epub
 
падключыць
слоўнікі

Юрый Мельнікаў

Адплата за грахі

Маргарыта, шчаслівая і спакойная, вярталася з экзаменаў. Чаму ж не быць вясёламу настрою, калі сесію здала на выдатна, калі зараз можна два тыдні адпачыць, не думаючы пра заняткі ў педагагічным вучылішчы. Колькі часу вольнага ёсць, каб і бабулю ў Міёрах наведаць, і з сяброўкамі ў Купалаўскі тэатр злётаць на п’есу «Хто смяецца апошні», і з Алесем пабываць на танцах у Доме афіцэраў.

З думкамі надзеі ў жыцці й чысціні пачуццяў у каханні прывабная студэнтка ішла па тратуары старажытнай Нямігі. Светлыя, нібы марскі пясочак, валасы відаць былі з-пад шапачкі. Карыя вочы песцілі позіркі прахожых чуласцю і мілатою душы. На стан таямнічы, падобны на постаць князёўны Рагнеды, заглядваліся хлопцы, што шыбавалі насустрач.

Маргарыце здавалася, што свет у адну гадзіну змяніўся ў лепшы бок, бо ведала, што толькі прыгажосць і выратуе людзей ад здзеку і войнаў.

Нечакана ля красуні рэзка затармазіў «Мерсэдэс», чорны і доўгі, як драпежніца-акула. З легкавіка выцягнуўся дзежкападобны, чорны, быццам апалены маланкай дуб, мужчына. Яго чорнае паліто закрывала хараство студзеньскага дня, кароткая прычоска палохала прысутных. Крокамі, цяжкімі й недаверлівымі, бы тая завіруха, набліжаўся чалавек у чорным да Маргарыты. Дзяўчына пачула абразлівы камплімент:

— Гэй, канарэйка, давязу на кані цябе з хуткасцю бусла!

— Мне з вамі не па дарозе!..— смела адказала дзяўчына.

Нібы гром з даждлівага воблака, загрукатаў голас пасажыра з легкавіка:

— Ты чуеш, Карп? Яна не хоча ехаць са мною. На што ўладар «Мерсэдэса» выказаўся:

— Калі не жадае, то бяры яе сілай, Ягор! Нельга варон вачыма страляць, а прыгожых дзяўчынак не заўважаць.

Не паспела Рыта даць лататы ад нахаб-грубіянаў, як чыесьці моцныя рукі схапілі яе і заштурхнулі ў салон аўтамабіля.

 

Дзяўчына сядзела між двума амбаламі, убачыўшы якіх, ёй прыйшла згадка наконт пасткі страшыдлы. Сапраўды, толькі цмокі з’яўляюцца жахам для бездапаможных. «Мерседэс» нёсся па вуліцах сталіцы, нібы воўк са здабычай. На пярэднім крэсле, павярнуўшыся да Маргарыты, мітусіўся, бы на вострых цвіках, гаспадар легкавіка. Пераканаўшыся, што з чарговай пасажыркі нават слова не выцягнеш, зацятыя ліхадзеі доўга думалі, як спадабацца ёй. І вырашылі спачатку пазнаёміцца са студэнткай педагагічнай вучэльні. Паколькі мова заможных грамадзян нагрувашчана больш лаянкай, чым трапнымі выразамі, з пыхаю яны пачалі весці перамовы з незнаёмкай:

— Як цябе завуць? — запытаў Ягор.

— Рыта, — глуха прашаптала прыгажуня.

— Значыць, ты вучышся ў школе? — зацікавіўся Карп.

— Можа, і так.

— Мяне бацькі назвалі Карпам, — хвалебна, пасміхаючыся, сказаў Ягораў начальнік. — Я ўзначальваю фірму, а гэта мае сумленныя працаўнікі: шафёр Роберт, ахоўнік Давыд і мой намеснік Ягор.

