epub
 
падключыць
слоўнікі

Юрый Мельнікаў

Апошняя сустрэча

1
2


1

 

Губляючы верных сяброў у віхуры жыцця, адчуваеш, як маркоціцца ў адзіноце свет, смуткуе ў палыновым настроі неба, скуголіць горкімі слязьмі бездапаможнасці зямелька. Думкі плывуць па хвалях чалавечай душы, журботныя, маўклівыя, спачувальныя.

Успамінаю сустрэчу ў скверы ля Плошчы Свабоды ў Менску, дзе цяпер мастацкая галерэя на свежым паветры, з Піліпам Дамашовым, маім аднагодкам. Невялікі, з багатырскімі плячыма, залацістымі, быццам сонечныя промні, валасамі, з далонямі, якія заўсёды ў шурпатых мазалях, з лагоднай усмешкай, карымі, спакойнымі вачыма — такім зблізку бачыў сябра. Пасля атрымання позвы ў войска распавядаў хлопец пра пуцявіны непрадбачнага лёсу, знітаваныя шматлікімі перашкодамі:

— Здаецца, з нараджэння з пакутамі пазнаёміўся. Дзе старэйшыя дзеці ў сям’і, там і клопату болей. У школе выдатна вучыўся, нават залаты медаль прыдбаў. Далей — працяг вясёлых гадоў у аўтатранспартным тэхнікуме. Не паспеў дыплому руку паціснуць, упершыню чарада няшчасцяў напаткала: каханую Алесю прымусам узяў у жонкі вясковы багацей, сквапны да золата Яшка Чарток, гаспадар шынка. З заробку механіка куры смяюцца, адрамантуеш каму-небудзь з жыхароў грузавік, дык падаткі спаць не даюць, лезуць, быццам гусі на частакол. Усюды кпіны й здзекі цкуюць сабакамі нянавісці, якім ланцуг — лепшы начальнік. Супраціўляешся нахабству камянём, адчайнай сілай, каб канчаткова сумленне перамагло. Апрача мяне, трох малодшых братоў бацькі гадуюць у Лядах.

— Дзе? — нечакана здзівіўся я.

— У маленькай вёсцы Ляды, што ўздоўж шашы Бабруйск — Жлобін цягнецца. Антось, скажы, можа, ведаеш глухія мясціны каля рэчкі Ала?

— А як жа! Кожнае лета тамтэйшым мядзведзям у канкурэнты запісваюся па маліне, затое з варэннем зімой гарбату п’ю.

— Кім цяпер робіш?

— Уладкаваўся вартаўніком у гасцініцу. Штоноч на службе: пільнуй за парадкам ад прыхільнікаў Бахуса на здароўе. Не вельмі задавальняе, з праграмістаў — у вартаўнікі, але ж дзеткам, Васільку і Паўлюку, грошы на малако патрэбны, таму і круцішся вавёркай у колах галечы й раскошы. Жонка хвалюецца, бо небяспеку хоць пасві на вогненым лузе. Святлану не складана зразумець: у выхавацелькі дзіцячага садку нерватрусу не меней.

— Не крыўдзяць тваю абранніцу ўсялякія дурні з тварамі, што варта ў накаўт пусціць?

— Бывае, ліхаманка ім на язык. Дапяўшы, што падобныя жарты бокам выйдуць, з дрыжыкамі прабачэнняў не суюць свае насы, калі да хірургаў на прыём і так чарга. Перавыхаванне хуткае. За маральны й духоўны дабрабыт сям’і змагацца прыемна.

Уважліва слухаючы маналог Піліпа, задумаўся аб прычынах несправядлівасцяў, што блукаюць цёмнымі зданямі на неабсяжных прасторах Бацькаўшчыны. Колькі іх, немагчыма нават уявіць, сэрца скаланецца ад рашучага гневу, пякучага болю і пагарды да вар’яцкай няроўнасці, дзе дробка гультаёў тлусцее, а мужыцкая грамада бяднее.

