epub
 
падключыць
слоўнікі

Язэп Дыла

У імя дзяцей

Настася Мякота. Гістарычная аповесць

Татарскае нашэсце
На Тураў і Случаск!
Случаск да прыходу татараў
Князь пакідае Случаск
Аблога Случаска
Няўдалая хітрасць
Штурм дзядзінца
Юаньская машына здабудзе перамогу
Апошні бой і збавенне


 

 

В лето 6746 от сотворения мира приступи нечистивы Батыга ко граду Кыяву, поя его и избы людие в нем.

В лето 6746 приидоша мунгулы Батыговы ко Чернигову и Любечу, пажгоша грады сии, перабиша и полониша людие. Прослышав же, яко княжества Случеское и Туровское богачеством славны суть, преидоша Днепр и обложиша грады Случеск и Туров, зане боронишася зело мужи и жены градов сих.

З летапісаў

 

Татарскае нашэсце

Яшчэ ў Пераяслаўлі Субудай-Багатур, прозвішчам Непераможны, правая рука татарскага заваёўніка Бату-хана, распытваючы палоннага торка1 пра дарогі на захад, дазнаўся ад яго, што за Дняпром на паўночных прытоках Прыпяці ляжаць багатыя княствы Случаскае, Тураўскае і Пінскае і што там, як і па іншых княствах урусутаў2, ідзе бясконцая барацьба ўдзельных князёў паміж сабою. Палонны торк быў купец і меў шырокае знаёмства сярод урусуцкіх купцоў, якім прадаваў коней. Торк-купец прыганяў на продаж табуны коней, апрача Кыява і Пераяслаўля, яшчэ і ў Чарнігаў, дзе добра ведаў аднаго купца з Турава Парафена Гладкага, які купляў у яго коней як для Турава, так і для Случаска. Субудай-Багатур тады ж загадаў свайму пісару занатаваць імя і прозвішча тураўскага купца, названага яму торкам.

Шостага сакавіка 1241 года, на трэці дзень пасля таго, як татары авалодалі Чарнігавам, Субудай-Багатур аддаў загад адшукаць сярод палонных заможных урусутаў купца Гладкага.

Яго прывялі да Непераможнага.

— Твая сям’я не загінула, калі мы бралі Чарнігаў з боем? — спытаў купца праз тлумача татарскі заваёўнік.

— На шчасце, сям’я мая зараз у Тураве! — не скрыў свае радасці перад татарскім военачальнікам Гладкі.

— Мы даруем жыццё сем’ям заможных, калі яны не змагаюцца з намі! — сказаў Субудай.— Нам, напрыклад, патрэбны купцы, калі яны згодны нам памагаць не адно толькі ў гандлі... Вам, купцам, добра вядомы дарогі...

Потым усміхнуўся і спытаўся:

— А цябе нашы нукеры3 моцна пашарпалі?..

Гладкі зразумеў — Субудай хоча ведаць, што ў яго забралі татары.

— Узялі ўсё, што было ў доме!

— Не бядуй!.. Нажывеш куды больш, чым меў, калі нам паслужыш!

Субудай-Багатур спакусіў Парфена Гладкага тым, што, калі ён пакажа дарогі ў задняпроўскія княствы Тураўскае, Случаскае і Пінскае, а стуль у валынскую і галіцкую землі, яму будзе выдадзена пайдза4 на права гандлю па ўсіх землях, падуладных Бату-хану, з захаваннем жыцця і маёмасці як уладара пайдзы і яго сям’і, так і слуг і работнікаў яго.

Гладкі за такую ўзнагароду згадзіўся памагчы татарам і адказаў Субудаю на ўсе яго пытанні пра моц іх гарадоў і ўзброеныя сілы князёў тураўскіх, случанскіх, пінскіх, валынскіх і галіцкіх.

Субудай-Багатур загадаў пісару напісаць ахоўную грамату для самога Гладкага, яго сям’і, слуг і работнікаў яго.

— А цяпер пагавары з Бурундаем, якога павядзеш у Тураў! Табе прынясуць ахоўную грамату — я загадаў!.. Памятай жа: выканаеш умову, пайдза будзе твая!..

І, адпусціўшы Гладкага, Субудай-Багатур пачаў абдумваць свой план, па якому тумэны5 Бурундая і Місука-тайшы6, здзейсніўшы паход на Тураў, Случаск і Пінск, павінны будуць выйсці ў тыл сілам валынскіх і галіцкіх князёў, калі на тых рушаць галоўныя сілы Бату-хана і Субудай-Багатура. Ён улічваў пры гэтым паводку на рэках, якая якраз пачалася, падумаў, што трэба найхутчэй закончыць заваяванне рускіх зямель, распачатае сёлета, трэба паспець атрымаць весткі з Каракорума, стаўкі Вялікага хана, каб перад паходам на багаты Захад падумаць і пра забеспячэнне тылу Залатой арды. Галоўным жа было, каб зрабіць усё своечасова. Свой жа план пра абходны паход Бурундая і Мусука-тайшы Субудай-Багатур паспеў ужо выказаць Бату-хану, і той даў на гэта сваю згоду. Яны тады пасмяяліся, чаму варта на гэтую справу вылучыць якраз тумэны Бурундуя і Мусука:

— Скупому старому і шчодраму маладому якраз будзе чым пажывіцца!.. Ну і іхнім нукерам не будзе крыўдна! — казаў Бату-хан свайму военачальніку...

Субудай-Багатур разлічыў, на што колькі патрэбна будзе часу. Выходзіла, што якраз праз два тыдні трэба ўжо будзе выступаць абодвум тумэнам у гэтую падарож. І ён тут жа загадаў паклікаць да сябе як Бурундая, гэтак і Мусука-тайшу, а таксама і старога Джэбе-Багатура, выдатнага ветэрана ракі Калкі7, што ўмела ашукаў урусутаў, з якімі ўпершыню татары тады сустрэліся.

Субудай-Багатур выказаў ім свой план паходу абодвух тумэнаў, адзначыў галоўную мэту — своечасова ўдарыць па ўрусутах, зайшоўшы ім у тыл пад Уладзімірам і Галічам. Бурундай павінен быў захапіць Мазыр і Тураў, дарогу яму пакажа ўрусуцкі купец Гладкі, а Мусук-тайша завалодае Случаскам і Пінескам, куды яго правядзе чалавек Гладкага.

