epub
 
падключыць
слоўнікі

Юрый Мельнікаў

Бяссонная ноч

Кажуць, незвычайнае сустракаецца хіба толькі ў казках, а на яве праяўляецца жорсткая рэальнасць. Так гэта ці не, няхай разважаюць на здароўе філосафы й грамадазнаўцы, а мы паслухаем іхнія меркаванні.

Шанцавала Алегу Зубчаку церабіць досыць складанымі жыццёвымі шляхамі: рана застаўся без бацькі, а яго і малодшых братоў выхоўвалі матуля з бабуляй. Калісьці ў дзяцінстве дзіўнае захапленне выклікала вершаваная казка Алеся Якімовіча «Каваль-вернідуб», пасля чаго сур’ёзна зацікавіўся роднай старонкай, яе мовай, фальклорам, літаратурай...

Паспяхова вучыўся ў школе, быў сталым наведвальнікам спачатку школьнай, раённай дзіцячай, а потым і цэнтральнай гарадской бібліятэк сталіцы. Імкненне спазнаць таямніцы беларускай душы прывяло Алега на філалагічны факультэт БДУ, які наш герой скончыў без асаблівых праблемаў. Праз нейкі час, прыкладна праз год, стаў суіскальнікам у аспірантуры. Нельга сказаць, што Алег не трапляў у розныя здарэнні: гэтага багацця на наш век хопіць і яшчэ застанецца. Калі не ўяўляеш жыцця без прыгодаў, апошнія прычэпяцца без твайго дазволу, аднак варта паказаць, на што ты здатны, і ад недарэчнасцяў застануцца рожкі ды ножкі.

Вядома, вакацыі малады чалавек праводзіў на лецішчы, да якога з Мінску рукой падаць. Няма больш прыемнага адпачынку, чым на ўлонні прыроды: свежае паветра, чыстыя крыніцы, адносна ўрадлівая глеба, спакойныя суседзі... Здавалася Алегу, быццам правядзе лета 200... года, як і было раней, калі б не яго вялікасць выпадак.

За дзень чаго толькі не зрабіў юнак: парэчкі й вішні сабраў, дровы пакалоў, папілаваў і склаў пад павець, пустазелле з каранямі прапалоў, каларадзікаў з бульбы пазганяў, адным словам, куды вокам не кінь на соткі — занятак можна знайсці па душы, мелася б цярпенне і жаданне змяніць свет у лепшы бок.

Паціху набліжаўся вечар, а сонечныя промні толькі асвятлялі зямлю, але не сагравалі яе. Павольна дзьмуў свавольнік-вятрыска. Неяк спакусліва шумела лісце дрэў і кустоўя, быццам падказваючы маладому чалавеку не губляць пільнасці.

Аднак Алегу да небяспек не прывыкаць, за свае дваццаць пяць гадоў давялося шмат пабачыць і перажыць: пакуты адзіноцтва, звязаныя са смерцю бацькі пасля чарнобыльскай навалы; няўдалае каханне, калі нібыта Алегава сяброўка Гануля пакінула хлопца сумаваць па прычыне таго, што ён пакуль не дасягнуў росквіту багацця вядомых дзялкоў; адказнасць за гаспадарку цалкам легла на ягоныя плечы... Маладзён трывала вытрымаў размаітыя выпрабаванні часу, не скарыўся ліхадзеям і варʼятам.

Цямнела. Змрок ахутваў вуліцу за вуліцай таварыства дачнікаў «Прамень надзеі». Запальваліся ліхтары ў сціплых доміках інтэлігентаў і значна ганарлівых цагельнях больш заможных грамадзянаў. Вечар змяняўся ноччу, цёмнай, з поўнай адсутнасцю зорак на небе, няўпэўненай і чымсьці таямнічай.

Пасля працяглага працоўнага дня малады аспірант заснуў трывожным сном. Ледзь паспеў пакласці галаву на падушку, як пачуў цікавую размову нейкіх злыдняў.

— Гэй, Сівы, тут столькі хат, якую прапануеш падняць!

— А хіба ёсць які-небудзь каштоўны выбар у пасёлку навукоўцаў? — насцярожана запытаў саўдзельнік Віцька Цяльпук.

— Паглядзі ўважліва на гэткую вулку: налева — тупік, направа — таксама, праз агароды дачнікаў убачым калгаснае поле, побач — лес... Пазіцыя выгадная — што днём, што ноччу! Бяры, не хачу, — настойліва пераконваў аматара заліць за каўнер Грышка Сівы.

