epub
 
падключыць
слоўнікі

Язэп Пушча

На Бабрыцы

І
ІІ
ІІІ
IV
* * *


 

І

 

Каля вёскі Баравіцы

З светлай, чыстае крыніцы

Бегла рэчанька Бабрыца

У імклівы, светлы Нёман

Пад зялёны гоман клёнаў.

На Бабрыцы той увосень,

Калі поплаў чыста скосяць

І асенні дождж марусіць,

Сее часта, як у сіта,

Адпачыць любілі гусі

Усёй сваёй гусінай світай.

Узляталі, гагаталі

Па-над хваляй, па-над вірам,

Адлятаючы у вырай.

А зімой пад снегам-пухам

Пульс яе Мароз-дзед слухаў.

Пад пахілаю вярбою

Біўся пульс жывой вадою.

А вясною, у разводдзе,

Крыгі ходзяць-карагодзяць.

У разводдзе, у паводку,

Чаўнакі і нават лодкі

Наўздагонкі, ўперагонкі

Плешчуцца на хвалях сініх

Пад вясёлы крык гусіны.

Ўлетку рэчанька святлее,

Быццам песня, хвалі льюцца,

І гарлачыкі-лілеі

У поўдзень сонечны смяюцца.

А баброў у вечар сіні

Лозы, вербы і асіны

Запрашаюць шумам лісцяў

На зялёны бераг выйсці.

Колькі чыстае вадзіцы

Ні насіце, ні бярыце,

Наша рэчанька Бабрыца

Не мутнее, не мялее,

Толькі хваляй весялее.

 

ІІ

Працавітыя бабры,

Плытагоны, цесляры,

Уставалі на зары,

Бралі пілы, тапары,

З самай ранняе вясны

Адыходзілі яны

На будоўлю і на сплаў.

Вецер хвалі ціха слаў

І павольна гнаў плыты,

Промень сонца залаты

Усміхаўся праз кусты.

 

На Бабрыцы трэск і стук:

Сотні лап — калматых рук

Не паціху, не памалу

Плыт за плытам па каналу

Асцярожна ўніз спускалі,

Не наскочыў каб на скалы,

Не засеў бы на адмелі,—

Словам, гнаць плыты умелі.

 

Кіравалі, рулявалі —

Толькі гойдаліся хвалі.

Не пужаў ні вір глыбокі

І ні стрыжань сінявокі.

У сплаве лад бабры вялі,

І плыты плылі, плылі.

 

У плаціну на хаду

Ўпоперак, не ўздоўж ракі,

Спрытныя бабры кладуць

Дуб дзябёлы і цяжкі,

Каб ні хвалі не размылі

І ні крыгі не разбілі.

 

Працавалі талакою;

Толькі гоман над ракою.

У баброў — адзін за ўсіх,

Як за родных, за сваіх,

А усе — за аднаго,

Як за роднага, свайго.

Многа сіл бабры паклалі,

Ды плаціну збудавалі.

 

Вырасталі ўвесну хаткі.

Колькі спрыту і здагадкі

Ў бадаўніцтве на Бабрыцы,

Каля вёскі Баравіцы!

 

І не з выспы, і не з крыгі

Бервяно любое мігам

На сваіх гарбатых спінах

На сцяну бабры ускінуць.

І, трымаючы абапал

У сваіх цяслярскіх лапах,

Так пазы, вуглы падгоняць,—

Толькі стукні, так і звоняць.

 

Бервяно упол абняўшы,

Падае каманду старшы:

 

Яшчэ раз!

Гурт у нас,

Дружны лад

Ў сорак лап!

 

Яшчэ два!

Ход давай,

Падымай,

Лад трымай!

 

Яшчэ тры!

Упол бяры,

І глядзі,

І кладзі!

 

Дапасуй,

Падгані,

Не сапсуй

Ані-ні!

 

Яшчэ раз!

Лясь і плясь,

Вось якраз —

Паз у паз!

 

Покуль хатка, процьма зборкі:

Ставяць кроквы у распоркі

І рашэцяць — толькі рэха

Над Бабрыцаю і далей

Коціцца па сініх хвалях.

Гнуць пруткі і крыюць стрэхі.

