Звары, падай, пасуду вытры,
ды прыбяры, ды падмяці...
Мой князь Алег,
мой княжыч Дзмітры
пануюць здорава ў жыцці!
Адзін на службе ўсё слаўнее,
другі - у доме важны чын.
А я, княгіня Аўдакея,
падданая
сваіх мужчын...
Мне ўсё - не час, мне ўсё - не доля.
Мне і рабіць, і добра дбаць
пра вотчыну,
пра тое поле,
дзе ім
араць
і ваяваць.
Маёй дынастыі патрэбна
яшчэ служыць, куды ні кінь...
Лічу, што гэта не ганебна
мне, найруплівейшай з княгінь!
1963