epub
 
падключыць
слоўнікі

Юры Станкевіч

Рыфма

1
2
3
4
5
6
7
ЗАМЕСТ ЭПІЛОГА


1

 

Амаль бязгучна вуркочучы маторам, брудны, запэцканы граззю «мерседэс» спыніўся ўсутыч з тратуарам, так што колы яго чыркнулі па броўцы.

Было горача. Жнівень, пэўна, дараваў чарговы са сваіх апошніх пагодлівых дзён. Сонца пакрысе спаўзала на захад, каб неўзабаве схавацца за шэрымі прамакутнікамі дамоў.

Малады бізнесовец Рыгор Вайтовіч - светлавалосы, мажны, з ружовасцю на шчоках, выключыў рухавік і зірнуў на гадзіннік. Потым ён апусціў шкло, і адразу яго ахутала гарачае і нездаровае паветра вялікага горада, насычанае выкідамі фабрык, бензінавымі выпарэннямі, пылам і смогам.

На кароткае імгненне яго ахапіла туга, як гэта здараецца з многімі ўражлівымі людзьмі на той час, калі заходзіць сонца: яму нагадалася раптам, што ў асмужаным паветры і на людных вуліцах патыхала яшчэ такім няўлоўна прыкрым і сумным, як здрадніцтва, няшчырасць і хлусня, і ўвогуле пахам паразы, а гэты пах ён адчуваў ужо даўно. Хоць, падумаў ён, можа, у яго занадта лабільная нервовая сістэма.

Бізнесовец Рыгор Вайтовіч зноў кінуў вокам на гадзіннік. Шэсць. На асфальтавай дарожцы ад пад'езда будынка інстытута замежных моў ён убачыў ужо дзяўчыну, якая ішла да яго, і здагадаўся, што гэта тая самая, якую ён чакаў. Дзяўчына-студэнтка была рэпетытарам яго жонкі. Жонка ў апошні месяц апантана вучылася ангельскай мове і з гэтай нагоды наняла рэпетытара па аб'яве з газеты. Але тыдзень таму студэнтка чамусьці не захацела працягваць заняткі, і жонка папрасіла яго пагаварыць з той.

Па меры таго як дзяўчына набліжалася, бізнесовец Вайтовіч уважліва разглядаў яе. Студэнтка была высокая, коратка, амаль як ён, стрыжаная, чорнавалосая, у цёмных акулярах ад сонца, сціпла апранутая: у чорную спадніцу ніжэй каленяў і простую белую кашулю. Яна стала побач. Слабы ветрык мякка абляпіў тонкую спадніцу вакол яе доўгіх ног, так, што цела яе здавалася акораным дрэвам, калі б такое дрэва магло набыць прыцягальную сексуальнасць прыгожага і жаночага. Дзяўчына сказала:

- Па нумары машыны бачу - гэта вы. Як і дамовіліся. Давайце разбярэмся, але ведайце, што ў мяне абмежаваны час.

Бізнесовец Рыгор Вайтовіч адчыніў дзверцы кабіны і запрасіў:

- Падайце. А то стаіце, як сасватаная.

Дзяўчына ўсміхнулася, села побач і зняла акуляры. У яе былі жоўта-цёмныя, як бурштын, вочы.

- Вы далі жонцы адбой па нашай справе, - пахмурна пачаў малады Вайтовіч. - Дарэчы, пазнаёмімся, я ж вас раней так і не бачыў. Мяне завуць Рыгор.

- Паліна.

- Вы студэнтка, якая падрабляе рэпетытарствам. Так?

- Быццам так.

- Вы адпрацавалі толькі месяц. Дамаўляліся - на тры. Без уліку летніх. Я заплаціў вам за месяц сто баксаў, як вы пажадалі. Калі ўлічыць, што лета ў вас было вольнае...

- Не ў грашах справа, - перабіла яго студэнтка Паліна. - Дый што, я на ваш «стольнік» на Канарах адпачну? Я не хачу.

- Я падвышаю ваш заробак у два разы, - раптам нечакана для сябе сказаў Вайтовіч.

- Не, я стамілася, зразумейце.

Малады бізнесовец Вайтовіч скоса зірнуў на студэнтку. Не зусім звычайны, мо крыху залішне рэзкіх рысаў, вузкі твар, цёмная скура, востры падбародак, тонкая шыя. Падобная на індыянку, - падумаў ён. І яшчэ - яшчэ вонкава падобная на яго жонку.

- Слова, - сказаў ён. - Яго трэба трымаць. Такі парадак, і калі яго парушаюць...

- Мне пляваць на ўсе вашы парадкі, - перабіла дзяўчына. - Не пужайце.

- Вы без хамскіх сцэнаў растлумачце, што здарылася, - стрымана прапанаваў Вайтовіч.

- Добра, - адказала студэнтка па імені Паліна. - Я і сама хамскіх сцэнаў не выношу. Справа ў тым, што я вучуся яшчэ і на філфаку. За адну, скажам так, багатую герл. Такое зараз практыкуецца. Я стамілася. Мне трэба былі грошы, і я нанялася і да вашай жонкі. Але я іх адрабіла. Больш не хачу. Гэта не па правілах, але і вы зразумейце мяне. Прыдумайце што-небудзь. Вы ж багаты, мяркую.

- Жонка хоча працягваць вучыцца з вамі, яна жадае прыстойна авалодаць мовай, і вы ёй падыходзіце.

- А я не хачу. Я хачу аднаго: з'ехаць куды-небудзь у лес ці да ракі і пажыць там хоць месяц. Мне абрыдлі людзі, заняткі, справы, уся валтузня навокал. Хоць у лівійскія пяскі, як сказана недзе ў Салжаніцына.

- У вас любоўная драма?

- Як бы не так, шаман.

- Чаму вы назвалі мяне шаманам? - здзівіўся бізнесовец Вайтовіч.

- Не кеміце? Хоць адкуль вам... Гэта з Хлебнікава: «... тут, закурив, сказал шаман: устали вы иль не удачен был с кем-нибудь роман?» Памятаеце?

- Не, - адказаў бізнесовец Вайтовіч. - Я дрэнна разбіраюся ў паэзіі. Ведаеце, не да яе ў нашым балоце.

- Дык вось, аніякай драмы ці няўдалага рамана няма. Я стамілася. Не хачу бачыць тупыя пысы, «каланіяльныя тавары» ў сабачых будках, усю гэтую туфту, халопства, хлусню, хцівасць, сапраўды, балота...

- Такое жыццё, ад яго не ўцячэш. Трэба крыху ўдачы, грошы, ну і ўладкуецеся.

- У мяне, у адрозненне ад вас, грошай няма. Дарэчы, пульхныя ад ікры, румяныя твары нуварышоў ад бізнесу мне таксама не падабаюцца.

- У мой агарод камень?

- У ваш, шаман.

- Я не ем ікры, - незадаволена сказаў Вайтовіч.

- Няхай. Я б ела. А грошы зараз сумленна не зарабляюць. Хоць вы, канечне, выключэнне...

- Вы таксама камусьці дыплом рыхтуеце. А гэта сумленна?

- Пляваць.

- Я трапіў, як кажуць, у абойму, - неахвотна растлумачыў Рыгор Вайтовіч. - Усё і закруцілася. Тым не менш я пачынаю працу а восьмай раніцы і вяртаюся позна вечарам, а дзевятай. Я працую, як цягавіты конь увосень.

- Навошта вам гэта?

- У кожнага свая мэта.

- Упэўнена, што і ваша - звычайнае дзярмо.

- Я вас папярэдзіў, - незалюбіў Вайтовіч.

- Больш не буду. А зараз пайду. Вашы грошы, паўтараю, я адпрацавала, далей выкручвайцеся самі. Я стамілася размаўляць.

- Гэта нахабства з вашага боку, - спахмурнеў Вайтовіч. - Я што - такі дэбіл? Са мной і паразмаўляць не варта?

- Прабачце, але вы мне пакуль проста нецікавы. Хоць я вам і ўдзячна, што не піхнулі ў твар далоняй, не «тыкаеце».

- Знешне вы падобны на маю жонку, - зноў нечакана для сябе сказаў Вайтовіч. - Толькі яна носіць акуляры, а вы вышэй ростам і страйней.

- Дзякую за камплімент. Я заўважыла, што падобна.

- Але ў вас ёсць быццам нешта стэпавае, вольнае, ад качэўнікаў. Хто вы?

- А вы як думаеце?

- Індыянка, - падсаладзіў ён.

- Жартуеце, - усміхнулася студэнтка Паліна. - Ды не - «хороших русских кровей», як сказана дзесьці ў Аляксея Талстога, - «с цыганщинкой...».

- У нас амаль што любяць цыган, - сказаў бізнесовец Вайтовіч. - Гэта дзіўна. А мая жонка - паляшучка. У іх там сустракаюцца такія - смуглявыя, з чорнымі валасамі. У яе ёсць старая бабуля - у Нью-Ёрку. Яна піша, што зусім не памятае ўнучку. Запрашае прыехаць. Таму жонка і падганяе ангельскую мову. Ёсць і яшчэ прычына. Дарэчы, жонка вас хваліла.

