epub
 
падключыць
слоўнікі

Юлі Таўбін

Сірано дэ Бержэрак

 

Імжа, імжа засцілае свет,

Размыты дажджамі тракт...

З разбітаю лютняй ідзе паэт

Сірано дэ Бержэрак.

 

Жыццё неўзаметку, як дым, прайшло...

Пакінута недзе труна...

Ніхто не частуе яго даўно

Бадзёрай бутэлькай віна...

 

Гадоў кавалькады ніхто назад

Не можа адкінуць бег...

І месяц смяецца, як тлусты абат,

Над торбай паэтавых бед.

 

Імжа, імжа засцілае свет,

Як смерць васпяны барак...

З разбітаю лютняй ідзе шкілет -

Сірано дэ Бержэрак.

 

Ён песні старыя заводзіць свае,

Ступіўшы на мой парог,

І вось ён гэткую песню пяе

Каля маіх варот:

 

«...Я шмат даведаўся, шмат пазнаў,

Я жыў, як жыве менестрэль.

Пакуль не падрэзалася струна,

Не ўклала ў труну дуэль.

 

За мною з палаца імчалі ганцы,

Я шпагаю іх калоў...

І ведаў я многа прыгожых жанчын,

А болей - прыгожых слоў.

 

Я спаў у труне колькі соцень год,

І мне абрыдзеў спакой...

Я ўстаў і стукаю ў дошкі варот

Параненаю рукой.

 

...Пусці, пусці мяне, брат паэт,

Я дужа прыстаў і знямог,

Бо гэтак многа змяніўся свет,

І ўсё патанула ў вякох.

 

Я ўбачыў - паэты цяпер ужо

Не чуюць гармоніі слоў.

Яны хаваюцца ад дажджоў

За тарчай пісьмовых сталоў.

 

Шмат свет наш ведаў ганебных плям,

Але мы паэты былі,

А тут паэт укладае план

Сваіх празаічных былін.

 

...Пусці, пусці мяне, брат паэт,

Я хутка навек засну...

Пакіну жахлівы, як воспа, свет

І лягу ў сваю труну...

 

Вось ранне зганяе далёкі туман...

Пусці мяне, любы, - так

Яшчэ не прасіў паэт-дуэлянт

Сірано дэ Бержэрак...»

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .

 

Туман расплываецца над зямлёй,

Тчэ сонца агністы шнур.

З дакорам глядзяцца на мой пакой

Вочы старых гравюр...

 

У іх традыцыйны гарэзны пагляд...

І лютня цераз плячо...

Іх вырвала з кнігі два дні назад

Нажа майго лязо.

 

Я кідаю выклік і гавару

Саратнікам на сцяне:

«Вы толькі калегі мне па пяру,

Але па настроях - не!

 

Даўно адышлі вашы дні ў нябыт,

Даўно пазабыў вас свет...

Аддайце на могілкі ваш кандуіт,

Пане заштатны паэт!

 

Сягоння паэт -

                зусім не такі...

Асобны гатунак і ранг...

Ніколі ні ад чыёй рукі

Не меў я дуэльных ран.

 

Адзіная зброя мая - гэта кій,

Што сёлета ў Крыме купіў,

Але я не з роду кудлатых віцій,

І з іх я заўсёды кпіў.

 

Я ведаю цвёрда, каму я пяю,

Якім навальнічным гадам,

І песню -

       найлепшую зброю сваю -

Я класу свайму аддам.

 

А зараз, калі прыгадаў я вас,

Дык гэта толькі так...

Бо змёў тваё імя ўсеўладны час,

Сірано дэ Бержэрак!»

 

28.11.1929-20.10.1930, Менск

 


28.11.1929-20.10.1930

Тэкст падаецца паводле выдання: невядомае
Крыніца: невядомая