epub
 
падключыць
слоўнікі

Юры Станкевіч

Паленпак

Дзень пачаўся пагана, а потым, вядома, усё так і пайшло. На досвітку ў халодную пракураную казарму грукатам ботаў уварваўся быкаваты апуцак-старшына і зароў:

- Трывога!

Мацюкаючыся, радавы Сяргей Каляда хутка сабраўся. Хутка таму, што пра трывогу і вучэнні ўсе даўно ведалі і, адпаведна, спалі апранутыя. Ён таропка накруціў непрасохлыя анучы, напяў на ногі мокрыя ж кірзовікі і разам з усімі кінуўся да складоў - атрымліваць зброю, сухі паёк і амуніцыю. Уся рота неўзабаве ўжо была там: у паветры чуліся лаянка і крыкі каманд. Дзьмуў халодны паўночна-ўсходні вецер, пра які на радзіме Сяргея гаварылі адным словам «маскаль».

- Каляда! Радавы Каляда!

Ротны - маёр Уразаў, крываногі нават у галіфэ, худы, невысокага росту, са зморшчаным, скуластым тварам качэўніка - усё-ткі адшукаў яго ў гэтым гармідары. «Каб ты спрах», - паспеў толькі падумаць радавы Сяргей Каляда і звыкла стаў на «зважай», казырнуў.

- Панесяце «паленпак», - суха загадаў яму маёр Уразаў. - Адказваеце за яго. Зразумелі?

- Слухаю, тавмаёр.

Радавы Кадяда, тонкі, як пруток, светлавалосы, няўцямна глядзеў маёру ў твар шэрымі вачыма. Ротны быццам хацеў дадаць яшчэ і нешта злоснае, але мусіў адвярнуцца, бо яго тармасілі з усіх бакоў. Трэба было выводзіць асабовы састаў.

У роце лічылі за шчасце насіць важкі ротны кулямёт і два падсумкі з патронамі ў дадатак, толькі б не «паленпак». Насіў жа яго па загадзе маёра Ўразава звычайна той, каго маёр асабліва не любіў, хто гнуўся, але ў душы не ламаўся, а ротны такіх вызначаў амаль што з жывёльнай дакладнасцю. Насіць «паленпак» было як пакаранне, як прытоены здзек, хаця маёр Уразаў клапаціўся за яго нават больш, чым палітрук. Усе ў роце ведалі, што ротны прагне стаць падпалкоўнікам і прыняць батальён, бо цяперашні камбат ужо спакваля рыхтаваўся на пенсію. Маёр Уразаў дамагаўся ажыццявіць сваю мару з упартасцю насякомага. «Паленпак» у яго быў самы вялікі ў батальёне, і насіць яго мог хіба толькі асілак, але ротны не зважаў на такія дробязі. Вядома, маёру Ўразаву ўсё гэта было трэба не дзеля нейкай агульнай карысці ці ідэі, каб проста прыкрывацца ад усюдыісных правяральшчыкаў. Тым больш у час аглядаў, марш-кідкоў ды вучэнняў. Тады заўсёды маглі праверыць і, дарэчы, іншым разам правяралі з імпэтам ды дробязнай прыдзірлівасцю палітработнікі з дывізіі і нават з арміі. Вынік такой праверкі мог паўплываць і на тое, атрымае ротны чарговае званне і зорачку ў пагоны ці выйдзе ў адстаўку маёрам.

У агульным тлуме і вэрхале радавы Сяргей Каляда ўсё-ткі адзначыў шэраг розных, хаця быццам і другарадных рэчаў: што ўзводныя яшчэ не зусім цвярозыя з учарашняга, што сухі паёк выдаюць на тры дні - значыць, столькі яны і будуць страляць халастымі патронамі ў неба, бегаць за танкамі, акопвацца ды пакутаваць на голай зямлі халоднымі начамі. Ён ведаў, што ўвішны высавень-ротны за гэты час свайго не ўпусціць - зробіць усё, што здолее, каб рота вылучылася на манеўрах. Адзначыў ён таксама, што паштар і ротны стукач сяржант Сідоркін зноў на вучэнні не едзе, будзе ашывацца ля штабных. Дарэчы, ён рабіў Сяргею нейкія знакі.

- Пісьмо?

Сяргей Каляда адчуў, як яго аж кінула ў жар ад такой неспадзяванай навіны, і схапіў паштара за рукаў:

- Давай!

