epub
 
падключыць
слоўнікі

Юры Станкевіч

Прузі

Прідоша прузі*, і покрыла землю,

і шла она в полночные страны.

Летапіс

* Прузі (старажытнаслав.) - саранча.

 

Раніцай барвовае, у мроіве, сонца зноў павісла над даляглядам. Слабы вецер, перамешаны з дымам, раз-пораз спрабаваў хіліць долу тонкія, абадраныя козамі кволыя дубцы-клёны ды куст вербалозу. Насупраць крамы стаяў недабудаваны цагляны дом без даху, а за ім пачынаўся поплаў, што цягнуўся да ракі. На самым ускрайку поплаву хадзілі гусі і скублі траву, выгінаючы па-змяінаму гнуткія шыі.

Па вуліцы, выкідваючы пасмы дыму, марудна прасунуўся лесавоз. Абцярэбленыя вярхі дрэў цягнуліся за ім па зямлі, пакідаючы на пяску пісягі. У паветры ўзняўся пыл.

Герман Ліневіч зірнуў у акно, правёў позіркам грузавік і ўбачыў, як праз поплаў да яго ідзе настаўнік Мазур. Той быў яшчэ далёка, але Ліневіч не сумняваўся, што Мазур ідзе менавіта да яго, і пашкадаваў, што не паспеў сабрацца і пайсці з хаты. Не таму, што не любіў Мазура, а каб дарэмна не спрачацца з ім.

Ён таропка запхнуў у рукзак ласты, маску, паклаў бутэльку з вадой са студні, бо з рэчкі піць не рызыкаваў, і тут якраз Мазур пастукаў у дзверы. Ліневіч сказаў:

- Адчынена.

Настаўнік Мазур зайшоў у пакой. Гэта быў чалавек гадоў пад шэсцьдзесят, у клятчатай кашулі, картовых штанах і танных сандалях на босых нагах. Выглядаў ён стомленым: твар быў у зморшчынах, рэдкія сівыя валасы тапырыліся на шышкаватым чэрапе, толькі вочы разумна і цупка пазіралі з-пад надброўяў. Ён павітаўся і ўсміхнуўся:

- Зноў шукаць, што па вадзе плыве?

- Усяго не пярэймеш, застанецца і вам, - адказаў Ліневіч і працягваў збірацца.

- Мяне рэчка не цікавіць, - заўважыў Мазур.

- Урэшце, калі вы зноў са старым пытаннем, то дарэмна губляеце час, - дадаў Ліневіч не зусім ветліва.

Але Мазур сказаў пра іншае:

- Учора вечарам тут на гармоніку ігралі. Чулі?

- І што?

- Я такога музіцыравання на захадзе сонца не выношу. Гэта занадта. Гармонік, катрынка...

- Не прыслухоўваўся, - пахмурна сказаў Ліневіч.

- Я вам прыйшоў ружжо пазычыць. Хочаце?

- Не трэба, - адмовіўся Ліневіч. У яго зноў, як і раней, з'явілася пачуццё, што думкі Мазура цяжка чытаць. Ёсць жа людзі, якіх лёгка зразумець, а іншых аніяк.

- Тады вазьміце яек, - прапанаваў Мазур і дадаў: - У мяне ўчора трусы здохлі - трус і дзве трускі. Усе трое разам. Шкада. А тут яшчэ гармонік увечары... А куры нясуцца.

Ён выцягнуў з кішэні некалькі яек і паклаў на стол. Ліневіч падзякаваў.

- Чаму вы лічыце, што з ружжом мне будзе лепш? - спытаў ён.

Настаўнік Мазур быццам крыху збянтэжыўся.

- Вы ведаеце, што за вамі сочаць? Тут цяпер шмат рознай набрыдзі.

- Заўважаў, - сказаў Ліневіч.

- Хаця, можа, я і перабольшваю, - адступіўся Мазур. Ён нібы здранцвеў, гледзячы ў акно. Ліневіч працягваў збірацца.

Тыдзень таму, калі ён прыбыў сюды і пачаў пошукі ў рацэ, настаўнік Мазур упершыню наведаў яго. Увогуле, як пачуў Ліневіч ад сялян, ён ніякі не настаўнік, а былы інжынер з горада, проста крыху панастаўнічаў у мясцовай школе; прыехаў ды застаўся, бо хата пасля смерці бацькоў пачала парахнець, а ў горадзе яму стала быццам цяжка жыць. Урэшце, Ліневіч не ўнікаў.

Дык вось Мазур заявіўся тады да яго і спытаў, ці не здолее ён, Ліневіч, па-сяброўску застрэліць яго (ён так і сказаў). З яго ружжа, вядома. А ён, Мазур, адпаведна напіша паперу, што сам. Ну, і перадусім, вядома, аддзячыць за гэта.

Ліневіч спачатку вырашыў, што настаўнік Мазур хворы на шызафрэнію, але потым перамяніў сваю думку.

- З якой нагоды я буду страляць у вас? - пацікавіўся тады Ліневіч. - Жыццё кароткае - само ўсё вырашыцца.

На тое настаўнік Мазур адказаў, што ён нажыўся і баіцца старасці і хвароб.

- Дык чаму вы самі не застрэліцеся? - спытаў Ліневіч.

Мазур пачаў пераконваць, што сам не можа, бо грэх, а ён веруючы.

- Але ж забіць чалавека яшчэ большы грэх, - сказаў Ліневіч.

- Тут мая воля і жаданне маё, - заблытаўся Мазур.

- Тады вы ўсё роўна самагубца, - даводзіў яму Ліневіч, - і адкажаце за тое па веры.

- Так, - згадзіўся Мазур. Ён выглядаў збянтэжаным.

- А дзеці ў вас ёсць? - спытаў Ліневіч.

- А ў вас?

- Я нежанаты, - сказаў Ліневіч.

- У мяне дачка ў Менску, але яна дарослая, у яе сваё жыццё, - паведаміў Мазур.

- Вы б наведалі яе, - параіў Ліневіч, на што Мазур адказаў, што дачку не гадаваў.

- Кроў ваша, - заўважыў Ліневіч.

- Я хацеў зблізіцца, але не атрымалася, - быццам ажывіўся Мазур.

- Трэба проста набрацца цярпення, - суцешыў яго Ліневіч. - Кажуць, што менавіта цярплівыя кіруюць светам...

Пасля гэтых яго слоў настаўнік Мазур задумаўся і пайшоў. Праз дзень ён зноў завёў гаворку пра тое ж самае, але Ліневіч тады добра абсек яго. І вось цяпер ён прыйшоў зноў.

- Вы тут новы чалавек, - сказаў настаўнік Мазур. - На вас звяртаюць увагу, бо вы нешта шукаеце ў рэчцы.

- Дык што з таго? - спытаў Ліневіч.

- Людзі не выносяць нязвыклае. А тут яшчэ інфляцыя, радыенукліды. Людзі нервуюцца, няўпэўнены ў будучым, п'юць. Шмат злачынцаў, бадзяг, прыхадняў. Некаторыя амаль вар'яты.

- Мне на раку, - сказаў Ліневіч.

- Я крыху таксама прайдуся, калі вы не супраць. Тут асабліва і пагаварыць няма з кім. Інтэлектуальны голад...

Ліневіч паціснуў плячыма.

Сонца ўзышло, але раса яшчэ там-сям бліскацела на павуцінні. Высока ў небе чорнай кропкай вісеў каршун. Сцежка вяла па траве ўздоўж вербалозу, і красоўкі ў Ліневіча сталі вільготныя. Настаўнік Мазур маўчаў. Дыхаў ён цяжка.

- А як ваша ідэя? - раптам зацікавіўся Ліневіч з намерам, каб адчапіцца.

- А я, калі яе здзейсню з нечай дапамогай, то вам знак пакіну, - сказаў настаўнік Мазур і ўсміхнуўся. - Кропачку якую не да месца ў развітальным слове ці яшчэ што...

- Кіньце, - параіў Ліневіч. - Пачвар не варта казытаць.

- Я можа, і перадумаю яшчэ, - пагадзіўся настаўнік Мазур. - Хаця ўсе гэтыя краявіды з гармонікамі па вечарах наганяюць тугу. Вы не заўважалі, якія ў нас змрочныя краявіды? Балоты, лес гнілы, кустоўе рэдкае, пясок, зноў балоты...

- А вас не цікавіць, чым скончыцца наша калатнеча? - спытаў Ліневіч. - Цікаўнасць - адметная рэч, магутны інстынкт. Так нічога і не даведаецеся.

- Мяркую, нічым не скончыцца. Ад сухога дрэва і ценю не бывае. Вось, бачыце азярцо, - ён паказаў на ваду, што бліснула за вербалозам. - Там крынічка б'е. А яе штогод раска з усіх бакоў зацягвае. І заглушыць у рэшце рэшт. Жывое - анамалія ў Сусвеце. Ён жа імкнецца да неарганічнага стану. Урэшце, галоўная ідэя Сусвету, магчыма, і ёсць барацьба з жыццём...

- Як эколагу не зразумела, - пачаў Ліневіч і спахапіўся. Але настаўнік Мазур ужо скарыстаў яго промах.

- Прагаварыліся, урэшце, - адзначыў ён. - Дык вы эколаг. Пэўна, нешта тут даследуеце, пра што нам, простым, ведаць нельга. А казалі - у адпачынку, рыбу ловіце. Якая рыба? Няма яе тут даўно.

- Якраз рыба ёсць, - сказаў Ліневіч.

- Ну дык прынясіце мне ў абмен на яйкі, - прапанаваў настаўнік Мазур і спыніўся.

- Мы адхіліліся ад тэмы, - заўважыў Ліневіч. - Калі ў Сусвеце ўтварылася разумнае жыццё, то так вырашыў Бог, і ў тым яго ідэя.

- Не. Ідзе гон.

- Гон? - здзівіўся Ліневіч. - На каго?

- Магчыма, на ўсё чалавецтва, у першую чаргу на саслабелых, на тых, хто адстаў, хто не ведае свайго Шляху, ну, прыкладам, як наш народ. Некаторыя адчуваюць гэта, але змяніць нічога не могуць.

- А вы адчуваеце? - спытаў чамусьці зусім без іроніі Ліневіч.

Настаўнік Мазур зірнуў яму ў твар.

- Шукайце, што згубілі, - ён павярнуўся і няспешна пайшоў назад, кінуў ужо на хаду: - Бывайце.

Ліневіч моўчкі правёў яго позіркам.

Раса знікла, і трава была ўжо сухая і жорсткая. Толькі кусты па баках канавы буялі зеленню. Сонца ў дымным мроіве (гарэлі тарфянікі) цяжка ўзнімалася ў небе. За чорнай плынню вады шарэла сцірта леташняй саломы. Нібы загуў чмель - за ракой на дарозе цягач перавозіў лес.

«Трупы дрэваў, - падумаў Ліневіч. - І так штодня».

...Рашотка, звараная з дроту, была замацавана ад берага да берага. Прыбітая да глеістага дна металічнымі клямарамі, яна ўзвышалася сантыметраў на сорак, не больш, і вада свабодна струменіла над ёй і праз яе. Рашотка павінна была затрымаць сумку, калі б яе аднесла цячэннем. Сумка згубілася тыдні два таму, калі перакуліўся кацер. Менавіта яму, Ліневічу, трэба было адшукаць тую сумку. Што ў ёй - ён не ведаў. Справу гэту адразу засакрэцілі. Як ён бачыў, дзеля падстрахоўкі адначасова рыхтаваліся асушыць невялікі ўчастак ракі, дзе сутыкнуўся з тапляком кацер. Таму бульдозерам і экскаватарам паглыблялі канаву, па якой мусілі спрамляць русла. Але ўжо суткі, як бульдозер не працаваў. Стаяў нерухома і экскаватар.

Герман Ліневіч знайшоў сваю метку - месца вышэй па беразе, дзе ён замацаваў перацяжку з дроту. Праверыць дно і потым спусціцца ніжэй метры на два. Гэта яго штодзённая норма.

Было ўжо вельмі горача. Герман Ліневіч распрануўся і застаўся ў плаўках. Выгаралыя ад сонца валасы на яго галаве былі коратка падстрыжаны. Светла-шэрыя вочы таксама выгаралі і сталі празрыстыя на сонцы. На плячах і спіне, чорных ад загару, ружавелі плямы - злазіла скура.

Герман Ліневіч выцягнуў з рукзака ласты, маску, патрубак, рэмень са свінцовымі пласцінамі - каб вада не штурхала цела на паверхню, і прыстасаваў усё гэта на сабе.

Рака мякка прыняла яго. Водарасці заказыталі ногі, ён набраў паветра і паволі паплыў пад вадой ля самага дна.