— Спадары, дзіркі вам у колы, алей з мінай у бензабак, куды вы мяне везці збіраецеся? — няглездзячы на магчымыя непрыемнасці, задумліва зазвінеў голас студэнткі. — Прыпыніце машыну!

— Я так не дамаўляўся, Рыта. Перш-наперш, да мяне ў госці завітаеш, — бадай залямантаваў «бізнесмен». — На шашлык і віно.

— Вяду цвярозы й спартыўны лад жыцця... Абед ты сам з’ясі, дубіна пякельная! —рашуча сказала дзяўчына. — Калі я траплю ў шпіталь, то ты, прайдзісвет, — на могілкі.

— Глядзі, напалохала! — здзекліва шумнуў Ягор.

— На смех курам, — падтрымаў яго Давыд.

Праз колькі хвілін аўтамабіль вужакай завярнуў да дзевяціпавярховага будынка.

Пакідаючы «Мерсэдэс», хеўра на чале з Карпам, ведучы пад канвоем Маргарыту Афанасьеву, паднялася на трэці паверх, дзе размяшчалася кватэра так званага дзелавога чалавека. Ахова засталася ў пярэднім пакойчыку, а «бізнесмен» і дзяўчына зайшлі ў велізарную, пакояў на шэсць, кватэру, вартую параўнання з танцпляцоўкай.

Рыта, пераступаючы праз парог, здзівілася, адчуваючы сябе нібы на экскурсіі, бо ніколі не бачыла столькі рэчаў. Усюды ляжалі кнігі, касеты з запісамі, дзесяткі два замежных магнітафонаў, некалькі мікрахвалёвых печак, у кожным пакоі — па тэлевізары й па тэлефоне. Дываны віселі, быццам сцягі на вуліцах, і было бачна, што новы багацей зусім не трымаецца парадку.

Карп, скіраваўшы ўсю ўвагу на дзяўчыну, прагаварыўся:

— Ты сягоння стала залатой рыбкай у акіяне багацця, таму свабодны выхад у мора зачынены, як уваход да нас.

Калі перавесці гэты сказ на даступную мову, атрымлівалася, што Маргарыта станавілася ці жонкай, ці палюбоўніцай для «бізнесмена» Карпа без яе згоды.

Зразумела студэнтка: ашукаў яе ненавісны гаспадар «Мерсэдэса». Яна адчувала: паратунку шукаць няма як, таму ўважліва назірала, спрабуючы знайсці выйсце, каб як найхутчэй пакінуць злога прадстаўніка сажалкавых рыб. «Ведаю твае хітрыкі, анёл рагаты, толькі грошай ды іншага багацця не хопіць, каб выплочваць за кожную пакутную хвіліну... Бацька і матуля ўжо хвалююцца, а брат Андрэйка ўвесь горад пераверне да гары нагамі, калі да пяці гадзін вечара не буду дома. А калі Алесю стануць вядомыя выбрыкі варʼята, дык і скончыцца браканьерства Карпа, і варту адолее страх...»

Галава фірмы, чытаючы планы ягонай госці, уключыў музыку, каб патаньчыць з Рытай, але і тут будучая настаўніца пачатковых класаў не дазволіла дакрануцца брудным лапам «бізнесмена». Карп, схапіўшы за рукі дзяўчыну, пацягнуў да сябе. Збіўшы з ног, ён паваліў яе на канапу. Вядома, прачнуліся звярыныя інстынкты...

Што было далей, Маргарыта не помнць, бо прыйшла ў прытомнасць на бальнічным ложку. У яе моцна балела цела, круціла сутарга рукі й ногі, тэмпература даходзіла да 39 градусаў.

Горад гудзеў, як узбуджаны вулей. Каб сярод белага дня скрасці, а потым ссільнічаць дзяўчыну — такое ў пачварным сне не ўбачыш.