- Не. Я стамілася, сур'ёзна. У мяне, пэўна, нервовае знясіленне.

Вайтовіч крыху падумаў.

- А што вы скажаце наконт акадэмічнага адпачынку? - спытаў ён.

Студэнтка Паліна выцягнула з сумачкі пачак, а з пачка цыгарэту і запаліла.

- Спытаюць медыцынскія даведкі, - пасля паўзы ўрэшце сказала яна. - Але каб іх набыць, трэба відавочная хвароба ці... ці грошы. Мне абодва варыянты не падыходяць. Бывайце.

- Чакайце. Грошы ў мяне ёсць. Не думайце, што я працую за «драўляныя». Я не скнара, паверце. Давайце зробім так: вы аформіце акадэмічны на год і ў сваім інстытуце, і на тым філфаку, калі вам сапраўды трэба. Даведкі па хваробе я вам забяспечу. А вы працягнеце заняткі з жонкай.

- Я б не хацела вас турбаваць, тым больш калі тут дамешваюцца грошы. Вы ж, пэўна, не такі і багаты: у вас так сціпла ў кватэры.

- Памыляецеся, - буркнуў бізнесовец Вайтовіч.

Ён падумаў: што вымушае яго важдацца з гэтай студэнткай? Урэшце, можна наняць і іншую. І раптам зразумеў - ад яе ішоў ледзь улоўны, неасэнсаваны паток незразумелай яму энергіі - не то сексуальнай, не то нейкай іншай. Яна цікавіла яго.

- Прапаную наступнае, - сказаў ён. - Сустрэнемся праз дзень у гэты ж час, што і сёння. На гэтым жа месцы. Даведкі будуць пры мне. Згода?

Бізнесовец Вайтовіч павярнуў голаў і ўбачыў непранікальны, сапраўды нібы ў індыянкі, твар. Яна абдумвала нечаканую прапанову.

- Няхай так, - урэшце сказала студэнтка Паліна. - А зараз, калі не цяжка вырушыцца, то падкіньце мяне да кафэ «Паўночнае». У мяне там спатканне.

 

2

 

Адчуваючы раздражненне і незадаволенасць, бізнесовец Рыгор Вайтовіч адагнаў у гараж свой забруджаны «мерседэс» і агледзеўся навокал. Але, акрамя цагляных каробак гаражоў, некалькіх запыленых дрэваў ды чырвонай плямы неба на захадзе, дзе хавалася за далягляд сонца, ён нічога не ўбачыў. Прайшло крыху больш гадзіны пасля яго размовы са студэнткай-рэпетытаркай - вечар быў, лічыў ён, амаль што згублены, - і Вайтовіч вырашыў не ісці адразу дадому, а наведаць свой «клуб», дзе часта збіраліся такія, як ён, маладыя «людзі справы».

Увогуле гэта было нешта накшталт аднаўленчага цэнтра: невялічкая спартыўная зала, дзе віселі два баксёрскія мяхі, стаялі станок і штанга, а другі пакойчык займала маленькая фінская парылка з душавой. Залу наймалі ў складчыну. Раз у тыдзень, па суботах, прыходзіў і інструктар па рукапашным баі: яго таксама наймалі талакой, плацілі дзесьці каля ста даляраў у месяц, грошы невялікія, але і займаўся той з імі, вядома, як з аматарамі, збольшага паказваў тое-сёе, а калі адыходзіла зіма - ганяў разам з усімі на пустыры мяч.

У зале завіхаліся ўжо двое: каржакаваты, з паламанымі вушамі, Лявон Ліцвінка - былы спартсмен, майстар спорту па вольнай барацьбе, які кіраваў цяпер невялічкай швейнай майстэрняй, і Іван Душко з камерцыйнай фірмы па продажы садавіны - рослы, лабаты, з загарэлай лысінай і накачанымі біцэпсамі - вялікі аматар штангі.

Бізнесовец Вайтовіч павітаўся і распрануўся ля сваёй шафкі: высокі, шыракаплечы, з пачынаючым вызначацца ўжо жывоцікам, але атлетычнага складу. Ён апрануў трыко, майку, абуў красоўкі, адначасова прыслухоўваючыся - тут дзяліліся навінамі, давалі адзін аднаму шчырыя і няшчырыя парады, спрачаліся: сапраўды, нешта падобнае на мужчынскі клуб.

- Ты мне вось што скажы, - звярнуўся адразу да Вайтовіча Ліцвінка, - ты на абшчак кідаеш ці не? А то каго ні спытаеш, усе робяць выгляд, быццам я ў грамадскім месцы паветра сапсаваў...

Ён бінтаваў эластычным бінтам фалангі пальцаў, потым перабінтаваў і каленкі паўзверх трыко, рэзка ўскочыў з месца і пачаў размінацца: спачатку наклоны, потым плечы, рукі і ў завяршэнне самае галоўнае - расцяжкі на ногі.

- Я ж не кіроўца, - усміхнуўся Вайтовіч. - Я ў калектыве, у фірме. А за таго, хто кіруе, не скажу - не ведаю. Хоць, мяркую, зараз усе кідаюць, усе круцяць, падманваюць. Выжыванне ідзе.

- Мала, што мяне падаткамі душаць, - злосна працягваў Ліцвінка, - дык я яшчэ блатным павінен адшпільваць. Я, бачыце, не сядзеў у кума, дык павінен іх карміць. Вось калі б зрабіў бы хоць адну ходку, дык мяне б непакоіць не сталі.

- Дык ты зрабі, - параіў Душко.

Твар Лявона Ліцвінкі пайшоў плямамі ад хвалявання:

- Я ўжо сваім швачкам мізэр плаціць не магу, кручуся, а толку няма. Абанкрочуся - бабы на панель разбягуцца. Хіба гэта парадак у дзяржаве? Цьфу! А міліцыянтаў - натоўпамі ходзяць.

- А ты перапрафіліруйся, - зноў пакпіў Душко. - Адкрый бардэль замест сваёй майстэрні. Адразу і «падымешся».

Ён рабіў жым лежачы. На штанзе было дзевяноста кілаграмаў - ён мог бы і больш. Шэсць падыходаў па пяць-дзесяць раз, потым, як ужо ведаў Вайтовіч, пачне прысяданні - таксама пяць-шэсць падыходаў - штанга вагой у сто пяцьдзесят - дзвесце кілаграмаў на плячах (вага мянялася ў залежнасці ад яго фізічнага стану на гэты дзень), ну і ў канцы - самыя лёгкія і любімыя яго практыкаванні: на рэльеф і сілу біцэпсаў і трыцэпсаў. Душко сачыў за сваёй постаццю і адразу камплексаваў, як многія «качкі», калі ў яго «падаў» біцэпс ці станавіўся меншым аб'ём бядра.

- Ты думаеш, мне тыя грошы розум засцяць? - спытаў Ліцвінка. - Памыляешся. Яны ж як марская вада: чым больш п'еш - тым больш піць хочацца. Мне сам працэс цікавы. Людзьмі пакіраваць, даць ім зарабіць, павагу іх заслужыць... Зразумець урэшце, варты я сам чаго ці не. Вунь і Вайтовіч, пэўна ж, мяне падтрымае. Так?

- Нашай фірме хутка гамон, - сказаў бізнесовец Вайтовіч. - Якія там грошы... Мяне ў апошні час іншае непакоіць: у нас прырост насельніцтва - мінус тры на тысячу. Штогод мы на цэлы райцэнтр меншаем. А старых усё больш становіцца. А каму іх карміць давядзецца? Нам, бізнесоўцам, высільвацца. Увогуле, нашаму пакаленню. Дык мы ж не выцягнем.

- Бяда ідзе, нутром адчуваю, - падтрымаў Лявон Ліцвінка. - Калі пачуеце, што я застрэліўся, - не давайце веры.

- Што вы баіцеся, дзівакі, - ляніва выдыхнуў Душко. Ён сядзеў на лаўцы і цяжка дыхаў пасля цяжкага практыкавання - пот сцякаў яму на вочы, Душко выціраў твар брудным ручніком. - Звычайны працэс. У метро які-небудзь шчыпач прагне залезці табе ў кішэню, а на працы - дык і хакеры* ўжо з'явіліся. Да мяне днямі ў офіс нават паэт прасачыўся. Таксама па грошы. «Дайце, - кажа, - колькі не шкада, хачу зборнік вершаў выдаць».

* Хакеры - камп'ютэрныя злодзеі.

- І ты даў? - спытаў Рыгор Вайтовіч.

- Я яму кажу - пакажы рукапіс. Ну, ён выцягнуў нейкія паперы. Я пачытаў - і ў сметнік. Дзярмо. Блажэнны нейкі.

- Чаму? Як ты вызначыў? Можа, ён геній, новы Хлебнікаў.

- Ха!

- Лайдакоў развялося - процьма, - паспачуваў ужо Душко Ліцвінка. - Заводы кладуцца адзін за другім. Пралетар разбэшчваецца: няма чаго рабіць. П'юць. Да швачак маіх падлабуньваюцца, ганяю іх... Лезуць усё роўна пад вокны.