Пад сонцам рака жывая. Ён убачыў спарахнелыя карчы, глей з рэдкімі зарасцямі гідратафітаў. Прырэчны хвошч, тэтрахларэла, факус крылаты, нітэла грацыёзная, лічынкі хіранамід. Калі рухацца зусім ціха, то ўглыбіні бачыш цэлы сусвет з усімі яго нявольнікамі: шчыцень паліфемус тарфяны, спірастома звычайная, пласцінканосныя п'яўкі, жукі-вадалазы. А вось і рыбы. Супраць плыні трымаецца зграйкай плотка, акуні таксама не любяць адзіноты - дзе адзін, шукай і другога. Колюшкі, якіх раней не было ў нашых рэках. Калі такую праглынае шчупак, то яна працінае страўнік ікламі наскрозь. Ля берага ён убачыў кавалкі ржавых металічных труб і цэлафанавы пакет са смеццем.

Трымаючыся за дрот, Герман Ліневіч усплыў наверх, выдзьмуў ваду з трубкі, аддыхаўся і зноў набраў паветра. Ён паціху заварушыў ластамі, узіраючыся ў дно. Глей. Гэта, безумоўна, самае небяспечнае. Калі сумку занясе пад які корч, а потым зацягне глеем - знайсці яе будзе надзвычай цяжка. Але на тое прыгналі экскаватар і бульдозер, каб праз бакавы канал адхіліць раку. Пасля на дне можна будзе ўсё перамацаць рукамі. Капаць новае русла - вялікія выдаткі. Паліва няма. З упраўлення міністэрства, куды Ліневіч абавязаны быў рэгулярна тэлефанаваць, растлумачылі, што надзея ў асноўным на яго вочы, рукі ды ўдачу, бо становішча і ў сталіцы ўскладняецца: амаль не працуе транспарт, спынены электрычкі, ля крамаў чэргі, а вакзалы запоўнены бежанцамі. На вуліцах з'явіліся душэўнахворыя, турмы перапоўнены, і злачынцаў больш ніхто не арыштоўвае.

Герман Ліневіч даплыў да кустоў, высунуўся па пояс - ля супрацьлеглага берага было мелка - і пераставіў на паўметра ніжэй клямар з дротам, - цяпер ён мусіць плыць назад: там зноў на паўметра перасуне ўніз, і так пакуль не пройдзе ўвесь участак да самай рашоткі - ці мо яму пашанцуе і ён знойдзе сумку раней. Ён зірнуў на неба, на зарослы густой травой поплаў, і раптам сонечны зайчык з-за кустоў на ўскрайку лесу на імгненне асляпіў вочы і знік. Там бліснула шкло, і ён здагадаўся - за ім назіраюць у бінокль.

Герман Ліневіч агледзеўся, набраў у лёгкія як мага больш паветра і нырнуў. Праз якую хвіліну ён асцярожна вынырнуў далёка ад рашоткі ля другога берага. У кустах яго не было бачна. Ёй сцягнуў ласты, адшпіліў свінцовы рэмень і амаль што паўзком дасягнуў лесу, а потым устаў і скіраваў да таго месца, дзе, па яго разліках, бліснула шкло. Ён ішоў ціха і быў упэўнены, што яго не заўважылі, бо агляд хавалі вербалоз і сцірты саломы. Ногі і цела адразу абселі камары, падэшвы калолі яловыя ігліцы ды дробныя сучкі, калі ён урэшце апынуўся ля ўскраіны і крадком расхінуў галінкі кустоў.

На зямлі ляжалі двое. У бінокль назіраў мужчына. Ён быў у летняй майцы і спартыўных шараварах. Побач ляжала на спіне дзяўчына ў стракатым трыко і клятчатай кашулі і глядзела ў неба. Раз-пораз яны перакідваліся словамі, але Ліневіч не чуў, пра што. Валасы ў дзяўчыны былі медна-рыжага колеру, пэўна, фарбаваныя.

Прайшло некалькі хвілін. Мужчына не знаходзіў аб'екта сваіх назіранняў і вадзіў біноклем у бакі, а потым адклаў яго і нешта сказаў дзяўчыне. Тая адламала галінку і пачала абмахваць яго і сябе ад камароў. Пасля ёй гэта, мабыць, надакучыла, і яна выцягнула з пачка цыгарэту і запаліла. Мужчына павярнуў голаў і імклівым рухам раптам піхнуў яе рукой у твар. Дзяўчына выкінула абламаную цыгарэту, адсунулася далей і нешта сказала. Прайшло яшчэ колькі часу. Мужчына ўстаў, кінуў у траву бінокль, і пачаў мачыцца ля яе ног, амаль што на іх. Дзяўчына моўчкі глядзела.

Ліневіч пайшоў назад. Тым жа шляхам ён вярнуўся да месца, дзе ляжалі яго маска, ласты і пояс, нацягнуў усё на сябе і, не хаваючыся, паплыў.

 

* * *

 

К вечару спёка паменшала, але лёгкія і горла казытаў дым ляснога пажару і тлеючага тарфяніку. Нешматлікая пажарная каманда ўжо нічога не рабіла, бо калі тушылі ў адным месцы, то загаралася ў другім. Чакалі дажджоў, але іх даўно не было.

Дом, дзе Герман Ліневіч знайшоў часовы прытулак, месціўся ў кіламетры ад ракі. Недабудаваны, ён быў адным з тых тыповых цагляных дамкоў, у якім павінны былі з восені жыць перасяленцы, патрэбныя мясцоваму калгасу.

У панадворку, вяртаючыся з ракі, Ліневіч раптам адчуў, як у патыліцу нешта з лёту ўдарылася і заблыталася ў валасах. Ён ухапіў пальцамі і выцягнуў вялікіх памераў коніка, травяніста-зялёнага колеру і з празрыстымі крыламі. У яго былі доўгія заднія сцёгны з чорнымі плямамі і надкрыллі з густымі бурымі кропкамі. Нейкі час Герман Ліневіч разглядаў коніка, а потым выкінуў яго. «Не, не можа быць...» - падумаў ён.

Ноччу цагляныя сцены яшчэ доўга аддавалі цяпло, і ў пакойчыку было душна. Праз сон Ліневіч пачуў слабы шум, у акно з шоргатам забарабаніла, і ён спачатку ўзрадаваўся таму, што пайшоў дождж і ападзе небывалая спёка, але спахапіўся ў думках: абцяжарацца ягоныя пошукі ў рацэ, бо рэзка ўзрасце акультацыя вады і з'явіцца апад. Усё гэта прамільгнула ў напаўсне-напаўяве; ён перакруціўся на другі бок і адразу моцна заснуў.

Раніцай пастукалі ў дзверы, а потым у акно. Ліневіч падхапіўся з ложка і ўбачыў на ганку суседа па прозвішчу Грынь. Грынь быў механізатарам і працаваў на бульдозеры. Ліневіч адкінуў клямку на дзвярах. Як толькі дзверы адчыніліся, у пакой уляцела некалькі насякомых. Адно з іх ударылася Ліневічу ў твар і ўпала на падлогу.

Бульдазерыст Грынь быў злёгку п'яны. Замест прывітання ён раскрыў далонь. На далоні ляжала насякомае зялёнага колеру з празрыстымі, але памятымі крыламі. Яно было яшчэ жывое, бо варушыла сківіцамі, быццам жавала. Грынь сказаў:

- Конікі прыляцелі. Шмат. Кажуць, што яны паўсюдна, на ўсіх палях. Такога цуду тут ніколі не бачылі. Зірніце.

У праёме расчыненых дзвярэй, нібы на экране, Герман Ліневіч убачыў, як у паветры трапечуць тысячы тысяч крыльцаў і суцэльным зялёным покрывам варушыцца зямля. Ён узяў з далоні бульдазерыста насякомае і агледзеў яго: такое ж самае бачыў учора вечарам, калі вяртаўся з ракі. Ноччу ён прыняў іх за дождж.

- Гэта не конік, а саранчовае. Пералётны прус, - сказаў Ліневіч. - Бяда прыйшла.

- Ад такой кузуркі? - хіхікнуў Грынь і наступіў нагой на коніка. Пад ботам хруснула.

Але Ліневіч не падтрымаў яго, ён быў устрывожаны.

На адзінай вясковай вуліцы чуліся воклічы і ўзрушаныя галасы. Сяляне павыходзілі з хат і гаварылі пра нашэсце кузурак. Суседскі хлопчык з нейкім падабенствам сачка ганяўся за насякомымі.

Бульдазерыст Грынь пахіснуўся і павярнуўся, каб ісці, але Ліневіч спытаў:

- Не капаеце сёння?

- А салярка дзе? Дні тры запар старшыня пад распіску выдаваў, а ўчора кажа - няма.

- І экскаватар стаіць?

- Анягож.

Ліневіч пачаў апранацца.

- Вы ведаеце, навошта капаеце канаву? - спытаў ён у Грыня.

- Плацяць - я капаю. Вы ж таксама нешта ў вадзе шукаеце. Бадай, не задарма.

- А вы не звязваеце ў адно маю і вашу работу? - пацікавіўся Ліневіч.

- Вы, кажуць, чалавек вучоны, вам відней. А мне загадаюць - я раблю.

Ліневіч таропка абуваў красоўкі.

- Прус прыйшоў. Паесць усё, ураджай увесь. Трэба арганізаваць разворванне межаў, выпальванне, прыманкі кідаць: хлопкавы жмых, конскі гной. Дамяшаць у іх гексахларану. Раніцай, калі сонца яшчэ няма і вецер слабы, добра было б з самалёта апырскаць.

- Людзі кажуць: як прыляцеў, так і сыдзе.

- Не, ён яйкі ў зямлю адкладзе. Голад будзе.

- Ніхто тут сам не паварушыцца, - сказаў бульдазерыст Грынь. - Усе глядзяць ды пасміхаюцца. Хіба старшыня загадае.

- Схаджу да яго, - вырашыў Ліневіч.

...Кантора калгаса мела два паверхі. За сталамі сядзелі жанчыны-рахункаводы і шчоўкалі лічыльнікамі. Як яны неахвотна растлумачылі, старшыні Гетца пакуль не было, ён паехаў па брыгадах, але хутка павінен вярнуцца. Ліневіч адзначыў, што жанчыны трымаліся паважна, з пыхлівай годнасцю і дарэмна гаварыць не жадалі. Насякомых на двары яны быццам не заўважалі.

У паветры між тым броўнаўскім рухам перамяшчалася суцэльнае зялёнае мроіва. Усё кустоўе, дрэвы, трава навокал кішэлі саранчовымі. Чуўся ледзь улоўны похруст: то працавалі мільёны сківіц.

Урэшце з'явіўся старшыня Гетц. Гэта быў чалавек прыкладна сарака гадоў, чорнавалосы, з чорнымі ўхілістымі вачыма, азызлым, як у многіх вясковых начальнікаў, тварам і з бакенбардамі.

Ліневіч павітаўся з ім і коратка патлумачыў пра становішча.

- Вы паведамілі ва ўрадавую камісію па надзвычайных сітуацыях? - асцярожна спытаў ён.

Гетц падціснуў шырокі пажадлівы рот.

- А чаму я вам абавязаны рабіць справаздачу? - агрэсіўна пакрыўдзіўся ён. - Мне ж не паведамілі, чаму вы лазіце ў рацэ ды што там шукаеце, не палічылі нават патрэбным. Загадалі капаць канаву, спрамляць русла. А палівам забяспечылі? Цяпер вы мне загадваеце... А хто вы такі?

Ліневіч перасмыкнуў плячыма.

- І я не ведаю, што шукаю. Кацер напароўся на тапляк і перакуліўся. Згублена сумка. А што ў ёй - невядома. Пэўна, нешта каштоўнае. Як знайду - даведаемся. Мне, калі ў дзяржаўнай інспекцыі інструктавалі, таксама нічога не паведамілі.

Але старшыня Гетц не даў веры.

- Не ўводзьце ў зман, - груба заўважыў ён. - Вы прыехалі і з'едзеце, а мне тут разбірацца. Потым, саранча. Што, у мяне самалёты напагатове? Я званіў у раён: нікому няма справы. А ў мяне свой клопат: учора дзве каровы са статка здохлі. Ад чаго - ніхто не ведае.

- Прус не пакіне нічога, - сказаў Ліневіч. - Восенню не будзе што збіраць. Прападуць і каровы, і коні, і авечкі.

- Вы спецыяліст па гэтых кузурках? Тады парайце, што рабіць.

