epub
 
падключыць
слоўнікі

Язэп Дыла

Беларускае жыццё ў Маскве

Як і трэба было чакаць, націск самога жыцця змяніў шмат што ў тутэйшых беларускіх арганізацыях. Абедзве некамуністычныя беларускія палітычныя арганізацыі, як «Беларуская Сацыялістычная Грамада», так і «Беларуская народная грамада», памерлі «сваёю смерцю». Лепшыя сілы першай «узарвалі яе знутры», разышоўшыся з пазіцыяй свайго партыйнага ЦК. Другая ж арганізацыя, «Народная грамада», страціўшы свайго кіраўніка, п. Цвікевіча, памалу замерла і цяпер саўсім не падае ніякага голасу і ўжо больш 3—4 месяцаў як не збіраецца. Што належыць да прафесіянальных з’яднанняў служачых чыгунак і пошты, тэлеграфа і тэлефона, то яны скора будуць ачышчаны ад шкодных камуністычнаму руху асоб і кіраванне хаўрусамі возьмуць на сябе шчырыя прыяцелі працоўнага беларускага народа, а не людзі, якім было калісьці па дарозе з буржуазіяй.

І, канешне, такія змены можна толькі прывітаць, бо ўжо даўно раздаюцца галасы нездавольства кіраўніцтвам гэтых гурткоў.

Звяртае на сябе ўвагу праца апошніх тыдняў у Беларускім навукова-культурным таварыстве. Выбраная яго агульным сходам рэдакцыйна-выдавецкая камісія, у склад якой увайшлі вядомыя вучоныя, як праф. Пічэта В. І. і народазнаўца Янчук М. А., выпрацавала шырокі план выдаўніцтва, з якім увайшла цераз культурна-асветны аддзел Белнацкома ў навуковы аддзел Народнага Камісарыята асветы. Можна спадзявацца, што план гэты, дэталёва і жыццёва-прыкладна распрацаваны, атрымае патрэбнае падтрыманне і ўсе тыя навуковыя і практычныя выданні, што шмат маюцца гатовымі ў рукапісах, «убачаць скора свет»... Напрыклад, маюцца зусім гатовыя навуковыя працы:

1. Збор матэрыялаў па народазнаўству Беларусі — праца ў 40 друкаваных аркушаў па 16 лістоў у кожным, з малюнкамі і нотамі; гэта зусім новыя матэрыялы з беларускага народнага жыцця, звычаяў, музыкі і народнай творчасці, сабраныя апошнімі гадамі і нідзе не друкаваныя.

2. Збор беларускай народнай творчасці, раней ужо друкаванай, але ў розных выпадковых, рэдкіх і загранічных выданнях, карыстацца якімі раней можна было або за граніцаю, або толькі ў Пецярбургу і Маскве; у ім будзе не менш 25 друкаваных аркушаў.

3. Зборнічак народных беларускіх песень дзеля школьнага выкарыстання (карагоды, гульні, пацехі і інш.).

4. Некалькі манаграфічных прац па гісторыі Беларусі пад рэдакцыяй праф. Пічэты.

5. Некалькі кніжак па сельскай гаспадарцы ў прыкладзе патрэб новых форм землекарыстання (камуны), інтэнсіфікацыі (моцнага грунту выкарыстання) гаспадаркі новых іншых патрэб сучаснага моманту сярод працоўнага сялянства і яшчэ некалькі іншых падрыхтаваных да друку рэчаў. Як бачым, таварыства ідзе насустрач новым патрэбам сучаснага палітычнага парадку.

Падрыхтоўка двухмесячніка «Беларускае жыццё», выдання Беларускага навукова-культурнага таварыства, шпарка ідзе наперад, і ад рэдакцыі мы даведаліся змест № 1. Сярод іншых матэрыялаў звяртаюць на сябе ўвагу такія артыкулы: цікавыя нарысы па гісторыязнаўству Літвы і Беларусі (аб кіеўскіх вучоных школах Антановіча); нідзе яшчэ не друкаваныя вершы і пераклады-вершы М. Багдановіча, Цішкі Гартнага, Я. Купалы і іншых; артыкул аб палітычных напрамках у беларускім нацыянальным руху з прылажэннем дакументаў гістарычнага характару; народныя песні, сабраныя ў Слуцкім павеце яшчэ ў 50-х гадах мінулага веку, атрыманыя з папераў вядомага маскоўскага вучонага Бадзянскага; нарысы эканамічнага жыцця на Беларусі (скураныя і драўляныя вырабы) і інш. артыкулы. У першым сшытку будзе некалькі фатаграфій, малюнкаў і будуць прыкладзены ноты. Трэба пажадаць толькі аднаго, каб цяжкія цяпер тэхнічныя варункі не затрымалі б скарэйшага выхаду ў свет гэтага журнала. Калі пецярбургскаму Беларускаму вольна-эканамічнаму таварыству ўдасца падрыхтаваць і свой месячнік «Беларусь», мы можам тады мець два навуковыя перыядычныя выданні, справа, аб якой калісьці мы, беларусы, маглі б мець толькі адны голыя спадзеі. Так творыцца новае жыццё.

Можна думаць, што прыезд у Маскву з Мінска лідэра беларускіх эсэраў гр. Грыба стаіць у звязку з той дэлегацыяй, якую пасылае Мінская Беларуская Рада да савецкага ўрада Расіі і ў якую ўвойдзе і чакаемы беларусамі ў Маскве Р. Зямкевіч. Цікава, як маятнік Рады хістаецца з боку ў бок, то ў Берлін, то ў Маскву. Дарма стараюцца шукаць выхаду! Наш гаротны народ даўно выказаў, куды глядзяць яго вочы са спадзеяю помачы, і толькі для палітыканаў яшчэ не ясна — з народам ці без яго.

Першае таварыства драмы і камедыі ў Мінску, атрымаўшы матэрыяльную помач на сваю асветную працу сярод беларускага народа, хоча прыехаць на гастроль у Маскву на каляды. Трупа і хор цяпер маюць што паказаць братняму вялікарасійскаму працоўнаму народу. Тэатральны аддзел Камісарыята народнай асветы абяцаў таварыству сваю помач дзеля гэтага прыезду ў Маскву. Белнацком ад сябе зробіць, што зможа.

 

1918


1918

Тэкст падаецца паводле выдання: Дыла Я. Творы. - Мн.: Маст. літ., 1981. - 351 с., 1 л. партр.
Крыніца: скан