Субудай-Багатур сказаў Мусуку:

— Бату-хан дае табе, тайша, у дарадчыкі пасівелага ў баях Джэбэ, славутага пераможніка ўрусутаў на рацэ Калцы. Ён добра ведае іх нораў і спосабы змагацца... Калі ж мы рушым на Захад і зробім і тыя далёкія землі сваімі даннікамі, Бату-хан, наш вялікі Джыхангір8, даручыць якраз твайму, Мусук-тайша, тумэну пільнаваць яго асобу, бо ён пакладаецца на тваю ваяўнічую здатнасць, удаласць і адданасць тваіх людзей яму, вялікаму заваёўніку свету... Памятай жа пра гэта, тайша!..

 

 

1 Торкі — адно з плямён полаўцаў.

2 Урусуты — так звалі татары рускіх.

3 Нукеры — татарскія воіны-коннікі.

4 Пайдза — залатая або срэбная дошчачка з імем Батухана і зарысам каня ці якога іншага звера.

5 Тумэн — татарскі вайсковы аддзел у 10 000 нукераў.

6 Як брат каханае жонкі Бату-хана Юлдус-хатун, Мусук зваўся тайша, што значыць царэвіч.

7 У 1223 годзе татары разбілі рускіх на рацэ Калка.

8 Джыхангір — заваёўнік свету.

На Тураў і Случаск!

І пакуль нукеры тумэнаў Бурундая і Мусука-тайшы сталі гатаваць у дарогу свае двухколыя арбы з баявым і харчовым прыпасам, прыгнаныя пад Любеч палонныя ўрусуты ў прыбярэжным лесе пачалі секчы лес на вялікія плыты-паромы для пераправы татараў праз Дняпро. Калі праз два дні к Любечу падышлі тумэны Бурундая і Мусука, сотні паромаў-плытоў былі ўжо гатовы, і аднае раніцы татары пераправіліся на правабярэжжа Дняпра і пацяклі ляснымі дарогамі — тумэн Бурундая на Мазыр, а тумэн Мусука на паўночны захад, на Случаск.

Аселішчы ўрусутаў па тутэйшых лясах, як па-за Дняпром, так і ў кірунку Прыпяці, былі хоць і мнагалюдныя, але рэдкія. Першыя дні татарам яшчэ ўдавалася застаць частку насельніцтва на месцы, але рабунак, гвалт над людзьмі, асабліва над жанчынамі і дзяўчатамі, спальванне хат і двароў, адбіранне жывёлы — усё гэта хутка стала вядома людзям, і чутка пра татарскае нашэсце ўжо на правабярэжжы Дняпра паляцела далёка.

Вось чаму з часам сёлы і лясныя сялібы абязлюдзелі: палешукі ратавалі свой скарб і прыпасы па лясах, у ямах і дуплах, адганялі глыбока ў чашчобу жывёлу, і татары заставалі толькі кінутых курэй або кошак з кацянятамі. І татары са злосцю пускалі з дымам хаты і будоўлі, лавілі курэй, забівалі старых і хворых, якія не здолелі кінуць родны кут.

Тумэн Бурундая хутка выбраўся на шырокі шлях, што вёў з Беларусі на Валынь. Мазырскі князь, пачуўшы пра набліжэнне татараў, пакінуў горад і ратаваўся ў Вруч. Гараджане абараняліся нядоўга. Пад Мазыром якраз крыжаваліся дарогі сухапутныя з рачною дарогаю, і таму ў горадзе Мазыры татары захапілі безліч усялякіх тавараў: шкуры, футра, палатно, тканіны шарсцяныя, воск, мёд, збожжа ўсякае і, што асабліва было патрэбна татарам,— проса і пшаніцу. Прыставіўшы да складаў з таварамі варту і паведаміўшы Субудай-Багатуру пра ладную здабычу, Бурундай, парадзіўшыся з Гладкім, накіраваўся далей на Захад.

Трэба адзначыць, што галоўная дарога на Тураў, як летам, так і зімою (на санях па лёдзе), была Прыпяць, але існавала і сухапутная дарога, лесам, якою карысталіся ў пару паводкі і калі рака яшчэ як след не замярзала. Прыходзілася і татарам карыстацца гэтаю дарогаю, хаця яна была і не надта зручная. Вось тут татары і пазналі ліха.

Як ні цяжка жылося тагачаснаму палешуку пад княжымі валасцямі і цівунамі, аднак нашэсце бязлітаснага ворага з’яднала тутэйшых урусутаў. Палешукі ладзілі завалы на дарогах: начамі чутна было, як яны секлі дрэвы, якія потым валілі ўпоперак дарогі. Завалы гэтыя рабіліся сумысля па месцах, дзе былі густыя зараслі і кусты ля дарогі, і, калі татары пачыналі разбіраць завал, стрэлы лясных урусутаў забівалі ці ранілі нукераў. Раны амаль заўсёды былі смяртэльныя, бо наканечнікі сваіх стрэл палешукі атручвалі змяіным ядам, ад якога татары не ведалі лекаў.

Урусут-здраднік Гладкі, баючыся, што яго руская вопратка прыцягне ўвагу палешукоў, ужо даўно пераапрануўся ў татарскую. Больш таго, ён пачаў нават падчарняць сваё аблічча, каб быць зусім падобным на татарына. Здраднік вельмі ўзрадаваўся, калі ў адным сяле ў каморы аднае хаты ўбачыў стары сцягай1. Ён тут жа апрануў яго на сябе і адразу паспакайнеў.

Нукеры першы час смяяліся з яго баязлівасці.

— Сам жа воўк, а баіцца сваіх! — казалі пра яго, аднак жа, пазнаўшы на сабе сілу ляснога няўлоўнага ворага, усё менш смяяліся з Гладкага.

Усё больш хмурыўся Бурундай, заслухоўваючы сваіх тысяцкіх аб стратах людзей і коней за мінулы дзень. Але калі на пераправе праз прыток Прыпяці Птыч пакалечылася безліч коней, бо ў дно тутэйшага броду былі забіты сотні вострых дубовых калкоў, Бурундай склікаў нараду тысяцкіх і, не пачуўшы ад іх вартай парады, рашуча заявіў:

— Мы занадта марудна ідзём наперад. Вораг паспявае наладзіць усё большую ад нас абарону!.. Вось мой загад: выступаць у паход золкам, канчаць падарож са змрокам. Пасіліць дазоры як у дарозе, так і на адпачынку!.. Броды наперад аглядаць і першымі пускаць абозы!.. Абвясціць нукерам, што я даю ім залаты за кожнага злоўленага ляснога ўрусута, а найбольш у гэтым паспеўшага ўзнагароджу яшчэ больш шчодра!.. Аднак і гэта мала што паправіла.

