epub
 
падключыць
слоўнікі

Юры Станкевіч

Псеўда

Частка першая. КАМЕННЕ
Частка другая. КАНСІЛІУМ
Частка трэцяя. СУТНАСЦЬ
Частка чацвертая. АХВЯРЫ
Частка пятая. СЛОВА


Частка першая. КАМЕННЕ

 

Яго ўжо двойчы збівалі і рабавалі, калі ён абыходзіў свой участак, і ў падсвядомасці лекара замацавалася пачуццё перасцярогі. Таму ён нерашуча наблізіўся да цёмнага правалу пад'езда і спачатку прыслухаўся.

Сутонела. З лісцяў кволага клёна на яго сцякалі халодныя кроплі. Участковы тэрапеўт Юльян Сарока зайшоў у пад'езд. Ліфт не працаваў, і ён пачаў узнімацца наверх пешшу. На вузкай забруджанай лесвічнай пляцоўцы не было святла, і ён пашкадаваў, што не захапіў электрычнага ліхтарыка. Праз некалькі хвілін ён зблытаўся ў вылічэнні паверхаў, намацаў сярнічкі, потым выцягнуў адну і чыркнуў аб карабок. Агеньчык асвятліў нумар кватэры, перад якой ён стаяў, і твар самога лекара. Гэта быў звычайны, без асобых прыкмет твар мужчыны, які перайшоў сярэдні ўзрост, - спакойны і засяроджаны, з роўным носам, шэрымі вачыма і ўпалымі шчокамі ў чырвоных прожылках.

Участковы тэрапеўт Юльян Сарока зноў паволі пакрочыў наверх. Ніхто не спускаўся яму насустрач і не ўзнімаўся ўслед за ім, хаця з-за дзвярэй да яго часам даносіліся гукі ці то радыё, ці то працуючых тэлевізараў, галасы, тупат ног, а дзе-нідзе віск і плач. Лесвіца пахла цвіллю, мачой і гнілым смеццем.

Урэшце ён знайшоў патрэбную яму кватэру і пастукаў у дзверы, бо званок быў адламаны. Цемра, прасякнутая нездаровымі пахамі, ахінала яго шчыльным покрывам. Але неўзабаве за дзвярыма пачуўся рух і жаночы голас спытаў у адно слова:

- Хто?

Тэрапеўт Юльян Сарока гучна сказаў, што ён участковы лекар і прыйшоў з абходам.

Дзверы прыадчыніліся. Яго некалькі секунд разглядалі, а потым Юльян Сарока зайшоў у вітальню. Жанчына прыкладна трыццаці пяці гадоў стаяла перад ім ля вешалкі, загараджваючы вузкі праход. На ёй быў кароткі блакітны халат, пад якім угадвалася моцная і здаровая плоць.

- Вы па заяве? - панізіўшы голас, нечакана спытала жанчына і азірнулася на зачыненыя дзверы ў бакоўку.

- Якую заяву вы маеце на ўвазе?

Паўза.

Жанчына недаверліва глядзела яму ў вочы. У яе быў правільных рысаў грубаваты твар з крыху выступаючымі азіяцкімі скуламі, жорсткія, з медным адлівам валасы, шырокія плечы, зграбная постаць, а пажадлівыя пульхныя вусны і пах дарагой парфумы гаварылі аб прыхаванай сексуальнасці, і ўвогуле ўся яе істота чамусьці падалася яму зусім не такой аморфнай і бясполай, як яна выстаўляла сябе зараз. Юльян Сарока асцерагаўся такіх жанчын.

- Тут жыве Віктар Малец? - спытаў ён і зноў патлумачыў: - Я лекар з паліклінікі і павінен яго пабачыць. Ён неяк быў у мяне на прыёме і больш не з'яўляўся.

Жанчына нейкі час быццам раздумвала, а потым зрабіла запрашальны жэст.

- Зірніце сюды, - сказала яна, - і адразу зразумееце, што ён дома.

Юльян Сарока павярнуў голаў услед за яе позіркам. Па баках вітальні і ўгары, на звараных з металічнага «вугалка» стэлажах, ляжала каменне. Гэта былі камяні самай рознай формы і памераў, быццам нехта разабраў частку брукаванкі і склаў іх тут, ля сцен, на вышыні чалавечага росту.

Юльян Сарока ніяк не зрэагаваў на гэтае відовішча, і жанчына сказала:

- Ён у сваім пакоі. Месяц нікуды не выходзіць. Праходзьце, калі ўжо вам трэба, і не здымайце чаравікаў.

Юльян Сарока праціснуўся паўз яе і стэлажоў з каменнем да бакавога пакойчыка і нерашуча спыніўся. Жанчына піхнула дзверы рукой, і яны расчыніліся.

- Доктар прыйшоў, - сказала гаспадыня.

Віктар Малец быў невысокім сівым чалавекам каля пяцідзесяці гадоў. Выглядаў ён, дарэчы, намнога больш старым, чым на самой справе: яму можна было даць і шэсцьдзесят. Калі б Юльян Сарока сустрэў яго дзе-небудзь на вуліцы, то наўрад ці звярнуў бы на яго ўвагу. Хіба што позірк цёмных вачэй быў часам нечакана вывучаючы і пранізлівы, што сустрэнеш не часта, а калі заўважыш такое за чалавекам, то міжволі падбярэшся ў яго прысутнасці і прымусіш сябе не расслабляцца.

Малец у змятай ваўнянай кашулі, спартыўных нагавіцах і танных сініх шкарпэтках ляжаў на сваім вузкім салдацкім ложку, але адразу падхапіўся і ўстаў, калі пабачыў, што да яго ўвайшлі. Участковы лекар Юльян Сарока пазнаў у ім аднаго са сваіх пацыентаў, а на яго ўчастку дарослых было каля дзвюх тысяч. Гэты Віктар Малец звяртаўся да яго на прыём апошні раз некалькі тыдняў таму.

- Здыміце плашч і сядайце, -сказаў урэшце пасля паўзы гаспадар, - вы прамоклі.

Юльян Сарока пашукаў вачыма, куды паставіць гамец, і не знайшоў. Паўсюль на паліцах, крэслах, нават на падлозе ў куце ляжала каменне. Ён зняў плашч.

- Я, нягледзячы на ўсю невыгоду такога надвор'я, люблю, калі ідзе дождж, - чамусьці патлумачыў ён гаспадару. - Тады на вуліцах меншае людзей і становіцца ціха. А цішыня, як сказаў паэт, - «лепшае, што чуеш у свеце...».

Вочы Віктара Мальца бліснулі на яго ў святле настольнай лямпы. Гаспадар прыбраў з крэсла некалькі камянёў, павагаўся, куды пакласці іх, і, урэшце, асцярожна размясціў на стале.

- Вы не завяршылі абследаванне, - нечакана для сябе мякка ўпікнуў гаспадара Юльян Сарока, - не прайшлі флюараграфію, не здалі аналізы, не зрабілі прышчэп на дызентэрыю. Я асабіста выпісаў і даслаў на ваш хатні адрас позву, і не адну. З-за вас я маю непрыемнасці па рабоце.

Ён сеў у крэсла. Ледзь улоўнае пачуццё дыскамфорту змусіла яго павярнуць голаў: жанчына ціха стаяла за спінай і сачыла за імі. Раптам яна выйшла. Юльян Сарока раскрыў гамец і выняў адтуль танометр з фанендаскопам.

- Здыміце кашулю і пасуньцеся бліжэй, - папрасіў ён. - Я вас паслухаю.

- Я амаль здаровы, - заўпарціўся мужчына па прозвішчу Віктар Малец, але кашулю зняў і дадаў: - Хвароба - гэта толькі матрыца чагосьці - думак, холаду, болю. Я пазбаўляюся ад яе з дапамогай сутнасці.

- Памаўчыце хвіліну. Дыхайце.

Юльян Сарока прыладзіў у вушы нікеліраваныя дужкі фанендаскопа. Лёгкія чалавека, які сядзеў перад ім, былі на слых амаль чыстыя. Плечы, рукі, торс былога пацыента таксама не нагадвалі таго хворага, які прыходзіў да яго раней.

- У нашым узросце здароўя і сілы не прыбывае, - механічна і з доляй скептыцызму заўважыў лекар Юльян Сарока і спытаў: - Якую сутнасць вы маеце на ўвазе?

Віктар Малец паціснуў плячыма.

- Дакладна не ведаю. Тут трэба асобная гаворка.

- Вы ездзілі ў які санаторый? Праходзілі аздараўленчы курс?

- Не. Проста я вырашыў размясціць, так бы мовіць, жыццё стратэгічна. Я падышоў да свайго здароўя, скажам, з эмпірычнага боку і хутка вылечу сябе сам.

Юльян Сарока згодна, як малому, кіўнуў, замацаваў на перадплеччы гаспадара пракладку танометра і пачаў рытмічна націскаць грушу.

- Сто пяцьдзесят на дзевяноста, - сказаў ён. -Дзе вы дасталі лекі, навейшыя антыбіётыкі? Я яшчэ не бачу вынікаў аналізаў, але, як кажуць, ёсць падставы для аптымізму.

Віктар Малец зноў накінуў на сябе памятую кашулю брудна-шэрага колеру і старанна зашпіліў гузікі. Бледны твар яго ў аблямаванні сівых яршыстых валасоў нагадваў дзьмухавец.

- Вы не слухаеце, - заўважыў ён. - Слухаць - гэта значыць разумець. Я амаль што вылечыў сябе сутнасцю.

- Добра, але вы можаце і памыляцца ў такім бадзёрым дыягназе, - сказаў Юльян Сарока. - Хвароба іншым разам быццам адступае, а потым накідваецца зноў і б'е зусім з другога боку, б'е да апошняга.

Ён вырашыў пра сябе, што аддаў пацыенту адпаведнае і зараз устане і пойдзе. За гады сваёй працы ён неаднойчы сутыкаўся з рознымі чалавечымі дзівацтвамі, заганамі і адхіленнямі і звык да ўсяго.

- Мы павінны даабследаваць вас і прызначыць лекі, закрыць вашу гісторыю хваробы. Калі вы зможаце зайсці на прыём? Вы працуеце пазменна? Хаця вы, здаецца, служачы...

- Я не хаджу на службу, - сказаў Віктар Малец. - Я назапасіў крыху грошай і заняты цяпер больш важнай справай. - Ён памаўчаў і нечакана дадаў: - Хіба не гаворыць сама за сябе мая калекцыя камянёў?

- Навошта хаваць у сябе столькі камення, калі на вуліцах і дарогах яго процьма? - не стрымаўся Юльян Сарока. - Вы не заўважалі, як сяляне збіраюць яго з палёў, а потым складаюць абапал? Яно нікому не трэба. Хіба што на падмурак, калі будзеце будаваць дом, лецішча ці гараж.

- Ага, вось гэта гарачэй, - раптам ажывіўся мужчына па прозвішчу Віктар Малец. - Вы правільна задалі сабе пытанне: чаму ў мяне ў кватэры шмат камення? Добра, што вы не круціце, не пераконваеце, але вы не разумееце.

- Не разумею - чаго?

- Тлумачу. Яшчэ Арыстоцель заўважыў наступнае: «І камень крыху чалавек, і расліна...» Вам не здаецца дзіўным, што ён паставіў першым менавіта каменне, а потым расліны? Мне - не. Я, да слова, высветліў, што з-за сваёй старажытнасці і сілы камяні маюць асабовае святло. Яны, дарэчы, адкрываюцца не кожнаму сузіральніку, бо ў іх ёсць свае сакрэты, схаваныя ў сарцавіне. Так. Вы здзіўлены? Не? Тады слухайце. Сярод гэтых сакрэтаў зрэдку, але трапляецца сутнасць ці сіла, а яна здольная на розныя ўздзеянні: можа дапамагчы чалавеку ці, наадварот, забіць.

Чыста інтуітыўна я палюбіў камяні даўно, з самага ранняга дзяцінства: збіраў іх і гуляў імі - вы, магчыма, скажаце, што так робяць многія дзеці, і сапраўды будзеце мець рацыю. Так, робяць. Толькі чаму? Я вярнуўся, скажам так, да інфантыльнага захаплення маленства таму, бо зразумеў тое, што разумеюць дзеці на ўзроўні падсвядомасці. Скажу вам: у некаторых камянях хаваецца незвычайная моц. Такія камяні вельмі адметныя, але яны ёсць. Калі доўга шукаць, то, урэшце, абавязкова знойдзеш хоць адзін. Іншыя з іх налічваюць дзесяткі тысячагоддзяў. Адно гэта ўжо прымушае адносіцца да іх з павагай, хіба не так? Але я змаўкаю, бо вам не вельмі цікава.

- І вы знайшлі такі ўзмоцнены экземпляр?

- Так. Вы, пэўна, чулі, што старажытныя людзі шырока выкарыстоўвалі розныя камяні і мінералы, каб абудзіць энергетыку цела. Існавалі камяні для прадказанняў, варажбы, камяні-талісманы, з якіх выраблялі амулеты і бранзалеты, а то лекары адшліфоўвалі камень так, што ён збіраў промні ў адну кропку, і калі чалавек глядзеў на яго, то засынаў. Камяні маюць сувязь з планетамі і знакамі задыяка. З іх выраблялі люстэркі і пярсцёнкі для павелічэння ўздзеяння на людзей. А таямнічая сіла крэмнію - хіба яна разгаданая дагэтуль?

Юльян Сарока сапраўды слухаў гаспадара кватэры не зусім уважліва. Прафесія лекара патрабавала ад яго цярпення і памяркоўнасці да чалавечых слабасцяў. Ён вырашыў, што ў гэты вечар на сваім участку больш ні да кога не пойдзе, і ўнутрана нібы адпусціў лейцы. Ён прагнуў хутчэй пайсці дадому, сесці ў крэсла-качалку, наліць шклянку віна і выпіць. Лекар Юльян Сарока ўявіў, як будзе меншаць імпэт жыцця за вокнамі яго маленькай кватэры, як заціхне на ноч горад і прыйдзе маўчанне і як яго агорне спакой. Потым ён напоўніць шклянку яшчэ раз і будзе піць ужо пакрыху, каб падтрымліваць стан ап'янення на адным узроўні да таго часу, пакуль не захочацца спаць. А потым паслухае радыё і засне. А заўтра ў яго прыём а другой палове дня.

Паўза.

- І гэты фетыш пры вас? - спытаў урэшце Юльян Сарока, каб нешта сказаць.

- Я пакажу вам прадмет з сутнасцю, - раптам, быццам станоўча вырашыўшы нешта для самога сябе, сказаў Віктар Малец. - Знешне гэта, скажам, зусім звычайная рэч. Камень. Але толькі знешне. Мяркую, вы здольныя на тое, каб абстрагавацца і каб зразумець.

Гаспадар устаў з крэсла, намацаў нешта на верхняй паліцы і, трымаючы ў руцэ, падышоў з ім усутыч да ўчастковага тэрапеўта.

Юльян Сарока зірнуў. На далоні гаспадара ляжаў камень памерам з гусінае яйка, але не зусім правільнай формы, шэра-ружовага, амаль што крэмавага колеру, з чырвонай украпінай. Гэтая ўкрапіна цягнулася паўз яго ў выглядзе набрынялай крывёю вены.

