epub
 
падключыць
слоўнікі

Юлі Таўбін

Лірычнае Хваляваньне

Так вечар прыходзіць лірычнаю зданьню,

Балядным героем — сьпявакам старым…

Лірычнае хваляваньне

Праходзіць, як вецер, па сэрцы маім.

Ўрачыстыя оды скандуючы, вербы

Схіляюцца каля варот

І шэпчуць: «Пішы без хлусьлівых гіпэрбал,

Пішы без узвышаных троп».

Паперу — на зэдлік… Пяро — на канапе…

Душа разагрэта вячэрнім агнём.

Трамвай праляцеў, як двухстопны анапэст,

І іскры дрыжаць за акном.

Я зь вершам праходжу жыцьцёвыя тракты,

Я зь вершам — і ў крозах, і ў сьне…

Харэі і ямбы, і пругкія дактылі

Заўсёды на варце ў мяне.

Мы пройдзем супольна і будзем змагацца,

Супольна зьбіваючы кожны рыф —

І стромкія сьцены алітэрацый,

І ўзгоркі клясычных рыфм.

Так вечар праходзіць, так сунецца раньне,

Змываючы з захаду грым.

Лірычнае хваляваньне

Заўсёды, як вецер, на сэрцы маім.


1929

Тэкст падаецца паводле выдання: Таўбін Ю. Выбранае. Мн., Выдавец Зміцер Колас, 2017.