epub
 
падключыць
слоўнікі

Язэп Гладкі

Нецэнзурныя прымаўкі Лагойшчыны

У 1966 г. вядомы беларускі этнограф Адам Варлыга (Язэп Гладкі) выдаў зборнік «Прыказкі Лагойшчыны», а ў 1972 г. — дадатак да яго. Але што мала каму было ведама — дык гэта пра трэці, машынапісны дадатак, таксама датаваны 1972 г. — «Прыказкі, што ня трапілі ў зборнік прыказак Лагойшчыны».

Этнографа Язэпа Гладкага (1890—1972), больш вядомага пад псэўданімам Адам Варлыга, асабліва прадстаўляць ня трэба, як і ягоныя шматлікія працы, надрукаваныя на эміграцыі: «Практычныя назіраньні над нашай жывой мовай» (1966), «Народныя казкі» (1967) у трох частках, «Чатыры ўрачыстасьці» (1970), «Забабоны» (1970), шэраг падручнікаў, найбольш значныя зь іх — «Краёвы слоўнік Лагойшчыны» (1970) ды «Прыказкі Лагойшчыны» (1966).

Сто адзінаццаць старонак «Прыказак…», выдадзеных 500-асобнікавым накладам, не зьмясьцілі ўсяго ведамага зьбіральніку, і ён у 1972 г. у той самай друкарні «Заранка» выдаў «Дадатак да зборніка «Прыказкі Лагойшчыны», што таксама льга знайсьці ў бібліятэчных і прыватных зборах у Беларусі.

От што наўрад ці ведама, дык гэта пра трэці, машынапісны дадатак, таксама датаваны 1972 г., — «Прыказкі, што ня трапілі ў зборнік прыказак Лагойшчыны».

Рэч у тым, што Язэп Гладкі, чалавек па характару сарамлівы, не наважыўся ў друкаваныя — «сапраўдныя» — выданьні ўлучыць і брыдкаслоўі, але як навуковец і абмінуць іх цалкам ня мог. Ён адбіў на машынцы дзясятак асобнікаў і раздаў іх, часта пад сакрэтам, просячы нікому не паказваць, сваім блізкім сябрам, у тым ліку і Вітаўту Тумашу, тагачаснаму дырэктару Беларускага інстытуту навукі й мастацтва, з збораў якога тут яны й перадрукоўваюцца.

Лявон Юрэвіч

А

Ад барады тры пядзі да вады. Кажуць таму, хто без патрэбы зайшоў у чужую хату й кажа, што хацеў вады (яму напамінаюць пра ягоную натуральную ваду).

Ад піва сцаць крыва. Патрэбна часта з хаты выбягаць.

А што? Пацалаваў сабаку ў сраку? Кажуць таму, хто рабіў вялікія захады, каб зрабіць вялікія непрыемнасьці свайму ворагу, але ня змог.

Б

Багатаму й чорт у кашу сера. Калі багатаму шанцуе.

Бывала і варона гаўно клявала, а цяпер ня хоча. Кажуць хвальку, калі ён апавядае, што «бывала» яго ўсе любілі і шанавалі.

Будзе срака дразда пець. Папераджаюць таго, каго будуць біць розгамі, бо, калі б’юць розгамі, дык чуецца гук: «джрр… джрр… джрр…».

Бацька зваліўся з гары. — Чорт яго бяры: рукі ня ў срацы, было дзяржацца. Калі дзеці зь непашанай ставяцца да бацькі.

Бацька ражном тварыць, ражном і мілуе. Калі бацька ня рупіцца аб дзецях: не спраўляе дочкам убораў.

Бурчыць, як кіла. Калі нехта ад незадавальненьня бурчыць сабе пад нос.

В

Воўна далежа гоўна. Калі воўна доўга паляжыць няпрадзеная, дык яе моль зьесьць.

Г

Галовачка, як макавачка, а розуму, як насрана. Хоць харошая галава, але дурная.

Гэта толькі Богу ведаць ды карове. Калі нехта мае бяду, цяжкія перажываньні, але пра іх сорам іншым пахваліцца. Паходзе ад казкі-выпадку. Дзяўчына зімою ішла з ігрышча. Яе праводзіў дзяцюк. Каб затуліцца ад мяцеліцы ды тое-сёе пагаварыць, яны зайшлі ў хлеў, дзе карова стаяла, ды там селі на саломе. Там зь ёй здарылася прыгода. Яна плача. А чаго? Гэта ведаць Богу ды карове.

