epub
 
падключыць
слоўнікі

Язэп Дыла

Беларускія спектаклі ў перыяд рэвалюцыі 1905 года

У 1902 г. радашковіцкая моладзь ладзіць беларускі спектакль «Па рэвізіі» Крапіўніцкага, які прайшоў удала і зрабіў на гледачоў вялікае ўражанне.

У ліпені таго ж года гэтая ж п’еса была пастаўлена на хутары Карлсберг пад Мінскам, дзе таксама пакінула моцнае ўражанне.

Жыццё вымагала, каб узнік беларускі тэатр, які б адыграў сваю арганізуючую ролю ў культурным адраджэнні. У гэтым сэнсе вельмі паказальныя матэрыялы «Нашай нівы». У 1906 г. мы чытаем такі адказ падпісчыку са Свянцян: «Пытаецеся, ці ёсць беларускі тэатр? Пакуль што няма, але здаецца, што на калядах ужо будзе. Прысылайце толькі п’есы, каб іх можна было ставіць».

Адсутнасць арыгінальнай драматычнай літаратуры, якая б задавальняла патрэбы народнага тэатра, што пачынаў будавацца беларускай рэвалюцыйнай дэмакратыі, прымусіла шукаць іншы адпаведны рэпертуар. Наведаўшыя Беларусь украінскія трупы ігралі камедыю М. Крапіўніцкага «Па рэвізіі», у якой няшчадна паказана валасная ўлада на сяле. А ў царскія часы як на Украіне, так і ў Беларусі на вёсцы панавалі аднолькавыя парадкі. П’еса была перакладзена на беларускую мову доктарам Чарноцкім — адным з натхніцеляў тэатра, які пісаў у гэтай газеце пад псеўданімам «Апанас К.». Спектакль «Па рэвізіі» быў паказаны ў Радашковічах, на хутары Сніткі пад Мінскам, а ў 1906 г. на хутары Пятроўшчына пад Мінскам. У архіве тэатральнай секцыі Інбелкульта захоўвалася рукапісная праграмка спектакля.

Рэпрадукцыя той афішы надрукавана ў газеце «Літаратура і мастацтва» (№ 85, 1957) пры артыкуле Г. Барышава «Братнія сувязі». Апошні толькі недакладна прачытаў прозвішчы выканаўцаў. Перадапошняга і апошняга трэба чытаць А. Каліна, Б. Дзяргач, Г. Барышаў лічыць гэтыя мянушкі за сталыя сцэнічныя прозвішчы артыстаў-аматараў. Са слоў А. Бурбіса, аднаго з удзельнікаў спектакля (ён іграў ролю вартаўніка валаснога праўлення і тады фігураваў пад прозвішчам Б. Дзяргач), ясна, што па канспіратыўных прычынах прозвішчы мяняліся, і таму лічыць іх пастаяннымі нельга.

Арганізатарамі спектакля ў Пятроўшчыне былі А. Бурбіс (яго палітычны псеўданім тады быў Піліп), С. Кукель і іншыя. Сцэнай служыла пляцоўка ля свірна. Лаўкі зрабілі для платнай публікі і знаёмых гаспадароў фальварка. Быў самадзейны аркестр — цымбалы, скрыпка і бубен. Парабкі суседніх двароў і фальваркаў і сяляне мелі дармовы ўваход на спектакль. Людзей з вёскі сабралася шмат, звыш трохсот асоб. Старых, каб маглі ўсё добра ўбачыць і пачуць, саджалі наперадзе.

Спектакль, у якім расказвалася пра знаёмыя вясковыя парадкі ў воласці, усім падабаўся. Калі ж пасля спектакля пачалася дэкламацыя тады яшчэ не друкаваных, а перапісаных ад рукі першых вершаў Янкі Купалы, сяляне сустрэлі роднае слова горача, са слязамі радасці. А калі Алесь Бурбіс прачытаў верш Купалы «Што ты спіш, беларускі мужык», які гучаў як заклік узняцца на цара і паноў, паднялася бура воплескаў і воклічаў: «Праўда!.. Правільна! Даўно пара!»

Гэтым вечар і скончылі. Але калі вёска прыняла словы маладога беларускага паэта ў звароце да гаротнага селяніна з прызнаннем вялікай у іх праўды, дык госці і суседзі-фальваркоўцы былі абураны. Яны выказалі гаспадарам Пятроўшчыны свой гнеў на гэты кліч, як яны казалі, «рэзаць паноў»... А тутэйшая ўлада ў асобе ўрадніка, а пазней і станавога прыстава, усё дабівалася, каб назвалі прозвішча таго, хто дэкламаваў. Назвалі прозвішча не існуючага ў сапраўднасці чалавека і сказалі, што ён трапіў сюды выпадкова.

 

1957


1957

Тэкст падаецца паводле выдання: Дыла Я. Творы. - Мн.: Маст. літ., 1981. - 351 с., 1 л. партр.
Крыніца: скан