epub
 
падключыць
слоўнікі

Юры Станкевіч

Рванае вуха

І ўсё-такі стрэлы грымнулі нечакана, бо ён позна пачуў сабак, якіх раней мог пачуць на вялікай адлегласці. З трывожным «грухх-грухх!» статак імкліва кінуўся прэч: ладныя самкі і вепрукі — адзін з іх з віскам заараў у снег і застаўся ляжаць — маладыя дзікі, якія паспелі вырасці за некалькі месяцаў, і ён, важак па мянушцы Рванае Вуха, таксама кінуліся прэч. У гэты момант цмокнула, хвастанула вышэй лапаткі ў карак, але ён ужо набраў хуткасць, імчаўся ў супрацьлеглы бок.

Ззаду чуўся ўзбуджана-істэрычны брэх: пусцілі сабак. Рванае Вуха ўжо ведаў, што рабіць у такіх выпадках, бо меў адпаведны вопыт. Трэба было звесці сабак за сабой, каб мог пазбегнуць пагоні статак, а потым — потым ён ім пакажа. Рванае Вуха адчуў, як у ім закіпае лютасць. Ён знарок не вельмі спяшаўся, і сабакі лёгка наганялі яго. Сабак было чацвёра. Наперадзе імчалася маладая гончая-двухгодка. За ёй з бакоў ляцелі дзве лайкі, а апошні рытмічна адмахваў, слаўся па снезе пяцігадовы ганчак. Выгляд велікана-секача, які так спрытна пакідаў поле бою (а такога вялізнага яны ніколі яшчэ не бачылі), намнога павялічваў іх храбрасць. Вось ён, уладар лесу і гэтых мясцін, уцякае, паранены іх гаспадарамі, і кроў яго на снезе п’яніць іх, штурхае наперад. Яны ўжо амаль хапалі яго за ногі, калі Рванае Вуха пачаў рабіць так, як рабіў шмат разоў раней у такіх выпадках, бо цяпер ён упэўніўся, што двухногія пабягуць за сваімі сабакамі і пакінуць у спакоі статак.

Ён прыбавіў хуткасці і адарваўся ад гончай, якая аж вішчэла ў яго за спінай, уламаўся ў кустоўе, імкліва затармазіў, раптам рэзка павярнуўся і з усёй спрытнасцю, на якую быў здольны, кінуўся насустрач сваім нахабным ганіцелям.

Малавопытная маладая сука не зразумела яго манеўру, а калі зразумела, то было ўжо занадта позна. Апошняе, што яна ўбачыла і адчула,— было нешта маланкавае і жахлівае, што раптам вылецела з хмызняку ёй насустрач. Потым лес навокал і неба закружыліся ў яе вачах, і больш яна нічога не бачыла, бо Рванае Вуха ўдарам магутных іклаў імгненна разарваў ёй жывот, падкінуў у паветра і, калі яна ўжо кацілася па зямлі, затаптаў у снег.

Усё было настолькі нечакана, што астатнія сабакі літаральна аслупянелі і не напалі на яго ўсе разам. Рванае Вуха ведаў, што гэты іх стан працягнецца нядоўга, сабакі абкладуць яго з усіх бакоў, а іх гаспадары не так ужо і далёка. Таму ён адразу кінуўся да бліжэйшай лайкі. Гэта быў моцны і рухавы самец з падціснутымі па-ваўчынаму вушамі і закручаным абаранкам хвастом. Той паспеў адхіліцца ад першага ўдару, але Рванае Вуха быў знаёмы са звычкамі сабак. Ён зрабіў падманны рух і дастаў усё-такі, прыціснуў да зямлі гэтую ненавісную, нахабную, істоту, якая завішчала ад смяротнага страху. Іклы праткнулі лайцы грудзі, і тая, адразу захлынуўшыся крывёю, змоўкла.

Ганчак і другая лайка ўцяклі. Рванае Вуха разумеў, што яны пабеглі да сваіх гаспадароў і ў бліжэйшы час наўрад ці асмеляцца напасці на яго зноў.