- Цяпер, на захадзе сонца, каменне заўсёды поўнае журбы, - сарамяжліва паведаміў Віктар Малец. - Але ў гэтым экземпляры, скажам, такога няма. У ім хаваецца сіла. Вы адчуваеце?

Лекар Юльян Сарока паціснуў плячыма.

- Вы сцвярджаеце, што з дапамогай такога, ці падобнага на яго, каменя цалкам пазбавіцеся ад хваробы? - спытаў ён.

- Так. У ім схаваная немалая сіла. Унутры. Яна можа і забіць. Але я маўчу пра гэта. Дый усё роўна ніхто не дасць веры.

- Забіць? Якім чынам? - вяла спытаў лекар Юльян Сарока. Гутарка пачала стамляць яго. Ён хацеў устаць з крэсла, забраць гамец і выйсці на вуліцу, але чамусьці застаўся сядзець.

- Гэта не так і складана. Трэба выказаць пэўную мэту, намер. Сутнасць пакіне камень і ўвойдзе ў таго, хто будзе яго трымаць ці проста дакранацца да яго якой часткай цела ў гэты момант. Чалавек памрэ самае позняе праз некалькі дзён.

- Так, цікава, - зазначыў Юльян Сарока, але ахаладзіў гаспадара: - Не крыўдуйце, але я не даю вам веры.

- Вы што, не чулі пра знахарства, вядзьмарак, сурокі? - аж ускінуўся Віктар Малец. - Ну вазьміце, напрыклад, самую звычайную з'яву ў вашай медыцынскай практыцы: якая-небудзь неадукаваная бабуля вылечвае трафічную язву словам за адзін, заўважце, за адзін сеанс. А вы ведаеце, што цэлыя вёскі выміралі, калі перад імі на скрыжаванні дарог закопвалі ў зямлю такія вось ці падобныя на іх прадметы сілы? Ведзьмакі індзейцаў майя, калі ім трэба было пазбавіцца ад якога супляменніка, уладкоўвалі на сцяжынку, дзе той ходзіць, кукурузнае зерне. Адно-адзінае зярнятка, але перадусім у ім нарошчвалі сілу. Як толькі небарака наступаў на зерне нагой ці яшчэ як дакранаўся да яго, сіла ўваходзіла ў яго і праз нейкі час забівала. Хіба не папярэджвалі вас у дзяцінстве, што нельга падбіраць з зямлі розныя іголачкі ды шпількі? А загаворы на крыві? Такіх спосабаў шмат, у чорнай магіі, прыкладам...

- Вы займаецеся магіяй? - спытаў Юльян Сарока.

- Ні чорнай, ні белай.

- Навошта тады вам вашы амулеты з камення?

- Вы не разумееце. Вядома ж, вы не Арыстоцель, ха-ха. Не крыўдуйце. Гэта прыходзіць не адразу. Ведаеце, шукаючы прадметы з сутнасцю, я шмат чаму навучыўся. Іншым разам я магу, напрыклад, прадчуваць жаданні. Калі моцна захачу, яшчэ тое-сёе... Хаця я і ведаю, што гэта толькі маленькая прыступка да нечага большага. Так, прыступка, не інакш.

Лекар Юльян Сарока недаверліва пахітаў галавой. Жалезныя паліцы з каменнем, амаль поўная адсутнасць мэблі, дзіўныя паводзіны гаспадара кватэры не выклікалі ў яго амаль ніякіх пачуццяў, апроч стомленасці і тугі. Ён спытаў:

- Ну і якія, прыкладам, жаданні ці намеры вы зараз выявіце ўва мне?

Гаспадар моўчкі выслухаў яго і пакруціў пальцамі верхні гузік кашулі. Нейкі час абодва глядзелі адзін другому ў вочы. Юльян Сарока адвёў позірк першым.

- Вам наліць віна? - раптам спытаў гаспадар. - У мяне ёсць бутэлька малдаўскага партвейну. Таннага, вядома. Я адчуваю віну перад вамі: не прайшоў прышчэп і рэнтген, не здаў аналізы, зблытаў вашу дакументацыю і парушыў парадак...

Юльян Сарока міжвольна зрабіў глытальны рух. У горле было суха.

- Не адмоўлюся, - згадзіўся ён, раптам зразумеў і разгублена ўсміхнуўся. - Здаюся.

Гаспадар прынёс з кухні шклянкі, бутэльку віна і разліў.

- Зараз жонка прынясе што з ежы.

- Не трэба, - падзякаваў Юльян Сарока. - Я не галодны. Я павінен хутка ісці.

Ён павагаўся, а потым узяў шклянку і глынуў з яе. Цёплая хваля алкаголю звыкла скацілася яму праз горла ў страўнік і пачала мякка пашырацца, ахопліваючы частку цела ад пупка і вышэй па грудзях.

Гаспадыня зайшла ў пакой і паставіла на стол талерку з ежай. Юльян Сарока злавіў сябе на пачуцці, быццам праз расчыненыя дзверы на яго падзьмула халодным ветрам.

- Вып'еш з намі, Валянціна? - спытаў гаспадар і дадаў: - Гэта мая жонка.

Жанчына адмовілася і выйшла, кінуўшы на лекара хуткі, ацэньваючы позірк. Дзеля ветлівасці ён узяў з талеркі кавалак хлеба, адкусіў і спытаў:

- Вы даўно жанаты?

- Не. Можа, месяцы з два, - адказаў гаспадар. - Першая жонка пайшла ад мяне - яна лічыла мяне дзіваком. А другой, - ён панізіў голас, - я вельмі ўдзячны. Валянціна нашмат маладзейшая за мяне, але не гэта мяне турбуе.

- А што? - машынальна і зноў з ветлівасці пацікавіўся Юльян Сарока.

Віктар Малец устаў са свайго крэсла, ускудлаціў сівы ёршык валасоў на галаве, зрабіў некалькі крокаў да дзвярэй, прыслухаўся, вярнуўся назад і пачаў нервова хадзіць у абмежаванай прасторы. Яго цень ад настольнай лямпы хістаўся па стэлажах з каменнем.

- Мяне радуе і непакоіць тое, што яна не толькі не пратэстуе, - ён махнуў рукой на жалезныя стэлажы, - а быццам і ўхваляе гэта. Яна чуллівы і душэўны чалавек. А я так мала раблю для яе.

- Знайшоўшы - не радуйцеся, згубіўшы - не плачце, - крыху іранічна заўважыў лекар.

- Хіба што так, - пагадзіўся гаспадар. - Але вы не маеце рацыі.

- Ну, а чаму непакоіць? - вяла спытаў лекар.

- Не ведаю. Часам я... я адчуваю сябе нібы на агібе - ведаеце, гэта такое топкае месца на балоце...

- То не адны вы, - сказаў Юльян Сарока. - Балота, яно і ёсць балота.

Шэра-ружовы камень між тым ляжаў на стале побач з бутэлькай, міжволі прыцягваючы ўвагу.

- Скажыце, - вяртаючыся да ранейшай тэмы, недаверліва і нават скептычна спытаў лекар, - гэтым каменьчыкам можна забіць адну асобу ці некалькі?

- Толькі адну.

- Вы плануеце пазбавіць каго-небудзь жыцця? - пацікавіўся Юльян Сарока.

- У мяне няма такіх намераў, - патлумачыў гаспадар. - Калі ўсё арганічнае смяротнае, дык навошта штучна ўмешвацца ў гэты непазбежны працэс?

Юльян Сарока зноў зрабіў глыток. Цяпло ў падсвядомасці ператварылася ў роўна палаючы агеньчык.

- Шкада, што толькі адну, - сказаў ён.

- А вы б колькі хацелі?

- Я мушу лячыць, а не забіваць. Але на гэтай зямлі аб'явіўся народ, які забівае сябе сам і наблізіўся да здрады, якой, магчыма, яшчэ не ведала людства.

- Народы таксама паміраюць. У пачатку стагоддзя існавала дваццаць адна цывілізацыя, а зараз - шэсць. Людзі вартыя таго, што ёсць і што робіцца ў гэтым свеце.

- Дэарыізацыя, -удакладніў Юльян Сарока, - гэта самы горшы варыянт памірання.

- Няхай. Хаця якая вам розніца, хто пасля нас будзе збіраць на гэтай зямлі каменне? Чаму ў вас такія думкі? Дзіўна. Плюньце і займайцеся тым, што вас цікавіць.

- Я не разумею, навошта такі народ існуе, - з горыччу паўтарыў Юльян Сарока. - Хіба што сцерагчы свае рэкі, лясы, азёры, берагчы жывёл? Але ён не сцеражэ і не беражэ і не імкнецца. Не імкнецца нават імкнуцца.

Гаспадар усміхнуўся і паклаў далонь на каменьчык. Ён глынуў са сваёй шклянкі і сказаў:

- Авалодваць ведамі жыцця больш варта, чым задаваць недарэчныя, выбачайце, пытанні. Я авалодаў іх маленькай часцінкай, і я задаволены.

- Навошта вам столькі камення, калі сіла, як вы сцвярджаеце, толькі ў адным, - Юльян Сарока раздражнёна кіўнуў у напрамку стала.

Гаспадар падняў шклянку. Віно ў ёй варухнулася, заіскрыўшыся мяккім чырвоным святлом.

- Кожны з гэтых камянёў па-свойму адметны. Да таго ж сутнасць можа раздзяліцца з мэтай памнажэння. Але, мяркую, гэта адбываецца вельмі рэдка. Магчыма, раз у сто ці тысячу гадоў.

- Гэты камень мае якія асаблівасці? - зноў спытаў Юльян Сарока і паставіў на стол пустую шклянку. - Ён адрозніваецца вагой, тэмпературай ці яшчэ як?

- А вы вазьміце і памацайце.

Участковы тэрапеўт Юльян Сарока асцярожна ўзяў камень у руку. Ён злёгку сціснуў у далоні яйкападобны кавалак граніту і прыслухаўся да сваіх пачуццяў.

Іх не было.

Паўза.

Юльян Сарока паклаў каменьчык на стол і паціснуў плячыма.

- Я нічога не заўважыў, - сказаў ён.

- Вы не адчуваеце. Гэтаму трэба вучыцца, - стрымана патлумачыў гаспадар. - Існуюць меркаванні, што нават пасля знікнення асноўнай крыніцы сілы на месцы можа захоўвацца яе полевы двайнік. Гэта асаблівасць хранальнага поля існуе доўга. Да таго ж існуе ў адрозненне ад нашага метрычнага пазаметрычны свет, а магчыма - свет без хранальнага і метрычнага рэчываў адначасова: па-за часам і прасторай. Унутры нашага свету могуць існаваць яго аб'екты ў, так бы мовіць, размазаным стане. Ну, як вы растлумачылі, прыкладам, калі б вашы халадзільнік, шафа ці яшчэ што перанесліся ў кватэру суседа праз сцяну без аніякіх пашкоджанняў? А такія факты рэальна адбываліся...

- А вам не здаецца, што вы збочылі з дарогі? - раптам спытаў лекар. - Кажуць: калі чалавек ідзе прама, яго шлях крывы. Вы пайшлі занадта прама.

- Але я іду. Ісці - таксама вынік.

- Пайду і я.

Лекар Юльян Сарока падняўся з крэсла, паклаў у гамец танометр, падзякаваў за пачастунак і развітаўся з гаспадаром.

Але раптам ён звярнуўся да яго зноў.

- З вашага дазволу, - сказаў ён, - я раскажу пра ваш фетыш свайму калегу. Ён таксама аматар нязвыклага, захапленец і цікавіцца такімі рэчамі і, мяркую, захоча пагаварыць з вамі. Мы працавалі некалі разам у клініцы. Яго прозвішча Крамнікаў. Вы не супраць?

- Не, - падумаўшы, згадзіўся гаспадар.

Юльян Сарока спусціўся па лесвіцы і выйшаў на вуліцу.

Па-ранейшаму імжэла. Вецер быў хаця і халодны, але ўжо не такі моцны. Юльян Сарока падняў каўнер плашча і пайшоў, трымаючыся бліжэй да сярэдзіны вуліцы і абыходзячы неасветленыя бакі дамоў і пад'ездаў. Ён ішоў так доўга, больш за гадзіну. Прахожых амаль не было, і толькі непадалёку ад дома, дзе ён жыў, яму сустрэўся мужчына, які папрасіў у яго цыгарэту. Ён быў п'яны. Мокрыя валасы спаўзалі яму на лоб.

- Калі ласка, не біце мяне, - папрасіў мужчына.

- Я не прагну біць вас, - незадаволена сказаў Юльян Сарока.

- Тады пагаварыце са мной.

- Не хачу.

Дробны твар п'янага пакрывіўся. Ён працягнуў руку і памкнуўся затрымаць субяседніка за рукаво. Юльян Сарока рашуча адхіліў гэты яго намер. Ён пайшоў далей, але раптам спыніўся і павярнуўся. П'яны стаяў у той жа позе пасярод вуліцы. Юльян Сарока паклікаў яго.

- Скажыце, - спытаў ён незнаёмца, калі той з гатоўнасцю падышоў, - вы хацелі б, каб зараз, у дождж, хто-небудзь, ну, які музыка, зайграў на скрыпачцы? Ён бы стаяў на сухім месцы, пад якой павеццю, і ціхенька граў, а мы б ішлі праз непагадзь кожны сваёй дарогай і мелодыя гучала б усё цішэй і цішэй?..

Паўза.

Незнаёмец глядзеў на лекара, быццам і не здзівіўшыся такім словам. Ён збіраўся з думкамі, каб адказаць, але Юльян Сарока павярнуўся і рушыў у ноч.

Пад'езд дома, дзе ён жыў, быў асветлены плафонам. Гэтая ледзь не раскошная драбяза больш не здзіўляла яго: і цяпер у слабым святле лямпачкі Юльян Сарока заўважыў на падлозе некалькі выкарыстаных аднаразовых шпрыцаў. Яны валяліся ў куце проста пад нагамі, разам з недакуркамі ад цыгарэт.

У кватэры было холадна. Юльян Сарока павесіў на вяшак мокры плашч, зняў чаравікі і занёс іх сушыцца. Ён наліў сабе шклянку віна, сеў у крэсла і глынуў. Ён сядзеў так, нібы здранцвеўшы, некалькі хвілін. Потым схадзіў на кухню, зрабіў сабе бутэрброд і з'еў, выключыў святло, зноў сеў у крэсла і стаў глядзець у акно, як наплывае ноч. Юльян Сарока не любіў тэлебачанне і не меў тэлевізара. Ён глядзеў, як гусцее цемра, як паступова зліваюцца з ёй галінкі таполяў за падаконнем, як яна становіцца ўсё больш шчыльнай і вязкай і як меншае скрозь туман і імжу святло адзінокага ліхтара на слупе.

 

Частка другая. КАНСІЛІУМ

 

Санітары, трымаючы яго з бакоў за рукі, упіхнулі ў дзверы і моўчкі сталі за спінай. Абодва былі маладыя, гадоў дваццаці трох, дваццаці пяці, але розныя і па выгляду і па характару. Звалі іх імёнамі, якімі модна было называць нованароджаных хлопчыкаў у сямідзесятых гадах: Дзяніс і Кірыл. Дзяніс быў высокі, шыракаплечы, з каламутнымі, вадзяністымі вачыма. Ён двойчы балюча ўдарыў яго, калі забіралі ў машыну і па дарозе - па нырках і ў грудзі. Таму Віктар Малец інстынктыўна трымаўся ад яго падалей. Другі - Кірыл - быў смуглявы, чорнавалосы, з чорнымі лупатымі вачыма, тонкі, жылісты і сухарлявы.