Вайтовіч ведаў, што такія спрэчкі былі і будуць і заканчваюцца яны мірна, хоць у душы пасля ў кожнага застаецца, пэўна, нейкі непрыемны асадак. Ведаў і тое, што сюды прыйдуць яшчэ тры-пяць чалавек і што, як заўсёды, яны гуртам насядуць на Ліцвінку і затуркаюць яго дробязнымі кпінамі, а потым размова пойдзе пра гандаль, рэкет, урэшце, пра баб. А затым хто-небудзь раптам прапануе, ці не тэлефанаваць якім «надзейным» дзявахам, і праўда - тэлефануюць, прыедуць дзяўчаты, пачнуць піць шампанскае, палезуць у лазню, разбяруцца па парах, хто потым і памяняецца, назаўтра будуць успамінаць падрабязнасці, агаворваць вартасці дзяўчат, каб праз які тыдзень-два ўсё зноў паўтарылася.

Але бізнесовец Вайтовіч далей ужо амаль не прыслухоўваўся і не ўнікаў у гутарку. Напамін пра «вершыкі» нагадаў яму сённяшнюю размову са студэнткай-рэпетытаркай. Ён падумаў пра тое, што сёння вечарам альбо заўтра раніцай трэба выпрасіць, вышукаць - за грошы, вядома, два экземпляры даведак па хваробе, каб праз дзень было з чым ехаць на сустрэчу з «індыянкай». Рыгор Вайтовіч неспадзявана ўявіў сабе, як ён зноў апынецца з ёй побач у машыне, спачатку дакранецца да яе, а потым, потым...

- Ну, досыць думаць, а то захварэеш, - перабіў яго Ліцвінка. - Давай папрацуем крыху ў спарынгу, а то зараз народу набяжыць...

Вайтовіч згодна кіўнуў; яны надзелі шлемы, бандажы і апошнімі - трэніровачныя баксёрскія пальчаткі. Абодва любілі рукапашку.

- Сэмі-кантакт*? - спытаў Лявон Ліцвінка.

* Сэмі-кантакт - дазіраваныя ўдары напаўсілы.

Вайтовіч згодна кіўнуў, і яны закружылі адзін ля другога, абменьваючыся спачатку лёгкімі ўдарамі рук, імітуючы падманныя рухі і блакіроўку, а потым усё часцей сталі «падключаць» і ногі, а ўжо тут Вайтовіч яўна прайграваў, бо спарынг-партнёр, хоць і быў лягчэйшы, але больш спрытны, і яго «лаў-кікі» і «мавашы» станавіліся ўсё больш адчувальныя, так што ногі і бакі ў Вайтовіча пайшлі ў чырвоныя плямы ад прапушчаных удараў, але і ён іншым разам даставаў праціўніка, хоць, калі па-сур'ёзнаму, то быў для Ліцвінкі, як кажуць на іх жаргоне, - «дровамі». Урэшце абодва стаміліся.

Вайтовіч крыху пагрукаў у мех, зрабіў некалькі практыкаванняў на станку і рушыў у душавую. У зале між тым пабольшала «качкоў», і гутарка, якая згасала сама сабой, зноў пачынала разгарацца. Але Вайтовіч энергічна расцёрся ручніком, зноў апрануўся і выйшаў на свежае паветра.

Сутонела. На вуліцы было яшчэ шмат прахожых, сярод якіх ён заўважыў некалькі п'яных мужчын, а потым і такую ж, на падпітку, жанчыну з запаленай цыгарэтай у руцэ. Бізнесовец Вайтовіч пачакаў на прыпынку і паехаў у трамваі дадому.

 

3

 

Студэнтка Паліна не стала заходзіць у кафэ, а села за столік пад тэнтам на вуліцы. За гэтым столікам ужо сядзеў, чакаючы яе, малады, няўзорысты мужчына на выгляд трыццаці гадоў, цёмнавалосы, з кароткай стрыжкай, амаль брунет, моцнага целаскладу, але хударлявы. Твар вузкі, з выступаючымі скуламі і падбародкам. Чорныя вочы глядзелі неяк занадта прыліпчыва, не адпускаючы позірку субяседніка. На стале стаялі дзве шклянкі і пачатая бутэлька шампанскага.

- Прывет, Чорны, - сказала дзяўчына. - Навошта ты мяне сюды запрасіў?

Мужчына ўсміхнуўся, не расціскаючы тонкіх вуснаў.

- Хацеў пачаставаць шампанскім.

- Я ж цябе папярэдзіла: не ездзі за мной, не хадзі. Я стамілася і хачу адпачыць.

- Бачу, як ты адпачываеш. Хто гэта цябе сюды падвозіў? Ён што, форс мае*?

* Мець форс - мець грошы (блатн.).

- Так, адзін шчырак. Ён заможны. Мне з такімі весялей.

- Хочаш «падаіць» яго?

- Не. Я сумленна зарабляю.

- Дарэмна. Зараз залаты час: можна хутка «падняцца».

- А ты «падняўся»?

- Я п'ю шампанскае - значыць, рызыкую. Выпі і ты.

Студэнтка Паліна ўзяла шклянку, прыгубіла.

- Я хачу жыць спакойна, - сказала яна. - Выйсці замуж за чалавека, які не будзе нанач накачвацца півам і есці цыбулю з салам, які будзе забяспечаны сам і забяспечыць мяне.

- І што, ты зараз на ўтрыманні? Прабач, канечне.

- Я і сама магу ўладкавацца, ты ж ведаеш. Адна багатая дзяўчына добра мне заплаціла: я за яе на першы курс філфака паступіла. Па яе дакументах. Жыву пакуль у інтэрнаце. Ты ж даведаўся.

- Ну, гэта не для цябе. Так?

- Але. На будучыню я хачу жыць сярод... элояў, скажам так.

- Каго? - здзівіўся мужчына, якога звалі Чорны. - Як ты сказала?

- Элояў. Памятаеш «Машыну часу» Уэлса? Хоць адкуль табе. Ты ж кілер, штурмавік, не больш. Дык вось, грамадства ў той будучыні, што ў кнізе апісана, дзялілася на дзве часткі: морлакаў і элояў. Морлакі жылі пад зямлёй і былі патомкамі рабацяг, харчаваліся сырым мясам, усякай падлай.

- Пэўна, і тымі элоямі частаваліся калі-нікалі? - усміхнуўся Чорны. - Ці яны пад зямлёй свіней вырошчвалі?

- Няхай. Але ж элоі жылі наверсе, пад сонцам. Эліта.

- Дык ты хочаш стаць элітнай? Здабудзеш бабкі - і можаш лічыць сябе хоць прынцэсай Дыянай.

- Бабкі хутка знікаюць. А потым што? Ды і гэта яшчэ як пашанцуе. А я хачу піць шампанскае з багемай. Размаўляць пра жывапіс, літаратуру. Мець за спінай заможнага мужа. Элоя. А не з табой тут па «фене ботаць».

- Ну, ты понт умееш раскінуць, - сказаў мужчына па мянушцы Чорны. - У цябе і клікуха адпаведная.

- Я табе сур'ёзна даводжу, - сказала дзяўчына. - Я стамілася. А тут спакойна. Мне гэты горад падыходзіць. Я ў яго ўрастаю.

- Так, - зноў усміхнуўся мужчына. - Мне таксама. Нішцяк у бульбашоў, тут жыць можна, не тое што ў прыбалтаў апынуцца. Там па-расейску спытаеш - дык яны пысы пачынаюць крывіць. «Зачынена, не разумею...»

Студэнтка Паліна прыпаліла цыгарэту. Мужчына па мянушцы Чорны наліў сабе з бутэлькі ў шклянку і выпіў залпам.

- Без цябе я амаль што нуль, - сказаў ён. - Давай разік рызыкнём. А потым ідзі да сваіх элояў. Калі прымуць. А я застануся гэтым... як ты сказала?

- Морлакам.

- Ага. А наконт таго, каб адпачыць, то ў мяне тут ёсць добрая лёжка. Кіламетраў дваццаць адсюль. На возеры. Я там на турбазе прыдуркам прышчэліўся. Часова, вядома. Цяпер там амаль пуста, ціха. З'ездзім, пакажу.

- Ну, а тут, у горадзе, што робіш? У касцюмчыку для гольфа, у красоўках? Ты што, у гольф гуляеш?

- Не абучаны. Ты пакажаш. Пэўна ж, навучылася. Ну хоць у таго, што сюды падвозіў.

- А калі не згаджуся?

Мужчына раптам пакінуў усміхацца, і твар яго набыў звыклы жорсткі выгляд.

- Тады - сама ведаеш. А пакуль - вось мой тэлефончык. Звані. Але гэта на потым. А зараз бяром тачку і едзем на тое возера. Пагаворым.

- Не хачу.

- Не капрызь. Я - гэта нешта рэальнае. Астатняга ў цябе пакуль няма. Хіба ты забылася, як аднойчы вырашыла, што каханне - гэта ўсё і ты лёгка пераскочыш з дачкі алкаша і шлюхі, прабач, канечне, у сям'ю прафесара і доктаркі? Станеш любімай жонкай іх любімага сынка? Ты не помніш, як цябе проста выштурхнулі за дзверы, нібы ты была не чалавек, а напаўжывёліна?