Паход тумэна Мусука-тайшы быў такі ж марудны і трудны, як і Бурундая. Лясныя ўрусуты пакідалі свае аселішчы, забіралі з сабою дабро і запас харчавання, хавалі гавяду ў лесе. Калі першыя дні не было нападаў на татараў, то з часам урусуты смялей і больш упарта змагаліся з ворагам. Як і Бурундай, Мусук быў бяссільны супраць гаспадароў лесу: яны былі няўлоўныя, нападалі нечакана і знікалі бясследна. У пакінутым жытле рэдка трапляліся харчовыя запасы, і татарам прыходзілася карыстацца прыпасам, які везлі з сабою. Толькі праз тры тыдні тумэн Мусука выбраўся на шлях, які ішоў палямі, але тут сялібы, хаця і трапляліся часцей, былі бязлюдныя.

Татары помсціліся тым, што палілі ўрусуцкія сёлы, але напаткаць ворага і знішчыць яго не ўдавалася.

Тумэн Мусука-тайшы трапіў у пастку пасля пераправы праз Птыч. Тут дарога на значнай адлегласці ішла праз густы бор, і тутэйшыя ўрусуты загадзя назбіралі ляснога ламачча і, як толькі ўвесь тумэн уцёгся цалкам у лес, падпалілі сушняк спераду, ззаду і паабапал лясной дарогі.

Першыя ўзнялі трывогу татарскія коні: яны ведалі стэпавыя палы і страшэнную сілу агню... Як толькі агонь ахапіў сушняк і полымя пачало шугаць угору і запальваць галіны дрэў ды паваліў на дарогу густы дым, коні захраплі, пачалі шалець ад страху, не слухацца чалавека.

Высокае полымя, гарачыня з абодвух бакоў, дым, які забіваў дых.

К канцу шостага тыдня тумэн Мусука-тайшы дасягнуў нарэшце ракі Случы. На правым беразе яе татары ўбачылі на гары высокі тын і вежы дзядзінца-замка, а пры ім хаты і дамы пасада Случаска.

Мусук-тайша загадаў спыніцца станам на прасторным лузе ля ракі і даў людзям на адзін дзень адпачынак.

 

1 Сцягай — куртка, у якой паміж верхам і падшыўкаю была туга набіта кудзеля або пакулле, каб затрымліваць стралу або піку ворага.

Случаск да прыходу татараў

Случчына здавён мела ўрадлівыя землі і таму рана, яшчэ з VI веку, стала густа заселенаю краінай. Рана таму ўзнік і яе горад Случаск, дзе сыходзіліся і з’язджаліся людзі дрыгавіцкага племені, каб мяняць паміж сабой здабыткі паляўнічага і рыбалоўнага промыслаў на збажыну, палатно, шарсцяныя тканіны і розныя вырабы з металу, гліны, дрэва.

Гадоў за дзесяць да татарскага нашэсця князь случаскі Андрэй быў госцем тураўскага князя Расціслава ў часе нарады князёў у Тураве аб супольным паходзе супроць ятвягаў.

Тады якраз князь Андрэй убачыў новы дзядзінец Турава, што высіўся на правым беразе Прыпяці, збудаваны тутэйшым выдатным будаўніком Івоняю Мурашом. Моц высокага дубовага тыну-сцяны, магутныя дубовыя ж вежы ўразілі князя Андрэя, і ён сказаў тураўскаму князю:

— Ну і цвярдыня ж цяпер тураўскі дзядзінец!.. І дзе ж толькі дубы такія здабыты для тыну!.. Што за вышыня, што за таўшчыня! Скажы шчыра, браце-гаспадару, мог бы ты мне даць падобнага дубу для случаскага дзядзінца?.. Прасі якую хочаш цану за такі тавар — не паскуплюся!..

— Што ж, княжа, згодзен!.. Знойдзем і для цябе не горшага дубу з правабярэжжа Прыпяці!..

І тут жа князь Андрэй прасіў князя Расціслава адпусціць на пабудову дзядзінца ў Случаску свайго майстра Івоню Мураша, на што таксама атрымаў згоду тураўскага князя.

На працягу двух гадоў плыты велізарных дубовых кражоў з паўдзённай Слуяы, прытоку Прыпяці, прыплывалі на паўночную Случ, а тым часам у Случаску ўжо рабіў Мураш.

Агледзеўшы старанна і абмераўшы замкавую гару, Мураш зазначыў князю Андрэю, што спад гары трэба зрабіць крутым, а тын паставіць з адступам ад краю не больш як на 8 локцяў, каб не даць магчымасці ворагу збірацца пад сцяною.

Калі спад гары ўсюды быў зроблен круты і абшыты знадворку каменем і дзярнінай, паставілі паўскрай гары знадворны тын, апускаючы на чатыры локці ўглыб счэсаныя з двух бакоў таўшчэзныя дваццацілокцевыя дубовыя ствалы, замацоўваючы іх жалезнымі скобамі. На адлегласці ў 8 локцяў быў пастаўлен другі тын з дубовых ствалоў, але меншай вышыні, а прастора паміж тынамі была забіта глінаю і каменнямі. Сцены замыкаліся за шасцю вежамі, дзве з якіх былі надбрамныя; вежы былі двухпавярховыя і асабліва ўмацаваныя, бо баранілі тоўстыя, дубовыя, акутыя жалезам і абабітыя медзянымі лістамі брамы і мост, які нанач на сваіх асобных палазах падсоўваўся пад браму. Гару з усіх бакоў атачаў Бычок, прыток Случы. Мураш пашырыў яго і паглыбіў, павысіў берагі. Ён урэгуляваў прыток вады ў Бычок з крыніц гары так, што цячэнне яго стала стромкім.

Чатыры гады вяліся ўсе гэтыя работы, затое люба было потым глядзець на дзядзінец, такім непрыступным ён выглядаў пасля перабудовы яго Мурашом. Князь шчодра аплаціў працу здатнага майстра і, апрача таго, падараваў яму срэбны коўш, па краі якога случаскі залатар выразаў даравальны надпіс: «Майстру Івоні Мурашу памяць ад князя Андрэя». Шчодрым баляваннем адсвяткавалі завяршэнне будовы дзядзінца: пілі ў князя брагу, моцны мёд, піва, елі закусь усялякую і пад хмелем, забываючы цяжкую на князя працу і крыўды частыя, славілі князя Андрэя, нібы дбайнага аб людзях свайго народа.

Праз два гады пасля гэтага дасяглі і да Случаска сумныя весткі, што знішчан татарамі Бату-хана «славны град Кыев, мати городов руских» и «бысть скробь велика оттого по всей земле руской».