- Мяне нанялі, бо я ведаю акваланг, магу працаваць на глыбіні. Але і ў кузурках, як вы кажаце, крыху разбіраюся. Гэта горш за паводку, за землятрус. Лічынка пруса жыве ад мінус пяці да плюс шасцідзесяці градусаў. Насякомыя мігрыруюць на пяцьсот, нават тысячу кіламетраў, могуць ляцець бесперапынна трое сутак. А з'ядае ён штодня ў дваццаць разоў больш, чым важыць.

- Ну і адкуль гэты прус з'явіўся? - спытаў старшыня Гетц. - У нашых месцах ніколі ніхто не чуў пра яго.

- Ёсць шэсць пастаянных гняздзілішчаў: Астраханскае, Прыкаспійскае, Амудар'інскае, Арала-Чуйскае, Алакальскае, Зайсанскае. Пэўна, аднекуль адтуль...

- Раней жа не прылятаў, пра такое не гаварылі.

- Так, у гэтым стагоддзі сапраўды не з'яўляўся. Але па прычынах, якія вучоным не зразумелыя, звычайны конік раптам «замбіруецца». Мяняецца афарбоўка, павялічваюцца крылы, галава. Ён можа быць і сваім...

- Ні з таго ні з сяго мяняецца? Не даю веры.

- Праўда неверагодна? - спытаў Ліневіч і дадаў: - Такі конік збіраецца ў вялізныя чароды і становіцца саранчой, адзіным арганізмам. Чаму так? Вось пытанне...

- Я б не пытанні задаваў, а дапамогу арганізоўваў ці хоць параіў бы, што рабіць, - пакрывіўся старшыня Гетц.

- У вас ёсць гексахларан?

- У мяне няма хімікатаў, - сказаў старшыня Гетц. - Дзе я вазьму той гексахларан? Ён зараз, пэўна, мільёны каштуе, так?

Тэлефон на стале зазваніў, але старшыня Гетц не знімаў слухаўку. Урэшце тэлефон змоўк. У пакоі ўсталявалася непрыемная напружаная паўза, якая ўзнікае паміж людзьмі, што не могуць паразумецца, і Ліневіч не стаў працягваць гутарку. Ён развітаўся і пайшоў да выхаду. Старшыня Гетц, які па-ранейшаму сядзеў за сталом, не адказаў і не кіўнуў нават галавою.

З узыходам сонца ўвішнасць насякомых узрасла. Яны бясконца раіліся ў полі, на выгане, у прыватных агародах. Некаторыя гаспадары выбеглі з анучамі, мётламі, палкамі: хто з чым, імкнучыся прагнаць саранчовых са сваіх участкаў. Але было відавочна, што гэтыя іх намаганні марныя, і неўзабаве людзі мусілі адступіцца.

Ля дома, дзе кватараваў, Ліневіч убачыў настаўніка Мазура. Той быў узрушаны.

- Ну вось, - сказаў Мазур замест прывітання, - магчыма, Ён сам наведаў нас.

- Хто гэта - Ён? - пахмурна спытаў Ліневіч.

Настаўнік Мазур красамоўна паціснуў плячыма.

-Менавіта Ён кіруе шкоднікамі: пра тое і ў Пісанні сказана. Гэта ўсім нам папярэджанне.

- Вы верыце ў Яго існаванне? - спытаў Ліневіч.

- А вы ведаеце, прыкладам, што так напужала амерыканскага астранаўта, які хадзіў па Месяцы? Не? І я не ведаю. Але ён тады нават тэлекамеру кінуў. Чаму цяпер ён ціхі пастар і нікуды не высоўваецца?

- Чакайце, - уставіў раптам Ліневіч, - калі вы раней сцвярджалі, што ідэя Сусвету - імкненне да неарганічнага стану, то, магчыма, гэты Сусвет - Яго? А Той, значыць, існуе ў іншым вымярэнні?

Мазур задумаўся.

- Пра гэта, пэўна, не даведаецца ніхто і ніколі, - урэшце сказаў ён. - Дарэмна галаву сабе і іншым тлуміць. Ды гэта і небяспечна. Падкіньце чалавецтву ісціну, і праз нейкі час ад самога яго нічога не застанецца. Мы нават не ў стане пра нешта даведацца, бо межы нашай рэальнасці, якую лічым нармальнай, - умоўныя. Ці адзіныя пяць органаў пачуццяў - вось пытанне. Прарываюцца ж да нас іншым разам з'явы накшталт палтэргейсту, і мы разводзім рукі ці аб'яўляем, што нічога такога няма і не існуе. А можа, сапраўдная рэальнасць зусім іншае. І што ў чарговы раз пашле нам Ён? Засуху? Паводкі? Землятрус? Ці проста мух?

- Саранчовыя прыляцелі, - урэшце ўдакладніў Ліневіч. - Давайце без містыкі. Пералётны прус. Але і вы маеце рацыю - сапраўды сатанінская сіла, бо зжаруць усё. Трэба акрэсліць межы, куды апусцілася чарада, але пешшу цяжка. У вас ёсць веласіпед?

- Так, - сказаў Мазур. - Як жа тут без веласіпеда?

- Пазычце.

- У любы час ён ваш.

Ліневіч удзячна кіўнуў.

- Чуеце скрыгат зубоўны? - спытаў Мазур.

Ліневіч прыслухаўся: у паветры стаяў бясконцы шоргат - гэта працавалі тысячы мільёнаў сківіц.

- Пажыральнікі жыцця, - сказаў ён.

- І я пра тое ж. Толькі расліны не ядуць адна другую, - заўважыў настаўнік Мазур. - Гэта зусім інакшы свет, як вы лічыце? Магчыма, Бог стварыў тут калісьці толькі іх. Мы і зараз харчуемся імі ды іх трупамі - нафтай, прыкладам.

- Калісьці індзеец, перад тым як ссекчы дрэва, прасіў у яго прабачэння, - сказаў Ліневіч. - А я і тут штодня лесавоз бачу перагружаны. Дык хто вораг раслін?

- Вы не надта любіце людзей, - раптам адзначыў настаўнік Мазур.

Ліневіч уздыхнуў.

- Гэта не так, - сказаў ён. - Але пакуль усе шляхі чалавецтва - тупікі. Пра тое яшчэ Ніцшэ сцвярджаў.

Яны прыслухаліся да небывалага похрусту. З неба, праз дымнае мроіва, лілася густая гарачыня.

Настаўнік Мазур сказаў:

- Дарэчы, калі вы паедзеце?

- Не ведаю, - паціснуў плячыма Ліневіч.

- Што вы шукаеце?

- Магу толькі здагадвацца.

- Ну і?

Ліневіч скрывіўся.

- Як знайду, то і задаволю вашу цікаўнасць. Мяне і старшыня Гетц сёння спытаў.

- Старшыня Гетц - звычайны вясковы ёлуп. Ніяк не можа пазбавіцца старых звычак. Яны тут зноў парт'ячэйку аднавілі, у выканкам ездзяць на сходкі. Вы бачылі ягоныя бакенбарды?

Ліневіч усміхнуўся.

- Я хацеў, каб ён пачаў дзейнічаць, людзей арганізаваў. Саранчовыя пакінуць без кармоў, жывёла загіне.

- Дарэчы, - настаўнік Мазур падняў з-пад ног насякомае, - гэта істота доўга жыве?

- Пакуль б'ецца яе сэрца, - сказаў Ліневіч. - Прыкладна, мільярд удараў. Колькасць, уласцівая ўсяму жывому, слон там ці вось гэты прус. Справа ў хуткасці біцця.

- А чалавек?

- І тут тое ж самае, плюс-мінус умовы жыцця. Магчыма, гігіена. Першы бар'ер якраз к сарака гадам, раней жа столькі і жылі.

- Дык вы сцвярджаеце, што пасля таго мільярда ўдараў кожны арганізм сам за сябе? - зацікавіўся настаўнік Мазур.

- Бадай што так. Завяршаецца біялагічная праграма. Чалавек аднавіў сабе падобных і падтрымаў дзяцей. Больш ён прыродзе не патрэбны. Вось вам і сэнс жыцця.

- Чаму тады вы абураецеся, што я не хачу цярпець, ну, скажам, да дзевяноста? - спытаў настаўнік Мазур.

- Таму, што мы людзі і трэба перадаць наш вопыт і веды.

- А вось тут пытанне: каму? Пэўна, і вы з жахам разумееце, што ваш вопыт, і веды, і ўся культура залежаць ад нашага ж народа? А яму нічога гэтага не трэба. Чарнобыль быў непазбежны менавіта ў славян, я ўпэўнены. Я вось днямі ў аўтобусе ехаў: гарачыня, вокны зачынены, шафёру, вядома, пляваць... А тут яшчэ газы адпрацаваныя ў салон, аж млосна... І што вы думаеце, хто-небудзь устаў і акно адчыніў?

- Не круціце, гаварыце прама: вы лічыце, што наш народ непаўнаварты? - спытаў Ліневіч.

- А хіба не на нас ужо такія плямы, якія і крывёю не змыеш? Адрачыся ад сцяга, волі, мовы - гэта што? - аж плюнуў настаўнік Мазур.

- Выйсце ёсць, я веру.

- Ха. Прынцып «зоны» - ён паўсюдны, ён і чалавецтву ўласцівы, асабліва цяперашняму, так, так, не смейцеся, - дадаў настаўнік Мазур, хаця Ліневіч і не думаў смяяцца. - А на «зоне» свае «паханы», «рабацягі», «апушчаныя». Дык вось наш народ дасюль у «рабацягах» хадзіў, а зараз хто?

І настаўнік Мазур пасля паўзы, як часта гэта рабіў, спрасціў гутарку і распавёў, што сяляне нічога не робяць, толькі жартуюць з нашэсця, як яны кажуць, кузурак.

- Не сваё ж навокал, - абараніў Ліневіч. - Калгаснае.

- Ды не ў гэтым справа. Яны вечарамі трымцяць над нейкім там тэлесерыялам.

- Ну не станеце ж вы абвінавачваць дзіця за тое, што яно глядзіць мульцік пра ката ці якога Хрушу? У іх такі ўзровень, генафонд панішчаны...

- А чаму панішчаны?! - выбухнуў Мазур. - Чаму дазволілі з сабой такое зрабіць? Ніхто цяпер не здольны нават да супраціву! Яшчэ пры «хапунах» у трыццатыя трэба было: як пасунуліся нкусавец з сельсаветчыкам у хату - ім кулю ў лоб. Баяліся б. А то сусед у мяне - малады хлопец, Афганістан прайшоў, а днямі чую - да цыганоў у парабкі наняўся, дошкі габлюе. Яны, бач ты, катэдж будуюць.

- Але ж беларусы - неблагія салдаты, - зноў абараніў Ліневіч.

- Што з таго? Трэба было нам, дурням, з крыжакамі ў бойку ўвязацца? Грунвальд маю на ўвазе. Вось і жэрлі нас маскалі ды палякі, акрыялі, а як жа. А які шанец у тысяча восемсот дванаццатым годзе! Ну, завярнулі свае пушачкі, я маю на ўвазе батарэі Раеўскага, што ліцвіны з Менскай губерні абаранялі, ды супраць нашых «братоў старэйшых» - як бы гісторыя павярнулася, га? Крэўская вунія, Люблінская - усё гэта памылкі. Для нас, вядома, а для іншых святам абярнулася... Сярод нас, вы заўважалі, увесь час нібы нейкая гніль існуе?

- З'язджайце, - параіў Ліневіч. - Свет вялікі.

- А зямлю як кінуць? Чалавек павінен мець кавалак зямлі. Я ж са шляхціцаў. Сёмая вада на кісялі, але нешта, пэўна, і засталося.

Ліневіч зірнуў уважліва і нібы ўпершыню ўбачыў масіўны чэрап, цвёрдыя вусны, кручкаваты пародзісты нос.

Запанавала паўза. Мазур раптам, як заўсёды нечакана, завярнуўся і пайшоў.

 

* * *

 

Ровар настаўніка Мазура быў добра дагледжаны, што і адзначыў назаўтра Ліневіч. Колы каціліся лёгка. Балоты і тарфянікі высахлі, бо дажджу не было ўжо больш як два месяцы. Тым не менш на паплавах ён са здзіўленнем выявіў цэлую арашальную сістэму, якая не дзейнічала. Мноства ржавых труб і распыляльнікаў цягнуліся на некалькі кіламетраў. Трубы былі пагнутыя, а там-сям і наўмысна пераламаныя ў паедзеных іржой стыках.

Насякомыя па-ранейшаму віравалі наўкол, яны біліся ў твар, блыталіся ў валасах, Ліневіч бараніў толькі вочы. Ён аб'ехаў палі, лес за самай дальняй брыгадай і паплавы за ракой, але прус быў паўсюдна. Ліневіч скіраваў назад.

