epub
 
падключыць
слоўнікі

Юрый Мельнікаў

Бясконцыя хітрыкі

Габруся Цэдліка ведалі шмат жыхароў Мінску і бліжэйшых ваколіцаў. Прычынай павышанай увагі й сумнеўнай славы служыла тое, што Цэдлік з’яўляўся прафесійным спецыялістам па скаргах. Не падумайце, шаноўныя, быццам ён разбіраў спрэчныя і заблытаныя сітуацыі месцічаў, даваў пытлю неслухам, невукам ды іншым падшыванцам. Спадар Цэдлік выкарыстоўваў скаргі, каб палепшыць сваё матэрыяльнае, фізіялагічнае і духоўнае становішча. Зразумела, са скандальным характарам ад прыгодаў і цікавых здарэнняў не ўцячэш, апошнія могуць дагнаць і з цягам часу выставіць у смешным выглядзе заўзятара інтрыг, канфліктаў і непаразуменняў. Але Габрусь з падобнымі дробязямі не лічыўся: маўляў, неяк яго абмінуць, адно не трэба губляць пільнасці й трымаць вушы так, адкуль дзьме вецер.

Дзівацтвы Цэдліка заключаліся ў тым, што прыкладзі ён трошкі ўласных намаганняў пры вырашэнні разнастайных праблемаў, і злавацца, і абурацца няма чаго. Аднак Габрусь любіў чужымі рукамі хапаць за хвост славу, у выніку чаго губляў цярпенне і быў пачынальнікам усялякіх глупстваў.

Неяк Цэдлік набыў у шапіку «Белсаюздрук» часопіс па правазнаўстве, прынёс яго дадому. Пачаў гартаць крыніцу ведаў і раптам заўважыў: на некалькіх старонках — звычайныя белыя плямы. Задумаўся Габрусь: куды падзеліся патрэбныя факты? Гэта ж, нібыта літары, словы й сказы карова паспрабавала. На ягоным месцы кожны разумны чалавек патэлефанаваў бы ў друкарню, папрасіў замяніць асобнік больш якасным, патраціў бы гадзіну-другую, каб выправіць недарэчнасць палюбоўна і без асаблівага шуму. Зусім інакш зрабіў наш герой. Ён вярнуўся да кіёска, аблаяў гандляра перыёдыкай вельмі моцна, што не варта ўзгадваць у апавяданні, накатаў на адным дыханні скаргу да больш высокага начальства, якое папрасіў прыціснуць адміністрацыйным рычагом сціплага работніка. Адчуваючы пэўную перамогу ў дасягненні аднаму яму вядомых мэтаў, уступіў ў палеміку з супрацоўнікамі выдання...

Скончыўся канфлікт не на карысць мацюгальніка: рэдактары папярэдзілі, што аддадуць Цэдліка ў рукі дактароў псіхічнае лякарні, калі не супакоіцца цягам аднаго тыдня. Пасля вышэй згаданага прыкрага выпадку прадстаўнікі сферы абслугоўвання і гандлю пачалі называць Габруся чортам, сатаной, нячыстай сілай і шэрагам іншых мянушак, якія, на жаль, не захавала гісторыя.

Канешне, нягледзячы на магчымыя наступствы, Цэдлік не збіраўся спыняцца — наадварот, шукаў ідэі для новых дурнотаў, каб ашукваць даверлівых грамадзянаў. Завітаў прайдзісвет у аддзяленне банку з мэтай памяняць зашмальцаваную банкноту ў сотню вечна зялёных даляраў на беларускія рублі. Неспадзяванку сустрэў: чарга ў касу вялікая, стаяць няма ахвоты, а першым прасунуцца не атрымалася. Таму ён, скарыстаўшы момант, пачаў гандляваць месцамі ў чарзе. Адным словам, авантурнае дзеянне прынесла Цэдліку выдатны настрой, хвалю азарту ды значную колькасць даляраў прэміяльных. Але не паспеў круцель асэнсаваць асалоду ад адносна лёгкага махлярства, як нашага героя асцярожна выцягнулі за рукі з натоўпу міліцыянты на ганак, пагрозліва махаючы велізарнымі кулакамі й не меншымі кіямі, абяцаючы па дарозе паказаць, дзе ракі зімуюць і ліха адпачывае. Нездарма кажуць, што ад раю да пекла — адзін маленькі крок, а здзяйсняць грахі ў заўсёды спакуслівым свеце каму толькі не хочацца. Апынуўся Цэдлік у пастарунку, ледзь не трапіў у парушальнікі закону, і замест пакарання заплаціў штраф са свайго нечаканага прыбытку.

Крыху сцішыўся Габрусь: навошта шматкроць свяціцца, калі вынікі прыносяць больш непрыемнасцяў, чымсьці якой-небудзь выгоды. Доўга і сур’ёзна разважаў вопытны майстар кепікаў, скандалаў, шукаючы занятак для заўсёды нястрыманай душы, жадаючы адначасова пажыць за чужы кошт і памянташыць языком. Нават сябрукі па бутэльцы, знаёмыя па круцельстве і ахвяры папярэдніх выбрыкаў прыкмецілі: кудысьці знік Габрусь Цэдлік без следу. Думалі ўжо, што пастка зачынілася і ад ашуканца засталіся хіба толькі ўспаміны.

Іншыя меркавалі: Цэдліка за рогі не возьме аніякі шальмец, і таму ён калісьці дасягне вяршынь багацця. Якім чынам?

За два месяцы запар у розных рэкламных выданнях з’явіліся фантастычныя абвесткі пэўнага зместу:

«Фірма «Сквапнасць» прапануе грамадзянам карысныя віды паслуг за невялікую плату, а менавіта:

збрахаць лепш за сабаку;

падкласці свінню, магчыма і парсюка;

забяспечыць алібі на ўсе выпадкі жыцця;

каўтнуць на траіх;

зірнуць крывым вокам, што і дзе кепска ляжыць;

зашмат іншага...

Выдаткі прымаюцца ў любой паўнавартаснай валюце. Наяўны й безнаяўны разлік. Тэлефон 110-08-87, званіць у любы час сутак. Не пашкадуеце!»

Вядома, раскруціўся Цэдлік сур’ёзна, не горш за славутага Астапа Ібрагімавіча. За які тыдзень зарабляе значна больш, чым людзі з чыстым сумленнем і самаахвярнай душой.

Аднак яго безмяцежнае сэрца часам скубуць чорныя коткі. Сны ліхвярскія пачварамі размаітымі палохаюць, запрашаючы падзяліцца па справядлівасці з працаўнікамі мазаля, гарба ды інтэлекту. Усведамляе хітруган магчымую небяспеку, варушыць звілінамі — каму, як і колькі ў лапу даць, каб адчапіліся з бязглуздымі праверкамі-інспекцыямі. Дагэтуль сухім выходзіць з агню і вады...

Ці варта браць жыццёвы прыклад з Габруся Цэдліка? Няхай пра гэта падумае разважлівы чытач сам.


2006?

Тэкст падаецца паводле выдання: Мельнікаў Ю. Калі сны здзяйсняюцца... Кніга прозы / Ю. Мельнікаў. - М.: Эксмо, 2006 - с. 72-75
Крыніца: скан