Колькі радасці, уцехі!

 

Пар не менш, не больш за дзесяць

Лапамі глей топчуць, месяць

І тынкуюць глеем сцены

У святліцы і у сенях.

Да работы здатны, сквапны:

Беляць крэйдай, беляць вапнай,

Гэтак спрытна, гэтак складна.

 

Будавалі чыста, гладка,

І расла за хаткай хатка

Для малых і для дарослых,

Аж усім было зайздросна.

 

Ясны месяц над Бабрыцай

Плыў і паглядаў навокал.

Хто сягоння весяліцца,

Бачыў зверху ясным вокам.

 

На Бабрыцы, светлай рэчцы,

Уваходзіны у хаткі.

Радасць у баброў на сэрцы,

Плешчуць лапамі у ладкі.

 

 

ІІІ

І пайшла, пайшла бяседа

Ад суседа, да суседа.

 

З хлебам-соллю сустракалі

І паклоны нізка клалі.

Запрашалі, частавалі,

З песняй з-за стала ўставалі.

Тую песню хвалі неслі

Над Бабрыцаю-ракою.

Не расстацца век з такою!

І кацілася павольна

Ў свет шырокі і раздольны.

 

Госці з лесу, госці з рэчкі.

Ўсіх чакаюць нецярпліва.

На плаціне Міша крэкча:

Хоча мёду, хоча піва.

Каля Мішанькі таўстога,

Быццам козачкі ля стога,

Увіхаюцца Лісіцы,

Рыжаватыя сястрыцы,

Ўсім вядомыя хітрыцы,

Каб спіхнуць яго з плаціны,

Каб заблытаўся у ціне

І спазніўся на гасціны.

 

— Пакупайся, Міша, з намі.

Мёд на дне Бабрыцы ў збане.

Мы яго табе дастанем,

Пакупайся, Міша, з намі!

 

Бухнуў Міша у Бабрыцу —

Памуцілася вадзіца.

Не знайшоў ён збана

Там з духмяным мёдам.

«Ой, пагана! Як пагана!

Сорамна перад народам».

 

Міша з рэчкі вылез ледзь,

Бо вядома ўсім — мядзведзь.

 

Лось ідзе, здалёк рыкае,

Трошкі пройдзе, пачакае,

Бо за ім — яго Ласіха.

Ён рагамі, як рукамі,

Голле расхінае ціха.

 

А за імі з доўгім лычам

Дзік ідзе і жонку кліча:

— Хру-хру-хру!.. Хру-хру-хру!..

Жалуды усе збяру

І нікому не пакіну:

Жалуды смачней мякіны.

 

Ўсе дазналіся, пачулі

І Бабрыцу адшукалі.

Зайцы шэрыя, Казулі

З лесу-бору прыскакалі.

Нават час спадручны выбраў

І Бабёр з васпаняй Выдрай,

І прыйшлі з свае сялібы,

Каб адведаць свежай рыбы.

 

Толькі Воўк адзін сярдзіты

Не пайшоў:

нібы часу не знайшоў.

— Не хадзі ты, не хадзі ты,—

Ён наказ даваў Ваўчысе,—

На мяне глядзі, вучыся.

Барана не будзе, мусіць,

А скакаць і выць прымусяць.

 

Пачастункі, падарункі

Госці ўсе з сабой прынеслі.

З лісцяў лёгкія карункі

Развяваліся ў дзень весні.

Над Бабрыцаю ні хмаркі.

 

Адмысловыя кухаркі

Рыхтавалі госцям стравы,

Каб былі да смаку, густу.

Для Мядзведзя — мёду лусты:

У цукровых смачных сотах

Спеюць ягадкі-суніцы,

І у сне так не прысніцца.

З’есць з вялікаю ахвотай

І абсмокча нават пальцы

На сваёй касматай «лапцы».

 

Для Лася і для Ласіхі —

Для гасцей рахманых, ціхіх —

Хвораст крохкі і крамяны,

Нават крышачку румяны.

 

Для Зайцоў — пупышкі ў соку

На галінках, на высокіх.

 

А Лісіцам — госцям рыжым —

На талерцы срэбнай пеўня.

