epub
 
падключыць
слоўнікі

Юрка Лявонны

«Ён прыйшоў...»

Ён прыйшоў,

Прыйшоў квяцісты травень,

Ахінуты ў белы футарал.

І на яблынях пялёсткавую навісь

Кінула шаўковая зара.

 

...Светлы мой! Мне сёння -

Цэлых дваццаць!..

Ну, а ты, здаецца, маладзей...

Мне так хочацца вясёла прывітацца

І з табою разам заірдзець!

 

Людзі ёсць... Глядзяць яны спадлоб'я.

Ты для іх -

Што хмарны лістапад...

Росквіт наш яны імкнуцца ўгробіць,

Павярнуць гісторыю назад.

 

З-пад каменняў ніцыя вужакі

Напаўзаюць, сеюць ліпкі сон...

Мы гаворым аб тых гадах:

- Гэта - накіп

На бліскучай грэблі нашых дзён.

 

Толькі марна, марна яны востраць

Па кутах іржавыя нажы;

Прамяністым шляхам

Пройдзем проста

Ў залатую, сонечную шыр!

 

Травень, травень...

Рассыпаеш гімны...

Па-вясноваму спяваеш у прастор...

Ашчапер мяне ты, неабдымны,

Пакажы зіянне чыстых зор!

 

1931

 

 

Каментары

 

Паводле выд.: Лявонны Ю. Выбранае. Мінск, 1960.

 


1931

Тэкст падаецца паводле выдання: Расстраляная літаратура. Менск, Кнігазбор, 2008
Крыніца: скан