epub
 
падключыць
слоўнікі

Юры Юркавец

Як я быў расістам...

Савецкая ўлада заўсёды вучыла нас любіць падняволеныя народы. Але асабліва яна вучыла любіць мурынаў. Я і любіў іх усім сэрцам, пакуль ня стаў студэнтам першага курса філялягічнага факультэта.

Кожную раніцу мяне будзіла гракатаньне там-тамаў, сьпевы негрыцянскага хора і воклікі невядомых мне экзатычных птушак - Дэвід на ўсю моц «урубаў» свой «Panasonic».

- Ты, што, аслупянеў, Дэвід? Шэсьць гадзін раніцы!

- Мнэ нэ хапае гукаў радзімы, Юрась.

У інтэрнаце ўніверсытэта савецкіх студэнтаў падсялялі да студэнтаў-замежнікаў, у асноўным тубыльцаў з развіваючыхся краінаў Азіі і Афрыкі. Лічылася, што сутыкаючыся зь ймі ў быце, мы будзем ненавязьліва прышчэпліваць ім нашыя сацыялістычныя каштоўнасьці. Так я трапіў да Дэвіда, і да болю знаёмае, столькі разоў пачутае на палітінфармацыях замежнае слоўца «апартэід» перастала быць для мяне пустым гукам і набыла рысы палахлівай рэальнасьці.

Цэнтральную і найвялікшую частку нашага пакоя займала раскошная канапа Дэвіда, з трох бакоў яе аздаблялі масыўныя шафы, якія адпаведна стваралі асобныя апартаменты. У гэтых апартаментах і вынаходзіўся, валадарыў чорны чалавек Дэвід О'Хара з Урганды. Я ж туліўся ля самых дзвярэй на адзіна пакінутым свабодным дробненькім пятачку, дзе з цяжкасьцю змяшчаўся мой сіроцкі жалезны ложак з панцырнай сеткай і малюпасенькая тумбачка з рэчамі. Муры аздоблівалі партрэты шмастайнай дэвідаўскай радзіны: бабулек і дзядулек, дзядзькоў і цётак, кузынаў і кузэнаў, якія дарэчы для мяне ўсе былі на адзіны мурынскі твар.

Дэвід ня быў лепшым прадстаўніком сваёй расы - гэткім атлетам з перакатваючыміся пад чорнай ільсьнялай скурай бугорамі мышцаў. Гэта была змарнелая істота з кароткімі, рахітычнымі крывымі нагамі, моцна выдвінутымі клубамі задніцы, запалай грудкай і таўшчэзнымі вуснамі-грыбамі. Такімі, з кальцом у носе, любяць маляваць дзікуноў-людажэраў нашы мастакі-карыкатурысты.

Сябе Дэвід лічыў арыстакратам (ён прыналежыў да кіруючай у іх краіне народнасці), мяне ж адносіў да плябеяў. Ён прымаў напышлівую позу:

- Мой бацька - асабісты кухар Яго Правасхадзіцельства. Ты будэш вясковым учытэлем, Юрась, а я буду міністрам культуры і эканомікі...

І зімой і летам у пакоі неперарыўна працавалі два калярыферы, якія накальвалі паветра да стану трапічнага пекла.

- Ня смэй адчыняць шыбу, Юрась, у мяне насмарк.

Я толькі разводзіў рукамі.

Адзін ці два разы на тыдзень Дэвід прыводзіў курваў. Звычайна дзвюх. Адной яму па нейкай там прычыне было малавата. Адна з курваў абавязкова напівалася ўшчэнт і сярод начы пачынала лезьці да мяне. Я імкнуўся заснуць пад бухтанне барабанаў і бессэнсоўны жаночы смех. «А гэтыя дзецюкі з ку-клукс-клана не такія ўжо і кепскія», - меркаваў я.

Звычайна посля такіх начоў я сядзеў на занятках з чырвонымі ад недасыпу вачамі, цьмяна што разумеючы. Лацінскія канчаткі на дошцы плылі і танчылі ў хараводзе. Мне хацелася толькі аднаго - спаць.

Аднойчы Дэвід прыцягнуў з камісыёнкі чыгунную выяву Ільіча вагой кілаграмаў гэтак з сем. Пакруціўшыся ў задуменьні па пакоі, ён уладкаваў яго на хліпкую паліцу над узгалоўем майго ложка. «Ён вельмі падобны на нашага галоўнага бога», - патлумачыў мурын.