Толькі цяпер ён адчуў боль у карку і пах уласнай крыві, якая сцякала пад жывот і потым на снег — двухногія здолелі параніць яго. Але ж гэта не вельмі непакоіла: нейкім сваім пачуццём ён разумеў, што рана не цяжкая. Ён баяўся за статак, які знік, нібы растаў у гэтым незнаёмым, каварным лесе. Ён раней прывёў яго сюды, кіруючыся сваёй інтуіцыяй, але атрымлівалася так, што яна падвяла яго. Рванае Вуха жыў ужо шмат гадоў і даўно зразумеў, што колькасць гэтых пражытых гадоў неяк разыходзіцца з пачуццём вынослівасці, спрытнасці і сілы. І хаця ўсё гэта ў яго яшчэ было, ён старэў. Вялізныя вушы, адно з якіх было парванае ў шматлікіх бойках з іншымі секачамі, чулі не так далёка, як раней, вочы бачылі горш (большая частка дзікоў, кажуць, бачыць толькі тое, што побач), а ногі сталі не такія хуткія і моцныя, як у маладосці.

Але, нягледзячы на ўсё гэта, ён меў вялікі вопыт, што для жыцця статка было найважнейшым. Гэты вопыт і падказваў яму зараз, што статак тэрмінова трэба вывесці з небяспечных мясцін, хаця і багатых кормам. Лепш заўсёды трымацца далёкіх запаведных краёў, дзе ніколі не гучаць стрэлы, не ліецца кроў і дзе, хаця і багата такіх жа статкаў і не хапае часам прасторы, усё-такі лепей, бо там няма двухногіх з іх грымучымі палкамі, якія забіваюць на адлегласці.

Ён разумеў, што статак, пэўна, быў ужо далёка. Адшукаць яго ўвогуле было няцяжка, але ён страціў шмат сіл і траціў іх з кожнай кропляй крыві, якая цякла, хаця і не так моцна, як раней, і казытала парослы сіваватай шчэццю жывот.

Рванае Вуха прыслухаўся і ўцягнуў паветра. Разам з гэтым паветрам ён улавіў мноства пахаў, якія зараз гаварылі яму аб тым, што рабіць далей. Трэба было неадкладна рухацца ўслед за статкам, але яшчэ больш глыбокі інстынкт падказаў яму пабыць крыху нерухомым, бо тады хутчэй спыніцца кроў.

Зіма для яго заўсёды была самым цяжкім часам. І не таму толькі, што зямлю накрываў снег, надыходзілі маразы, менш станавілася ежы — усё гэта не страшна для статка. Горш, жахлівей было тое, што загадкавыя і ўсемагутныя двухногія пачыналі ў гэты час аблавы, пасля якіх статак меншаў. Рванае Вуха вучыўся абмінаць небяспеку, хітрыць, адцясняць слабейшых, абыходзіць моцных. Ён, безумоўна, не мог ведаць сэнсу паводзін і ўчынкаў двухногіх, але, калі выпадала, заўсёды імкнуўся зразумець наваколле, увесь няпросты свет, у якім жыве шмат розных істот. Абвостраным сваім чуццём ён угадваў наступленне цяжкіх часін і імкнуўся толькі да аднаго — захаваць, абараніць статак. Але рабіць гэта станавілася ўсё цяжэй. Ён старэў, а жыццё ўсё паскарала і паскарала свой няўмольны бег, і каб паспяваць за ім, трэба было прымярацца і рабіць так, як раней ніколі не даводзілася рабіць.

Кароткі зімовы дзень імкліва ператвараўся ў прызмерак. Першая яркая зорка забліскацела між вершалін у чыстым далёкім небе. Рванае Вуха ледзь-ледзь бачыў яе і, вядома, не ведаў, што гэта Венера, але адчуў нейкую палёгку, бо зорку гэту назіраў і раней, а ўсё знаёмае ім, як і ўсімі жыхарамі лесу, успрымалася як выраз трываласці, дастатку і раўнавагі.

Вялізная, клінападобная, амаль на трэцюю частку цела галава яго змяшчала шмат звестак, навыкаў, уражанняў і назіранняў. Тут былі ўспаміны аб дзяцінстве, аб далёкіх вандраваннях, аб шматлікіх паядынках з іншымі дзікамі, аб усіх жывых істотах, якіх ён, Рванае Вуха, сустракаў у сваім жыцці, а сустракаў ён многа чаго і многіх.