— Ці не ляснуць па нас з гарматы абуджаныя гаспадары сотак? Яшчэ па шыі дадуць неспадзявана, — занепакоіўся Цяльпук.

— Не бяры да галавы ўсякае глупства — можа, гэта наш шанц выбіцца ў людзі, — з рашучай самаўпэўненасцю супакойваў паплечніка Грышка.

— Перад намі — пяць хібар. Самая сціплая — там за гаспадара прафесар, ён амаль жабрак. Другая, нядаўна адрамантаваная, належыць заможнаму камерсанту. Туды лезці няма жадання: аўчаркі разарвуць на шматкі. Побач — домік сантэхніка, больш-менш прывабны, але гэты чалавек не любіць няпрошаных гасцей. Як вынік: адзін паварот кулака — і ты ў бальніцы загараеш, у лептым выпадку. Па суседстве з сантэхнікам жыве адстаўны вайсковы капітан, можна да яго завітаць — падзеліцца бутэлькай, калі ў добрым настроі, а калі — не, тады пакажа кузькіну маці.

— Мы забылі пра студэнта ці навукоўца, уладанні якога мяжуюць з фазэндамі прафесара і былога ваякі. Нарэшце, знайшоўся дастойны кандыдат — накіруем туды лапці, дзе пажывіцца не грэшна,— весела загаманіў Грышка, завадатар набегаў на чужыя сады, агароды й дачы, непрызнаны майстар апахмелу і агідных выбрыкаў.

Злодзеі шуганулі па градках, мяркуючы больш падрабязна даследаваць аб’ект крадзяжу. Грукалі па шкле, па дашчаных сценках хаты, зусім не падазраючы аб тым, што гаспадару сталі вядомыя планы бадзяг з вялікага гасцінца.

«Пачалося паляванне, але пастка замкнецца на іх саміх. Сустрэну дзікуноў належным чынам, каб не шукалі лёгкага хлеба і таннага спірту». Бадзёра падрыхтаваўся да блізкай баталіі Алег, выдатна асэнсоўваючы, што ад яго дзеянняў залежыць спакой і дабрабыт суседзяў. Дзякуй Богу, інвентар пад рукой, а спрыту і жвавасці маладому чалавеку ні ў кога пазычаць не трэба.

Як толькі Грышка закалупаўся ў замку хаты Зубчакоў, дзверы ў імгненне вока адкрыліся, і грабежнік з хуткасцю маланкі адляцеў на градку з цыбуляй. Віцька пацягнуўся ў дом Алега, але з будынку тут жа няспешна і выпаўз, скурчыўшыся ад болю — рэзкага, пякучага. Нечаканасцю для п’янтосаў стала трагікамічнае відовішча: хлопец трымаў іх на мушцы карабіна, абяцаючы ператварыць у сіта з безліччу дзірак, калі Цяльпук і Сівы яшчэ раз ажыццявяць напад на паселішча мірных садаводаў. Бандыты зараўлі гучна, збянтэжана, бездапаможна.

На лямант злыдняў збягаліся суседзі Алега. Дзядуля-прафесар па мабільнай сувязі выклікаў падмацаванне. Адстаўны капітан дзядзька Сямён прыбег з паляўнічай стрэльбай. Сантэхнік Міхась ішоў спакойна, стрымана, перакідваючы з рукі ў руку вялікі ключ, які гатоў быў пры неабходнасці апусціць на галовы ачмурэлых ад гарэлцы ашаломкаў. Прадпрымальнік Ігар ішоў з чорным нямецкім аўчарыкам, апошні брахаў так, быццам шумеў цягнік з грузам жалезных бочак. Зразумела, на тварах Сівога і Цяльпука адчувалася незадаволенасць, бо яны апынуліся ў ролі пераможаных, а не пераможцаў, як на тое спадзяваліся..

Мужчыны маўкліва сцягнулі са злачынцаў штаны, адсцябалі дубцамі, і так, без вопраткі, адпусцілі...

Кароткая, амаль бяссонная, чорная летняя ноч паступова аддавала правы светлай раніцы.


2006?

Тэкст падаецца паводле выдання: Мельнікаў Ю. Калі сны здзяйсняюцца... Кніга прозы / Ю. Мельнікаў. - М.: Эксмо, 2006 - с. 75-79
Крыніца: скан