epub
 
падключыць
слоўнікі

Язэп Дыла

Усурыйскі драпежнік

З успамінаў земляка

 

Са спецыяльнай літаратуры вядома, што на Далёкім Усходзе, па рацэ Усуры, прытоку Амура, вадзілася буйная парода выхадца з Кітайскай Маньчжурыі так званага ўсурыйскага тыгра. У звязку з засяленнем Прымор’я тыгр гэты зараз трапляецца ўжо рэдка, пераважна ў горнай тайзе хрыбта Сіхатэ-Алінь.

Гадоў шэсцьдзесят таму назад усурыйскі драпежнік быў «гразой» краю, і шмат спрактыкаваных паляўнічых, рускіх, карэйцаў і кітайцаў, загінула пры сустрэчы з ім.

Мне ўспамінаюцца два цікавыя выпадкі. Мой сваяк, селянін са Случчыны Мікола Глечык, у пачатку 1890 гадоў адбываў прызыў у адным з драгунскіх палкоў. Іхняя дывізія была перакінута на ахову рубяжу з Кітаем, якраз ва Усурыйскі край. Эскадроны драгунаў былі раскватараваны паўз рубеж па заставах, паміж якімі ішла ў лясістых месцах шырокая прасека. Нагляд на ёй вёўся коннымі раз’ездамі, якія высылаліся з застаў.

Той год стаяла лютая зіма з вялікімі маразамі і багатымі снягамі. Увесь цяжар каравульнай і раз’езнай службы падаў, зразумела, на салдат, унтэр-афіцэраў і вахмістраў. Начальства ж, афіцэрства, нічым або вельмі мала чым занятае, да адурэння рэзалася ў карты, канешне, на грошы і піло гарэлку, тым больш што за нясенне рызыкоўнай вайсковай службы на ўскраіне дзяржавы афіцэры атрымоўвалі павялічанае жалаванне і было ім на што гуляць.

У памятную для Міколы Глечыка ноч ён нёс каравул ля склада баявых прыпасаў. Захінуўшыся ў аўчынны кажух, Глечык хадзіў кругом зямлянкі-склада, але цяжкі і вялікі памерам кажух стамляў вартавога, і ён, каб адпачылі ногі, часта затрымліваўся ля дзвярэй склада, якія трэба было, па загаду, асабліва даглядаць. Каб вінтоўка не вельмі мокла ад снегу, які няспынна ішоў, Глечык узяў яе пад кажух, прыціснуў да сябе.

 

* * *

 

Калі праз тры гадзіны развадзяшчы падышоў са зменным вартавым да склада, Глечыка на варце не аказалася. Развадзяшчы даў свісток. Ніхто не адказаў яму. Развадзяшчы дагаварыўся з прыведзеным салдатам, і яны абышлі склад кругом, насустрач адзін другому, старанна аглядаючы навакольную тэрыторыю. Вартавы прапаў. Развадзяшчы тады выстраліў. На ўзнятую ім трывогу прыбеглі ўсе людзі з каравульнага аддзялення і сам вахмістр.

І тут па слядах на снезе ўстанавілі, што Глечыка ўвалок тыгр. Вахмістр пабег у афіцэрскую казарму рапартаваць начальству, чаму ўзнята была трывога. Афіцэрам захацелася «поразмяться»; камандзір эскадрона загадаў як найхутчэй сядлаць патрэбных коней, даць усім ездакам вінтоўкі з патронамі, запаліць тры факелы.

Праз некалькі хвілін каля дваццаці коннікаў памчаліся па слядах звера. Прамчаўшыся пару кіламетраў, пад’ехалі да высокага берага горнай рэчкі. Тут след драпежніка абарваўся. Каб лепей разгледзець сляды яго далей, факелы былі падняты як мага вышэй. І тут заўважылі сярод кустоў нізкага берага рэчкі салдата, які ледзь брыў па глыбокаму снегу. Убачыўшы сваіх, ён узняў руку, вітаючы іх. Тады, прышпорыўшы коней, усе рынуліся ўніз, яму насустрач. Пад’ехалі. Пасыпаліся пытанні да Глечыка:

— Значыць, жывы!

— А ты не паранены?..

— Як гэта сталася з табой?..

— Як бачыце, вашы благародзія, жывы!.. І цэлы!.. Тыгр падкраўся да мяне, калі я стаяў ля дзвярэй склада... Хаваючы вінтоўку ад снегу, я трымаў яе пад кажухом. Тыгр схапіў сваімі зубамі за кажух і затым скінуў яго разам са мною сабе на спіну. І памчаўся... Я пачаў думаць, як аслабаніцца і дастаць вінтоўку для самаабароны... Калі ён затрымаўся перад скокам уніз, я ў момант выцягнуў абедзве рукі з рукавоў кажуха, заціснуў вінтоўку паміж ног і шчасліва выпаў у снег. А ён памчаўся з кажухом далей... Я ж пачаў абдумваць, як мне быць. Упэўніўшыся, што здабыча страчана, звер мог вярнуцца за мною... Я мала спадзяваўся на тое, што здолею з ім справіцца, бо мог прамахнуцца, страляючы... Я разлічваў знайсці дзерава і ратавацца на ім... На маё шчасце, звер затрымаўся, а тут і вы падаспелі...

Тым часам пры высока ўзнятых факелах заўважылі, што на адной з палян, сярод дальніх кустоў, нешта рухаецца, цямнеючы... А паколькі коні трымаліся неспакойна, а некаторыя з іх храплі, было зразумела, што звер блізка, недзе тут.

