epub
 
падключыць
слоўнікі

Юрка Геніюш

Успомні

Здараецца пад восень, - нанова зацвітае бэз... Чаму і адкуль - вазьмі ды адгадай.

Як выбух радасці ў адчаі беспрасветным, - мала таго, што сёння лістапад.

Дзіцячым смехам буйна заіскрыўся, расой духмянаю асеў на ламаччы, званочкамі ўсё разбудзіў наўкола.

Птушкам голас вярнуў, уваскрэсіў у сэрцах бой, ізноў на свеце май, і вірам пайшла кроў, у вачах бадзёры бліск, сцяліся кулакі і лёгкім здаўся шлях, дарога ў нікуды, - хочацца жыць.

Калі здаецца - усяму канец, ногі, хоць у ботах, ужо толькі босы пакідаюць след ды кожны крок крывёю значыць. Неба імглою зайшло, вусны спёкай гараць, карак сагнуты дугой восень потам зліла, прываліла глыбаю твой пратораны след і дарогу ўперад усю пяском замяла, і захочаш ты навек заплюшчыць вочы, - успомні, як бывае, нанова цвіце бэз...

Калі падняць, здаецца, бярэмя не пад сілу. Не цела а ануча, заперла ў лёгкіх дух, скруціла рукі, пад лыжачкай шчыміць. І ўсё ўжо прагніло, і ўсё заплеснявела, смяецца вораг, прыяцель прадаў, ды багна ўкола і помачы знікуль, а толькі здзек - успомні, як бывае, нанова цвіце бэз...

І голаў уздымі, і кроч далей - каб жыць!


1970-1985?

Тэкст падаецца паводле выдання: невядомае
Крыніца: невядомая