Дактары ўвесь час знаходзіліся ля хворай. Сваякам і бацькам гаварылі, што ачуняе іх дачка, арганізм малады, але небяспека захоўваецца адносна цяжарнасці. Бацькі Маргарыты не маглі супакоіцца, пакуль зламыснік не будзе пакараны.

 

Увечары, калі Алесь укладваўся спаць, трывожна загучаў тэлефон. Хлопец падняў трубку:

— Добры вечар, слухаю.

— Алеська, я ў шпіталі на Нямізе. Прыйдзі, калі ласка, сумна мне на душы.

— Маргарыта, што здарылася?

— Скажу, але гэта не тэлефонная размова.

— Заўтра раніцай буду ў цябе.

 

Алесь чацвёрты год вучыўся ў Ваеннай акадэміі, марыў аб афіцэрскіх пагонах, аб тым, у якім кутку Беларусі давядзецца служыць. Хлопец свядома абраў шлях дэсантніка, што радавала бацькоў, аднакласнікаў, сяброў... Малады чалавек быў моцнага целаскладу, ніколі не смуткаваў. Сінія вочы чаравалі дзяўчат. Любая праца гарэла ў руках хлопца. Ягоныя камандзіры ведалі, што Алесю можна даручыць самае складанае заданне, і ён з ім справіцца.

З Маргарытай хлопец пазнаёміўся ў школе, дзесьці ў восьмым класе. Нават за адной партай разам сядзелі. Там і прыйшло першае каханне, вернымі якому засталіся і Алесь, і Маргарыта. Пасля адзінаццаці класаў ён паступіў у Акадэмію, а яна — у педагагічнае вучылішча. Малады чалавек памятаў словы клятвы, што даваў на выпускным балі ў школе: «Прыходзіць на дапамогу ў хвіліны й часы няўдач, дзяліцца апошнім, разам змагацца з няшчасцямі, якія зʼяўляюцца нечакана, радавацца поспехам аднакласнікаў, не падымаць асабісты нос вышэй, насцярожана ставіцца да выскачак...»

Раптам паўтарыўся тэлефонны званок:

— Курсант Алесь Дарафеенка, — пачулася ў слухаўцы. — Заўтра ў 11 гадзін раніцы з’явіцца ў гарадскую вайсковую камендатуру.

— З чым гэта звязана? — пацікавіўся хлопец.

— Ваш факультэт пераводзяць на надзвычайнае становішча.

— Таварыш маёр, загад зразумелы, дазвольце прыступіць да выканання.

— Выконвайце, таварыш Дарафеенка.

Параўноўваючы апошнія звесткі, малады дэсантнік аналізаваў іх, шукаючы ісціну. І чалавеку, не звязанаму з вайсковай службай, стане зразумела, што роту курсантаў падымаюць адразу ў сувязі з гэтым нялюдскім здарэннем. Алесь задумаўся: хто пакрыўдзіў Маргарыту? Якую мэту ставіў гвалтаўнік?

«Няўжо не знайду выйсце?»

Пытанні, пытанні, але адказы прыходзяць не хутка, бо час сыграе з табой злы жарт, калі не апярэдзіш захады магчымага праціўніка.

Набліжалася шэрай кошкаю ноч. Горад засынаў, журботна струменілася завея.

 

Устаўшы з сонейкам, Алесь хутка апрануўся ў зялёную вайсковую форму: блакітны берэт ззяў ласкавымі промнямі, кажух, цёплы й мяккі, саграваў хлопца, штаны з мноствам шырокіх кішэняў і высокія, нібы батфорты паляўнічага, боты лагодна ўпрыгожвалі знешні выгляд будучага афіцэра.

Выходзячы з дому, Дарафеенка завітаў у краму, купіў букет чырвоных ружаў і накіраваўся да Маргарыты, паколькі ў камендатуру ён не спазняўся. Калі зайшоў у бальніцу, яго правялі па маўклівых калідорах да патрэбнай яму палаты.