Д

Да нашага берагу нічога добрага не прыплыве: то трэска, то гаўно. Калі далучыцца ў сям’ю ці ў суседзтва агідная асоба.

Датуль маці міла, пакуль сраку мыла. Калі дзеці не шануюць мацеры.

Добра рабіў, але гаўном завяршыў. Работа добра зробленая, але дрэнна закончаная.

Дрэнь пчолы, гаўно мёд. Гаўно дзядзька пчалавод. Лаецца той, каго пакусалі дзядзькавы пчолы.

Е

Езус Назаранскі; што гэта за народ паганскі: карчма гарыць — у вагонь лезуць, царква гарыць — сракі грэюць. Пра п’яніц.

Ён на цябе й серучы ня гляне. Упікаюць дзеўцы, што хваліцца, што пэўны дзяцюк яе любе.

Ён ужо пачынае табе на галаву сраць. Калі нехта нахабна зьдзекуецца.

Ён цябе навуча, як сраць у ванучу. Аб тым, хто навучае падлеткаў брыдотных словаў.

Ж

Жук, жук! Дзе твой дом? Пад гаўном! Ехаў пан, растаптаў, бег сабачка, пахлябтаў. Жартуюць зь дзяцей, якія ловяць чорных гнаявых жукоў.

Жывот баліць. Трэба ў сраку вады наліць. Паставіць ліватыну.

З

З благім чалавекам і сраць побач не садзіся, бо ён прычэпіцца, што тваё гаўно горай сьмярдзіць. Аб благіх курузьлівых людзях.

Засірапіта. Лаюць блазна, малакасоса, які мяшаецца ў справы сталых.

І

Ізноў на тэй самай срацы сеў. Калі нехта ўзьняў крутню, авантуру, але нічога ня выйшла, дык заспакоіўся.

І ў добрым родзе, а ўдасца курва й злодзей. Аб выпадках у радні.

К

Круціцца, як гаўно ў проламца. Калі нехта круціцца на павідоку, ды іншым замінае.

Круціцца, як сабака срэць. Калі нехта на пустую справу робіць вялікія захады.

Калі Бог дасьць мужыку сыць, дык ён дагары лежучы сцыць. Прастак пры вялікай выгадзе даходзіць да вялікага гультайства й разбэшчанасьці.

Калі жонкі стыдацца, дык дзяцей ня будзе. Жартуюць з таго, хто далікатны і папускаецца сабе на ўбытак — стыдаецца доўг спаганяць.

Л

Леташнія жарты. Прыказвае вінны пры нараджэньні непатрэбнага дзіцяці.

Ляжце зь ім на мітусь ды пацалуйце адно аднаго ў сраку. Гэтак лаецца той, чые ворагі між сабой дружна жывуць.

М

Маўчыць, як усраўшыся. Кажуць аб тым, каму ад сораму няма чаго казаць.

Мы з табой, як рыбка з вадой: я на дно, а ты ў гаўно. Гаворыцца пра ахлысьціка абсьмяяку, які праяўляў сваю дружбу, каб абсьмяяць, зьняважыць сваю ахвяру.

Н

Насьсяру багачу: я ўжо свой сноп калачу. Кажа жняя, калі нажне першы сноп.

Насьсяру! Лаянка з апошніх слоў.

Кроўю! Адказ на папярэднюю лаянку.

а) Каб зь цябе духі выгнала!

б) Каб ты тры дні сраў і зямою драў!

в) Сяры, лоб маж, будзеш чорт наш!

г) Сяры з сабой бяры!

Нечым ваўку сраць, дык лыкам. Кажуць таму, хто карузіцца й шукае прычыны да звадкі.

Нічога не сказаў: ні дзякуй, ні насьсяру. Пра таго, хто не падзякаваў за ласку.

Ногі па сраку адтаптаў. Калі нехта доўга хадзіў нечага шукаючы ці пытаючы.

П

Пан гаўном напхан. Пра хамаватага пана.