Брудна-чырвоная камлыга экскаватара была бачная здалёк. Зубаты коўш нерухома тырчаў у небе. Побач корпаўся чалавек у падранай майцы і пакамечанай бейсбольнай кепцы. Гэта быў экскаватаршчык з перасоўнай механізаванай калоны па прозвішчу Сей.

Ліневіч спыніўся і павітаўся.

- Я вас пазнаў. Вы нешта шукаеце ў рацэ. А я больш не капаю, - сказаў Сей.

- Чаму? - спытаў Ліневіч.

- Ноччу акумулятар укралі.

- А з палівам як?

- Яшчэ на пару дзён хопіць. За кожны літр прымушаюць распісвацца. Вось прывязуць акумулятар, і пачну. Ну, а вы знайшлі сваё?

- Не, - сказаў Ліневіч.

- Птушкі зніклі, - раптам заўважыў экскаватаршчык Сей. - Вы іх бачылі тут?

Ліневіч азірнуўся наўкол. Аніводнай, нават маленькай птушкі ён не знайшоў. Паўсюдна, куды толькі дасягаў позірк, няспешна перамяшчаліся, пераляталі з месца на месца насякомыя. Чуўся шолах крыльцаў і ледзь улоўны аднастайны похруст працуючых сківіц.

- Вы давялі ўчастковаму пра крадзеж? - запытаў Ліневіч.

- Так. Але гэта марна. Цяпер тут шмат чужынцаў. Розныя людзі панаехалі. Як гэтая тля.

- Не тля, а пералётны прус, - паправіў Ліневіч.

- Цяпер паўсюдна злодзеі, ашуканцы. Раней тут кацапы кралі, а зараз і свой, каб пахмяліцца, у хату залезе. Вы чалавек новы, а заўважылі, колькі ў нас п'юць?

- Так, - сказаў Ліневіч. - А вы самі хіба не бярэце чарку?

- Ужываю. Але я ведаю, калі піць, я не Грынь. У мяне дзеці, а іх карміць ужо няма чым, акрамя бульбы. Я голад прадбачу. Вось і ўяўленне было.

- Уяўленне? Вам?

- Не мне. Сястра казала, быццам уранні, якраз перад тым, як гэтыя кузуркі прыляцелі, яна лесавіка бачыла. Выйшаў ён з-за дрэў, стаў і пакланіўся ў бок вёскі. А потым знік на вачах.

- Ваша сястра замужам? - спытаў Ліневіч.

- Хочаце пасватацца? - незалюбіў Сей.

- Я да слова.

- Думаеце - прымхі збірае?

- Магчыма. Але і яны на пустое не з'яўляюцца. Сімуляцыя - ужо сімптом хваробы. Я прывык аналізаваць. Так хутчэй знойдзеш першапрычыну.

- Людзі пытаюць, што вы шукаеце ў рацэ, - адразу перайшоў на больш простую тэму экскаватаршчык Сей.

- Як знайду - даведаецеся.

- Хіба вы не ведаеце?

- Не, - сказаў Ліневіч.

- Не даю веры.

- А хіба вы не ведаеце, навошта спрамляеце рэчышча? Вам не паведамілі?

- Я чалавек просты.

- Я таксама, - сказаў Ліневіч і развітаўся.

Ад экскаватара Ліневіч збочыў на сцяжынку, якая вяла да бальшака. Ён успомніў, што яшчэ не быў на тым баку дарогі.

Спёка між тым расла. Ліневіч падумаў, што такое выключна гарачае надвор'е, пэўна, бывае ў гэтых месцах надзвычай рэдка. Птушак ён так і не сустрэў - нават варон нідзе не ўбачыў.

Герман Ліневіч перасек бальшак - звычайную гравійку, па якой раней хадзіў у горад аўтобус, і паглыбіўся на другі бок вузкай сцежкай. Неўзабаве яму давялося злезці з ровара і цягнуць яго побач - кусты і дрэвы раслі нізка, і галінкі чапляліся за вопратку, а то і балюча білі па твары. Раптам ён выпадкова ўбачыў, што ў вышыні, якраз над ім, метрах у пяці над зямлёй, цягнуцца два тонкія дроцікі. Гэта была паветраная тэлефонная лінія, якая, пэўна, вяла да жытла ці пабудовы, дзе, на яго думку, павінен быць тэлефон. Ліневіч згадаў пра тое, што яму неадкладна трэба тэлефанаваць у сваё ўпраўленне. Трымаючыся дроцікаў, ён хвілін праз дзесяць выйшаў да азяродаў, мінуў агароджу з жэрдак і за ёй у засені дрэў убачыў невялікі цагляны будынак.

Зблізу гэта аказалася аднапавярховая кампрэсарная ці помпавая станцыя, ад якой да ракі ішоў вузкі канал з цэментаванымі рагамі. Ліневіч успомніў пра кіламетры ржавых труб на паплавах і здагадаўся, што станцыя даўно не працуе.

Ён прыхіліў ровар да жэрдак і падышоў усутыч.

Ля дзвярэй былі свежыя сляды. Тут зусім нядаўна нехта хадзіў: трава прымялася, а на пяску ля ганка ён убачыў адбітак падэшвы.

Герман Ліневіч пастукаў у абітыя бляхай дзверы, але адказу не дачакаўся. За бруднымі, пакрытымі слоем пылу вокнамі панавала маўчанне.

Ліневіч пастукаў зноў.

Раптам пачуліся нейкія гукі, а затым дзверы адчыніліся, і ён убачыў мужчыну ў майцы і спартыўным стракатым трыко. Рукі і плечы ў таго былі голыя і блішчэлі ад поту. Ліневіч пазнаў: перад ім стаяў той самы чалавек, які разам з дзяўчынай сачыў за ім у бінокль. Ліневіч нават уздрыгнуў ад нечаканасці, бо чалавек быў у процівагазе.

Мужчына ўтаропіўся на Ліневіча праз шкельцы, а потым рэзка пацягнуў да сябе дзверы, зачыніў з трэскам і зашчапіў іх знутры.

Герман Ліневіч пастаяў з хвіліну, але ніхто больш не выходзіў, і ён павярнуў назад. Ён быў вельмі здзіўлены.

Цяпер ён сам спяшаўся да настаўніка Мазура. Але не толькі дзеля таго, каб вярнуць яму ровар: Ліневічу карцела спытаць у яго тое-сёе.

Маёнтак настаўніка Мазура быў звычайнай вясковай хатай пад дахам з шыферу. Побач стаялі невялічкая пуня і хлеў. Участак зямлі, як адзначыў сабе Ліневіч, складаў сотак дваццаць, не больш. На ім раслі старыя, гадоў па пяцьдзесят, яблыні і вішні. У лісцях, а таксама на пажоўклай ад спёкі траве пад імі, як і паўсюль, панавала саранча.

Настаўнік Мазур быў дома, і Ліневіч зайшоў у хату.

Ён упершыню ўбачыў жытло Мазура знутры: у пакоі было чыста прыбрана, усе рэчы, здаецца, ляжалі ці стаялі на сваіх месцах - і стол, і крэслы, і невялікі чорна-белы тэлевізар, і прыёмнік, і такі-сякі інструмент.

Гаспадар ляжаў апрануты на ложку і, як толькі Ліневіч зайшоў, падхапіўся і сеў. Ён быў бледны з твару і, як адзначыў Ліневіч, чамусьці моцна нерваваўся.

- Калі вы спіце, то не буду перашкаджаць, - сказаў Ліневіч. - Я паставіў веласіпед на месца.

Але настаўнік Мазур нібы спалохаўся:

- Пабудзьце крыху, калі маеце час. Я вам нешта скажу. Я хацеў зайсці да вас яшчэ раз.

Герман Ліневіч сеў у крэсла.

- Дык я вас слухаю, - сказаў ён насцярожана.

- Справа ў тым, - дзіўна пачаў настаўнік Мазур, - што ў свеце існуюць сілы, якія накіраваны на тое, каб перасекчы нашы сувязі з Небам. Вы не задумваліся над тым, колькі ў нас апантаных, імі нехта нібы кіруе. І зноў жа ўсе гэтыя паморкі, нашэсці, паводкі, пажары, землятрусы і смерчы.

- І што?

- А тое, што за імі ідуць голад, войны і спусташэнні. Я вось знайшоў старажытны спіс усіх здарэнняў і бедстваў, якія ў нас раней адбываліся. Вы паслухайце: дзвесце пяцьдзесят трэці год ад Нараджэння Хрыстова: «Из земли бо и из моря и из рек и из озёр ветром нужным износило дыхание смрадно, яко гной мертвых телес, и от сего тяжкие и неисцельные болезни, погибель человеком...» Гэта хранограф заходне-расейскай рэдакцыі. А вось яўрэінаўскі летапіс. Тысяча пяцьсот трыццаць чацверты год: «...прышла саранча і паела жыта, траву і ярыну...». А вось летапісны сказ Пятра Залатонава. Тысяча шэсцьсот восемдзесят шосты год: «Дажджы. Пры гэтым нашэсце чарвякоў чорных памерам з вусеня...» А вось тысячны год. Моцны землятрус на ўсім зямным шары. Тысяча трыста сорак дзевяты год. Полацак: «Мор бысть на люді...» Тысяча чатырыста трыццаць шосты год: «Голад ад дажджэй, много лиха, много кровопролития сталося, брат брата своего рожоного убивал». І так амаль пастаянна: тысяча пяцьсот восемдзесят восьмы год - «великий мор», тысяча шэсцьсот чацверты - «великое поветрие», гэта значыць эпідэмія, тысяча семсот трыццаць трэці - «...поморок явывся и там ляхов, козаков и жидов много вымерло...». І зноў - голад, засуха, дажджы, прузіша, чэрві, вусені... Але вось што цікава: у трынаццатым стагоддзі, прыкладам, саранча прыходзіла аж васемнаццаць разоў. А вы не задавалі сабе пытанне, чаму ўсе прыродныя бедствы супадаюць з нашэсцямі, войнамі, міграцыямі? У тым жа трынаццатым стагоддзі за саранчой татары з'явіліся. Кроў палілася, цемра прыйшла...

- То было ў мінулым, - перабіў Ліневіч, - мяркую, прагрэс чалавецтва зараз выключае падобныя з'явы.

- Лухта, - не згадзіўся настаўнік Мазур. - Прагрэс - гэта слова-неданосак. Ну, дайце магчымасць тым жа кітайцам атрымаць кожнаму па машыне ну й па трактару на сям'ю і - гатова: экалагічная катастрофа. Рэгіён не вытрымае такой колькасці выхлапных газаў. Вось вам і прагрэс.

- Але ж чалавецтва жыве.

- Яно-то жыве, але ўжо не шукае Амерык, а будуе канторы, банкі, біржы і парнакварталы. Вы часам не хочаце за акіян?

- Не, - сказаў Ліневіч.

- А то ўсе аж трымцяць. Спажываць - вось што стала мэтай.

Герман Ліневіч пакратаў загарэлы лоб і праз паўзу сказаў:

- Лёс - гэта выпадковасці, а не прысутнасць кагосьці, як вы лічыце. Ну, узяць хаця б майя. Нястача энергетычнага звяна. У іх не было каня. Значыць, не было і кола, не прыдумалі, бо навошта яно, калі няма цяглавай сілы? І мы, магчыма, сталіся б магутнымі і незалежнымі, ну, прыкладам, каб былі астраўной нацыяй. Дарэчы, у свеце дамінуюць англасаксы ды японцы. А яны астраўныя народы. Яны, магчыма, не гублялі частку сіл, каб адбіцца ад ворагаў. Мора абараняла іх і загартоўвала дух...

- Вось-вось, - задумліва дадаў настаўнік Мазур, - а нас да таго ж падточвалі суседзі, лезлі з захаду і ўсходу. Саранча. Мы і ёсць той самы трэці варыянт з прытчы пра сейбіта. Памятаеце?.. І трапіла зерне ў церні, і церні выраслі і заглушылі яго... А пад занавес заўсёды з'яўляецца Ён.

- Дык, па-вашаму, тупік? - спытаў Ліневіч.

- Чарнобыль давершыць. Таксама выпадковасць? Ці не занадта іх.

- Але ж варта трываць, ну хаця б дзеля будучыні, - сказаў Ліневіч.

- З кім трываць і дзеля якой будучыні?! - выбухнуў раптам настаўнік Мазур. - Ды вы прыгледзьцеся да ўсіх гэтых мангалоідаў на вуліцы, паслухайце, пра што яны гавораць, ды заўважце, колькі набрыдзі з'явілася! Яе вось мы трываем! Гэх, народ! Ён нават па мінулай вайне не здолеў вызначыцца, уграз у сваю, грамадзянскую... Хіба свядомы, нармальны чалавек можа тут жыць? На зямлі, дзе нават мовай сваёй пагарджаюць? Тут штомесяц новы Чыкаціла аб'яўляецца, а такая, прыкладам, з'ява, як Ян Палах, тут магчымая?!

