epub
 
падключыць
слоўнікі

Язэп Дыла

На шляху з варагаў у грэкі

Гістарычны раман. Урыўкі

Смаленск
Гром з яснага неба
Пярун
Полацк
Прысяга
Рамейскія ўцехі
Выпадак
А далей што?


 

 

Смаленск

Першая вясна ў Свіслачанах пасля звароту Страціма з Царграда прыйшла рана. Толькі мінулі апошнія маразы, як стала з дня ў дзень усё больш цяплець. Праз якога паўмесяца сонца растапіла снягі, раскавала рэкі — і Бяроза ўзламала свой лёд, панясла яго ў Дняпро. Загаманілі лясныя рачулкі, зацурчэлі ручаі, і нават звілістая Свіслач, звыкла адсталая ў параўнанні з іншымі прытокамі Бярозы, у гэту вясну пастаралася хутчэй аслабаніцца ад лядовых ланцугоў.

Тэафілія прачнулася ноччу ад моцнага грукату, які чуўся з боку Бярозы.

— Страто! — паклікала яна мужа.— Чуеш? Зусім як тыя гарматныя стрэлы, калі да Канстанцінаполіса падступіў флот Фамы... Што гэта можа быць?

— А!.. Я забыў цябе папярэдзіць... Гэта Бяроза ломіць на сабе лёд... Пачынаецца веснавая паводка... Раніцай, Тэа, пойдзем на бераг паглядзець, як крышацца крыгі... Лёд гэты — тоўсты. І як падапрэ яго прышлая вада, ён покаецца з надзвычайным трэскам... Спі спакойна! Гармат тут няма! — засмяяўся Страцім.

Аднак ужо абое яны больш не заснулі, прагаварыўшы давідна пра вясну, пра звязаныя з ёю дрыгавіцкія святы. І раніцай, з хлопчыкамі сваімі, якія ўзнімаліся заўсёды чуць свет, выправіліся на ўзгорысты бераг ракі.

Давялося тады Тэафіліі ўпершыню пабачыць ледаход, такі магутны на сярэднім цячэнні Бярозы. Вада прыбывала відавочна... Яны спыніліся на высокім узгорку бліз берага, дзе высіўся магутны камень. Стаялі тут і любаваліся хадой вялікіх крыг, якія стукаліся адна аб другую на вірах, дзе іх круціла. Холадам дыхала ад ракі з яе крыгамі, але ранішняе сонца ўжо грэла Тэафіліі плечы, язычкі цеплыні песцілі яе твар. Было ў гэтым паветры нешта, што цешыла грачанцы душу, будзіла прагу радасці, вяселля, уцехі... Успомніліся Тэафіліі вёсны больш ранніх яе гадоў, калі асабліва хвалявалася яе маладая дзявоцкая душа, калі хацелася рухацца, радасна, гамонна сябе выяўляць, урачыставаць...

Яна стаяла побач са Страцімам, такім ёй блізкім, родным, дарагім, сустрэтым тады нечакана на беразе Баспора для таго, каб цяпер, вось тут, на далёкай славянскай зямлі, яна стала такой шчаслівай... І з палкай любоўю да мужа, бацькі вось гэтых іхніх дзетак, што свавольна кідалі каменьчыкі ў раку, бацькі той дачушкі, што жыла ўжо ў ёй, Тэафілія адчула ў сабе радасць ад еднасці і роднасці з ім, з гэтым сапраўды слаўным сынам тутэйшай Славіі. Яна прытулілася моцна да Страціма і палка глянула яму ў вочы.

Ён без слоў зразумеў гэты радасны рух жонкі, пяшчотна прыгарнуў яе да сябе і, зблізіўшы свае вусны з яе вуснамі, пацалаваў Тэафілію спакойным, але моцным пацалункам.

— Як ты сябе адчуваеш? Як... яна? — спытаў ён.

— Чуюся добра... Маленькая — таксама,— адказала Тэафілія.— Успомніла я свае... там... вёсны, настроі... Успомніла, як сустрэліся мы з табой, пакахаліся так, што сталі нібы адной істотай. Якімі шчаслівымі былі мы нашай першай сумеснай вясной, калі я насіла Богадарыка... Памятаеш: мы сядзелі раз у бібліятэчным садзе, ты прыгалубіў мяне вось так, як зараз — беражліва, з любоўю да новага жыцця, што зарадзілася ў мяне, да нашага першанькага, які нас так з’яднаў, парадніў, зрабіў бязмерна шчаслівымі...

— О, вядома, добра памятаю гэтыя нашы радасныя дні. І ніколі-ніколі, мая каханая дружачка, іх не забуду, бо гэта ж ты прынесла ў маё жыццё непамернае шчасце, ты, мая ненаглядка, якой мяне так ашчасліў вялікі Царград... Іншы раз я нібы прасынаюся ад сваіх клапатлівых спраў — і тады душу маю залівае хваля такога шчасця, што я хачу ўсяму свету засведчыць, якая гэта магутная моц узаемнага кахання, як я асабіста шчаслівы! — казаў жонцы Страцім. А іх вочы сустрэчна нібы лучылі знутры тое радаснае адчуванне шчасця, якое поўніла іх абодвух.

— Татка, мамуся! Як я вырасту, абавязкова спрабую на чайцы плаваць сярод такіх вось ільдоў! — усклікнуў, падбягаючы да бацькоў, Богадарык.

Страцім прыгарнуў правай рукой сына да сябе і адказаў:

— Без патрэбы не варта так рызыкаваць, каточак. Крыгі такія дужыя цяпер, што лёгка могуць раздушыць тваю чайку. Вядома, іншы раз бывае неабходнасць, скажам, выратаваць чалавека, якога панесла на крызе... Тады трэба смеламу выратаваць яго.

— Я заўсёды буду ратаваць... калі так станецца,— адказаў бацьку Богадар.— Я — смелы! — дадаў ён і тупнуў у довад сваёй ножкай.

Страцім нахіліўся і, падхапіўшы правай рукой сына, пацалаваў яго. Абняла, цалуючы яго, і матуля.

— Тата сказаў праўду: у бядзе трэба ратаваць, памагаць... Вялікі божанька Хрыстос нам, хрысціянам, загадаў дапамагаць людзям, нават рызыкуючы сабою,— сказала Тэафілія.

— А вось татаў дзедка Цвердзісіл, хоць і не хрысціянін, як мы, а таксама казаў мне, што трэба заўсёды памагаць людзям... Ён расказаў мне, як аднойчы выратаваў чалавека, што тануў у рацэ...— сказаў Богадар матулі.

— Ён — добры да ўсіх! — растлумачыла сыну Тэафілія.

Тым часам Страцімік, убачыўшы брата на руках у бацькі, падбег і папрасіў, каб матуля ўзяла яго на рукі.

Страцім нахіліўся да яго і прашаптаў:

— Ідзі да мяне на рукі... Мама носіць вашу сястрычку, і таму ёй цяжка цяпер браць цябе на рукі... Ты такі ўжо дужы і цяжкі, сынок!

— А дзе ж яна, сястрычка? — спытаўся Страцімік у бацькі, калі той падняў яго на сваёй левай руцэ.

— А яна яшчэ ў маме... Мама носіць яе ў сабе! — растлумачыў Страцім сыну.

Яны пайшлі дамоў. А маленькі ўсё дапытваўся, калі ж у іх з’явіцца сястрыца.

Богадар слухаў размову бацькоў з братам і ад сябе дадаў:

— Мама ж табе сказала, што хутка.

...Паводка на Бярозе ў той год была надзвычайная. З вярхоўя ракі полай вадой гнала шмат падмытых дрэў, сарвала з лугоў у Бабровічах і Свіслачанах дзесяткі стагоў сена і саломы. Шырокія прасторы нізкіх лугоў былі доўгі час заліты вадой.

Тэафілія з цікавасцю глядзела на ўсе гэтыя новыя для яе з’явішчы дрыгавіцкай прыроды. У сябе дома яна не бачыла нічога падобнага. Яшчэ едучы ў Свіслачаны, яна дзівілася магутнасці Дняпра і самой Бярозы. Яна ж і цяпер рабіла на яе моцнае ўражанне сваімі разлівамі.

Аднак праз якія два тыдні вада пачала спадаць. Сонца абудзіла веснавыя сілы дрэў, кустоў і ўсялякіх раслін. Птаства, вярнуўшыся з поўдня, ажывіла лясы вакол Свіслачан.

А яшчэ праз тыдзень і Бяроза, і Свіслач увайшлі ў свае звыклыя берагі. Падсохлі ралля і ля*дніны. На іх распачаліся веснавыя работы.

Страцім з Трывоем агледзелі «Тодара Страцілата», нанава абсмалілі яго днішча і бакі, пафарбавалі сцертыя мясціны і спусцілі на ваду. Трывой падгаварыў у Бабровічах дадатковых вадаходаў. Цяпер каманда карабля была павялічана да пятнаццаці чалавек. Пяць з іх лічыліся старажыламі і былі падпарадкаваны Ваўку.

Калі дрэвы і кусты пакрыліся маладой густой лістотай, падрыхтоўка паездкі Страціма з Трывоем у Смаленскі горад была ўжо закончана. «Тодар Страцілат» узняў свае вятрылы і пакінуў сваё прыстанішча. Страцім вёз у Смаленскі горад багаты набор грэцкіх тавараў, а таксама вялікі запас набытых ім і дома, і ў Бабровічах, і на Менскім торгу шкурак куніцы, бабра, чорнага ліса, собаля, гарнастая і вавёркі. Апрача таго, узялі воску і дваццаць бочак найлепшага ліповага мёду для Аль-Зэнгры, з якім Страцім яшчэ ў Царградзе дамовіўся сустрэцца на смаленскім торгу.

Вецер усю дарогу трымаўся спрыяльны. Бярозу з яе стромкім цячэннем прайшлі за тры дні. А як выбраліся на Дняпро, ісці супроць плыні было цяжка, хоць і дзьмуў добры вецер. Так што да парогаў на верхнім Дняпры, дзе ён робіць загін на ўсход, прыбылі толькі на дзевяты дзень. Волак тут аказаўся добры, бо па ім часта хадзілі варажскія дружыны.

На трынаццаты дзень падышлі к Смаленскаму гораду. Дзядзінец тут быў прасторны, тын яго — высачэзны, з дванаццаццю вежамі. Само ж аселішча было не меншае, чым кіеўскае. Прасторным аказаўся і торг. Два дзесяткі складаў выцягнуліся роўным радам паўскрай дзядзінца. З усяго было відаць, што смаленскі торг стаў ужо месцам збыту лішкаў для родаў не толькі блізкіх, але і далёкіх, што ён стаў міжпляменным торгам. Ля берагоў Дняпра стаяла шмат чаўноў, тры караблі. Як дазнаўся Страцім, два прыйшлі з баўгар вялікіх, адзін — з Хазарыі. Торг тут бываў часта — два разы на тыдзень.

Карабель Страціма стаў побач з караблём з Хазарыі. Заўважыўшы на ім гаспадара, Страцім аклікнуў яго:

— Здароў будзь, госць з Хазарскай зямлі!

Чалавек у адзенні, падобным да пэрскага, падышоў бліжэй і адказаў:

— Здароў будзь! Скуль будзеш сам? — спытаў ён на мове славян, але не зусім выразна вымаўляючы асобныя словы.

— З дрыгавіцкай зямлі, што ляжыць на рэках Дняпра... Ці не з вамі прыехаў славуты арабскі купец Аль-Зэнгры?

— Не, яго тут няма... Але ў Ітыле, калі мы адтуль выпраўляліся, быў такі купец з Багдада. Ён збіраўся якраз следам за намі выправіцца сюды на торг...— сказаў Страціму хазарскі вандроўны купец.

Хазар пачаў распытваць Страціма, з якім таварам той з’явіўся. Даведаўшыся ж, што з вырабамі грэцкае зямлі,— зацікавіўся і ўгаварыўся назаўтра, калі адкрыецца торг, паглядзець іх. Сам жа ён хаця і з Хазарыі, але ізраільцянін, бо продкі яго выйшлі з далёкай Ізраільскай зямлі. Вёў торг дагэтуль з баўгарамі, што на Волзе. Але дазнаўся, што яны перапрадаюць хазарам шкуркі, купленыя імі ад славян, і таму захацеў завесці непасрэдны абмен са здабытчыкамі гэтых шкурак.

Па свайму звычаю Страцім наведаў пасаднічага Смаленскага горада, шчодра адарыў яго. А заадно заручыўся яго дапамогай у сваіх гандлёвых справах. Пасаднічы, распытаўшы Страціма пра яго побыт у грэцкай зямлі і дазнаўшыся, што ён прывёз шмат грэцкіх тавараў, вызначыў для дрыгавіча самы прасторны склад на торгу.

Страцім не спяшаўся са збытам свайго прывозу і абмежаваўся пакуль тым, што на другі дзень паказаў хазарскаму купцу тавары і прадаў яму частку за хазарскае і пэрскае срэбра. Потым азнаёміўся з таварамі ізраільцяніна і набыў у яго за бізантыкцы (так зваў хазарскі купец грэцкае золата) чуць не ўвесь яго прывоз. Дрыгавіч быў здаволены тым, што хазарскі купец ахвоча прымае грошы, тады як у Менску да іх яшчэ не навыклі і аддавалі перавагу абмену тавару на тавар.

У наступныя дні торгу Страцім знаёміўся з таварамі купцоў з Вялікага Баўгара і набыў ад іх значную колькасць цікавай па фабрах і малюнку танкатканай набойкі і срэбных жаночых аздоб.

У Смаленскім горадзе Страціму прыйшлося ледзь не два тыдні прачакаць прыезду Аль-Зэнгры. Але затое як ён узрадаваўся, калі аднаго дня ўбачыў на падыходзячым зверху Дняпра караблі — пад баўгарскімі, тканымі з ліповага лыка вятрыламі — добра знаёмую яму стройную постаць Аль-Зэнгры. На ім быў ліловы шаўковы халат. Здалёку віднелася яго доўгая сівая барада.

Стары араб ужо ўбачыў сінія вятрылы «Тодара Страцілата» і па сваёй дальназоркасці адразу пазнаў Страціма, які якраз выбег на карабельнае ўзмосце. Пакуль падыходзячы карабель разварочваўся, каб стаць побач з «Тодарам Страцілатам», Страцім загадаў сваім вадаходам падрыхтаваць масткі-сходкі, каб Аль-Зэнгры змог перайсці на яго карабель.

— Вітаю цябе, ойча і дружа, на нашай славянскай зямлі! — усклікнуў Страцім на грэцкай мове, на якой ён звыкла вёў размовы з арабам у Царградзе. І дадаў ужо на роднай мове:— Будзь здраў!

І араб адказаў яму спярша па-дрыгавіцку:

— Будзь і ты здраў! — і далей па-грэцку: — Рад бачыць і вітаць цябе, сын і дружа мой!

Яны абняліся і расцалаваліся.

— Я прыехаў сюды не адзін, а са старшым сынам Мамунам, пра якога апавядаў табе. Вось ён! Знаёмцеся! — звярнуўся Аль-Зэнгры да свайго дрыгавіцкага прыяцеля, паказваючы на маладога араба ў бялюсенькай, як і ў бацькі, чалме і жоўта-зялёным шаўковым халаце.

Мамун на вельмі добрай грэцкай мове (ён куды лепей за бацьку вымаўляў грэцкія словы) па ўсходняму звычаю цвяціста прывеціў Страціма, маладзей ад якога ён быў толькі гадоў на тры:

— Блаславён час, калі атрымаў магчымасць убачыць і прывеціць славянскага друга майго бацькі. Прашу падарыць мне хоць кроплю той дапамогі, якую вы бязмерна шчодра, як адданы друг, аказвалі майму айцу!

— Будзьма знаёмы, Мамун! А што пра дапамогу, дык можаш быць пэвен, што, чым толькі здолею, заўсёды памагу і табе, Мамун, як гэта даводзілася іншы раз з тваім бацькам!

— Ну як твае? Здаровы жонка, хлопчыкі? — спрыязліва спытаў Страціма стары араб.

— О, усе здаровы, мой дабрэйшы і шаноўны ойча і дружа! Тэа прасіла перадаць яе прывітанне і пажаданне здароўя і поўных поспехаў у справах, Аль-Зэнгры! Разам з тым дадам прыемную для мяне навіну — чакаем з’яўлення дачушкі!

— Хай вялікі Алах пашле ёй сілу ў гэтым! А табе, мой сыне і дружа, такую ж слаўную розумам і душой дачушку, якой ёсць твая жонка!

— Дзякую табе за добрае слова, ойча! Дагэтуль бог літасціў да нас абодвух! — адказаў дрыгавіч.

Страцім запрасіў Аль-Зэнгры і Мамуна паснедаць на «Тодары Страцілаце». Па ўсходняму звычаю гасцям падалі міску з вадой, каб памыць перад ядой рукі. Выцершы іх, яны прынялі з рук Страціма налітыя хмельным мёдам чары. Страцім піў іх здароўе, за што Аль-Зэнгры прагаласіў перад другой чарай здравіцу Страціму і яго сям’і. Закусвалі смажанай баранінай і рыбай. Араб папрасіў дрыгавіча пераказаць падзеі яго ўласнага жыцця — пачынаючы з падарожжа морам і нападу разбойнікаў ля дняпроўскіх парогаў. Спытаў, чым бавяць час хлопчыкі, якое жытло пабудаваў сабе Страцім і як цячэ жыццё ў Свіслачанах. У сваю чаргу Аль-Зэнгры падзяліўся радасцю ад таго, што выдаў дачку за вельмі слаўнага друга свайго сына Мамуна. Зяць слыве ў Багдадзе за выдатнага пісьменніка, а песні яго пашыраюцца па ўсяму арабскаму ўсходу.