- Змоўкні!

- Што, не падабаецца?

Дзяўчына наліла сабе ў шклянку і выпіла, потым прыпаліла цыгарэту ад цыгарэты.

- Гэта проста быў не мой шанц, - сказала яна.

- Што ж, чакай свайго. А зараз едзем. Ты мне пургу не гані*, ты нешта задумала, я адчуваю.

* Гнаць пургу - прытварацца (блатн.).

Чорны выйшаў на асфальт і падняў руку.

 

4

 

Жонку бізнесоўца Вайтовіча звалі Нінай.

Пра амерыканскую эміграцыйную латарэю яна выпадкова пачула па радыё некалькі месяцаў раней. Сутнасць яе была даволі простай. Трэба было закупіць па пошце лісты, запоўніць анкеты і даслаць іх зноў жа поштай у штат Нью-Хэмпшыр, дзе лёс удзельніка ананімна вызначаў камп'ютэр. Разыгрывалася пяцьдзесят пяць тысяч месц. Пераможцам той латарэі без усялякай чаргі і абмежаванняў выдавалі візу на грамадзянства.

Ніне Вайтовіч было дваццаць чатыры гады. Яна толькі скончыла архітэктурны факультэт Політэхнічнай акадэміі. Дзяцей яны пакуль не заводзілі.

Яна вырашыла рызыкнуць.

Рыгор Вайтовіч так бы ніколі і не даведаўся, на што пайшлі яго семсот даляраў, якія ён даў неяк жонцы і нават не спытаў навошта. Не даведаўся б, каб праз пэўны час Ніна не атрымала з-за акіяна ліст, у якім прачытала фантастычныя, неверагодныя радкі: яна - адна з пераможцаў.

Вайтовіч спачатку не даў жонцы веры, але калі навёў праз амерыканскую амбасаду даведкі - зразумеў: вось, урэшце, той шанц, які бывае раз у жыцці і не выкарыстаць які - проста глупства. Заставалася паціху збірацца і «падцягнуць» жонку па ангельскай мове, забяспечыць яе грашыма і - няхай едзе. Тым больш што ў яе там бабуля ў Нью-Ёрку. (І гэта таксама ўлічыў ньюхэмпшырскі камп'ютэр.) Лепей і не прыдумаеш. А потым ужо, усё распрадаўшы, туды паедзе і ён з усім заробленым тут капіталам. Бо латарэя сама па сабе, а галоўнае ўсё-ткі, ці ёсць у эмігранта грошы. Што ж, Амерыка такая, якая яна і ёсць. Ён прымае ўсе правілы такой гульні - гэта якраз для яго: мову ён вучыў яшчэ ў школе, яму ўсяго трыццаць гадоў - усё яшчэ наперадзе.

Ён здагадваўся і пра тое прыхаванае, што было на самай справе за такімі латарэямі. Ішло звычайнае паляванне на свежыя мазгі, лепшых, магчыма, больш таленавітых, здаровых людзей, «перакачка» іх за акіян. У душы Вайтовіч быў супраць. Але што ён мог зрабіць, калі ТУТ УТВАРЫЛАСЯ БАЛОТА З ПАЎЗУНАМІ? Што? Хіба самому стаць паўзуном?

Бізнесовец Вайтовіч адамкнуў падвойныя дзверы сваёй двухпакаёвай кватэры. Ніна, у акулярах, глядзела тэлевізар. На ёй быў чорны світэр і джынсы. Вайтовіч сказаў:

- Я ж столькі раз прасіў: зачыняй яшчэ дзверы і на завалу.

- Я забываюся, даруй, - тэлевізар перашкаджаў ёй, яна змоўкла.

- Выключы гэты дурдызель! - прыкрыкнуў раптам Вайтовіч.

Экран тэлевізара патух. Вайтовіч сцягнуў з ног чаравікі, кінуў іх пошвыркам у кут, скінуў таксама пінжак і заваліўся на канапу.

- Пагаворым, - сказаў ён. - Здаецца, я ўлагодзіў тваю рэпетытарку. Толькі трэба дастаць ёй медыцынскія даведкі - няхай ідзе ў акадэмічны адпачынак. Кажа - вельмі стамілася. Зараз пайду патэлефаную знаёмаму эскулапу. Гэта мне абыдзецца прыкладна ў сто баксаў. Да таго ж я падвоіў ёй зарплату. Мяркую, яна істэрычка.

- У яе быццам было цяжкае дзяцінства. Яна так бедна апранутая. Заўсёды ў адно і тое ж.

- Ты Хлебнікава чытала? - перабіў жонку Вайтовіч. - У нас ёсць яго што-небудзь?

- Не ведаю. Навошта табе? - здзівілася Ніна.

- Так, журбы набраўся за дзень. Хачу трохі адхіліцца, вершы пачытаць.

- Пайду зірну. Дзіўны ты сёння.

- Благое прадчуваю, вось і дзіўны. Уцякаць нам трэба. Нічога вартага тут не будзе. Гамон. Гены гнілыя, пысы адна другой вартыя. Іду па вуліцы - суцэльная п'янь. Хутчэй у вырай, як птушкі. Ад радзімы падалей - дажыліся.

- Я ж стараюся, - быццам пакрыўдзілася Ніна. - Але і мне неяк вусцішна.

- Ну, добра, - раптам палагоднеў бізнесовец Вайтовіч. Ён успомніў, што яго жонка ўсё-ткі чагосьці вартая - і не абы-чаго: выйграла эміграцыйную латарэю.

- Яшчэ колькі часу, і мы абдымем тваю адзінокую бабулю, - сказаў ён. - Хутчэй бы. Усё роўна мая фірма склейвае ласты. Я праз паўгода больш не здабытчык. Але нам хопіць і таго, што ёсць. Ты толькі - нікому. Менш гавары. Асцярожнасць - не загана. Маўчы, як рыба. Так?

- Так. Я рыбіна.

- Ты мая залатая рыбка, - пахваліў ён.

Рыгор Вайтовіч яшчэ паляжаў нейкі час на канапе, а потым пасунуў да сябе тэлефон, зняў слухаўку і знайшоў у нататніку нумар знаёмага доктара. Доктар зразумеў яго адразу і абяцаў заўтра ж раніцой усё зрабіць як трэба. На тым яны і развіталіся.

Жонка пайшла ў ванную. Вайтовіч раптам адчуў, што стомлены. «Таксама нервы», - падумаў ён, скінуў з сябе вопратку, знайшоў коўдру і выключыў святло. Але не заснуў чамусьці адразу - не то балелі пабітыя ў спарынгу з апантаным Ліцвінкам рэбры, не то ўвогуле забегаўся, - занадта ўзрушвацца і перабольшваць у працы - небяспечна, хоць яго гады яшчэ дазваляюць. Так. Але ёсць і яшчэ адна прычына. Як ні круці, а самога сябе не падманеш.