А яшчэ праз год «мунгулы Батыговы» зруйнавалі чарнігаўскую зямлю і следам дабіраліся да Турава і Случаска.

 

Князь пакідае Случаск

Як ні верыў князь Андрэй у моц свайго дзядзінца, аднак, падумаўшы, вырашыў, што лепш будзе, калі ён выправіцца з жонкаю і дзецьмі да свайго цесця ў Менск: стуль яны паклічуць усіх удзельных князёў злучыць разам сілы і ўдарыць на ворага.

Вось чаму, калі з Глуска прыскакаў ноччу з малой сваёй дружынаю малодшы брат князя Мікола (бо на тэрыторыю яго ўдзела ўвайшлі ўжо татары), князь Андрэй наступнай раніцаю аддаў загад пра ад’езд сям’і са Случаска ў Менск. Казну, «злато, сребро и узорочье всякое» з царградскае парчы і камкі, «козно всякое», футры і суконную вопратку, паклаўшы ўсё гэта ў скураныя мяхі-валізы, натарочылі на дужых коней, а княгіню з дзецьмі, пасадзіўшы ў двухколыя каламажкі, князь Андрэй з братам, яго дружынаю і сваёю старшаю дружынаю выправіў у дарогу. Па дарозе ў Менск ён наважыў адведаць сярэдняга брата Яўстрата, удзельніка клечаскага, і таксама з ім і яго сям’ёю і дружынаю ехаць разам да цесця.

За сябе ён пакідаў у Случаску свайго ўлюбёнца ваяводу Звеніслава Пуцяту, даўшы яму сваю малодшую дружыну ў 150 вояў, 50 лучнікаў з самастрэламі ды каля трохсот сваіх лоўчых і паляўнічых. Гэта былі ўсё дужыя людзі, смелыя, спрытныя, якія сваёю снасцю, стралою, паляўнічаю сякераю ці рагацінаю здабывалі князю глушцоў, цецерукоў, гусей і качак, казуляў, клалі сахатага, тура і зубра, не кажучы пра ваўка, лісу, рысь і самога гаспадара лесу — мядзведзя.

Князь сказаў пра іх старому ваяводу:

— Любы з іх будзе добра валодаць зброяй, а яе ў маіх клецях пад харомамі хопіць і на іх, і на ахвочых людзей з пасадскіх рамеснікаў, ды і на дваровых халопаў... Даручы Ждану Дубраве і Зубу, лепшым з малодшай дружыны, навучыць гэтых людзей і будзеш мець добрых абаронцаў дзядзінца!..

Развітаўшыся з Пуцятаю, князь сеў на каня і, у суправаджэнні трох дружыннікаў, паспяшаў дагнаць сям’ю. Калі князь праязджаў плошчу пасада, яго абступілі пасадскія людзі. Князь затрымаў каня і сказаў да людзей:

— Еду, людзі мае, каб з дапамогай князя-цесця, сваіх і яго ўдзельных, а можа, і Полацка, і Віцьбеска, ударыць на татараў і прагнаць іх ад нас!.. Пакідаю за сябе ваяводаю вядомага вам Пуцяту і абаронныя сілы... Дзядзінец наш моцны, і за яго сценамі, укрыўшы свае сем’і і маёмасць і адбіваючы ворага, вы здолееце дачакацца падыходу нашых сіл!.. Зброі ў нас тут хопіць, харчу — на паўгода, а таму ўсе, хто хоча перамогі над ворагам, ідзіце да ваяводы — ён дасць зброю і назначыць, дзе стаяць на абарону сцен дзядзінца... Будзьце ж дружнымі, стойце як адзін супроць ворага, і тады мы яго пераможам.

Зараз жа пасля ад’езду князя ў дзядзінец пачалі заходзіць і заязджаць заможныя сем’і і ўсе іншыя пасадскія людзі. Пуцята сам размяшчаў людзей: на вуліцах дзядзінца, у княжацкім садзе, у цвінтары сабора Прачытае. Двор княжацкі стаў месцам, дзе лоўчых і паляўнічых, а таксама ахвочых людзей з пасадскіх рамеснікаў і дваровых халопаў навучалі, як валодаць зброяй. А іх было звыш васьмісот мужчын, што вельмі ўсцешыла старога ваяводу. Жанчынам тых сямей, з якіх былі гэтыя дабравольцы, ён выдаў на шыццё сцягоў грубага палатна, суравыя ніткі і пакулле. Калі праз пяць дзён падышлі татары, пасад ужо апусцеў.

 

Аблога Случаска

Разбіўшы стан, татары арбамі свайго абозу абгарадзілі яго, пакінуўшы тры шырокія выхады; на сярэдзіне стана паставілі багатыя шатры Мусук-тайшы і Джэбэ-Багатура, а вакол іх — лямцавыя шатры — буданы тысяцкіх. Вароты-выхады са стана і ўся лінія арбаў ахоўваліся моцнаю вартай.

Уздоўж ракі, дзе бераг парос кустамі, паставілі яны конавязі нукераў. Бераг ракі, заняты конямі, татары таксама забяспечылі належнаю вартаю.

Задымелі кастры, але ўжо не бараніна сыціла татараў: узятых з сабою ў паход авечак яны даўно з’елі. Смажылі цяпер на вуголлях каніну... Хмельнага піва нукерам даўно ўжо не давалі, а бузу1 і моцны кумыс гатавалі і везлі ў запасе толькі для Мусука-тайшы, Джэбэ-Багатура і тысяцкіх. Пасля яды і сну са стана выехалі пяцьсот нукераў (па 50 чалавек ад кожнай тысячы тумэна) для агляду і рабавання пасада ўрусутаў, а сам Мусук-тайша з Джэбэ-Багатурам, трыма тысяцкімі і сотняю нукераў аховы паехалі аглядаць дзядзінец.

Моўчкі, усё больш засмучаючыся ў душы, паглядваў Мусук-тайша на дзядзінец Случаска, аб’язджаючы яго вакол, уздоўж Бычка. Ды і як было не хвалявацца: шырокі і глыбокі роў з вадою, круты схіл гары, па якім нялёгка будзе ўзнімацца да сцяны, сама вышыня гары не менш, як калі б чатырох коннікаў паставіць аднаго на другога... А там яшчэ вышыня сцяны больш чым у тры чалавечыя росты!..

