epub
 
падключыць
слоўнікі

Язэп Пушча

Бор шуміць

1
2
3
  * * *
  * * *
4
5
ЗАМЕСТ ЭПІЛОГА


 

 

Перад табой стаю

І веру ў моц тваю,

Бацькоў святое слова.

Б’еш ты з глыбінь зямлі,

З пластоў народных сіл,

Ўзнімаеш слой за слоем.

 

 

1

Ледзь помню:

Ўзыходзіў месяц поўны.

З барадой сівой

Мой дзед на гэтым пні

І смольны водар хвой,

І сок з каўша

Вясной і ўлетку піў.

Крапіўся дзед Лукаш

І усміхаўся ў бараду:

«Скрозь твой гушчарнік не прайду,

Не хопіць сіл —

Дзесяткі міль».

Ну і бор!

Вяршаліны да зор.

Ён быў красой

Радзімы, нашай славай.

Такіх лясоў

Не ведаў свет.

Яго паэт

Уславіў

Песняй велічавай.

 

Наш запаветны бор —

Краса далін і гор,

Краса радзімы Беларусі,

Як даматканыя абрусы,

Як васількі на паясах,

Як цвет на верасах,

Як песня светлай долі

На шырокім на раздоллі.

 

Хацелася і жыць, і верыць.

Багаты быў на птушку, звера.

Заходзіў зубр часамі з Белавежы

Каб сочнай пашчыпаць травы,

Падыхаць ветрам свежым,

Баравым.

 

Казулі гонкія, ласі

Праклалі сцежкі тут свае.

Не плакаў дождж, не галасіў,

І мох падоўгу не сівеў.

Мядзведзь любіў збіраць суніцы

І запіваць з крыніцы.

Зязюлі

Тут гады лічылі,

Матулі

Травамі дзяцей лячылі.

 

А пчолы з кожнай краскі

Збіралі мёд дзень цэлы.

Калі у поўдзень майскі

Яны ляцелі

Усёй сям’ёй пчалінай,

Здавалася — над борам лівень.

 

У часе чорнай навальніцы,

Калі зіялі бліскавіцы,

Калі грымоты грукаталі,

Калі трасліся далі,

Не падаў, не схіляўся ніцма

Бор адвечны,

Бор зарэчны.

 

Дубы, бярозы, хвоі

Упіраліся

У хмары галавою,

Мужаліся,

Навалы не пужаліся.

 

Я з адналеткамі-сябрамі

Улетку бегаў па грыбы.

Я помню, як збіралі

Пад хвоямі баравікі,

Як мухамор рабы

Шпурляў у пень

Каля ракі.

Я помню: кожны дзень

Узыходзіла з-за бору

І садзілася за борам

Сонца.

Твае зялёныя уборы

Я абнімаў на кожнай хвойцы,

Дзяўчат як абнімаюць хлопцы.

 

З зямлі радзімай сокі піў,

Шумеў вяршалін хор.

Як я цябе любіў,

Мой родны бор!

 

Мінулі дні вясны;

Крывёй апырсканы лісты

Вярбы за агародам,—

Вялікая Айчынная вайна!

У дні вайны

Стаў поплеч ты

З сваім народам.

Крывавага віна

Не шкадаваў ты ліхадзеям

І жыў вялікаю надзеяй.

Ты не маўчаў, ты клікаў

Сыноў на сход вялікі.

Былі дубы і хвоі рады,

Калі прыйшлі атрады

За волю біцца,

З крыніц тваіх

Святых

Жывой вады напіцца.

 

Крычалі птушкі нема;

Ішлі браты і сёстры

З вялікім гневам,

Болем вострым.

Ішлі бацькі

Уздоўж ракі,

Ішоў народ

Цераз раку, уброд,

Як у паводку крыгаход.

 

Сабраліся на збор

Гадзінаю вячорнай,

І зашумеў наш бор

Душою непакорнай.

 

2

Марусіць

На Беларусі

Дождж цярністы;

Калюча

І балюча

На душы, на сэрцы.

З Нямеччыны паўзуць фашысты,

Са свастыкаю чэрці.

Паўзуць па целе

Беларусі

І дзень, і ноч, і месяц цэлы.

На жвір галовы нашы сцелюць,

І ўсё ж ніколі не прымусяць

Ў няволі жыць,

Паклоны біць,

Атруту піць.

 

З зямлі нас хочуць сцерці.

Паўзуць мільёны

Навалай чорнай смерці.

І вечарам, і ранкам —

Скрозь скрыгат танкаў,

Дзікі і шалёны.

Паўзуць, як чорны мор

На наш зялёны бор.