— Мамун хваліўся мне, што добра пераклаў на грэцкую мову некаторыя творы Рахіма. У вольную хвіліну пазнаёміш Страціма з песнямі Рахіма,— сказаў Аль-Зэнгры сыну.

Па дарадзе Страціма яны ўсе трое скіравалі да пасаднічага. Стары араб ад сябе і ад сына прынёс яму ў дар срэбную чару. Пасаднічы прыняў арабаў і Страціма, які быў тут перакладчыкам, вельмі ветліва. Аль-Зэнгры папрасіў пасаднічага аказваць дапамогу яго сыну, калі ў тым будзе патрэба.

— Па сваіх гадах, па стану здароўя мне будзе цяжка самому штогод наведваць Смаленскі горад. Сын тады заменіць мяне...— сказаў ён пасаднічаму. А той яшчэ раз абяцаў ва ўсім дапамагаць.

Узабраўшыся на «Тодара Страцілата», бацька з сынам агледзелі прывезеныя для Аль-Зэнгры шкуркі. Такога іх падбору старому арабу ніколі не даводзілася бачыць. Зачараванымі вачыма глядзеў ён на вязкі собаляў і гарнастаяў, песціў руку прыгожым воласам бабра і чорных лісаў.

— О, наш Багдад сшалее, убачыўшы такую красу! — прызнаў Аль-Зэнгры, закончыўшы агляд падрыхтаваных для яго шкурак.

Калі ж яны пачалі падлічваць кошт усяму гэтаму дабру, Страцім хацеў лічыць шкуркі па больш таннай цане, чым тая, што трымалася ў Царградзе. Аднак араб з ім не згадзіўся і даў цану царградскую. А скончыўшы падлікі, заявіў:

— За такую высокую іх якасць лічу справядлівым выплаціць табе яшчэ дадатковых пяцьсот дырганаў!

Страцім спрабаваў адмаўляцца, спасылаючыся на тое, што ён рабіў падбор дзеля Аль-Зэнгры, свайго друга. На гэта араб адказаў:

— Друг не ашукае, друг дапаможа поспеху. Але калі я сам на гэтых шкурках здолею нямала зарабіць, дык ці не павінен я падзяліцца са сваім другам?!

Дырганы ў параўнанні з бізантыкамі-носцісмамі былі чыстапробным золатам, і араб расплаціўся імі са Страцімам. Разам з тым ён прадаў Страціму большую частку прывезеных тавараў. Узамен за іх прыняў дваццаць бочак ліповага мёду.

Аль-Зэнгры атрымаў таксама тры бочкі такога ж мёду ў падарунак ад Страціма. Адну з іх адкрылі, каб араб мог спрабаваць ліпца, прыгатаванага па яго заказу.

І бацька і сын не маглі нахваліцца смаку дрыгавіцкага мёду. Стары араб сказаў:

— Я табе, сын мой, таксама прывёз падарунак. Можа, ты заўважыў, што ля задняга ўзмосця карабля стаіць малады конь... Я прывёз табе гэтага добрага арабскага скакуна. Прывёз увесь дабор збруі на яго пад верх, а таксама баявую нашу зброю і вопратку арабскага воіна... Мамун, схадзі на наша судна, вазьмі чалавека — і прынясіце ўсё сюды!

Праз колькі хвілін сын Аль-Зэнгры вярнуўся з падарункамі. Перадаючы прыгожае сядло, шалом, кальчугу, крывую шаблю, круглы арабскі шчыт і прыгожую вопратку, Аль-Зэнгры сказаў:

— Прымі ўсё гэта ад мяне — як памяць аб нашай непарушнай дружбе... На арабскім кані, добра ўзброены, ты, як казачны асілак, будзеш крышыць тых, хто ўзніме руку супраць твайго народа, лепшым сынам якога я цябе, Страціме, лічу... Сядаючы на свайго скакуна, успамінай старога друга, які зычыць табе перамог у баях з ворагам, поспехаў у тваім уласным жыцці!

Затым пайшлі глядзець каня. Арабскі жарабец быў адменнай красы: стройны, умеркаваны ва ўсіх частках свайго тулава, танканогі. Калі да яго падышлі арабы і Страцім, ён стрыг вушамі, тонкімі ноздрамі і прынюхваўся да свайго новага гаспадара, які гладзіў яго пысу і шыю.

— Сэфі! — прашаптаў каню Аль-Зэнгры, таксама гладзячы яго.— Служы свайму гаспадару бязхібна, як на гэта здольны ўсе твае родзічы з нашай Арабіі!

І, адвязаўшы конскі повад, ахапіў яго краем свайго халата і перадаў Страціму.

— Карыстайся яго здароў, цешся ім, памятай свайго старога Аль-Зэнгры! — дадаў араб.

Аль-Зэнгры прывёз у падарунак Тэафіліі і абодвум хлапчукам Страціма па багатаму арабскаму шаўковаму адзенню і цэлыя пакі усходніх слодычаў — салодкага сушанага вінаграду, які ў Царградзе звалі «багдадскім цукрам», сапраўднага трысняговага цукру з далёкай Індыі, сушаных салодкіх дынь і сліў.

— Гэта тваім — каб такім жа салодкім было іх з табою жыццё! — зазначыў, весела смеючыся, стары араб.

У аддзяку Страцім папрасіў араба прыняць яшчэ адну бочку добрага хмельнага мёду.

— Прарок забараніў нам п’янства, але дазволіў для весялосці ўжываць лёгкае віно... Ваш жа славянскі хмельны ліпец — найлепшае, што можа дазволіць сабе прававерны... Ён саладзей самага салодкага віна на ўсім Усходзе, мае пах, з якім можа паспрачацца хіба толькі ружа славутых садоў Шыраха, дае весялосць, якая не пакідае пасля сябе галаўнога болю... П’ючы сам і частуючы сваіх старых прыяцеляў, я буду ў Багдадзе заўсёды ўспамінаць свайго далёкага славянскага друга!

Страцім прызнаўся, што не пазней як праз дзве вясны, дзесьці к канцу лета ён збіраецца везці ў Царград шкуркі, воск, мёд і палатно. Тады стары араб тут жа дагаварыўся са Страцімам, што таксама прыедзе туды. Склаў нават умову — заказ на ўсе названыя Страцімам тавары. Тут жа загадаў сыну прынесці скураную торбу з дырганамі і, адлічыўшы запас на дарогу, усю рэшту перадаў Страціму як свой задатак.

Па завяршэнню ўсіх гандлёвых спраў прыяцелі правялі ў Смаленскім горадзе яшчэ цэлых тры дні. Страцім знаёміў арабаў і асабліва Мамуна з тутэйшым прывозам. А на развітанне запісаў яму грэцкімі літарамі, з перакладам на грэцкую мову, запас тых усходнеславянскіх слоў і выразаў, валодаючы якімі, Мамун мог весці самыя простыя размовы адносна тавараў і спажыўнога.

Мамун жа на развітанне пазнаёміў Страціма з песнямі Рахіма, які апяваў духоўны свет арабскага юнака, прыгажосць арабскіх дзяўчат, асабліва той Альманзоры, якая стала цяпер яго каханай жонкай.

Калі «Тодар Страцілат» адчаліў ад прыстані і ўзняў свае сінія вятрылы, Аль-Зэнгры, Мамун і Страцім стаялі на карабельных узмосцях, доўга развітваліся махамі сваіх рук. А Сэфі, стоячы ўжо на караблі свайго новага гаспадара, падаў свой голас — заржаў, нібы таксама развітваючыся з арабамі.

 

Гром з яснага неба

Страцім спяшаўся хутчэй вярнуцца са Смаленска дадому. Прыспяваў час, калі жонка мелася радзіць, і ён хацеў у такую пару быць з ёю. А тут — як на злосць — калі «Тодар Страцілат» увайшоў з Дняпра ў Бярозу, не стала ветру, а ісці супроць цячэння на вёслах з тым лікам людзей, як іх меў Трывой, было немагчыма. Пачалі адстойвацца, а час бег, і з ім расла нецярплівасць Страціма.

Толькі на трэці дзень удалося крануцца далей. Са спазненнем «Тодар Страцілат» дабраўся да Свіслачан. Пакінуўшы ўсё на Трывоя, Страцім сышоў на бераг і ледзь не бягом кінуўся ў сваю сялібу.

Дома ён застаў маці і дзядзіну. Яны сустрэлі яго заплаканыя. А маці папрасіла яго не спяшацца да жонкі: Тэафілія нарадзіла дачку, аднак ужо два дні ляжыць у гарачцы...

— Яна зараз у непрытомнасці. А твой нечаканы прыход можа яшчэ больш пасіліць яе гарачку,— сказала Страціму маці.

Устрывожаны такімі сумнымі весткамі, Страцім настойваў на сваім. Уступаючы сыну, маці рашыла:

— Пачакай, я гляну, як яна цяпер чуецца. Тады будзем ведаць, як табе быць...

Яна вярнулася з іхняй спальні больш супакоеная:

— Ачнулася. Спытала, ці не вярнуўся ты... Я сказала, што ты тут. Просіць цябе ўвайсці. Толькі беражы яе, трымайся спакойна, супакой яе!

Страцім увайшоў да жонкі. Яна ляжала на ложку пад адной прасціной. Твар быў поўны змучанасці. Кучаравыя валасы былі рассыпаны па пасцелі. Смага паліла вусны...

Тэафілія працягнула да яго рукі і сказала на грэцкай мове:

— Добра, што ты вярнуўся, любы мой! Са мной кепска — мучыць гарачка. У нас дачка, як мы і хацелі, але...— яна не скончыла сваёй думкі.

Слёзы раптам пырснулі з яе вачэй, і яна шэптам дадала:

— Як бы я не памерла...

Страцім пяшчотна пацалаваў яе руку і пачаў супакойваць:

— Матуля казала, што такое бывае часта.

Тэафілія спытала:

— Дочаньку ўжо бачыў?

— Не яшчэ...

— Яна ў агульным пакоі... Паглядзі.

Страцім выпусціў руку жонкі з сваёй рукі і выйшаў з спальні.

Маці рассунула пялёнкі так ціха, што малое нават не збудзілася. Перад вачыма бацькі ляжала тоўсценькая смуглявая дзяўчынка, прыгожая і здаровенькая... Усім сваім маленькім тварыкам яна была падобна на маці: прыгожа віліся спераду чорненькія валаскі, бровы былі густыя, а вейкі замкнутых сном вочак — такія ж доўгія, як і ў Тэафіліі.

Страцім схіліўся, ласкава пацалаваў дачушку ў голенькія плечкі і вярнуўся да жонкі. Сеў на край пасцелі, узяў яе руку ў сваю і пачаў распытваць, як усё сталася.

— З пазаўчарашняга, як прыкінулася гарачка, стала са мной усё горай і горай... Ляжу, як у агні, чуюся дрэнна. Часта трачу прытомнасць... Па вачах матулі і дзядзінай бачу, што пагражае небяспека. І вось што надумала, мой родны! Вазьмі кавалак папіруса і напішы ад мяне кароценькі адвітальны ліст маім бацькам... ад майго імя, вядома. А я падпішу...

Страцім спрабаваў яе адгаварыць, але Тэафілія прасіла выканаць яе жаданне.

— Ты верыш, што ўсё абыдзецца добра? Ну дык тады ліст гэты мы знішчым... А калі, па боскай волі, я адыду, ты нейкім спосабам адашлеш ліст у Царград. Прашу цябе, мілы мой, у імя нашага ўзаемнага кахання — не адмоў мне ў гэтым!

І Страцім мусіў згадзіцца. Ён прынёс паперу, чарніла, завастрыў тонкую палачку і пад ціхія словы жонкі запісаў:

«У імя айца і сына і духа святога. Аман. Воляй найвышэйшага, знаходзячыся на адры смерці, вітае вас, дарагія бацькі, дачка ваша Тэафілія і просіць малітвы вашай перад маткай бога і спаса нашага. Ды пашле прачыстая пакроў свой над дзецьмі маімі і айцом іх. Ды ўзрастуць сыны і дачка мае вернымі царкве хрыстовай. І ды даруе бог мне вечны жывот у святым абвіталішчы нябесным. Аман. Тэафілія».

Скончыўшы ліст свой, Тэафілія папрасіла:

— А як я памру, дапішаш ужо ад сябе: «Дачка ваша, а мая жонка адышла да госпада ў 826 годзе па нараджэнні спаса нашага, ліпеня ў дзень першы». Добра?

Страцім згадзіўся і даў жонцы падпісаць ліст. Пад канец усёй гэтай справы Тэафілія адчула сябе стомленай і змоўкла. Ні то сон, ні то забыццё апанавалі ёю, і, каб даць ёй супакоіцца, Страцім ціха выпусціў яе руку са сваёй і выйшаў з спальні.

Са здзіўленнем ён пабачыў, што Таміла, маладая жонка стрыечнага брата, корміць сваімі грудзямі нованароджаную.

— Мяне прасілі, пакуль хварэе Тая (усе чамусьці так перайначвалі імя жонкі Страціма), карміць тваю дачушку...— растлумачыла яна здзіўленаму бацьку. І нахіліўшыся над малой, якая голенькая ляжала на яе каленях, перамінаючы ножкамі і ўхапіўшыся за крыніцу жыцця, сказала прымільна:

— Ну і красуня ж яна ў цябе будзе. Зусім як матка!

Страцім зайшоў да Грудатага, каб той з сынамі свайго брата дапамог перакінуць тавары з ладдзі на склад. І жанчыны з сям’і Грудатага, і ўсе, каго ён сустрэў па дарозе туды і дадому,— усе спачувалі Страціму, пыталіся, як чуецца хворая.

Пад вечар Тэафілія зноў прыйшла ў сябе, папрасіла прывесці да яе Богадара, Страціміка, прынесці дачку, сказала мужу, каб ён падаў ёй абразок, якім блаславілі яе і Страціма на шлюб, перахрысціла ім кожнага з малых, прылажылася да абраза і сама, пацалавала са слязьмі ў вачах усіх дзяцей, нібы адвітваючыся з імі назаўсёды, і адаслала іх спаць у агульны пакой.

Страцім сядзеў на краі пасцелі. Тэафілія не выпускала з сваёй рукі ягоную руку, увесь час не спускала з яго вачэй. Потым жа нібы заснула. І Страцім выйшаў, каб пабачыцца з дзедам. Цвердзісіла ён застаў на двары ўласнай сялібы, пад дубам. Ён сядзеў, поўны смутку, непарушна глядзеў перад сабою. На дзярніне земляной лавы стаяла міска, поўная стравы, але зусім некранутая. Страцім моўчкі падышоў да дзеда, прыпаў да яго рукі вуснамі, але пацалаваць не змог, бо слёзы перашкодзілі яму ў гэтым. Таксама без адзінага слова дзед паклаў на яго галаву правую руку, пагладзіў яго валасы.

Праз некаторы час ён ціха сказаў Страціму:

— Сядзь!

Калі той сеў, пачаў гаварыць:

— Што ж зробіш, унучак! Над усімі намі пануе доля... Яна табе дала рэдкае шчасце, яна ж воліць і адабраць яго. Сёння я ўзнёс модлы, склаў ахвяру Перуну і прасіў яго за тваю жонку... хаця яна і хрысціянка. І вялікі не ўгневаўся — прыняў маю ахвяру. Толькі падаў мне кепскі знак — вецер пагнаў дым ахвярніка ў бок могілак... Не ты адзін страціш дарагога чалавека, але і ўсе мы асірацеем з смерцю Таі!

Калі Страцім вяртаўся да сябе, насустрач яму выбегла заплаканая Сянява:

— Хутчэй, Страціме, канае!

Не помнячы сябе, убег Страцім у хату, стаў ля пасцелі Тэафіліі. Яна кідалася галавой то ўправа, то ўлева, не знаходзячы для яе месца. Іншы раз стогн вырываўся з яе вуснаў, апаленых жарам гарачкі. Вочы то закрываліся, то шырока раскрываліся. Мешаніна грэцкіх і дрыгавіцкіх слоў злятала з яе вуснаў.

Страцім ціха ўзяў яе левую руку ў сваю. Тэа павярнула галаву ў яго бок, хацела нешта сказаць і — не змагла, толькі рука яе слаба перадала яму нейкі знак. На момант яна заціхла. І толькі парывістае гарачае дыханне сведчыла, як яна мучылася.

Страцім не спускаў вачэй з твару жонкі. Як закамянелы стаяў ён каля яе пасцелі, забыў пра ўсё на свеце. Ён не памятаў, колькі прайшло часу з моманту, калі ён вярнуўся... Паступова дыханне хворай станавілася ўсё больш спакойным. Потым Тэафілія раскрыла вочы, глянула на мужа, пазнала яго і ціха сказала:

— Паміраю, Стра...— і, не скончыўшы слова, перавяла вочы, пацягнулася ўсім целам, галава яе схілілася да левага пляча, рука, што была ў далоні Страціма, аслабла...

Страцім ачнуўся, калі адчуў на сваім плячы руку дзеда. Той сказаў яму:

— Выйдзем! Дамо жанчынам заняцца ёю...

Страцім, хістаючыся, выйшаў за дзедам.

Яны скіравалі ў бок гарадзішча, падышоўшы пад дуб, што рос на яго схіле, селі пад ім.