— Цэ-цэ-цэ! — пацмокаў языком са злосці Мусук-тайша.— Праклятыя ўрусуты!.. Збудавалі гэткую моцную драўляную крэпасць! Шкада, што я не ўзяў з сабою хоць адну са сценабітных машын, якія прыдуманы ў дзяржаве Юань2 і былі пабудаваны майстрам з Ханбалыка3 перад паходам на ўрусутаў... Які моцны ні быў Кыяў, аднак разбілі ж мы імі яго сцены і брамы!..

Перавёў вочы на Джэбэ: на пахмурным твары былі ледзь не зажмураныя зусім шчылінкі вачэй старога ваякі...

Мусук-тайша параўняўся з ім.

— Джэбэ-Багатур, што скажаш?!

— Што ж, гэтыя ўрусуты за дваццаць гадоў пасля Калкі навучыліся ваяваць з намі, толькі хаваючыся па лясах ды за высокімі, як вось гэтыя, сценамі!..

— Шкада, што з намі няма ніводнай з юаньскіх машын, а то мы заўтра ўжо адчынілі б сабе іх дзверы!..

— Прыйдзецца выкурыць іх,— сказаў Мусук-тайша,— як восаў, дымам.

— Драўлянае ўсё добра гарыць,— зазначыў Джэбэ.— Ну, а тады, перадушыўшы выгнаных восаў, пасмакуем і іх мёду!.. Бачыў, якіх красунь набралі ў Кыеве па дамах урусуцкіх баяр і заможных купцоў? Нават сам Джыхангір Бату-хан займеў сабе дзвюх дзяўчат!..— Стары ваяка засмяяўся.

— Ну, тут, у лясных урусутаў, не думаю, каб магла вырасці якая прыгожка! — сказаў Мусук і падумаў: «А калі і знойдзецца такая, я аддам яе ў служанкі маёй Джаніль!..»

Тысяцкія ехалі ззаду моўчкі.

Мусук-тайша, вярнуўшыся з аб’езду, склікаў усіх тысяцкіх да сябе на нараду.

 

1 Буза — хмельнае пітво, згатаванае з проса.

2 Так зваўся тады заваяваны татарамі паўночны Кітай.

3 Ханбалык — тагачасны Пекін, сталіца Юаня.

Няўдалая хітрасць

Першую ноч пад Случаскам татарскі стан адпачываў чуйна, хаця расстаўленая варта была моцнаю. У шатры Джэбэ доўга гарэў каганец і здраднік-урусут пад дыктоўку тлумача пісаў ліст да абаронцаў дзядзінца. Урусут чытаў тлумачу тое, што ён напісаў, і, хаця тлумач бачыў, што ўрусут не так пераклаў выхваленні Джэбэ, але, баючыся гневу яго, запэўніваў старога, што напісана так, як хацеў Джэбэ-Багатур.

Раніцаю, калі татарскі стан прачнуўся і нукеры паснедалі, урусут-пісар з татарскім сотнікам і пяццю коннікамі накіраваліся да галоўнай надбрамнай вежы, наблізіліся на адлегласць, пры якой іх не магла б дастаць страла ўрусутаў, памахалі бунчуком і, падвесіўшы ліст на тычку, уткнутую ў зямлю, вярнуліся ў стан.

У лісце пісалася, што слаўны Мусук-тайша, сваяк заваёўніка свету Бату-хана, абяцае захаваць жыццё і маёмасць усім урусутам, што знаходзяцца ў дзядзінцы, калі яны спыняць змаганне і згодзяцца аддаць дзесяціну са свайго дастатку як першую сваю даніну, якую потым яны павінны будуць плаціць штогод баскакам1 Бату-хана.

Адказ на гэты ліст Мусук-тайша згодзен быў чакаць да раніцы наступнага дня.

Атрымаўшы ліст татараў, ваявода Пуцята паклікаў да сябе на нараду епіскапа Сімеона, найбольш пачэсных і старых купцоў ды заможных гаспадароў майстэрань з пасада Случаска, а таксама ўзначальнікаў малодшай дружыны, лучнікаў і добраахвотнікаў.

Некаторыя са старых купцоў і заможных гаспадароў-рамеснікаў спрабавалі гаварыць, ці не лепш было б паладзіць з татарамі, але ім напомнілі вераломства татараў у 1223 годзе. Усе пасля гэтага аднагалосна згадзіліся, што трэба стаяць насмерць.

І таму прышэльцам далі на іх ліст кароткі адказ: «Добра ведаем ваша вераломства і таму будзем абараняцца!»

Атрымаўшы такі адказ, Мусук-тайша сказаў свайму дарадчыку:

— Бачыш, Джэбэ-Багатур, як урусуты добра цябе памятаюць па бойцы на рацэ Калцы!

 

1 Баскакі — збіральнікі даніны.

Штурм дзядзінца

Нарада Мусука-тайшы з Джэбэ-Багатурам і тысяцкімі перад штурмам была кароткаю: сто пяцьдзесят лепшых лучнікаў на трох месцах па беразе Бычка будуць пасылаць у крэпасць агонь, ім памогуць нукеры, якія будуць падаваць стрэлы з агнём, а кожны стралок будзе прыкрыт шчытамі двух нукераў.

Зараз жа пасля нарады тры тысячы нукераў былі пасланы ў лес рыхтаваць драбіны для сцен і невялікія лёскі, каб хутка ўзнімацца па гары, а таксама рыхтаваць вязкі галля, ламачча і сушняку, каб заваліць пратоку Бычка. Да паўдня татары прынеслі на сабе і прывезлі на конях безліч драбін, лёсак і вязанак.

Абаронцы дзядзінца са сцен і вежаў добра бачылі ўсе гэтыя прыгатаванні да штурму. Бачылі, што татары абмотваюць канцы стрэл кудзеляю і акунаюць іх у бочку са смалою, точаць дзіды, мячы, кінжалы і крывыя шаблі.

У абед падрыхтоўка заціхла. Татары елі хлёбава і плоў з канінаю, але не пілі ні кроплі бузы, якую выдалі з запасу патроху толькі сотнікам, кумыс жа далі адно тысяцкім ды абодвум узначальнікам паходу.

Адпачынак пасля абеду быў кароткі. Кожны думаў пра пакінутыя на Чарнігаўшчыне ў вялікім абозе арбы са сваімі сем’ямі, пра родных і прыяцеляў, бо чакалі лютага штурму, а ён нёс каму смерць, каму калецтва.

Абаронцам дзядзінца было таксама не да адпачынку. Ваявода Пуцята не злазіў з вежы, сочачы за станам ворага. Ён размеркаваў сілы па сценах і вежах, згуртаваў у належных месцах запас людзей для замены забітых ці параненых і для падтрымання абаронцаў у часе найбольшага націску ворага. Вылучаны былі сілы з пажылых людзей і хлопцаў-падлеткаў для барацьбы з агнём. Такая ж моладзь, пераважна жанчыны, прызначаны былі памагаць лекарам і лекаркам перавязваць раны, адносіць параненых са сцен і вежаў.