 

На сэрцы Беларусі раны,

Крывавіцца душа,

І абступаюць партызаны

Дзеда Лукаша.

— Мае сыны і ўнукі,

Вазьміце зброю ў рукі,

Паслухайце маёй

Навукі,

Што я вам скажу.

За родную зямлю,

Калі перапаўзе мяжу,

Душы грымучую змяю,

Каб яна куслівым

Джалам

Не труціла,

Не пужала.

— У нядолі, у няволі

Мы не схілімся ніколі!

 

— Я ведаю, мае сыны, што горна,

Але пажар каб помсты не патух,

Хай раздзьмухаюць горны

Наш непакорны

Дух!

 

Ад Брэста да Бабруйска,

Ад Віцебска да Гродна

Народ наш беларускі,

Родны

На барацьбу вас кліча.

— І мы ўшануем гэты звычай!

 

— Мае сыны і ўнукі,

Скінем путы

І пакуты!

Было нямала душагубаў,

А гэтакіх не ведаў свет.

Не пацалуюць нас іудаў губы.

Я веру: струшчыма ярмо

І вернемся дамоў,

Калі як след

Фашыстам перцу задамо.

Сыны, ідзём на бой гарачы

З вялікай верай у душы...

— Зямля жадае нам удачы,

Фашыстам нас не задушыць!

 

 

3

З арыйскім рогатам-

Скогатам

Фашысцкі зброд

Ішоў дарогамі,

Цераз крывавы брод,

І паглядаў на бор,

І забягаў на двор,

Як лысы чорт,

Разявіўшы паганы рот.

На ўсіх мышыныя шынелі.

Каля кожнай хаты

Звінелі

Ланцугамі каты.

Ніхто не выйшаў,

З хлебам-соллю не сустрэлі.

Прынеслі каты

На вокны краты,

Процьму шыбеніц, расстрэлы.

 

Народ пакорна не маўчаў:

«Не выпусцім мы з рук мяча,

Пакуль не захлынецца

Вораг у крыві.

Даволі косці нам ламаць, крывіць

І адбіраць жыццё!

Схіліся, вораг, смерці,

Нам жыць, табе памерці!

Зялёнае лісцё

Нас ахіне,

Паклонімся вясне;

Народзіцца дзень

Светлы,

І радасць прыйдзе да людзей.

Мы сёння — партызаны.

Павейце, свежыя вятры,

Дыхніце помстаю, бары,

Дажджы, абмыйце раны,

Каб не сцякалі кроўю.

Фашыст, ляці у прорву

І смерці бі паклоны!

Не пройдуць маршам-строем

На ўсход твае калоны:

Аглушым іх, расстроім,

Сырой зямлёй прыгорнем,

Прыкрыем сваім горам.

Над вёскай, над Падгор’ем,

Над цёмным гэтым борам

Не пранясуцца «месершміты»,

Імклівай куляй будуць збіты».

 

З разгону эшалоны

Ляцелі пад адхоны,

Ўзрываліся на мінах

Фашысцкія машыны.

Як гром,

Народны гнеў

Над краем прагрымеў.

 

 

* * *

 

Расою плакаў вечар,

Як бабёр,

Усхліпваў вецер

Хвалямі азёр,

І птушкі крыкам даль пужалі.

Ўздыхаў прастор,

Як брат

З-за крат

На волю да сясцёр.

Радзімы сэрца рвалася

Ад жалю,

Здавалася —

Бор з небам гаманіў.

Дубы змагання гімн

Спявалі,

І паднімаліся, ўзнімаліся

Народнай помсты хвалі...

 

Мужайцеся, упартыя,

Змаганне кліча нас,

Кліча наша партыя

Ў трывожны гэты час.

Сілы не растрачаны.

Устань, народ-герой!

Сэрцы ў нас гарачыя,

Да помсты кліча кроў.

Нашы далі чыстыя,

Мы на зямлі святой.

Ідзі на бой з фашыстамі

І непахісна стой!

 

 

* * *

Стала цяжка жыць у хаце

Беларускаму народу.

Зашумі ты, пушча-маці,

Зашумі у непагоду!

 

Беларусы, людзі працы,

Стрэнуць сонца напрадвесні.

Зашумі ты, пушча-маці,

Зашумі народнай песняй!

 

Мы не жыта выйшлі жаці

І не славіць ніву спевам.

Зашумі ты, пушча-маці,

Зашумі народным гневам!

 

Зоркі ясныя, світайце!

Выйдзем на шляхі-дарогі.

Зашумі ты, пушча-маці,

Песняй нашай перамогі!

