epub
 
падключыць
слоўнікі

Ёган Вольфганг Гётэ

З трагедыі «Фаўст»

Aus: Faust

Пераклад зроблены з выдання: Goethe, J.W. Gedichte. Eine Auswahl. Hrsg. von Stefan Zweig. Leipzig: Reclam, 1976. Goethe, J.W. Gedichte. Moskau: Progress, 1980. Goethe, J.W. Römische Elegien. Verlag der Nation Berlin, 1956. Goethe, J.W. Faust: Urfaust. Faust I und II. Paralipomena. Goethe über «Faust». Aufbau-Verlag Berlin und Weimar 1971

Прысвячэнне
  1
  2
  3
  4
Маналог Фаўста
Хор вучняў
Хор духаў


Прысвячэнне

 

 

1

Вы зноў са мною, дарагія здані,

Зноў вабіце ў мінулае мой зрок,

Яно мне мроіцца, нібы ў тумане,

Але ці здольны я на дзёрзкі крок?

Ці мне даступны вашыя ўладанні?

Смялей плывіце да мяне здалёк —

Сустрэча з вамі абуджае штосьці

З былых надзей, з парываў маладосці.

 

2

Юнацкіх дзён вы асвяжылі краскі,

І вось я ўгледзеў колішняе зноў,

Перада мной цяпер, нібыта з казкі,

Паўстала дружба, першая любоў,

Успомніў скруху зноў я, слодыч ласкі

І тых з маіх няўдачлівых сяброў,

Хто, шчасце ловячы, растраціў сілы

І ўжо не вернецца назад з магілы.

 

3

Майго не ўчуюць голасу ніколі

Сябры, якіх калісь мой лашчыў спеў, —

Распаўся цесны мой гурток паволі,

Які мяне так добра разумеў.

Сярод чужых я — птушачка ў няволі,

Іх воплескі страшнейшыя за гнеў —

А тых, каго я часта цешыў лірай,

Няма са мной, даўно зляцелі ў вырай.

 

4

І зноў душа мая нястрымна рвецца,

У край маўклівых вобразаў імкне,

І ціхі шэпт няяснай песняй льецца,

Ўтуруючы эолавай струне;

Хоць душаць слёзы, страх сціскае сэрца,

Але пяшчота грудзі грэе мне.

Што маю — мроіцца нібы здалёку,

Што страціў — тое зноў навідавоку.

 

Маналог Фаўста

 

О, гукі божыя магутнасці, лагоды,

Навошта прыляцелі вы ў закутак шэры?

Лунайце там, дзе ёсць пачуцці згоды —

Я чую вестуноў, але не маю веры.

Усякі цуд — ёсць веры любае дзіця.

Я не магу ўзляцець у тыя сферы,

Адкуль гучыць прызыўны кліч жыцця;

З маленства мне знаёмы гэты звон,

І сёння зноў мяне чаруе ён!

Хацеў я ўпіцца пацалункамі нябёс,

Суцішыць плоць у засені суботы,

І вось парушаны мае турботы:

Званы мне прадказалі іншы лёс —

Сум непазбыўны па гарачым леце,

Лугах у россыпе крыштальных рос,

І праз смугу нявыплаканых слёз

Угледзеў я сябе ў інакшым свеце.

Ўва мне раптоўна песня абудзіла

Юнацкай радасці паток,

І неадольных успамінаў сіла

Цяпер загубны стрымлівае крок.

Я плачу! Дык гучы, хвала харала!

Зноў да зямлі мяне ты прыкавала!

 

Хор вучняў

 

Дух яго й цела

Узнёс Гасподзь.

У неба ўзляцела

Крылатая плоць.

Цудам нябёсы

Ты акрылі!

Горка нам слёзы

Ліць на зямлі.

Мы астаёмся

Тут у журбе.

Божа, імкнёмся

Мы да Цябе!

 

Хор духаў

 

Знікні, сыдзі ты,

Морак скляпення!

Неба блакіты,

Клічце ў эфір!

Прэч пранясуцца

Хмары, завеі,

Зоры ўсміхнуцца.

Хай нас сагрэе

Сонца і мір!

Духаў чароды,

Снуйце заўсёды,

Песні спявайце,

Лётайце, грайце,

Чмур навявайце!

Воблакаў шаты

Духам крылатым

Звесьце на хаты.

Мірныя хаты

Краю людскога,

Раю каханых

Шчасцем абраных

Выбранцаў Бога!

Вінныя гронкі

Кіньма ў сасуды!

Хай сок салодкі

Пырскае ўсюды —

Поўняцца плыні

Сокамі тымі;

Льецца струменне

Цераз каменне,

Мыючы тыя

Кручы святыя.

Плыні кідаюць

Стромкія горы,

Плыні ўпадаюць

Плыўна ў азёры.

Там ля падножжа

Кветкі прыгожа

Завадзі ўкрылі.

Птушкі ў іх крылы

Гояць ад зморы,

Потым у горы,

К сонцу пад зоры,

К выспам у моры

Хутка ляцяць.

Бурныя хвалі,

Хвалі — каралі

Там зіхацяць.

Там нашы чары —

Ў песнях гуллівых,

Там нашы пары —

Ў танцах чуллівых,

Там нашы мары,

Нашы натхненні,

Нашы памкненні

І летуценні.

У пазахмар'і

Там наш палац!

Там вып'ем з рога

Кахання святога.



Пераклад: Васіль Сёмуха
Тэкст падаецца паводле выдання: Выбраная паэзія : пераклад з нямецкай / Ёган Вольфганг Гётэ. — Мінск : Зміцер Колас, 2016