epub
 
Падключыць
слоўнікі

Юлі Таўбін

«Люблю я край, дзе вечары...»

 

Люблю я край, дзе вечары

Ў далёкім небе сцелюць столкі

І промні ранішняй зары

Вітаюць юныя пасёлкі.

 

Там дымнай заніззю палі

Не будуць звіты і затканы,

Там буры-ветры размялі

Сляды забытага кургана.

 

Цвітуць сады... Сінее высь...

Бруіцца зорнае насенне...

Як добра будзе тут калісь

Зарыцца з галавою ў сене!

 

Ці пад няўпынны зорны бег

У неабсяжным сінім глянцы

Раскласці вогнішча-начлег

Ля стромкіх сосен на палянцы.

 

Калоссяў спелых сумны звон

Супыняць людзі, бы асілкі,

І прынясуць ім буйны плён

Зубцамі жорсткімі касілкі.

 

А потым прыйдзе лістапад, -

І восень смуглая угледзіць,

Як будзе вецер лашчыць сад

І граць на яблынькавай медзі.

 

Ах, гэты край нізін і круч,

Равы, суглінкавыя пашы...

Табе ў адзнаку - «Беларусь»

Надалі назву продкі нашы.

 

Люты, 1928, Мсціслаўль

 


люты 1928

Тэкст падаецца паводле выдання: невядомае
Крыніца: невядомая

Беларуская Палічка: http://knihi.com