Мала таго, што злавесны цень добрага дзедушкі па жыццю не давала мне дыхаць свабодна, зараз матэрыалізаваўшыся ў выглядзе чыгуннага балванчыка, ён пагражаў самому майму фізычнаму існаваньню. Кожны вечар, ратуючы свою галаву, я патаемна скідваў Ільіча на падлогу, але кожную раніцу Дэвід перацягваў яго назад на імправізаваны пастамэнт.

 

Існаваньне ў краіне «пабедзівшага соцыялізму» не было для Дэвіда мёдам, і ўсе крыўды знешняга наваколля ён спаганяў на мяне:

- Я зрабіў адкрыццё, Юрась.

- Якое, Дэвід?

- У Саюзе існуе расізм. Я быў у краінах капітала, нідзе, нідзе на мянэ нэ паказвалі пальцам, нэ называлы чарнамазым, «абіззянай», галавэшкай, нідзе нэ пхалі і нэ ціскалі ў транспарце, нэ цкавалі дзяцей, - казаў Дэвід, угнявана раздуваючы шырокія ноздры. - Вы ўсе расісты. Ты, Юрась, расіст.

У хуткім часе я знайшоў, што мая тумбачка выстаўленая ў «блёк», на яе месцы ў пакоі красавалася новенькая лядоўня менскага завода.

- Мэста толькі для белага, - вымавіў Дэвід і, задаволены сваім жартам, паплясаў далонню лядоўню па баку.

Я памятаў пра сваіх гаротных бацькоў (ды й на завод, кажучы па-праўдзе, вяртацца не хацелася) і доўга цярпеў гэткае дзікунскае зацятае ўшчамленне маіх чалавечых правоў, правоў белага чалавека. У рэшце рэшт мая цярплівасць трэснула і я падняў паўстаньне.

Неяк я вярнуўся з бібліятэкі змарнелы ўшчэнт, у мяне было адзінае жаданьне - прылегчы адпачыць. Але мяне чакаў сюрпрыз: на маім ложку сядзела дзябёлая рудая голая дзеўка. Жудасна прычмокваючы і шамкаючы, яна зацята жэрла макароны, запіваючы іх «бірам» з імпартовай бляшанкі. Яе бессаромныя сьвіныя вочкі глядзелі на мяне абсалютна абыякава, быццам я нейкі слуп ці дрэва.

- Ты ўвогуле хто?

- Я Галя.

- Ты, Галя, адкуль звалілася?

- Са «Сьвіслачы»...

«Сьвіслачь» - карчма, пабудаваная фінамі на беразе аднайменнай рэчкі, якая служыла месцам інтэрнацыянальнай студэнцкай тусоўкі, прыцягвала самых пратухлых мадамаў.

- ... Я сыйшла ад мужа, парэнь... Дэвід сказаў, што я магу пажыць у яго...

- Ты могла б апрануцца, Галя?

- Я не знайшла сваю «адзежду».

- Ты, што прыйшла так?

- А то я помню...

Гэта была апошняя кропля. Я паклікаў па дапамогу з суседняга пакою колішняга аднакурсніка Іванова, ужо з паўгады як адлічанага за «хвасты» і ціха прапіваючага парэшткі сваёй маёмасьці, і мы з адбуджана асалодлівым задавальненьнем сталі выцягваць шафы Дэвіда на гаўбец і кідаць іх надол з шостага паверха разам з яго барахлом, кнігамі і клапамі. Шафы падалі і раскалваліся з жудасным грукатам пад ухвалёнае пагалосьсе і крыкі шматлікіх назіральнікаў, якія абляпілі вокны суседскіх інтэрнатаў. Адзін, Два. Тры... Я хацеў было адправіць уздагон і партрэты чарнамазай Дэвідаўскай радні. Але племя мурынаў глядзела на мяне з муроў «прэзрыцельна» і ўнушальна, і я перадумаў.

У дэканаце я дэтальна намаляваў замдэкану ўсю сур'ёзнасць складзенай сытуацыі. Ён выслухаў мяне, пільна гледзячы паверх акуляраў, і потым нечакана лоўка для сваей кульгавасьці выскачыў з-за стала і прыняўся абодвума рукамі трэсьці мою далонь:

- Ну ты малайчына! Малайчына! Гэтыя замежныя студэнты ну зусім параспярэзваліся. Управы на іх няма. Даўно бы іх трэба паставіць на месца. Яны мяркуюць, калі яны плоцяць грошы, то могуць тварыць, што заўгодна...