 

4

Часінаю праклятай,

Дарогаю пакатай

Фашыстаўскі патруль ідзе

У начны дазор

І гутарку з сабой вядзе:

«Як нас пужае гэты бор!

І сполах так калоціць,

Як трасца чорта у балоце.

Радзіліся на свет у дзень ліхі...

Тут партызанаў гібель.

Усе пуціны і шляхі

Вядуць нас на пагібель.

Хаўтурны чуем марш.

Што нам рабіць?

У чым ратунак наш?

Нам партызанаў не разбіць».

 

Якраз

На гэты раз

Папаўся ім Лукаш.

Ён, партызан сівы,

Прылёг

На ўскрайку бору адпачыць.

Прыкрыў яго быльнёг,

Не чуў ён шораху савы,

Пад дубам сон змарыў,

І задрамаў стары.

 

Усплыў над борам месяц ясны,

І побач зоркі дзве

Гараць, не гаснуць.

І трэба ж здарыцца бядзе?

Дазор ідзе,

Здалёк,

Як воўк

З блудлівай сцежкі,

Прыкмеціў дзеда Лукаша,

З яго лагоднаю усмешкай...

У палоне сэрца і душа.

 

Вядуць на здзекі.

Ідзе Лукаш раздзеты,

Лёг смутак на павекі.

«О, воля, дзе ты, дзе ты?»

 

Сляза з вачэй

Скацілася на твар.

Здалося, што лягчэй...

Кідае ў холад, жар.

І мардаванні, і пакуты

Цярпеў

Навылет ноч усю.

Ратунку не прынёс і ранак.

Лукаш, скрываўлены, у ранах

Ляжаў.

Ён не прадаў душу сваю,

Не выдаў партызанаў.

 

«Ой вы, шляхі-дарогі,

Не прыбягуць ганцы,

У воду ўсе канцы!»

Паставілі на ногі

Дзеда-партызана,

Кат пляшывы

Надзеў пятлю на шыю,

На рукі —

Ланцугі-кайданы.

Ад скрухі

Запякліся раны

Ў Лукаша.

Заходзіцца душа.

«А можа, гэта сон?

О, не!

Праткне

Хай вас ражон!

Ляжаць лепш у труне,

Як мардавацца у турме».

 

Катуюць Лукаша,—

Толькі стогны у вушах.

Крыві не змыюць і не зліжуць.

Сірэна дзіка вые,

Склікае гадаў рыжых.

Загрукаталі танкі бранявыя

На Падгор’і.

«Ой, горна, горна!»

 

Да танка ланцугамі

Прывязалі

Лукаша старога.

Зямлі не чуе пад нагамі.

Ад роднага парога

Цярністаю дарогай

Змардованы Лукаш ідзе

Без родных, без сваіх людзей.

 

Плывуць зялёныя кругі,

Крывавяць цела ланцугі.

Ніхто крыві не згорне.

Апошні раз

Зірнуў Лукаш

На роднае Падгор’е

Не бачыў ён ракіт,

Калі вялі каля ракі,

Не развітаўся з імі,

Як з роднымі, сваімі,—

Засланіла гора

Ясны зрок вачэй.

Ідуць ускрайкам бору,

На сэрцы не лягчэй.

Спыніліся на месцы тым,

Пад дубам пад густым,

Дзе Лукаш няўпору

Ўчора

Задрамаў.

На хвоі кат пятлю трымае

І Лукаша чакае.

 

«Айчына родная,

Гаротная,

Ты на сваім вяку

Не ведала такіх пакут.

З тваіх вачэй

Я слёзы вып’ю сэрцам.

Сыны, хутчэй

Ратуйце Беларусь ад смерці!

 

Прынеслі каты дрот

Калючы,

Зашыць каб дзеду рот.

«Ах, як балюча!..»

Цярпенні, мукі.

Не просіць дзед спагады,

А каты рады:

Скруцілі дзеду ногі, рукі

І да хвоі з усёй сілы

Ланцугамі прышчамілі.

«Моц святая!

Мяне фашысты не паставяць

На калені.

Свайго сумлення

І Радзімы не прадам!

Сасонка, слёзы дзеду вытры,

Абнімі галлём сваім

І раскажы усім,

Што бачыла ў бары,

На гэтай ты гары.

 

Няхай шалёныя кусаюць,

Не здамся я,

Зямля мая!

Якім трывалым быў

Іван Сусанін,

Сягоння буду я такім.

Хай ведаюць вякі!»

 

5

«Мы з ім для пробы

Зараз тое зробім,

Чаго не бачылі на свеце

Ні бацькі, ні дзеці:

Пажарам бор засвеціць».

 

Як матка над знябытым сынам,

Вярба схілілася на грэблі.