Хлопцы звярнулі ўвагу на шэры будынак, што пачварным кракадзілам палохаў наваколле, мабыць, чакаючы новых ахвяраў, таму ніколі не мяняўшым колер помсты й жорсткасці.

Механік сур’ёзна запытаў:

— Ці ведаеш установу змроку, што імкнецца закатаваць Беларусь у кайданы прыгону?

— Лепш не прыгадвай, упэўненасці няма ў тым, што не апынемся служыць невядомым інтарэсам чужой дзяржавы. У пятым калене сваяцтва пасля нас скажуць: дзе ж гонар продкаў, калі ганьбе і здрадзе ў ногі кланяліся. Гонар з разумнай рызыкай, як брат з сястрой, шкада, што скапыціў заўчасна.

— Неяк сорамна прадчуваць няўдалы вынік. Спадзяюся, адштурхнем навалу падазронасці ў ручай святла.

Мы дамовіліся аб ліставанні, узяўшы загадзя адрасы. Піліп папрасіў з мяне клятву, каб наведаў яго бацькоў, калі паштовыя галубы не даляцяць з войска.

Хіба мажліва было прадбачыць, што, сёння пагутарыўшы пра ідэі волі й свабоды, праз два гады размовы з Піліпам не адбудзецца. Па юнацкай наіўнасці верылі ў шчаслівую будучыню, якой не суджана здзейсніцца ў сяброўскіх мроях. Як мы памыляліся ў меркаваннях аматараў часаць языкі, што здольныя на салодкія абяцанні насуперак намаганням праўды. Ці знойдуцца мудрацы свету, якія не абыякавыя да чужых думак і праблемаў? Адказ недзе затрымаўся ў чыноўных норах — баюся, што застануся непачутым. Адно ясна: змяя рэчаіснасці адмаўляе пачэсныя задумы бедакоў, аддаючы перавагу магнатам хлусні.

Праз тыдзень, сябра апранулі ў зялёны мундзір танкіста, шырокія галіфэ, у кірзавыя боты ды чорны шлем і паслалі за межы роднай старонкі, у далёкія азіяцкія горы, дзе ўдзень смаліць сонца, а ўначы шалее вядзьмарка-завіруха.

Раз на месяц у маім доме з’яўляліся радасныя нататкі механіка, калі з горным арлом — беркутам — ішлі аказіяй пісьмы. Не аднойчы Піліп забаўляў, што хутка адпусцяць у водпуск: маўляў, колькі салдата не частуй, кухар стоміцца ад нарыхтоўкі прысмакаў; маці ж задаволяць поспехі сына. Я пераконваўся ў прыездзе сябра ў сталіцу, калі зноў святочнымі стануць дні. Але якія б фантастычныя планы не будаваў, у свядомасці гудзелі імпульсы таго, што гэта быў апошні сход для двух аднадумцаў...

 

2

Узяўшыся за гуж, не кажы, што не дуж. Нарэшце выбраўся ў Ляды. Кіламетровыя слупы мільгалі ліхтарамі турбот. Стройныя хвоі спявалі песні на жалобныя матывы. Бярозкі-красуні апрануліся ў лепшыя ўбранні, срэбранымі завушніцамі ззялі маленькія лісточкі. Доўгая дарога здавалася вандроўкай па легендарным краю.

Вось і вёсачка. Пяшчотная і ціхая. З дзесятак сядзіб паўмесяцам глядзяць на рэчку. Дваннаццаць хацін упрыгожваюць галоўную вуліцу. Шыбую па шырокім асфальтаваным гасцінцы. Насустрач ідзе паштар — дзядзька худы, сівы, як здранцвелы дубок на марозе.

— Здаравенькі быў!

— Дзень добры, чалавеча!

— Які настрой?

— Ні цукар, ні мёд.

— Дзе тут жывуць Дамашовы?

— Трэцяя хата адсюль, на рагу Сонечнай і Цэнтральнай.

— Дай Бог добрага здароўя вам!..

