epub
 
падключыць
слоўнікі

Язэп Дыла

Праз мукі - да шчасця камунізма

Цяперака, як ніколі да гэтага, выразней выявіўся самы асяродак тых сілаў, якія, узбуджаныя ўмовамі сусветнай барацьбы, паўсталі на змаганне адна з другою. Пад стрэлы гармат і сакатанне кулямётаў, пры праменнях пажараў гінучых ад баёў мест і вёсак, сярод азёр чалавечай крыві і гор забітых, пад стогн скалечаных і зраненых радзілася тая сіла працоўных грамад, якая, заплаціўшы страшэнную цану разбойніку-суседу за сваё вызваленне з яго моцных лап, узяла на сябе паклён або змагчы вайну, або згінуць у гэнай барацьбе. Расійская ўлада работнікаў і сялянскай беднаты, маладая на першым часе сіламі, сталася сваёй рэвалюцыйнай практыкай, з сэрцам, поўным гарачай веры ў справу вызвалення працоўных мас ад уціску вайны і самога вінавайцы яе грашаўніцтва (капіталізму) — пачала сваё змаганне ў гэтым напрамку. Навакола ўставалі ворагі работніцкага класа, білі і цкавалі яго з усіх бакоў, адкрыта і з-за вугла, а працоўны клас моцнай рукой адказваў усім, ведаючы, што ў смяртэльным змаганні не можа быць спагады ворагу, калі не хочаш сам ляжаць пад яго нагамі. У гэтым пачэсным баі з ворагамі працоўнай беднаты многа было дзён светлых і дзён безнадзейных, слаўных перамог і горкіх мінут паражэнняў, вольных і нявольных памылак... Так, як і заўсёды бывае, на полі смяртэльнай бойкі!.. Ішла барацьба крывавая, але побач ішло і будаўніцтва новага ўстрою жыцця... Таксама давалася нялёгка і гэтая пакутлівая праца будоўлі лепшай долі беднаты.

Але ішлі нядзелі і месяцы — і ўжо год мінуў, як працоўны стан Расіі творыць сваё новае жыццё, умацоўваючы свой работніцкі савецкі рэспубліканскі ўрад.

Рэвалюцыйны рух і барацьба за інтарэсы працоўнага стану за гэты час разрасліся нязвычна: узбагацела сілаю і тая партыя камуністаў-бальшавікоў, якая вяла і вядзе за сабою працоўныя масы Расіі...

Змаганне за новы ўклад жыцця, за сацыялізм у ім, за сацыяльную рэвалюцыю — іначай, за вызваленне з капіталістычнага ўстрою жыцця і перабудову яго на сацыялістычны лад — гэта змаганне выйшла ўжо за рубяжы Расійскай савецкай рэспублікі і ў гэтыя рашаючыя моманты сусветнай вайны становіцца сусветнай рэвалюцыяй. Народы Украіны, Аўстрыі, Венгрыі, Балгарыі, Нямеччыны і іншых вялікіх і малых краёў прылучаюцца з кожным днём да руху, і моц новага жыцця з’яднае народы ў брацкую суполку. Высока падняты ўгору чырвоны сцяг міжнароднай Камуны, з пракляццем капіталізму кідаюць мазольныя рукі работнікаў аружжа смерці, дадзенае ім супраціў іншаземнага брата; кліч брацкай згоды коціцца па ўсіх франтах. Міжнародныя разбойнікі капіталу спяшаюцца здолець свайго злучанага ворага, каб барджэй заўладаць чужым дабром, каб грабежствам другога народа задурыць і зацямніць, на здраду сусветнай згодзе, галаву свайго народа...

Паспеў рашаючы час!

Мы, пакуль што невялічкая сямейка беларусаў-камуністаў, у такі момант падаём і свой голас, ідзём на змаганне за лепшую долю свайго гаротнага працаўніка — беларускага народа.

Хай жыве Камуна!

Хай жыве брацкая суполка народаў!

Хай жыве наш працоўны беларускі народ!

Хай жыве слаўная Расійская Сацыялістычная Федэрацкая Савецкая Рэспубліка!

Перад намі, беларусы-камуністы, цяпер адказная праца. Скора будуць сцёрты і дэмаркацыйныя межы, і агулам не будзе рубяжоў акупацыі. Бацькаўшчына-Беларусь вернецца ў сям’ю народаў Савецкай Расіі. Незвычайна шмат работы чакае нас, у якой патрэбен кожны сталы камуніст. Браты, гуртуйцеся па секцыях беларусаў-камуністаў пры гарадскіх раёнах або розных камуністычных арганізацыях і гатуйцеся да агульнага з’езда беларускіх камуністаў. Наш агульны з’езд выдзеліць кіраўнічыя сілы, бо трэба ў такі паважны момант браць працу ў свае рукі.

За працу, беларусы-камуністы! Гуртуйцеся, каб потым дружна і хутка здолець ворагаў на бацькаўшчыне!..

 

1918


1918

Тэкст падаецца паводле выдання: Дыла Я. Творы. - Мн.: Маст. літ., 1981. - 351 с., 1 л. партр.
Крыніца: скан