных арганізацый, як існуючых у савецкай Расіі, так і ў акупіраванай Беларусі, каб выдзеліць той кіруючы камуністычнай працай на Беларусі цэнтр, які так цяпер патрэбен краю.

Падрыхтоўка з’езда даручана камітэту секцыі, для ўстанаўлення ж адносін і сувязей з іншымі ўжо існуючымі беларускімі секцыямі ў Пецярбургу, Тамбове, Саратаве выдзелены тры асобныя дэлегацыі, па атрыманню звестак ад якіх аб змове з гэтымі пунктамі будзе вырашаны і дзень, і месца з’езда.

Другім паважным пытаннем сходу было становішча Белнацкома. Адказныя працаўнікі яго досыць канкрэтна абрысавалі ўсе ўмовы працы, у якіх нёс сваю працу Белнацком. Секцыя вымушана была прызнаць, што праца камісарыята ішла ў надта цяжкіх варунках, якім не можа быць месца ў савецкай рэспубліцы.

Разам з тым сход лічыў патрэбным узяць Белнацком пад агульнае кіраўніцтва і кантроль, каб пашырыць яго працу, як гэтага вымагае адказны перад рускай і сусветнай рэвалюцыяй момант.

Без галасоў проціў секцыя прыйшла да пастановы, што патрэбна прапагандысцкая штодзённая газета, якая несла б у масы камуністычныя ідэі і вяла б напрамак поглядаў працоўнага гаротніка Беларусі. З-за тэхнічных прычын да часу павінна быць выкарыстана «Дзянніца», дзеля чаго патрэбна яе выпускаць часцей, а з выхадам чыста партыйнай беларускай газеты ў «Дзянніцы», як афіцыяльным органе камісарыята, друкаваць апрача афіцыяльнага матэрыялу яшчэ чыста дзелавыя справаздачы і артыкулы і хроніку будоўлі новага жыцця. Пастаноўлена яшчэ выдаваць патрэбную камуністычную літаратуру.

Прыдаючы вялікую вагу пастаяннай сувязі партыйных працаўнікоў на розных абавязках, дзеля творчай працы саміх мас, ахопленых камуністычным рухам, сход секцыі пастанавіў адкрыць у Маскве «Беларускі камуністычны клуб», а дзеля гэтага выбраў асобную камісію з пяці асоб, даручыўшы ім разам з культурна-асветным аддзелам Белнацкома падрыхтаваць як хутчэй гэту справу.

Пасля важнейшых пытанняў павесткі сход заняўся выбарамі: быў выбраны камітэт секцыі з 9 чалавек і 3 да іх кандыдатаў; выбраны прадстаўнікі ад секцыі ў Прэсненскі раённы камітэт партыі, у Маскоўскі гарадскі камітэт РКП, у раённы саўдэп і сакратарыят ЦК партыі.

Сход закончыў сваю працу прынцыповай пастановай, што секцыя лічыць патрэбным як найскарэй і як у найбольшым ліку працаўнікоў паслаць сілы на Беларусь дзеля агітацыі і савецкага будаўніцтва...

 

1918


1918

Тэкст падаецца паводле выдання: Дыла Я. Творы. - Мн.: Маст. літ., 1981. - 351 с., 1 л. партр.
Крыніца: скан