Ён раптам змоўк, задыхаючыся.

- Дык у чым ваша пытанне? - нібы ачуняў і пацікавіўся Ліневіч.

- Вы маеце рацыю: я ўсё падводжу здалёк, а філосаф з мяне кепскі. Маё пытанне надзвычай простае. Я хацеў, каб вы па магчымасці наведалі маю дачку, там, у горадзе. Я быў бы вам вельмі ўдзячны, каб вы пагаварылі з ёй.

- Пагаварыў - пра што?

- Я давяраю вам і хачу, каб вы давялі ёй, каб яна, ну, скажам, не адхілялася ад Шляху. Вы мяне разумееце?

- Так, - сказаў Ліневіч. - Разумею. - Але гэта лепей зрабіць вам самім. І чаму вы лічыце, што я трымаюся таго Шляху?

- Я не здолею. Позна. А ў вас веру.

- Добра, - згадзіўся Ліневіч. - А ў мяне да вас таксама пытанне. Хто жыве на помпавай станцыі за шашой?

Настаўнік Мазур раптам узняўся з ложка, падышоў да акна і зірнуў у яго, але вярнуўся назад і зноў сеў на ложак.

- Гэта кінутая станцыя.

- Там жывуць, - сказаў Ліневіч. - Сёння я там бачыў мужчыну ў процівагазе. А гэта сведчыць толькі пра тое, што яны там, верагодна, вырабляюць наркотыкі. Інакш навошта ў такую спёку процівагаз? Вы б хадзілі дома ў процівагазе?

- Наркотыкі? Тут? Ці не напякло вам часам галаву?

- Не блюзнерце. Месца ідэальнае. Экскаватаршчык Сей кажа, што тут з'явіліся чужынцы.

- Усе людзі - чужынцы, - прамовіў больш спакойна Мазур. - Вось у чым справа. А па-другое, вы не заўважалі, што мы пачынаем захлынацца ад людзей з парушаным генетычным кодам? А свабода для такіх - гэта турма для вас. І наадварот.

- Магчыма, і так, - сказаў Ліневіч і падняўся з крэсла.

- Дык, калі вернецеся ў горад, выканаеце маю просьбу? - спытаў настаўнік Мазур. - Я вам пакіну адрас.

- Гэта няцяжка, - паабяцаў Ліневіч. - Я пасля падумаю, як зрабіць усё лепш. А зараз выбачайце - мне на раку.

 

* * *

 

Герман Ліневіч крочыў праз поплаў. Паветра, перанасычанае сонцам, было гарачае, нібы ў лазні. Пад падэшвамі красовак раз-пораз хрускалі хіцінавыя абалонкі саранчовых. Насякомыя поўзалі па зямлі, узляталі ў пошуках новага корму. Ціхі шолах ствараў дзіўную какафонію спусташэння.

Там, дзе ў мінулы раз ён пакідаў свой рукзак, ляжала і загарала дзяўчына. Герман Ліневіч падышоў усутыч, прычым адзначыў, што яна спачатку рабіла выгляд, быццам не бачыць яго. Ён пазнаў тую самую дзяўчыну, якая сачыла за ім.

- Я заняла ваша месца.

Дзяўчына ляжала на жываце, абапіраючыся на локці, і Ліневіч убачыў загарэлыя плечы, пад якімі звісалі пругкія і прадаўгаватыя, нібы ў негрыцянкі, грудзі. Станіка на іх не было. Дзяўчына прыкрыла іх адной рукой, прыняўшы позу жабы, а другой, урэшце, адшукала станік, укленчыла і зашпіліла яго за спінай, пасля чаго выпрамілася ў поўны рост. У яе былі стройныя і загарэлыя ногі, але скуласты, з прыкметамі азіяцкасці твар, нібы заўчасна пастарэлы, з хваравітымі, у зморшчынках, вачыма. На пярэднім зубе, калі яна ўсміхнулася, Ліневіч убачыў чорную кропку незалечанага карыесу.

- Я тут яшчэ не купляў зямлю, - сказаў Ліневіч. Ён не паважаў такіх яўных сексуальных выклікаў.

- Ну, а я спецыяльна, каб пазнаёміцца, - гнула сваё дзяўчына. - Дарэчы, мяне завуць Жана. Давай на «ты».

Герман Ліневіч хацеў спытаць, навошта тая сачыла за ім у бінокль, але чамусьці стрымаўся. Ён адзначыў сабе, што дзяўчына - расейка. Яе выдавалі і знешнасць, і акцэнт.

- Ну, давай, - сказаў Ліневіч.

Дзяўчына па імені Жана юрліва хіхікнула.

- Што ты шукаеш? - пацікавілася яна.

- А ты?

- Я шукала цябе. Хочаш цыгарэту?

- Я не палю, - абрэзаў Ліневіч і зірнуў дзяўчыне ў твар. Вочы ў яе былі чорныя і быццам без яўных прыкметаў ненармальнасці. Ён убачыў, як у валасах у дзяўчыны заблытаўся прус. Тая гідліва выцягнула яго пальцамі і адкінула ўбок.

- А я запалю.

Дзяўчына па імені Жана дастала цыгарэту, запальнічку і запаліла, пэўна, настройваючыся на размову.

- На здароўе, - сказаў Ліневіч.

Ён крыху адышоўся, паклаў на зямлю рукзак, скінуў красоўкі, штаны, сеў і зашпіліў на нагах ласты. Дзяўчына падышла і стала перад ім.

- Слухай, - сказала яна. - Паміраю ад цікаўнасці. Калі ты скажаш, што шукаеш у рацэ, я згодная распрануцца дагала.

- І так бачу, што ты з сябе ўяўляеш, - заўважыў Ліневіч.

- Ну і што? Падабаюся?

- У мяне іншыя праблемы. Я заняты справай.

Раптам дзяўчына па-змяінаму перагнулася рукамі назад і гнутка зрабіла гімнастычны мосцік, так, што галава апынулася між яе ж ног. Валасы ўпалі ёй на вочы і перашкаджалі глядзець.

- Я чакаю, - хрыпла сказала яна. - Гавары.

Герман Ліневіч наблізіўся і зірнуў на рукі дзяўчыны ў локцевых выгінах. На венах у некалькіх месцах ён убачыў кропкі - сляды шпрыца.

Дзяўчына па імені Жана між тым села і адкінула валасы з ілба.

- Ну? - сказала яна. - Што такі нерашучы? Ды здымі ты свае ласты!

- Па кайфу даўно жывеш? - спытаў Ліневіч, наўмысна не заўважаючы яе чараў. У яго мільганула думка, што за імі, магчыма, і зараз сочаць у той жа бінокль.

Твар у дзяўчыны раптам стаў зласлівы, а настрой рэзка перамяніўся.

- Не мне брахаць, не табе слухаць.

- Тады навошта цікуеш за мной? Думаеш, золата шукаю? А калі знайду - увесь ваш экіпаж з'явіцца?

Ён вылаяўся перад тым як насунуць маску, а потым заціснуў у роце трубку і даў нырца проста з берага. Калі ён вынырнуў, дзяўчыны на беразе не было.

Расплаўлены шар сонца прайшоў між тым частку свайго штодзённага шляху і вісеў, здавалася, над самай галавой. Узровень вады паніжаўся, рэчка мялела. Толькі незлічоныя хмары насякомых адчувалі сябе няблага ў гэтым гарачым мроіве. Некаторыя з іх падалі ў ваду, але не тапіліся, а сплывалі ўніз па цячэнні, варушачы лапкамі і сківіцамі.

 

* * *

 

- Ну, дык што ты шукаеш? - спытала Жана.

Яна стаяла ў дзвярным праёме. Рыжыя валасы хваліста спадалі на яе худыя, голыя плечы. Кароткія шорты і бруднага колеру майка - усё, што на ёй было на гэты раз. За яе галавой у паветры раіліся насякомыя.

- Навошта ты прыйшла? - спытаў Ліневіч.

- Каб даведацца, што ты шукаеш у рацэ.

- Я нічога не ведаю, - сказаў Ліневіч.

- Не хлусі. Хто цябе паслаў сюды?

- Камітэт па надзвычайных сітуацыях.

- Ага.

Жана падышла да яго ўсутыч. Ліневіч убачыў праз майку яе вострыя, доўгія грудзі, адчуў пах яе цела.

- Ну і што табе загадалі адшукаць?

- Перакуліўся кацер, і згубілася сумка. Вось яе і шукаю.

- Што ў той сумцы?

- Не ведаю, - сказаў Ліневіч.

- Ты хлусіш.

- Не прыставай дарэмна. Надакучыла. Вы сочыце за мной.

- Ты павінен сказаць.

- Я вам нічога не вінен! - узлаваўся Ліневіч.

- Скажаш!

Жана са злосцю стукнула па стале.

- Скажаш, скажаш, скажаш!

Яна стукала кулачком пасля кожнага выкрыку.

...У дзверы грукалі. Герман Ліневіч адкінуў коўдру і падхапіўся з ложка. За акном ужо развіднела, і сонца вісела над даляглядам. Ява і сон яшчэ пераблытваліся ў яго галаве, і яму спачатку нават падалося, што надакучлівая дзяўчына па імені Жана рвецца да яго ў пакойчык. Ён адчыніў.

Усхваляваны бульдазерыст Грынь нязграбна праціснуўся праз парог і стаў у расчыненых дзвярах. Саранчовыя з-за яго спіны біліся аб сцены, заляталі ў пакой і падалі на падлогу.

- Настаўнік Мазур застрэліўся, - сказаў ён. - Пэўна, учора вечарам, бо суседка раніцай зайшла, убачыла - і самлела...

Ліневіч выслухаў блытаны аповед Грыня. Пачутае моцна ўразіла яго.

- Хто-небудзь ведае, як гэта здарылася? - спытаў ён.

- Не. З хаты ж і стрэлу надта не пачуеш.

- Нябожчык пакінуў якую запіску?

- Так, - пацвердзіў Грынь. - Кажуць, што ён напісаў ліст. Выклікалі ўчастковага. Ён ужо едзе.

Ліневіч таропка апрануўся і збег з ганка. Вёска даўно прачнулася, і абвестка пра самазабойства ўжо абляцела яе.

У хаце настаўніка Мазура ціха рухаліся некалькі постацяў. Ліневіч пазнаў сярод іх жанчын-суседак, дырэктара мясцовай школкі, у якой калісьці працаваў настаўнікам Мазур, - неахайнага атлусцелага чалавечка з няшчырымі вачыма, і яшчэ двух незнаёмых яму мужчын, якія стаялі ля дзвярэй, зняўшы плоскія расейскія кепкі-васьміклінкі. Нябожчык ляжаў на ложку. Ён быў накрыты прасцірадлам. Матрац, коўдра і падлога былі ў крывавых плямах. З-пад краю прасцірадла быў бачны яго твар. Вочы былі закрытыя, але сам выраз твару быў неспакойны, быццам настаўнік Мазур хацеў нешта сказаць у апошнюю хвіліну, але не паспеў. Скура на лбе набыла ўжо жоўты колер.

Няспешна аглядаў пакой участковы - малады чалавек у форме міліцыянта з пагонамі малодшага лейтэнанта. Ён быў прыкладна адных гадоў з Ліневічам. Рэдкія цёмныя вусікі чарнелі ў яго над верхняй губой. Твар быў дробны, невыразны. Канфедэратку ён не зняў, толькі ссунуў на патыліцу.

Некалькі саранчовых лёталі ў пакоі, адна кузурка поўзала па падушцы, і Ліневіч пацягнуўся скінуць яе на падлогу, але ўчастковы затрымаў яго руку.

- Якраз хацеў за вамі паслаць, - звярнуўся ён да Ліневіча. - Кажуць, вы сябравалі з нябожчыкам. Пытанне такое: у яго ёсць хто-небудзь са сваякоў?

- Дачка ў Менску, - сказаў Ліневіч. - Трэба даць тэлеграму. Я сам з'езджу ў сельсавет, вазьму толькі на гадзіну веласіпед. Вы пашукайце ў паперах: павінен быць яе адрас.

- Выклікаў брыгаду з райаддзела, але тут і так усё ясна, - паведаміў яму ўчастковы. - Да таго ж запіска. Ён гаварыў калі-небудзь пра свае намеры?

- Так. Гаварыў, што хоча застрэліцца. Запіску зірнуць можна?

- Вам так цікава? - спытаў участковы.

Герман Ліневіч знарок раўнадушна паціснуў плячыма.

- Яго праз дзень абавязкова ў зямлю трэба, - сказаў участковы. - Тут жа трупярні з халадзільнікам няма.

