epub
 
Падключыць
слоўнікі

Юлі Таўбін

Ліст

 

         Я. П. Мсціслаўль, 25.XII.1928

 

Марозны вечар паліць шчокі

У пешаходаў маладых...

Прастор начны, прастор шырокі

Ў вячэрніх колерах заціх.

 

Заход у бляску не ільсніцца...

Таполі - вартай векавой...

Званы з далёкае званіцы

Даносяць ціхі водгук свой.

 

Яшчэ снуюць па вулках людзі,

Яшчэ ліхтар начны не згас,

Але ўжо хутка, хутка будзе

Ўладаць усім паўночны час.

 

Хаджу па ціхіх скрыжаваннях,

Ўважаю кволы дальні звон,

І шалы вецер на спатканне

Наносіць снег на палітон.

 

Сустрэўся з нейкім на сутыку -

І цырымонія ізноў:

Ён прабачэнне мне прамыкаў,

А, бачна, вылаяць гатоў.

 

І вось дыхнула гэткай прозай,

Што забываюцца зусім

І чары п'янага марозу,

І хараство пякнейшай з зім.

 

І вось яшчэ спяяна песня.

І аднаго б цяпер хацеў,

Каб у далёкае Палессе

Мой ветлы голас даляцеў.

 


25.12.1928

Тэкст падаецца паводле выдання: невядомае
Крыніца: невядомая

Беларуская Палічка: http://knihi.com