epub
 
падключыць
слоўнікі

Юрый Мельнікаў

Цярністы шлях да зор

Міхась Карчэўскі — чалавек бывалы. За свае трыццаць з хвосцікам зведаў благое і добрае. Не так даўно, пасля здачы іспытаў атрымаў ступень кандыдата тэхнічных навук, уласнае прозвішча праславіў разнастайнымі вынаходніцтвамі: удасканаленнем магутнасці электрарухавіка такарнага варштата, пабудовай арыгінальнага коміна ў катэджы сучаснага заможнага чалавека, пасля чаго заказы сыпаліся быццам з рога абаранкі. Шмат можна пералічыць яшчэ рэчаў і прадметаў, якія з безнадзейнага стану, вартымі хіба сметніка, давёў да ладу наш герой, апошнія маглі канкурыраваць з новымі. Рацыяналізатарскія ідэі прыносілі карысць вядучаму інжынеру з навукова-даследчага інстытута. Нечаканым бедствам для Міхася стала інфляцыя і закрыццё ўстановы з-за недахопу фінансаў, дзе ягоны талент не згасаў ні на хвіліну.

Міхась Карчэўскі — не аматар сядзець рукі склаўшы, таму давялося ў пошуках заробку і шчаслівай долі павандраваць па Польшчы, па Расеі, дый на радзіме знаходзіў заяўкі, звязаныя з рамонтам, цікавымі доследамі ў машынабудаванні. Адным словам, адчуваў сябе спакойна і ўпэўнена, мяркуючы з часам заняцца прыватным бізнесам. Падлічыўшы здабыткі, нажытыя інтэлектам і мазалём, у прыгарадзе беларускай сталіцы прыдбаў невялікі цагельны дом з гаражом, майстэрняй і сарака соткамі, запрасіў бацькоў з няўтульнай хрушчоўкі да сябе, значную суму замежнай і айчыннай валюты паклаў на банкаўскі рахунак: запас бяды не чыніць.

Пры дапамозе сваякоў і сяброў адшукаў на аўтарынку ў Малінаўцы прыгожы белы «Фальксваген», зарэгістраваў легкавік у ДАІ.

Каб мець пасведчанне прыватнага прадпрымальніка з ліцэнзіяй на пасажырскія перавозкі, трэба стаць заўсёднікам з дзесятак, калі не больш, чыноўных пакояў, не губляць цярпенне і перамагчы перашкоды настойлівасцю і мужнасцю.

На сустрэчу з уладарамі тлустых жыватоў з пустымі рукамі не пойдзеш, бо ў царстве папяровых рашэнняў заблукаеш у невядомым накірунку. Міхась са стосам даведак з выканкаму, падатковай службы, страхавой кампаніі, з пасведчаннем кіроўцы ўсіх катэгорый, з медычнай характарыстыкай, з дакументам ад участковага міліцыянта, што па судах і пастарунках не цягаўся, смела рушыў наперад. Разгледзелі хадайніцтва вынаходніка мудрагелістыя дзядзькі ў шэрых гарнітурах, напісалі рэзалюцыю ледзь разборліва: «Парушэнняў няма, згодны выдаць пасведчанне і ліцэнзію тэрмінам на пяць гадоў. Ніколі не забудзем».

Апошняя фраза надта здзівіла Карчэўскага, толькі чаму жадаюць марнатраўцы й абібокі яшчэ і жартаваць з ім: паглядзім, ці варты яны таго.

Абсталяваў інжынер «Фальксваген» жоўтым плафонам з чорнымі квадрацікамі, зялёным вокам ліхтарыка, справядлівым электронным лічыльнікам. І возіць пасажыраў па Менску ды ваколіцах. Кліентаў дастаткова днём і ноччу, без прыбытку не застанешся. Ад волатаўскай постаці Міхася рэкеціраў дрыжыкі бяруць, паспрабуй яго зачапіць, здароўе больш каштоўнае, чым разліковыя білеты.

Мінула з той пары чатыры месяцы. Неўзабаве вярнуўся Карчэўскі з начной змены, як да яго малодшая сястрычка з канвертам падыходзіць.

— Што новенькага чуваць? Чым вясёлым парадуеш? — задумліва ў дзяўчыны пытаецца.

— Зірні на падарунак паскоранай пошты. Выклікаюць, мой браце, за даведкай з інстытута наконт грабежніцкага падаходнага падатку. Каму належыць аўтарства цыдулкі? — турбуецца Вольга.

— Ну, старыя знаёмыя, каб яны на асле падарожнічалі! — бадзёра прагучаў бас Міхася. — Цяпер ясна, чаго ў сябрукі пішчом лезуць.

— Яшчэ пятнаццаць дзён тэрміну даюць, інакш на ініцыятыве крыж паставяць, — дапаўняе сястра.

На наступны дзень Міхась паехаў у бухгалтэрыю за неабходнай паперай. Крыху збянтэжыўся мужчына, што старэйшага работніка на пенсію накіравалі, цяпер незразумела, колькі валтузня прадоўжыцца. Параілі яму ў канцы тыдня, у пятніцу, заглянуць, можа, пашанцуе.

Другім разам зайшоў Карчэўскі — зноў напаткаў няўдачу. Прычына зусім смешная: нейкі дробны клерк паблытаў дзяржаўную кішэню з уласнай, зараз літасці ў суддзі чакае: у няволю нікому не хочацца.

Намякнулі супрацоўнікі інстытута шэфу, што іх калегу без дай прычыны тузаюць правяраючыя, без сумлення і спагады. Раззлаваўся дырэктар, дык яго падначаленыя за пяць хвілін склалі няшчасную даведку з круглаю пячаткаю...

Вы запытаеце, які далейшы лёс Міхася Карчэўскага? Пасля серыі прыгодаў і шэрагу пакутаў арганізаваў прыватны таксапарк, новыя легкавікі й мікрааўтобусы набыў, дае беспрацоўным сябе рэалізаваць. Вельмі ўдзячныя вынаходніку людзі — прыемна, калі чалавек неабыякавы да тваіх праблем.

Аднак Карчэўскі бюракратаў на кароткім ланцугу трымае, і небаракі палохаюцца яго горш за асабісты цень.

Руціна ў бізнесе і грамадстве — рэч непатрэбная.


2006?

Тэкст падаецца паводле выдання: Мельнікаў Ю. Калі сны здзяйсняюцца... Кніга прозы / Ю. Мельнікаў. - М.: Эксмо, 2006 - с. 89-92
Крыніца: скан