Цвердзісіл некаторы час маўчаў, потым загаварыў. Ён нібы тлумачыў Страціму, якую ўсе яны панеслі страту са смерцю Тэі. Казаў, што толькі ў казках апавядаецца пра такую красу, розум і сардэчнасць жанчыны. Скончыў тым, што трэба скарыцца перад магутнасцю чалавечай долі, моц якой церпяць самі богі.

Памаўчаўшы ж, загаварыў пра вялікую і шчаслівую спадчыну, якую пакінула нябожчыца Страціму:

— Доля дала табе і адну вялікую ўцеху. Тэа пакінула табе такіх мілых дзетак! Ты яшчэ не зусім усведамляеш, якімі светлымі душамі надзяліла яна абодвух сыноў. Я ўпэўнены, што і дачушка яе вырасце такой жа слаўнай дзяўчынай, якой ты сустрэў яе матулю... А таму — скарыся лепей перад доляй, свята шануючы памяць нябожчыцы, аддай ім, сваім дзеткам, усю моц свайго кахаючага сэрца...

Калі Страцім вярнуўся да сябе, жанчыны ўжо вымылі цела нябожчыцы, апранулі яе ў туніку грэцкай замужкі, у якой яна любіла адзначаць самыя святочныя хрысціянскія дні, паставілі ў агульным пакоі дзве лавы, пакрылі іх прыгожымі кілімамі і паклалі на іх цела Тэі.

Страцім прыкмеціў, што рукі Тэі складзены не так, як гэта робіцца ў хрысціян. Таму ён прынёс з спальні крыжык, які вісеў у галовах іхняй пасцелі, склаў рукі Тэі разам, уклаў паміж першымі пальцамі крыжык. Успомніў, што пры нябожчыку павінна паліцца свечка, прынёс падсвечнік і, управіўшы ў яго свечку, запаліў яе і паставіў за галавой Тэі.

Успомніў пра дзяцей, спытаўся пра іх у маці і, пачуўшы яе адказ, увайшоў у дзіцячы пакой. Малыя ўсе трое спалі. Пры іх сядзела і плакала Сянява. Страцім доўга ўглядаўся ў тварык меншага і перайшоў да дачушкі. Доўга разглядаў яе тварык — і тут жа парашыў даць ёй імя маці... Усё гэта ён рабіў у нейкім тумане — так ашаламіла яго нечаканая смерць Тэі.

Калі Страцім вярнуўся ў пакой, дзе ляжала нябожчыца, і, паставіўшы ўслончык, сеў побач, зрок яго затрымаўся на твары Тэафіліі. Вялікі спакой быў адбіты на ім. Краса твару атрымала такую выяўнасць, якая на жывым чалавеку звычайна не наглядаецца, бо выраз чалавечага твару пры жыцці ўвесь час мяняецца адпаведна з тым, што перажывае чалавек. Гэта ж была краса, як кажуць людзі, незямная; яна адбівала цяпер у целе ўсю дасканаласць, усё суладдзе пачуццяў.

Высокае чало прыкрывалі кучары ад чорных тоўстых кос, што акаймлялі галаву. Нос з лёгкай гарбінкай і прыгожы рот азначалі сабой тую дасканаласць жаночага твару, якая лічыцца вышэйшай красою. Асабліва ж прыгожы былі бровы і вейкі — ад іх нібы цень клаўся пад вачыма, пасільваючы іх красу.

Страцім не спускаў вачэй з прыгожага, як ніколі, твару Тэі — і яго душу ўсё болей агортваў сум ад панесенай страты.

Як раптам усё сталася! Яшчэ тыдзень назад Страцім быў самым шчаслівым чалавекам. А за тры-чатыры апошнія дні ўсё перамянілася — смерць, лютая смерць адабрала ў яго дарагога чалавека, з якім ён нібы зліўся ўсёй істотай, якога кахаў бязмерна. Яна таксама кахала яго так аддана, як толькі можа кахаць дзяўчына, стаўшы дружынай свайму мужу, маткай, яго і сваіх дзяцей, жанчынай у поўным сэнсе — як жонка і маці.

Смерць! Чаму яна спыняе жыццё нават людзям, поўным жыцця і сіл?

Страціму цяпер успомніліся словы яго хрысціянскага настаўніка — айца Нікіфара. Праўдзівей кажучы, не ўласная думка манаха-настаўніка, а настаўніка «нябеснага»: «Не паўстане новае жыццё, калі не памрэ тое, з чаго ўзнікне гэта жыццё...» Так! так! Трэба было, каб Тэа нарадзіла дачку, каб перадала ёй усё самае лепшае, што мела, перш за ўсё — сваю красу. За гэта сама заплаціла сваёй смерцю... Але чаму так? Чаму ён, той нібы міласцівы хрысціянскі бог, тварэц і ўладар сусвету, тварэц першых людзей, чаму ён бывае нелітасцівы да людзей, пасылае ім такія цяжкія кары? Айцец Нікіфар казаў, што гэта — за грахі... Ну добра, ён, Страцім, кепскі хрысціянін, але ж Тэафілія — сапраўдная хрысціянская душа, добрая, чыстая душа. Нашто ж яе пазбаўляць жыцця? Хрысціяне кажуць, што для такіх смерць — не кара, бо іх душы ідуць па смерці ў рай... А хіба ж іх, яе жыццё тут не было раем? Хіба шчасце і радасць такога жыцця, поўнага ўзаемнага кахання, не былі бязмернымі? Якое ж яшчэ лепшае райскае жыццё можа быць, калі ўжо адна радасць з поваду дзяцей поўніла іх душы?.. Хаця б у імя дзяцей, не вінаватых яшчэ ў грахах, бог не слаў бы смерць такім, як яна... Не, не! Хрысціянскі бог — такі ж, як і іх дрыгавіцкія богі. А мо і горшы ад іх, бо ён лічыцца літасцівым, а куды больш гневаецца на людзей, чым, скажам, Пярун...

Прыходзілі людзі — блізкія і далёкія родзічы, свіслачане, прыйшоў дзед — а Страцім усё сядзеў, усё не спускаў вачэй з мілага твару.

Пад вечар дзед падышоў да яго, нахіліўся да яго вуха і шапнуў:

— Выйдзем, Страціме!.. Трэба параіцца!

Страцім устаў і пайшоў следам за старым. Ізноў селі пад дубам. Прабацька распытваў яго, як трэба будзе пахаваць Тэафілію, як улічыць звычаі грэкаў-хрысціян. Страцім растлумачыў, што хаваюць іх у дамавінах, насыпаюць магілку, ставяць на ёй крыж з абразком.

— Так і зробім! — сказаў унуку Цвердзісіл.— Сёння пераначуе, а заўтра пахаваем... Схадзі, выберы месцейка для яе вечнага супакою.

Страцім крыху ажыў. Ён абышоў усё кругом і спыніўся выбарам на адным з узгоркаў каля самай Бярозы — яго добра відаць з ракі, калі плыць па ёй з поўдня... Потым зайшоў да дзядзькі Аўсея, паказаў яму выгляд крыжа і памеры яго.

* * *

Як толькі памерла Тэафілія, Трывой прыладзіў да карабельнай чайкі вятрылы. Спрыязны вецер даў яму магчымасць утрая хутчэй, чым на вёслах, прыбыць у Бабровічы. Раніцай (Трывой прыплыў ноччу) усё селішча абляцела сумная вестка. Смуглява, Валюх, Светлазар і Усяміла рашылі паехаць разам з Трывоем, каб прысутнічаць на пахаванні грачанкі, якую яны так шчыра паважалі і кахалі.

Калі ўсе садзіліся ў чайку, надышла Усяміла з цяжкім мехам гліны. Яна задумала вылепіць сваю дарагую прыяцельку.

Чайка была перагружана людзьмі (звычайна яна паднімала толькі трох чалавек). І калі пастаўленае вятрыла гнала судна, чайка зачэрпвала ваду. Прыходзілася ўвесь час яе вычэрпваць. Затое ўсе яны надзвычай хутка прыплылі ў Свіслачаны.

Усяміла папрасіла брата паднесці мех з глінай у сялібу Страціма. Сама таксама паспяшала туды, каб хутчэй пабачыць тую, што сталася ёй дружкаю, роднаю. Яна застала Страціма ля цела жонкі. Як і раней, ён не плакаў, сядзеў, нібы здубянелы, не спускаў вачэй з каханай дружыны. Усяміла глянула на яго, зразумела яго пачуцці, таму нават не павіталася. Уся таксама сцялася, пабачыўшы Тэафілію. Яна аплакала яе смерць яшчэ дома, пачуўшы пра ўсё ад Трывоя, і цяпер без слёз у вачах пазірала на тую, хто так нечакана іх пакінуў.

Асаблівая краса памёршай вабіла, каб назаўсёды захаваць воблік гэтай незвычайнай жанчыны.

Пачуўшы крокі Трывоя, Усяміла азірнулася. Брат прынёс мех з глінай. Дзяўчына ўзяла невялікую лаўку, паклала на яе прывезеную з сабой шырокую дошку, зверху расціснула ком гліны, паставіла ўслончык і распачала сваю работу. Як і Страцім, яна, аддаўшыся творчай працы, не заўважала нічога, што адбывалася ў пакоі... Заходзілі людзі, стаялі ля нябожчыцы, выходзілі адсюль — а Усяміла з адданасцю тварыла. Яна выявіла Тэю ляжачай галавой на падушцы, у вянку кучаравых кос, здолела перадаць той асаблівы выраз красы і душэўнага спакою, які прыкмеціў раней і Страцім.

Скончыўшы сваю работу, яна ўсё яшчэ сядзела на ранейшым месцы, бясконца правярала, ці не ўпусціла чаго, ці здолела выканаць сваё жаданне.

Якраз у гэту пару ў пакой зайшоў Цвердзісіл. Ён убачыў Усямілу, прыкмеціў яе работу, падышоў і доўга ўглядаўся, параўноўваючы копію з арыгіналам. Па яго твары можна было зразумець, што ён быў здзіўлен здольнасцю ганчаркі.

Цвердзісіл выйшаў на панадворак, сеў на прызбу і доўга думаў пра штосьці важнае, а потым зноў вярнуўся ў пакой, дзе сядзелі Страцім і Усяміла. Падышоў і шапнуў ёй:

— Калі не мыляюся, галубка, ты сястра Трывоя. Бачыў я, як удала зляпіла ты нашу нябожчыцу. Бачыў і твайго Богадара... Мне ты патрэбна па адной справе... Як скончыцца пахаванне, зайдзі, галубка, да мяне... Добра?

— Зайду! — адказала Усяміла, здзіўляючыся, што за справа такая да яе ў прабацькі роду.

 

Пярун

 

Трызну на Тэафілінай магіле не спраўлялі, бо, як тлумачыў Страцім, у хрысціян гэта было не ў звычаі. Памінкі ж дома мерыліся зрабіць на дзевяты дзень. Таму пасля пахавання ўсе разышліся. Маці са старшай сястрой угаварылі Страціма не заставацца, як ён хацеў, на магіле жонкі, а таксама ісці дадому, дзе былі пакінутыя з Сянявай дзеці.

Усяміла з цяжкім сумам за душой спусцілася ад узгорка, дзе ўзнікла свежая магіла, на абрывісты бераг Бярозы і доўга сядзела там у сумоце. Потым успомніла пра загад прабацькі зайсці да яго пасля пахавання Тэафіліі.

Старога яна застала на звыклым месцы, пад дубам. Цвердзісіл ужо здалёку заўважыў яе, паклікаў да сябе рукой і, як толькі яна падышла, прапанаваў:

— Пойдзем на гарадзішча!

Цвердзісіл прывёў Усямілу пад векавы дуб, пад якім высіўся ахутаны канапляным палотнішчам Пярун, зняў з ідала пакрывала і прамовіў:

— Яшчэ ў гады, калі нашым родам кіраваў прабацька Багуміл, адзін наш разьбяр выразаў з дуба вось гэты вобраз нашага магутнага бога. Але не надаў яму падабенства да чалавека, не быў на гэта здатны...

І сапраўды, разьбяр надаў статуі толькі ўмоўны выгляд чалавека — невыразны быў сам твар бога, рукі мала аддзяляліся ад цела. Вылучалася толькі пясць правай рукі, якая трымала зігзатую жалезную маланку.

— Ты валодаеш рэдкім дарам перадаваць не толькі рысы чалавечага твару, але і выяўляць характар чалавека... Будзе да цябе просьба — ствары нам новую стаць бога. Яна павінна выявіць яго ўласцівасці: магутнасць, літасцівасць да сваіх ухвальнікаў, суровасць да тых, хто заслужыў яго кару. Дык вось, галубка мая, сваёй працай уздай ты пашану вялікаму Перуну, яві нам яго такім, якім я яго бачу і якім бачыў нябожчык Багуміл. Дар твой — ад яго, прасвятліцеля чалавечага. І ты, я пэўны, ты здолееш зрабіць гэта... Я даўно ўжо нагледзеў спалены маланкай дуб. Я загадаю яго ссекчы, абчасаць... Памерам жа ствары Перуна ўдвая большым ад самага рослага чалавека — каб стаць яго панавала над людзьмі, што моляцца яму, высілася высока над імі.

Усяміла спрабавала даводзіць Цвердзісілу, што гэта ёй не па сіле. Але Цвердзісіл быў цвёрды:

— І не думай адмаўляцца, галубка. Гэта будзе тваёй заслугай перад людзьмі, перад самім богам. А ён, магутны, за тваю працу пашле табе і здольнасць, і пэўнасць! Падумай і — падрыхтуйся да справы. Часцей дзяліся са мной сваімі думкамі, каб ты знайшла тое, што хочацца мне.

Паклікаўшы двух вартавых гарадзішча, Цвердзісіл загадаў ахутаць Перуна палотнішчам. Потым скіраваўся з Усямілай да выхада.

Задума прабацькі захапіла Усямілу. Але ў ёй усё яшчэ не было смеласці, каб узяцца за такую важную работу. Яна моўчкі ішла побач з прабацькам, раздумвала.

«О, калі б я здолела гэта, якая была б мне чэсць!» — думалася ёй.

Калі яны ўжо наблізіліся да сялібы Страціма, Усяміла нясмела сказала:

— А можа, хто другі выканаў бы гэту работу?

— Няма такіх у нас людзей, галубка, а ты, зноў паўтару, здолееш зрабіць стаць. Не спяшайся толькі, перш вынесі ў сабе, шукай, пакуль не пачнеш ствараць тое, што трэба. Сама, галубка, пачуеш тады, што яно табе далося... Ну, бласлаўляю цябе!

Ён спыніўся, узняў рукі над яе схіленай галавой, а вусны яго прызвалі на дапамогу імя Перуна.

Усяміла не зайшла да Страціма, а зноў вярнулася на бераг ракі, адкуль прыйшла да прабацькі роду. Цяпер усё ранейшае адышло ўбок, усё засланіла думка: стварыць вялікага бога дрыгавічоў! Дзеду Савею яна потым сказала:

— Не работнік я цяпер па глінішчы, дзедка! Задумала адну вялікую работу. Не ведаю, ці асілю яе, але засела яна мне ў душу так, што нішто другое больш мяне не цікавіць... Не ведаю адно, ці хопіць сіл...

— Што ж такое? — зацікавіўся Савей.

— Скажу пазней, бо, можа, адракуся ад сваёй задумы...

Усяміла ўсё абдумала і рашыла, што не будзе спяшацца. Перш спрабуе знайсці Перунова аблічча, вылепіць яго з гліны, а калі яно яе задаволіць — пакажа Цвердзісілу. І ўжо калі той таксама будзе задаволены, выража аблічча бога з ліпы, якая мякчэй за дуб... Пасля знойдзе для бога ўсю постаць... Якога веку чалавекам ён уяўляецца? Сярэдняга веку, думала яна. У яго павінен быць высокі лоб — ён мудры. Валасы на галаве адкінуты назад, але не доўгія. Вусы. Барада густая, чуць кучаравіцца. Глыбока пасаджаныя вочы, пад густой шчэццю броваў, павінны выказваць магутную волю бога. Губы рашуча сцяты...

Але як Пярун будзе глядзець на сваіх людзей? Яна разумела, што не павінны пераважаць ні гнеў, ні злішняя суровасць, ні адна толькі літасцівасць.

Потым яна зразумела: выраз яго твару павінен сцвярджаць, што ён слухае тое, з чым людзі прыйшлі да яго... Так, хоча ведаць, з чым звярнуліся да яго дрыгавічы!

І Усяміла, падрыхтаваўшы гліну, пачала лепку. Праз два-тры дні яна зрабіла галаву Перуна. Але ёй усё не даваўся выраз аблічча: то ён быў занадта спакойны, то непатрэбна суровы, то нейкі задуменны... Адсутнічала ў абліччы веданне богам усяго — нават будучыні, што не дадзена людзям...

Дзед Савей не заходзіў у шалаш, дзе яна ляпіла. Перапыняючы работу, Усяміла, каб гліна не сохла, ахутвала зробленае мокрай палатнінай... Праходзілі дні, а выраз аблічча ўсё не даваўся. Усяміла ўжо была гатова прызнаць сваё бяссілле. Але праз некаторы час зноў вярталася да пакінутай гліны і зноў упарта шукала выраз Перуновага аблічча.

Аднойчы ноччу, калі Усямілу мучыла трывожная бяссонніца, яна рашыла, што ёй трэба параіцца з Цвердзісілам. Таму раніцай упрасіла Валюха паехаць з ёй у Свіслачаны. Брат згадзіўся.

Прыехалі яны к поўдню. На беразе якраз нікога не было. Пакінуўшы брата ў чоўне, Усяміла пайшла к сялібе Цвердзісіла. А там ёй сказалі, што прабацька цяпер у гарадзішчы.

