epub
 
Падключыць
слоўнікі

Юлі Таўбін

«Мой махнаты Дунай б'е хвастом ля парога...»

 

Мой махнаты Дунай б'е хвастом ля парога,

На прыганку завіўся пукаты гарох...

За парканам удаль пралягае дарога,

А за даллю ёсць многа прыгожых дарог.

 

З тых дарог ёсць адна - вілаватай хадою

Мне з дзяцінства блукаць па ёй вырашыў лёс...

Буду доўга хадзіць я сцяжынкаю тою

Пад прывабным і чыстым люстэркам нябёс.

 

Пройдзе многа гадоў... Будзе гожага многа...

Я вярнуся спачыць пасля цяжкіх дарог...

Будзе зноўку Дунай біць хвастом ля парога

І спадаць на прыганак пукаты гарох.

 

23.07.1929, м. Самацеевічы

 


25.07.1929

Тэкст падаецца паводле выдання: невядомае
Крыніца: невядомая

Беларуская Палічка: http://knihi.com