Урэшце, у яго не было сілы на супраціў. Ён агледзеўся і зразумеў, што знаходзіцца ва лекарскім кабінеце.

Кабінет быў не вельмі вялікі, нават цесны для такой колькасці людзей, што ў ім знаходзілася, але гэта ўражанне стварала застка, якая перагароджвала яго на дзве часткі. Адзінае акно мела па-за шклом тонкія жалезныя краты, пафарбаваныя ў блакітны колер. Праз гэтае акно бачныя былі толькі дах суседняга корпуса і верхавіна высокай брудна-шэрай таполі. Перад акном сярэдзіну пакоя займаў доўгі стол, ля якога стаяў масіўны неперасоўны зэдлік з металічнымі ножкамі.

За сталом кабінета сядзелі трое ў белых халатах: два мужчыны і жанчына. Адзін з мужчын, пасярэдзіне, - старэйшы, з шырокім, пухлашчокім тварам, у акулярах, другі - значна маладзейшы, худы, з пышнымі чорнымі вусамі, і жанчына, даволі прыгожая, але нейкай лялечнай прыгажосцю, шэравокая, з ярка нафарбаванымі вуснамі і ўзнятым угару белым невялікім носікам. Перад кожным ляжалі на стале асадка і па стосу паперы.

Некалькі доўгіх секунд «тройка» разглядала хворага, які стаяў перад імі ў чорнай балонневай куртцы і без шапкі, сівыя валасы яршыліся на круглай галаве. Потым мажны лекар у акулярах, які сядзеў пасярэдзіне стала, сказаў:

- Дзяніс, Кірыл, можаце ісці.

Санітары моўчкі адчынілі дзверы і выйшлі.

- Ну, Віктар Пятровіч, як вы сябе адчуваеце? - амаль ласкава спытаў пухлашчокі лекар, відавочна, старэйшы з іх, і дадаў: - Сядайце, што ж вы стаіце.

Ён сунуў руку ў стол і непрыкметна ўключыў магнітафон на запіс.

Віктар Малец агледзеў усіх траіх за сталом, нервова правёў далонню па сівым яршы валасоў і спытаў:

- Дзе я і на якой падставе мяне сюды прывезлі, прымяніўшы гвалт?

- Вы вельмі правільна спыталі, - адразу пагадзіўшыся, мякка заўважыў галоўны лекар, - я вам усё растлумачу, і мы з вамі параімся, як нам дзейнічаць далей. Дык вось, вы, не буду хаваць, знаходзіцеся ў псіхіятрычнай лякарні, я, Браніслаў Антонавіч, галоўны лекар аддзялення, а гэта мае калегі: дацэнт кафедры псіхіятрыі Іван Ігнатавіч і наш лекар Рыма Паўлаўна. Яны выдатныя спецыялісты. Вось. Мы з вамі пагутарым, падумаем, а потым, калі варта, прызначым вам лячэнне. Не хвалюйцеся, пачувайце сябе ну, скажам, як дома, бо цяпер, не буду хаваць, ваш дом на нейкі час - тут, у нас...

- Вы не адказалі мне, чаму я тут, - абурана і нервова перабіў яго Віктар Малец. - Вашы людзі схапілі мяне, як жывёлу, павезлі ў машыне, білі...

- Патлумачу, - ахвотна згадзіўся галоўны лекар. - Вы ў нас таму, што, магчыма, захварэлі. Цяпер мы вас абследуем і будзем лячыць, калі спраўдзіцца, што вы хворы. Не хвалюйцеся.

- Але я амаль здаровы. Ва ўсякім разе, не псіх. Хіба што не прайшоў аналізы ў паліклініцы. У мяне быў участковы лекар. Мы дамовіліся. Навошта мяне прывезлі менавіта сюды? У машыне мяне трымалі звязаным. Дайце мне патэлефанаваць, я хачу, каб ведала жонка. Яе не было дома...

- Дарэчы, усё-такі нам варта бліжэй пазнаёміцца, -уставіў і сваё слова вусаты дацэнт па імені Іван Ігнатавіч, - ды вы сядайце...

- Не стварайце вадэвіль, вы ж ведаеце, як мяне зваць. Чаму я тут, адкажыце? Што я такое зрабіў?! - сарваўся на крык хворы.

Іван Ігнатавіч зірнуў на галоўнага лекара, напісаў на лісце некалькі слоў і падсунуў да таго.

АЎТАПСІХІЧНАЯ АРЫЕНЦІРОЎКА ЗАХАВАНАЯ, - прачытаў той, згодна кіўнуў і раптам сказаў:

- Мы не будзем гуляць з вамі ў схованкі, Віктар Пятровіч. Ваша жонка напісала заяву, у нас ёсць і дастасаваныя заявы двух сведкаў, якія яна прыклала. Мы вымушаны былі рэагаваць, бо... часта людзі, скажам так, робяць сацыяльна небяспечныя ўчынкі, за якія не толькі не могуць адказаць, а і не памятаюць іх. Тады трэба неадкладная шпіталізацыя, лячэнне...

Віктар Малец зноў разгублена правёў далонню па галаве, ірвануўся да стала, але, спынены халоднымі позіркамі, падумаў і апусціўся на зэдлік.

- Валянціна напісала заяву? Але навошта яна крывасведчыла? Хіба я пакрыўдзіў яе?

- Дарэчы, - адразу пацікавіўся Браніслаў Антонавіч, - вы даўно жанаты... э-э, з Валянцінай Іванаўнай?

- Нядаўна. Прайшло хіба два месяцы.

- Так, так. Гэта ваш другі шлюб?

- Але.

- А скажыце, шаноўны Віктар Пятровіч, вы пазнаёміліся з вашай жонкай на працы, у адпачынку ці, можа, вам хто-небудзь параіў? Я разумею, што гэта, так бы мовіць, некалькі не зусім тактоўныя пытанні, але ж, паверце, гэта не пустая цікавасць...

Віктар Малец з тугой зірнуў у закратаванае акно за спінамі «тройкі» і патлумачыў:

- Мы пазнаёміліся па шлюбнай аб'яве. Яна напісала мне, што шукае для сумеснага жыцця адзінокага чалавека сталага ўзросту, з жылплошчай, непітушчага, што не мае кватэры, бо змушана бегчы з радыяцыйна небяспечнай зоны...

- І ваша жонка намнога маладзейшая? - пацікавілася Рыма Паўлаўна.

- На дваццаць адзін год.

- Скажыце, - бадзёра спытаў Іван Ігнатавіч, - вы часта хварэлі ў дзяцінстве? Вы не можаце ўспомніць - на што?

- Хварэў, як і ўсе, - відавочна стрымліваючыся, сказаў Віктар Малец. - Коклюш, бранхіт, водра...

- Так, так. Ну, а як вы адносіцеся да сексу, як у вас, прабачце за далікатнае пытанне, скажам, па жаночай частцы?

- А ў вас? - ашчацініўся хворы. - Не стварайце паглуму.

- Вы доўга пражылі са сваёй першай жонкай? - не пакрыўдзіўся дацэнт Іван Ігнатавіч. - Вы не памятаеце, чаму вы разышліся?

- Гэта мая асабістая справа.

- І вы ніколі не злавалі на яе, не пагражалі, не спрабавалі, скажам прама, зрабіць фізічнае ўздзеянне: ударыць яе?

- Што вы маеце на ўвазе?

- Ну, прыкладам, вы заходзіце ноччу ў яе спальню і гледзіце, як яна спіць, а ў руцэ ў вас што-небудзь такое...

- Кухонны нож, напрыклад... - уставіла Рыма Паўлаўна, і, раптам сустрэўшыся з яе позіркам, Віктар Малец міжволі ўздрыгнуў - у тым позірку блакітна-шэрых вачэй была абыякавая, ненатуральная, механічная цікавасць - нібы да кузуркі, якая ляжыць перакуленая спінай на шкле і бездапаможна варушыць ножкамі.

Віктар Малец сутаргава праглынуў камяк у горле і прымусіў сябе стрымацца.

- Хіба такі ці падобны выпадак са мной зафіксаваны дзе-небудзь дакументальна? - знайшоўся ён.

- Але ваша цяперашняя жонка пісьмова сцвярджае, што вы неаднойчы хацелі забіць яе і некалькі разоў, калі яна прачыналася ноччу, то вы стаялі над ёй з нажом у руцэ. Прызнайцеся, не саромцеся, мы лекары і зразумеем вас... Вы раўнавалі яе да каго-небудзь?

- Гэта хлусня, - пабялеў Віктар Малец. - Пакажыце мне яе заяву, я не даю вам веры.

Паўза.

Рыма Паўлаўна павольна ўзяла чысты аркуш паперы і напісала на ім:

ТРЫВОЖНАЯ ДЭПРЭСІЯ, МАГЧЫМЫЯ ЭПІЛЕПТЫЧНЫЯ ПРЫПАДКІ, ЗМЕРКАВЫ СТАН?

Галоўны лекар прачытаў падсунуты аркуш і моўчкі далучыў яго да паперы Івана Ігнатавіча.

- Вы быццам кінулі працаваць, не дасягнуўшы пенсійнага ўзросту? - па-ранейшаму ласкава пацікавіўся ён у хворага. - Чаму?

- Так, - згадзіўся той. - Але працоўнага стажу ў мяне хапае. Я маю на тое рацыю.

- І кім вы працавалі раней?

- Эканамістам-планавіком, калі вас так цікавіць.

- Чаму вы кінулі сваю працу? Вам стала цяжка, балела галава, падымаўся ціск? Можа, вы сварыліся з кім на службе?

- Я знайшоў сабе больш цікавы занятак.

Трое за сталом пераглянуліся.

Галоўны лекар узяў аркуш і напісаў на ім:

УВАГА! ТУТ КЛЮЧ!

- І які гэта занятак? У чым ён заключаўся? - прачытаў і ажывіўся Іван Ігнатавіч.

- А вось на вашыя пытанні я прынцыпова не жадаю адказваць.

- Вы не хочаце з намі шчыра гаварыць? - спытаў галоўны лекар. - Але ж Іван Ігнатавіч не хацеў вас пакрыўдзіць, мы ведаем ваша, так бы мовіць, хобі: вы збіралі каменне. Навошта? Хіба яно мае каштоўнасць?

- Я магу збіраць, што палічу належным, - яшчэ больш раздражнёна сказаў Віктар Малец і дадаў: - Вы доўга яшчэ будзеце затрымліваць мяне? Я хачу пазваніць пракурору. Я маю на гэта права?..

- Не хвалюйцеся, - пачаў супакойваць яго Іван Ігнатавіч, - не трэба ўзрушвацца, мы шчыра цікавімся вашым захапленнем і жадаем вам толькі дабра.

- Так, так, - кіўнула і Рыма Паўлаўна і напісала на новым лісце буйнымі літарамі:

ЗВЫШКАШТОЎНАЯ ІДЭЯ. ПАРАФРЭННЫ СІНДРОМ?

- Да таго ж, - сказала яна з робленай ласкавасцю ў голасе, - мы павінны абследаваць вас лабараторна, візуальна, неўралагічна, саматычна, хаця гэтыя словы вам, магчыма, нічога і не гавораць. Вы ніколі не атрымлівалі якіх траўмаў, не ўдараліся галавой, у вас не было страсення мазгоў, успомніце, Віктар Пятровіч?

- Я не звальваўся ў дзяцінстве з даху, мяне не білі па галаве, і я збіраю каменне, а не жаночую бялізну, ну, можа, досыць мучыць старога чалавека? Адпусціце мяне, я хачу разабрацца ва ўсім, распытаць жонку. Выклікайце, калі варта, яе сюды...

- На жаль, гэта немагчыма, - супакойваюча сказаў галоўны лекар. - Мы вас крыху затрымаем, магчыма, падлечым, і ўсё будзе добра. Вы зноў пачняце займацца любімай справай - збіраць сваю калекцыю. Дарэчы, мне паведамілі, што ў вас знайшліся выдатныя экземпляры? Я маю на ўвазе асобныя камяні. Можа, вы знайшлі і свой Філасофскі Камень?

Хворы Віктар Малец удыхнуў і з шумам выдыхнуў з грудзей паветра, а потым недаверліва, з прыхаваным жахам абвёў зацкаваным позіркам усіх траіх. Але глядзелі на яго быццам добразычліва, пыталіся нібы са шчырай цікавасцю, і ён неахвотна, як школьнік, адказваючы ўрок, пачаў тлумачыць.

 

(АПОВЕД-АДКРЫЦЦЁ ВІКТАРА МАЛЬЦА, ЗАПІСАНЫ Ў ПСІХІЯТРЫЧНАЙ ЛЯКАРНІ)

 

...Магчыма, вы тут здзівіцеся маім словам, але скажу адразу: камяням лёсіць вырашаць шлях чалавецтва. Вы скажаце, а дзе прыклады? Іх шмат. Вось хаця б адзін. Магчыма, адзін з асноўных. Шэсцьдзесят пяць мільёнаў гадоў таму на сучасны Юкатан упаў астэроід дыяметрам каля дваццаці кіламетраў. У выніку ўдару і выбуху пыл зацьміў сонца на цэлыя пяць тысяч гадоў. На Зямлі ад таго панізілася тэмпература і вымерлі асноўныя ворагі будучага чалавека - рэптыліі. Гэты гістарычны факт нядаўна даказаны вучонымі.

Зробім цяпер, да слова, невялічкі экскурс у міфалогію. Адзін з асноўных антычных міфаў пра Сатурна гаворыць, як Сатурн быў папярэджаны бацькамі, што адзін з яго дзяцей зрыне яго самога. Таму ён зжыраў кожнага нованароджанага. Але Рэя, яго жонка, каб выратаваць Юпітэра, сваё шостае дзіцянё, падмяніла яго камянём, які загарнула ў пялёнкі. Сатурн праглынуў камень. А неўзабаве ўзмужнелы Юпітэр прымусіў бацьку вывергнуць назад пяцярых дзяцей, якіх ён раней праглынуў. Камень-падманка, які замяніў Юпітэра, быў змешчаны ім у Дэльфы, дзе яму ўсе пакланяліся.

Дык вось, для паінфармаванага смерць у выглядзе шкілета з касой азначае Сатурна (Кронаса), бацьку багоў, які трымае серп, з дапамогай якога ён зрабіў паразу Ўрану. На мове Містэрый духі людзей - гэта косткі Сатурна, а так як кожны з чатырох першасных элементаў, як вучылі старажытныя філосафы, мае аналаг у зямной канстытуцыі чалавека, то косткі Сатурна - гэта каменне, скалы і зямля, сімвал асновы. Паколькі пачатак усіх рэчаў знаходзіцца пад кіраваннем Сатурна, вынікам з'яўляецца тое, што першыя формы пакланення былі звязаныя з ім і яго сімвалам - каменем.

Пакланенне каменю было самым раннім з рэлігійных рытуалаў. Першым аб'ектам ідалапаклонства быў неапрацаваны камень, пастаўлены на зямлю. Рэлікты гэтых камянёў раскіданыя на ўсёй Зямлі: менгіры і дальмены ў Карнаку (Ангельшчына), лангамі і шакці ў Індыі, на выспе Пасхі, піраміды Хеопса ў Егіпце, знакамітыя каменныя бабы і ёлупы ў нас у Беларусі...