Вароты гарадзішча былі адчынены. Усяміла прайшла праз іх, азірнулася вакол і заўважыла, што стары сядзіць ля ахвярніка. Трава глушыла крокі, і, відаць, прабацька не пачуў яе прыходу, не заўважыў, як яна маўкліва пакланілася яму.

Цвердзісіл жа глядзеў перад сабою і нічога не бачыў навокал. Усяміла зірнула на яго твар — і раптам спынілася: выраз на абліччы прабацькі быў якраз такім, які яна шукала для Перуна. Яна ўглядалася ў твар прабацькі ўсё больш і больш, замацоўвала ў памяці гэты выраз. Пастаяўшы так колькі хвілін, Усяміла ціха вярнулася да варот і паспешліва скіравалася да берага, дзе стаяў братаў човен.

— Ты што так хутка вярнулася? — здзівіўся Валюх.

— Шчасліва знайшла, што было трэба,— адказала яна брату.— Паедзем!

Ад’ехаўшы ад Свіслачан, Валюх налёг на вёслы, стараючыся ісці там, дзе была не такая стромкая плынь ракі. Усяміла ж па дарозе назад усё думала пра тое, што сабой уяўляў выраз твару Цвердзісіла. І растлумачыла яго сабе так: погляд Перуна нібы пранікае ў душу чалавека, вяшчуе яго будучыню...

Вярнуліся яны пад вечар. Але Усяміла адразу ж пабегла на глінішча, скінула з галавы Перуна мокрую палатніну і, прайшоўшыся па вачах бога, надала ім выразнасць, тую празорлівасць, якую яна ўбачыла ў позірку Цвердзісіла.

Скончыўшы работу, адышла, яшчэ раз праверыла, ці так усё выйшла, як ёй хацелася.

— Так, так! — пацвердзіла яна сабе. Потым накрыла вылепленую галаву Перуна мокрай палатнінай і, супакоеная, пайшла дадому.

Усяміла цяпер думала пра тое, ці варта ёй рабіць тулава Перуна такім вялікім — утрая большым, чым звыклае цела чалавека. Ёй стала зразумела, што калі Пярун будзе стаяць, то яго зрок, што павінен пранікаць у душы людзей, не будзе выразна бачны для тых, хто прыйдзе да яго з модламі. Адначасна яна разумела, што велічыня стаці павінна адпавядаць яго магутнасці. Таму рашыла захаваць буйны памер цела Перуна, але толькі пасадзіць яго. Тым болей што не выпадае богу стаяць перад людзьмі, яму падпарадкаванымі. Яны ж слабыя і звяртаюцца да яго з просьбамі... Пасадзіўшы ж Перуна, яна здолее нахіліць яго галаву. Так, каб погляд бога быў бы скіраваны прама ў вочы тых, хто прыйшоў да яго за дапамогай. Тады ж яна надумала, што ў правую руку Перуну дасць стралу маланкі. А левую абапрэ на кола, якое будзе знакам адвечнасці бога.

На другі дзень Усяміла зняла памеры з цела сваёй братавай Светлазары, якая была рослай — у адрозненне ад Трывоя і Валюха. Яны, як і Смуглява, былі сярэдняга росту людзьмі. Усяміла павялічыла атрыманыя памеры ўдвая, разлічыла суадносіны цела і галавы. А яшчэ праз дзень, захапіўшы з сабой злепленую галаву Перуна, выправілася адна ў Свіслачаны — да Цвердзісіла.

Вось і паварот рэчкі. На ўзгорным беразе адкрыліся перад Усямілай Свіслачаны. Дзявочае вока прыкмеціла, што на прыстані няма «Тодара Страцілата» — відаць, Страцім паплыў на торг у Тураў. Прыстаўшы да берага і прымацаваўшы човен, Усяміла скіравалася са сваёй цяжкай ношай у гарадзішча. Ля сялібы, міма якой трэба было прайсці, яна ўбачыла купку дзяцей, якія гулялі ў цурку.

— Не бачылі, дзеткі, дзе цяпер прабацька? — спытала яна.

— Пайшоў у гарадзішча! — закрычалі дзеці ў адказ.

У варотах ганчарка сутыкнулася з Цвердзісілам, які якраз вяртаўся з гарадзішча. Павітаўшыся, спыталася ў старога:

— Дзе можна паказаць тое, што я зрабіла?

— Каля ахвярніка... Ніхто там не перашкодзіць...— адказаў Цвердзісіл.

Усяміла паставіла галаву Перуна на край ахвярніка, разгарнула мокрую палатніну — каб гліна не патрэскалася на сонцы, яна ўсю дарогу палівала яе вадой.

Цвердзісіл зірнуў, потым адышоў далей і застыў на месцы. Зоркія яго вочы ўглядаліся ў аблічча бога, дапытліва, удумна разглядалі яго.

— Добра! — нарэшце сказаў ён мастачцы.— Але такога дапытлівага боскага вока не ўбачыць ніхто з людзей... Стаць жа павінна быць высокай.

Гэта заўвага прабацькі здзівіла Усямілу: ён мудры, улічыў і такую важную акалічнасць.

— Я думала пра гэта... Велічыню цела, вядома, трэба захаваць, каб выявіць тым самым моц бога. Але не выпадае зрабіць яго стаячым перад людзьмі. Ён — бог, вялікі, магутны, не тое што мы — яго слабыя стварэнні.

— Так! — спыніў ён яе, тут жа засмучана спытаў: — А як жа ты адолееш такую труднасць?

— Трэба, каб уладар сусвету сядзеў...— адказала Усяміла.

— Ото думка! — усклікнуў стары.— Сядзеў, як наш суддзя, як уладар над намі...

Падбадзёраная ухвалай прабацькі, Усяміла далей выказала сваю задуму абаперці левую руку Перуна на кола, каб паказаць тым адвечнасць яго існавання. І гэту яе думку Цвердзісіл ухваліў...

Замоўклі абодва. Прабацька стаяў перад Перуном і задаволена разглядваў аблічча, так удала выяўленае Усямілай. Потым падышоў да яе, узяў за плечы, пацалаваў у лоб.

— Ад Перуна, усемагутнага ўладара і дапаможніка нашага,— дзякуй табе, галубка! Хай ён табе і надалей пасылае здароўе, сілы і натхненне! А цяпер пагаворым, што табе далей трэба рабіць.

Яны селі ля ахвярніка, і Усяміла выказала свае меркаванні: спярша даць усю стаць Перуна ў ліпе, якая мякчэй для рэзання, а калі ўсё будзе ладна, рэзаць ідала з дубу... Тут жа яна назвала памеры патрэбнага камля.

Па думцы Цвердзісіла, такое вялікае ліповае дрэва знайсці будзе цяжка.

— Хай будуць тры кавалкі — я іх стачу,— адказала Усяміла.

— Знойдзем два. Я загадаю Аўсеню адшукаць іх у лесе і абчасаць паводле тваіх разлікаў. Ён жа падбае, як іх табе ў Бабровічы перакінуць. А можа, ты зможаш тут у нас працаваць? Не трэба было б вазіць туды ды назад. Я табе на двары сваёй сялібы паветку пастаўлю. У нас і спаць, і карміцца будзеш... Як?

— Вядома, так было б лепей! — згадзілася Усяміла.

— Захіні ўсё, каб да часу людзі нічога не ўбачылі. Занясём Перуна пакуль што да мяне! — загадаў Цвердзісіл. Затым паклікаў аднаго з вартавых, каб той нёс лепку Усямілы ўслед за імі.

Выяву ганчаркі паставілі да прабацькі ў святліцу. Выклікалі Аўсеня, і Цвердзісіл сказаў яму пра ліпу і дуб. Пад тлумачэнні Усямілы лепшы майстар па дрэву для памяці зазначыў сабе на новай бірцы загаданыя памеры дрэў.

* * *

Праз тыдзень на двары сялібы Цвердзісіла ў зацішным кутку была збудавана высокая і прасторная павець. Праз шырокія яе дзверы ўнеслі два вялікія камлі ліпы, змайстравалі пераносныя падмосці для работы на рознай вышыні. Аўсень са сваім розным струмантам быў прыдадзены ў дапамогу Усяміле. Ён зразаў лішкі ліпы з мясцін, якія потым апрацоўвала сама мастачка. А ў лесе, пад кіраўніцтвам самага ўмелага дрэваруба, цэлая дзесятня людзей зразала і чысціла дуб-асілак.

Узброіўшыся вострымі разакамі, якія былі па яе накідах зроблены ў вялікім запасе здольнымі кавалямі, братамі Каняй і Манеем, аднаго рання Усяміла прыступіла да работы. Яна працавала з такім захапленнем, што спрытны і ўмелы Аўсень ледзь паспяваў зразаць кавалкі, якія Усяміла абрысоўвала крэйдай. З кожным днём з-пад іх разакоў і далот усё больш і больш явела постаць бога. А праз два тыдні Аўсень пакінуў паветку, і Усяміла засталася адна.

Галаву Усяміла пачала рабіць пад самы канец. Каб правільна вызначыць нахіл Перуновага позірку, Усяміла пасадзіла дзядзьку Аўсеня побач з галавой ідала і, прымеркаваўшы, канчаткова вырашыла гэту цяжкую задачу.

Пад канец трэцяга тыдня Пярун быў завершаны. Прыбралі памосце, і Цвердзісіл з Усямілай адной раніцай зайшлі ў павець, каб паглядзець зробленае. Усяміла лічыла, што яшчэ трэба дзе-нідзе падправіць валасы на галаве Перуна, мацней выявіць мясені яго рук і ног. Цвердзісіл жа знайшоў усё выкананым вельмі ўдала і блаславіў Усямілу прыступіць да разьбы ідала з дубу.

Праз пару дзён стод з ліпы адсунулі пад сцяну павеці. Амаль усю прастору заняў велізарны дубовы абчосак, і Усяміла з Аўсенем пачалі працаваць над ім.

Работа ішла цяжка, бо дубовае дрэва не хацела паддавацца. А калі праз колькі дзён Усяміла засталася адна, яе ўзмацнелыя ў працы над ліпаю рукі спачатку вельмі таміліся. Але хоць далоні пакрыліся мазалямі, работа спорылася. Праз тры тыдні дубовы Пярун быў гатовы.

Тым часам паспеў вярнуцца з Турава Страцім. Ад дзеда ён дазнаўся аб рабоце Усямілы, атрымаў ад яго дазвол паглядзець ідалаў.

Усяміла чакала Страцімавай ацэнкі з некаторай насцярожанасцю. Яшчэ раней яна заўважыла, што Страцім разбіраецца ў мастацкіх справах, знаёмы з працамі грэцкіх разьбяроў. Таму хвалявалася, калі ён доўга ўглядаўся ў абодвух ідалаў і ўсё маўчаў. Нарэшце Страцім прамовіў:

— Ведаеш, Усяміла, ты добра прыдумала, каб вочы Перуна сустракаліся з вачыма людзей. Мне падабаецца, што ты выразала зрэнкі — інакш вочы былі б сляпыя, як у грэцкіх разьбяроў. Усё вельмі добра, але было б яшчэ лепш, калі б ты ўставіла ў зрэнкі блакітныя каменьчыкі. Тады вочы здаваліся б зусім жывыя.

Дубовы стод Перуна, пакрыты велізарным палотнішчам, адной ноччу трыццаць мужчын перанеслі ў гарадзішча. Стары ж стод наступнай ноччу знялі з падмурка і спалілі — каб Пярун не пакрыўдзіўся. На месцы ранейшага падмурка зрабілі новы, шырэйшы, а на ім устанавілі разьбу Усямілы.

У прызначаны дзень сабраліся старыя роду. Яны ўзнеслі ахвяры перад новым стодам Перуна. Потым у гарадзішча быў дапушчаны ўвесь свіслачанскі люд. Прыцішаны ўхвальны гул галасоў пранёсся па гарадзішчы. Перад людзьмі сядзеў ён, магутны ўладар сусвету. Кожны адчуў, што вочы бога глядзяць яму прама ў душу, што нельга адвесці сваіх вачэй ад яго праніклівага позірку. Міжвольна схілялі ўсе галовы. Хацелася слухацца яго, вялікага, маліцца яму і верыць у яго магутнасць.

Цвердзісіл узнёс маленне за ўвесь род. А голас яго быў поўны веры, што Пярун пачуе люд свой. Усяміла была сярод людзей і бачыла, які вялікі ўплыў мела на ўсіх яе тварэнне. Разам з усімі ёй таксама хацелася схіліцца перад воляй магутнага бога, аблічча якога выглядала як жывое.

 

Полацк

Як Страціму было вядома з апавяданняў варангаў, Полацак вёў гандаль з заморскай Савейскай зямлёй, адкуль часта наязджалі купцы. Яны прывозілі варангскую зброю і жалезныя вырабы, набывалі тут менай або за грошы тавары, што дастаўляліся палачанамі са Смаленскага горада — ад наезджых баўгар, хазараў і арабаў. У Полацаку можна было сустрэць гасцей з суседніх літоўскіх і латышскіх плямёнаў. Тыя везлі пераважна звярыныя шкуры, а мянялі іх на тканіны, вырабы з жалеза і жаночыя аздобы.

І ўсё ж тое, што вёз у Полацак Страцім, па сваёй вартасці і хараству магло вытрымаць параўнанне нават з тонкімі яскравымі тканінамі хазараў і арабаў, з патраскім пурпурам, якому не было раўні ва ўсім свеце. У яго былі вырабы з мосянжу, якія па бляску раўняліся з залатымі, абутак з тонкай скуры бліскучых колераў... Адным словам, было Страціму з чым ехаць! У Полацаку ён разлічваў на такі яе поспех, як у Смаленскім горадзе і ў Тураве.

Адно толькі трывожыла яго: ён памятаў словы Скальдэра, колькі сіл прыйшлося затраціць тады ягонай дружыне, калі яна чуць не першай пракладвала волак з ракі Вулы праз азёры і на Бярозу. Дарогу пад каткі з ладдзямі прыйшлося працярэбліваць крок за крокам. Потым падвозіць драўніну, падсыпаць зямлю. Мясцовасць жа там узгорыстая, цяжка валачы ўгору напакаванае судна нават па катках.

Вось чаму на паездку ў Полацак Страцім наняў Воўка і яшчэ дзесяць дужых мужчын з Свіслачан і Бабровічаў. Быць ім у дарозе абаронай, а заадно — і валачы разам з другімі карабель.

Так вось і выправіліся ў тое падарожжа.

«Тодар Страцілат» ніколі яшчэ не быў у Бабровічах. Калі пад сінімі сваімі вятрыламі ён падышоў да аселішча, вартавыя гарадзішча як звыкла падалі знак дымам вогнішча. Усе бабравічане кінуліся на бераг сустракаць сваіх родзічаў. Гасцей сустрэлі прыветна. Вечарам наладзілі баль, весяліліся да поўначы. На памяць аб сваім першым падарожжы па гэтым новым шляху Страцім адарыў падарункамі прабацьку Ладнага, старых бабравічан, радню Трывоеву. А жанчынам раздаў розныя аздобы з мосянжу. У дарогу папрасіўся нават дамасед Валюх, якога Страцім прыняў вельмі ахвоча, бо лішні дужы і смелы чалавек быў толькі на руку.

Раніцай выправіліся далей. Да ўтоку Метчы прыйшлі вельмі хутка, бо якраз быў спадарожны вецер. Тут жылі тры сямейкі паляўнічых-бабравічан і адна рыбацкая сям’я. Калі «Тодар Страцілат» спыніўся, рыбак аддаў ім увесь свой дзённы ўлоў, а паляўнічыя падарылі дзве казулі, чатырох глушцоў. Страцім шчодра адарыў іх, а таксама жанчын, якія прынеслі збанкі малака і кошыкі суніц.

Вецер быў такі спрыяльны, што к вечару яны паспелі к возеру, якое працякала ў сваім вярхоўі Бяроза. Тут, на возеры, выбраўшы зручны бераг для прычалу, пераначавалі, а на другі дзень к поўдню падышлі да ўтоку Сергуча. К вечару дабраліся да месца, дзе варангі паставілі на беразе памятны знак з каменняў. Адсюль трэба было ўжо валачы карабель на катках да першага возера, не злучанага з ракой.

Раніцай высланыя наперад выведчыкі вярнуліся назад і сказалі, што волак больш-менш у парадку. Вымоін мала. Іх яны падсыпалі зямлёй. Выцерабілі маладняк, які ад праезду варангаў паспеў зноў падняцца. Страцім даў загад зняць з карабля каткі, разнесці іх. Падчапілі моцныя ліны і канцы, сталі па вызначаных Трывоем месцах, уляглі ў моцныя лямкі з сыраматных пасаў і пад спеў «Ой, пайшлі, паехалі!» дружна вывалаклі свой карабель на бераг, на роўнае месца. Там падперлі яго падпоркамі і перадыхнулі. Потым падзяліліся на змены і распачалі свой першы волак. Адны цягнулі па катках карабель, другія падтрымлівалі карабель, каб ён не хістаўся і не ўпаў; яны ж мелі пры сабе лёгкія дубовыя падпоры, якія падстаўлялі ў месцах перадыху. Трэція ж перацягвалі і клалі наперад тыя каткі, што засталіся ззаду. Спачатку часта рабілі перадышкі, бо з непрывычкі хутка таміліся. Таму сталі мяняцца работай.