Убачыўшы каханага, дзяўчына шчыра пасміхнулася. Яе воблік сведчыў аб веры ў ацаленне, што пакіне востраў суму — так Рыта называла бальнічны пакой. Алесь, паклаўшы ружы на стол, пяшчотна пацалаваў яе руку. Зайшла медсястра. Хлопец з цікавасцю запытаў, колькі яму дазволяць гаварыць з Маргарытай, і сеў насупраць ложка на зэдлік. Жанчына сказала, што працяглыя размовы яго сяброўцы пакуль забароненыя.

Маргарыта, крыху ўсхваляваная, пачала закідваць пытаннямі свайго каханага.

— Як жыццё, любы? — спытала яна амаль шэптам.

— Нармальна, — коратка адказаў ён. — Чаму пазнаёмілася са змрочнымі сценамі й калідорамі адзіноцтва?

— Доўгая гісторыя, Алесь. Ужо трэці дзень самотна без цябе. Здала апошні іспыт у вучэльні, спяшалася дадому, але не дайшла да роднай хаты. Трапіла ў бяду, баюся цяпер, што разлучаць нас.

— Што было далей? — ласкава прагучаў голас каханага.

— Захацеў мець мяне палюбоўніцай зухаваты магнат, а можа, і злодзей... Яго завуць Карп. Я помніла нашы спатканні, на здраду табе не пайшла. Тады гэты лысы пень дабіўся сілай задавальнення паганых патрэбнасцяў... І вось я тут.

— Дарагая, адплачу дзікуну па першае чысло. Гарэць будзе ў пекле за твой боль.

— Алесь, мне жахліва ад тых умоваў, якія паставіў Карп...

— Чаго ён ад цябе патрабуе?

— Прапанаваў замужжа, наабяцаў рабскую пакору да труны! Я адмовіла яму, але гэты нягоднік запалохаў сям’ю, таму я не ведаю, як жыць далей?

— Карп можа дапяць, што ў яго ёсць супернік?

— Магчыма... Аднак ён мае і ахову, і грошы, і зброю, і сувязі ў кожнай дзірцы... А ў нас нічога няма.

— Любая Рыта, не сунецца дзялок на прафесійнае войска Беларусі!

— Для Карпа няма законаў...

— Абяцаю, управу знойдзем на авантурнага дзеяча жаху.

— Мой брат Андрэйка збірае рушэнне сяброў, каб неспадзявана наведаць Карпа з ягонай хеўрай...

— Скажы брату, няхай без майго загаду нічога не робіць... Лепш звесткі збірае пра гэтую рыбу, часова знаходзячыся ў рэзерве.

— А не зацягнецца з помстай?

— Будзем Карпа браць лікам і ўменнем... Чым хваліўся твой крыўдзіцель?

— Казаў, што ён камерсант...

У абдымках маўкліва стаялі Алесь з Рытай. Кожны думаў пра сваё: малады дэсантнік спадзяваўся як найхутчэй знайсці гвалтаўніка, а яго каханая — аб тым, што пасля сканчэння вучобы вернецца працаваць у школу, будзе выхоўваць дзяцей з павагай ставіцца да малых і дарослых; яе суджаны застанецца жывым і здаровым...

На развітанне каханыя абмяняліся пацалункамі.

Рыта з радасцю паведаміла, што наступнае спатканне будзе ў яе...

 

Патруль, дзе за старшага прызначылі Алеся Дарафеенку, праставаў цёмнай ноччу па мікрараёне, што быў па правы бок шашы Мінск — Брэст. Непрыемна-халодны вецер біў па шкле, быццам агонь па сухім галлю. Падаючы на зямлю, мітусіліся ў палёце, як збянтэжаныя, сняжынкі. Мароз дужэў, нагадваючы злога джына, якога выпусцілі з гарлача.