Двухпавярховы сіні драўляны дом, цагляныя хлеў, пуня, павець, з трохкутным дахам склеп — забудовы, што натхняюць мастакоў на пейзажы хараства прыроды. Шэрая ахайная агароджа адразу вылучае гаспадара з мясцовых майстроў на ўсе рукі, якому пад сілу падковы гнуць, абутак да ладу даводзіць, шнур араць — усё патрабуе мужчынскага вока. Нездарма паважаюць сяляне Захара Емельянавіча ў ваколіцах Лядаў; лепшага каваля не адшукаць на Бабруйшчыне. Вясёлы, гасцінны, славу старому прынеслі чараў спевы.

Ледзь дакрануўся да плоту — двор заліўся брэхам сабакі. Гляджу: бяжыць да веснічак Змітрок — васьмігадовае дзіця Дамашовых. Ласкава шчабеча:

— Матулечка, татачка, да нас госцейкі прыехалі!.. Набліжаецца да мяне Захар Емельянавіч, высокі, каржакаваты мужчына. Сціпла гаворыць:

— Прывітанне, Антось! Стаміўся ў падарожжы? Працавітаму люду адчынены дзверы майго кураня.

— Так сабе.

— Якой навіной парадуеш?.. Калі ў адпачынак?

— Хваліцца не люблю, работа не дазваляе. Адпачынак па верасню сумуе.

— Слухай, Грак, калі й дзе сустракаў майго Піліпа?

— У Мінску перад прызывам, ля музычнага ліцэя. Пабалакалі... Дарэчы, потым перапісваліся. Ягоны архіў беражна захоўваю.

— Вось малайчына. Ажно на два фронты рупіўся. Эх, каб не страта сына, звінелі б вясёлкай вадэвілі, рамансы й маршы... Чаму мяне не паслухаўся, Піліпка? Закарцела ведамі свет пераплюнуць, але позна...

— Няўжо? Што магло здарыцца? Меў намер яго чакаць у ліпені ў аэрапорце, бо чэрвеньскі дэмбель — вайскоўцаў у запас.

— Алена, дай сюды тэлеграму, што ўчора з газетамі прынеслі.

Мажная кабета накіравалася ў суседні пакой. Праз хвілін пяць чытаю белы аркуш, дзе друкаванымі літарамі скачуць у дзікунскім абліччы словы:

«Паважаныя Захар Емельянавіч і Алена Сямёнаўна!

Ваш сын, шэрагавы Дамашоў Піліп загінуў смерцю мужных у Пянджы, абараняючы сховішча з палівам Узброеных Сіл Расеі. Паведамляем, што байцу Дамашову П. Е. пасмяротна прысвоена званне яфрэйтар і Залатая Зорка Героя Расеі. Шчыра спачуваем Вашаму гору.

Камандзір танкавага палка маёр Барада.

29 чэрвеня 1995 года».

Тэлеграма з маіх рук упала на падлогу.

У скронях загрукатала жалеззем.

Вайна! Пяць жудасных гукаў, за якімі схваны смерць блізкіх, нясцерпныя пакуты бацькоў, бясконцая і тупая, як дзіравы бот, страляніна, незгасальныя выбухі адчаю, узнясенне да нябёсаў поспехамі рыцарскіх турніраў на лакмусавай паперы прыдворных палкаводцаў, адсутнасць адказнасці міру перад нашчадкамі, холад, голад, абурэнне салдат, якія не ведаюць, для чаго і дзеля чаго іх, былых разьбяроў, муляроў, аратых, настаўнікаў, рабочых, трактарыстаў кідаюць у сутыкненне з пякельным агнём жахаў, з чаго маці набываюць сівізну ў валасы, жонкі — нядолю ўдоў, дзецям наканавана асэнсоўваць сіроцтва, бацькі застаюцца без надзейнай апоры на старасць...

Даруй, Піліпе, што не змог выратаваць цябе ад крывавых прывідаў рэкрутчыны.


2006?

Тэкст падаецца паводле выдання: Мельнікаў Ю. Калі сны здзяйсняюцца... Кніга прозы / Ю. Мельнікаў. - М.: Эксмо, 2006 - 132 с.
Крыніца: скан