Замдэкана адпустіў маю руку і закульгаў назад да стола.

- Ведаеш, у мінулым годзе мы падсялялі да гэтага Давіда пяцёх першакурснікаў - трох прышлося адлічыць, аднаго забралі бацькі, яшчэ адзін зараз лечыць псыхіку... Што рабіць з табой, я пакуль ня вырашыў... - Тут ён на ймгненьне задумаўся і з жалем дадаў: - На нашым факультэце так мала хлопцаў... Паспрабуй пратрымацца яшчэ месяц.

Вечарам таго ж дня мяне папярэдзілі: уся ўргандыйская хеўра сабралася ў нашым інтэрнаце. Ад іх можно было чакаць што заўгодна...

У холе на нашым паверсе было проста чорна - чалавек з трыццаць, ня менш, усё мурынскае племя. Яны моцна і ўзбуджана сварыліся паміж сабой, размахвалі рукамі. Яны пэўна прыйшлі помсціць беламу чалавеку...

Пад пудлівымі поглядамі сакурсніц я асуджана цягнуўся по калідору. Параўняўшыся з чорным гаманлівым натоўпам, незаўважаны нікім, я ціха прайшоў паміж іх. Зайшоў у пакой: Дэвід не звярнуў на мяне ніякай увагі. Не адрываючыся, ён пяліўся ў тэлевізар. Паказвалі выпуск апошніх навінаў: ва Ўргандзе адбыўся дзяржаўны пераварот, Яго Правасхадзіцельства зьвергнуты і пакараны сьмерцю, супраць яго паплечнікаў разгорнутыя масавыя рэпрэсыі, у сталіцы йдзе сеча. Камэра дрыжэла - аматарскія здымкі - і адрывіста фіксавала ўвагу: хвалямі кудысьці бягучыя натоўпы цемнаскурых людзей, пажары, мярцвякі на вуліцах горада, баец у камуфляжы, зацята плявузгаючы з калашнікава праз адтуліну ў муры, - кадры з разнастайных гарачых кропак планеты так засмучана падобныя адзін да аднаго...

 

Пасьля таго, што адбылося Дэвід моцна здаў, змарнеў. Нават здавалася, ён згубіў натуральны колер: яго скура з іссіня-чорнай ператварылася ў папялова-шэрую. Ён больш ня слухаў музыку, не размаўляў. Часамі моўчкі прасіжваў на сваей канапе, гледзячы ў адну кропку, або ўважліва слухаў па радыёсатэлітцы перадачы французскіх навінаў, якія падрабязна асвятлялі падзеі з колішняй калоніі. Ад былой пыхі не засталося й сьледу, гэта быў разгублены, пудлівы чалавек у чужой, варожай яму краіне, і яму трэба было вяртацца ў сваю - яшчэ больш варожую і небяспечную.

Мая злоснасьць на Дэвіда бясьсьледна зьнікла, па чалавечы мне яго стала шкада. Аднойчы ўвечар я ўзяў бутэльку гарэлкі і падсеў да суседа:

- Давай выпьем.

Дэвід не варухнуўся.

Я адкаркаваў бутэльку, разліў па шклянках вадкае зьмесьціва, нарэзаў хлеб. Чорная са сьветлай далонню рука пацягнулася да келіха.

Мы чокнуліся і моўчкі выпілі. Ды й аб чым было размаўляць?

Так жа моўчкі мы паўтарылі гэтую працэдуру яшчэ некалькі разоў і не заўважылі, як прыкончылі ўвесь «пузыр».

Раніцай я з'ехаў дадому на канікулы, а калі праз тыдзень вярнуўся, Дэвіда ўжо не застаў.

 

У наступны навучальны год мяне падсялілі да араба з Лібіі. Але гэта ўжо зусім іншая гісторыя...

 

Калі я чую з навінаў аб чарговым перавароце ва Ўргандзе, з трывогай думаю: як там мой Дэвід? Ці падняўся ён да вяршынь улады ў выніку палітычных катаклізмаў і атрымаў спрагнёны партфель міністра культуры і экономікі? Альбо апынуўшыся ў глыбокай апазыцыі, партызаніць дзе-нібудь у шырока раскінутых джунглях экватарыяльнай Афрыкі.

 

Ау, Дэвід! Калі выпадкова прачытаеш гэтыя радкі, накрэмзай пару слоў. Добра?


2000-2007?

Тэкст падаецца паводле выдання: невядомае
Крыніца: невядомая