Пацалуй сабаку ў сраку! Лаянка з апошніх слоў.

Р

Разануў, як сярпом па яйцах. Калі нехта выкінуў (сказаў) калючую рэпліку.

Расхініся, гразь, — гаўно плыве. Аб ганарыстым чалавеку, які просты народ заве гразьзю.

С

Сваё гаўно нікому не сьмярдзіць. Нікога ня турбуюць свае агідныя паводзіны.

Служы пану верне, дык ён табе пердне. За тваю шчырую працу гаспадар цябе сакпіць.

Соль табе ў вочы, галавешка ў зубы, а дзяркач у сраку. Трэба шопатам сказаць, або хоць падумаць, калі ўрочная асоба разглядае тваю маёмасьць ці сям’ю.

Сядзь, няхай не вісяць. Брахлівыя жанчыны запрашаюць мужчыну сесьці.

Т

Ты хочаш аднэй сракай сем кірмашоў адбыць. Пра няўрымсьлівую асобу, што хоча адначасова ў некалькіх мясцох пабываць.

Ты хочаш і з гаўна плеўку садраць. Пра скупога чалавека.

Ударожыўся, як сраць пад пень. Пра таго, хто часта ў вадно месца ходзіць наўздабыткі ці ў пазыкі.

Ткні язык у сраку й памяшай кашу. Агідная лаянка на таго, хто сказаў агіднае ці абразьлівае слова.

Хто гэта набзьдзеў? — Нявестка! — Дык яе ж дома няма. — Дык гэта яе андарак, што вунь на шастку вісіць. На нялюбага чалавека ўсе віны складаюць.

Ч

Чые бычкі не балі, абы мае цяляткі былі. Жартуюць з таго мужа, чыя жонка распусная.

Ш

Шануй яго, як гаўно на трэсцы. Пра асобу, якой дагаджаюць не за дабро, але каб прыкрасьці не рабіў.

Што ты мне на душу серыш? Калі нехта ўвачавідкі зьдзекуецца.

Я

Я з табой і адным полі сраць разам ня сяду. Адказаць ашуканцу, які набіваецца на далейшую дружбу.

Як добра серуць, тады й Моўшу веруць, а як дрышчуць, тады Гіршу ішчуць. Прыказвае той, каго пры выкананьні службовых абавязкаў пасылаюць у бруднае ці небясьпечнае месца.

Вышла з казкі-выпадку:

Даўно, за прыгонам, у ваднэм дварэ былі два фэлчары — Моўша і Гірша. Там здарылася эпідэмія — дызэнтырыя ці халера. Абшарнік загадаў эпідымічных хворых лячыць Гіршу, а ўсіх астатніх Моўшу. Калі абшарніку паведамлялі пра хворага, дык ён пытаўся: «А як хворы сера?» Калі пасланец казаў, што хворы добра сера, дык абшарнік казаў накіроўваць яго да Моўшы. А калі пасланец скажа, што хворы дрышча, дык абшарнік загадваў: «Паішчы Гіршу». (Відаць, Гірша ад гэткіх пацыентаў ухіляўся й хаваўся, бо й скардзіўся: «Як добра серуць, тады й Моўшу вераць, а як дрышчуць, тады Гіршу ішчуць».)

Як ні ўхітрайся, але калі сядзеш сраць у крапіве, дык сраку апячэш. Калі гешэфт завядзеш з жулікамі, дык ашукаюць.

Як сам сябе за сраку ні кусіў. Калі нехта сам на сябе наракае.

Як чорт у ваду перднуў. (Забурбаліла й сьціхла). Калі нехта перад грамадой сказаў недарэчнае ці брыдотнае слова.

Яму сцы ў вочы, а ён кажа — дождж ідзе. Аб прастаку, які не разумее абразьлівых словаў ці чынаў.

Я ня буду сраных пакрываць. Кажа, хто ня хоча ставіцца ў абарону злачынцаў ці амаральных людзей.

Я не хачу пад старую сраку ды маладыя ногі падстаўляць. Адказвае стары мужчына, калі яму прапануюць жаніцца з маладой.

Я табе скажу казку: «Пан зьвязаў гаўна вязку, абнёс каля калёс ды туц табе ў нос». Жартуе баечнік, калі надакучылі, просячы казак.