Сідоркін кіўнуў і выцягнуў з сумкі канверт. Радавы Каляда выхапіў яго і таропка схаваў у кішэню: прачытае пасля. Ён напэўна ведаў, што пісьмо ад Паліны - тая не ліставала яму ўжо амаль месяц. І хаця радавы Каляда здагадваўся, што лісты калі-нікалі затрымліваюцца і таму, што імі цікавяцца людзі пры штабе, на якіх працуе той жа Сідоркін, на душы ў яго ўсё роўна зрабілася цяплей.

З Палінай здарылася так. Дзевятнаццацігадовы Сяргей толькі-толькі адвучыўся курс, як атрымаў позву. Ішоў якраз чарговы склік. З гэтай нагоды яго аднакурснік па тэатральна-мастацкім інстытуце і зямляк са Случчыны Яўген Гадун выказаўся ў тым сэнсе, што ваенкамат - гэта змяя, якая кусае балюча і заўсёды нечакана. Пэўна, ён меў рацыю.

Сяргей зрабіў развітальнае застолле. Запрасілі, вядома, і дзяўчат. Прыйшла сярод іх і Паліна - высокая, прыгожая брунетка з сінімі вачыма і нагамі, як у фотамадэлі. Яна вучылася на акцёрскім аддзяленні і жыла ў інтэрнаце паверхам вышэй. Адыходзіны былі ў самым разгары, калі раптам аднапакаёўца Гадун п'яна ўзняўся з крэсла і спытаў:

- А вы ведаеце, каго мы ў армію адпускаем?

- Каго? - зацікавіліся за сталом.

- Нявінніка, - ляпнуў Гадун і дадаў: - Вялікі непарадак. Ганьба на нас, случакоў. Чуеце, дзеўкі?

Дзяўчаты захіхікалі. Сяргей, будучы на добрым падпітку, пацвердзіў:

- Так. Не было часу, а што?

- Ну дык вось, - несла Гадуна. - Гэта справа паправімая. Сядайце, дзяўчаты, у кола.

Гадун намацаў пустую бутэльку і са словамі: «На каго Бог пашле» крутануў яе на стале.

Бог паслаў на Паліну.

Праз якую гадзіну ўсе з жартамі разбрыліся па сваіх пакоях. Паліну прымусілі застацца.

...Пад раніцу, ужо зусім цвярозы, ён усё цалаваў яе, з жахам разумеючы, што гэта назаўсёды: яна ці ніхто.

- Ты толькі чакай! Будзеш? Усяго год які, я хутка вярнуся.

У слабым святле наступаючага дня Паліна выслізнула з-пад коўдры і пацягнулася за цыгарэтай.

- Не хачу нікуды ісці, - сказаў Сяргей.

- І я не хачу, - зноў схавалася пад коўдру Паліна.

Яны закурылі.

- Несмач на стале. Так і не прыбралі ўчора, - сказала Паліна другараднае.

На плошчы, за акном інтэрната, грымнуў духавы аркестр - там пачыналі ўжо рыхтавацца да кастрычніцкіх свят.

- Ты мне слова дай, калі можаш. Будзеш чакаць?

- Не ведаю пакуль. Ну ты й дзівак.

- Інакш я вярнуся і заб'ю цябе.

- Ха!

- Дай жа слова, мне вельмі важна.

- Ну буду, буду, - паабяцала Паліна і раптам заплакала.

І больш за ўсё, здаецца, на свеце Сяргей хацеў тады, каб ноч доўжылася і доўжылася, каб не трэба было куды збірацца і ісці і каб змоўк урэшце той духавы аркестр, які ўсё іграў адзін і той жа абрыдлы марш.

...Радавы Сяргей Каляда з аўтаматам у руках і з «паленпакам» на спіне ўскараскаўся ў запоўнены салдатамі бэтээр. З тугой ён падумаў пра тое, што наперадзе тры дні пакут, і нават кінутая казарма цяпер здавалася яму цёплай і абжытай. Тая казарма, дзе, пэўна, ужо ваўсю ішоў шмон. Ён ведаў пра звычкі асабоўцаў: толькі якая трывога - тыя, як мухі на падлу, адразу кідаліся да тумбачак ды ложкаў. Усё нешта шукалі ды вынюхвалі, надта і не хаваючыся, быццам так і трэба.

Радавы Каляда страсянуў галавой, праганяючы трывожныя думкі, і скінуў пад ногі «паленпак». Адразу нібы выпала вата - у вушы ўварваліся ўзбуджаны смех, мацяршчына, кпіны. Кпілі і з яго. З тых, хто насіў «паленпак», заўсёды пасміхаліся, нібы з убогіх. Але ўрэшце зараўлі рухавікі, і машыны рушылі.