Прыгатаваны былі ў катлах кіпень і гарачая смала, каменні, калоды, бярвенні, жэрдкі, каб адкідаць драбіны. Абаронцы стаялі за зубцамі тыну з дзідамі, рагацінамі, бердышамі, з баявымі сякерамі, мячамі, а лучнікі са сваімі самастрэламі, набытымі князем Андрэем у Полацку. Гэта была навінка, зусім невядомая татарам, якія карысталіся звыклым лукам. Тое, што лук самастрэла быў прымацаваны на канцы нядоўгага ложа з прыкладам, дазваляла пускаць стрэлы трапна. Страла на гэтых самастрэлах была кароткаю, жалезнаю, з загартаваным канцом. Лук на самастрэлах быў таксама сталёвы, цеціва нацягвалася не рукою, а маленькім калаўроцікам і зашчэплівалася за своеасаблівы курок. Паклаўшы стралу на латачок ложа і ўпёршы прыклад у плячо, стралок цэліўся і спускаў курок. Цеціва гнала стралу і пасылала яе ў цэль з такою сілаю, што тая прабівала шчыты, панцыры, ватныя сцягаі, вывезеныя татарамі з Юаня, працінала наскрозь чалавека, калі яго грудзі не мелі ніякай брані. Страла з самастрэла ляцела з гудам, біла трапна, раніла цяжка.

Абаронцы дзядзінца ўскладалі вялікую надзею на гэтую невядомую татарам зброю. Вось чаму стары ваяка Пуцята, лічачы, што трэба мець як мага больш стрэлаў да полацкай зброі, загадаў дзесяці кавалям стаць на выраб іх, хаця некалькі тысяч запасных стрэл былі знойдзены ў княжацкіх клецях пад харомамі.

...Са свайго шатра выйшаў узброены Джэбэ-Багатур і накіраваўся да Мусука-тайшы, а праз некалькі хвілін выйшлі яны абодва, паклікалі тысяцкіх, аддалі ім загады, і зараз жа па ўсім стане ўдарылі тулумбасы і барабаны, зараўлі рагі, і стан заварушыўся, як той мурашнік: забегалі нукеры, узбройваючыся і беручы з сабою драбіны, лёскі, вязкі, рушылі пад дзядзінец.

Расстаўленыя ў трох месцах паўтараста лепшых татарскіх лучнікаў са сваімі абаронцамі і падавальшчыкамі запаленых стрэл пачалі абстрэл дзядзінца агнём.

Але калі случаскія лучнікі пусцілі свае першыя жалезныя стрэлы, сярод татараў пачалася паніка: кожная страла або цяжка раніла самога лучніка, або, прабіўшы шчыт, раніла тых нукераў, што прыкрывалі яго. Праз некаторы час татары пакінулі бераг Бычка.

І Мусук-тайша і Джэбэ-Багатур чакалі, што абстрэл агнём дзядзінца дазволіць пачынаць штурм. Але час ішоў, і ўжо тысячы стрэл з агнём былі кінуты на дзядзінец, а дыму так і не відаць. Між тым вестка пра кароткія ўрусуцкія стрэлы, ад якіх не беражэ ні шчыт, ні ватны юаньскі сцягай, дайшла да нукераў. Са штурмам далей цягнуць нельга было. І таму Мусук-тайша аддаў загад спыніць абстрэл дзядзінца агнём ды пачынаць штурм.

Забілі зноў барабаны, завылі рагі татарскія, і ў трох месцах да берага Бычка рынуліся нукеры са сваімі вязанкамі галля, ламачча, пачалі гаціць імі пратоку. Аднак са сцен не загула ніводная страла ўрусутаў. І гэта надало нукерам смеласці.

Ваявода Пуцята павялічыў колькасць абаронцаў на відавочных ужо месцах штурму і аддаў загад лучнікам з самастрэламі выбіваць цяпер пераважна татарскіх сотнікаў ды тых нукераў, якія будуць узнімацца на сцены.

Як толькі пераходы на гацях праз пратоку былі гатовы, пабеглі па іх нукеры з доўгімі драбінамі і лёскамі. Кінуўшы іх на круты схіл гары, яны пачалі па іх узнімацца пад сцены. Лезлі, трымаючыся за лёскі або драбіны, закінуўшы шчыты сабе на спіну. І вось цяпер загулі ўрусуцкія стрэлы.

Крышыліся драбіны, ляцелі ўніз забітыя, пакалечаныя і параненыя нукеры. Замест іх новыя хвалі нукераў ставілі драбіны і лезлі ўпарта наверх. Абаронцы ж, даўшы татарам узняцца вышэй, падчэплівалі іх драбіны жэрдкамі і адкідалі ад сцяны.

Кінутыя ў бой новыя сотні нукераў прымасцілі новыя драбіны або паднялі ўцалелыя, што валяліся ля сцен. Трымаючы ў зубах кінжалы, крывыя шаблі, падбадзёрваючы адзін другога крыкамі, яны раз’юшана лезлі ўперад і ў некаторых месцах паўзбіраліся ўжо на сцяну... І тут сустракаліся грудзі на грудзі з абаронцамі, якія біліся з імі бердышамі, баявымі сякерамі, дзідамі, рагацінамі, мячамі...

Грукат татарскіх барабаншчыкаў, гул іхніх рагоў, крыкі падбадзёрвання, лаянка і праклёны, стогны пакалечаных і параненых поўнілі наваколле.

Каб падтрымаць дух абаронцаў дзядзінца, епіскап Сімеон загадаў званіць у вялікі звон сабора.

Наступ татараў усё ўзмацняўся, але абаронцы стаялі мужна. Параненых і стомленых тут жа падменьвалі прысланай ваяводам падмогай. Ён з вежы наглядаў за боем і бачыў, дзе слабела абарона.

Спадала гарачыня дня, усё больш слабеў націск татараў, хутка ўжо нельга было прыставіць да сцен драбіны — так завалена была зямля бярвеннямі, каменнямі, забітымі і параненымі татарамі.

Усё больш сумным рабіўся твар старога Джэбэ. Ён бачыў горы трупаў і бясконцы паток параненых нукераў, якія брылі назад ад сцен, прыгнечаныя.

Джэбэ адшукаў Мусука-тайшу.