Дужыя і багатыя на людзей варангі так добра праклалі волак, што, як яго ні размывалі дажджы, як ні аднаўляўся малады лес, волак увогуле быў у парадку. Высланым наперад даведчыкам заставалася не так ужо і многа работы. Куды цяжэй было ісці ў лямцы або цягаць гладкія сасновыя круглякі, хаця яны і добра высахлі з мінулага лета.

Пакуль увыклі, усім было цяжка. А як прайшлі першыя тры дні валачэння, стала ўжо лягчэй. Пасыпаліся вясёлыя жарты, пачулася бадзёрая песня.

На пяты дзень, дасягнуўшы возера Плавія, спусцілі на яго «Тодара Страцілата», а праз палову дня прысталі ў тым месцы возера, адкуль пачынаўся новы волак — да возера Бярэшча. Узніклі нават спрэчкі, ці варта было на такі кароткі час спускаць карабель на ваду, а потым зноў выцягваць на бераг. Куды лягчэй было б абмінуць возера Плавія і адразу валачы карабель к возеру Бярэшча. Але Страцім спыніў гэтыя спрэчкі:

— Варангі — народ бывалы, лішняй работы на сябе не возьмуць. Іх даведчыкі выявілі, што абысці азёры цяжка: берагі іх забалочаны і да таго зараслі лазняком, што лягчэйшай дарогі, чым праз возера, знайсці нельга.

Волак заняў у страцімаўцаў цэлых дванаццаць дзён. Затое як усе ўзрадаваліся, калі ўбачылі шырокую Вулу, калі спусцілі на яе карабель.

На ўсім працягу волаку не было аселішчаў. Не раз сюды з прылягаючай пушчы выходзілі то мядзведзі, то ласі. Выскоквалі казулі — яны на момант затрымліваліся, здзіўленыя гэтымі гаманлівымі двухногімі істотамі, што цэлым натоўпам перасоўвалі нейкую гару, потым пужліва ўцякалі глыбей у родны лес. Валюх не ўпускаў выпадку і здабываў на харч звярынае і птушынае мяса. Кожны дзень, адлучыўшыся, ён клаў са свайго лука дзіка ці казулю, забіваў па некалькі глушцоў і цецерукоў. Аднойчы пакарміў усіх маладой ласяцінай. А ля Бярэшчы ўпаляваў малога зубра.

Пасля начлегу, добра адпачнуўшы, крануліся па Вуле. Вада ў ёй была быстрая. Вецер спрыяў. І яшчэ да поўдня яны прыйшлі ў вялікае аселішча Лепль. Людзей тут жыло столькі, што пужацца ім не было патрэбы. Да таго ж вятрылы на караблі былі не чырвоныя, як у варангаў, а сінія. Значыць, прыбывалі не ворагі. А як карабель прыстаў к берагу ды на ім пабачылі людзей у сваёй, славянскай вопратцы, як пачулі з іх вуснаў родную мову, то народ пабег да «Тодара Страцілата». Калі Страцім з Воўкам сышлі на бераг, адусюль пасыпаліся пытанні:

— Братэ, хто есце? Скуль і куды плывеце?

Страцім адказаў:

— Есь мы — дрыгвічы, з Бярозы-ракі, што ў Дняпро цячэ! Едземо во Полацеск-град.

Страцім папрасіў правесці яго да прабацькі роду. Адзін з мужчын павёў яго да гарадзішча, што высілася на высокім узгор’і. Насустрач ім выйшаў сівы стары, а з ім трое сталых мужчын. Праваднік, што вёў Страціма, сказаў старому:

— Ось — падарожныя з Бярозы, з дрыгавіцкай зямлі... Едуць у Полацеск.

Страцім прывітаў старога, сказаў, што едуць яны з таварамі на торг у Полацак, прасіў даць павадыра па невядомай рэчцы і спажыўнога на дарогу — за аддзяку, вядома.

Страцім развязаў свой клунак і дастаў адтуль прыгожы арабскі пояс з рознакаляровага шоўку; падаючы яго лепльскаму прабацьку, сказаў:

— Прымі ад нас у дар, паважаны, вось гэты пояс і дапамажы нам у нялёгкім падарожжы!

Дар быў прыняты. Кіраўнік роду тут жа аддаў загад аднаму з прысутных мужчын, каб той паклікаў свайго сына, які добра ведаў раку і не раз хадзіў па ёй на торг у Полацак. Другому ж сказаў, каб на дрыгавіцкі карабель прынеслі ўсялякага спажыўнога. Потым пачаў распытваць у Страціма, як трымаліся ў іх на Бярозе дружыннікі Рыгвальда, сказаў, што мае весткі з Полацака, нібы тамтэйшае веча для абароны места і полацкай зямлі хоча запрасіць да сябе на службу Рыгвальда з дружынай, бо гэта самая сумленная з варангскіх дружын, што праходзілі Дзвіной «да грэкаў». Страцім адказаў, што ў дрыгавічоў пра гэту дружыну самыя добрыя ўспаміны.

Ветліва адвітаўшыся, Страцім вярнуўся на свой карабель.

Тым часам на бераг лепльцы пачалі выносіць усялякае спажыўное. Страцім захапіў з сабой жаночыя аздобы, стужкі і тут жа мяняў іх на мяса, рыбу, сыр, масла, тварог, малако і перапечкі. Малако і тварог аддавалі прыезджым з посудам. Усяго спажыўнога было набыта столькі, што павінна было хапіць аж да Дзвіны.

Надышоў хутка і праваднік — малады прыгожы мужчына, прозвішчам Увей. Раку ён ведаў добра і браўся правесці да аселішча Вула, якое месцілася ля ўтоку гэтай ракі ў Дзвіну. Страцім папрасіў яго сабрацца ў дарогу і на золаку з’явіцца да «Тодара Страцілата».

Увей прыйшоў у час. Яго човен, на якім ён збіраўся плыць назад, на вяроўцы пачапілі за стырном карабля. Узняўшы вятрылы, адплылі. «Тодар Страцілат» ляцеў цяпер стралой, бо яго падганяў вецер і быстрая рачная плынь. К поўдню ўжо падышлі да палачанскага аселішча Чашнікаў, затрымаліся там, каб зварыць набытую ў рыбакоў рыбу, і, паабедаўшы, паплылі далей. К ночы, дзякуючы ветру, былі ў Вуле. Увей увесь гэты дзень прастаяў ля стырнавога, паказваючы, якім месцам ракі ісці, каб абмінуць намелі і падводныя камені.

З дапамогай Увея раніцай запасліся ў Вуле свежым спажыўным. Страцім шчодра аддзячыў правадніка: самому Увею даў грэцкі залаты солід, а для яго жонкі — адрэз пурпуру на гарсэтку. Затым на вачах вулаўцаў, што сабраліся на беразе, «Тодар Страцілат» плаўна і прыгожа выйшаў у Дзвіну.

Доўга яшчэ вулаўцы стаялі натоўпам ды слухалі Увея, які апавядаў пра шчодрага дрыгавіча, пра яго ветлівасць, смеласць і розум. Яму не раўня купцы-грабежнікі з варангаў — з тымі трэба заўсёды быць асцярожна.

А дрыгавіцкі карабель тым часам імчаўся па хвалях магутнай Дзвіны.

К вечару паказаўся Полацак. Туды хацелі з’явіцца раніцай. Таму выбралі ля левага берага добрую затоку і сталі ў ёй нанач. Зварылі ля вогнішча вячэру і пад аховай расстаўленых Воўкам вартавых добра адпачылі. А на золаку, прыбраўшы карабель, паднялі вятрылы і паплылі к месту.

І вось на высокім левым беразе раскінуўся славуты Полацак. Дубовы тын акружаў прасторнае гарадзішча. Ад Дзвіны высіліся чатыры вежы з вострымі вярхамі. У іх празорах віднеліся зоркія вартавыя.

Агінаючы гарадзішча, карабель Страціма спрытна ўвайшоў у Палату. Вачам дрыгавічоў адкрыліся дзве вежы, а паміж імі — шырокія, акаваныя жалезам дубовыя вароты. Праз роў да іх вёў мост, па якому ішлі пешаходы, ехалі коннікі. Усё ўзбярэжжа Палаты было застаўлена чаўнамі, чайкамі, дашчанікамі, суднамі са спушчанымі вятрыламі.

Выбіраючы мясціну, куды выгодней было б прыстаць, «Тодар Страцілат», нібы красуючыся сабой, прыгожа і спрытна рассек воды Палаты, прайшоў уздоўж усяго Полацака і тым самым звярнуў на сябе агульную ўвагу. Тут прывыклі бачыць варангскія ладдзі з чырвонымі вятрыламі. Гэты ж карабель не меў пераду, не быў аздоблены страшыдламі з разяўленымі пашчамі ці дзюбамі. Пад пярэднім трохкутным вятрылам тут узносілася над вадой пагруддзе нейкага дзіўна апранутага чалавека. І, галоўнае, карабель нёс сінія вятрылы.

Дзіўным для палачан было тое, што па баках карабля не чырванелі радамі шчыты, за якімі звыкла вырысоўваліся шаломы ўзброеных чужынцаў-варангаў. На караблі стаялі людзі, падобныя да палачан. І ніводзін з іх не быў узброены.

— Скуль гэта дзіва? Што на гэтым караблі за людзі? — пыталіся ўсе, хто поўніў надбярэжжа Палаты або быў на бліжэйшых суднах.

Павярнуўшыся да берага, падарожнікі пачалі спускаць сінія вятрылы. Карабель шчыльна падышоў бокам да ўзмосця. Двое вадаходаў саскочылі на прыстанішча і, закінуўшы вяроўкі на набітыя ў бераг палі, замацавалі «Тодара Страцілата» на вольным месцы.

Прыход карабля прыкмеціў адзін з памочнікаў полацкага пасадніка. Неўзабаве ён спусціўся з узгор’я да «Тодара Страцілата» і стаў шукаць вачыма, хто ж тут з прыезджых гаспадар.

Страцім пайшоў яму насустрач.

— Вітаю вас, калі не мыляюся, братэ, ад імя пасадніка з прыбыццём у Полацеск! Скуль прыплылі, з якім таварам? — спытаўся ўпаўнаважаны.

Страцім пацвердзіў, што ён з братняй дрыгавіцкай зямлі, з Бярозы, па ёй і Вуле з’явіліся ў Полацак, прывезлі розны замежны тавар. Цяпер яны жадаюць уведаць парадкі тутэйшага торгу, а таксама, колькі трэба плаціць за месца на ім, каб лепш паказаць тавар пакупцам і меншчыкам.

Выслухаўшы Страціма, памочнік пасадніка яшчэ раз, цяпер за руку, прывеціў госця і адказаў на ўсе яго запытанні.

Заадно Страцім даведаўся, што дом пасадніка стаіць у гарадзішчы. Там таксама месцяцца дамы іншых імянітых купцоў Полацака. Там жа знаходзіцца і молішча са стодам Перуна і ахвярнікам. Для кляцьбы ж пры заключэнні гандлёвых умоў ёсць Пярун і блізу торгу.

Захапіўшы для пасадніка адрэз парчы на кафтан, Страцім скіраваўся ў гарадзішча. Праходзячы праз торг, ён убачыў, што пачалі ўжо запаўняцца рады рамеснікаў. Мінаючы мост перад брамай гарадзішча, заўважыў, што шырокі і глыбокі роў апаясвае дубовы тын гарадзішча — відаць, Полацак адчуваў большую патрэбу берагчыся ад нападаў, чым Смаленскі горад або Тураўград. Варангі прывучылі палачан да ўсялякіх неспадзяванак.

Такія ж думкі прыйшлі Страціму ў галаву, калі ў гарадзішчы ён пабачыў жытло купцоў, а побач з імі — грунтоўна збудаваныя склады тавараў. У Тураве яны былі не ў самім умацаванні, а паблізу гарадзішча.

Пасадніцкі дом і два вялікія склады пры ім выразна сведчылі, што абраннік імянітага купецтва быў адначасна і самым заможным сярод гэтага заможнага купецтва. Страцім узышоў на высокі ганак (клець у чатыры вянцы ўзнімала ўсё жытло вышэй ад другіх) і, пабачыўшы малаток, што вісеў на сыраматным паўразку ля акаваных дзвярэй, пастукаў ім па жалезу, упраўленаму ў вушак. У сенцах пачуўся хлапечы голас:

— Хто?

— Прыезджы, па справе да пасадніка!

Хлопец адсунуў засаўку і ўпусціў Страціма.

— Ідзі за мной! — сказаў ён.

Увайшлі ў прасторны пакой. І хаця ў ім былі толькі два невялікія аконцы, святло спорна выціскала змрок. Страцім беглым вокам заўважыў шырокія лавы, пакрытыя кілімамі, столік з точанымі ножкамі, а на ім медзяны падсвечнік з недагарэлай свечкай. У куце ля парога стаяла чыстая, доўбленая з асіны ваза з вадой, з прыгнаным да яе такім жа векам, на якім стаяў берасцяны кубачак.

— Зара выйдзе... Сядай! — сказаў хлопец. І праўда, неўзабаве праз тыя ж дзверы, у якіх схаваўся хлопец, выйшаў прысадзісты сівы ўжо мужчына, ветліва адказаў Страціму на яго прывітанне.

Страцім коратка расказаў яму пра сябе, пра тое, з якім таварам ён прыехаў. Папрасіў пасадніка парады, калі яму лепш выйсці на рад і што ён можа тут купіць за грошы. Пры гэтым ён разгарнуў хустку з багатай парчой і, паклаўшы на стол, прасіў пасадніка прыняць яе ў дар ад дрыгавічоў. Па вачах пасадніка было відаць, што дар ён успрыняў з вялікай прыемнасцю. Бяседа далей пайшла дружалюбна. Пасаднік абяцаў Страціму ўсялякую дапамогу.

Падзякаваўшы за абяцаную дапамогу і дадзеныя парады, Страцім скіраваўся ў рады. Цікавага там было мала — тыя ж, што і ўсюды, што і на менскім торгу, ганчарныя вырабы, простыя вырабы з жалеза і дрэва, даматканкі. Заглянуўшы ў рад, дзе сядзелі са спажыўным, Страцім угаварыў жанчын з малочным і з ягадамі, паляўнічага з цецерукамі і рыбака з сомам, каб яны падышлі з ім да стаянкі «Тодара Страцілата». Рыбака і паляўнічага ён аплаціў срэбрам, жанчын — каго масянжовымі аздобамі, каго пацеркамі і стужкамі.

Пасля сняданку на карабель з’явіўся сам пасаднік. Ён папрасіў паказаць грэцкія тавары і, азнаёміўшыся з імі, выбраў тое, што яго цікавіла. Прытым зазначыў, што гатоў аплаціць усё гэта грашыма. Страцім пайшоў яму насустрач, не дужа гнаўся за цаной. Торг кончылі хутка. Паколькі Страцім не быў знаёмы са свейскім срэбрам, пасаднік сам параіў яму прыкінуць гэта срэбра на вагу для параўнання з грэцкім. Дрыгавіч дастаў вагі і, паклаўшы срэбра пасадніка на адну чашу, ураўнаважыў яго грэцкім срэбрам. Пералічыўшы ўсё, ён выразна пабачыў, што плата яго задавальняе. Запакаваўшы набытыя пасаднікам тавары, Страцім адаслаў іх са сваімі людзьмі.

Пазней з’явіліся іншыя купцы. Яны ссылаліся на ўведамленне пасадніка, прасілі паказаць прывоз. Страцім даведаўся, што двое з іх збіраюцца з грэцкімі таварамі паехаць у літоўскую зямлю і да латаў. Яны выбралі сабе пераважна больш танныя вырабы і расплаціліся таксама чужаземным срэбрам. Але гэта было старое срэбра: у ім трапляліся рымскія грошы. Зноў прыйшлося прыкінуць на вагах, ці выгадны быў разлік. Страцім паказаў абодвум вырабы з ляшскага мосянжу. Купец, што ездзіў да літоўцаў, засведчыў, што такія вырабы там пашыраны. Відаць, паляне з Гнезна ўжо наязджалі са сваімі вырабамі да літоўцаў. Той жа купец, што наведваў латаў, наадварот, ахвоча забраў у Страціма гэты тавар. Яму ж спадабаліся і тураўскія тканіны, тураўскія вырабы з жалеза.

Калі Страцім кончыў разлікі з вандроўнымі купцамі, у яго ўжо амаль не засталося тавараў...

 

Прысяга

З цяжкім сэрцам падыходзіў Страцім да доміка, дзе кватаравалі бацькі Тэафіліі. Ён сумысна сабраўся туды пад канец дня, бо хацеў застаць разам бацьку з маці нябожчыцы і абодвух яе братоў.

На стук дзверы адчыніў малодшы з братоў, Пётра, які адчуваў асаблівую прыязнасць да свайго швагра.

— О-о-о-! Страто! Які дарагі госць! — радасна ўсклікнуў ён, убачыўшы дрыгавіча. Абняў яго і горача расцалаваўся.— Ну, ідзём хутчэй да нашых!

— Пятро, вашы ўсе дома? — спытаў Страцім.

— Усе... А што?

— Ёсць прычына, па якой я хацеў бы перш пабачыцца з татам...

— Матуля якраз занята гаспадаркай... Тады пройдзем адразу да таты. Туды ж паклічу і Паўла,— адказаў Пётра. І па яго твару лёгка было заўважыць, што словы Страціма ўсхвалявалі хлопца.

Яны прайшлі праз два пакоі і трапілі ў пакой Страцімавага цесця, які якраз быў заняты паперамі патрыярхата.

— Тата, у нас доўгачаканы Страто!