Самая старажытная эпоха чалавецтва была менавіта каменным векам, хіба не так? З крэменем у руцэ чалавек вылучыўся з жывёл. Існавала ж цэлая крамянёвая вытворчасць нажоў, разцоў, скрабкоў, наканечнікаў дзідаў і стрэл, матыкаў, сярпоў. Што мы ведаем пра каменныя могільнікі, крыжы, курганы, каменных баб, стодаў, балваноў, куміраў, ёлупаў? Амаль нічога. Пры хрышчэнні шматлікія каменныя амулеты, ідалы былі незваротна згублены, закапаны альбо ўтопленыя ў балотах. Упэўнены, што сярод іх былі прадметы незвычайнай сілы.

У грэкаў і лацінян існавалі так званыя жывыя камяні. Гэта былі валуны, пастаўленыя адзін на адзін, але якія датыкаліся ўсяго адной ці дзвюма кропкамі так, што самае малое ўздзеянне прымушала іх хістацца, але і шмат людзей не маглі скінуць іх. Самы знакаміты жывы камень быў Грыгорскі ў Гібралтарскім праліве. Вецер хістаў яго, але ніякая сіла, нават запрэжка коней, не магла скінуць на зямлю.

Адвечнасць каменя зрабіла яго эмблемай Бога. А Філасофскі Камень - гэта старажытны сімвал дасканаласці і адраджэння чалавека. Дзесяць Запаветаў - гэта дзесяць каштоўных камянёў, кінутых у мора Жыцця. Архангел Міхаіл, зрабіўшы напад на Люцыпара, выбіў мячом з кароны ворага камень. З гэтага каменя быў зроблены кубак Святога Грааля, з якога Хрыстос піў на Апошняй Вячэры.

Шматлікія феномены, звязаныя з камянямі, людзі не могуць дасюль растлумачыць рацыянальнымі ведамі. Гістарычныя хронікі сведчаць пра існаванне камянёў, якія, калі па іх удараць, выклікалі гук, што прыводзіў да экстазу. Былі камяні з рэхам, якое гучала яшчэ шмат гадзін пасля таго, як памяшканне пусцела. Камяні выкарыстоўваліся для вызначэння лёсу абвінавачанага - суддзі апускалі іх у мяшок. Вядома так званая літамагія, варажба па камянях. Чорны Камень у Мецы шануюць усе мусульмане.

Некаторыя каштоўныя камяні маюць магічныя якасці. Алмаз ахоўвае ад ворагаў, дапамагае жанчыне ў час родаў; гранат апякуе ў далёкіх вандроўках; карал абараняе ў час эпідэмій; яшма перасцерагае ад нянавісці і атруты; карналін дае ўдачу, спыняе крывацёк; онікс чорны, наадварот, наводзіць смутак і благія сны...

Міфалогія кішыць гісторыямі пра каштоўныя камяні-талісманы. Магі і астролагі, у прыватнасці Парацэльс, устанавілі сувязь паміж каштоўнымі камянямі і планетамі ды знакамі задыяка.

Метэарыты, ці камяні, якія падалі з неба, лічыліся маючымі боскую сілу і сведчылі пра дамову паміж багамі і людзьмі той мясцовасці, куды яны ўпалі...

Такім чынам, камень, які ўпаў на Юкатан, магчыма, нёс у сабе, на маю думку, сутнасць-праграму існавання сучаснага людства...

 

Хворы раптам змоўк, пераводзячы позірк з аднаго на другога.

Паўза.

Асадка ў руках дацэнта кафедры псіхіятрыі Івана Ігнатавіча забегала над аркушам паперы.

ПАРАНАІДАЛЬНАЯ СІМПТАМАТЫКА. ПАЧУЦЦЁ МІСТЫЧНАГА САЮЗА. СУТЫКНЕННЕ З МІСТЫЧНЫМІ СІЛАМІ. СУАДНАЛЕННЕ МРОЯЎ З РЭАЛЬНАСЦЮ, - напісаў ён і пасунуў аркуш галоўнаму лекару. Той прачытаў і без аніякіх заўваг, моўчкі пераклаў у свой стос.

- Вы сказалі - упаў кудысьці там камень, - ветліва заўважыла Рыма Паўлаўна, - але адкуль ён упаў, такі вялікі - з Марса, Юпітэра, з Месяца?

- Астэроіды ляцяць з космасу. Як і метэарыты, - занерваваўся Віктар Малец. -Хіба вы не ведаеце такіх простых рэчаў?

- Ага. Дык вы, можа, збіраеце метэарыты? - спытаў галоўны лекар. - Гэта вельмі станоўчы занятак, анягож. Вы, пэўна, пішаце якую навуковую працу? А скажыце, вы не заўважалі - вашы камяні, тыя, што вы сабралі ў сябе дома, - яны выпадкова не растуць? Вы, пэўна, адзначылі гэтыя ці іншыя іх якасці ў вашай навуковай працы?

- Я не пішу навуковых прац. Вы дарэмна збіваеце мяне з панталыку.

- Што вы, што вы! - замахаў рукамі галоўны лекар. - Я ні ў якім разе не хачу вас пакрыўдзіць ці пераканаць у якой думцы. Але вы тут сказалі крыху раней, што ў вашых камянях ёсць нейкая сіла. Вы можаце абмаляваць, так бы мовіць, што гэта за сіла? Вы яе назіралі?

- Я не ведаю дакладна, але назіраў. Магчыма, калі я назапашу больш ведаў, я зразумею, што гэта, адкуль і чаго яно вартае.

- От я і кажу, - ажывіўся галоўны лекар, - не бацька, як кажуць, дык людзі навучаць... Цікава, цікава. Дарэчы, як вы разумееце гэтую прымаўку, Віктар Пятровіч? Можа, вы патлумачыце...

- А як вы зразумееце такую, - аж ашчэрыўся Віктар Малец: -Хіцер Зміцер, але і Саўка не дурань? Вы што, тэстыруеце мяне?

- Ні ў якім разе, - ласкава аспрэчыў Браніслаў Антонавіч і адразу перавёў гутарку на іншае. - Дарэчы, вы казалі, што да вас заходзіў участковы лекар. Ён што, часта да вас заходзіць?

- Я хварэў, і ён прыйшоў па абавязку. Яго прозвішча Сарока, - патлумачыў Віктар Малец і зноў дадаў раздражнёна: - Вы дазволіце мне пазваніць ці не?

- Потым. Потым усё дазволім. І на што вы хварэлі? У вас балела галава, вы чулі якія галасы?

- Я прашу не мучыць мяне больш правакацыйнымі пытаннямі, - сказаў Віктар Малец. - Пакажыце мне заяву жонкі. Той ліст у вас?..

Паўза.

- Што ж, калі вы так хочаце, - Браніслаў Антонавіч скрушна ўздыхнуў, паправіў акуляры на пульхным твары, пашамацеў паперамі на стале і ўрэшце дастаў з папкі патрэбную. - Чытайце. - Ён трымаў разгорнуты ліст перад вачыма хворага, але на адлегласці. - Пазнаяце почырк?

Віктар Малец прыўзняўся з зэдліка і прагна выхапіў вачыма некалькі радкоў з ліста. Почырк быў жонкі - Валянцінін, ён больш не сумняваўся. Ён чытаў нейкі час, пакуль галоўны лекар не адтыргнуў паперу і не паклаў аркуш назад у папку.

ТЭСТ КОГАНА, РОРШАХА? - напісала тым часам на новым аркушы Рыма Паўлаўна і пасунула яго ў цэнтр стала.

Браніслаў Антонавіч прачытаў, згодна кіўнуў і сказаў, звяртаючыся да хворага:

- Мы нічога не хаваем ад вас, Віктар Пятровіч. Цяпер вы ўпэўніліся?

Віктар Малец моўчкі адвярнуўся, ён напружана думаў.

- Мы з вамі паспрабуем рассартаваць некалькі картачак, - прапанавала між тым яму Рыма Паўлаўна і няшчыра ўсміхнулася. - Вось гэтыя фігуркі паспрабуйце, калі ласка, раскласці па колеру, потым па форме, а ў канцы з улікам і колеру, і формы.

- Не жадаю, - адвярнуўся хворы. - Гэта глупства.

- Ну, добра, тады вось вам дзесяць выяў чарнільных кляксаў, зірніце. Вы толькі скажыце, на што падобная тая ці іншая з іх - і ўсё. Давайце зірнём разам.

- Адчапіцеся ад мяне. Я хачу дамоў.

Рыма Паўлаўна паціснула плячыма і напісала на чыстым лісце:

НЕГАТЫВІСЦКАЯ РЭАКЦЫЯ.

Раптам хворы Віктар Малец ускочыў з зэдліка і кінуўся да дзвярэй. Але адчыніць іх ён не здолеў, бо дзверы не мелі ручак. Ён з усяе сілы ўдарыў у іх плячом, ліхаманкава замітусіўся, як злоўленая птушка ў клетцы, але дарэмна. Лекары за сталом моўчкі назіралі, нават не паварушыліся. Потым Браніслаў Антонавіч націснуў пальцам кнопку збоку стала, і ў дзвярах узніклі постаці санітараў.

- Памажыце супакоіць нашага, э-э, госця, - сказаў ім Браніслаў Антонавіч і, звярнуўшыся да лекараў, сябраў камісіі, дадаў: - Давайце яго сюды, за шырму. Трэба праверыць перыястальна-сухажыльныя і брушныя рэфлексы, прыкус зубоў, сіметрычнасць твару і ўсё іншае.

- Не дакранайцеся да мяне! - крыкнуў Віктар Малец. - Я пратэстую, бо я не хворы! Я ні ў чым не вінаваты! Мяне абылгалі!

- Мы пакуль што і не сцвярджаем, што вы хворы, - ахвотна згадзіўся з ім галоўны лекар. - Вы думаеце, мы хочам вас тут затрымаць? Памыляецеся. Вас жа трэба карміць, апранаць. А хто мне зараз дае на гэта сродкі? То-та і яно. Вы думаеце, мне ёсць нейкая выгода вас тут трымаць? Памыляецеся. Вы ж бачыце, я не хаваю ад вас нічога, і чым раней мы абследуем вас і зробім усе аналізы, тым больш верагодней, што вы хутчэй выпішыцеся адсюль. Але я павінен зрабіць усё па форме, я за гэта адказваю.

Санітары, якіх звалі Дзяніс і Кірыл, ужо вялі яго, расхінулі застку, дзе месцілася засланая чорнай цыратай канапа, побач стаяў столік, на якім ляжала тое-сёе з медыцынскіх інструментаў. Успыхнула святло яркай лямпы.

- Скажыце, доктар, - распранаючыся перад тым, як легчы на канапу, спытаў ужо больш стрымана Віктар Малец галоўнага лекара, - праз які тэрмін вы выпусціце мяне пры ўмове, што я прайду ўсе вашы працэдуры і вы прызнаеце мяне здаровым?

- Буду шчырым, мой дарагі сябра, - пацёр адна аб адну пульхныя далоні Браніслаў Антонавіч, - не раней як праз паўтара-два месяцы.

- Нехта хоча, каб я заставаўся тут, - раптам сказаў Віктар Малец і абвёў усіх зацкаваным позіркам на пабялеўшым твары. - Чаму вы паверылі хлусні, падкупленым сведкам, а не мне?

- Не хвалюйцеся, - супакоіў яго Іван Ігнатавіч. - Мы разбяромся. Да таго ж, магчыма, мы ўвогуле хутка ўсіх адправім па дамах, бо лякарню фінансуюць усё менш. А пакуль тое свята, ха-ха, то зараз мы абследуем вашы рэфлексы, зробім вам маленькі ўкольчык і вы пойдзеце спаць...

 

* * *

 

- Што ж, я прагледзеў вашы заўвагі, - сказаў галоўны лекар, калі ён, дацэнт з кафедры і Рыма Паўлаўна зноў сышліся за сталом. - Я б на вашым месцы, мае маладыя калегі, не быў такімі катэгарычнымі. Вам варта яшчэ раз праслухаць магнітафонны запіс, падумаць. Зрэшты, мяркую, тут звычайная інвалюцыйная меланхолія, абцяжараная аўтэнтычнай формай падпарогавага сіндрому, прычыну і характар якога яшчэ давядзецца высветліць. Хоць рэфлексы ў норме. Я нават пачынаю сумнявацца, што гэты чалавек браўся за нож і замахваўся на забойства. Хто, дарэчы, прымаў выклік і пасылаў брыгаду?

- Кірыл.

- Ну вось, - з'едліва сказаў Браніслаў Антонавіч. - Віншую вас. Хутка ў нас усім будуць распараджацца санітары.

 

Частка трэцяя. СУТНАСЦЬ

 

Горад абудзіўся і ўжо ва ўсю моц грукатаў маторамі. Падмарожвала. У паветры ціха кружылася і асядала на зямлю шэрань.

Старэнькі цёмна-вішнёвы «фольксваген» развярнуўся на заасфальтаванай пляцоўцы двара і спыніўся. З машыны вылез шыракаплечы малады мужчына гадоў трыццаці пяці: высокі, з рэзкімі рысамі твару, якія крыху змякчала кароткая шкіперская бародка, і носам драпежніка. Гэта быў Барыс Крамнікаў.

- Не будзем губляць часу, Юльян Андрэевіч, - сказаў ён пасля прывітання. - Сядайма ў машыну, пагаворым па дарозе.

Юльян Сарока сеў у кабіну.

- Рады зноў вас бачыць, - шчыра сказаў Крамнікаў. - Добра, што пазванілі. Нам даўно трэба было пабачыцца. Вы, дарэчы, дрэнна гледзіцеся, калега.

- Так, я з'ехаў уніз, - згадзіўся Юльян Сарока. - Вы ж ведаеце, чаму я кінуў калісьці клініку. Але мяне суцяшае тое, што вы падымаецеся...

Барыс Крамнікаў уключыў запальванне. Машына кранулася.

- Не, - мякка аспрэчыў ён. - Тут вы памыляецеся. Тое, чым я зараз займаюся, мне прыносіць толькі клопат.

- І які ў вас занятак? - спытаў Юльян Сарока. - Урэшце, можаце не адказваць, калі не хочаце.

- У агульным сэнсе - некаторымі праблемамі неўралінгвістычнага праграміравання. Мэта - праз слова прабіцца да падсвядомасці пацыента.

- Навошта?

- Падсвядомасць заўсёды ведае сапраўдную прычыну хваробы. Калі ўздзейнічаць на яе словам - асабліва гэта тычыцца дзяцей, - вынікі ўражваюць.

- Чаму тады вас зацікавіў калекцыянер камення? Якая тут сувязь?

- Магчыма, у самым нечаканым, калега. Мы яшчэ не зусім разабраліся з нашым светам і тым больш нічога не ведаем пра іншыя. Так што такі невялічкі візіт, мяркую, не перашкодзіць. Веды - вось што галоўнае.

Машына няспешна рухалася па вуліцы ў патоку іншых машын.

- Ён сцвярджае, - сказаў Юльян Сарока, - што ёсць прадметы, якія ўтрымліваюць нейкую сутнасць ці сілу.