Вось і зараз ён зноў успомніў (апошнія гады гэты ўспамін наведваў яго ўсё часцей і часцей) сябе зусім малым на беразе нешырокай, чыстай лясной рэчкі. Статак, у якім калісьці нарадзілася маці Рванага Вуха і дзе, дарэчы, убачыў свет ён сам, заўсёды прыходзіў туды на вадапой. Потым статак раздзяліўся, як гэта заўсёды здараецца, калі там становіцца больш, чым трэба, асобін, але Рванае Вуха доўга яшчэ прыходзіў сюды з маці. Пад яе пяшчотнае «гро-гро-гро» разам з такімі ж, як і ён, парасятамі Рванае Вуха (тады ён яшчэ не меў гэтай мянушкі, бо вушы яго былі цэлыя) уваходзіў у ваду па чыстым пясчаным дне, па якім часам слізгацелі невялічкія, пужлівыя рыбкі. Ён заходзіў у ваду заўсёды далей за астатніх, бо быў цікаўны і смелы, спрабаваў нават плысці, за што маці не раз злёгку кусала яго. Ля парослага асакой, часам балоцістага берага шмат лужын з цёплай вадой, у якіх дзікі валяліся, пакуль не аблепліваліся гразёй, як панцырам,— пасля гэтай працэдуры ім не страшныя былі ні камары, ні авадні, ні іншыя крывасмокі. Да таго ж тут заўсёды можна было адкапаць розныя смачныя карэнні, а калі крыху збочыць — апынуцца ля вялізных, магутных дубоў, пад якімі з восені зямлю ўсцілалі жалуды. У летнюю спёку ля вады было незвычайна прыемна, але не толькі таму палюбіў Рванае Вуха лес і лясныя рэчкі: тут ён упершыню спазнаў разнастайнасць і неабсяжнасць свету, яго прыгажосць. І яшчэ ён ведаў цяпер, што так добра і прыемна, як было тады, у тыя далёкія часіны маленства,— ніколі ўжо не будзе. Бо з узростам прыйшло шмат клопатаў і нават паспаць удосталь ужо не было калі. Тым больш у сталыя гады, калі ён стаў важаком і быў вымушаны вартаваць бяспеку ўсяго статка. А статак быў самым галоўным з усяго, што толькі ёсць у гэтым няпростым, варожым свеце.

— Хухххх! — Рванае Вуха ўздыхнуў і паціху рушыў далей. Усё-такі ён страціў шмат крыві, трэба было і паесці, але на гэта не заставалася часу. Раніцай ён дагоніць статак і павядзе яго зусім у іншы бок, у тыя месцы, дзе лепш і адкуль ужо ён не пойдзе ніколі. Калі спатрэбіцца, ён выцесніць хітрасцю ці сілай іншых істот з іх мясцін і завядзе статак туды, дзе ён будзе ў бяспецы. А статак, напалоханы, зацкаваны, накіроўваўся між тым якраз у той бок, куды вандраваць не трэба было ні ў якім выпадку. Рванае Вуха ведаў, што там яго чакае пагібель.

Ён набраў у грудзі паветра, каб выдыхнуць яго ў абураным «груфф!», як раптам насцярожыўся і застыў на месцы. Вялізныя вушы яго, нібы лакатары, павярнуліся ў той бок, дзе за мноства крокаў адсюль пачуліся гукі, якія падказвалі яму аб набліжэнні новага ворага. Хто быў вораг? Рванае Вуха яшчэ не вызначыў гэтага. Але хутка па характары гукаў зразумеў — не, не двухногі. Было ясна толькі, што незнаёмы ўчуў яго і менавіта сюды скіраваў свой шлях. Рванае Вуха, які не баяўся ні ваўкоў, ні мядзведзя-бадзягі (даводзілася ўступаць у бойку і з ім) ці якога іншага насельніка лесу і ніколі нікому не саступаў дарогі, зараз пачаў вагацца. Ён шкадаваў часу, бо клопат пра статак быў цяпер самы асноўны. Да таго ж рана непакоіла яго. Ён адчуваў слабасць, а бегчы, каб дагнаць статак, трэба было ўсю ноч.

Хто ж гэта такі? Рванае Вуха старанна прыслухоўваўся, чуйна ўлоўліваў пахі лесу, спрабаваў зразумець, што за новая небяспека чакае яго ў гэты нешчаслівы дзень.

Яшчэ пакуль ворагі пабачылі адзін аднаго, Рванае Вуха па паху зразумеў, што яго даганяе малады сякач. А калі той вылецеў з зараснікаў і апынуўся перад ім, Рванае Вуха адчуў толькі адно жаданне — бегчы далей. Раней ён бы скрышыў, знішчыў гэтага занадта цікаўнага задзіру, дурня, даў бы яму сапраўдны ўрок паводзін — але толькі не цяпер. Ён адчуваў, што сілы на зыходзе.

У вячэрнім змроку праціўнікі пакуль што прымерваліся і прыглядаліся адзін да аднаго. І хаця ўсё да дробязей разгледзець ужо было немагчыма, Рванае Вуха адзначыў, што неспадзяваны яго вораг — вельмі вялікі вепр, амаль такі, як і ён сам, з вострай гарбатай спінай, з высокім загрыўкам і вузкім задам. Увесь ён быў пакрыты густым і цёмным шчаціннем. Як шчотка, стаяла яно ў яго і над галавой. Злосна глядзелі навокал каламутныя маленькія вочкі.