Апошнім часам Рыгор Вайтовіч усё часцей і часцей адчуваў адно і тое, у чым ён нікому, нават жонцы, не прызнаваўся. Гэта быў страх. Бізнесовец Вайтовіч баяўся будучыні, у якую не верыў, баяўся, што яго з часам «вылічаць», бо, у рэшце рэшт, вылічвалі амаль усіх. Дакладней, вылічвалі іх грошы і тады ўжо, як акулы на пах крыві, ішлі па іх. Забіралі ж тыя грошы часам разам з жыццём. Ён ведаў, што тут, у гэтай краіне, хіба што на паперах, а так даўно не існуе ўжо аніякіх законаў, і рана ці позна - яму гамон. Прыйдуць і проста адбяруць тое, што зарабіў, а пачынаць зноў спачатку не варта - другі раз ён не падымецца. Вайтовіч спецыяльна ніколі не мыў свой новы «мерседэс», каб той выглядаў як старая напаўзношаная мадэль, зрэдку наўмысна пазычаў грошы, не абмяркоўваў свае справы пры чужых і незнаёмых яму людзях і амаль ніколі не запрашаў да сябе. Вайтовіч не завёў у сваёй кватэры нічога такога, што выдавала б у ім заможнага гаспадара: ні італьянскай мэблі, ні турэцкіх дываноў, ні шпалераў з Нямеччыны, ні каміна, ні модных люстраў. Ён прагнуў аднаго: «зліняць» адсюль зусім. Абы-куды, толькі не заставацца. Хоць у лівійскія пяскі, як гаварыла сёння тая студэнтка. І не ў Расею, вядома. Там яго «вылічаць» яшчэ хутчэй і не пашкадуюць ні за якія адкупныя. Чым больш ён дасць, каб адкупіцца, тым больш будуць з яго патрабаваць. Гэх, жыццё... Дык вось, грошай яму больш не сабраць - абставіны мяняліся на вачах. Але ў яго, магчыма, хопіць на першы час: купіць свой дом (ён заўсёды марыў пра свой невялікі двухпавярховы дом, сучасны, пажадана нават драўляны дом, з садзікам, дрэвамі, лужком і невялічкім басейнам), абсталявацца, атрымаць якую працу, гадаваць дзяцей. А можа, усё не так ужо і дрэнна, - думаў бізнесовец Вайтовіч, - мо ён проста паддаўся настрою, панікуе, можа, і ў яго апошнім часам «падгуляла» нервовая сістэма? Ёсць жа, урэшце, зямля ў цэнтры Эўропы, яго краіна, якую ён шчыра любіць, бо ён усё-такі беларус і ніколі не быў супраць свайго, ёсць жа неба, лес, рэкі, горад, у якім нарадзіўся і вырас, людзі, якім сімпатызуе. Быў ён, праўда, кароткім часам, і за мяжой: у Ангельшчыне, у Бельгіі. Ну, няхай там лепш, больш культурна, але ж усё чужое, нязвыклае. Праўда, там не ганяць сваё, не душаць цябе са зласлівасцю насякомых, не сцягваюць, як кажуць, з сядла, а потым не даюць падняцца на ногі. Хіба там убачыш у ліфце дзярмо ці п'яных ублюдкаў у пад'ездзе, якія мочацца на сцены і могуць спакойна ўваткнуць табе ў спіну нож, калі зробіш ім заўвагу? Хіба гэта жыццё, калі павінен баяцца не толькі за сябе, а і за сваю сям'ю, таму што «трапіў у абойму» і стаў зарабляць? Ён не скажа за ўсіх, вядома, вялікія грошы тут сумленна не заробіш, але ж ён нікога не рабаваў, не падманваў. Яму нічога не трэба звышнатуральнага, бо ён, урэшце, - меркаваў Вайтовіч, - просты, можа, не вельмі ўжо і разумны чалавек, які нават не кеміць у паэзіі ці мастацтве і з якім нават брыдка размаўляць адукаванай дзяўчыне. Заўтра ён абавязкова сустрэнецца з ёй. Урэшце, такіх дзяўчат, з абвостранымі пачуццямі, начытаных, дасціпных, ды яшчэ і прыгожых, што ўжо само па сабе бывае не надта часта, ён пакуль не сустракаў. Заўтра ён пабачыць яе, і яна ўпэўніцца, што ён шырокі, высакародны чалавек, а не які-небудзь скнара, што турбуецца з-за ста зялёных. Магчыма, ён угаворыць яе, угаворыць...

Бізнесовец Рыгор Вайтовіч заснуў.

 

5

 

Праз дзень ён зноў падагнаў свой «мерседэс» да таго ж самага месца ля будынка інстытута замежных моў. У партманеце яго ляжалі два чыстыя бланкі - даведкі па хваробе з пячаткамі - усяго за сто зялёных. Па дарозе Вайтовіч нават хацеў заехаць на аўтасервіс і адмыць ад гразі машыну, але ўсё-такі стрымаўся. Тым не менш томік Хлебнікава сакратарка прынесла яму прама ў офіс, і цяпер гэты томік быў у яго руках. Ён апусціў шкло.

- Прывітанне!..

Паліна ўзнікла нечакана, і бізнесовец Вайтовіч таропка расчыніў дзверцы. Яна села побач, і ён зноў убачыў той жа самы, знаёмы ўжо і быццам зусім незнаёмы, жарсткаваты, смуглявы твар, простую прычоску: аніякіх аздобаў і бранзалетак. Бурштынавыя вочы зірнулі яму ў твар.

Вайтовіч дастаў партманет і выцягнуў даведкі:

- Запоўніце і аднясіце ў дэканат.

- Дзякую. Потым.

- Дык наша дамова дзейнічае зноў?

- Мая і вашай жонкі, - сказала яна па-ангельску.

- Можа, вы і мне дасцё некалькі ўрокаў? - спытаў ён. - Ну, хоць бы адзін!

- Можа, і дам. Адзін, - загадкава ўсміхнулася Паліна.

- Куды вас адвезці? - пацікавіўся між тым Вайтовіч. - Дзе вы жывяце?

Ён уключыў запальванне і краем вока ўбачыў, як яна ўзяла томік Хлебнікава, прачытала назву.

- У інтэрнаце, я ж студэнтка. Але зараз туды я не паеду.

- Я пакуль і не прапаную. Увогуле, - пачаў наступ Вайтовіч, - у мяне з'явілася адна простая ідэя. Вы есці хочаце? Я хачу. Тут паблізу ёсць адна гасцініца, дзе прыстойны рэстаранчык. Там добра кормяць. Пасядзім, пагаворым. Я прачытаў кніжку. Цікава.

- Не заходзьце, як кажуць, з поўначы, спадар Рыгор. Як толькі мы паабедаем, вы прапануеце мне яшчэ адну больш простую ідэю: зайсці з вамі ў адзін з нумароў. Адпачнуць. У вас жа там знаёмы дырэктар, адміністратар ці яшчэ хто. Так?

- Так, - раптам сказаў праўду бізнесовец Вайтовіч. - Вы мне падабаецеся. Вельмі.

- Настолькі, што вы гатовы заплаціць? Так?

- Не, - сказаў Вайтовіч. - Вось гэтага я б не хацеў. Не ў сэнсе таго, што мне грошай шкада. У мяне іх зашмат, вы нават не паверыце. - Ён упершыню ўбачыў, як яна зацікаўлена павярнулася да яго і зірнула прама ў твар сваімі бурштынавымі вачыма. - Справа не ў гэтым. Я б хацеў, каб вы паставіліся да мяне, як да...

- Як да палюбоўніка?

- Няхай сабе і так.

Вайтовіч вёў сваю заляпаную граззю іншамарку як мага марудней. Ззаду ўжо двойчы незадаволена сігналілі і абганялі яго аўтамашыны.

- У вас на твары румянец, як у парасяці, - раптам сказала студэнтка Паліна.

- Я добра загараю, але ў мяне не было часу, я зарабляў грошы, - сказаў бізнесовец Вайтовіч.

- Думаеце, калі ў вас у банку ляжаць штук дваццаць баксаў, дык вы і ўсё і ўсіх можаце купіць?

Вайтовіч фыркнуў.

- Вы памыліліся лічбай, - заўважыў ён. - І хто зараз трымае грошы ў банку? Яны павінны ці ляжаць дома, ці круціцца: накручваць новыя грошы.

- Я вам раней казала, што ў мяне дрэнна з нервовай сістэмай, - сказала студэнтка Паліна. - Я хачу ў вёску. У мяне ёсць на прыкмеце адно такое мястэчка, дзе можна схавацца. Спакой, лес, рака, адзінота. Магчыма, на нейкі час патрэбна «жизнь без смысла, сны, мечты, печали». Гэта з Рыльке. А вы пра грошы.

- Дык паехалі ў ваша мястэчка, - прапанаваў бізнесовец Вайтовіч.

- Не. Яно далекавата адсюль. Спыніцеся. Я выйду.

- Вы мяне дрэнна зразумелі, - сказаў Вайтовіч. - Не хочаце ў рэстаран? Не трэба. Давайце паедзем за горад. Зробім невялічкі ўік-энд. Я толькі забягу і куплю паесці. Чаго-небудзь вартага. Што вы ніколі яшчэ не елі?

- Ананасы.

- Зробім. І шампанскага.

Яна задумалася на некалькі секунд, а потым сказала:

- Няхай так. Спачатку я выйду і патэлефаную. Мне трэба. А вы пойдзеце па ананасы. Ну, а потым мы паедзем, але туды, куды я захачу. Згода?

- Куды?

- Я ведаю тут адно месца. Невялічкае возера. Кіламетраў дваццаць за горадам. Мы ездзілі туды неяк на выхадныя. Там ціха і вада чыстая.

- Хто гэта - мы? - машынальна спытаў Вайтовіч, шукаючы вачыма бліжэйшы гастраном ці рэстаран і месца, каб прыпаркавацца.

- Студэнты.

Вайтовіч перавёў свой «мерс» у крайні правы рад і затармазіў.

- Рэстаран, - сказаў ён. - Я атаваруся, а вы можаце тэлефанаваць. У фае ёсць тэлефон. Вось, дайце даляр швейцару.

Хвілін праз пятнаццаць Вайтовіч вярнуўся з пакетам у руках. Паліна сядзела ўжо ў машыне і моўчкі паліла цыгарэту. Вайтовіч паклаў пакет на задняе сядзенне. З самага яго верху выторкваліся дзве срэбныя галоўкі бутэлек шампанскага.

- У мяне толькі адна ўмова, - сказала студэнтка Паліна.

- Якая?

- Я сама вырашу - плаціць вам натурай ці не.

Паўза.

Бізнесовец Вайтовіч уключыў запальванне, і яго «мерседэс» імкліва рвануў з месца. Потым Вайтовіч дастаў складзеную ў некалькі разоў мапу і аддаў Паліне.

- Хоць вы, можа, і так ведаеце дарогу, - сказаў ён.

- Ведаю.

- Па-другое, - працягваў Вайтовіч, - давайце без умоўнасцей. Я ж, мусіць, і старэйшы за вас усяго гадоў на пяць-восем, так?