- Так, - пацвердзіў Барыс Крамнікаў. - Напрыклад, зброя. Той-сёй адзначаў у ёй нават прысутнасць чагосьці эратычнага. Але гэта не зусім так, хаця і блізка да гарачага. Сіла любіць зброю і нібы прыліпае да яе. Чаму зброю збіраюць, калекцыяніруюць, песцяць? Крымінальнікі, дый не толькі яны, абажаюць усялякія фінкі, стылеты, кінжалы, а валоданне шабляй - гэта ўвогуле вышэйшы пілатаж.

- Вы, бачу, зацікавіліся, - сказаў Юльян Сарока. - Але добра, калі на карысць...

- Тут, калега, больш чым цікавасць. Вы, дарэчы, чулі пра бэпс?

- На жаль, не. Расшыфруйце абрэвіятуру.

- Вам, як практыку, варта ведаць. Мяркую, вы не раз сутыкаліся з гэтай з'явай, толькі не асэнсоўвалі яе. Бэпс - гэта біяэнергетычная псеўдасутнасць. «Псеўда» са старажытнагрэчаскага азначае мана, хлусня. Уяўная, прытворная сутнасць. Я так і называю яе: «псеўда». Пэўна, такія сутнасці і тая, якую знайшоў ваш... як яго, дарэчы, завуць?

- Віктар Малец.

- Так. Яны абедзве аднаго парадку. Аднаго кусціка ягадкі...

- Магчыма, - ветліва, але без асобага запалу ўсміхнуўся Юльян Сарока. - Ён так і гаварыў - «сутнасць». І слова тое ж ужываў - «сіла».

- Дык вось, - сказаў Крамнікаў, назіраючы за дарогай, - у нетрадыцыйным лекарстве існуе цікавая з'ява, феномен, які не ўпісваецца нават у даследаванні тых вучоных-энтузіястаў, якія займаюцца праблемамі парапсіхалогіі. Калі коратка і папулярна, скажу так: на ранніх стадыях любое захворванне выклікае парушэнне энергаструктуры, якое найбольш выразнае над месцам паражэння хваробай. Умоўна, скажам, гэта - сігнал. Ён нібы выкід. Калі ў вас ёсць экстрасенсорныя здольнасці, то можна з дапамогай такога сігналу паставіць дыягназ.

- У мяне, пэўна, такіх здольнасцяў няма, - сказаў Юльян Сарока.

- Няхай. Але я мог бы і ўсумніцца. Вы калісьці шмат навучылі мяне ў дыягностыцы. Там, у клініцы. Дарэчы, я правільна еду?

- Але.

- Працягваю тлумачыць, Юльян Андрэевіч. Калі лекар-практык дастаткова доўга працуе з пацыентам, то раптам заўважае, што гэты сігнал, гэтае, па сутнасці, «нішто» паводзіць сябе жыццепадобна, здольнае да самазахоўвання, перамяшчэння, узаемадзеяння з чалавекам...

- Як гэта? - здзіўлена спытаў Юльян Сарока. - Не даю веры.

- Сутнасць ці «псеўда» - уцякае ад уздзеяння лекара, часта ў месца найменш даступнае, а бывае часам і зусім дзіўнае: адрыў часткі сігналу і яго «перабежка» ў зыходнае месца ці ў іншую частку цела. Здараецца і неверагоднае - пераход «псеўда» ў «размазаны» стан, а потым зноў самаўзнаўленне. Задача лекара - перайграць псеўдасутнасць. Іншым разам гэта «псеўда» і ёсць хвароба.

- Няўжо яно разумнае, можа весці рэй?

- Так. «Псеўда» можа затаіцца ці, наадварот, памяняць сваё месца, валодае хітрасцю і выкрутлівасцю. Заўважце, што людзі адушаўляюць свае хваробы, якія сталі для іх звыклымі, бывае, паспяхова ўгаворваюць, а бывае і загаворваюць іх, хіба не так? Самыя назвы: рак, рожа, жаба - гавораць пра жывое... Вывучыць «псеўда», не дазваляць яму весці той самы рэй, пра які вы нагадалі, - вось задача лекара, бо гэта другасная, уяўная сутнасць...

- Яна паразітарная структура?

- Дакладна не ведаю. Тут шмат цёмнага. Можна толькі збіраць часцінкі, каб потым скласці іх у мазаічнае цэлае. Скажу толькі, што гэта, магчыма, энергетычная субстанцыя плазменнага тыпу, якая валодае розумам, а можа - адна з неарганічных сутнасцяў, што жывуць у Сусвеце побач з намі. Скажу вам больш. «Псеўда» - асноўнае, што спрабуе тармазіць мае намаганні, калі я імкнуся прабіцца да падсвядомасці. Часам мне робіцца не па сабе...

- Вам трэба ў левы рад, каб зрабіць паварот, - нам на тую вуліцу, - перабіў яго, паказваючы напрамак, Юльян Сарока, - мы амаль прыехалі.

Святлафор спыніў іх. Крамнікаў выжаў счапленне і пераключыўся на нейтральную перадачу.

- Яшчэ Цыялкоўскі сцвярджаў, што на пачатку існавання Сусвету, мільярды гадоў таму, магчыма, узніклі разумныя істоты з разрэджанай матэрыі, - працягваючы размову, дадаў ён. - Мы іх не ўспрымаем. Вось вам характэрны прыклад: чалавек з дзесятак тысяч гадоў прыручае пчол, а яны, пчолы, нават не падазраюць пра наша існаванне, не бачаць нас - у іх няма адпаведных органаў... Ці мурашнік - гэта мінідзяржава насякомых - хіба ведае пра людзей? А што, калі і наша хвалёнае і самаўпэўненае чалавецтва проста гадуюць, як пчол? У чым сэнс існавання сутнасцяў? Мы не ведаем, а яны хаваюць адказы.

- Зялёны, - сказаў Юльян Сарока і раптам спытаў: - Можа, вы яшчэ будзеце сцвярджаць, што яны палююць за нашымі душамі?

- Будызм, прыкладам, абвяргае існаванне душы, - не здзівіўшыся, адказаў Крамнікаў, - але старажытныя выразы кшталту «прадаць душу» прымушаюць мяне глядзець на гэта з іншага боку. Спалучэнне такіх слоў заўсёды насцярожвала мяне.

- Тады рэінкарнацыя - гэта рэальна?

- Вы ж бачыце самі - колькі пытанняў.

- Ваша «псеўда» - яго можна лекава ўбраць ці ўвогуле знішчыць?

- Знішчыць - сумнеўна. А прагнаць звычайна ўдаецца толькі з першага ці другога разу, калі сутнасць не чакае нападу, яшчэ не гатовая да яго.

- Калі мы і жыццё вакол нас мае арганічную аснову, то...

- То што? Дагаворвайце.

- То мы - ворагі?

- Так. А можа, і больш жахліва. Пакуль вядома вельмі мала - што яны драпежнікі і прыходзяць за нашай энергіяй.

- Навокал жа процьма энергіі. Сонца выпраменьвае яе ў фантастычнай колькасці, і большасць губляецца ў космасе.

- Так. Усё наша існаванне - гэта энергія зоркі, але, магчыма, іх цікавяць больш тонкія віды энергій, хто ведае...

- Незразумела, хто тут тады нашы сябры?

- Баюся, што на гэтай зямлі такіх у нас няма, - сказаў Барыс Крамнікаў.

- Вы думаеце, падобныя псеўдасутнасці могуць утрымлівацца ну, скажам, у камянях?

- Так, хаця і зрэдку. Вы ж чулі, пэўна, пра экзарсістаў - людзей, якія выганяюць сутнасць ці, наадварот, могуць заблакіраваць яе ў прадмет, камень ці яшчэ куды, накласці замок...

- Замок? Што вы маеце на ўвазе?

- Слова.

- Звярніце ў арку, - сказаў Юльян Сарока. - Мы прыехалі.

Крамнікаў выкруціў руль, прытармазіў і выключыў запальванне. За вокнамі кабіны стаялі адзін за другім шэрыя, аднолькавыя прамакутнікі дамоў, бегалі некалькі бяздомных сабак, жанчыны ў двары развешвалі на вяроўках бялізну. Дзень пачынаўся.

Паўза.

- Якая ўсё-ткі туга - жыць у такім вось месцы, - сказаў раптам Барыс Крамнікаў. - Жыць і ведаць, што ніякага іншага месца не будзе, не будзе побач ні дрэваў, ні лесу, ні ракі, ні травы пад нагамі... Вы думалі калі-небудзь, Юльян Андрэевіч, што мы, магчыма, апошняе пакаленне, якое ўвогуле бачыць траву? Бо, можа, аднойчы здарыцца і такое: спусціцца задушлівы туман, насычаны дымам і смогам, які ахутае зямлю, і ўсё загіне...

- Вы ж кажаце, што навокал іншыя светы і іх шмат - вось і шукайце туды шлях.

- Сумняваюся, што мы там патрэбныя, -усміхнуўся Барыс Крамнікаў і дадаў: - Гэты ваш Малец, пэўна, самапалам, як кажуць, прабіў які канал сувязі з такім светам, што зрэдку здараецца. Ён авалодаў азамі ведаў, мне шкада яго.

- Чаму ж шкада? - спытаў Юльян Сарока.

- Гэта заўсёды небяспечна. Успомніце Лао-Цзы: «Самае наймагутнейшае ў свеце тое, што нельга ўбачыць, пачуць, зазнаць...»

- Вы таксама апантаныя ідэяй, - сказаў Юльян Сарока.

- Я збіраю складаючыя мазаікі. Днямі дзеля цікавасці я апытаў аднаго пацыента, які ўжываў псіхадэлічныя сродкі. Дык вось, ён знайшоў у сябе, умоўна кажучы, «назіральніка». Той, вядома, увесь час маўчыць, але прысутнасць нечакана праявіў пад уздзеяннем марыхуаны. І даволі дзіўна.

- Як?

- Ён сачыў за вобразамі ў напаўсне-напаўяве і раптам пачаў даваць ім крытычныя заўвагі. «Хто ты?» - спытаў яго мой пацыент. «Табе не трэба ведаць», - быў адказ. Нішто сабе дыялог, так?

- Здаецца, Джон Лілі праводзіў падобныя вопыты, - заўважыў Юльян Сарока.

- Так, калега. Мяркую, што і там, і ў нашых выпадках мы маем справу з размаітасцю «псеўда».

Яны паднімаліся па лесвіцы. Юльян Сарока зноў быў вымушаны запальваць сярнічкі. Урэшце патрэбная шыльда знайшлася. Тэрапеўт цяжка дыхаў.

- Вы не ў лепшай форме, - мякка адзначыў Барыс Крамнікаў. - Адпачніце, Юльян Андрэевіч.

- Алкаголі, - сказаў Юльян Сарока.

- А што, калі вам вярнуцца да сям'і? - спытаў Барыс Крамнікаў. - Выбачайце, канешне, я маладзейшы і не павінен вам даваць парады.

- Я звык да адзіноты. Магчыма, потым, урэшце, я не ведаю, хаця варта падумаць.

Званок быў прыладжаны. Ён пазваніў.

Паўза.

Дзверы адчыніліся. Жанчына, якую звалі Валянціна, стаяла насупраць іх, загароджваючы праход мажным целам. З кватэры чулася музыка. Юльян Сарока адчуў пах віна.

- Вы мяне памятаеце, - сказаў ён. - Мы прыйшлі да вашага мужа.

- Яго няма, - сказала гаспадыня, не запрашаючы іх зайсці. - Яго забралі ў псіхіятрычную лякарню.

У вітальні, як убачыў Юльян Сарока з-за пляча жанчыны, больш не было паліц з каменнем. Дзявочы голас з глыбіні кватэры паклікаў: «Валянціна!» Дзверы зачыніліся, і абодва мужчыны засталіся ў паўцемры лесвічнай пляцоўкі.

- Аднак гэта не ветліва, а па-другое, у мяне ёсць пытанні, - сказаў Барыс Крамнікаў і націснуў кнопку званка.

Дзверы адчыніліся зноў. Жанчына яўна выказвала незадаволенасць.

- Каб зараз забраць чалавека ў псіхушку, трэба вельмі важкія прычыны, - сказаў ёй Барыс Крамнікаў і спытаў: - Ён быў агрэсіўны, напаў на каго-небудзь?

- Так. Ён спрабаваў забіць мяне. Я напісала заяву.

- Дык вось пра якую заяву вы нагадалі ў першы мой прыход, - успомніў Юльян Сарока. - Але тады вы не сказалі мне пра намер мужа забіць вас.

- Хіба вы не заўважылі, што ён хворы не толькі на сухоты? А каменне?

- На вуліцах поўна псіхічнахворых, нават з сімптомамі шаленства, але іх не забіраюць, - уставіў Барыс Крамнікаў.

Гаспадыня нервова захінулася ў халат, ад яе мажнога, разагрэтага віном цела хвалямі наплываў пах дарагой парфумы.

- У мяне ёсць сведкі.

- Вы, я бачу, няблага праводзіце час, - не стрываў Барыс Крамнікаў. - У вас якое свята?

- Валя! - паклікаў нецярплівы дзявочы голас з глыбіні пакоя. - Ты хутка?

- Зараз іду, Свецік! - азвалася гаспадыня.

Дзверы зачыніліся зноў.

Мужчыны моўчкі спусціліся ўніз і селі ў машыну.

- Час у нас ёсць, - сказаў Барыс Крамнікаў. - Вырашайце, Юльян Андрэевіч, што будзем рабіць. Вы расцэньваеце сітуацыю як натуральную праяву?

Юльян Сарока ўсміхнуўся і з доляй іроніі заўважыў, што варта толькі азірнуцца навокал, каб пабачыць ненатуральнасць і недасканаласць свету; ну, хаця б тыя жанчыны, ён кіўнуў галавой, якія прагульваюць сваіх сабак, а заўтра, магчыма, выкінуць іх на вуліцу, бо няма чым карміць, - хіба яны не псіхічна няўстойлівыя асобы? А вунь той стары, які кідае з балкона недапалкі, - хіба ён паўнаварты?

Барыс Крамнікаў завёў рухавік.

- Будзем паслядоўнымі, - усміхнуўся ён. - Паедзем у лякарню, зірнём на свае вочы. Але ёсць даволі незвычайныя разумовыя адхіленні: рэактыўныя дэпрэсіі, змеркавы стан. Ваш Малец мог захварэць раптоўна.

 

* * *

 

Нягледзячы на тое, што стаяла змрочная і пахмурная раніца, знешняя брама псіхіятрычнай лякарні была шырока расчыненая, і туды і адтуль свабодна заходзілі і выходзілі людзі. Яшчэ калі яны наблізіліся да яе, Юльян Сарока са здзіўленнем пачуў гукі музыкі. Гукі мацнелі і рабіліся ўсё больш рэзкімі і выразнымі, і ўрэшце, як толькі абодва мінулі браму, то пабачылі іх прычыну. Проста ля ўвахода ў лякарню апантана граў на скрыпцы невысокі лысы чалавечак. У яго быў азызлы нездаровы твар, на якім адухоўлена блішчэлі маленькія чорныя вочкі. Апрануты ў ватоўку, пакамечаныя, з плямамі засохлай гразі нагавіцы, без шапкі, вар'ят стаяў пад павеццю ў выглядзе грыба, і яго рука са смыком нястомна лётала ў паветры. Вакол скрыпача стаялі, хадзілі туды-сюды некалькі хворых у бальнічных робах і старых, зімовых, салдацкіх шапках на галовах. Двое з іх падмяталі асфальтавую дарожку, узнімаючы адзін на другога гразь і пыл.