Рванае Вуха сярдзіта чмыхнуў і зрабіў тое, ад чаго раней згарэў бы ад сораму, што было для яго амаль немагчыма. Ён скіраваў убок і хацеў аббегчы забіяку. Але той імгненна заступіў яму дарогу. Малады вепр прагнуў бойкі. Ён добра адпачыў днём, а перад гэтым ноччу разгроб і перарыў бульбяны капец ля адной з бліжэйшых адсюль вёсак і быў не галодны. Да капца ён хадзіў ласавацца некалькі разоў, і ўсе разы ўдала. Цяпер ён адчуваў прыліў энергіі і злосці. Зараз ён правучыць гэтага старога няўклюду — малады сякач даўно ўжо адчуў пах крыві і ўцяміў, што становішча старога дрэннае. Ён ненавідзеў гэтых ганарлівых важакоў, якія вельмі высока думаюць пра сябе. Вось ён яму зараз і пакажа. І ён рынуўся наперад.

Рванае Вуха і так ужо зразумеў, што без сутычкі не абысціся. Ён мацней упёрся нагамі ў снег і з цяжкасцю адбіў першы страшны наскок маладога вепра. Той быў малады, і гэтым. сказана ўсё. Рванае Вуха разумеў, што доўга не выстаіць — сілы было менш. Трэба было тэрмінова нешта рабіць. Але што?

— Рррхуххх! — яшчэ адзін удар, ледзь не ў шыю. Гэты задзіра і дурань біўся, аднак жа, каварна і подла: імкнуўся тыцнуць ікламі ў вочы, укусіць у шыю, за вушы. Раптам Рванае Вуха спатыкнуўся — нага яго трапіла ў пень — і пачаў валіцца на бок. Праціўнік адразу кінуўся, пацягнуўся ікламі да жывата. Рванае Вуха задыхаўся ад цяжару. Смерці ён не баяўся і адносіўся да яе так жа проста, як і да жыцця. Але, калі загіне ён, можа загінуць і статак. І ўсё з-за гэтага не ў час сустрэтага нахабніка і задзіры. Лютасць, сляпая, страшэнная, расла ў ім. Ён сабраў апошнія свае сілы, ускочыў на ногі і рынуўся на ворага. Націск быў нечаканы і такі моцны і страшны, што малады сякач не ўстаяў. Ногі яго не вытрымалі, раз’ехаліся, і ён на адно толькі імгненне стаў безабаронны, падставіў для ўдару плячо. Рванае Вуха ўдарыў, і праціўнік зусім страціў раўнавагу, упаў на снег. З разарванай яго лапаткі палілася кроў. Рана яго была не з цяжкіх. Рванае Вуха ведаў гэта, але не стаў дабіваць — вораг быў пераможаны.

Рванае Вуха бег далей. Ужо легла цемната навокал, і зоркі, большасць якіх ён увогуле не мог бачыць, зіхацелі на небе. Серпік месяца вісеў над лесам. Праз некаторы час ён напаў на след статка, а потым нечакана выявіў і след свайго былога ворага — маладога секача. След вёў з лесу да бульбянога поля, за якім, як вызначыў Рванае Вуха, была вёска.

Ён раптам адчуў, што сіл больш няма. Трэба было адпачыць. Ён крыху збочыў і зайшоў у густы ельнік, у глыбіні якога пад вывернутай сасной знайшоў выпадкова лежбішча пераможанага ім секача — цёплую і ўтульную яму. І хаця Рванае Вуха ўлоўліваў увесь апошні час нейкі ледзь чутны сігнал небяспекі, ён ужо не мог звяртаць на яго ўвагі, бо вельмі стаміўся. Ён павагаўся крыху і залёг. Не варта было залягаць каля вёскі — гэта было адно з асноўных, самых важных яго правіл, але сёння ён яго парушыў. Тым больш, што статак прайшоў побач. Хутка ён адшукае яго і назаўсёды адвядзе з гэтых варожых мясцін.

 

...На світанні ўсе ўдзельнікі аблавы былі ў месцы прызначэння. Дагэтуль яны атрымалі ліцэнзію на адстрэл дзіка, які доўгі час наносіў вёсцы шкоду — амаль штоноч разрываў капец з насеннай бульбай і не столькі еў яе, колькі марозіў. Двойчы каля капца рабілі засады, але нахабны і хітры дзік блізка не падыходзіў, мабыць, адчуваў людзей здалёк.