На акруговы палігон у раён вучэнняў прыбылі толькі пад вечар, пасля таго, як пераправіліся па пантонах цераз раку. Ротны злаваўся, нерваваўся і заразіў гэтым усіх. Ён сыпаў праклёнамі і аддаваў загады, каб праз нейкі час адмяняць іх і аддаваць новыя. Да таго ж згубілася палявая кухня, і ўсе знемагалі ад смагі - не было вады. Урэшце маёр разам з узводнымі распрацаваў картачкі агню і ўмоўнага бою і загадаў капаць акопы. Праз нейкі час, калі яны былі ўжо напалавіну гатовыя, аказалася, што іх капалі не там, дзе трэба, бо з'явіўся батальённы і аблажыў усіх мацюкамі.

- Дзе «паленпак»? - раптам успомніў і зароў ротны. - Чаму не разгорнуты?

І, унутрана сціскаючыся ад цяжкай, каламутнай непрыязнасці да маёра, да бязглуздзіцы вучэнняў, да брызентавага меха за спінай, радавы Сяргей Каляда пацягнуўся распакоўваць «паленпак».

Многія любілі армію ці, інакш кажучы, мірыліся з ёй. Афіцэры, прапаршчыкі, нават некаторыя сяржанты тэрміновай спужбы. Знаходзіліся і такія. Толькі не ён. Гэтая гульня дарослых была яму незразумелая. Што ж, ён не ваяр. Ён будучы мастак, дызайнер, а не салдат. Кожнаму сваё. Хутчэй бы назад! Ён лічыў дні, што заставаліся да загада. Паліна. Гарачая хваля ўспамінаў накацілася на яго, і ён знерухомеў, прагна зацягваючыся цыгарэтай.

Па-ранейшаму не сціхаў халодны, куслівы вецер. Тут, на залесным палігоне, ён працінаў шынель, халадзіў твар. На даляглядзе над лесам ужо збіралася цемра.

- Не курыць, маць вашу! - закрычаў паблізу ўзводны. - За кіламетр бачна!

Сяргей Каляда прыхінуў да ног аўтамат і выцягнуў з кішэні канверт. Не ад Паліны - размашысты почырк адразу кінуўся яму ў вочы. Пісьмо было ад Гадуна.

У слабым святле імкліва адыходзячага дня радавы Сяргей Каляда разгарнуў ліст і прачытаў наступнае:

«Стары! Пішу табе ад імя ўсіх хлопцаў з нашага пакоя. Служы, салага, бо мы сваё ўжо адслужылі і з гэтай нагоды вельмі спачуваем табе, але нічым дапамагчы не можам. У нас усё нармалёва. Рыхтуемся да сесіі, але на днях добра пабалдзелі - аж да гэтага часу рукі калоцяцца...»

Далей ішоў пералік выкладчыкаў, якіх Гадун лічыў небяспечнымі на час экзаменаў, якіх увогуле дурнаватымі, а якіх так сабе. Пасля гэтага пасажу ён зноў перайшоў да інтэрнацкіх спраў і на паўстаронкі распавядаў пра тое, як ім шанцуе апошнім часам з дзеўкамі, і жартаваў, што дзеўкі гарохам пасыпаліся замуж. «Дарэчы, - паведамляў ён, - твая акцёрка, ну Паліна, з якой ты, змей, апошнім разам, спадзяюся, не дарма займаў усю ноч цэлы пакой, - таксама туды ж. Выходзіць не за каго-небудзь, а за нашага выкладчыка Некрашэвіча, а ў яго, сам ведаеш, усяго хапае - ёсць і машына, і кватэра, і лецішча. Быццам ён ужо ёй і кінапробу дапамог зрабіць... Вяселле ў пятніцу, 18 кастрычніка...»

Радавы Сяргей Каляда дачытаў лісткі і прыпаліў цыгарэту ад цыгарэты.

Першыя зоркі слаба блішчэлі і пераліваліся ў небе. Поўня напалавіну выткнулася з-за лесу і павісла над далёкім цёмным даляглядам. Сяргей зірнуў на гадзіннік. Да прызначанай у пісьме даты было роўна два дні і яшчэ чатырнаццаць гадзін - усяго выходзіла шэсцьдзесят дзве.

Маёр Уразаў узнік за плячыма нячутна, як прывід.