Ён расшпіліў сумку, выцягнуў паперу і паказаў Ліневічу.

- Гэта яго почырк?

 

«Не абмяжоўвайце шлях. сабе

не ведайце ні схільнасці

ні шчасця ні пагарды...» -

 

выхапіў вачыма здзіўлены Ліневіч і раптам сцяўся: пасля слова «шлях» ён убачыў тлустую кропку. Стаялі подпіс нябожчыка і дата. Ліневіч памкнуўся ўзяць цыдулку, каб разгледзець бліжэй і больш дасканала, але ўчастковы схаваў яе.

- Не, - сказаў ён. - Няхай з райаддзела спачатку глядзяць. Такі парадак. Вельмі дзіўны ліст, дарэчы...

- Гэта яго почырк, - пацвердзіў між тым Ліневіч, - я маю на ўвазе нябожчыка.

Адрас дачкі настаўніка Мазура хутка знайшлі на старым канверце. Адшукаўся і фотаздымак. Дачку Мазура звалі Надзея. З дрэннага аматарскага фота на Ліневіча зірнулі шырока расстаўленыя вочы маладой жанчыны. Твар быў тонкі, пародзісты. У нейкіх няўлоўных сваіх рысах яна нагадвала бацьку.

Нехта з жанчын прынёс у хату свечку і запаліў. Яе паставілі ля галавы нябожчыка.

Герман Ліневіч пастаяў яшчэ колькі хвілін, абдумваючы ўсё, што здарылася. Кропка ў пасмяротнай запісцы была яўна штучнага паходжання. Ліневіч паклікаў участковага ў кут.

- Па-першае, - сказаў ён, - я зараз бяру ровар нябожчыка і еду ў сельсавет, каб даць тэлеграму. А па-другое, хачу вас спытаць: вы ведаеце, хто жыве на кінутай кампрэсарнай станцыі за бальшаком?

- Ніхто, мяркую.

- Там жывуць. І яшчэ: вы носіце дома процівагаз?

- Што за лухта?

- Мужчына з помпавай, які адчыніў дзверы, быў у процівагазе. У гэткую спёку.

- І што вы з таго вырашылі? - спытаў без усялякай цікаўнасці ўчастковы.

- Мяркую, там вырабляюць наркотыкі. Аметалін ці яшчэ што. Таму і процівагаз. Вы б праверылі.

Участковы без ахвоты кіўнуў.

Невялікія пакойчыкі пры сельсавеце займалі ашчадная каса і пошта. Пошта якраз працавала, і Ліневіч запоўніў бланк тэлеграмы.

Загадчыца аддзялення, ганарлівая, як і ўсе ў вёсцы, хто не займаецца фізічнай працай, прачытала, падлічыла словы і сказала:

- Зайдзіце да сакратаркі. Я чула, як ёй званілі пра вас з Менску.

- Зайду, - падзякаваў Ліневіч.

Сакратарка старшыні сельсавета паведаміла:

- Заўтра асабіста да вас прыедзе інспектар камітэта па ахове прыроды з Менску. Я запісала прозвішча. Такое дзіўнае, нібы ў кітайца. Яго завуць Цай.

- Ён што-небудзь перадаў на словах? - спытаў Ліневіч.

- Прасіў толькі, каб вы нікуды не з'ехалі. Ён мяркуе дабрацца на аўтобусе, але тут жа яны больш не ходзяць. Я не стала тлумачыць. Яму могуць выдзеліць і службовую машыну.

Назаўтра, пасля таго як з раніцы ён прайшоў сваю звычайную норму на рацэ, Ліневіч з бульдазерыстам Грынем на вясковых могілках выкапалі магілу. Грынь быў зусім п'яны, і Ліневіч мусіў рабіць усё адзін. Пасля ён зноў узяў ровар і паехаў у вясковую краму, каб купіць сякіх-такіх прадуктаў на хаўтуры. Грошай у хаце нябожчыка не знайшлося, і пайшла нават пагалоска, што іх пакралі: падазравалі суседзяў. Хаваць жа яго трэба было тэрмінова, цела абклалі крапівой і соллю, бо спёка паскарала працэс разлажэння, і Ліневіч вырашыў пакуль набыць усё на свае - яму перадусім добра заплацілі ў сталіцы.

Купка падлеткаў віравала ля крамы. Ліневіч пачуў лаянку, нейкае няўцямнае балбатанне, воклічы, якія паўтаралі ўрыўкі рэкламных ролікаў з тэлебачання. У некаторых з падлеткаў былі ненатуральна малыя галовы ды іншыя прыкметы выраджэння.

За хлебам стаяла невялікая чарга. Паліцы былі пустыя, толькі гарэлкі было розных гатункаў і шмат.

Ліневіч стаў у чаргу.

У той жа дзень ля крамы, толькі крыху пазней, Ліневічу сустрэўся сівы мужчына ў майцы і спартыўных шараварах. Ліневіч пазнаў яго - гэта быў той самы чалавек, які хаваўся на помпавай станцыі і сачыў за ім у бінокль. Сын бульдазерыста Грыня неяк раней расказаў яму, што чалавек з помпавай называе сябе ёгам, часта збірае падлеткаў і паказвае ім розныя фокусы, і што яго сяброўка аднойчы выпіла з тымі ж падлеткамі ў ляску віна, сабрала з іх грошы і потым дазволіла кожнаму па чарзе ўступіць з ёй у сувязь. І на пытанне Ліневіча, ці не ўступіў у такую сувязь і ён, сын бульдазерыста Грыня прызнаўся, што так - уступіў адзін раз.

Ліневіч падышоў бліжэй. Чалавек, які называў сябе ёгам, зірнуў на яго, спыніў гутарку, што вёў з некалькімі падлеткамі, і пакрочыў па вуліцы да выхаду з вёскі, нібы запрашаючы Ліневіча пайсці за ім. Ліневіч неўзабаве дагнаў яго і сказаў у спіну:

- Пачакайце.

Мужчына-«ёг» спыніўся, скінуў з потнага, зарослага сівой шчэццю смуглага пляча сумку, павярнуўся, склаў, нібы мусульманін, рукі і пачаў нешта хутка-хутка чытаць сам сабе. Зблізу ён быў зусім стары. Урэшце, нібы выходзячы з трансу, ён спыніў свае мантры і зірнуў Ліневічу ў вочы. Той з цяжкасцю вытрымаў позірк. Падобны тып людзей быў яму незнаёмы. Што прыхавана за гэтым чэрапам са збягаючым назад ілбом, за чорнымі ўхілістымі вачыма, за азіяцкімі скуламі на зморшчаным, цёмным, нібы паленае дрэва, твары? Невядома... Але ж яго паводзіны ля ракі, процівагаз... Трохкутнік, дзе адзін вугал - энурэз у дзяцінстве, другі - піраманія, а трэці - садызм да жывёл? Тады - замбіраваны сектант, апантаны, які ўявіў сябе месіяй, ці проста чалавечы хлам, якога цяпер багата ў нашым гаротным краі?

- Ну? - урэшце парушыў паўзу стары. - Вы хочаце мне нешта сказаць?

- Здаецца, і вы хочаце зблізу паглядзець на мяне, - заўважыў Ліневіч.

- Няхай сабе так.

- З якой мэтай вы сочыце за мной? - у лоб спытаў Ліневіч і дадаў: - Вы зарэгістраваны ў сельскім Савеце?

- А вы прадстаўнік улады? - нібы нават ласкава пацікавіўся стары. - Не? Дык чаму я павінен адкрыць вам сваё сэрца?

- Калі б я быў прадстаўнік улады, то скіраваў бы вас у пастарунак, - сказаў Ліневіч.

- На падставе чаго? - па-ранейшаму ласкава пацікавіўся стары.

- Гэта вы застрэлілі чалавека па прозвішчу Мазур, - нечакана для сябе вырвалася ў Ліневіча.

Стары сцяўся на імгненне, а ў яго каламутных вачах прамільгнула і перадалася Ліневічу хуткаплынная іскра разгубленасці.

«Ён», - упэўніўся Ліневіч.

- Ну а доказы, доказы, - урэшце апамятаўся і зноў заўсміхаўся чужынец. - Гэтаксама я магу заявіць, што вы хацелі згвалціць дзяўчыну заўчора раніцай на рацэ. Яна пацвердзіць.

- Дзяўчына - наркаманка. І вы скарыстоўваеце яе ў сваіх мэтах. З якой вы секты?

- А хіба той Мазур не прасіў, каб яго застрэлілі? - спытаў стары. - Прыкладам, вас?

- Колькі ён табе заплаціў, сволач? - не стрываў Ліневіч.

- Нават калі я і застрэліў яго, то пра тое ён ужо не скажа. Усе ведаюць - ён застрэліўся сам, чаго і вам жадаю, - ветліва сказаў чужынец.

Ён усміхнуўся ласкавай усмешкай, але Ліневічу прымроіліся белыя доўгія іклы замест зубоў, як у фільме пра Дракулу. Стары падняў з зямлі сумку, ускінуў яе на плячо і пайшоў. Ліневіч нейкі час яшчэ глядзеў яму ўслед - нешта неасэнсаванае непакоіла яго пагрозлівай недарэчнасцю, і ён урэшце сцяміў: ад постаці чужынца быццам не было ценю...

 

* * *

 

Інспектар міністэрства аховы прыроды Цай быў сярэдняга росту, непрыкметнай знешнасці чалавек гадоў сарака ў шэрых штанах і белай тэнісцы. Яго маленькія, празрыста-шэрыя вочкі свідравалі субяседніка.

- Я мусіў прыехаць сам, - сказаў ён. - Сувязь псуецца, неўзабаве можа спыніцца транспарт, нават цягнікі. Мне даручылі на свае вочы паглядзець, што тут робіцца.

Яны ішлі праз поплаў у напрамку да ракі. Саранчовыя апантана рухаліся ў паветры.

- Глядзіце, - паціснуў плячыма Ліневіч. - Калі заўтра ж не пачаць апрацоўку з самалёта, тут нічога не застанецца.

- Я не пра гэта, - сказаў інспектар Цай. - Вы знайшлі сумку?

- Пакуль не.

- Якія ў вас меркаванні?

- Я прайшоў па дне і абшукаў большую палавіну свайго сектара, - стрымана растлумачыў Ліневіч. - Штодня я спадзяюся, што выцягну тую торбу. Дарэчы, што ў ёй?

Інспектар Цай сцяў тонкія вусны.

- Знойдзеце - пабачыце.

- Увогуле, ці варта шукаць?

- Варта, - сказаў інспектар Цай.

- Так сур'ёзна? Дык усё-такі, што ў той сумцы?

- Шукайце, - сказаў інспектар Цай. І ў роздуме дадаў: - І не пытайцеся лішняе. Вы ж далі падпіску. Атрымалі грошы. Дарэчы, я прывёз вам частку. Распішыцеся. Больш іх, магчыма, і не будзе, бо паўсюдна хаос. Я ледзь дабраўся сюды і сёння ж мушу ехаць назад, калі натраплю на якую спадарожную.

- Тут ходзіць лесавоз, - удакладніў Ліневіч.

Яны памаўчалі, прыслухоўваючыся да шолаху крыльцаў.

- А гэта вас не цікавіць? - Ліневіч раструшчыў нагой насякомае.

- Саранчовыя сыдуць. А нам заставацца. Шукайце сумку.

Яны агледзелі ўчастак ракі, бераг і нерухомы экскаватар з узнятым каўшом.

- Мне яшчэ ў сельсавет і да старшыні, - сказаў інспектар Цай. - Варта прыспешыць іх, каб заканчвалі работу.

- У іх няма паліва.

- Сюды перакінуць колькі трэба.

- Вы б не адмовіліся зараз паесці, вам жа далёка ехаць? - спытаў Ліневіч.

Інспектар Цай падумаў і згадзіўся.

- Так, - сказаў ён, - я адчуваю голад. А што вы мне прапануеце? Смажаныя акрыды?

- У мяне ёсць некалькі яек.

Інспектар Цай пакрочыў побач.

- Вы не задумваліся, чаму зараз так шмат памірае людзей? - раптам спытаў ён.

- Паміраюць заўсёды. Такое жыццё, - сказаў Ліневіч.

- Цяпер больш. Я ехаў сюды з дзяўчынай. У яе застрэліўся бацька.

- Добра, што яна прыехала. Трэба хутчэй хаваць нябожчыка.

- Парушыўся нават інстынкт самазахавання, - сказаў інспектар Цай. - Я гэта адчуваю.

Яны ішлі праз поплаў у сонечным мроіве, запоўненым саранчовымі. Ветру амаль не было.