- Бывае - гэта цэлае пакаленне, - сказала яна. І дадала ўжо іншым тонам: - А зараз направа, потым будзе вежа, а за ёй шаша. Нам па той шашы.

 

6

 

Дзень, які ўжо хіліўся да скону, быў і не сонечны, і не хмарны, але даволі цёплы. Сонца то выглядала, то зноў хавалася, усё ніжэй і ніжэй спускаючыся за далягляд. Само возера было невялікае, займала некалькі квадратных кіламетраў - не больш - і цягнулася, як падкова, уздоўж лесу. На ім, як ні дзіўна, нікога ў гэты час не было, толькі далёка-далёка, у самым канцы яго, кропкай сядзеў у лодцы самотны рыбак.

Бізнесовец Вайтовіч распаліў невялікае вогнішча, расклаў на зямлі плед, адкаркаваў шампанскае. Студэнтка Паліна моўчкі пачала дапамагаць яму. Рукі іх сутыкнуліся раз, другі...

Усё адбылося не так, як уяўляў ці ў думках хацеў кожны з іх, бо праз якую хвіліну Вайтовіч таропка, з жывёльнай нецярплівасцю зрываў ужо з яе спадніцу, дапамагаючы і сабе нагамі, каб хутчэй скінуць джынсы, захлынаючыся ад жадання і перапаўняўшай яго прагі да гэтага гнуткага, тонкага цела, непакорных вуснаў.

Паліна не супраціўлялася. Неўзабаве пасля бурнага фінішу абое замерлі, прыхінуўшыся адно да аднаго, нібы два мокрыя лісты.

Пасля яны паляжалі некалькі хвілін, Вайтовіч дацягнуўся да бутэлькі з шампанскім і выпіў прама з рыльца, - піць так было амаль немагчыма, віно пенілася, але ён зрабіў усё-такі некалькі глыткоў. Паліна ўзяла бутэльку ў яго з рук і таксама глынула.

Потым яны сядзелі ля патухлага вогнішча, ад прыску ўсё яшчэ струменілася цяпло, і прагна выпілі, цяпер ужо са шклянак.

Студэнтка Паліна ела мала, больш паліла і ўрэшце зірнула на гадзіннік.

- Адкуль ты так добра ведаеш замежную мову? - спытаў Вайтовіч, каб не маўчаць.

- Усё празаічна. Мае бацькі співаліся. Я ратавалася ў бібліятэках. Мне проста пашанцавала, што школа, куды я пайшла вучыцца, была побач, і не простая, а спецыялізаваная, з ангельскай мовай. Там вучыліся дзеці, якія зімой, у перапынак, елі апельсіны, былі так прыкінутыя, я маю на ўвазе іх вопратку, што мне было сорамна сядзець з імі побач. За сябе, вядома. Я магла вызначыцца нечым іншым. Гэтым іншым была мова. Пасля школы я ішла ў чытальную залу. У выхадны - чытальная зала з раніцы. Да закрыцця. Дома былі «залётныя» госці, п'янь, тлум і бруд. Я сама вывучала мову. Перачытала шмат кніг. Я магу цытаваць з Хопкінса, Хаўсмана, Батлера, Эліота, Рыльке.

- Я, магчыма, не вельмі ўражлівы чалавек і не вельмі адукаваны ў літаратуры, - сказаў Вайтовіч. - Але я, пэўна, закахаўся ў цябе, і цяпер ты будзеш маім настаўнікам.

- Позна, - сказала яна. - Ты жанаты і мяне зусім не цікавіш. Так, эпізод. Прабач. Па-мойму, такія, як ты, - заўсёды ахвяры.

- Чаму? - пакрыўджана здзівіўся Вайтовіч.

- Не задавай жаночых пытанняў.

- Ну кахала ж ты каго-небудзь? Ці, можа, кахаеш зараз?

- Аднойчы, гэта было даўно, - сказала яна. - Я вельмі закахалася ў аднаго хлопчыка. Я вучылася ў школе. Мы цалаваліся праз бэзавыя кветкі, а калі я прыходзіла позна дамоў, маці біла мяне мокрымі калготкамі па твары. Той хлопчык з'ехаў аж у Маскву. Яго звезлі ад мяне падалей. Неяк я вырашыла наведаць яго і прыехала ў сталіцу. Але гэта так, да слова. Я хацела забіць яго і саму сябе. Дык вось там, у метро, побач раптам прайшоў малады мужчына, і я адчула яго пах - пахла, як ад таго майго каханка. Я хацела кінуцца на рэйкі, мяне ўтрымалі. І тады ўсё прайшло. Раптам і назаўсёды.

- Я не вельмі петру ў літаратуры, але тое-сёе я чытаў, і мяне ўразіла адна рэч, - сказаў Вайтовіч. - Я вычытаў неяк, што калі чалавек вельмі кахае іншага чалавека, то падсвядома заўсёды прагне забіць яго.

- Здаецца, гэта дзесьці ў Пруста, - сказала Паліна і раптам дадала: - А ты не баішся, што я, скажам, прычыню табе шкоду? Там, дзе я нарадзілася, казалі так: калі не хочаш мець непрыемнасцей - маўчы, калі хочаш страт - падзяліся сваімі клопатамі з сябрамі, а калі хочаш сабе пагібелі - даверся жанчыне.

Паліна сядзела насупраць яго, па другі бок іх кволага вогнішча, куды зрэдку падкідвала галінку ці які сухі пруток. Жорсткі смуглявы твар яе быў надзіва спакойны, толькі на тонкай шыі ледзь улоўна пульсавала жылка - білася сэрца.

Бізнесовец Рыгор Вайтовіч выпіў яшчэ шклянку шампанскага. Ён цяпер прагнуў споведзі.

- Я таксама стаміўся, - сказаў ён. - Але хутка, мяркую, усё будзе інакш. А пакуль я, сапраўды, баюся, скажу табе праўду. За сябе, за жонку. Яна добрая, рахманая, і, можа, не дасі веры - яна выйграла днямі эміграцыйную латарэю.

І Вайтовіч расказаў усё падрабязна: як жонка папрасіла грошы, як ён даў, як яна запаўняла анкеты і дасылала іх у Нью-Хэмпшыр, як камп'ютэр выбраў яе і разам з ёй яшчэ пяцьдзесят чатыры тысячы дзевяцьсот дзевяноста дзевяць чалавек. Цяпер з Амерыкі прыслалі паперы, і жонка павінна будзе туды ехаць. Яна толькі хоча «падагнаць» ангельскую мову і ўжо напісала бабулі ў Нью-Ёрк. Потым выкліча туды яго.

- Дык чаго табе баяцца? - спытала Паліна. - Усё складваецца проста цудоўна. З'едзеш адсюль. Будзеце жыць у Амерыцы, атрымаеце грамадзянства. Пра гэта мараць мільёны людзей.

- Грошы, - сказаў Вайтовіч. - Думаеш, у мяне іх дваццаць штук? Памыляешся. Іх больш. І ўсе ляжаць дома. Раней «круціліся», а зараз я іх збіраю ў адно месца. А на іх пах могуць прыйсці. Нават простага валютчыка, які зарабляе сабе радыкуліт і запаленне нырак, стоячы на вуліцы ў любое надвор'е, і то хоць раз ды сустрэнуць у пад'ездзе і пачастуюць нунчакай па галаве. А я ж не валютчык. Хоць і маскіруюся пад шарачковага. Як гэта называецца ў жывёл, калі яны мяняюць афарбоўку, знешні выгляд, каб не выклікаць да сябе залішнюю цікавасць?

- Мімікрыя.

- Так. Як шмат ты ведаеш. Дык вось, ты была ў мяне ў кватэры і што ты бачыла? Проста, гола, амаль пуста. Але я ўсё роўна баюся, хоць я не слабы быццам мужчына і дома трымаю зброю...

- А ты ведаеш, што калі чалавек чагосьці баіцца, то яму давядзецца прайсці менавіта сцежкай гэтага жаху?

- Я б не хацеў.

- Так. «Всевластна смерть, она на страже и в счастья час. В миг высшей жизни она в нас страждет, ждет нас, и жаждет, и плачет в нас...» Гэта зноў Рыльке.

- У мяне было багата жанчын, але такія, як ты, мне яшчэ не трапляліся, - сказаў Рыгор Вайтовіч.

- Якія - такія?

- З разынкай.

Дыхнула слабым ветрам. У небе над імі захісталіся, рыпнулі сосны. Паліна ўздрыгнула і зірнула на гадзіннік на руцэ.

- Ты спяшаешся? - спытаў Вайтовіч. Ён нечакана для сябе пазяхнуў.

- Не.

- А я хачу спаць. Вельмі. Хоць хвілін на пятнаццаць. Дзіўна.

- Нічога дзіўнага. Свежае паветра, віно, лес, секс. Не варта нурыцца. Я не пакрыўджуся. Паспі.

Бізнесовец Вайтовіч схіліў галаву на пакладзеную ёй куртку. Заснуў ён амаль адразу.