- Чаму не выкананы загад? - зашыпеў ён. - Два нарады пасля вучэнняў! Паўтарыце!

- Ёсць два нарады.

- Каб праз пяць хвілін усё было гатова!

Радавы Сяргей Каляда моўчкі пачаў распакоўваць пухкі мех. Урэшце «паленпак», ці паходны ленінскі пакой, які ўвасабляў сабой усю ротную наглядную агітацыю, быў замацаваны. Ён нагадваў брызентавы прамакутнік пад такой жа павеццю два з паловай метры на паўтара, на якім месціліся партрэты сябраў Палітбюро, а таксама вышэйшага каманднага саставу арміі, дзеячаў марксізму-ленінізму. Глядзелі са сваіх месцаў армейскі статут, матэрыялы апошняга пленума, падшыўкі вайсковай акруговай газеты. Асобна размясцілася сям'я Ўльянавых у рэпрадукцыях з чорна-белых фотаздымкаў. Ніжэй вісела скрыня для пісем і заўваг. Над усім месціўся невялікі бронзавы бюста Ільіча.

Сяргей Каляда завяршыў справу ўжо ў цемры. Ён сеў на зямлю спінай да сасны і доўга сядзеў так, а потым заціснуў аўтамат між каленяў і пачаў шукаць па кішэнях. Ён знайшоў і пералічыў некалькі баявых патронаў - рэштку таго, што засталося пасля стрэльбішчаў. Запаслівы, як кажуць, лепш за багатага. Сяргей выцягнуў ражок і высыпаў адтуль на зямлю халастыя - іх выдалі ім раней. Замест іх ён уставіў баявыя патроны і схаваў ражок у кішэню галіфэ. Кароткі дэсантны варыянт свайго «калашнікава» ён закруціў у плашч-накідку. Потым сцягнуў з сябе і кінуў пад ногі шынель, падсумкі, процівагаз, сапёрную рыдлёўку.

Забраўшы толькі скрутак са зброяй, ён рушыў прэч. Цемра ўжо ахінала ўсё навокал. У свежавыкапаных акопах там-сям курылі, хто ўжо спаў, скурчыўшыся, хто яшчэ толькі рыхтаваўся і назапашваў з гэтай нагоды пад бакі сасновы лапнік ды пажухлы быльнік, хто размаўляў напаўголасу.

Ён ужо дасягнуў лесу, але спыніўся, нейкі час пастаяў, прыслухоўваючыся, і раптам павярнуў назад.

Радавы Сяргей Каляда зноў мінуў распалажэнне роты, прайшоў каля напалову прыхаваных у зямлі бэтээраў і знайшоў знаёмую палянку, дзе, прымацаваны да соснаў, месціўся паходны ленінскі пакой. Ён выцягнуў з кішэні і чыркнуў запалку. Агеньчык лізнуў лісты з падшыўкай, перакінуўся на партрэты правадыроў і начальнікаў, набраў моцы. Агазлівыя твары на партрэтах курчыліся ў пачварных усмешках. Полымя ахапіла ўвесь брызентавы домік. «Паленпак» гарэў. Радавы Сяргей Каляда адступіў у цемру і заспяшаўся да прыкмечанай ім раней вузкай лясной дарогі. Лес адразу прыняў яго ў сябе, мякка і пяшчотна ахутаўшы цішынёй і спакоем...

Праз некалькі гадзін, пад раніцу, ён ужо ляжаў у пустым вагоне таварнага цягніка, які вёз яго на захад, да Менска. Паклаўшы скрутак са зброяй пад галаву, радавы Сяргей Каляда прыпальваў цыгарэту ад цыгарэты. Потым пачак скончыўся, і ён нібы праваліўся ў небыццё, на кароткі час заснуў неспакойным цяжкім сном.

У гэтым напаўсне-напаўтрызненні Сяргей ішоў разам з Палінай па пустой дарозе пад гару. Ён быў чамусьці ў вайсковай форме і з «паленпакам» на спіне. Ісці яму было вельмі цяжка, ён задыхаўся і ўсё больш адставаў ад дзяўчыны. Тая, не азіраючыся, лёгкай хадою ішла наперад. Урэшце ён увогуле застаўся на дарозе адзін. Нягледзячы на тое, што ён так спяшаўся і нават высільваўся, каб ісці хутчэй, яму было холадна, а ў твар дзьмуў усё той жа паўночна-ўсходні вецер.


1995-1999?

Тэкст падаецца паводле выдання: невядомае
Крыніца: невядомая