Лязгнула лёза аб лёза. Жалеза жалезу насустрач. Цёплай крыві лізанула б - як хлопец дзявочых вуснаў.
Лізнуўшы ўсмактала б у цела, шукаючы ў сэрца сцяжыны. Згусткамі чырвані рдзела б - бы хлопец у абдымках дзяўчыны.
Смерць янычару - не гроза. Іскрыцца лёза аб лёза. Прэ ўперад лава пяхоты. У адзін згібаецца лук. З-пад войстрых шаломаў адно быццам пяліцца вока. Тысячай шабляў тнець меч Прарока. Наперад! Назад ні кроку! Ірвуцца з дзікай ахвотай - бы ў спотыкі палкіх пяшчотаў.
Сінявокія ды бялявыя. Мацярок хрысціянскіх сыны. Паўмесяцам узгадаваныя - у бок Каабы адбіваюць паклоны. Яны - мурам ісламу. Яго плячом ды вокам. Гатовы ў хвалу Прарока душыць, і сясцёр і братоў.
Адна ўзнагарода за гэта. Адна ў янычара ёсць мэта. У бітву ісці - як на свята. Прыняць смерць - з рукі кроўнага брата. І верыць - што блуднага сына ўтуліць на сконе айчына. Бо здраднікаў нават за гэта не бяруць у рай Мухамеда.