epub
 
падключыць
слоўнікі

Юрась Свірка

Яшчэ раз пра маці

Яна заўсёды на сябе ўсё брала,

Каб толькі дзецям болей адпачыць.

Палола, жала, ткала, абшывала

І пазычала дня яна ў начы.

 

За ёй ішлі мы і вясной, і ўлетку,

Дапамагалі, як маглі не раз.

Яна ж казала: «Адпачніце, дзеткі,

Я спраўлюся з работаю без вас.

 

Няхай зязюлька вам гадоў наліча,

Не гнуцца вам патрэбна, а расці.

Калі мне будзе цяжка, я паклічу...»

Ды кліч той не пачулі пры жыцці.

 

Было вясною неба без аблокаў,

Блакітнае - як хочацца зірнуць!

Яна плыла у вырай свой далёкі,

Адкуль ніякім крыкам не вярнуць.

 

Прыеду, пастаю каля пагорка.

Цвіце даўно не першая вясна.

На сэрцы і балюча мне, і горка.

Яна і там спрауляецца адна.

 

Перад вачыма роднае аблічча,

Яно адводзіць хмары і бяду.

Яна пакліча, ведаю, пакліча,

І я пайду, як верны сын пайду...

 


1960-1980?

Тэкст падаецца паводле выдання: невядомае
Крыніца: невядомая