epub
 
Падключыць
слоўнікі

Юрка Лявонны

Зімовая радасць

Ёсць настроі... А ў іх - пералівы.

Ёсць часіны - здаюцца сном.

Толькі той на свеце шчаслівы,

Хто узімку жыве, як вясной!

Я стаю адзінокі на полі,-

Ціха сыплецца золкаў пясок...

Распрануўся вецер - і голы -

Па раллі - ў карагодны скок!..

Дуб галлё пабялелае звесіў,

І не ведаю - можа, ўва сне -

Паваліўся зялёны месік

На калені ў срэбны снег...

Вецер шэпча ліхія пагрозы -

Колькі злосці... Куды ж яе дзець?..

Прытулілі б мяне вы, марозы,

Да асмужаных беллю грудзей!..

Я раздумаў - не вылью слязамі,

За мяне - хай скрыгоча зіма...

Ой ты, замець - сівая замець,-

Прыгажэй за цябе - няма!..

 

1924

 

 

Каментары

 

Паводле выд.: Лявонны Ю. Выбранае. Мінск, 1960.

 




Крыніца: Расстраляная літаратура. Менск, Кнігазбор, 2008.
Беларускі Кнігазбор: http://bk.knihi.com

Беларуская Палічка: http://knihi.com