Асіны

Горна галасілі,

Пакідалі дзеда сілы.

Пчала

У вулей не ляцела,

Не пахлі мёдам соты...

 

Муціцца памяць пачала,

Смылела цела,

Нылі рэбры.

Фашысты панагрэблі

Шыльніку сумёты;

Сярнічку падаткні —

І захлынешся ў дыме і агні.

 

Каля бору

Ходзіць гора.

Сівы Лукаш

Апошні раз

Акінуў даль вачыма.

«Хачу абняць цябе, мая Айчына,

Савецкая Радзіма,

І не ў моцы

Вырваць рук я з ланцугоў...»

І раптам шугануў агонь,

І дым падняўся хмарай,

І абдало пякельным варам.

Ахоплен бор і дзед пажарам.

 

Устрапянуўся бор,

Зайгралі трубы збор

Ад Мінска да Пружанаў,

Ад Полацка да Гомеля;

Дарогі і шляхі

Ў народным гомане,

Расходзяцца кругі,

І хвалі б’юць у берагі.

 

Пачула Беларусь.

З усіх бакоў,

З усіх канцоў зямлі

Разгневанай ракой

Між хвой, дубоў, ялін

Народ бяжыць

Пажар заліць

З азёрнага каўша,

Уратаваць і бор, і Лукаша;

Каля скрыжованых дарог

Зваліць

Фашыстаў з ног,

Зямлёй гарачаю прыкрыць;

Народнай помсты меч загартаваць

І адвастрыць,

Каб не згінаўся ён ад болю

І не крышыўся,

Не тупіўся

Болей.

 

Палае полымя

Над баравымі хвоямі,

Высокімі і гонкімі,

Над ёлкамі —

Гарачымі мяцёлкамі.

Шыбае скрозь,

Няма ратунку, выйсця!..

Сквірчыць у засені

Дубоў, бяроз,

І клёны, ясені

Скідаюць лісце

У агонь.

Ядловец скурчыўся, прысеў.

Падгор’е, Азярышча, Блонь,—

Як на далоні ўсе,

І нават Мінск відаць.

Здаецца, сіліцца устаць

З руін

І Лукаша, і бор абараніць.

Агонь над хмарамі шыбае,

Сарваў лісты з зялёных шат.

Ад пажару

Нават звер не ўцёк.

З карэнняў сок

Цячэ пякельным варам.

Як пажар уціхамірыць?

З хваль азёрных цёмнавірых

Выплывае

Хмара

Палавая.

З хмары лівень

Хлыне-хлыне!

Лівень родны, любы

Ратаваў ад згубы,

Ліў, як з луба,

Спорны, прыткі —

Ўсё часцей,

Гусцей,

Прамачыў да ніткі

І дабраўся да касцей.

 

Ў бліскавіцах з громам

Згасла полымя над борам,

Знік пад небам зорным

Смутак чорны.

 

 

ЗАМЕСТ ЭПІЛОГА

Гісторыя дапіша сказ,

Як ушанован быў Лукаш,

Як прагрымеў святы салют

Над абгарэлым борам тут,

Як вольным стаў народ ізноў

І ў родны дом сабраў сыноў.

 

Іду хаджалаю пуцінай

Да запаветнае мясціны

Аддаць пашану партызану.

Іду, шуміць зялёны хвойнік,

І Лукашу — між хвоек помнік.

Лагоднымі і добрымі вачыма

Глядзіць ён на сваю Айчыну,

Любіў якую гэтак моцна.

Руку прасцёр на ўсход, да сонца,

Адкуль прыйшло уратаванне

У ліпеньскае ранне.

На галаве ў яго вянок хваёвы,

І коцяцца радзімай песні словы:

 

Полім і матычым

І дубкі, і клёны.

Кожны выжыў, кліча

І шуміць зялёны.

 

Вецер хмарку гоніць,

Ў небе дзве вясёлкі.

Цёплы дожджык поіць

Маладыя хвойкі.

 

Родныя, расціце

Ўсё вышэй угору.

Весела шуміце

І не знайце гора.

 

Выгналі упору,

Больш не прыйдзе, годзе.

Каля бору, бору

Наша радасць ходзіць.

 

Полім і матычым

І дубкі, і клёны.

Кожны выжыў, кліча

І шуміць зялёны.

 

1957 г.


1957

Тэкст падаецца паводле выдання: Пушча Я. Збор твораў. У 2 т. Т. 2. Вершы. Паэмы. Пераклады. Крытычныя артыкулы 1930-1963.- Мн.: Маст. літ., 1994.-462 с., [4] л. іл.
Крыніца: скан