 

7

 

Паміраў Рыгор Вайтовіч крыху больш за хвіліну. Секунд дваццаць пяць з гэтых амаль паўтары хвілін ён не страчваў прытомнасці: з таго самага імгнення, калі на шыю яму накінулі зашмаргу са стальной струны і ён раптоўна ачуняў, вырваны са сну, і адчуў, што яго душаць і як грукоча яго сэрца, якое ўсё яшчэ дасылала ў галаву кроў, што туды ўжо не трапляла, бо зашмаргу на яго шыі ўсё мацней зацягваў дужы мужчына - ён паспеў адчуць гэта таксама. І апошняе слова, якое пачуў у сваім жыцці Рыгор Вайтовіч - а жыць яму заставалася лічаныя секунды, - было дзіўнае слова «рыфма», якое выкрыкнуў незнаёмец, які яго забіваў.

- Рыфма!

Больш ён нічога ўжо не чуў і не бачыў, бо на гэты крык дзяўчына, якую ён крыху раней зваў Палінай, навалілася ўсім целам яму на ногі. У яго пачыналася агонія, і ў апошнія імгненні Рыгор Вайтовіч - здаровы і моцны чалавек - спрабаваў неяк выратавацца, нагамі захапіць галаву таго мужчыны ці проста выкруціцца і дапамагчы сабе яшчэ якім чынам, але так і не здолеў. «Рыфма. Чаму «рыфма»?» - мільганула яшчэ ў яго ў галаве, і з гэтай думкай ён памёр.

Бізнесовец Рыгор Вайтовіч ляжаў мёртвы.

Мужчына па мянушцы Чорны адпусціў зашмаргу і зняў яе з шыі трупа. Дзяўчына адскочыла ўбок і павярнулася спінай, запальваючы цыгарэту.

- Зараз, Рыфма, - сказаў мужчына. - Яма тут паблізу, метраў дваццаць. Здаровы бык. Цягнуць дапаможаш?

- Гэта не мая работа, - выдыхнула з дымам дзяўчына.

- Што ты яму падсыпала? - спытаў мужчына.

- Белатумінал.

Мужчына па мянушцы Чорны агледзеўся навокал. Цямнела. Возера было спакойнае і чыстае, і адзінокі рыбак, што ледзь бачыўся ў далёкім яго канцы, таксама знік, нібы растварыўся ў прасторы.

Мужчына дастаў са сваёй спартыўнай сумкі вяроўку, зрабіў пятлю на адным канцы, накінуў яе на кісць рукі забітага і зацягнуў.

- Так, - сказаў ён. - Ты гаварыла пра дваццаць штук. Дзе яны?

- Дастань у яго з кішэняў ключы і дакументы. Усё дастань. Дай мне.

- А бабкі дзе?

- Бабкі ў яго дома. Зараз мы па іх паедзем.

- Назад? У горад? А гаішнікі спыняць?

- Не рызыкуй тады. Ідзі ў дворнікі.

Мужчына выцягнуў з кішэняў мёртвага ключы, партманет, які адразу раскрыў, і дастаў адтуль некалькі соцень даляраў (іх ён паклаў сабе), іншую дробязь і поцягам за вяроўку пацягнуў цела ў ельнік.

Дзяўчына па мянушцы Рыфма кінула недакурак і нагнулася над ключамі і дакументамі, што ляжалі ў траве. Усе ключы, акрамя тых, што былі ад запальвання, яна паклала сабе ў сумачку і зноў запаліла цыгарэту.

Неўзабаве мужчына вярнуўся.

- Парадак, - сказаў ён. - Няблага ты іх бярэш у рыфму*. Гэты грак** так нічога і не зразумеў.

* Узяць у рыфму - абрабаваць адным і тым жа спосабам (блатн.).

** Грак - ахвяра, якая не ведае, што мае справу са злачынцам.

- Ён мне падабаўся, - сказала Рыфма. - Мне яго шкада. Я ж яго амаль адкрытым тэкстам папярэджвала.

- Падабаўся! - фыркнуў мужчына. - Упэўнены, што з'явіся я хвілін на дваццаць раней, дык і «сеанс яшчэ б злавіў». Трахалася з ім?

- А ты што, раўнуеш?

- Глохні. Трэба ліняць.

- Вось правы на ваджэнне, дакументы. Нават асабістая пячатка. Ключы ад тачкі. Едзем. На гэтай дарозе спакойна. Цяпер ты будзеш Рыгор Вайтовіч.

- Яны ж спыняць і на фотаздымак могуць зірнуць. Ты ж казала, зялёныя ў яго з сабой. Г-эх, баба...

- Ціха. Ты хацеў рызыкнуць? Дык рабі так, як я кажу. Тачку возьмеш сабе. Ахвярую.

- Куды яе, коцаную*, дзяваць? - спытаў Чорны, але ўжо больш лагодна.

* Коцаную - мечаную (блатн.).

- Азерам* спіхнеш. Яшчэ штук пяць атрымаеш.

* Азеры - азербайджанцы, якія займаюцца крадзяжом аўто ў Менску.

Праз некалькі хвілін «мерседэс» з мужчынам за рулём і дзяўчынай побач імчаў па лясной гравійцы ў напрамку шашы.

Горад сустрэў іх агнямі вулічных ліхтароў. Сутонела. Чорны спыніў машыну метраў за трыста ад таго дома, дзе жыў Вайтовіч, выключыў запальванне і агледзеўся па баках.

- Цяпер слухай. - Рыфма выкінула за акно чарговы недакурак. - Вось яго ключы ад кватэры. Там падвойныя дзверы. Знешнія аббіты стальным лістом. Пойдзеш і адчыніш. Яна не запірае дзверы на завалу. Калі запёрта, то ціха назад і да мяне. Мне яна адчыніць.

- Хто - яна? Там нехта яшчэ?

- Так. Жанчына, яго жонка. Яе - трэба таксама. Ідзі. Я - праз дзесяць хвілін.

- Гэта ўжо занадта, - сказаў Чорны. - А калі там яшчэ хто ёсць?

- Няма. Яна сядзіць адна і глядзіць тэлевізар і не пачуе, як ты будзеш адпіраць. Пяты паверх, дзвесце дзесятая.

- Чаму б табе не пайсці разам са мной?

- Не. Не магу на гэта глядзець.

- Тады так: з дваццаці штук - дванаццаць мае. І «мерс» таксама. Мачыць дваіх у адзін дзень - гэта небяспечна, прыкмета дрэнная. Інакш - ідзі сама.

- Згода. Толькі хутчэй. І прычыні другія дзверы за сабой. Толькі другія: каб хто іншы раптам не зайшоў. Я пастукаю пяць разоў. Вось так, - яна пастукала па шкле кабіны.

Чорны брыдка вылаяўся і пайшоў.

Яна зірнула на гадзіннік і выцягнула з пачка чарговую цыгарэту. «Калі цыгарэта скончыцца, я рушу таксама», - падумала дзяўчына па мянушцы Рыфма.

У пад'ездзе было цёмна і пуста. У ліфце яна ўздымалася адна і на пятым паверсе выйшла. Слабае святло лямпачкі асвятляла пляцоўку. Рыфма падышла да дзвярэй дзвесце дзесятай і пацягнула іх на сябе. Дзверы былі адчынены. Яна адразу пастукала, як было абумоўлена: тук-тук, тук-тук-тук.

Дзверы адчыніў Чорны. Яна ўвайшла і прычыніла іх на завалу. У кватэры гарэла святло, працаваў тэлевізар, але крэсла і столік былі перакулены.

- Дзе? - спытала яна.

- У ваннай. Можаш зірнуць. Зроблена начыста, - сказаў Чорны і злосна дадаў: - Бабкі дзе, рыж'ё*? Паказвай!

* Рыж'ё - золата (блатн.).

Рыфма прыпаліла цыгарэту. Рукі яе ўздрыгвалі. Потым, не спяшаючыся, выцягнула з сумачкі ключы. Гэта былі ключы Вайтовіча ад секрэтэра. Яна была тут раней некалькі разоў, калі давала ўрокі гаспадыні, і добра тады ўсё агледзела. Тры дні таму яна вырашыла ўжо, што бізнесовец Вайтовіч «пусты» і яе задума бессэнсоўная, але ён так нечакана прагаварыўся - шчырак - ён і ёсць шчырак. Яна адчувала, што ён не мог ёй хлусіць, і потым, потым цяпер ёй патрэбны былі не толькі грошы.

Рыфма ўставіла ключ, павярнула яго і адчыніла секрэтэр. Чорны адпіхнуў яе. У секрэтэры пачкамі ляжалі грошы. Ён надарваў адзін, пачаў ліхаманкава лічыць.

- Сто штук «зялёных»! - ахнуў ён. - Ну і куш! Ніколі б не падумаў...

Ён таропка згроб грошы ў спартыўную сумку.

- Ліняем!

- Чакай.

Рыфма шукала сваё. Урэшце знайшла. Усе паперы забітай гаспадыні, дакументы ляжалі разам у яе пісьмовым століку. Рыфма перагарнула паперы: так, тут было ўсё - яна спешна прабегла вачыма тэксты па-ангельску. У любы час у бліжэйшыя тры месяцы трэба было толькі звярнуцца ў консульства і заказаць білет на самалёт.