Цесця гэта паведамленне адразу адарвала ад спраў. Ён ускочыў з месца, жвава выйшаў з-за стала, абняў Страціма і расцалаваў яго:

— Чакалі, чакалі цябе! І вельмі рады бачыць!

Тым часам Пётра выйшаў і хутка вярнуўся з Паўлам.

— Відаць, прыехаў адзін? Без Тэі? — пытаўся цесць.

— Адзін...

Павел таксама сардэчна прывітаўся са шваграм.

— Сядайце! Што ж стаімо?! — сказаў усім бацька.— Ну, як здаровы Тэа, дзеці?

— Хваліць бога, здаровы. Іх ужо трое: прыбыла дачушка. А вось Тэа...— Страцім раптоўна змоўк. Спазма вострага жалю сціснула яму горла, вочы заплылі слязьмі. Ужо шэптам ён дадаў:

— Тэа... памерла...

Гэта нечаканая вестка адразу нібы паралізавала мяккія натуры бацькі Тэі і яе малодшага брата. Адзін толькі Павел, хвіліну памаўчаўшы, са сціснутымі зубамі, каб авалодаць сабою, здолеў спытаць у Страціма:

— Як жа гэта сталася?

— Пасля нараджэння дачкі... Ад родавай гарачкі...— перасільваючы сябе, адказаў Страцім.— Я хацеў перш пабачыць вас без матулі, бо баюся, што гэта вестка без падрыхтоўкі будзе для яе невыноснай. Я ж ведаю, як яна яе кахае...

— А мы?! — усклікнуў Павел.— Хіба мы менш кахаем сястру? Тата, як табе гэта ні цяжка, падрыхтуй маму да весткі аб гібелі Тэі! — звярнуўся Павел да бацькі, які сядзеў здранцвелы, прыціснуты горкай весткай. Праз хвіліну цесць устаў, хістаючыся, выйшаў.

— Вось што значыць выправіцца ў дзікую краіну! — перапыніў маўчанне Павел.— Будзь яна тут, дактары выратавалі б яе.

Страцім успомніў пра развітальны ліст Тэі і, дастаўшы яго, падаў Паўлу. Той узяў яго, глянуў на подпіс сястры і прачытаў ліст уголас. Пётра апусціў галаву, а з яго вачэй бырзнулі слёзы.

— Рука самога ліста — не сястры! — сказаў Павел.

— Пісаў я пад яе падказ. Калі ёй на момант стала лягчэй, яна адвіталася з дзецьмі, блаславіла іх і папрасіла мяне пісаць. Уласнай слабай рукой яна падпісала ліст,— растлумачыў шваграм Страцім.

У суседнім пакоі пачуліся паспешныя крокі. Увайшла служанка.

— Тата просіць памагчы яму: з мамай дрэнна — яна ляжыць у непрытомнасці.

Усе ўскочылі і кінуліся да дзвярэй. Павел затрымаў Страціма:

— Астанься пакуль што тут: як прыйдзе ў сябе, ёй будзе цяжка бачыць цябе.

Браты выйшлі. Страцім жа падышоў да акна, якое выходзіла ў садок. Усё тут напамінала яму пра Тэю: дарожка, што вяла ў альтанку, дзе столькі разоў шчасліва сядзелі яны ўдваіх, дрэўцы, поўныя для Страціма значэння.

І ўспаміны зараіліся ў яго памяці. Выразна ўстаў мілы вобраз Тэі, пачуўся незабыўны яе голас...

Ён ачнуўся, калі ўвайшоў Пётра і сказаў:

— Страто! Мама ўжо сабралася з сіламі, хоча цябе бачыць!

Яны прайшлі ў сыпяльню, дзе на сваім ложку ляжала цешча. З вачыма, поўнымі слёз, яна моўчкі працягнула Страціму руку, нібы клічучы яго падысці бліжэй.

Страцім наблізіўся да пасцелі, павольна прыняў на сваю далонь гэту слабую ад узрушэння руку і, стаўшы на калена, пацалаваў яе.

Яна слабым голасам спытала:

— Дзеткі вашы здаровы?

— Так, матуля!

Следам за Тэяй Страцім навык яе бацьку і маці зваць так, як звала яна.

— Якое ж вы імя далі народжанай?

— Тэафілія! Яна ўся ў матку.

— Я разумею, што табе нельга было цяпер прыехаць з малымі, але як мне хацелася б іх пабачыць... у такую хвіліну!

— Быць можа, у свой наступны прыезд я вазьму іх! А пакуль што... Наша разьбярка вылепіла галоўкі Богадарыка, Страціміка і Тэячкі, і я прывёз іх з сабой, пакажу вам іх! Падабенства надзвычайнае!

— Пакажы, Страто, абавязкова! — папрасіла цешча. Страцім абяцаў гэта зрабіць зараз жа.

— Ізыдар! — сказала яна мужу.— Заўтра пагавары з духавенствам сабора святых апосталаў і закажы задушную службу па Тэі! Усе мы разам са Страто памолімся за яе душаньку... Заадно закажы, каб памаліліся за здароўе нашых унукаў і ўнучкі! Ну, а цяпер пакіньце нас адно ўдваіх з бацькам!

Страцім пяшчотна пацалаваў на адвітанне руку цешчы і выйшаў услед за братамі.

* * *

І вось у саборы святых апосталаў скончылася задушная імша, на якую сабраліся ўсе сваякі і блізкія сям’і патрыяршага сакратара. Жалобнае набажэнства, царкоўныя спевы, прыгожа выкананыя патрыяршым хорам, чорныя вопраткі прысутных — усё гэта паўплывала на Страціма, які, стоячы побач з бацькамі нябожчыцы, адчуваў шчымлівы боль па сваёй страце. Душа яго была поўна ўспамінаў. У памяці паўставаў момант, калі якраз тут, у гэтай царкве, яго вянчалі з Тэафіліяй,— і гора яшчэ вастрэй абвалодвала ім. Ён старанна пачынаў хрысціцца, але вусны яго не шапталі ніякіх малітваў, хаця некаторыя з іх ён і помніў.

Па сканчэнні імшы да Страціма падышоў Павел і адвёў яго ўбок. Яны апынуліся ў бязлюдным месцы. Павел стаў нешта вымагаць. А Страцім ніяк не мог зразумець, чаго той ад яго патрабуе. Павел жа настойліва паўтараў:

— Выбачай мне, але я чакаю, што ты, каб супакоіць мае сумненні, паклянешся перад абразам Спаса, што смерць Тэі адбылася дакладна так, як ты расказаў.

— Я цябе, Павел, не разумею. Чаго ты, уласна, хочаш?.. Ну так, менавіта так усё і было!

Павел паўтарыў патрабаванне. Вочы яго блішчэлі, у іх з’явіўся агеньчык злосці. Страцім нарэшце зразумеў усё.

— Ага! Вось што! Ты больш не верыш у праўдзівасць маіх слоў? Ты хочаш ад мяне прысягі? Так? Што ж, добра! Я задаволю цябе! — Страцім крута павярнуўся ад швагра і скіраваўся адзін дамоў, туды, дзе ўжо паставілі задушны стол, дзе сабраліся цяпер усе, хто слухаў імшу.

Страцім увайшоў з горда ўзнятай галавой, поўны рашучасці. Выйшаўшы на сярэдзіну пакоя, ён затрымаўся, перахрысціўся і, узняўшы два пальцы правай рукі, зычным голасам вымавіў кляцьбу-прысягу:

— Вось тут, дзе я атрымаў блаславенне на сваё шчаснае жыццё з Тэафіліяй, клянуся і прысягаю, што прычынай смерці яе была тая хвароба, пра якую я паведаміў яе родным, а ніякая іншая прычына! Хай пакарае мяне ўсявышні, калі я ўтаіў што або сказаў няпраўду!

Павел, які спярша падумаў, што Страцім проста ўхіліўся ад кляцьбы і таму пакінуў яго, пачуўшы Страціма, быў збянтэжаны і пастараўся непрыкметна далучыцца да радні. Бацькі ж і Пётра, нічога не ведаючы аб вымаганнях Паўла, былі, як і ўсе прысутныя, у вялікім засмучэнні і здзіўленні. Усе ж ведалі Страціма як чалавека сумленнага.

Страцім жа, вымавіўшы нязвычную прысягу, вярнуўся на сваё месца і стаяў, поўны абурэння на таго, хто так груба выказаў яму свой недавер.

Духавенства таксама было здзіўлена тым, што адбылося. Протаіерэй падышоў да бацькоў Тэі, пытаючыся, ці пачынаць задушкі, на што, вядома, атрымаў згоду.

Пакуль ішло памінанне, Страцім усё яшчэ не мог знайсці апраўдання ўчынку Паўла. Праўда, яму даводзілася і раней чуць з вуснаў Паўла думкі, што людзям нельга верыць, што яны звыкла кіруюцца толькі ўласнымі інтарэсамі, што чалавек здольны на самую бязлітасную расправу з тым, хто стаіць яму на дарозе.

Але як можна было ўсё гэта звязаць з ім, Страцімам, якога так сардэчна, так даверліва прынялі тут у сваю сям’ю. Здавалася б, усе ўжо маглі пазнаць, ці здатны ён, Страцім, на нешта такое. Значыцца, Павел, а можа, і іншыя дапускаюць думку, што Страцім мог іх ашукаць... Звесці са свету Тэафілію.

Здранцвелы ад усяго гэтага, поўны абурэння, Страцім прастаяў усю паніхіду і нават не заўважыў, як па яго руцэ паплыла памінальная свечка.

Потым, калі паніхіда скончылася і ўсе збіраліся сесці за памінальны стол, да Страціма падышоў Гіпаліт. Мастак спрыязліва папытаўся, чым вытлумачыць яго выступ. Даведаўшыся ж пра дамаганні Паўла, абурыўся яго ўчынкам.

— Але і табе, дружа, не трэба было рабіць таго, што выйшла. На ўсіх гэта зрабіла нядобрае ўражанне... Добра, што цябе многія ведаюць з найлепшага боку. А то староннія людзі маглі б падумаць немаведама што.

Калі мужчыны ўжо асушылі першую і другую чару, Страцім устаў і сказаў:

— Хай даруюць мне тата і Пётра, але я мушу вытлумачыць свой нечаканы ўчынак. Павел, відаць, поўны недаверу да мяне, не-рамея, чужынца з «дзікай», як ён сказаў заўчора, краіны, захацеў праверыць праўдзівасць маіх слоў. Ён патрабаваў, каб я сцвердзіў іх кляцьбою. Спачатку я нават не зразумеў яго. А потым, калі ўпэўніўся ў яго намеры, захацеў перад усімі прынесці сваю прысягу, бо хто ведае, што думаюць пра барбара-славяніна іншыя... тутэйшыя людзі. Мо хоць прысяга пацвердзіць тое, у што не паверыў родны брат нябожчыцы...

Павел сядзеў насуплены, не глядзеў ні на кога... І нечакана сцішана падаў словы:

— Ёсць людзі, якія і прысягай пакрываюць няпраўду!

Кроў ударыла ў твар Страціма. Ад гневу і абурэння ён гатовы быў кінуцца на Паўла, але стрымаў сябе і з годнасцю адказаў:

— Тут, у Рамеі, можа, так і бывае, а мы, славяне, барбары, і без прысягі верым людзям на слова, нават калі іх яшчэ добра не ведаем.

Тады ўстаў бацька Тэафіліі:

— Мы ведаем, што наш Павел хварэе недаверам да людзей. І ўсё ж яго ўчынак мяне таксама здзівіў... Страто мы добра спазналі як чалавека выключнага розуму, сэрца. Ён заслужыў, каб стацца нам блізкім, быць шчаслівым з нашай светлай памяці Тэяй. Я разумею, што Страто такі ўчынак Паўла пакрыўдзіў глыбока, і таму прашу, Страто, прабачыць усіх нас.

Калі бацька скончыў, Пётра падышоў да Страціма, абняў яго і пацалаваў са словамі:

— Мне сорамна за брата. І таму таксама прашу цябе прабачыць нам!

Прысутныя ўсяляк стараліся размовамі і ўважлівасцю развеяць цяжкія думкі Страціма.

* * *

Славянскага госця пакінулі начаваць у доме цесця. На другі дзень Павел зайшоў да яго і папрасіў выслухаць:

— Перадсмяротны ліст Тэі збіў мяне з панталыку. Я думаў: як магло стацца, што сястра, пакідаючы жыццё, знаходзячыся ў гарачцы, у непрытомнасці, змагла прадыктаваць такі ліст. Тое, што пісаў яго ты, што Тэя падпісала яго няцвёрдай рукой, мне, працаўніку судовага следства, здалося падазроным і збіла на фальшывы шлях... Следчым ухілам маёй службовай дзейнасці тлумачыцца думка: а ці так гэта ўсё было, як ты расказаў? Можа, ліст напісаны, каб ім прыкрыць нешта іншае...

— Хіба маглі быць нейкія іншыя адносіны паміж людзьмі, якія былі так шчаслівы, якія так аддана кахалі адзін другога?! Навошта ж ты нават да такіх людзей падыходзіш з меркай следчага?

— Так, так, Страто! Боль ад страты сястры, слепата следчага, які ўсюды гатовы бачыць адны злоўжыванні... І ты, і бацька, і матуля, і брат — усе вы маеце поўнае права асудзіць мяне за мой учынак... Усё гэта мне паслужыць навукай, каб уважна падыходзіць нават да тых, каго ўжо людзі гатовы лічыць злачынцам... Мусіць, цяжка табе прабачыць мне такую крыўду. І ўсё ж — дай мне магчымасць з часам заслужыць тваё выбачэнне.

 

Рамейскія ўцехі

Развітаўшыся з Аль-Зэнгры, які па сваёй старасці і недамаганнях больш наязджаць у Царград не збіраўся, Страцім правёў багатыя закупкі рамейскіх тавараў у царградскіх купцоў. Адзін з іх, Аркадзь Самос, у якога Страцім набыў найбольш патрэбны яму тавар — жаночыя аздобы высокай якасці са срэбра і золата, запрасіў яго да сябе ў госці.

— У мяне збяруцца людзі нашага ўзросту — нежані або вольныя ад сем’яў. Табе будуць карысны такія знаёмствы... Вып’ем добрага віна, закусім, павесялімея. Хачу бачыць цябе, Страціё, сваім госцем. Прыходзь пад вечар, абавязкова! Будзеш?

Аркадзь Самос быў чалавекам справы, і Страцім даў слова ў яго быць.

У дамоўлены час, апрануўшыся як належыць, Страцім з’явіўся да Самоса. Той меў багаты дом з вялікім садам. Госці не прымусілі сябе чакаць, і гаспадар ледзь паспяваў знаёміць тых, якія яшчэ не былі вядомы Страціму.

Знаёмячы іх з дрыгавічом, Аркадзь называў іх прозвішчы, адзначаў занятак кожнага. Дадаваў пры гэтым пра Страціма:

— Гэта наш першы і найбагацейшы пакупец з далёкай Падняпроўскай Славіі. Прывозіць стуль найлепшую сыравіну. З галавой і сумленнем. З ім лёгка і прыемна мець справу. Заслугоўвае поўнага даверу... Згаварыся, калі ён наведае цябе, адпусці найлепшае, можаш частку даць у доўг... Магу за яго паручыцца!

Госці гуртаваліся ў садзе блізу дома, ахвоча вялі размовы з дрыгавічом, спаміж сабой.

На верандзе, што прымыкала да саду, тым часам былі накрыты сталы, застаўленыя пітвом і закускамі. З’явіліся музыкі і спевакі, адна з лепшых капэлаў Царграда. І гоман гасцей быў перакрыты музычнымі гукамі.

Гаспадар і яшчэ двое з маладых купцоў перакідваліся словамі, з якіх Страціму стала зразумела, што кагосьці чакаюць. І праўда, праз некаторы час Аркадзь Самос паказаўся на верандзе з пачэсным госцем, прывітаць якога пацягнуліся ўсе прысутныя. Паклікаўшы да сябе Страціма, Аркадзь Самос сказаў яму:

— Перад табой наш паважаны апякун, сакратар-законнік гіпарха Царграда Барталамей Андрос. Карыстаюся выпадкам, каб папрасіць яго мосць аднавіць табе былыя прывілеі — як першаму купцу з Падняпроўскай Славіі, што пазнаў свет веры хрыстовай і пашырае ўплыў нашай дзяржавы і царквы на паганскім яшчэ Паўночным Усходзе.

Андрос ветліва павітаўся са Страцімам:

— Што ж, я гатовы памагчы вам. Наведайце мяне днём у кансісторыі гіпарха, захапіўшы належныя дакументы... Я, бадай, змагу выстарацца для вас асобны эдыкт самога імператара! Гэта будзе крыху каштаваць, але акупіцца ў сто разоў. Заходзьце: гіпарху якраз днямі давядзецца наведаць базілеўса Міхаіла. Заадно базілеўс падпіша і вашу паперу.

Страцім падзякаваў і сказаў, што праз дзень наведае сакратара гіпарха.

Мілагучны звон сабраў неўзабаве ўсіх гасцей на веранду. Усе ўселіся на крэслы.

Самос пасадзіў Страціма паміж сабой і Андросам.

Раздаліся галасы:

— Гэта ж столькі пустых месц! Не надышлі? Спазніліся?

Самос адказаў:

— Ужо прыйшлі... Чакаюць выкліку!

— А-а-а! — здагадліва і весела пранеслася за сталамі.

— Кліч! — загадаў Самос свайму служку.

Той знік. А праз хвілю на веранду вясёлай грамадой высыпалі маладыя жанчыны, пышна прыбраныя, з кветкамі ў валасах і ў руках. Паветра напоўнілася пахам руж і іншых раслін.