Дачыста з’ядуць, абліжуць

Ды яшчэ папросяць, пэўна.

 

Дзіку з жонкаю Дзічыхай —

Жалуды ў дубовай вазе.

Дзік зарохкаў жонцы ціха

І чакаць прылёг пад вязам.

 

А Бабру з васпаняй Выдрай —

Акунькоў жывых на блюдзе.

Кухар-шэф ім гэта выбраў,

Ведаў: сорамна не будзе.

 

Пачастункі і ласункі,

Нават абаранкі з макам.

Горы цэлыя прысмакаў!

 

 

IV

Там сталоў не накрывалі.

Пачастункі асцярожна

Расстаўлялі, раскладалі

На траве ўсё больш мурожнай,

На абрусе, на зялёным,

Пад шатрыстым дубам, клёнам.

 

Абышлося без прамовы.

Запрасілі шчырым словам

Частавацца, завіхацца.

Хопіць ежы і да ежы.

Веяў з рэчкі подых свежы.

 

Хто хапае, а хто ліжа.

Без відэльцаў і без лыжак

Бралі тое, што зручней,

Што па густу, што смачней.

Кожнаму ў сваім карытцы

Можна сёрбаць, можна рыцца.

 

Па Бабрыцы беглі хвалі,

Зелянелі травы, руні.

Госці доўга балявалі,

І прысеў Мядзведзь за струны.

 

Граць пачаў ён на цымбалах,

Хоць не так ужо і ўдала,

Але слухаць было можна.

Граў пакуль ён асцярожна

І пакуль не так знябыўся.

А як толькі з нотаў збіўся,

Лапай рэзнуў як папала —

Раскалоліся цымбалы.

 

Госці, ўзяўшыся у бокі,

 

Не спынялі свае скокі,

Запрашалі ў круг шырокі.

Словы ў песню укладалі

Мілагучнымі ладамі:

 

— Ой, Ласіха! Ой, Ласіха!

Не глядзі, што Лось твой ціхі.

Паглядзі, як скачуць ногі,

Аж трасуцца мае рогі.

 

— Лось мой зграбны, Лось мой статны,

Да работы, скокаў здатны.

Ад цябе я не адстану

Сваім тонкім, лёгкім станам.

Я не ведаю знямогі,

Падхапі мяне на рогі!

 

— Ой вы, Ліскі, мае кумкі,

Вечар блізка, звяжам клункі.

Пойдзем, знойдзем свае струны

За плацінай, каля пуні.

 

— Ой, кумок, мок ты, мок,

Не сагрэцца, зябне сэрца.

Дзе ж твой мёд, хоць без сот?

— Пад плацінаю, у збане,

Аж дагэтуль казку бае.

 

— Ты гатова вочы выдраць,

Як табе і дагадзіць?

І чаму з васпаняй Выдрай

Мушу ў госці я хадзіць?

 

— Што я чую? Вось дык словы!

Пэўна, гэта не Бабровы.

Прыкра быць са мною разам.

Ці ты хворы, ці ты блазан?

 

— Паглядзі які.

Хто такім зрабіў?

Белыя клыкі,

Сам увесь рабы.

 

— Сук зламаўся крохкі

На сваю бяду.

Рохкай, Дзік мой, рохкай,

За табой іду.

 

— Як жа не смяяцца

І табе і мне:

Скачуць, скачуць Зайцы,

А Зайчыхі — не.

 

— Спрытныя Казулькі,

Не саромце нас...

Ручаёк забулькаў,

Час дахаты, час.

 

 

* * *

На ўваходзінах я быў,

Аж дагэтуль не забыўся,

Мёд і квас салодкі піў,

Весяліўся, не знябыўся.

 

Не дагнаць Бабру Лася,

Вось і казка наша ўся.

 

Кастрычнік, 1958 г. Дом творчасці

«Каралішчавічы».


кастрычнік 1958

Тэкст падаецца паводле выдання: Пушча Я. Збор твораў. У 2 т. Т. 2. Вершы. Паэмы. Пераклады. Крытычныя артыкулы 1930-1963.- Мн.: Маст. літ., 1994.-462 с., [4] л. іл.
Крыніца: скан