epub
 
падключыць
слоўнікі

Юрый Мельнікаў

Хабарук і К.

Ігнату Хабаруку ўсміхнулася ўдача: за дзесяць гадоў працы нарэшце ўдалося з паставога міліцыянта пераскочыць у крэсла начальніка па рэгістрацыі транспарту горада С. Да службы ў міліцыі Ігнат ахоўваў кірмаш ад злодзеяў, адказваў за спакой бізнесменаў. Зразумела, на ранейшых пасадах з грашыма непрыемнасці адбываліся: то заробак не ўбачыш, то фірмы банкрутамі апынуцца. Улічваючы мінулы вопыт, з радасцю прынялі Хабарука спачатку рэгуліроўшчыкам у цэнтры мястэчка, потым стаў лавіць ліхачоў на шашы і прасёлках.

З ахвотай прыняўся за новую справу руплівы Ігнат. Чаму б і не выконваць свае абавязкі, калі заробак штомесяц усё больш і больш. Хабарук дарма часу не марнаваў — прыдбаў новы дом, не забыў прыгнаць сабе «Вольву» са Швецыі. Вы спытаеце, а за якія сродкі такое багацце магчыма? Трэба ведаць матэматычнае множанне і быць крыху прайдохай. Заможнасць прыносіць належныя вынікі. Яшчэ новаспечанаму прадстаўніку закона чарговае павышэнне настрой узняло.

Зусім пра іншае думаў Пятрусь Селівончык, майстар-будаўнік, папулярнасць якога відавочна па адрамантаваных гаражах і дахах, новых дамах, даведзеных да ладу яго ўмелымі рукамі. Павандраваў Пятрусь па Беларусі, Украіне, Венгрыі ды Польшчы, сваім мазалём забяспечваючы сямейны дабрабыт. Зарабіўшы пэўную колькасць «зялёных», з’ездзіў у Літву, адкуль вярнуўся на серабрыстай «Аўдзі». Нарэшце, ягоная мара здзейснілася: легкавіку заўсёды знойдзецца месца ў гаспадарцы: да сваякоў у суседні раён злётаць, з кірмашу прадукты прывезці... Толькі на транзітных нумарах да першага патруля ці рэкеціра даедзеш, як пашанцуе. Не надта вясёлыя перспектывы. Узяўшы раду ў жонкі, хутка сабраўся Селівончык, і ўжо праз пятнаццаць хвілін прыпаркаваў аўтамабіль каля ганку гарадской ДАІ. Не адну гадзіну згубіў ён у чарзе, пакуль да начальніка на прыём трапіў.

Ігнат Хабарук яго ветліва па плячы ляпае:

— Прывітанне, дзядзька Пятро! Жалезным канём абзавёўся?

— Няўжо ж я горшы за іншых?

— Паперы з табою: даведкі з мытні, з літоўскай паліцыі, тэхпашпарт, правы? — насцярожана пытаецца бамбіза ў пагонах.

— Без дакументаў ні туды, ні сюды — усё, канешне, пры мне! — жартуе Пятрусь.

Пагрозліва паглядзеў на Селівончыка Хабарук.

Сказаў — як адрэзаў:

— Шыбуй у аддзел экпертызы, на трэці паверх, потым — зноў да мяне!

Засумняваўся будаўнік у паводзінах Ігната, але спрачацца з ім не стаў. Пашыбаваў да экспертаў. Там пачуў нешта арыгінальнае:

— Кузаў знаходзіцца ў вышуку, а рухавік — ад другой мадэлі!

Яшчэ раз паглядзеў на экран камп’ютэра Пятрусь, суадносячы факты. Калі была б падазронай машына, дык не — няма аніякіх звестак. Аднак дызельны матор з карбюратарным паблыталі аматары чужых грошай.

Эксперт сцяміў, што канфлікт з майстрам не пажаданы, таямніча прашаптаў:

— Паміж намі ўсё добра. «Аўдзі» — нармалёвая машына. Дзяліся банкнотамі.

Пятрусь спакойна разлічыўся, развітаўся і папраставаў да Хабарука. Ігнат яшчэ адзін сюрпрыз падрыхтаваў уладару легкавіка, патрабуючы «зайчыкаў» за праверку таксічнасці. Стрымліваючы эмоцыі, Селівончык настойліва запытаў:

— Ці магчыма за адзін раз усе выдаткі аформіць, каб потым з праблемамі не сутыкацца?

Не менш здзівіў адказ Хабарука будаўніку:

— Калі б не існавала сістэмы, хадзіць табе пешшу. Тэхагляд пройдзеш праз месяц, а цяпер пакідай машыну ў гаражы ці на платнай стаянцы.

Дома распавядаў жонцы Пятро пра пакуты шафёрскія. Суцешыла яго Алена:

— Не хвалюйся, мілы, прададзім мяхоў пяць бульбы, і тады шчасце трапіць нам у рукі.

Паслухаў Алену дзядзька, гаспадарчыя справы на выдатна выканаў.

 

Мінуў месяц. Зноў звярнуўся да Хабарука Селівончык, але міліцыянт быў у камандзіроўцы па абмену вопытам, якім чынам браць грошы з аўтааматараў, незнаёмых з заканадаўствам. Напрыканцы наступнага месяца шпарка абмінуў тэхагляд за дзень, дзе падарункам служылі беларускія нумары. Скончыліся дзядзькавы прыгоды. І гойсае ён па дарогах Беларусі, не прыгадвае старыя нягоды.

Ігнат Хабарук пасля сустрэчы з Петрусём Селівончыкам пачаў загадваць рэгістрацыяй аўтатранспарту па вобласці.

Не дазваляйце Хабарукам, каб іх сквапнасць сыходзіла з нячыстых рук.


2006?

Тэкст падаецца паводле выдання: Мельнікаў Ю. Калі сны здзяйсняюцца... Кніга прозы / Ю. Мельнікаў. - М.: Эксмо, 2006 - с. 38-41
Крыніца: скан