Іх сустрэлі вясёлыя ўсклікі гасцей, якія зараз жа пачалі перасаджвацца, заклікаючы прыбылых жанчын. Самос паспеў крыкнуць:

— Вось нашы сірыйскія і егіпецкія танцоркі, што цешаць нас на гіпадроме... Сёння яны вольныя, і мы паклікалі іх аздобіць нашу вечарыну!

Страцім з цікавасцю сачыў за артысткамі. Вось сакратар гіпарха ўхапіў за руку адну з самых маладых. Да Самоса ж падышла кіраўніца сірыянак, і ён, відаць, добра яе ведаючы, ветліва пасадзіў злева ад сябе. А да Страціма ён скіраваў першую сярод егіпцянак — тонкую станам смуглянку, усю ў пярсцёнках, маністах, нарукаўных бранзалетах і з завушніцамі, у якіх ззялі ўпраўленыя каменні.

— Табе, Страціё, сватаю Тэціс, красу і гордасць Александрыі! Будзь для яе цікавым залётнікам, цярплівым у размовах, бо гаворка ў яе не чыста грэцкая. Затое не пашкадуеш потым!

Калі расселіся, адзін з гасцей заўважыў Самосу:

— Бачым, Аркадзь, што ў ліку ты не памыліўся: ніхто не застаўся пакрыўджаны!

За Самоса адказаў Барталамей Андрос:

— І прытым Аркадзь дбаў і аб якасці. Што значыць практыка добрага купца!

Гаспадар самазадаволена адказаў:

— Што ж, вельмі рады, што выбарам унаравіў кожнаму! Дазвольце мне ўзняць першую нашу чару!

Ён устаў з месца і пачаў:

— Як добрыя грамадзяне Вялікай Рамеі наш першы ўспамін скіроўваем да таго, хто божай воляй кіруе дзяржавай нашай. П’ём здароўе, даўгалецце і поспехі базілеўса Міхаіла!

Усе таксама ўзняліся з месц.

— Эйс погля эці дэспота! — агаласілася веранда.

Танцоркі поўнасцю не выпілі свае, праўда, меншыя памерамі чары. І мужчыны дружна пачалі настойваць. Іншыя вымагалі зрабіць гэта таму, што іначай жанчыны засведчылі б сваю непрыхільнасць да базілеўса.

Віно развязала языкі як мужчынам, так і жанчынам. Вясёлы гоман запанаваў за сталом. Абслугачы клапатліва падлівалі са збаноў віно, абносілі закускі, садавіну, вінаград. Усіх ахапіла нейкая асаблівая ахвота піць і есці.

Страцім таксама пачаў дбаць аб сваёй напарніцы: даглядаў, каб было ў яе чары віно, каб не мінала яе тая ці іншая закуска, накладваў на яе талерку вінаград. Сапраўды трэба было здагадацца, што яна кажа,— такой асаблівай была яе егіпецка-грэцкая мова. Піць асабліва яна не хацела.

— Віно прыемна, калі яно ў меру,— сказала яна Страціму. І той не настойваў. Ёй было цікава дазнацца пра Славію, бо Самос паспеў ёй закінуць пару слоў пра тое, што Страцім прыбыў з краіны, дзе палавіну года — лютыя халады і ідзе снег. Уявіць сабе снег яна ніяк не магла, усё дамагалася, што ж гэта такое.

Калі прыйшло першае насычэнне, Самос паклікаў на веранду музыкаў і спевакоў. Яны цешылі гасцей песнямі і музыкай.

Цемната, як заўсёды ў Царградзе, настала хутка. Слугі запалілі на верандзе лампіёны, а ў садзе загарэліся паходні.

Пасля гарачых страў госці пакінулі сталы, перайшлі ў сад. Некаторыя выразна шукалі месца для ўтулення са сваімі жанчынамі.

Страцім таксама выйшаў з егіпцянкай на адну з дарожак і працягваў гаворку. Ён цяпер распытваў пра яе бацькаўшчыну, гады дзяцінства, пра школу, дзе яе вучылі танцам, пра жыццё артыстак. Далікатнасць, стрыманасць дрыгавіча падабаліся Тэціс, і яна пастаралася выказаць яму сваю прыхільнасць:

— Вы не такі, як іншыя! Вы харошы чалавек! Танцорка — гэта ў вачах іншых толькі парыя. Кахаць — салодка, але калі каханне прыходзіць само... Тады яно люба і мужчыне і жанчыне.

Страцім згаджаўся. А яна ажыўлена і даверліва апавядала яму пра сябе. Свае заробкі яна ўкладвае ў вопратку, якую здолее прадаць, калі потым захоча кінуць сваё рамяство.

— Я вярнуся дамоў, маючы дастатак. Знайду чалавека, які не пабрыдзіцца пабрацца са мной. Мець сям’ю, дзяцей — гэта шчасце жанчыны. І гора той, хто забывае пра гэта... Яе чакае пагібель.

Страцім са спачування пагаджаўся і адначасна адчуваў, што ў ёй расло і спачуванне да сябе самой. Ён апавядаў ёй пра сваіх дзяўчат і кабет, якія не ведалі цяжкай долі жанчыны рамейскага поўдня, і егіпцянка радасна ўсклікала:

— О, так, так! Тады ўсе яны шчаслівыя! Лепш простае жыццё, чым бляск чужых багаццяў побач з беднасцю, ад якой так гінуць людзі! Вашы дзяўчаты і жанчыны сапраўды шчаслівыя, тым болей што, відаць, і мужчыны там такія, як вы, Страта!

Калі яны вярнуліся на веранду, Самос, сустрэўшы іх там са сваёй сірыянкай, весела заўважыў:

— Вы, відаць, не нудна бавілі час, раз сталі такімі галубкамі!

Сірыянка ж дадала:

— Як жа Тэціс магла не захапіцца такім прыгожым славянінам!

А Тэціс ёй сказала на гэта:

— О, такія, як Страта, сустракаюцца рэдка! Хай даруе мне бог, але ён анёл!

Яны ўсе трое жартаўліва рассмяяліся, а сірыянка кінула прыяцельцы:

— Калі так, то ты правяла час у раі!

Пакуль госці туляліся па садзе, на верандзе музыкі выконвалі сваю праграму. Але можна было з пэўнасцю сказаць, што ніхто іх не слухаў, бо царградскія купцы карысталіся цемнатой, цешачыся па-свойму. Адзін толькі дзівак дрыгавіч знайшоў сабе пару — такую ж артыстку з Александрыі.

Між тым у доме ішла падрыхтоўка да начнога балю. Дзеля гэтага былі засланы сталы, а замест крэсел прыгатаваны пакрытыя дыванамі лаўкі. На іх госці маглі ляжаць па старадаўнаму рымска-грэцкаму звычаю. Сярэдзіна вялікага пакоя была заслана велізарным дываном, на якім меліся выступаць артысты.

Калі прыгатаванні былі скончаны, Самос папрасіў артыстак перайсці ў адведзены для іх пакой, дзе яны маглі пераапрануцца для выступленняў перад гасцьмі. Адначасова, пасля іх адыходу, ён запрапанаваў мужчынам перайсці ў другі пакой і таксама падгатавацца да балю.

— Нашы продкі любілі весяліцца, лежачы за сталом... Мы сёння наладзім якраз такі баль... У трыклініуме для нас расстаўлены мяккія лавы, а ў суседнім пакоі для ўсіх прыгатаваны чыстыя шаўковыя тунікі... Прашу кожнага, атрымаўшы ў майго слугі туніку і ўсклаўшы на галаву вянок з кветак, перайсці ў пакой, дзе нас чакае вясёлая ноч.

Госці воклічамі ўхвалілі гэту навіну:

— О, нас чакае атэнская ноч! Маладзец Аркадзь! Ён на гэта майстар!

У сваім часе Страцім чуў пра такія ўвесяленні. Цікавасць прымусіла яго застацца, каб самому пабачыць, што ж такое гэта «атэнская ноч». Ён прайшоў разам з другімі ў мужчынскі пакой. Там усе пакінулі сваю вопратку і, надзеўшы лёгкія тунікі, скіраваліся ў трыклініум.

Самос паказаў кожнаму месца, побач з якім у кожнага было пакінута адно пустое. Страцім, спасылаючыся на жаданне дыхаць свежым паветрам, папрасіў даць яму месца з самага краю, бліжэй да дзвярэй у сад.

— Я разумею — ты любіш кахацца не на людзях! Калі ласка, узляж там! — падміргнуў Самос дрыгавічу.— А для нас куды саладзей грэх на людзях — у гэтым мы аднолькавыя са сваімі продкамі! — засмяяўся ён у дадатак.

Урэшце Самос падаў знак архітрыкліну. Той выйшаў на сярэдзіну пакоя і абвясціў:

— У першай частцы пакажам сірыйскую пантаміму «Школа танцорак». Дзве далейшыя часткі зоймуць танцы сірыянак і егіпцянак.

Архітрыклін падышоў да дзвярэй артыстак і пастукаў. Адтуль на чале з кіраўніцай адна за другой пацягнуліся ланцужком танцоркі, апранутыя нібы вучаніцы. Выйшлі яны на сярэдзіну пакоя і на мігі пачалі паказваць, як адбываецца прыём вучаніц, як яны пры настаўніцы распранаюцца, каб тая магла ацаніць іх постаць. Тут жа ўсе яны пераапрануліся ў кароценькія кашулькі, якія не перашкаджалі іх рухам. Далей дасціпна паказвалася, як нялёгка даецца дзяўчынкам навука танцам, як муштруе ды карае іх па голаму целу настаўніца.

Пакуль ішла пантаміма, абслугачкі напаўнялі чары і абносілі ўсіх вінаградам. Закусь жа была ў розным выбары на сталах.

Танцы ж у большасці былі вельмі непрыстойныя, разлічаныя на ахмялелых людзей. Страцім здзіўляўся іх надуманасцю, намёкамі на ненатуральнае задавальненне чалавечай хоці. Рамея тут ішла на повадзе ў распуснага Усходу.

Егіпецкія танцы былі таксама непрыстойныя. Але тут жанчына выглядала не такой распуснай, як у сірыйскіх. У рухах егіпецкіх танцорак быў след нейкай стрыманасці. І толькі танец Лотаса завяршаўся выразным намёкам на пазбаўленне цнатлівасці.

У меру таго як танцоркі аслабаняліся ад выступленняў, яны далучаліся да сваіх напарнікаў. Апошнія ж, ужо досыць ахмялелыя, паводзілі сябе зусім нястрымана. Страцімава егіпцянка, выканаўшы танец Лотаса, прысела каля дрыгавіча і ціха сказала яму:

— Бачыце, што ад нас трэба ўсім гэтым мужчынам?! Я выконваю гэты танец, перасільваючы сябе... У вас, нябось, няма такіх непрыстойных танцаў?

— Мы жывём і кахаемся так, як гэта вымагае чалавечая натура. Рана пабіраемся, а сышоўшыся ва ўзаемным каханні, задавальняемся скрытна, бо гэта — вянец кахання, самае поўнае злучэнне двух каханкаў, што поўніць іх шчасцем, родніць.

— О, якія шчаслівыя вы! — усклікнула егіпцянка.— А каб забыцца пра сваё цяжкае мастацтва, мне хочацца выпіць!

І яна асушыла дзве чары запар. Ахмялеўшы, зноў скардзілася на свой горкі хлеб.

Разгул між тым усё пасільваўся. Некаторыя госці, зусім ап’янелыя, абымалі сваіх напарніц, бяссорамна пашчыпвалі іх за аголенае цела. А паважаны сакратар і законнік гіпарха падмінаў пад сябе маладзенькую танцорку.

Страціму стала агідна, і ён спытаў егіпцянку:

— Калі ты ўжо насыцілася, выйдам лепш у сад!

Яна згадзілася, і яны, непрыкмечаныя, пакінулі пакой.

Абапіраючыся на руку Страціма і галубячыся да яго, Тэціс ішла за ім усё далей па дарожцы. Яны ўсё больш аддаляліся ад дома, урэшце трапілі да альтанкі.

Там яны знайшлі лаву. І тут Тэціс зусім нечакана села Страціму на калені, абняла яго за шыю рукамі і зашаптала:

— Ты такі слаўны, мілы, што я хачу цябе! Такога я б кахала да смерці... І гэта было б маім бязмерным шчасцем... Я ўся твая: бяры мяне, я жадаю цябе, як жадала свайго нарачонага!

Яе пал захапіў і дрыгавіча. Асцярожна паклаў ён Тэціс на шырокую лаву альтанкі, і, аддана адзін другому, яны пазналі задавальненне. Бо вольнае яе жаданне аддацца злучыла іх і завяршыла ўзаемнае захапленне.

А потым яны ляжалі побач і думалі пра тое, чаму гэта так складаецца жыццё людзей.

 

Выпадак

Апрануўшы сваю самую лепшую грэцкую апратку, Страцім скіраваўся на гіпадром, каб крыху развеяць той сум, які некалькі разоў нападаў на яго з той пары, як ён сустрэўся з Тэціс. Дзіўная справа: ён асцерагаўся цяпер наведваць тыя мясціны, якія былі сведкамі яго шчасця. Ён вельмі адчуваў патрэбу зноў пабачыцца з Тэціс, але егіпцянка некуды знікла. Трэба было неяк пераадолець сваю адзінокую сумоту, якая, ён адчуваў, перашкаджала яму заняцца гандлёвымі справамі. Трывой са Смуглявай якраз ад’ехалі ў Тэсалёніку. Страцім жа шукаў паратунку ад свайго смутку. Яму хацелася быць на чужых людзях. Гіпадром, на яго думку, быў найлепшым для гэтага месцам.

Народ паступова напаўняў гіпадром. Але лаўка каля Страціма ўсё яшчэ была незапоўненай. Дрыгавіч ад няма чаго рабіць разглядваў свежых гледачоў, стараючыся разгадаць, што гэта маглі быць за людзі.

Перавёўшы позірк на праход, па якому цяклі, каб рассесціся па месцах, адзінокія людзі, пары, цэлыя сем’і і кампаніі наведвальнікаў, Страцім прыкмеціў прыгожую, багата апранутую жанчыну сярэдніх гадоў. За ёй ішла, відаць, яе служанка, якая несла ў руцэ кошык.

Заўважыўшы побач са Страцімам свабоднае і выгоднае для назірання месца, грачанка скіравалася якраз да яго і, падышоўшы, спытала:

— Калі вы супраць нічога не маеце, я села б тут.

Страцім адказаў ёй на добрай грэцкай мове:

— Месца вольнае. Прашу сядаць. Адсюль усё будзе добра відаць!

— Так. Таму я і захацела сесці побач... Вы, відаць, без кампаніі?

— Ваша слушнасць...

Яна ўзяла ад служанкі кошычак і адправіла яе, загадаўшы падысці ў перапынку.

Разгаварыліся аб праграме. Страцім яе не ведаў. І суседка звярнула яго ўвагу на тое, што сёння будуць цікавыя сірыйскія і егіпецкія танцы. Яны яе найбольш цікавяць.

— А вы, мусіць, танцамі менш цікавіцеся? Як усе мужчыны, вы любіце спрыт, цкаванне звяроў...

— Хаця я і паважаю спрыт, але крыві ў відовішчах не люблю... Добры ж танец таксама паважаю.

— Што вы лічыце добрым танцам?

— Я б лічыў добрым усякі танец, заснаваны на прыгожых натуральных рухах, жыцці, імпэце.

Па словах суседкі Страцім упэўніўся, што перад ім асоба, якая любіць танцы і, магчыма, сама добра танцуе або танцавала раней.

Цяпер Страцім лепш разгледзеў сваю выпадковую суседку. Яна была вельмі прыгожая і, нягледзячы на нейкіх трыццаць гадоў, поўная жвавасці, стройнасці і таго асаблівага такту, які ўласцівы добра выхаваным і належным да вышэйшых станаў грачанкам. Дзякуючы яму яны ўмеюць захаваць прыстойнасць, пазбаўлены замкнутасці людзей, мала выхаваных.

Яе валасы мелі той залацісты адліў, які трапляецца не часта і на сонцы гарыць агнём, акружае галаву бляскам, што пасільвае красу жаночага твару. Скура шыі і рук святлела малочнай белізной. Бровы і вейкі былі, безумоўна, падцемнены, але так тонка, што штучнасць не заўважалася.

Раскрыўшы свой кошык, яна дастала адтуль на малюсенькі абрусок, пасцелены на каленях, буйныя слівы і вінаград і запрапанавала Страціму і тое і другое.

Дрыгавіч не адмовіўся, пахваліў садавіну суседкі.

— Гэта прыемны дар аднаго знаёмага садавода з-пад нашай сталіцы! — растлумачыла яна Страціму.— Ён мае вялікі сад і вінаграднік і прысылае мне вялікія кашы, запэўніваючы, што вінаград вельмі карысны жанчыне, якая хоча захаваць сваю стаць.

Грачанка зусім непрыкметна даведалася, што Страцім удавец, і паспела, нібы выпадкова, прызнацца, што яна таксама ўдава і выходзіць на людзі, каб не паддацца самоце.

Потым Страцім даведаўся, што яна мае ўласны дом, жыве бязбедна. Круг знаёмых у яе невялікі.

— Лепш мець іх менш, але затое такіх, якія варты ўвагі і з часам становяцца асабліва для цябе дарагімі.

Можна было па-рознаму зразумець апошнія яе словы. Але ад усяго таго, што казала суседка, словаахвочая, але і тактоўная, у Страціма не ўзнікла прыкрае ўражанне.