- Давай хутчэй, што ты корпаешся?! - прыкрыкнуў Чорны. - Няма тут больш нічога!

- Не. Павінны быць упрыгожанні, аздобы, золата, ствол, урэшце. Ён казаў, што ў яго тут ёсць зброя.

Чорны задумаўся на імгненне.

- Няма часу шукаць. Ідзём. Я тут збольшага ўсё агледзеў.

- Шукай.

- Ты што, пугачоўкі* хочаш? - зашыпеў раптам Чорны. - Хутчэй адсюль! Ты бачыла той ствол? Можа, газавы, дзярмо?

* Пугачоўка - пагоня за злачынцам, які ўцякае ад пераследнікаў (блатн.).

- Маўчы. Хвіліну.

Рыфма падняла з падлогі акуляры гаспадыні, надзела, падышла да люстэрка, зірнула на сябе. Потым знайшла бар, выцягнула адтуль бутэльку гарэлкі, узяла дзве шклянкі і разліла: у адну амаль даверху, у другую - палавіну.

- Шукай ствол, - напомніла яна. - Дзе мужчына можа яго схаваць? Падумай.

Чорны мацюкнуўся і пасунуўся ў другі пакой. Як толькі ён адвярнуўся, Рыфма выцягнула з сумачкі папяровы пакецік і высыпала з яго ў шклянку з гарэлкай - тую, дзе было наліта больш.

Чорны неўзабаве вярнуўся назад. Ён не выпускаў з рук сумку.

- Тут хопіць на ўсё, - сказаў ён. - Ды што, у мяне дзіракола* няма?

* Дзіракол - пісталет (блатн.).

- Золата шукай.

- Тут пуста. Ліняем.

- На, расслабся, - яна працягнула яму шклянку з гарэлкай, узяла сваю. - Знімі стрэс...

- Можа, яшчэ і пасцель прапануеш?

- А ты што, слабак? Сюды ніхто не зойдзе.

- Я не змагу. Ліняем. Ты - вар'ятка.

- Прысядзем перад дарогай, - сказала яна, - выпі.

Чорны выхапіў у яе шклянку і двума глыткамі выпіў гарэлку. Рыфма выпіла сваю.

- Ты слабак, - сказала яна. - Морлак паганы. Адлічы маю долю і - расход.

Паўза.

Мужчына па мянушцы Чорны хацеў нешта сказаць, раптам прыўзняўся з крэсла, і яго хістанула ўбок. Твар яго стаў бялець. Ногі падагнуліся, і ён упаў на калені. Ён раптам зразумеў.

- Ты і мне падсыпала, крыса*? - прахрыпеў ён. - Я заб'ю цябе, я...

* Крыса - жанчына, якая не заслугоўвае даверу (блатн.).

Ён раптам перакуліўся на спіну, губляючы прытомнасць.

- Гэта клофа*, Чорны. Цяпер ты ўжо нікога не заб'еш!

* Клофа - клафелін (блатн.).

Яна выцягнула са сваёй сумачкі звычайнае лязо, якім голяцца мужчыны, і пераламала яго папалам. Потым сцягнула з пляча падзельніка яго спартыўную сумку і хуткім рухам паласнула таму лязом па соннай артэрыі. З раны тугім струменем лінула кроў. Чорны заторгаў нагамі, вочы яго адкрыліся, ён паміраў, усё, на якую секунду, у агоніі зразумеў і - нічога не мог зрабіць. Урэшце ён заціх.

Рыфма пераклала грошы з яго сумкі ў сваю, дзе ў яе ўжо ляжалі паперы і дакументы, выцягнула з кішэні трупа ключы ад запальвання і ад кватэры.

- Бывай, морлак.

Яна спынілася. «Не спяшайся, - сказаў быццам нехта ўнутры яе, - падумай як след».

Рыфма падумала, і вочы яе адшукалі рэч, якая і была ёй зараз патрэбна: пішучую машынку. Яна дастала з сумачкі і надзела белыя гумовыя медыцынскія пальчаткі. Потым уклала ў машынку аркуш і адстукала на ім: «Я адпомсціў і з'язджаю. Зямля вялікая. Рыгор Вайтовіч».

- Даруй мне, шчырак, - сказала яна. Алкаголь крыху расслабіў яе. - Элоямі не могуць быць усе. Ідзе адбор.

«Цяпер быццам усё, - падумала яна. - Ага, сцерці свае пальцы са шклянак і з дзвярных ручак. І няхай шукаюць, а як яны будуць шукаць - можна прадбачыць. Ну, дашлюць факс хіба ў Расею, урэшце, калі нават апазнаюць Чорнага, ну і што? Дык гэта яшчэ калі будзе? Праз тыдзень яна, Ніна Вайтовіч, ужо будзе ў сваёй бабулі ў Нью-Ёрку. Гэта яна выйграла латарэю. Вось так».

Не здымаючы акуляраў, яна выйшла з кватэры і акуратна зачыніла дзверы - спачатку адны, потым - другія - на ключ. Па лесвіцы спусцілася ўніз.

Было ўжо цёмна. Рыфма выслізнула на вуліцу, знайшла машыну і агледзелася. Рэдкія прахожыя крочылі па тратуары. У вокнах запаліліся агні. Яна села ў машыну, уключыла запальванне і паехала да цэнтра. Ля цырка яна спыніла «мерседэс» і выйшла, пакінуўшы ключы ад запальвання ў замку. Яна напэўна ведала, што да раніцы машыне «зробяць ногі» тыя ж «азеры» ці яшчэ хто. «Вось вам, шаноўныя мясцовыя пінкертоны, у дадатак нітачка, - падумала яна. - Знойдуць крадзеную машыну- дык возьмуцца за тых, хто ўкраў».

Праходзячы па мосце праз Свіслач, Рыфма сцягнула пальчаткі і разам з ключамі ад кватэры нумар дзвесце дзесяць кінула іх у цёмную, мёртвую, стаячую ваду. Цяпер усё. Рыфма ішла ў ноч, і ў галаве яе круціліся радкі з лагернай песні, якую яна асабліва любіла: «И вы вглядитесь в глаза мои суровые, и вы вглядитесь - в последний раз...»

Яна не спяшалася.

 

ЗАМЕСТ ЭПІЛОГА

 

...Консул Злучаных Штатаў Амерыкі ў Беларусі Гэс Брэйтан, высокі, з сівымі скронямі і пахмурнымі вачыма, ускрыў чарговы пакет з дыпламатычнай поштай і бегла азнаёміўся з паперамі. Потым раскідаў іх - частку памочнікам, яшчэ якія - у сакратарыят. Адзін з лістоў выклікаў у яго лёгкае здзіўленне.

 

«...Гэсу Брэйтану

консулу ЗША ў Беларусі

Менск

 

Служба Федэральнага бюро расследаванняў тэрмінова і ў прыватным парадку просіць наступнае: у сувязі з заручынамі днямі абранага сенатара Роберта Кертыса з жанчынай беларускага паходжання, народжанай Нінай Вайтовіч, былой жыхаркай г. Менска, удакладніць дадзеныя на вышэйзгаданую Вайтовіч, а таксама наяўнасць на яе ці на яе сваякоў вестак кампраметуючага характару».

 

Далей быў подпіс незнаёмага яму Джэймса Боўэла, начальніка аддзела знешніх адносін.

Консул падумаў над лістом, ён нешта ўспамінаў пра нейкую маладую жанчыну, якая год таму, так, быццам год назад, спешна афармляла дакументы на выезд. У яе былі нейкія прывілеі, урэшце, ён не здолеў успомніць.

Консул адклаў ліст памочніку і даручыў разабрацца. Праз тыдзень ён сам сеў за камп'ютэр і надрукаваў наступнае:

 

«...Джэймсу Боўэлу

 

Паведамляем на ваша запытанне, што, як нам удалося даведацца, народжаная Ніна Меляшкевіч, па мужу Вайтовіч, была знойдзена забітай у сябе дома пры нявысветленых абставінах у кастрычніку 1995 года. Кім з'яўляецца жанчына, якая выдае сябе за Ніну Вайтовіч, вам давядзецца высветліць. Шчыра спачуваем сенатару Кертысу. Дадзеныя ідэнтыфікацыі прыкладаюцца...»

 

Ён падпісаўся, уклаў ліст у канверт і заклеіў.

 

* * *

 

Рыфму, яе ж Ніну Вайтовіч, яе ж Паліну Бурцаву, дэпартавалі ў Беларусь праз тры месяцы службай Інтэрпола. Пад цяжарам доказаў яна прызналася ўва ўсім. Суд прысудзіў яе да дванаццаці год пазбаўлення волі. Гэта было ўжо другое яе зняволенне.

Свой другі тэрмін Рыфма адбывала ў жаночым лагеры пад Гомелем. На зоне яе не любілі. Праз год яна засілілася ноччу ў сваім бараку.


1996?

Тэкст падаецца паводле выдання: невядомае
Крыніца: невядомая