Рашылі пакараць драпежніка. Раз’ехаўшыся паўкругам, з факельшчыкамі на краях, коннікі накіраваліся ў бок падазронага месца. Трэцяга ж факельшчыка пакінулі з Глечыкам. Хутка ўсе ўбачылі тыгра, які, у гневе, што здабыча знікла, канчаў ужо рваць на кускі пусты кажух.

Паўкруг коннікаў пачаў абступаць звера, усё больш набліжаючыся да яго. Калі паляўнічыя аказаліся на выгаднай для стрэлу пазыцыі, тыгр, а ён рашыў не адступаць перад людзьмі, прысеў і сігануў на бліжэйшага конніка... Раздалася каманда, грымнуў залп — і драпежнік, пранізаны кулямі ў галаву і грудзі, падскочыў і ўпаў, забіты насмерць.

Пры аглядзе тыгр аказаўся вельмі буйным і магутным зверам, з густой шэрсцю і прыгожай афарбоўкай футра. Вялікі мароз не дазваляў асвежаваць звера там жа на месцы, і яго рашылі везці на заставу, захапіўшы заадно і шмоцце казённага кажуха, як «вещественные доказательства» знішчэння казённага дабра. Коні са страху перад лютым драпежнікам, хоць ужо і нежывым, не даваліся, каб ім да сёдлаў прытарочылі звера. Ледзь здолелі пакласці яго на аднаго ціхмянага салдацкага коніка, ды і той усю дарогу хроп са страху.

Глечык удачна даслужыў сваю ваенную службу і, спазнаўшы тамтэйшы багаты і малалюдны край, паквапіўся на тыя льготы, якія ўрад даваў перасяленцам, рашыў вярнуцца на Усуры з сям’ёй. У роднай вёсцы яго чакала каханая дзяўчына, з якой ён і пабраўся. На Далёкі Усход разам з Міколам Глечыкам і яго маладой жонкай выправіліся тады са Случчыны яшчэ чатыры сям’і. Везлі гэтых перасяленцаў на Прымор’е морам: з Адэсы — кругом Азіі; і землякі нашы, як кажуць, «пабачылі свету». Плылі праз турэцкі Канстанцінопаль, убачылі Егіпет з Суэцкім каналам; на Чырвоным моры спазналі такую гарачыню, якой ніхто ніколі не адчуваў ні да таго, ні потым; наведалі Індыю і порт Сайгон, дзе на плантацыях пасмакавалі салодкія (аж зліпаліся губы) ананасы, бананы, дзівіліся з іх і хвалілі, а потым, памеркаваўшы, знайшлі, што беларускія яблыкі і грушы ўсё ж смачней; нарэшце пабывалі ў японскім порце Нагасака і пасля трохмесячнага падарожжа трапілі ў наш Уладзівасток.

Адтуль перасяленцы выправіліся к возеру Ханка, дзе Глечык перад ад’ездам дадому нагледзеў зайздросную зямельку. Тут ён атрымаў заімку паўз край лесу. Пабудаваў хату і хлявок пры ёй. Побач раскарчаваў з жонкай вялікі агарод, абгарадзіў яго і двор агароджаю з жэрдак.

Адной раніцаю Глечык сек дровы на двары — і раптам пачуў за сваёй спіной трэск у плоце. Азірнуўся — і што ж: вялізарны тыгр, апёршыся пярэднімі лапамі на жэрдку, аглядаў двор...

Глечык, хоць і быў з сякерай у руцэ, аднак кінуўся ў хату, хапіў са сцяны зараджаную вінтоўку і запасныя патроны ў кішэню — ды ў сенцы назад.

А жонка яму кажа:

— Міколка, куды ты?.. Будзем зараз снедаць...

Ён ёй толькі рукою махнуў, не паспеў нават сказаць, што сталася.

Прыадчыніў ён дзверы сенцаў дый глядзіць. А тыгр ужо ля дзвярэй хлява, спрабуе іх адчыніць. Упёрся адной лапай у дзверцы, а другой цапае па круцёлцы, якой яны замыкаліся. Зашчапка тая, калі дзверы прыціснуты, круціцца толькі без канца і зноў прымыкае дзверы. А цялушка Глечыка, двухгодка, якую ён ужо сабе набыў, чуючы смерць ад драпежніка, рыкае трывожна...

Вось рык гэты і ўзяў за сэрца гаспадара.

— Прасунуў я,— апавядаў мне зямляк,— бярданку ў шчыліну паміж вушаком і дзвярыма, узяў галаву звера на мушку і ўдарыў... Упаў тыгр на зямлю ля хлевушка...

А жонка, спалоханая, белая ў твары ад страху, выбегла з хаты ў сенцы дый кажа:

— Ой, Міколка, як ты мяне напалохаў!.. Уся затрымцела! Што такое сталася?..

— Гэта я тыгру-падле за нашу цялушку даў перцу! Чакай, праверу толькі, ці мёртвы ўжо, бо яны, гады, жывучыя, як і ўсе кошкі!.. Не палохайся — я яшчэ раз стрэлю ў яго.

Выйшаў, гляджу — аж звер ляжыць і ў смяротнай корчы лапы яго цепаюцца і выпускаюць кіпці... Прыцэліўся я яму пад вуха — і стрэліў другі раз. Вось тады я і паклікаў жонку:

— Выходзь, Марыська, паглядзі, хто хацеў у нас цялушачку забраць!..

Звер аказаўся вялізны. Аглядаючы яго, Глечык сказаў жонцы:

— Бадай, толькі крыху меншы ад таго, што мяне калісьці з каравула ўвалок!..


1955

Тэкст падаецца паводле выдання: Дыла Я. Творы. - Мн.: Маст. літ., 1981. - 351 с., 1 л. партр.
Крыніца: скан