Першы раздзел праграмы быў цікавы. Страцім пачуў ад грачанкі вельмі трапную ацэнку ўсіх выступленняў на арэне.

У перапынку да сваёй гаспадыні падышла служанка. Грачанка паслала яе купіць ачышчаных арэхаў і слодычаў, якімі зноў трактавала Страціма. Той жа набыў ад разносчыцы настоенага на грушах пітва, піражкоў з цукраванай смятанкай і смажанымі ў цукры смоквамі ды ў сваю чаргу трактаваў шчодрую суседку.

Другая частка праграмы была яшчэ больш цікавай. Сірыйскія танцоры і танцоркі паказалі тэмпераментныя танцы з паступовым агаленнем. Гледачы прынялі іх горача, закідалі артыстаў кветкамі, па звычаю Царграда пасылалі ім кошыкі з садавінай і слодычамі.

Егіпецкія танцы былі поўныя непрыстойных поз і рухаў. Канчаліся ж поўным агаленнем, што выклікала запал гледачоў, якія буйнымі воплескамі суправаджалі артыстак. Накінуўшы на сябе пасля сканчэння танцаў празрыстыя шалікі, яны праходзілі ўздоўж усёй арэны, з паклонамі прымалі прывітанні і пасылкі, якіх было столькі, што за танцоркамі ледзь паспявалі служанкі з поўнымі рукамі.

Суседка глядзела на ўсё гэта з захапленнем. Вочы яе гарэлі. Абмахваючыся пальмавым лісцем, яна спытала ў Страціма, які ўстрымліваўся ад воплескаў:

— Бачу, што нават запал усходніх танцаў пакідае вас спакойным наглядальнікам... Па мове вы нібы наш, рамеец, па тэмпераменту — хутчэй за ўсё жыхар больш паўночных краін.

Страцім прызнаўся, што ён славянін.

— Дзіўна. На славянскія народы ў нас, рамеяў, погляд, што ў іх пануе вольнасць у адносінах да сваіх кабет. Некаторыя сцвярджаюць, што нават распуснасць...

Страцім горача аспрэчыў думкі суседкі.

— О, калі так, я вельмі рада, што ўпершыню пазнаёмілася з дастойным славянінам! Калі вы не маеце нічога супраць, то праводзьце мяне дадому. Бо заставацца на трэцюю частку праграмы ні мне, ні вам няма ніякага сэнсу. Там будуць выключна бойкі паміж людзьмі і цкаванне звяроў. А крыві вы, славяне, відаць, не любіце... Хаця народы вашы шмат праліваюць рамейскай крыві...

Страцім згадзіўся, бо не ведаў, куды дзець далейшы час. Яны выйшлі на плошчу і ў суправаджэнні служанкі, якая ішла ў аддаленні ззаду, скіраваліся на Мэсу. У адным з завулкаў яе неўзабаве прад імі паўстаў вельмі прыгожы дом з садам.

Па дарозе грачанка распытвала Страціма, адкуль ён і ці даўно ў Царградзе. Пра сябе паспела сказаць толькі, што жыве ў адзіноце, бо сястра яе выехала ў Гадрыянаполіс і вернецца не раней, як праз тыдзень.

— Калі вы не маеце нічога супраць, я прасіла б вас зайсці і стаць маім госцем,— сказала грачанка, падышоўшы да свайго дома.

Страціму было цікава, і ён рашыў стаць госцем грачанкі.

Па стуку ў дзверы іх упусціла сталая жанчына, вельмі падобная да служанкі, што праводзіла сваю гаспадыню. Відаць, гэта была яе маці.

Грачанка ўвяла свайго госця ў прасторны пакой, багата ўбраны і поўны раслін. Многія з іх Страцім бачыў упершыню. Шмат якія цвілі і мелі моцны пах. Грачанка, мабыць, любіла кветкі, іх пахі і развяла ў гэтым пакоі цэлы сад.

— Я пакіну вас на хвілю! — сказала яна і выйшла.

Страцім пачуў, што яна аддала нейкі загад сталай жанчыне, якая адчыняла ім дзверы.

З цікавасцю пераходзіў Страцім ад адной расліны да другой, разглядаў тыя з іх, што цвілі.

Адна з раслін прыцягнула да сябе асаблівую ўвагу. Кветка яе выходзіла з пазухі сцябла, прыкрытага лістом, і знаходзілася на высокай страле. Па свайму выгляду яна была зусім незвычайнай. Мясістыя пялёсткі мелі пурпуровы колер, былі пакручаны часткова ўнутр, часткова ў знадворны бок, складаючы сабой вяночак, з сярэдзіны якога вытыркаліся тычачкі з чырвона-ліловымі шапачкамі. Моцны пах кветкі дурманіў, прыгадваў нешта тухлае. Гэты пах здзівіў Страціма: як можна было трымаць кветкі, ад якіх так непрыемна пахне?! Калі гаспадыня вярнулася, Страцім не стрымаўся і выказаў сваё здзіўленне.

— Вядома, вам, чалавеку славянскіх лясоў, невядомы і непрыемны такія кветкі... Калісьці яны былі прысвечаны Празерпіне — дзеля яе Плутос, бог падземнага царства, стварыў падобныя кветкі. А нам, людзям зямной паверхні, яны нагадваюць пахам пра смерць... Заўважце, як яны розняцца ад звыклых зямных кветак...

Страцім не згаджаўся:

— Можа, яно і так, як казалі старажытныя грэкі. Але мне незразумела другое: чаму, прыкладам, вы, маладая, прыгожая і жыццярадасная жанчына, трымаеце гэтыя магільныя кветкі побач з такімі, якія сапраўды цешаць чалавека, напаўняюць яго адчуваннем шчасця, радасці жыцця?

— О, вы, я бачу, паэт, здатны гаварыць пахвалы жанчынам! Хто вам сказаў, што я — маладая, прыгожая і жыццярадасная? Я ўжо і не маладая, і не жыццярадасная, як вам здалося, а прыгажосць адышла ў мінулае... Мне гэта тленная кветка напамінае пра звыклы канец усіх радасцей жыцця.

— Я не згодзен з вашымі поглядамі! — горача аспрэчваў Страцім.

— Што ж, я буду прасіць вас раздзяліць са мною стол, за якім мы, спадзяюся, больш спазнаем адзін другога! Пройдзем у мой трыклініум, як казалі рымляне...

Прайшоўшы тры-чатыры пакоі, яны аказаліся ў прасторным памяшканні, аздобленым у старажытным грэчаскім стылі. Бакавыя дзверы выводзілі ў сад, які з усіх бакоў абступаў дом. Сцены былі пакрыты фрэскамі на міфічныя тэмы. Мэбля ўся была вытрымана ў стылі Карынта. Сярэдзіну пакоя займаў стол, накрыты на дзве асобы. Тут жа іх чакалі два глыбокія крэслы.

Калі Страцім пахваліў прыгажосць пакоя, гаспадыня адказала:

— Я напалову хрысціянка, напалову паганка. Не магу забыць старадаўніх багоў і багінь Элады. І таму свой трыклініум, дзе весялюся з блізкімі, я загадала аздобіць так, як яно было ў старадаўнія часы! І з усмешкай дадала:

— Мы столькі часу ўжо вядзём бяседу, а нават не ведаем, як зваць адзін другога... Мяне клічуць Тадораю, а вас як?

— Тодарам.

— Якое супадзенне ў імёнах! Значыцца, вы ўжо хрысціянін?

— Хутчэй пра сябе я сказаў бы таксама, як і вы: напалову хрысціянін, напалову паганец...

— А паганскае імя ваша якое?

— Страцім.

— А скарочана?

— Тут, у Рамеі, мяне клічуць Страта...

— Прыгожа... Страта — падобна да нашага Стратос...

Пры размове пілі вельмі добрае віно... На стале былі рыба, дзічына, навар з рознай гародніны, слодычы, садавіна, вінаград.

Страцім сказаў, што ён быў жанаты на грачанцы, якую страціў з год назад. Мае ад яе дзяцей, якія засталіся дома, у далёкай Славіі. Зараз ён прывёз адтуль розныя тавары, збіраецца закупіць тутэйшыя.

Знаёмая была замужам, але дзяцей не мела.

— Муж мой быў друнгарыем на нашым флоце... Прызнаюся, чалавек гэты не прыпаў мне да душы — грубы, як усе ваякі... Усюды ў іх каханкі, вечна яны п’юць... Ледва ўмеў падпісаць сваё імя, прозвішча і чын. За чатыры гады я добра спазнала яго і была рада, калі мы разышліся. Ён сустрэў адну парыю, сабе ў пару, і ахвоча пакінуў мяне ў спакоі. Добра, што хоць дзеці не звязалі нас... Але цяпер жыць так адной, пустацветам, вельмі нудна. Дзеці далі б мне сэнс у жыцці...

Яна змоўкла, і па таму суму, які набег на яе аблічча, відаць было, што яна незадаволена сваім жыццём.

Калі пасля вячэры і доўгай яшчэ ўслед бяседы яны рассталіся, Тадора ўзяла са Страціма слова, што ён наведае яе на наступны дзень.

* * *

Страцім, усё яшчэ ў даволі сумным настроі, з’явіўся да новай знаёмай дакладна ва ўгавораны час. Яна сустрэла яго вельмі гасцінна. З размоў у часе праходак па саду, які быў пры доме, Страцім адчуў, што Тадора — чалавек начытаны ў старадаўняй грэцкай літаратуры, любіць музыку і танцы. Сама яна атрымала вялікую спадчыну ад роднага дзядзькі і цяпер жыве на гэтыя грошы.

Узышоў месяц, заліў усё сваім феерычным бляскам. Ноч надыходзіла душная. Сад, дзе багата было кветак, поўнілі пахі... Яны хадзілі па дарожках, заходзілі паглядзець у альтанку, а Тадора дзялілася сваімі ўспамінамі з дзявочага жыцця.

Урэшце Страцім успомніў, што яму пара пакінуць гасцінны дом грачанкі.

— Так, ужо позна... Але на вуліцах цяпер небяспечна... Дом у мяне прасторны. Спаць знойдзецца месца...

— Аднак гэта можа стварыць вам няславу, Тадора!

— Я сама сабе гаспадыня ў сваім доме...

Служанка падрыхтавала яму пасцель у адным з пакояў. Развітаўшыся з Тадорай, пажадаўшы ёй добрай ночы, Страцім лёг і хутка заснуў.

Праз некаторы час ён прачнуўся і спярша не мог зразумець, дзе ён і што з ім. Яркі месяц даваў — няхай і праз маленькае аконца — дастаткова святла, і Страцім нечакана ўбачыў Тадору, якая ў адной кароткай туніцы стаяла, схіліўшыся над ім, і кранала яго рукой за плячо.

Страцім, здзіўлены, узняўся і сеў на пасцелі. Тадора прыклала палец да губ, даючы зразумець, што трэба хаваць цішыню.

Яна прысела да яго, абвіла яго шыю рукамі і, прыпаўшы тварам да яго шчакі, шэптам сказала:

— Ты здзіўлены? Але ж мы абодва — людзі вольныя... Ты не падобны да нашых мужчын. Я не паважаю іх за распуснасць... І рада была б мець ад цябе дзіцё... Ты не адмовіш мне ў гэтым? Праўда, мілы?

Яна не дала яму апамятацца, легла ў пасцель побач з ім, прыгалубілася да яго, шаптала, цалуючы ў шчокі:

— Не палічы мяне, мілы, распусніцай. Разгаварыўшыся з табой, я адчула, што ты паважаеш жанчыну. А твой сум сведчыць, што ў цябе чулая душа... Я ўзрадавалася магчымасці здзейсніць сваю мару пра дзіцё, якое дасць мне радасць у адзіноце. Прымі ж маю пяшчоту не як звыклую распуснасць рамейскай жанчыны, што ў нас так пашырана... І калі гэта табе зразумела, калі табе не агідна мая настойнасць, не адкінь маю хоць. Мець ад цябе дзіцё было б для мяне шчасцем, сэнсам майго далейшага жыцця.

Яна гаварыла гэта з такой шчырасцю, была такая цнатлівая ў сваіх абдымках, так даверліва і стрымана тулілася да яго, што ўсё гэта пачало хваляваць яго. Праўда, спярша ён маўчаў і ўважліва слухаў Тадору. І яна пачала ўжо думаць, што абыякава яму.

— Ты маўчыш... Я праціўна табе? Скажы адкрыта!

Страцім адказаў:

— О, не!.. Але ўсё гэта сталася так нечакана, незвычайна... Я паважаю... цябе... Разумею твой намер...

З гэтымі словамі ён прыняў Тадору ў свае абдымкі, ласкава прыгалубіў яе, і яна ўдзячна прыпала вуснамі да яго губ, укладаючы ў пацалунак усю сваю жаночую пяшчотнасць.

Прырода ўзяла сваё: гарачы пал і ўзаемная хоць завалодалі імі, злучылі іх з такой сілай, якая заўсёды кладзе пачатак новаму жыццю.

Тая ноч спраўдзіла надзею Тадоры. Хаця яшчэ нямала начэй яднала іх, яна нутром жанчыны пачула сябе адразу задаволенай. Калі перад ад’ездам з Царграда Страцім наведаў яе, яна пацвердзіла яму сваю ўпэўненасць, што панесла ад яго, і на развітанне, цалуючы яго, радасна сказала:

— У наступны свой прыезд сюды наведай мяне і дзіцё. Думаю, што нараджу сыночка, такога ж слаўнага, як і яго бацька... А калі па-ранейшаму будзеш вольны, як цяпер, то падаруеш мне дачку або другога сыночка... Так, Страто?

 

А далей што?

Трывой запэўніў Страціма, што дзесьці каля Варны караблі дрыгавічоў нагоняць варангскі караван. Парукай таму дадатковыя вятрылы на перадах дрыгавіцкіх караблёў.

Стоячы спіной да шчоглы і пазіраючы на чатыры свае караблі, што ішлі следам, Страцім думаў:

«Якая патрэба нам заўсёды трымацца варангаў? Каб сумесна з імі адбівацца ля парогаў? Праўда, пакуль што я першы купец з Падняпроўя, што езджу да грэкаў. Але што перашкаджае і іншым нашым купцам з Кыявога граду, Турава, Смаленска і Полацака супольна сабрацца і ездзіць да грэкаў без варангаў... Абавязкова падаб’ю каго-небудзь у наступны паход. Пара нам багацець, мацней станавіцца на ўласныя ногі... А ад вандроўнікаў ля парогаў адбіцца мы і самі здолеем... Патрактуем грабежнікаў грэцкім агнём — і перастануць нападаць на славянскія караблі...»

У сваіх думках Страцім ужо штогод ездзіў у Царград. Перад яго вачыма паўставалі абрысы караванаў, якія з Падняпроўя ішлі па мору да грэкаў, паўнюсенькія ўсялякай сыравіны.

«А прыгожа выглядаў бы караван караблёў пад блакітнымі вятрыламі!»

Страцім успомніў, што на двух новых караблях ён вязе некалькі вялікіх кавалкаў белага і ружовага мармуру. Усхамянуўшыся, падумаў:

«Няхай Усяміла спраўдзіць чаканні — і мае, і рамеяў. Трэба запасаць для яе гэты грэцкі камень».

І доўга так стаяў Страцім ля шчоглы, мроіліся яму тварэнні Усямілы, якія павінны аздобіць Кыявы град або Полацак. І чамусьці перад яго духовым зрокам паўстаў стод дрыгавіцкай дзяўчыны, якая з працягнутай наперад рукой рушыла з месца і ні то паказала ўсім дарогу наперад, ні то хацела звярнуць на сябе ўвагу. І нельга было разабраць, што за стод гэты і каго ён сабою дае.

А потым яго думкі скіраваліся на параўнанне свайго народа-племя з грэкамі-рамеямі.

«Якая вялікая розніца паміж намі і імі! Мы яшчэ — што той пясок; нас шмат, мы аднолькавыя, але яшчэ малаз’яднаныя... А рамеі — народ змацаваны, як тыя клёпкі абручамі ў бочцы. Але і, што тыя клёпкі, моцна сцягнуты абручамі прымусу, законаў сваёй дзяржавы... Народ рамейскі жыве ўвогуле багата, ды побач з вялікім багаццем колькі беднасці, колькі тых, хто прадае працу і не мае часу жыць для сябе... Ёсць чаму вучыцца ў рамеяў — у рукаўмельстве яны дасяглі вялікіх поспехаў. Аднак як дзяржава аблытала і рамеснікаў, і купцоў усялякімі законамі, якія абмяжоўваюць магчымасці! Вядома, дзяржава ёсць магутная сіла. Яна забяспечвае народу магчымасць адстаяць сябе перад варожымі суседзямі. Аднак тая ж дзяржава цяжкім ярмом падаткаў і абавязкаў кладзецца на шыю тых, хто бяднейшы, хто цяжка працуе... Мы шмат у чым бяднейшыя ў параўнанні з рамеямі, але такой беднаты ў нас няма. Потым — гэта ўлада базілеўса. Духавенства даводзіць, што як бог на небе адзіны і ўсемагутны, так на зямлі — аднадзяржаўны базілеўс. Вакол базілеўса вяльможы вядуць паміж сабой бясконцую барацьбу... У нас усё гэта куды прасцей. Па-братэрску кіруюць плямёнамі сходы старэйшын родаў. А калі былі напады — аб’ядноўваліся прадстаўнікі ўсіх плямёнаў».


1944-1945

Тэкст падаецца паводле выдання: Дыла Я. Творы. - Мн.: Маст. літ., 1981. - 351 с., 1 л. партр.
Крыніца: скан