epub
 
падключыць
слоўнікі

Юлі Таўбін

З нізкі “Смерць”

Калі я буду паміраць

і рабіцца дакучным целам...

А я хачу, каб гэта было ня хутка, – таму

Я цяпер хачу жыць, жыць, –

жыць жыцьцём, аднаму мне зразумелым,

Жыцьцём, уласьцівым толькі мне аднаму.

Бачыць, як сонца сьмяецца на брудным акне,

Акунаць сваё цела ў халодныя ўлоньні рэчак,

Плысьці на моры ў рыбачым чаўне,

Хадзіць па полі сярод цнатлівых грэчак.

Я хачу спатыкаць сяброў і таварышак,

маладых і сталых;

Хачу даверлівых жаночых пацалункаў

і моцных поціскаў мужчынскіх рук,

Каб адчуваньне жыцьця ніколі мяне не пакідала, –

Поўнае і шматкаляровае,

як вясёлкавы паўкруг.

Я хачу наведаць аграмадныя гарады,

Далёкія краіны з мовамі чужымі, –

Я хачу,

каб сьвет

паветра,

сухазем’я

і вады

Жыў,

дрыжаў

у кожнай, самай дробнай маёй жыле.

Каб мяне хвалявалі

страты, здабыткі, разьвітаньні і стрэчы,

Каб я мог сказаць пра сябе:

«Я жыў, пакуль тэрмін мой не прайшоў...

Каб мяне праціналі сваёю магутнасьцю рэчы

Блізкіх маіх спадарожнікаў-таварышоў.

Хачу

жыць,

падаючы,

але не занепадаючы.

Высока паднятым сілай часоў,

здабыць сталае месца на гале зямной.

Ведаю свае заганы.

Але гэта – мая задача.

Мне –

дваццаць першы год.

Жыцьцё ня за, а перада мной


1932

Тэкст падаецца паводле выдання: Таўбін Ю. Выбранае. Мн., Выдавец Зміцер Колас, 2017.