- Але ж велічыня суіцыду пастаянная, - заўважыў Ліневіч. - Яна складае каля аднаго працэнта ад агульнай колькасці смерцяў.

- Дык чаму ў фінаў і вугорцаў два працэнты? Я думаў пра гэта.

- Ну і чаму?

- Над кожнай групай - свая колькасць самазабойстваў. Ну, прыкладам, полк ці дывізія. Над ім нешта вісіць і гняце. Гэтае «нешта» і патрабуе ахвяраў.

- Так ужо і патрабуе, - не паверыў Ліневіч.

- Спытайце ў якога камдзіва, начальніка лагера. Калі яны не схлусяць, то пацвердзяць - кожны год амаль аднолькавая колькасць.

- І што гэта, як вы лічыце?

- Не ведаю. Нібы напруга існуе. Яна расце, а потым адбываецца скідванне.

- Калі вы маеце рацыю, то і ў жывёл павінна быць нешта такое. Але...

- Ёсць, - сказаў інспектар Цай. - Калі статак павіянаў даганяе леапард, то адна малпа заўсёды застаецца на месцы і чакае драпежніка, каб памерці. Чаму мятлік, адклаўшы патомства, забівае сябе? Існуе ж яшчэ і замаскіраваны суіцыд: п'янства, наркотыкі, рызыковыя віды спорту, ну, каскадзёры там ці хто яшчэ...

- Дык што - наш народ і ёсць тая самая сімвалічная малпа, якая ахвяруе сябе дзеля астатняга чалавецтва? - вырвалася раптам у Ліневіча. - Ну, калі Чарнобыль мець на ўвазе?

- Можа, і так.

Герман Ліневіч зірнуў уважліва. Інспектар Цай ствараў уражанне няпростага чалавека.

Яны прыйшлі. Інспектар сеў за стол. Ён быў відавочна стомлены. Ліневіч пачаў смажыць яйкі.

- Як паясце, то адпачніце на ложку, паспіце якую гадзіну, - прапанаваў ён. - А я схаджу ў хату нябожчыка.

- Хвіліну, - спыніў раптам яго інспектар Цай. - Вы яшчэ «свежы» чалавек у нашай сістэме і многага не ведаеце. Вы памятаеце Наваполацкую катастрофу, калі ў Заходнюю Дзвіну трапіла дваццаць пяць кубаметраў сінільнай кіслаты?

- Так, зімой, здаецца, - пацвердзіў Ліневіч.

- А калі б летам? Ваду бралі б з ракі, дзеці палезлі б купацца?

- Так. І што?

- Нас чакае цэлы шэраг экалагічных і гуманітарных катастроф. Уся рэспубліка заражоная, вось у чым справа. У запаведных месцах, ля рэчак, пабудавалі заводзікі, цэхі, дзе людзі самі толкам не ведаюць, што вырабляюць. Абмакне якую дэтальку ў раствор, прыладзіць да ячэйкі і зноў. А там радыяцыя, адыходы небяспечныя.

- Тлумачце, каб усе ведалі.

- Каму тлумачыць? Адказам - заўсёды маўчанне. Вы ведаеце, чаму ў сталіцы цяпер самы буйны ўнівермаг надбудоўваюць, новую сцяну нарошчваюць? А там фон ледзь не як у Чарнобылі: побач завод, адыходы злівалі, яшчэ што... Людзі думаюць, што ўнівермаг пашыраюць. Як бы не так...

Ліневіч спытаў:

- Хто іх размяшчаў - тыя цэхі ды заводзікі?

Інспектар Цай пакрывіўся.

- Тут канцоў не знойдзеш. Хіба толькі Сатана папрацаваў. Дый самі вінаватыя. Прыбалты, унь, не дазвалялі з сабой такое рабіць - маўляў, курортная зона. Адбіліся. А над намі і нейтронныя бомбы ўзрывалі і радыеактыўныя воблакі саджалі. А што, калі б паўночныя рэкі яшчэ павярнулі? Цяпер вось заводзікі ў ціхіх месцах.

Яны моўчкі паелі. Інспектар Цай зняў чаравікі, лёг на ложак, падаслаў пад ногі газету і сказаў:

- Пабудзіце мяне праз гадзіну.

Ліневіч кіўнуў і выйшаў за дзверы.

...Нябожчык ужо ляжаў у труне, якую дагэтуль наспех зрабіў і прывёз на драбінах калгасны цясляр. Ля труны сядзела дачка настаўніка Мазура Надзея - маладая жанчына, гадоў дваццаці пяці ў чорнай жалобнай хустцы. Калі яна ўстала і пачала дапамагаць жанчынам, Ліневіч адзначыў, што дачка настаўніка Мазура высокага росту і вузкая ў клубах, як хлапчук.

Хаваць нябожчыка вырашана было назаўтра, а другой палове дня. Ліневіч завіхаўся разам з усімі, каб паспець зрабіць усё ў тэрмін. Сонца марудна рухалася ў бязвоблачным небе, выпраменьваючы гарачыню. У хаце ўжо адчуваўся ледзь улоўны трупны пах. Прадуктаў, якія прынёс Ліневіч з вясковай крамы, не хапала, і ён выбраў зручны момант, каб аддаць Надзеі частку атрыманых ад інспектара грошай.

- Я быў вінен вашаму бацьку, - зманіў ён.

Дачка нябожчыка няўцямна зірнула нібы скрозь яго круглымі зялёнымі вачыма.

- Дзякую.

Яму ўдалося крыху пагаварыць з ёй пра нязначныя будзённыя рэчы. Надзея трымалася знешне спакойна, і жанчыны на кухні, як пачуў Ліневіч, шапталіся, быццам яна ганарлівая і, пэўна, зусім не любіла свайго бацьку.

Калі Герман Ліневіч вярнуўся ў сваю кватэру, інспектара Цая там ужо не было. На стале ляжала запіска, у якой той коратка паведамляў, што не мае часу чакаць і мусіць ехаць. Ён яшчэ раз звяртаў увагу Ліневіча на тое, каб неадкладна ўзнавіць пошукі ў рацэ.

Ліневіч зірнуў на гадзіннік. Часу яшчэ хапала, і ён прыгадаў, што інспектар Цай наўрад ці здолеў пакінуць аўтобусны прыпынак. Хіба толькі на спадарожнай. Нешта падштурхнула яго ўзяць ровар і паехаць на бальшак, туды, дзе звычайна садзіліся на аўтобус людзі.

Інспектар Цай самотна стаяў ля слупа, побач з невялікай павеццю ад дажджу - гэта і было месца, дзе раней спыняліся аўтобусы...

- Дамовіўся ў канторы, што экскаватар будзе капаць далей, - паведаміў ён. - Паліва прывязуць. А мяне зараз падкінуць на лесавозе.

- Складна кумачкі пяюць, ды ім веры не даюць, - пакпіў Ліневіч. - Вы сапраўды верыце, што заўтра тэхніку забяспечаць палівам? А калі становішча пагоршыцца? Вы ж самі казалі, што яно непрадказальнае...

Інспектар Цай агледзеўся па баках, але на дарозе нікога, акрамя іх дваіх, не было. Ён быццам захваляваўся.

- Паслухайце, - сказаў ён, - вы абавязкова павінны знайсці тую сумку. Я вам скажу, што ў ёй, вазьму на сябе адказнасць. Цяпер і на вас ляжа цяжар, але мне здаецца, што вы чалавек надзейны. Наваполацкая катастрофа - дробязь у параўнанні з тым, што можа здарыцца тут.

- І што ў той сумцы? - спытаў Ліневіч. - Цыяніды?

- Горш. Там два радыеметры. Гэта значыць восем трубак з радыеактыўным рэчывам. Калі хоць адна з іх лопне, ці, можа, хто выцягне, ці дзеці разаб'юць - тут будзе другі Чарнобыль. Вы ведаеце, што палавінай грама радыеактыўнага плутонія, калі кінуць яго ў раку, можна атруціць некалькі гарадоў?

- Але ж замоўчванне абвестак, якія могуць нанесці страту здароўю насельніцтва, забаронена законам, - сказаў пасля паўзы Ліневіч.

- Ведаю. Я выконваў загад. Дый вам можна не тлумачыць, у якім грамадстве мы жывём, пра які ўжо там закон гаварыць...

Барвовы дыск сонца апускаўся ў чорную паласу лесу на даляглядзе. Удалечыні пачуўся шум матора - набліжаўся лесавоз.

Герман Ліневіч абдумваў пачутае.

- Нябожчык, ну, той хто заўчора застрэліўся, паведаміў мне адну рэч...

- Якую? - інспектар Цай таксама прыслухаўся да гуку на дарозе.

- Дык вось, нябожчык лічыў, што Ён асабіста наведаў гэтыя месцы. Адсюль і прус. Ён жа кіруе шкоднікамі. А тут яшчэ і кацер перакуліўся.

- Хто гэта Ён? - спытаў інспектар Цай.

- А той, каго вы самі ўспомнілі перадусім.

Ліневіч раптам змоўк, бо інспектар уважліва глядзеў яму ў твар, вывучаючы.

- Ну і дзе Ён зараз? - пацікавіўся інспектар Цай.

- Мяркую, на кінутай помпавай станцыі. Гэта недалёка адсюль. А як, дарэчы, перакуліўся той кацер?

- На ім плыла група экспертаў. Бо ўверсе па рацэ якраз адзін з такіх непрыкметных заводзікаў, пра якія я гаварыў. Яны туды везлі рэчыва, пра якое і я мала што ведаю. Ну і замер рабілі радыеметрамі.

- Тое рэчыва таксама было ў сумцы?

- Так, у кантэйнеры.

- За мной сочаць, - неахвотна прызнаўся Ліневіч.

- З якой мэтай і хто? - спытаў інспектар Цай.

- Хто - магу толькі здагадвацца, а мэты не ведаю, і гэта мяне непакоіць.

- Вы павінны адшукаць сумку, нягледзячы ні на што.

- Так. Я знайду яе. Але хачу спытаць і вас: вось вы чалавек з жыццёвым вопытам, разумны. Скажыце, у вас не з'яўлялася пачуцця, што мы жывём у ірэальным свеце, у якім нібы лагічнага стрыжня няма? А калі ён і прамільгне, то быццам з крывога люстэрка, дзе ўсё наадварот?

- Вы стаміліся, - паспачуваў інспектар Цай.

І Ліневіч зразумеў, што апошняе спытаў дарэмна. «Яшчэ вырашыць, што мае справу з псіхічна няўстойлівым», - падумаў ён.

Іх гутарка перарвалася, бо на бальшак марудна выпаўз лесавоз, і Ліневіч падумаў уголас звыклае:

- Трупы дрэваў.

Але інспектар Цай ужо не слухаў. Ён таропка палез у кішэню і выцягнуў невялічкі плоскі карабок.

- Вазьміце. І дай вам Бог удачы. Я веру, што вы знойдзеце.

- Што гэта? - спытаў Ліневіч.

- Дазіметр. Будзьце асцярожныя.

- Бывайце, - развітаўся Ліневіч.

 

* * *

 

Настаўніка Мазура пахавалі на наступны дзень пасля абеду. З могілак Ліневіч ішоў побач з Надзеяй. Дачка нябожчыка не спала ўсю ноч і ледзь трымалася. Ліневіч узяў яе за руку і адчуў, як яна з удзячнасцю сціснула яго пальцы.

Увесь час, які пасля кароткіх памінак заставаўся да вечара, Герман Ліневіч правёў на рацэ, і толькі калі пачало сутонець, вылез з вады і сцягнуў маску і ласты. Пошукі зноў не прынеслі нічога істотнага. Ён спакаваў рукзак і азірнуўся навокал.

Крывава-чырвоны сонечны дыск хаваўся за далягляд. Ветру не было, і ніводная галінка не варушылася, толькі імкліва бегла пад берагам цёмная плынь ракі ды звінелі ў паветры саранчовыя.

Раптам ён заўважыў у засені кустоў адзінокую дзявочую постаць, і калі падышоў бліжэй, пазнаў у дзяўчыне дачку настаўніка Мазура - Надзею.

Надзея сядзела, абхапіўшы ў каленях доўгія ногі, і глядзела ў ваду.

- Бачыла, як вы ўвесь час ныраеце, - сказала яна. - Вы выдатна плаваеце.

- Я люблю раку, - згадзіўся Ліневіч і спытаў: - Навошта вы тут адна?

- Я купалася. Пэўна, вада здымае стому, бо цяпер мне лепш.

- Не плавайце тут адна, - параіў Ліневіч. - Тут небяспечна.

- Чаму?

- Таму, што тут з'явіліся д'яблы.

- Вы гэта жартам?