— Не чакаў я такое абароны, тайша! Праклятыя — іх тут безліч!.. Прыйдзецца спыніць штурм. Знойдзем іншы спосаб перамагчы іх!..

— Я думаю тое ж самае! Ад майго імя аддай загад! — адказаў яму Мусук і паехаў у стан.

Увайшоўшы ў шацёр, ён загадаў паклікаць да сябе Джэбэ, як толькі той вернецца, і запатрабаваў падаць сабе найбольш моцнага кумысу.

Тым часам Джэбэ, калі спыніўся бой, паслаў да абаронцаў парламенцёра, каб урусуты далі магчымасць прыбраць з-пад сцен забітых нукераў і тых параненых, што не мелі сілы самі выбрацца адтуль.

Пуцята згадзіўся, але пры ўмове, што татары пасля гэтага расчысцяць пратоку ад сваіх вязанак і не будуць перашкаджаць урусутам прыбраць тое, што было скінута са сцен. Джэбэ прыняў гэтыя ўмовы і загадаў тысяцкім расчысціць пратоку ад гацей. Заадно ён загадаў скласці ля стана кастрышчы з бярвенняў і пакласці на іх вынесеныя з-пад Бычка трупы. Заўтра раніцай іх спаляць. Тысяцкія павінны зараз жа высветліць страты сваіх людзей і паведаміць яму пра гэта дакладна.

 

Юаньская машына здабудзе перамогу

Па загаду Джэбэ з’явіўся каваль Маома.

— Як машына? — спытаўся Джэбэ.

— Будан на калёсах гатоў... Толькі як быць з бервяном, якім б’юць?.. Ці вытрывае? Жалезнай галавы, каб паставіць спераду, няма,— сказаў Маома.

— Скажы, Маома, кузні ўрусутаў цэлыя? — спытаўся стары.

— Некаторыя цэлыя.

— Адшукай у іх самае вялікае кавадла... Забі яго ў бервяно, і машына будзе гатова! — знайшоў выхад Джэбэ.— Ідзі!

Як толькі Маома пакінуў шацёр, абодва начальнікі павесялелі і тут жа вырашылі біць не сцяну, а ўваходную браму дзядзінца, акутую медзянымі лістамі. «Адчынім сабе самі дзверы!» — думаў кожны з іх.

На другі дзень пасля штурму, раніцаю, татары прыгатаваліся паліць трупы загінуўшых нукераў. Са сцен і вежаў урусуты бачылі, як, перш чым запаліць кастрышчы, некалькі татарскіх шаманаў пачалі сваё камланне1. Калі ж шаманы забегалі вакол кастрышчаў і, пагражальна гудучы пальцам па бубне, каб прагнаць духаў урусутаў, якія зараз нібы нападалі на душы памёршых ваякаў, татарскія нукеры ўзнялі такі грукат у свае шчыты, тулумбасы і барабаны, што можна было падумаць, нібыта яны рыхтуюцца да новага штурму.

Шаманы падпалілі кастрышчы.

Сухое дрэва, нацяганае з будынкаў урусутаў, гарэла вельмі зырка, і праз нейкі час усё было скончана.

Яшчэ праз дзень была гатова і юаньская машына. Каб бервяно дубовае не пашчапалася, месца, куды ўставілі кавадла, акавалі трыма абручамі.

Ноччу татары завалілі пратоку бярвеннямі да самага нізу брамы і ўскацілі на гэтае ўзмосце будан юаньскай машыны.

Раніцай, як толькі ўзяліся татары тараніць браму, абаронцы дзядзінца пачалі паліваць машыну палаючаю смалою... Праўда, сырыя скуры на даху будана першую пару самі не гарэлі, але неўзабаве загарэліся ўсё ж бярвенні ўзмосця, потым рэдкая смала зацякала па шчылінах у самы будан, і ён пачаў таксама гарэць. Дым напаўняў будан сценабітнай машыны, і нукеры задыхаліся ад яго і кідалі працу.

Ваявода тым часам загадаў набіць мяшкі з-пад збожжа пяском і ў тры рады заваліць імі браму ды ўваход пад брамную вежу, а кавалям загадаў рабіць новыя вароты, каб затрымаць татараў, калі яны ўварвуцца ў дзядзінец. Насупроць новай скразной брамы пачалі рабіць высокі тын з байніцамі для лучнікаў. Епіскап Сімеон, дазнаўшыся, што трэба будаваць вароты, запрапанаваў зняць скразныя вароты ў саборы і надтачыць імі вайсковыя. Праз двое сутак новая брама была ўжо павешана і зачынена моцнымі заваламі. А яшчэ праз суткі насупроць новых варот на некаторай адлегласці кончылі ставіць новы тын з байніцамі.

Пуцята разумеў, што акутая брама не вечная і што яна можа не затрымаць ворага надоўга. Паклікаўшы да сябе саборнага пратапопа, ён прадыктаваў яму ліст да князя Андрэя. Грунтоўна і дакладна пераказаў, што зроблена для самаабароны. Дадаў усё ж, што толькі дапамога звонку можа перашкодзіць татарам дабіцца свайго.

Ліст да князя павінен быў адвезці сын ваяводы. Ноччу сын Пуцяты з двума дружыннікамі спусціўся ў падземны лёх, які хутка вывеў іх у лясісты яр да хаты лесніка, што у патайным месцы трымаў для ганцоў коней. Адсюль гэтыя трое пасланцоў ваяводы і памчаліся з лістом у Менск.

Між тым татары білі ды білі тараном у браму. Як ні моцна была яна акута жалезам і меддзю, але сотні ўдараў прымусілі крышыцца тоўстыя дубовыя дошкі. Завесы, на якіх трымалася брама, пачалі выходзіць з тоўстых шулаў, і нарэшце татарам удалося зрабіць першы пралом. Радасныя крыкі разлягліся ў стане нукераў. Але за праломам былі мяшкі з пяском, яны падпіралі дубовую акутую браму. Выцягнуць мяшкі з пяском было немагчыма і таму, што быў замалы яшчэ пралом, і таму, што іншыя мяшкі ціснулі зверху. Пачалі распорваць мяшкі і высыпаць з іх пясок.

Цяпер трэба было чакаць, што татары праз колькі дзён змогуць уварвацца ў Случаск.

Сумна стала на душы ў ваяводы. Стомлены бяссоннымі начамі і бясконцаю хадзьбою то на вежу, то на сцены, Пуцята прысеў адной раніцаю пад клёнам ля сабора, каб адпачыць. Заўважыў, што да яго ідзе маладая стройная жанчына. Падышоўшы, яна ветліва пакланілася і сказала:

— Я да цябе, баярын-ваявода!