Юльян Сарока спыніўся. Ён хацеў затрымаць Крамнікава і звярнуць яго ўвагу на музыку, але Крамнікаў нецярпліва павёў яго за сабой.

Прозвішча галоўнага лекара было кароткім - Браніслаў Антонавіч Глод. Барыс Крамнікаў, які неяк незаўважна ўзяў ініцыятыву на сябе, прадставіў Юльяна Сароку і назваўся сам, патлумачыўшы мэту іх прыезду.

- А, я пра вас чуў, - сказаў Крамнікаву галоўны лекар Глод і спытаў: - Гэты Малец сваяк каго з вас?

- Не, - супакоіў яго Юльян Сарока, назіраючы, як на дне насцярожаных вачэй за шкельцамі акуляраў сплываюць, хаваючыся ўглыбіню, падазронасць і страх. - Мы хочам пабачыць яго па справе.

І дадаў у некалькіх словах, што ў яго і калегі Крамнікава ёсць сумніў у тым, што іх агульны знаёмы Малец такі безнадзейна хворы, што яго давялося шпіталізаваць у спецблок. Дзівак - магчыма. Вы ж, як псіхіятр, ведаеце лепш за нас, працягваў Юльян Сарока, што дыяпазон паміж хворым і нармальным даволі невялікі: што можна сказаць, напрыклад, пра чалавека, які носіць кашулі выключна навыварат? Але калі да гэтага дадаць, што той вядомы вучоны і добры сем'янін? Можна лічыць яго хворым ці нармальным? А саванты? Ці чуў пра іх шаноўны калега?

Але галоўны лекар Глод, у цэлым пагадзіўшыся, аспрэчыў:

- Скажу вам тое-сёе, калегі, пра так званыя ўмераныя формы псіхічных расстройстваў. Яны бываюць яшчэ больш небяспечнымі: чалавек хапаецца за справу і не даводзіць яе да канца ці бясконца прыслухоўваецца да свайго арганізма: ці не хворы ён? Кожны такі мякка выражаны, падпарогавы сіндром робіць чалавека непрацаздольным і часам наносіць яму большую шкоду, чым рэактыўныя псіхозы. Да таго ж гэтае каменне: ён назбіраў яго ў кватэры тоны. Яўны аўтызм. У маёй практыцы гэта першы такі пацыент. Дарэчы, у паперах на яго тры заявы: жонкі і двух сведак. Мы правялі кансіліум, і адразу заўважу - выпадак для мяне не зусім ясны. Час пакажа.

- Добра, калега, але калі вы не супраць, мы зірнём на яго самі, - умяшаўся Барыс Крамнікаў.

Галоўны лекар Глод згадзіўся і спытаў, ці не даць ім суправажатага, патлумачыўшы, што ў лякарні падрабляюць маладыя хлопцы вольных заняткаў, ёсць і студэнты з Акадэміі фізкультуры. Увогуле, працягваў тлумачыць ён, малодшы медперсанал лепш набіраць з мужчын, бо тут, самі разумееце, далёка не санаторый, і з кожным днём карміць, апранаць і лячыць хворых робіцца ўсё большай праблемай.

І ён паклікаў:

- Кірыл!

Адразу аднекуль з'явіўся санітар Кірыл. Ён быў у спартыўным касцюме і красоўках, і, пакуль апранаў зверху брудны, даўно нямыты халат, Юльян Сарока зноў са здзіўленнем убачыў у яго цёмных, цыганскіх вачах, як і ў вачах галоўнага лекара, насцярожаную боязь і непрыхаваную цікаўнасць да іх нечаканага візіту.

Санітар Кірыл адвёў іх у адгароджаны трохметровай рашоткай з дроту прастакутнік, які, як ён патлумачыў, скарыстоўваўся для прагулкі хворых, і неўзабаве прывёў Віктара Мальца.

За той час, што ўчастковы тэрапеўт не бачыў яго, той моцна схуднеў і відавочна здаў фізічна. Толькі вочы паляўнічага за каменнем нагадвалі былога захапленца.

Юльян Сарока сказаў хвораму, што ён сам і яго сябра Крамнікаў зробяць усё, каб яму дапамагчы. Віктар Малец падзякаваў і адразу заявіў, што ён здаровы і зусім не псіх.

- Але ж вы, на жаль, тут, - Барыс Крамнікаў кіўнуў на дрот і дадаў, што прыехаў, каб пагаварыць з ім наконт яго каменьчыкаў з сілай.

Віктар Малец перакуліў пустую скрыню і сеў. Ён сказаў, што згодны пагаварыць, але адзін на адзін, і зірнуў у бок санітара.

Санітар Кірыл павагаўся і пайшоў. Юльян Сарока таксама адышоў у кут, знайшоў і перакуліў сабе пустую скрыню, сеў, выцягнуў з кішэні пінжака плоскую нікеліраваную біклагу, адкруціў корак і глынуў.

Ён сядзеў, часам пазіраючы на апантанага і яго суразмоўцу, і думаў пра тое, што пустая трата часу - імкнуцца ўдасканальваць гэты свет і шукаць шляхі ў іншыя светы, але яшчэ большая пустата - жыць, каб спажываць ежу і харчавацца дзеля жыцця, і зноў жыць, каб есці, і так - да самай смерці.

На развітанне Барыс Крамнікаў паабяцаў, што мусіць наведацца сюды яшчэ раз.

- Буду вам абавязаны на ўсё жыццё, - Віктар Малец відавочна стрымліваў слёзы.

- Дарэчы, - крануў яго за плячо Крамнікаў, - вы ведаеце пагалоску пра барсука і лісіцу?

Віктар Малец паціснуў плячыма.

- Усё проста. Калі барсук выкапае сабе нару, туды мае звычку завітваць лісіца. Яна запаскуджвае нару, і чысцюля-гаспадар вымушаны сысці і будаваць новую. Мяркую, вам трэба трымацца падалей ад лісіц.

Паўза.

Віктар Малец выцягнуў з кішэні невялікую скрыначку.

- Я вельмі прашу вас паслаць гэтую бандэроль па адрасу, - папрасіў ён Юльяна Сароку. - Калі можна, то нават сёння.

Тэрапеўт узяў скрыначку і паабяцаў.

- Мне позна капаць новую нару, - сказаў хворы. - Я хачу вярнуцца ў старую.

 

Частка чацвертая. АХВЯРЫ

 

Санітар Кірыл крануў яго за плячо. Хворы Віктар Малец раптоўна выслізнуў з цяжкага і трывожнага сну. Перадусім ён па парадзе санітара не стаў прымаць нанач і непрыкметна для дзяжурнага лекара выплюнуў таблеткі транквілізатараў. Таму сон яго быў непрацяглы і неглыбокі, што толькі дапамагло яму адразу сабрацца і ўсвядоміць сваё становішча.

У затхлым, прапахлым хлёркай і нездаровымі выпарэннямі паветры мужчынскага спецблока чуўся храп, мармытанне, кашаль і стогны. У куце палаты, ледзь асветленым слабымі лямпачкамі пад столлю, нехта з хворых хадзіў між ложкамі.

- Не перадумаў? - пачуў ён шэпт Кірыла над вухам.

- Не.

- Тады збірайся і пайшлі, - ціха сказаў Кірыл. - Трымайся за мной на адлегласці. Калі хто і заўважыць - я іду асобна і ты сам па сабе - зразумеў? Дзверы я бяру на сябе. Галоўнае - незаўважна прайсці праз дзяжурную ўнізе. Яна хаця і спіць, але вельмі чуйна, не замужам кабета, ха-ха.

Віктар Малец зірнуў на гадзіннік і таропка апрануўся. Ішла сёмая гадзіна раніцы, і да ўсходу сонца, а значыць, пакуль развіднее, было яшчэ гадзіны паўтары.

Ледзь чутны шчаўчок ключа ў дзвярах палаты, якія адчыніў санітар, падаўся ледзь не грукатам. Яму нават здалося, што хворыя пачалі прачынацца і сочаць за ім, а то і крадуцца следам. Але, азірнуўшыся, ён убачыў, што ніхто за ім не ідзе і не збіраецца, і ціха прычыніў за сабой дзверы.

Дзяжурная ўнізе сапраўды спала на кушэтцы за палатнянай заслонай. Закратаваныя форткі нават не рыпнулі, не азваўся і замок пад ключом санітара, і неўзабаве следам за Кірылам ён апынуўся ў двары корпуса.

Раніца яшчэ не нагадвалася. Было цёмна і па-зімоваму холадна і стыла. У слабым святле поўні там-сям бліскалі замёрзлыя лужыны ды іскрыліся лапікі снегу, што ляжаў ужо дзе-нідзе ўзбоч ад сцежак.

Санітар Кірыл, які суткі раней прапанаваў яму ўцёкі, чакаў яго за дзвярамі, і калі ён падышоў бліжэй, шэптам загадаў ісці за ім да брамы, туды, дзе знаходзіцца альтанка, у якой штодня грае на скрыпцы хворы меламан, а потым, сказаў ён, яны пойдуць далей разам.

Віктар Малец таропка пайшоў за ім, трымаючыся ў ценях дрэваў. Холад пакрысе дабраўся да яго, праняў да нервовых дрыжыкаў, бальнічная роба і нагавіцы зусім не грэлі. Да таго ж ён так спяшаўся, што забыўся на шапку, і цяпер пашкадаваў, але праз некалькі хвілін абодва: і санітар наперадзе, і ўцякач за ім, кожны дайшлі да альтанкі ля брамы. Тут Кірыл дачакаўся старога.

- Ніхто разам не бачыў?

- Быццам, - згадзіўся Віктар Малец і дадаў: - Ну, я пайшоў, дзякую вам за ўсё.

- Ды не так спехам, - неяк цьмяна ўсміхнуўся яму ў святле месяца Кірыл, толькі зубы бліснулі, і азірнуўся навокал. Але ўсё было спакойна і бязлюдна ў гэты ранішні час.

Віктар Малец зразумеў па-свойму.

- Што я вам вінен за паслугу? - спытаў ён. - Дарэчы, вы ж ведаеце - з сабой у мяне нічога няма. Але я аддзячу вам, скажыце толькі - як.

- Дамовімся, дзядзька, - сказаў Кірыл. - А пакуль мы з Дзянісам цябе на станцыю падкінем, на прыпынак. Там сядзеш на электрычку і праз гадзіну будзеш у жонкі - якраз на разборку, ха-ха!

Але хворы раптам спыніўся.

- А без Дзяніса нельга? - нерашуча спытаў ён і пачаў даводзіць, што дабярэцца дадому сам, праўда, у яго няма грошай на білет, але ў такую рань рэвізоры яшчэ спяць, ён праскочыць і зайцам. А Дзяніс яму непрыемны, ён гэтага не хавае.

- Пэўна, і на мяне крыўдуеш, - сказаў Кірыл. - Мы ж цябе разам у калектыў прывезлі. Дый падмаладзілі па дарозе.

Віктар Малец стаяў моўчкі, у роздуме.

- Не разумею, - урэшце вымавіў ён, - які ў вас інтарэс, каб выпусціць мяне?

- Ды ўсё проста, дзядзька, - рагатнуў Кірыл. - Няма вас, дзівакоў, чым карміць. Вось і выпускаем паціху. А потым кажам - збег.

Віктар Малец уздыхнуў з палёгкай. Такое простае і зразумелае тлумачэнне адразу задаволіла яго і зняло ўсе перасцярогі.

- Ну, то пайшлі, - даў ён згоду.

- Тут, за ляском, Дзяніска чакае з машынай, - сказаў Кірыл і дадаў: - Ты на яго, дурня, не зважай. У кожнага ж свой інтарэс - гэта ты вельмі трапна заўважыў. Ну, рушым паціху.

Яны пакрочылі разам. Высокі жылісты Кірыл у спартыўным касцюме, красоўках і куртцы, і след у след рухалася на галаву меншая постаць хворага - бялела ў цемры яго сівая галава ды чулася перарывістае нездаровае дыханне.

Цёмнага колеру, амаль чорны ўначы, «мерседэс» старога выпуску туліўся да абочыны. Санітар Кірыл пстрыкнуў пальцамі ў шкло кабіны, і адтуль амаль адразу высунулася галава Дзяніса ў чорнай вязанай шапачцы. Дзверы кабіны адчыніліся, санітар Кірыл падштурхнуў хворага на задняе сядзенне, а потым і сам сеў побач.

- Усё пуцём? - спытаў санітар Дзяніс.

- Руш.

Не задаючы больш пытанняў, Дзяніс уключыў запальванне. Матор завуркатаў, машына кранулася.

Ехалі ў маўчанні. Некалькі разоў яго парушаў стары - ён усё імкнуўся высветліць, якую плату з яго возьмуць за немалую паслугу - уцёкі з псіхушкі, але і Кірыл, які сядзеў побач з ім на заднім сядзенні, і тым больш крутаплечы Дзяніс наперадзе адгаворваліся нязначнымі словамі, а то і проста выклічнікамі, і стары таксама змоўк.

Хвілін праз дваццаць язды па пакручастай дарозе, якая вілася то полем, то праз лес, Дзяніс спыніў машыну і сказаў:

- Ну, а далей ножкамі. Тут праз лясок і станцыя недалёка.

Між тым ледзь-ледзь пасвятлела. Зоркі і месяц пачалі знікаць, быццам раставалі ў халодным небе - першая прыкмета раніцы.

Санітар Кірыл адчыніў дзверцы кабіны, спрытна выкінуў вонкі сваё гнуткае цела і сказаў:

- Пайшлі, дзядзька.

Віктар Малец з палёгкай вылез з машыны. Яны з Кірылам збочылі на вузкую сцяжынку, што вяла ў лес, і неўзабаве цемра паглынула абодвух.

Санітар Дзяніс моўчкі глядзеў, як зніклі іх постаці, выцягнуў з пачка цыгарэту і запаліў. Ён відавочна нерваваўся, бо некалькі разоў апускаў шкло кабіны і прыслухоўваўся. Але, акрамя рыпу соснаў пад слабым ветрам і далёкага шуму машын, ён нічога не пачуў і ўрэшце выкінуў недапалак і зноў падняў шкло. Ён адкінуў сядзенне быццам з намерам падрамаць, але праз якую хвіліну-дзве ўключыў транзістар, знайшоў музычную праграму і пачаў слухаць.

Так прайшло хвілін дзесяць. Санітар Дзяніс выключыў прыёмнік, адчыніў кабіну і зноў прыслухаўся. Халоднае паветра падзьмула ў салон, выцягнула цыгарэтны дым. Світала.

Кірыл нечакана вынырнуў з цемнаты, плюхнуўся на сядзенне побач, зачыніў дзверцы, прыпаліў ад запальнічкі і сказаў:

- Ну, блякнем адсюль.

Машына імкліва рванула з месца і набрала хуткасць. Дарога спрэс была ў выбоінах, абодвух трэсла, але санітар Дзяніс не збаўляў хуткасці. Ён выключыў фары: ужо прыкметна развіднела, і ў прасвеце між дрэвамі над дарогай можна было бачыць рэдкія шэрыя аблокі, якія, змяняючыся, адно за адным беглі па небе з усходу на захад. Урэшце яны апынуліся на раздарожжы перад бальшаком. Дзяніс затармазіў і выключыў рухавік.

- Вы б яго ў горадзе лепш мачылі, - сказаў ён.

- Хто гэта - вы? - перасмыкнула Кірыла.