Якое гэта дрэва? — Асіна. — Пацалуй у сраку Максіма. Загадка і адгадка.

Якое гэта дрэва? — Бярэзіна. — Твая маці ваўкарэзіна. Загадка і адгадка.

 

* * *

 

АНЭКДОТЫ

Бацька і два сыны ішлі касіць. Бацька перакінуў праз рэчку касу й сам пераскочыў. А маладзейшы сын кажа:

— Бацька лёгак, як сабака.

— Дурак ты. На бацьку ня можна так казаць. Чорт яго бяры пераскочыў, чорт яго бяры не пераскочыў, — сказаў старэйшы сын. Яны абодва завярнуліся ды пайшлі дамоў.

Была багатая паненка з добрым пасагам, але пра яе гаварылі, што быццам яна глухая. Усё ж адзін дзяцюк адважыўся да яе паехаць у сваты. Ён з сватам прыехалі да паненкі на дзядзінец ды сталі выпрагаць каня. Паненка агледзела іх, узяла ключ, ды каля іх ідзе ў сьвіран. Сват прывітаўся:

— Добры дзень, паненка!

— У клець па масла іду! — адказала паненка.

Сват сьцяміў, што яна глухая, дый кажа:

— Насс…ку, паненка!

— Маме ў кашу, — адказала паненка.

Сваты запрэглі каня ды паехалі дамоў.

Глухі прыйшоў у царкву і стаіць. Прыйшоў другі чалавек і стаў каля яго. Папярэдні чалавек плясь яму па пысках. Пакрыўджаны чалавек стаў скардзіцца:

— За што ты б’есься?

— А што ты на нашага Бога сьвішчаш?

— Я не сьвішчу: гэта я рылаты.

— Чорт цябе забяры, што ты багаты, але не сьвішчы на нашага Бога, — ды яшчэ са два разы ўдарыў.

 

КАМОРНІК, ДОКТАР І СЕЛЯНІН

Ехалі дарогай каморнік і доктар, а ля дарогі араў селянін. Доктар кажа:

— Трэба закпіць зь селяніна.

— А ён гатоў адакпіцца, — кажа каморнік.

Калі яны параўняліся зь селянінам, дык каморнік і кажа:

— Нашто ты, чалавеча, на дарогу заараўся?

Чалавек спыніў валы, адвярнуўся назад, прылажыў пугаўё да вока, накіраваў яго ўдоўж баразны дый кажа:

— Паглядзі, панок, якая просьценькая баразёнка.

— А каб у цябе, чалавеча, было трэцяе вока на срацы, дык ты ня мусіў бы спыняць валоў ды аглядацца назад, зразу бачыў бы, што простая баразна, — сказаў доктар.

— А каб у цябе, доктар, было трэцяе вока на пальцы, дык ты не пытаўся б у хворага, што яму баліць, а ўлажыў бы яму палец у сраку й бачыў бы, што яму баліць, — адказаў селянін.

— А я й кажу, што селянін зможа адакпіцца, — сказаў каморнік.

 

* * *

 

У кніжыцы «Чатыры ўрачыстасьці» на 42 бачыне адзначана, што на Купальле сталыя мужчыны і жанчыны ладзілі на полі купальскі пачастунак-гульні. Пры тым было зазначана выказваньне прафэсара Піотуховіча, што на купальскую ноч было ў звычаі гаспадароў і гаспадынь выходзіць сцаць на полі ці хоць на гарод на сырую зямлю, бо гэта быццам спрыяла пладароднасьці зямлі і дабрабыту гаспадаркі. Тут ніжэй падаецца купальская прыпеўка, якая як бы спраўджвае выказанае.

 

КУПАЛЬСКАЯ ПРЫПЕЎКА

Гаспадынька я…ся,

Каб скацінка вялася.

 

Яе дзеткі я..ся,

Каб авечкі вяліся.

 

Гаспадар таму рад

Усё дае у скурат.


1966; 1972

Тэкст падаецца паводле выдання: А. Варлыга. Нецэнзурныя прымаўкі Лагойшчыны // ARCHE. -- № 12 (75) — 2008. С. 147—156. Уступнае слова Лявона Юрэвіча
Крыніца: скан