Дэсантнікі, размеркаваўшы сілы, працягвалі берагчы спакой і сон грамадзян, якія адпачывалі перад працоўным тыднем. Хлопцы разумелі: варта якому здарэнню адбыцца ў горадзе — і ўсе курсанты забываюць на адпачынак, пра сваё адносна спакойнае жыццё ў казармах... Служба ёсць служба.

Тым і адрозныя парадкі ў войску ад цывільнага жыцця.

Раптам пачуўся свіст, нечым падобны на гнеўнага Салаўя-рабаўніка, потым — звон разбітага шкла, а яшчэ праз імгненне — крык.

Чацвёра патрульных заўважылі: ім напярэймы бяжыць стары, які спрабуе ратавацца ад змрочнага выгляду бадзяг. Мужчына прасіў:

— Дапамажыце, бо заб’юць нявіннага... Унучку шкада!

Алесь Дарафеенка прыкмеціў: за дзедам гоніцца шайка бандзюкоў, дзесьці, прыкладна, з чатырох чалавек. Хлопец скамандаваў:

— Завадзілу на сябе бяру, і вам — па аднаму нахабніку... Пакажам ім, на што мы здольныя.

Сілы бадай роўныя, калі ўлічыць, што ў курсантаў узбраенне напагатове. З чым на іх пойдзе процілеглая групоўка, лясун таго не ведае.

Алесь і не здагадваўся, што правадыром у адшчапенцаў быў той самы насільнік, пра якога ўдумлівыя чытачы ведаюць з пачатку апавядання. І вось гэты Карп вырашыў паказырацца перад ваеннымі, паказаць ім, хто дужэйшы.

— Ідзіце, служывыя, туды, — вытыркнуўся ён з «Мерсэдэса», — дзе заўсёды гуляеце, чэрці нябітыя... Інакш мае штурмавікі накіруюць вас да д’ябла.

Алесь прыняў выклік на сябе, каб тым часам яго калегі маральна падрыхтаваліся да хуткай бітвы. Пацікавіўся ў Карпа:

— Што благое зрабіў вам стары, якога вы збілі без прычыны?

Высунуўся з адказам Ягор, баронячы гонар свайго гаспадара:

— Унучку не аддае ў нявесты... На прыгожых дзевак сёння вялікі дэфіцыт. А гэты, бач, артачыцца — на даляры плюе. — І да сваіх хаўруснікаў: — Роберт і Давыд, хадземце растлумачым ваякам, чаму мы тут. — І выйшлі з машыны.

Да паплечнікаў Алеся, Васіля і Антося, пасунуліся два бандыты, каб памерацца сілай з курсантамі. Але двубой не надта зацягнуўся, і ўжо было відаць, што не абернецца ў сутычку са зброяй. Хлопцы за долю секунды паклалі нягоднікаў тварам у снег і звязалі канатам, які прынеслі з сабой ахоўнікі Карпа.

Алесь тым часам змагаўся з Карпам, пакуль ягоны сябар Сярожа займаўся Ягорам. Праз колькі хвілін Карп і Ягор апынуліся пераможанымі, у выніку чаго мусілі распавесці дэсантнікам, па якой прычыне яны пераступілі мяжу чалавечых законаў...

 

Праз паўгода пасля згаданых падзеяў Маргарыта Афанасьева і Алесь Дарафеенка святкавалі вяселле, шлях да якога каштаваў вялікіх выпрабаванняў, цярпення і нават баявых дзеянняў з боку маладога і ягоных сяброў. Адзначыць перамогу над злом былі запрошаныя бацькі жаніха і нявесты, сябры, аднакласнікі й аднакурснікі, а таксама выкладчыкі нашых герояў.

Радасць ад вяршэнства дабра і справядлівасці заўсёды не згасае, нягледзячы на спосабы яго дасягнення.


2006?

Тэкст падаецца паводле выдання: Мельнікаў Ю. Калі сны здзяйсняюцца... Кніга прозы / Ю. Мельнікаў. - М.: Эксмо, 2006 - с. 51-61
Крыніца: скан