- Ты і хаўрусніца твая, Валянціна. Тут яшчэ засвецішся з табой, нумар машыны хто запомніць, мала што...

- Дома, кажаш? - вышчарыўся раптам Кірыл. - А потым куды? У чамадане па частках на сметнік? Ты ж думай - макітру ўключы.

- Ну, згода, я сваё адрабіў, залаці ручку.

Але Кірыл быццам і не чуў апошняй заўвагі.

- Ты зразумей, - працягваў ён, - такі наш варыянт - поўная страхоўка. Сам ведаеш: тых, сатырыкаў*, хто з лякарні ўцякае, - амаль не шукаюць, а калі і знойдуць цела, то справу не заводзяць: у «канторы» зараз іншых спраў хапае. А тут - яўнае самазабойства, я ўсё як трэба пакінуў. Пішыце «мусаркі» адразу пратакол і рапарт: усе канцы сыходзяцца. А мянты - яны надта работы не любяць. Ды што тлумачыць дарэмна? Чаго спыніўся? Шызіка шкада? Дык на цябе гэта не падобна - шкадаваць.

* Сатырык - чалавек з дзівацтвамі, непаўнаварты (блатн.).

- Трэба разлічыцца, Кіруха, - сказаў Дзяніс. - З цябе «штука», як і дамаўляліся.

- Я што, фінагент?! - той брыдка вылаяўся і зрабіў непрыстойны жэст. - Так, можа, разлічымся?

Дзяніс павярнуў галаву і скоса зірнуў у твар напарніку. Вочы яго нядобра бліснулі.

- Без істэрык. Шалясці, радной.

- Не раней як Валянціна аформіць кватэру і прадасць. Трэба час. Тыдзень, два, а то і месяц...

- Не тапчы вушы. У вас гэта ўжо другая ціхая. З ваўчыцай той - Валянцінай, вы ў абласной псіхушцы такім жа макарам укоцалі дзядзю. А кватэру яго прадалі.

- Адкуль ты ведаеш? - насцярожыўся Кірыл.

- Вы за тую кватэру дваццаць штук узялі, - праігнараваў яго пытанне Дзяніс, - ва ўсякім разе не менш. Цяпер вось зноў лоха знайшлі. Давай шалясці, Кіруха.

- Разлічымся, не круці панты.

- Не. Грошы, як дамаўляліся.

- Едзем адсюль, дурань. Тут небяспечна, мала што. Да таго ж ён мне шыю падрапаў, кроў цячэ. Дзе аптэчка?

- Ззаду, за сядзеннем.

Дзяніс, аднак, не заводзіў рухавік, а назіраў, як яго напарнік знайшоў аўтааптэчку, расшпіліў футляр, дастаў адтуль бінт, пераламаў ампулу з ёдам і падкруціў на сябе люстэрка задняга бачання. У святле наступаючага дня пад падбародкам Кірыла сачылася крывёю свежая драпіна. Чамусьці гэта відовішча ўзрушыла Дзяніса. Вадзяністыя яго вочы заварожана спыніліся на твары напарніка. Кірыл між тым працягваў:

- Я ж цябе, Дзяніска, не пытаю, чаму ты таксама ў дурдом уладкаваўся - пэўна ж, маеш свае выгоды. Хіба не ад цябе ўсё аддзяленне жахаецца, як ты ідзеш? Хіба не цябе яны баяцца больш за ўсіх? Так, ты на макруху быццам не падпісваешся, але хто на тым тыдні рэбры хвораму паламаў, а на гэтым яго ўжо ў зямлю закапалі? А месяц таму, памятаеш? Ты ж любіш біць іх, га? Ты мне магілёўскімі справамі ў нос тыцкаеш, але я ў цябе таксама магу шмат чаго спытаць.

Кірыл падціраў кавалкам бінту кроў з шыі і ўсё больш нервова раскуражваўся. Ён пачаў гаварыць пра тое, пра што яму было лепш памаўчаць, але спыніцца ўжо не мог. Ён напомніў напарніку, што той усяго толькі студэнт-завочнік фізкультурнай акадэміі, бо стаў баяцца клеткі*, таму што там яго аднойчы, у час матча, зламалі, і цяпер ён, Дзяніска, адыгрываецца на дурыках, іх жа можна хоць апускаць - ніхто не заступіцца. А маладзенькіх, бывае, і малалетніх наркаманак, якіх, здараецца, пасля ломкі ў лякарню прывозяць, хіба не ён гвалціць? А хто ім наркату за баксы, за рыж'ё носіць? Хто ў псіхушцы паханом сябе лічыць, га? І Кірыл, ужо больш памяркоўна, параіў напарніку не спускаць палканаў, гэта значыць, не абвастраць сітуацыі, тым больш што пра тое-сёе даўно здагадваецца галоўны лекар, а яму таксама трэба падмазваць язык, каб маўчаў і не паднімаў хіпежу.

* Клетка - рынг (спарт.).

- Ты мне запазыку вярні, і расход, - ціха і мякка, але з прыхаванай злосцю папрасіў Дзяніс. - Адкуль я ведаю, - можа, ты ногі мацаеш? Дзе я цябе тады шукаць буду, ва ўсесаюзным вышуку? Ты вось паўгадзіны таму зашмаргу на дэмана* накінуў, а заўтра, можа, і на бабу тую накінеш, ваўчыцу, пасля таго як яна хату прадасць. А потым зліняеш і - з канцамі.

* Дэман - вар'ят (блатн.).

Дзяніс, пакрысе запальваючыся ад сваіх жа слоў, зноў скасавурыў вокам на напарніка, і зноў выгляд крывавай пісягі на шыі Кірыла дзіўна ўсхваляваў яго. Раптам ён выхапіў з кішэні кнопачны нож, пстрыкнуўшы, выскачыла лязо, - і імгненным рухам саўгануў напарніку пад сківіцу. Кончык ляза трапіў якраз на свежую драпіну і на міліметр-два ўвайшоў таму пад скуру. Кірыл адхіснуўся, але галава яго ўперлася ў стойку кабіны, і лязо зноў яшчэ больш увайшло ў тое месца на шыі, дзе была ранка і адкуль адразу выцекла некалькі буйных крывавых кропель.

- Ты што, Дзяніска? - выдыхнуў ён. - Адпусці!

Санітар Дзяніс перахапіў яго правую руку сваёй левай, так што другая рука напарніка аказалася заціснутая яго ж тулавам і плячом напаўшага. Цяпер Кірыл быў амаль нерухомы, хіба што мог толькі соўгаць нагамі ці адкрываць і закрываць рот. Але як толькі ён скарыстаўся дзвюма гэтымі магчымасцямі, лязо нажа ў яго пад сківіцай увайшло глыбей яшчэ на некалькі міліметраў.

- Эйш, заспяваў, - прасіпеў яму ў твар санітар Дзяніс. - Ты лепш спявай пра тое, дзе, у якой кішэні ці ў якім месцы «зялёныя», што ты мне вінен, ляжаць.

- Фіняк убяры, Дзяніска, ты што, звар'яцеў?

- Я цябе адвучу вецер гнаць, жывёла!

Санітар Кірыл таргануў галавой назад, але гэтым рухам ён толькі пагоршыў сваё становішча. Дзяніс зноў націснуў рукой, і лязо ўехала ў шыю напарніка яшчэ на некалькі міліметраў. Кроў з-пад кончыка нажа пацякла мацней.

У кабіне машыны ўжо зусім пасвятлела ад наступіўшай раніцы, але вузкая лясная дарога была пустая.

- Пусці, я аддам! - хрыпеў Кірыл.

- Зараз аддасі? - спытаў Дзяніс. - Дзе ў цябе грошы? Гавары, ну!

- У нацельніку зашытыя, пусці!

Санітар Дзяніс падумаў некалькі доўгіх секунд і вырашыў схаваць нож, нават спыніў трымаць сваёй левай рукой руку напарніка, але якраз у гэты момант нібы незалежна ад яго волі лязо нажа мякка, нібы ў мучны пірог, увайшло на ўсю глыбіню ў горла Кірыла, і той захрыпеў, засоўгаў нагамі ў агоніі, выплёўваючы крывавую пену.

Здзіўлена, нібы забіваў не ён, а нехта іншы, санітар Дзяніс утаропіўся ў вочы напарніка, якія паступова патухалі, а потым адчыніў свабоднай рукой кабіну і выпіхнуў цела на дарогу. Ён адразу вылез следам, нервова агледзеўся па баках, але ніякай небяспекі не заўважыў: пустая дарога наперадзе гублялася ў лесе, за якім адразу пачынаўся бальшак, ззаду таксама не нагадвалася ніякага руху. Тады ён ухапіў цела былога напарніка за куртку і подбегам пацягнуў убок.

Неўзабаве Дзяніс вярнуўся, хутка, не пакідаючы сачыць за дарогай, адшукаў у багажніку кароткую сапёрную рыдлёўку і закідаў зямлёй крывавы след, што цягнуўся ад машыны. Потым зачыніў дзверцы кабіны і з рыдлёўкай вярнуўся ў ельнік.

Кірыл быў ужо мёртвы. Санітар Дзяніс расшпіліў яго куртку, агледзеў і выцягнуў усё з кішэняў, потым старанна абшукаў кішэні і ў спартыўных нагавіцах, і ўрэшце расшпіліў кашулю і дабраўся да нацельнай бялізны. Амаль адразу рука яго намацала над левым бокам трупа на цяльняшцы патайную кішэню. Санітар Дзяніс успароў яе нажом і выцягнуў невялічкі цэлафанавы скрутак. Ён таропка разгарнуў яго: у скрутку былі даляры. Пэўна, Кірыл, нікому не давяраючы, насіў усё сваё пры сабе.

Дзяніс пачаў капаць яму тут жа, ля дарогі. Рыдлёўка здавалася лялечнай у яго руках. Падмерзлая за ноч зямля спачатку паддавалася з цяжкасцю, быццам не хацела прымаць у сябе тое, што павінна была, але потым справа пайшла нашмат лягчэй, і яма паглыблялася даволі хутка. Часам санітар Дзяніс кідаў капаць, падыходзіў да машыны, дзе зноў нервова ўсё аглядаў, праціраў анучай кабіну, чуйна прыслухоўваўся да гукаў навокал і збочваў у лес. Урэшце глыбіня задаволіла яго, ён адным скачком скочыў з ямы наверх, нагамі спіхнуў туды труп і пачаў закідваць зямлёй.

 

* * *

 

Гаспадыня чакала званка, бо адразу падхапілася з канапы і, як і была, у халаце на голае цела, рушыла да дзвярэй і зірнула ў «вочка».

- Ай, Свецік прыйшоў, - радасна сказала яна.

Перасцерагальнік замка шчоўкнуў, дзверы адчыніліся.

- Ну, прывет, Валюха!

У кватэру ўвайшла маладая, гадоў дваццаці пяці, дзяўчына, у трусінай футэрцы, чорнавалосая, з кароткай моднай стрыжкай. Пульхныя яе вусны былі рэзка абведзены тонкай карычневай рысай памады. Прамы, невялікі нос пачырванеў ад холаду, а цёмныя вочы ледзь касавурылі. Востры падбародак быў з ямачкай пасярэдзіне.

- Ледзь не змарнела, пакуль чакала, - сказала Валянціна, нецярпліва дапамагаючы госці зняць футра. - Павесь сюды. Бачыш, як свабодна стала, усё каменне выкінула, дні тры запар суседскі алкаш выносіў.

Жанчыны пацалаваліся.

- А дзе старычок, вальтануты твой, усё там?

- У псіхушцы, дзе ж яму яшчэ быць. Ты праходзь, мы цяпер тут будзем сустракацца. Толькі вось нешта я не ў форме, зайчык.

- Што, зноў баліць?

- Так. Я і аналізы ўсе прайшла і рэнтген і «узі» - кажуць, усё ў норме, а мне сёння з раніцы зусім хранавата.

- А мы з табой па чарцы, а потым пагрэемся, - гулліва ўсміхнулася Святлана, - усё і пройдзе.

- У-ух, дай я цябе ўкушу, гарэзніца!

- А што, калі ён, ну, шызік твой, раптам вернецца? -хіхікнула Святлана, праходзячы ў пакой, і не стрымала радаснага задавальнення. - Ай, і стол накрыты!

- Вернецца - зноў назад скіруем.

На стале стаялі ваза з садавіной, апельсіны, закуска, бутэлька чырвонага віна і каньяк.

- Вінцо тваё любімае, - сказала Валянціна, - ну, а я каньячку вып'ю. Можа, палепшае. Кожнаму сваё, - яна падміргнула сяброўцы.

Святлана села ў крэсла, закінула нагу за нагу і выцягнула з сумачкі цыгарэту.

- Запаліць ці не варта? - завагалася яна і раптам запытала: - А ты мне грошай падкінеш, Валянціначка?

- А дам грошы - будзеш харошая?

- Буду, буду, толькі ты не гані, давай спярша вып'ем, я паесці не супраць, потым у ванну скокну, я ж прама з інтэрната зараз, сама разумееш...

Валянціна разліла ў кубачкі, напаўлягла на канапу, пацягнулася мажным, дагледжаным целам, халат пры гэтым расхінуўся, і грудзі выпнуліся двума белымі паўшар'ямі, і раптам схапілася за жывот:

- Ну, быццам зноў варухнулася там. Баліць.

- Мо ты раджаць збіраешся, Валь? Вальтануты твой хіба пастараўся...

- Кінь ты, дурнічка.

- Ну было ж хоць раз, га? - хіхікнула Святлана.

- Давялося пацярпець. Не скажу ж яму, што я дзеваў люблю. Праўда, слова сексуальнае - дзева? Дзеўка, дзяўчына - не тое.

- Угу.

Святлана выпіла віна і пачала есці, потым амаль адразу наліла сабе яшчэ, прамармытала толькі: «На галодны страўнік прыход больш кайфовы...» і дадала:

- Я цябе неяк з мужыком бачыла. Здзівілася. Малады такі, смуглявы. Ён цыган?

Валянціна зноў наліла сабе каньяку і залпам выпіла. Потым узяла частачку лімона і пажавала. Шырокі твар яе зморшчыўся, а ярка-чырвоныя ад памады вусны выцягнуліся ў адну вузкую стужку.

- Ты, Свецік, тое, што не трэба, не пераніцоўвай.

- Маўчу. А колькі грошай ты мне не пашкадуеш, Валь?

- Яшчэ ж не зарабіла. Ай, блін, зноў баліць!

- Мо я пайду, Валь?

- А мне што, можа, адной тут мастурбіраваць?

- Хо-хо. Разам лепш, канешне...

- Ідзі да мяне на кватэру. Магчыма, я яе хутка прадам, але пакуль пажывеш... Мядовы месяц справім...

- Ты ж мне спаць зусім не дасі. І потым, ты як завядзешся, мне балюча іншы раз робіш, а я істота пяшчотная, ха-ха... А потым, дзед твой? Яго ж, пэўна, хутка вылечаць. Ён сюды зноў камення нацягае. Ён што ў цябе - дзеля шырмы?

- Ён не вернецца, - упэўнена сказала Валянціна, - я пастараюся.

- Шчэ вінца, Валь.

- Ты не дасі веры, але ён мне днямі з дурдома бандэролькай даслаў: што б ты думала?

- Што? - спытала Святлана, беручыся за апельсін.

- Каменьчык.