— Хто такая і што скажаш, галубка? — спытаў Пуцята.

— Я Настася, жонка Лаўрына Мякоты, аднаго з лучнікаў князя. Ведаю ад мужа, што хутка абаронцы зноў стануць біцца насмерць з татарамі... Грукат праклятай татарскай машыны пасяліў у душах усіх вялікі сум, пазбавіў усіх сну і адпачынку. Татараў безліч, а нашых абаронцаў колькі ўбавілася!.. А колькі ёсць яшчэ мужчын і юнакоў, што зусім не ўдзельнічаюць у абароне!.. Баярын-ваявода, а што, каб склікаць іх ды растлумачыць ім, што рыхтуюць татары, калі здолеюць нас! Трэба растлумачыць ім, што дружнаю абаронаю мы можам адбіцца ад ворага!.. Баярын-ваявода! Скажу за сябе і жанчын-мацярэй: калі будзе на тое патрэба, мы станем побач з мужам і братам, каб не паддацца лютаму ворагу!.. Бо лепш смерць, чым здзек і няволя!

Ваявода пры апошніх словах Настасі ўзняўся са свайго месца, падышоў да яе, абняў і, пацалаваўшы ў чало, сказаў:

— Уцешыла ты мяне, галубка Настася! Добрую думку падала мне!.. Зараз жа склічу няўзброеных мужчын!.. Прыходзь і ты з аднамыснымі з табою жанчынамі на гэты сход, скажы і ім сваё гарачае слова!

Настася Мякота пакланілася яму і пайшла, а Пуцята адразу паслаў склікаць на сход тых, хто яшчэ не стаў у рады абаронцаў дзядзінца. Праз нейкі час плошча перад саборам гула ад людзей. На шырокім ганку стаяў ваявода з узначальнікамі княжай дружыны, лучнікаў, былых княжых лоўчых і паляўнічых ды добраахвотнікаў з пасадскіх рамеснікаў.

Настася Мякота сказала да людзей:

— Калі ж мой муж, лучнік Мякота, упадзе забітым ці параненым, я падніму яго самастрэл, каб біць з яго, як і ён, ворагаў. А бачыце, колькі нас, жанчын, гатовых на гэта! Станем усе як адзін на гэты апошні бой!.. Давайце і нам зброю!..

Ваявода назваў тых дружыннікаў, якія ўзначаляць новых добраахвотнікаў, навучаць іх валодаць зброяй. Тут жа са сходу ўсе мужчыны пайшлі на княжы двор, дзе ім выдалі сцягаі, шаломы і зброю.

А між тым у татараў зноў загарэлася машына, і гэта зноў затрымала іх, хаця ўсё было гатова для штурму сцен, толькі на гэты раз у іншым месцы. Пуцята заўважыў, што татары аблюбоўваюць новае месца, дзе Бычок упадае ў Случ, каб прымусіць абаронцаў падзяліць свае сілы паміж двума галоўнымі пунктамі абароны і тым аслабіць іх. Але ваявода ўсе свае сілы сабраў ля межаў галоўных удараў татараў.

Прайшло яшчэ трое сутак. Новая машына паспела пашырыць пралом. Пасля поўдня Мусук-тайша і Джэбэ-Багатур аддалі загад пра агульны штурм.

 

1 Камланне — заклінанне варожых духаў пад гукі вялікага бубна.

Апошні бой і збавенне

 

Мусук-тайша на штурм вежы кінуў лепшыя свае сілы. Калі нукеры рынуліся праз пралом у вежу, лучнікі з самастрэлаў праз байніцы ў сценах і ў столі сустрэлі іх гібельнымі стрэламі. Калі хто і дабягаў да скразных варот, дык там іх даставалі лучнікі як з самастрэлаў, так і з простых лукаў.

Як толькі Мусук-тайша даведаўся пра новую затрымку, дык загадаў укаціць юаньскую машыну ў вежу і разбіць вароты. Машыну падкацілі, але таран адно толькі выгнуў шыны варот. Тады тысяцкі, які вёў сваіх людзей у гэты бой, загадаў секчы выгнутыя шыны сякерамі. Нягледзячы на тое, што пры гэтай рабоце гінулі дзесяткі нукераў, усё ж удалося прарваць скразныя вароты. Вораг рынуўся да тыну. Пад хмараю стрэл урусутаў нукеры падалі ля тыну цэлымі гурбамі. А новыя ўсё лезлі і лезлі.

Сышліся тады ўжо біцца ўрукапашную. Мусук-тайша, лічачы, што надышоў рашучы момант, кінуў у вежу яшчэ тысячу нукераў... І ў гэтую якраз пару ззаду абаронцаў нечакана з’явіліся жанчыны з малымі дзецьмі на руках, на чале з Настасяй Мякотай. Настася ўзняла свайго малога хлопчыка і закрычала звонкім голасам:

— Стойце нярушна, родныя: вы ж бароніце родны дом і свае сем’і! Біцеся ж смела, мужы і браты!.. У імя вось іх, нашых дзетак, пераможам ворага!.. Ганіце прэч праклятых!

Азірнуліся абаронцы, убачылі дзетак на руках сваіх жонак і сясцёр і з крыкам: «Бі іх, гадаў! Нішчы ворагаў!..» рынуліся з новаю сілаю на татараў.

Дарэмна Мусук-тайша спрабаваў затрымаць сваіх воінаў: тыя, ахопленыя панікаю, беглі, крычучы:

— Ратуйцеся, урусуты заманілі нас у шайтанаву пастку!..

Мусук-тайша злаваўся, лаяўся, крычаў, пагражаў сваім нукерам, нават біў сваёю нагайкаю тых, што ўцякалі, але нічога не памагала...

Так бясслаўна скончыўся для заваёўнікаў гэты дзень. Увесь вечар і ноч брылі і паўзлі з-пад случаскага дзядзінца параненыя і пакалечаныя пры штурме нукеры.

А на раніцу Мусук-тайша аддаў загад пра далейшы паход тумэна на Захад. Па яго загаду нукеры падпалілі пасад Случаска, які зырка гарэў, бо стаяла вялікая суша. На гэты раз яны кінулі непахаванымі сваіх забітых воінаў, бо, як казалі шаманы, лепш было пакінуць у ахвяру ўрусуцкім злым духам загінуўшых, каб так адчапіцца ад гэтых варожых духаў.

1967


1967

Тэкст падаецца паводле выдання: Дыла Я. Творы. - Мн.: Маст. літ., 1981. - 351 с., 1 л. партр.
Крыніца: скан