Яшчэ з вечара мароз крыху паменшаў. Надыходзіла якраз кароткая і адзіная за ўсю зіму адліга. Адчувалася ўжо хуткае набліжэнне вясны.

Паляўнічых было трое. Брыгадзір, малады шаракавокі і прыгожы хлопец, які восенню адслужыў у арміі і якому нядаўна даверылі калгасную брыгаду, выцягнуў з сумкі ад супрацьгаза моцны палявы бінокль, расшпіліў футляр і ўзняў бінокль да вачэй, аглядаючы наваколле. Са стрэльбамі за плячамі побач стаялі каржакаваты, чырванатвары ветурач і мясцовы ляснік — меланхалічны, задумлівы дзядзька ў гадах. Сабакі ля ног павісквалі і абнюхвалі адзін аднаго.

— Ну, што бачна, Паўла? — нецярпліва спытаў ветурач.

— Класная тэхніка, люкс! — брыгадзір, якога звалі Паўлам, адняў ад вачэй бінокль, паляпаў па скураному футаралу.

— Што такое? — захваляваўся ветурач.— Дай мне!

— Птушкі над ельнікам,— сказаў Паўла.— А гэта значыць,— ён раптам весела і нечакана моцна ляпнуў лесніка па плячы — той аж адхіснуўся,— гэта значыць, што ён сёння там!

— Няўжо сапраўды на лежні? — прамармытаў ляснік.— Ну і ну. Дрэнь яго справы цяпер.

— Ну дык па сваіх месцах! — сказаў Паўла. Ён быў за распараджальніка.— Пайшлі...

Праз нейкі час участак, дзе, па іх меркаванню, знаходзілася лежбішча дзіка, быў абкружаны. Пусцілі сабак.

 

Рванае Вуха прачынаўся і зноў засынаў некалькі разоў. Цяпер жа ён падхапіўся ад нечаканага і трывожнага пачуцця. Прама над ім, на елцы, застракатала сарока. Гэта было непрыемна, але яшчэ горшым было тое, што паветра данесла да яго пахі двухногіх, пораху, ружэйнай змазкі і сабак. Ён пачуў іх брэх.

Ён не жахнуўся, бо не ведаў жаху, але на імгненне разгубіўся, бо каб так не шанцавала — з ім гэтага яшчэ не здаралася. Што ж, ён адпачыў і прыме бой, калі так створана ў гэтым свеце. А можа, яму пашчасціць і ён дасягне адным рыўком ратавальнага гушчару, які быў амаль адразу за ельнікам. Там яго не так лёгка будзе дагнаць.

Сабакі ўжо насядалі, і ён ірвануўся з ельніку, але, як толькі апынуўся на чыстым месцы, нешта ўдарыла яму ў жывот збоку, ён пачуў гукі стрэлаў і зразумеў, што ўжо не выбрацца. У жываце і грудзях пякло, там нешта булькацела, і ён бег ужо прама туды, адкуль палыхнула агнём і дзе былі ворагі. Лютасць да гэтых ворагаў напаўняла яго, і ён прагнуў цяпер аднаго — дабрацца да іх і адпомсціць.

Ён не бачыў, як спужаўся, кінуў стрэльбу і ўцякаў ветурач, як схаваўся за дрэва Паўла, бо яму не было ўжо часу перазарадзіць сваё ружжо, і як узняў у апошні раз стрэльбу ляснік. Прама перад ім зноў палыхнула агнём і зноў ударыла ніжэй галавы пад левую лапатку. І тады ён раптам адчуў сваё сэрца, бо цяпер яно білася ўсё мацней і мацней і з грукатам, які пераўзыходзіў усё: і стрэлы, і брэх сабак, і іншыя гукі. Ногі яго падламаліся, і ён упаў у снег. Яму раптам стала вельмі горача, і ён прагнуў цяпер толькі аднаго — ратавальнай прахалоды, і вось, здаецца, яна прыйшла, і ён зноў уваходзіць у тую самую імклівую лясную рэчку — рэчку свайго маленства, і вада бяжыць і бяжыць перад ім, кружыцца, кружыцца. І вось ён ужо плыве, і рэчка пашыраецца і пашыраецца, і берагоў ужо не бачна — адна бязмежная, бясконцая далечыня.


1989?

Тэкст падаецца паводле выдання: Станкевіч, Ю. Луп: аповесць, апавяданні / Юры Станкевіч. - Мінск : Выдавецтва ЦК КП Беларусі, 1989. - с. 101-111
Крыніца: скан