- Каштоўны?

- Звычайны. Падабраў з зямлі, пэўна.

Святлана пражавала дольку апельсіна, праглынула і сказала:

- Ну, балдзею...

- Можаш уявіць. Я яго як узяла, дык быццам токам у руку кальнула. Потым па руцэ пайшло, пайшло і тут вось, каля пупка, спынілася.

- Што спынілася? Ну ты і казачніца.

- Не ведаю. Памацай, дай руку. Вось тут.

Гаспадыня расхінула халат зусім, так, што агаліліся жывот і загарэлыя, парослыя чорным, ледзь бачным пушком, моцныя ногі. Святлана села побач і прыклала далонь да жывата сяброўкі.

- Тут? Можа - ніжэй? - яна хіхікнула.

- Не, тут. Я шчэ вып'ю, а ты нырай, Свецік, у ванну адна. Тут распранайся, я люблю глядзець, як ты гэта робіш.

Святлана зноў хіхікнула і пачала распранацца. Зняла кароткую спадніцу, сцягнула калготкі, а потым і швэдар, застаўшыся толькі ў майтках. На левай локвіцы, ля самага пляча, чырванела невялічкая татуіроўка - каляровая кветка ружы. Рабіла яна гэта марудна, адначасова назіраючы за гаспадыняй, якая тым часам запаліла і выдыхнула ў столь струменьчык дыму. Але раптам выплюнула цыгарэту, села і, трымаючыся за жывот, ускрыкнула.

- Што, зноў баліць? - здзіўлена спытала Святлана. - Мо перабрала? Каньяк - напойчык каварны...

Не адказваючы ёй, з раптоўна пабялеўшым тварам, гаспадыня паднялася на ногі, хацела нешта сказаць і нечакана, быццам падкошаная, павалілася на падлогу.

- Валь, ты што? Уставай, старушка! - перапалохалася Святлана, узяла яе за руку і памацала пульс.

Сэрца білася зусім слаба, так, што ледзь праслухоўвалася, але з ліхаманкавай хуткасцю, потым яна адчула некалькі моцных, рэзкіх удараў - Валянціна аж уздрыгнула ўсім целам, і пасля гэтага, акрамя свайго пачашчанага дыхання, Святлана больш нічога не чула.

Мацюкаючыся, Святлана пачала ліхаманкава апранацца. Потым выцягнула з сумачкі люстэрка і паднесла да рота сяброўкі, патрымала і зірнула ў яго. Раптам яна істэрычна віскнула і кінулася да дзвярэй.

 

Частка пятая. СЛОВА

 

Участковы тэрапеўт Юльян Сарока якраз апранаўся, каб ісці ў паліклініку, калі пазваніў Крамнікаў. Ён сказаў, што знаходзіцца паблізу, але ў кватэру падымацца не будзе і пачакае калегу на двары.

Юльян Сарока апрануў паліто, падумаў і надзеў на галаву кепку: было ўжо адчувальна холадна. Унізе, у пад'ездзе, звыкла валяліся выкарыстаныя шпрыцы і недакуркі. Ён успомніў, што дзень таму дворнічыха скардзілася жыльцам, што ў падвале начуюць, і параіў ёй пасыпаць там хлоркай.

ЁН спусціўся па прыступках і сышоў на асфальт, які ўжо там-сям пабліскваў замёрзлымі лужынамі. У паветры марудна кружыўся і, дасягнуўшы зямлі, адразу раставаў снег.

Крамнікаў ужо чакаў яго. Ён быў у спартыўнай куртцы, джынсах і зімовых чаравіках. Пахудзелы твар яго ў профіль яшчэ больш нагадваў драпежную птушку.

- Дзе вы прападалі, калега? - спытаў Юльян Сарока. - Можа, адчынілі дзверы ў які бліжэйшы да нас нябачны свет і цяпер вярнуліся адтуль з новымі ведамі?

- Нешта накшталт таго. Вы ўгадалі, Юльян Андрэевіч.

- Маглі б зайсці да мяне, - сказаў Юльян Сарока. - Час у мяне яшчэ ёсць.

- Прагуляемся. Я пазбягаю замкнёнай прасторы, - пажартаваў Крамнікаў і раптам дадаў: - Я мушу неўзабаве з'ехаць і прыйшоў развітацца.

- З'ехаць куды? - спытаў Юльян Сарока.

- За мяжу. Далёка. У Новую Зеландыю. Разам з жонкай і дачкой. Мы прайшлі тэставанне пры іх амбасадзе. Вось чаму я не з'яўляўся на вашым даляглядзе. Машыны, як бачыце, таксама ўжо няма.

- Едзеце назусім?

- Так. Я не вярнуся. На гэта ўжо не будзе ні жадання, ні энергіі.

- Што ж, спадзяюся, што вам пашанцуе, - сказаў Юльян Сарока.

Паўза.

- Не думаю, - памаўчаўшы, аспрэчыў Барыс Крамнікаў. - Я цвяроза ацэньваю сітуацыю. Але і заставацца больш не ў сілах. Я пачынаю адчуваць стомленасць. А гэта ўжо суперхвароба. Вы ж, пэўна, бачыце, што здаровых людзей тут усё меншае. Ідзе нібы селекцыя наадварот. Да сучаснага жыцця прыстасоўваюцца якраз хворыя з неўраўнаважанай псіхікай. Дарэчы, як наш збіральнік камення? Мо яго ўжо выпісалі?

- Я днямі пазваніў у лякарню. Кажуць, што ён уцёк.

- Вось і яго жыццё абярнулася пасткай. Калісьці я гаварыў вам пра гэта.

- А ваша? - бязлітасна спытаў Юльян Сарока.

- Вы ж ведаеце, што з'яўляецца нашай агульнай пасткай. Гэта, так бы мовіць, якасць нашага чалавечага матэрыялу.

- Пазбаўляючыся гэтай якасці, як вы кажаце, вы трапіце ў іншую пастку, - сказаў Юльян Сарока. - Вас будзе мучыць настальгія па нашай стомленасці і недасканаласці, па нашым ніякім - жыцці.

- Так. Але я зрабіў выбар. Я не хачу больш чуць расейскую «феню». Я стаміўся, Юльян Андрэевіч.

- Дарэчы, - пацікавіўся Юльян Сарока, - вы ўсё яшчэ эксперыментуеце са словам, ну, я маю на ўвазе вашы заняткі неўралінгвістыкай, ці ў вас цяпер іншыя клопаты?

Крамнікаў ахвотна патлумачыў, што свае заняткі не кідае, а з часам, магчыма, цалкам зоймецца толькі тым, да чаго ляжыць душа, і дадаў:

- А вам прыходзіла ў голаў, што жыццё ўвогуле - рознабаковае спалучэнне моўных гульняў: палітыка, літаратура, рэлігія, друк, культура, нават матэматыка, фізіка, астраномія - усё гэта гульні са словам.

Нейкі час яны ішлі моўчкі, а потым Крамнікаў сказаў:

- Калісьці, калі я толькі пачынаў, там, у клініцы, вы дапамаглі мне. Я на дабро не забываюся. Як прыеду, то высветлю там становішча, і як толькі збольшага крыху падымуся, то напішу вам ці патэлефаную. Вам патрэбны будзе нейкі плацдарм, так я разумею. Я прадумаю варыянты і знайду для вас найлепшы. Вы ж лекар, і неблагі.

Юльян Сарока спыніўся і зірнуў субяседніку ў твар.

- Дзякую, але я застаюся. Позна. Я амаль што стары, і да таго ж - алкаголі... Я прывык.

- Яшчэ адно, Юльян Андрэевіч. У клініку я ўжо не здолею забегчы, а там у шафе тое-сёе з маіх кніг па спецыяльнасці засталося, інструмент. Забярыце сабе. Я іх папярэдзіў, што вы зойдзеце.

Юльян Сарока падзякаваў.

- Што ж, - сказаў Барыс Крамнікаў, - быццам усё. Бывайце назаўсёды, Юльян Андрэевіч. Мы наўрад ці больш пабачымся.

- Бывайце, - адказаў Юльян Сарока. - Удачы вам, Барыс.

Яны паціснулі адзін аднаму рукі. Крамнікаў павярнуўся і пайшоў далей адзін.

 

Праз некалькі дзён участковы тэрапеўт Юльян Сарока апынуўся па справах у раёне, дзе знаходзілася клініка, у якой калісьці працаваў, і ўспомніў пра тое, што абяцаў Барысу Крамнікаву зайсці туды за кнігамі. Ён павагаўся і пайшоў.

У клініцы яго сустрэлі абыякава. Кнігі і інструмент ужо расцягнулі па руках, і Юльян Сарока пашкадаваў, што дарэмна згубіў час.

Новы і зусім не знаёмы яму загадчык аддзялення, малады, але таўсматы, з шырокім жаночым тазам, што не хаваў нават халат, а ў мужчын, як адзначыў сабе Юльян Сарока, гэта прыкмета не толькі гарманальнага зруху, але няшчырасці і каварства, - разводзячы рукі, сказаў:

- Кнігі, на жаль, знеслі. Ну вы ж бачыце, шафа не замыкаецца. Ды іх і было тут...

Запанавала няёмкая цішыня. Загадчык яўна і не хаваючы свайго жадання чакаў, калі непажаданы наведвальнік развітаецца. І каб запоўніць гэту цішыню, ён пачаў гаварыць неістотнае: што Крамнікаў займаўся нейкімі сваімі асабістымі доследамі, што ён хаця і не дасягнуў тут чагосьці значнага, але быў на добрым уліку і мог бы заставацца і працаваць. Апошнія дні туляўся з палаты ў палату, развітваўся з хворымі, а потым сядзеў за кампутарам, набіраў нейкую бязглуздзіцу.

- Што менавіта? - спытаў Юльян Сарока.

- Так, нічога асаблівага. Словы.

- Мо засталася дыскета? - спытаў Юльян Сарока.

Загадчык пакратаў лоб, падумаў, потым пакорпаўся ў стале і працягнуў яму чорную пласцінку.

Юльян Сарока ўзяў дыскету і спытаў дазволу ўключыць кампутар.

Ён уставіў дыскету ў вінчэстэр і вывеў на экран. Некалькі хвілін тэрапеўт Юльян Сарока ўважліва чытаў словы, што доўгімі радкамі спускаліся адно за адным па дысплеі, а потым націснуў кнопку і выключыў.

- Можна, я забяру дыскету? - папрасіў ён.

Загадчык аддзялення зрабіў нядбайны жэст і згодна кіўнуў.

Дарогу з клінікі дадому Юльян Сарока ведаў добра і таму нават не заўважыў, як ногі звыкла пакрочылі ў належным напрамку. Вуліца наплывала на яго адпрацаванымі аўтамабільнымі газамі, шумам матораў ды маўклівымі, засяроджанымі ў сябе постацямі прахожых. Участковы тэрапеўт адчуваў раздражненне, няўпэўненасць і тугу. «Стомленасць, - падумаў ён. - Стомленасць плюс алкаголі».

Каб скараціць шлях, ён завярнуў у невялічкі скверык і амаль прайшоў яго, звярнуўшы ўвагу на спілаваныя там-сям дрэвы, якія самотна і бездапаможна ляжалі на бруднай, падмёрзлай зямлі, калі раптам яго вочы выхапілі на гэтым убогім кавалку пейзажу прадмет, які прымусіў яго спыніцца. На зямлі ляжаў гранітны глыжак цёмна-ружовага колеру, памерам з кулак дарослага чалавека. Юльян Сарока нахіліўся і асцярожна падняў камень. Глыжак быў гладкі, нібы адпаліраваны, хаця і няправільнай формы. Участковы тэрапеўт змахнуў з яго паверхні слой гразі, пяску і пылу і агледзеў знаходку больш уважліва. Камень быў з выгляду зусім звычайны і наўрад ці выклікаў у каго-небудзь хаця б самую нязначную цікавасць, але Юльян Сарока чамусьці злавіў сябе на пачуцці, што гэта не так. Хіба сапраўды промні нябесных целаў аказваюць крысталізуючы ўплыў на ніжэйшы свет і становяцца элементамі: каменнем? А калі так, ці вызначае яно іншым разам шлях чалавека? І ці з'яўляецца задавальненне звычайнай цікаўнасці матывам для таго, каб прысвяціць сваё жыццё небяспечнаму і невыгоднаму пошуку? - падумаў ён.

Юльян Сарока паклаў гранітны глыжак у гамец.

 

СЛОВА - ФРАГМЕНТ ДНК

 

псеўдазародак псеўдачалавек псеўданаваколле

псеўдарозум псеўдарэчаіснасць псеўдасям'я псеўдасвабода псеўдагісторыя псеўдаідэя псеўдапрырода псеўдадзейнасць псеўдапаняцце псеўдадзяржава псеўдамараль

псеўдаадчуванне псеўдадзяцінства псеўдавыжыванне псеўдасцяг псеўдакаштоўнасць псеўдапамяць псеўдавайна псеўдацарква псеўдаюнацтва псеўдагерб псеўдакультура псеўдакаханне псеўданавука псеўдагімн псеўдапомнікі псеўдапісьменства псеўдашчырасць псеўдамова псеўдагонар псеўданараджэнне псеўдалітаратура псеўдасвядомасць псеўдамедыцына псеўдаадраджэнне псеўдапаветра псеўдарух псеўдацела псеўдаплебісцыт псеўдабарацьба псеўдарамантыка псеўдашлях

псеўдабудаўніцтва псеўдагрошы псеўдаадлюстраванне псеўдарадасць псеўдааб'яднанне псеўдаэканоміка псеўдаміліцыя псеўдамастацтва псеўдалёс псеўдарака псеўдамузыка псеўдагорад псеўдакааперацыя псеўдахлеб псеўдадуша псеўдачас псеўдавіно псеўдадрук псеўдасаюз псеўдаўрад псеўдапошук псеўдавада псеўдамеханізм псеўданарод псеўдасусед псеўдамінулае псеўдаадносіны псеўдакіно псеўдазаклік псеўдаімпэт псеўдадождж псеўдавёска псеўдасекс псеўдабюджэт псеўдасяброўства псеўдаармія псеўдатэатр псеўдадом псеўдакветкі псеўдагандаль псеўдаюрыспрудэнцыя псеўданезалежнасць псеўдаабдымкі псеўдарадня псеўдастыль псеўдарамонт псеўдазоркі псеўдаэйфарыя псеўдахаўтуры псеўдапрэзідэнт псеўдаграмадства псеўдаўсмешка псеўдапрамова

псеўдамяжа псеўдатэлебачанне псеўдапартыя псеўдаспорт псеўдасход псеўдабратэрства псеўдарынак псеўдакантора псеўдажыццё псеўдатаварыш псеўдапраўда псеўдароўнасць псеўдавера псеўдамоладзь псеўдапраца псеўдазакон псеўдамеліярацыя псеўдакурс псеўдарэвалюцыя псеўдавозера псеўдапрадукцыя псеўдаперспектыва псеўдатвар псеўдалюбоў псеўданадзея псеўданацыя псеўдаполе псеўдашкола псеўдагуст псеўдаперамога псеўдапашпарт псеўдаякасць псеўдазямля псеўдамесяц псеўдапланета псеўдасонца псеўдагалактыка псеўдасусвет...

 

Студзень-сакавік 1997


сакавік 1997

Тэкст падаецца паводле выдання: невядомае
Крыніца: невядомая