- Не, - сказаў Ліневіч. - Я не жартую з вамі. Па-першае, таму, што я таксама стаміўся, а па-другое - таму, што мне хочацца ля вады гаварыць сур'ёзна. І каб размова была свабодная, як рачная плынь.

- Кажуць, вы сябравалі з бацькам. Навошта ён гэта зрабіў?

- Калі-небудзь потым я раскажу вам, што ведаю. Яшчэ не ўсё, дарэчы, высветлена.

- Але чаму? Я не разумею.

- Дзеля гэтага вы яшчэ занадта маладая, - сказаў Ліневіч. - Дарэчы, застаўся дом. Ён цяпер ваш. І зямля таксама.

- Не ведаю, вырашу потым. Кажуць, нават новы дом, калі ў ім не жывуць, праз пяць год парахнее. Гэта праўда?

- Так.

- Заўтра я мушу ехаць у горад. Але суседка сказала, што аўтобусаў даўно няма.

- Тут ходзіць лесавоз, перавозіць дрэвы. Я ўжо знаёмы з вадзіцелем. Ён бярэ спадарожнікаў. Інспектар Цай паехаў з ім.

- Інспектар Цай? Я яго не ведаю.

- Ён са сталіцы, прыязджаў па справах. Ехаў сюды разам з вамі.

- Гэтыя справы тычацца і вас?

- Але.

Яны яшчэ пасядзелі моўчкі. Сонца зайшло. Ліневіч сказаў:

- Я правяду вас дадому.

Яны маўчалі, пакуль не апынуліся перад брамкай дома настаўніка Мазура. Тут, на развітанне, Ліневіч спытаў, ці не будзе яна баяцца, калі апынецца адна ў доме, і Надзея адказала, што не.

Ліневіч хацеў прапанаваць ёй пераначаваць у яго пакойчыку, словы ўжо ледзь не вырваліся, але схамянуўся, што дачка настаўніка Мазура зразумее прапанову неяк не так, і прамаўчаў.

...Праз гадзіну, калі ён ужо быў у сябе, у дзверы да яго пастукалі. Ліневіч адчыніў і ўбачыў участковага, з якім раней размаўляў у хаце нябожчыка. Яго прозвішча было Панковіч. Міліцыянт зайшоў у пакой і павітаўся.

- Чаму вы не пытаеце хто, а адразу адчыняеце? - асцярожна пацікавіўся ён.

Герман Ліневіч паціснуў плячыма.

- Іншым разам да мяне заходзяць суседзі.

- Мяне завуць Віктар, - сказаў участковы Панковіч. - Я прыйшоў па вас, каб разам схадзіць па помпавую станцыю. Вы казалі, што там нехта жыве. Вы ведаеце хто?

- Па-меншае - злачынцы.

- А па-большае?

- Д'яблы.

- Дарэчы, хто такі вы сам? - спытаў міліцыянт. - Сяляне кажуць, што вы нешта шукаеце ў вадзе.

Ліневіч усміхнуўся.

- Я даследую раку. Не парушаю закон. Мяне прыслалі з дзяржаўнай структуры.

Участковы Панковіч падумаў і спытаў:

- Дык вы пойдзеце са мной? Тут няма каго папрасіць. Не хапае людзей.

- Ісці зараз?

-Так.

- Згода, - сказаў Ліневіч.

Ён моўчкі апрануў кашулю, і абодва выйшлі ў ноч.

Неба ашаламіла іх яркім бляскам зорак. Млечны Шлях мігцеў над галовамі. Паветра ўсё яшчэ было гарачае, і толькі шолах саранчовых парушаў гэтую ідылічную пастараль.

- Скажу вам пра абстаноўку ў раёне, - ціха пачаў участковы. - Я тут, у асноўным, адзін, і дапамогі мне, лічыце, аніякай. З'явілася шмат чужынцаў - не толькі бежанцаў. П'янства, рабаўніцтва, крадзяжы... Злачынствы не раскрываюцца. А што я магу зрабіць? У пачатку лета дзяўчынку з ракі выцягнулі, мёртвую, вядома. На шыі - торбачка з каменнем. Экспертыза выявіла гвалт. Перадусім у суседнім раёне ў лесе ля шашы хлопчыка знайшлі. Адкуль дзіця - ніхто не ведае... Павесілі. А яму ўсяго гадкоў пяць...

Міліцыянт раптам спыніўся і крануў Ліневіча за плячо. Ён быццам хваляваўся.

- Пастойце. Я бачу, што вы разумны чалавек, са сталіцы. Скажыце, вы верыце ў Бога?

- Вы чулі пра тэорыю Хабла? - спытаў пасля паўзы замест адказу Ліневіч.

Яго субяседнік паціснуў плячыма.

- Сусвет узнік у выніку Вялікага Выбуху невядома з чаго. Але ж была, пэўна, Прычына для яго ўзнікнення. Гэта Прычына, мяркую, і ёсць Бог.

Панковіч моўчкі дыхаў. Бачна было, што ён нібы саромеўся, што пачаў «вучоную» размову.

- Я прымаў хрост, - пасля паўзы дадаў Ліневіч, - і ўпэўнены, што Бог існуе, бо якія яшчэ сілы, у рэшце рэшт, у стане запальваць цэлыя Сусветы?

- Тады чаму дазваляецца такое? Я маю на ўвазе не гэтых кузурак ці там войны, паводкі, землятрусы, а - гвалт над дзецьмі? Сказана ж, што ніводзін волас не ўпадзе з галавы без Яго волі.

- Не блюзнерце, грэх, - аспрэчыў Ліневіч. - Я не магу вам адказаць на ваша пытанне, і, магчыма, ніхто таксама не здолее. Бадай, ёсць рэчы, пра якія мы ніколі нічога не даведаемся. Вось нябожчык, я маю на ўвазе настаўніка Мазура, меркаваў, што Бог, пэўна, існуе зусім у іншым вымярэнні і з'яўляецца да нас зрэдку, ну, нібы з інспектарскай праверкай ці як там... А тут пануюць іншыя сілы.

- І тады адбываюцца Страшныя суды? Ну, калі праходзяць тыя праверкі?

- Магчыма, і так.

Яны даўно прайшлі вёску і перасеклі бальшак. Участковы Панковіч памаўчаў, а потым працягваў:

- Вы нешта ведаеце пра нябожчыка.

Ліневіч неахвотна патлумачыў:

- Ён баяўся чакаць збавення ў адзіноце і бездапаможнасці. Таму і наняў за грошы найміта, каб застрэліў яго. Самазабойства было інсцэніравана. Я ўпэўнены ў гэтым, і на тое ёсць доказ.

- Які? - спыніўся ўчастковы.

- Яго развітальны ліст. Нябожчык неяк паабяцаў мне, што пакіне знак, калі выканае сваю волю не сам.

- І што гэта за знак? - з недаверам спытаў участковы Панковіч.

- Кропка. Не ў тым месцы.

- Ну, а хто, па-вашаму, найміт?

- Той, хто жыве на помпавай станцыі, - сказаў Ліневіч. - Дарэчы, мы прыйшлі.

Яны спыніліся і ўгледзеліся ў цёмныя размытыя абрысы будынка.

- Вы бачылі тых, хто там хаваецца? - ціха спытаў участковы.

- Бачыў. Дзяўчына, якая ўжывае наркотыкі. Істэрычная. Німфаманка. Такія заўсёды небяспечныя.

- Хто, хто?

- Але яна толькі слуга.

- Слуга каго?

- Таго найміта. Настаўнік Мазур лічыў, што тут павінен з'явіцца Ён. Ну, нешта кшталтам дробнага беса, як я мяркую. Нездарма тут і шкоднікі. Я маю на ўвазе саранчу.

- Можа, «белыя браты»? Ну, з секты... Развялося ўсякіх. Тут з мясцовымі ёгу прапагандуюць, нейкія сходкі, таемныя сустрэчы.

- Нячаеўшчына.

- Што, што?

У цішыні і цемры яны падышлі ўсутыч да дзвярэй і прыслухаліся. Адзінае маленькае акенца кінутай станцыі не прапускала ніякага, нават слабага святла. Не было чуваць ні гуку, ні шолаху.

Участковы Панковіч выцягнуў з кішэні кітайскі ліхтарык.

- Заходзім, - шапнуў ён Ліневічу і пацягнуў на сябе абітыя бляхай дзверы.

Яны асцярожна зайшлі. Міліцыянт уключыў ліхтарык.

У вялікім захламленым пакоі было пуста. Там-сям валяліся ржавыя металічныя дэталі, трубы, вентылі, недакуркі і пустыя бутэлькі, цэгла, ламачча. На цэментнай падлозе пад нагамі храбусцела бітае шкло. У кутку яны ўбачылі брудны матрац. Процівагаз вісеў на цвіку.

- А вось і ложак, - сказаў участковы. - Ну, хіба не гатэль? Хацеў бы я ведаць, дзе яго жыльцы...

- Тут ёсць падвал, дайце ліхтарык.

Некалькі прыступак уніз прывялі іх у цесны брудны склеп, у цэнтры якога на зямлі месціліся рэшткі механізма: махавікі, колы, цыліндры.

- Нікога, - сказаў Ліневіч.

- Хадземце наверх.

- Трэба злавіць яго. Абавязкова. Няхай сабе ён і сам д'ябал.

- Я паведамлю па ўсіх каналах, - згадзіўся ўчастковы Панковіч. - Але надзеі, што мы зловім, няшмат. Хаця транспарт не ходзіць, і ён дзесьці паблізу.

Яны пайшлі да выхаду. Прамень ліхтарыка раптам выхапіў з цемры надпіс крэйдай на ўнутраным баку дзвярэй:

 

«Не абмяжоўвайце шлях сабе

не ведайце ні схільнасці ні

шчасця ні пагарды...»

 

Абодва спыніліся і ўтаропіліся ў надпіс. Міліцыянт Панковіч заварушыў вуснамі: чытаў.

- Але ж гэта з ліста нябожчыка, - сказаў ён няўпэўнена.

Герман Ліневіч перасмыкнуў плячыма нібы ад холаду.

- Так. Толькі без кропкі.

- Вы што-небудзь разумееце? То ж кпіны з нас...

- Магчыма, усё жыццё - чыясьці насмешка над намі...

 

* * *

 

Праз суткі Герман Ліневіч праводзіў Надзею ў горад. Яны крочылі па сцежцы між голых, нібы выпаленых пажарам, палеткаў, дзе паўсюдна віраваў прус, ля дрэў, ужо без аніводнага ліста, жоўтай, амаль пазбаўленай травы зямлі. Затым чакалі машыну, хадзілі па ўскрайку дарогі: ішлі ўздоўж, а потым паварочвалі назад і крочылі да аўтобуснага прыпынку і далей, да вялікага дрэва (гэта была таполя) - тут абяцаў прыпыніцца вадзіцель лесавоза, каб давезці дачку настаўніка Мазура.

Ліневіч раптам сказаў:

- Цэніш тое, што даецца з цяжкасцю, а калі выпадкова - як падарунак лёсу, дык тут, каб ацаніць, трэба ўсё асэнсаваць. Бо не даеш веры.

- Не ведаю, пра што вы, - сказала Надзея. - Хаця я вас разумею.

Ліневіч зірнуў на яе: худая, крыху сутулаватая - ад росту, з прыгожай цёмнавалосай галавой, яна яўна не навучылася хадзіць па зямлі з упэўненасцю, не навучылася, а магчыма, і не здолее ніколі, - падумаў ён. Вочы яе глядзелі, здаецца, на яго і скрозь яго, ці гэта яму здавалася. Але трымалася годна. Не енчыла, не галасіла, нават не самлела ні разу, хаця ён бачыў, што сіл у яе ўжо не засталося.

І ён сказаў:

- Я ў тым сэнсе, што калі ваша сэрца вольнае, то я б заняў там невялічкі куток. Як толькі скончу тут сваю справу, я прыеду да вас. Ты (ён раптам перайшоў на «ты») не супраць?

Яна спынілася і зірнула яму ў твар.

- Не, не супраць. Але так нечакана.

Грузавік пад'ехаў.

- Я хутка вярнуся, - сказаў Ліневіч, - і мы зноў сустрэнемся.

І ён абняў яе.

Як толькі яна села ў кабіну, Герман Ліневіч пайшоў назад. Ён не любіў доўгіх развітанняў і да таго ж спяшаўся на раку.

 

* * *

 

Самае вялікае воблака саранчы памерам больш за пяць тысяч квадратных кіламетраў зарэгістравана ў 1989 годзе, калі яно пералятала Чорнае мора. Падлічана, што колькасць асобін складала дзвесце пяцьдзесят мільярдаў штук. Іх агульная вага была пяцьсот восем тысяч тон.


1996?

Тэкст падаецца паводле выдання: невядомае
Крыніца: невядомая